Belarusian historical review



старонка8/21
Дата канвертавання14.05.2016
Памер4.71 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   21

Bitwa pod Połonką 28 VI 1660

Krzysztof Kossarzecki

Niepowodzenia Rzeczpospolitej w walkach z powstaniem kozac­kim Bohdana Chmielnickiego doprowadziły w 1654 r. do ataku wojsk moskiewskich na osłabione państwo polsko–litew­skie. Odnios­ły one wiele sukcesów. Agresja Szwedów w 1655 r. zatrzymała ofensywę wojsk carskich i doprowadziła nawet do sojuszu Polski z Moskwą przeciwko Szwedom. W zamian za to Rzeczpospolita mu­siała zgodzić się na bardzo ciężkie warunki. Szybka poprawa jej położenia w zmaganiach z Szwedami po­wo­do­wała, że w Warszawie coraz mniej liczono się z oczekiwaniami moskiewskimi, ale starano się nie doprowadzać do stanu wojny tak długo, dopóki prowadzono walki z Szwedami. W końcu 1658 r. doszło do wznowienia wojny pomiędzy Rzeczpospolitą a Mos­kwą. Przyniosła ona wiele klęsk wojskom litewskim i polskim. Szczególnie niszczącym była ofensywa wojsk carskich Iwana Chowańskiego, która zimą 1659/1660 r. się­gnęła aż po Podlasie. Dopiero zawarcie 3 maja 1660 r. pokoju z Szwecją pozwoliło Rzeczpospolitej użyć wszystkich swoich wojsk przeciwko Mos­kwie.

W ostatnich dniach czerwca 1660 r. ruszyła ofensywa wojsk litewskich hetmana Pawła Sapiehy, wspomaganych przez dywizję polską Stefana Czarnieckiego. W dniu 28 czerwca spotkały się one pod Połonką z mniej liczną armią Chowańskiego. Czarniecki i Sa­pieha zdołali uwikłać Chowańskiego w ciężkie walki w centrum frontu wojsk o przeprawy na dzielącej obie wrogie armie rzeczce. Decydujące uderzenie przeprowadził Czarniecki na skraju swoje­go prawego skrzydła. Zdołało ono obejść wojska moskiewskie i wyjść na ich tyły. W tym czasie z lewego skrzydła uderzyli Litwini a w centrum przez przeprawę Czarniecki silnie uderzył ciężką jazdą i rozbił środkową część wojsk Chowańskiego. Armia mos­kiewska znalazła się w okrążeniu. Ostatnie walki doprowadziły do jej zupełnego zniszczenia. Z okrążenia zdołała wyrwać się trzecia część wojsk moskiewskich wraz z Chowańskim. Po drodze do Połocka uległa jednak rozproszeniu na skutek prowadzonej pogoni litewskiej i narastającej paniki.

Efektem zwycięstwa było uwolnienie obleganej od marca 1660 r. fortecy w Lachowiczach i opanowanie ziem litewskich po górny Dniepr na wschodzie i Dźwinę na północy.



Каталіцкія парафіі слонімскага дэканата віленскага біскупства ў XVII ст.

Вайда Камунтавічэне

У XVII ст. каталіцкі касцёл на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага перажываў перыяд росквіту. За час Рэфармацыі ён дабіўся перамогі над пратэстанцкімі плынямі, а пасля Берасцейскай уніі з праваслаўнай царквой разгарнуў актыўную дзейнасць на землях цяперашняй Беларусі. Захады па ўкараненні каталіцкага касцёла ў Вялікім Княстве, яго адносіны з тутэйшымі жыхарамі мала даследаваны ў гістарыяграфіі. Пры комплексным вывучэнні гісторыі каталіцтва ў ВКЛ неабходна перадусім прааналізаваць стан касцельных парафій. У працах, прысвечаных касцёлу ў Княстве, амаль не асвятляецца яго дзейнасць на землях сучаснай Беларусі ў XVII ст. Нядаўна выдадзены беларускі энцыклапедычны даведнік, прысвечаны каталіцкім храмам1, пакідае непатлумачаным шэраг пытанняў аб стварэнні касцёлаў ды іх развіцці на беларускіх землях.

За мэту гэтага даследавання ўзяты мікрагістарычны ана­ліз слонімскага дэканата віленскага каталіцкага біскупства. У якас­ці галоўнай крыніцы выкарыстаны акты інспектаванняў ка­таліцкіх касцёлаў слонімскага дэканата ад 1633, 1653, 1668 г., што захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта2. Апрача інспекцыйных актаў, скарыстаны інвентарныя спісы асобных касцёлаў слонімскага дэканата XVII––XVIII ст. Задачамі аўтара было паказаць становішча каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце (акцэнт рабіўся на падтрымку насельніцтвам каталіцкіх парафій і іх грамадскі ўплыў); асвятліць развіццё брацтваў, лякарняў і школ; ахарактарызаваць жыхароў дэканата і каталіцкай касцельнай эліты.

Спіс касцёлаў слонімскага дэканата на працягу XVII ст. мяняўся: пад час асобных інспекцый яны залічваліся то да аднаго, то да другога дэканата. У дадзенай працы вядзецца пра касцёлы, аднесеныя да слонімскага дэканата біскупскім сінодам, зладжаным біскупам Аляксандрам Сапегам у 1669 г. Паводле гэтага спіса, да слонімскага дэканата належалі чатырнаццаць парафій: Слонім, Дарава, Палонка, Мыш, Ляхавічы, Сталовічы, Задзвея, Гарадзішча, Ельня, Усялюб, Дзятлава, Дварэц, Раготна, Моўчадзь3.

Пры даследаванні гісторыі парафій слонімскага дэканата прыдаліся прысвечаныя віленскаму біскупству працы Яна Курчэўскага і Ежы Ахманьскага4, карысныя ў вызначэнні этапаў і адметнасцяў уваходу каталіцкага касцёла да названага рэгіёну, а таксама праца Міндаўгаса Пакніса, у якой вядзецца пра касцельных мецэнатаў на землях ВКЛ у XVII ст.5 Стаўленне каталіцкага касцёла да Рэфармацыі тлумачаць даследаванні Інгі Лукшайтэ6, пра палітычную сітуацыю можна атрымаць уяўленне з працаў Генадзя Сагановіча7.

Інспекцыйныя акты з’яўляюцца незаменнай крыніцай даследавання касцельнай гісторыі, аднак іх не стае, каб вы­значыць даты заснавання каталіцкіх храмаў: пробашчы, за адсутнасцю фундацыйных дакументаў, часцяком не помнілі ці памылкова пазначалі дату закладкі касцёла і фундатараў, якія ініцыявалі яго будову ды забяспечвалі землямі ці ін­шымі, неабходнымі для ўтрымання парафіі, прыбыткамі. Даты за­снавання спраўджваліся намі па працах Е. Ахманьскага, Я. Кур­чэўскага, М. Пакніса — тым не менш, наспявае па­трэба адшукаць самі фундацыйныя дакументы, каб дакладней вы­значыць прыведзеныя даты.


Узнікненне парафій слонімскага дэканата

У другой палове XV ст., з ініцыятывы Казіміра Ягайлавіча і шляхты ВКЛ, пачалі засноўвацца каталіцкія парафіі ў наваколлі Слоніма. Да 1492 г. вялікі князь заснаваў касцёлы ў Слоні­ме (у 1493 г. быў асвечаны драўляны храм), Дзятлаве ды Моўчадзі8.

У XV ст., а таксама ў першай палове XVI ст., шляхта заснавала восем каталіцкіх касцёлаў. У 1437 г. быў закладзены касцёл у Палонцы9: у актах інспекцыі ад 1653 г. сцвярджаецца, што яго заснаваў шляхціч Рачко (Raczko)10 у часы вялікага князя Аляксандра. У 1466 г. быў закладзены касцёл у Раготне11, спустошаны набегам татараў; 27 кастрычніка 1551 г. яго дзейнасць была адноўлена пробашчам Мацеем Жміеўскім ды віленскім біскупам Паўлам Альшанскім12. Касцёл ва Ўсялюбе заснавалі Мікалай Неміровіч і полацкі ваявода Станіслаў Давойна13. 28 кастрычніка 1494 г. Нікастратам Валадковічам быў заснаваны першы драўляны касцёл у Гарадзішчы, дзейнасць якога перапыніў татарскі набег14. Прыблізна ў 1460 г. паўстаў касцёл у Ельні, заснаваны віленскім ваяводам і канцлерам ВКЛ Міхалам Кязгайлавічам. У 1516 г. Мікалай Кязгайлавіч перадаў касцёлу зямельныя ўладанні15. Тым жа актам быў створаны і забяспечаны касцёл у Дварцы, прызначаны філіяй касцёла ў Ельні16. Паводле Е.Ахманьскага, касцёл у Дараве закладзены ды забяспечаны начыннем (убраннем) у 1540 г.17. У актах інспектавання сцвярджаецца, што ў 1510 г. яго фундаваў Марцін Пянтковіч з жонкай Аленай Алехаўнай18. Касцёл у Ляхавічах, згодна з Е.Ахманьскім, заклалі каля 1552 — 53 г.19, а паводле іншых звестак, ён паўстаў у 1535 г. стараннямі А.М.Гаштаўта і напрыканцы XVI ст. згарэў20.

Тры наступныя касцёлы закладзены ў першай палове XVII ст. Наваградскі харужы Юры Галаўня, разам з жонкай Рэгінай Кавачынскай–Галаўнёй, заснаваў касцёл у Задзвеі. Драўляны храм быў збудаваны прыблізна ў 1610 г. і надзелены зямельнымі ўладаннямі 9 жніўня 1617 г.21. У 1600 г. троцкі ваявода Аляксандар Хадкевіч заклаў у Мышы драўляны касцёл22. 7 сту­дзеня 1624 г. на ўтрыманне касцёла пробашчу былі перада­дзе­ны зямельныя надзелы23. Каля 1632 г. князь Алыкі і Нясвіжа, кавалер мальтыйскага ордэна Жыгімонт Караль Радзівіл збудаваў драўляны касцёл у Сталовічах24. Прыблізна ў 1638 г. побач з касцёлам была закладзена латэранская капліца Святой Панны Марыі25.

5 студзеня 1632 г., пастановай віленскага біскупа, парафіяльныя правы атрымаў драўляны касцёл у Дварцы, адбудаваны мінскім старастам Крыштапам Завішам26.

Такім чынам, падмурак слонімскага дэканата закладзены ў XV ст., калі было заснавана восем парафіяльных касцёлаў. У XVI ст., у выніку рэфармацыйных уплываў, працэс распаўсюду каталіцкага касцёла запаволіўся — былі закладзены толькі два касцёлы і адна філія. У першай палове XVII ст. распачалі дзейнасць яшчэ тры парафіяльныя касцёлы, ды філія ў Дварцы здабыла правы самастойнай парафіі.


Развіццё парафій у першай палове XVII ст.

На мяжы XVI і XVII ст. працэс Рэфармацыі запаволіўся, пачалася рэформа каталіцкага касцёла, узнялася цікавасць да стану каталіцкіх парафій. Аднаўленне старых і з’яўленне новых фундацый істотна паспрыяла дзейнасці касцёлаў. Названыя працэсы не прамінулі і слонімскі дэканат.

Віленскі ваявода Леў Сапега апекаваўся парафіяльнымі касцёламі ў Слоніме і Дзятлаве. Ён збудаваў ды забяспечыў сродкамі парафіяльны касцёл св. Андрэя ў Слоніме, заснаванне якога 15 сакавіка 1595 г. абвясціў Жыгімонт Ваза. Аднак, прыблізна ў 1650 г., калі ў Слонім пераехалі аўгустынцы, мураваны храм быў перададзены ім, насуперак пратэстам пробашча Казіміра Паца. На патрэбы парафіі быў пакінуты драўляны касцёл27. У 1646 г. у Дзятлаве падканцлер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, спадчыннік маёнткаў канцлера Льва Сапегі, збудаваў мураваны касцёл28.

Іншыя прадстаўнікі шляхты Вялікага Княства таксама апе­ка­валіся каталіцкімі храмамі, дбалі пра паляпшэнне іх фінан­са­вага становішча. На мяжы XVI—XVII ст. Ян Караль Хадкевіч збу­даваў новы касцёл у Ляхавічах, асвечаны ў 1600 г. ві­лен­скім біскупам Бенедыктам Войнам29. 8 кастрычніка 1600 г. Бар­таламей Рэміюш (Рэмеш) заклаў касцёл у Раготне30. Драў­­ля­­ны храм у Палонцы ў 1623 г. адбудаваў наваградскі харужы, пазнейшы кашталян Ян Рудаміна Дусяцкі31. Прыблізна ў 1617 г. віленскі канонік Альберт Сялява ўзвёў касцёл у Дараве32.

Цяжка сказаць, колькі каталіцкіх храмаў у часы Рэфармацыі было пераведзена ў пратэстанцкія. Паводле І.Лукшайтэ, пад канец XVI ст. у Гарадзішчы дзейнічаў кальвінскі касцёл33. Пасля згасання Рэфармацыі ў Гарадзішчы паўстаў мураваны каталіцкі касцёл, заснаваны 20 мая 1632 г. наваградскім падстоліем Крыштапам Камінскім з жонкай Аленай Друцка–Горска–Камінскай (пазней Курчовай). К.Камінскі памёр перад завяршэннем будовы, аднак тастаментам прызначыў грошы на дабудову і загадаў заняцца гэтым жонцы ды сыну Яну Камін­скаму. Волю памерлага здзейснілі: касцёл быў скончаны пад 1642 г.34

З актаў інспекцыі бачна, што касцёлы ў Дараве, Усялюбе, Раготне трапілі ў рукі „ерэтыкоў“. Каталіцкі касцёл у Дараве фармальна існаваў да 1633 г., аднак у вельмі занядбаным стане: толькі ў 1640 г., калі за справу ўзяўся пробашч, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, храм канчаткова забралі ў рэфарматаў, пабудавалі новы будынак35. Каталіцкі касцёл ва Ўсялюбе дзякуючы ўплывам Мікалая Радзівіла ў 1576—1642 г. функ­цыяваў як кальвінскі збор36. Пасля працяглых судовых працэсаў у наваградскіх земскіх судах, трыбуналах, а таксама пасля ўмяшання самога Лаўрэнція Мацарскага 16 чэрвеня 1642 г. касцёл быў вернуты каталікам.37. Храм у Раготне спа­гналі з рэфарматаў паміж 1634—1653 г., што адбылося спрыяннямі пробашча Ельні і Раготны Тамаша Пячкоўскага. У руках рэфарматаў ён знаходзіўся больш за дзесяць гадоў. Касцёл вярнулі запушчаным, ім заняўся маршалак ВКЛ Крыштап Заві­ша, які адпісаў храму 400 злотых ды зямельныя ўладанні з сялянамі38.

Дзейнасць занядбанага касцёла ў Ляхавічах узнавіў Лаўрэнці Мацарскі39. Як бачым, за той час яго спрыяннямі былі адноўлены тры касцёлы: у Дараве, Усялюбе ды Ляхавічах. Ён застаўся пробашчам ва ўсіх трох і толькі ў 1650 г. перадаў касцёл ва Ўсялюбе сваяку Андрэю Мацарскаму40.

Пасля спагнанняў касцёлы былі адрамантаваныя, нанова асвечаныя, ім прызначылі дадатковыя фундацыі. У 1642 г. метоньскі біскуп, віленскі суфраган ды канонік Станіслаў Няборскі асвяціў два касцёлы слонімскага дэканата: 23 чэрвеня ў Гарадзішчы і 2 ліпеня ў Ельні41.

Як бачна з інспекцыйных матэрыялаў, стан каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце да 1653 г. палепшыўся: былі пераадолены страты часоў Рэфармацыі, выправілася фінансавая сітуацыя. Сітуацыя пагоршылася ў сувязі з войнамі 1654––1655 г. Рэчы Паспалітай са Швецыяй і Расіяй, акупацыяй ВКЛ, голадам і маравой пошасцю, якія забралі каля паловы насельніцтва ВКЛ.
Становішча пасля войнаў сярэдзіны XVII ст.

У 1655 г. расійскае войска пустошыла наваколле на сваім шляху да Вільні. Ратнікі Аляксея Трубяцкога спалілі Мыш, Сталовічы, Слонім разам з навакольнымі пасяленнямі. У ваколіцах Слоніма бітвы ўзнавіліся ў 1660 г. Каля Палонкі войска ВКЛ разам з аддзеламі Стэфана Чарнецкага, прыбылымі з Польшчы, разбіла войска Івана Хаванскага, і неўзабаве пачалося адступленне царскай арміі з земляў Княства42. У 1660 г., праз шэсць месяцаў, аблогу перацярпелі Ляхавічы. У 1660—1661 г. перамога Рэчы Паспалітай прадвызначыла канец вайны, а ў 1667 г. быў падпісаны Андрусаўскі мір з Расіяй.

Войны сярэдзіны XVII ст. разбурылі дасягнутае каталіцкім касцёлам за апошнія 50 гадоў. У слонімскім дэканаце былі зруйнаваны касцёлы ў Слоніме, Палонцы, Мышы, Дараве, Ляхавічах, Сталовічах, Задзвеі, Ельні, Дварцы і Раготне. Ацалелі толькі тры мураваныя храмы ў Дзятлаве, Усялюбе і Гарадзішчы43, а таксама драўляны касцёл у Моўчадзі44.

Пасля вайны паўстала патрэба ўзвядзення пабураных храмаў. Звычайна іх адбудоўвалі на старых падмурках. Новыя касцёлы на месцы зруйнаваных былі ўзведзены ў пяці мясцовасцях: у Дварцы (1667), Ельні (1667), Ляхавічах, Сталовічах i ў Мышы45. За адбудову храма ў Дварцы ўзяўся маршалак ВКЛ Крыштап Завіша. Касцёл у Ельні фундавала і пабудавала Зоф’я Мар’яна Адахоўска–Альшэўска46. Касцёл у Ляхавічах адбудаваў тамтэйшы пробашч, смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі47. У Сталовічах новы драўляны касцёл быў узведзены на сродкі, пакінутыя тастаментам наваградскага кашталяна, кавалера мальтыйскага ордэна Мікалая Юдыцкага48.

З–за недахопу сродкаў чатыры старыя касцёлы (у Слоніме, Раготне, Задзвеі і Дараве) у 1668 г. былі зведзены да капліц49. Капліцай ў Дараве апекаваліся манахі–аўгустынцы, а старэйшы прэпазіт слонімскага кляштара Аляксандр Галімскі быў адначасова і пробашчам у Дараве50. Яшчэ горшая доля спасцігла касцёл у Палонцы: пасля вайны дзейнасць парафіі не аднавілася. Каталікоў з наваколля Палонкі абслугоўвала парафія Задзвеі51.

З дадзенага апісання можна зрабіць выснову, што страты, панесеныя за час войнаў сярэдзіны XVII ст., перасягнулі ўзровень стратаў, абумоўленых Рэфармацыяй. Вяртанне былога становішча вымагала вялікіх высілкаў і фінансаў, аднак да 1668 г. гэтага зрабіць не ўдалося. Так, напрыклад, будову касцёла ў Раготне скончылі толькі пад 1673 г., дзякуючы сродкам, дадзеным менскім старастам і сакратаром ВКЛ Андрэем Казімірам Завішам52.


Каталіцкая духоўная і шляхецкая эліта
ў слонімскім дэканаце

Развіццю каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце спрыялі выдатныя дыгнітарскія роды — уладальнікі дэканацкіх земляў: найперш Сапегі, якія апекаваліся касцёламі ў Слоніме, Ляхавічах, Дзятлаве, а таксама Радзівілы, што ахвяравалі сродкі на дзейнасць касцёлаў у Сталовічах, Усялюбе ды Моўчадзі. У XV—XVI ст. парафіямі дэканата займаліся Кязгайлавічы — фундатары касцёлаў у Ельні і Дварцы. Потым клопат пра храм у Дварцы ўзялі на сябе Завішы, якія апекаваліся таксама і парафіяй у Раготне. Хадкевічы, у сваю чаргу, фінансавалі дзейнасць касцёла ў Мышы. Шляхецкі род Камінскіх дбаў пра касцёл у Гарадзішчы, а Галаўня фінансаваў касцёлы ў За­дзвеі, Рудаміне, Палонцы ды інш.

Адсюль бачна, што каля паловы касцёлаў фінансаваліся са сродкаў дыгнітарскіх родаў. Гэтыя фаміліі найбольш спрычыніліся да ўмацавання пазіцый каталіцкага касцёла ў сло­німскім дэканаце — не толькі будавалі касцёлы, але за­сноў­валі і фінансавалі лякарні ды парафіяльныя школы.

Апрача шляхты — фундатараў і апекуноў каталіцкіх парафій — важную ролю адыгрывалі прадстаўнікі дэканацкага духавенства. Сярод імёнаў пробашчаў, якія працавалі ў дэканаце, варта згадаць двух дактароў тэалогіі: прыблізна ў 1668 г. ельненскім пробашчам служыў доктар тэалагічных навук Юзаф Папуцэвіч53, у Слоніме з 1618 г. да канца 40–х г. пробашчам быў Ян Забжэскі (Zabrzeski)54. Пасля яго ў 1644 г. гэтае месца заняла іншая значная ў святарскім асяродку XVII ст. асоба — Казімір Пац55, былы смаленскі і віленскі канонік, які ў 1664 г. стаў смаленскім, а ў 1667 г. жамойцкім біскупам.

Як ужо згадвалася, ва ўзнаўленні дзейнасці парафій сло­нім­скага дэканата ў паваенны час адметную ролю адыграў Лаў­рэнці Мацарскі, віленскі канонік у 1648—1657 г. Ві­ленскім канонікам быў і пробашч дзятлаўскай парафіі Адальбэр Млынэцкі56, парафіяй у Ляхавічах тым часам кіраваў смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі. Гэтае кола святароў утва­рала касцельную эліту XVII ст., чыя дзейнасць была асабліва значнай у часы, калі каталіцкі касцёл мусіў чыніць супраціў Рэфармацыі, а таксама пасля вайны, калі прыкладаліся намаганні аднавіць патэнцыял каталіцкага касцёла.
Жыхары слонімскага дэканата

У інспекцыйных актах змешчана інфармацыя пра рэлігіі, вызнаваныя жыхарамі паасобных парафій. У 1633 г. насель­ніц­тва слонімскага дэканата ў веравызнанні было неаднародным. Побач жылі каталікі (latini), уніяты (graeci uniti), права­слаўныя (schizmatici або rutheni) ды рэфарматы (haeretici). Цяжка вызначыць як прапорцыю, так і пераважную канфесію. Найчасцей інспектар акрэсліваў насельніцтва наступным чынам: уніяты грэцкага абраду жывуць мяшана з каталікамі (mixti graeci uniti cum latinis).

У 1633 г. згадваюцца нешматлікія пратэстанты, у некаторых парафіях іх зусім не было. Не згадваючы пра рэфарматаў, апісваюцца парафіі ў Ляхавічах, Мышы ды Задзвеі57. У Моўчадзі быў толькі адзін „ерэтык“ Жандкіўскі58, у Слоніме два59, у Ельні пратэстанцтва вызнавалі Маклок з жонкай — былы каталік, ды Свайкоўскі — ранейшы праваслаўны60; некалькі рэфарматаў шляхецкага стану было ў парафіі Гарадзішча61, і г. д. Прыведзеныя звесткі пацвярджаюць прынятае ў гістарыя­графіі меркаванне, што ў першай палове XVII ст. на землях ВКЛ пратэстанцтва паступова знікала.

Сярод шляхты ў 1633 г. у слонімскім дэканаце заставалася трохі праваслаўных родаў. Найбольш іх названа ў Гарадзішчы, дзе „схізматыкамі“ былі такія шляхцічы, як Барадзеж, Ту­кала, Свайкоўскі, Пятрашэвіч, Гаціскія, Трызны, Таханоў­скія62. У Гарадзішчы жыло больш праваслаўных, чым рэфар­ма­таў. У іншых парафіях згадваецца, што праваслаўных меншасць, або зусім не адзначана іх прысутнасць63. Такі стан рэчаў сведчыць, што ў першай палове XVII ст. на тэрыторыі сло­нім­скага дэканата ўжо ажыццявіліся пастулаты Берасцейскай уніі.

Якім чынам суіснавалі жыхары розных канфесій? Пра тое, што канфлікты здараліся, сведчыць выпадак, зафіксаваны ў Моўчадзі. Тамтэйшы пробашч, незадаволены тым, што праваслаўны святар вянчаў каталікоў у царкве64, зганіў змяшаныя шлюбы каталікоў з праваслаўнымі. Прыведзены кан­флікт, аднак, не перарос у рэлігійную вайну.

Інфармацыя пра канфесійны склад жыхароў дэканата, змешчаная ў інспекцыйных актах 1653 г., значна бяднейшая, чым у актах ад 1633 г. Звесткі па гэтым пытанні знаходзім толькі ў апісаннях чатырох парафій (Ельня, Мыш, Раготна, Слонім). Апісанні сведчаць, што рэлігійнае размежаванне супадала з сацыяльным. Усе прадстаўнікі шляхты былі каталіцкага вызнання, у той час як сяляне звычайна належалі да уніяцкай царквы65. Бачна істотная дынаміка веравызнанняў у слонімскім дэканаце ў 1633—1653 г.: на працягу дваццаці гадоў дэканат зазнаваў выразны працэс пераходу шляхецкага насельніцтва ў каталіцтва. Тэндэнцыя распальвалася палітыкай дзяржавы, якая аддавала перавагу адной канфесіі перад астатнімі, абмяжоўваючы прадстаўнікам іншых вызнанняў магчымасць займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Інфармацыя пра status animarum супольнасці, змешчаная ў інспекцыйных дакументах ад 1668 г., значна больш змястоўная. Хоць сярод прадстаўнікоў шляхты дамінавалі каталікі, падкрэсліваецца наяўнасць асоб іншых вызнанняў. У Дварцы жыла лютэранка пані Зелянёва66, у Ельні пазначана сем каль­вінісцкіх сем’яў, некалькі мусульманскіх — найчасцей татар­скага паходжання67. У Раготне быў толькі адзін некаталік — Уладыслаў Зянкевіч (на жаль, інспектар не згадвае ягоную веру)68.

Параўноўваючы дадзеныя ад 1668 г. са звесткамі папярэдніх інспектаванняў, можна заўважыць змены ў веравы­знанні сялянства. У Дзятлаве i Ўсялюбе яшчэ заставаліся сяляне праваслаўныя69, аднак у 1668 г. каталіцтва інтэнсіўна пашыралася і ў гэтай грамадскай групе. У інспекцыйных актах пазначаецца, што ва Ўсялюбе, поруч з праваслаўнымі, частка сялян вызнае каталіцтва, а частка належыць да уніяцкай царквы70, у Задзвеі вядзецца пра сялян — каталікоў ды уніятаў71, і г.д. Вяртаннем сялян у каталіцтва займаўся не толькі касцёл, але і шляхта каталіцкага вызнання. Сяляне ў Ляхавічах — ritus graeci — на ўзор шляхты ішлі да каталіцкага касцёла і прымалі таемствы72. Нявыключана, што шляхта змушала іх да гэтага. Тым не менш, паступова слонімскі дэканат рабіўся ката­ліц­кім, паколькі дзяржаўны статус касцёла адыгрываў істотную ролю ў яго пашырэнні ў неаднародным асяродку. Найхутчэй дадзенай тэндэнцыі скарылася шляхта, якая хацела атры­маць доступ да палітычнага жыцця і дзяржаўнай кар’еры, а следам за ёй скіравалася сялянства.


Дзейнасць касцельных брацтваў

З часоў Трыдэнцкага сабору каталіцкі касцёл стымуляваў стварэнне касцельных брацтваў, прызначаных у дапамогу пробашчам пашыраць веру ў парафіі, набліжаць касцёл да вернікаў, далучаць іх да працы па разбудове касцёла. Касцельныя брацтвы давалі супольнікам пачуццё грамадскай бяспекі, гарантавалі ўратаванне душы. Сябры брацтва мусілі рэгулярна ўдзельнічаць у набажэнствах, брацкіх сходах, абіраць старэйшынаў — тыя адказвалі за дзейнасць брацтва, захоўвалі спісы ды ардынацкія кнігі. Супольнікі ўдзельнічалі ў святах і мелі свае атрыбуты73.

Касцельнае брацтва св.Ганны ў ляхавіцкай парафіі паўстала ў часы віленскага біскупа Я.Валовіча ў 20–я г. XVII ст. Брацтва рупілася пра каплічны алтар св.Ганны, яго сябры мелі статут, трымаліся яго рэгулаў, вялі кнігу выдаткаў ды ахвяраванняў, а таксама спіс супольнікаў74. Інспектар у 1633 г. загадаў дакладней весці рахункі і ўлік брацкай касы, трымаць яе за­мкнёнай на ключ, выкарыстоўваць толькі ў найбольш важных справах, дбайней рэгістраваць прыбыткі з выдаткамі. У жыцці брацтва адметную ролю адыгрывала кіраўніцтва, абавязанае рэгулярна склікаць сходы75. Пра дзейнасць брацтва св.Ганны згадваецца і ў дакументах ад 1668 г.76

Апрача брацтва св.Ганны ў Ляхавічах, у слонімскім дэканаце дзейнічалі яшчэ два касцельныя брацтвы, мэтай якіх было шанаванне святой Панны Марыі. 14 лістапада 1635 г. у ельненскай парафіі было заснавана брацтва св.Ружанца. Ві­ленскі падкаморы Яраслаў Шэмет з жонкай Ганнай Сапежанкай паклаў трыста злотых на брацкую дзейнасць77. У Раготне ў 1652 г. брацтва св.Ружанца стварыў правінцыял дамінікан­скага ордэна (ordinis praedicatorum) Сымон Акульскі, а сродкі на ўтрыманне прызначыў Адам Казімір Гайжэўскі з жонкай Катарынай Гжывеньскай — трыста злотых78. Брацтвы св.Ружанца шанавалі культ Марыі, значнасць якога ў ВКЛ асабліва ўзрасла ў сярэдзіне XVII ст. Брацтвы, заснаваныя дзеля ўшанавання Марыі, былі найбольш пашыранымі ў ВКЛ, і слонімскі дэканат не стаў выключэннем.


Значэнне шпіталяў

Дзейнасць шпіталяў ды школ у слонімскім дэканаце ў 1653—1668 г. ужо даследавана ў артыкуле, прысвечаным аналізу агульнага становішча лякарняў і школ на тэрыторыі ВКЛ у другой палове XVII ст.79 Дзеля пазбягання паўтораў у цяперашняй працы акцэнтуецца папярэдні этап дзейнасці, вядзецца пра стан рэчаў на працягу ўсяго XVII ст.

У 1633 г. у палове дэканацкіх парафій дзейнічалі парафіяльныя лякарні. Найлепшай сітуацыя была ў Слоніме, За­дзвеі і Дзятлаве, дзе лякарні мелі сталыя сродкі, гарантаваныя фундатарамі. Віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Леў Сапега пры стварэнні лякарні ў Слонімe 19 лютага 1614 г. прызначыў „na każdy miesiąc beczkę żyta także i beczkę słodu do szpitala Słonim­skie[g]o, a na każdy rok abyś dawał po sześciu beczek jęczmieniu, gryki też sześć beczek, grochu dwie beczki, sześć poł­ciów słoniny, trzy sadła“ [штомесяц бочку жыта і бочку соладу на Слонім­скі шпіталь, а штогод даваць па шэсць бочак ячменю, шэсць бочак грэчкі, дзве бочкі гароху, шэсць полцяў саланіны, тры сала]. 6 верасня 1618 г. Ян Сапега загадаў, каб шпіталь утрым­ліваў дзесяць беднякоў, мужчын і жанчын80. Калі мураваны касцёл быў перададзены аўгустынцам, лякарня таксама перайшла пад іх кіраванне, і ў пазнейшых інспекцыях пазначана, што ў Слонімскай парафіі лякарня не дзейнічае.

Віленскі ваявода Леў Сапега аднавіў81 таксама шпіталь у Дзятлаве, прызначыўшы штогод на яго ўтрыманне 20 польскіх злотых, 20 бочак пшаніцы і штотыдзень па 5 вазоў дроў. У 1633 г. у шпіталі знаходзілася чатырнаццаць чалавек82. Пасля пажару ў 1653 г. новы шпіталь пабудаваў пад­канц­лер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, які забяспечыў яго такімі ж даходамі, якія калісь выдзеліў Леў Сапега83. У 1668 г. у ім трымалася дзесяць чалавек84.

У шпіталі ў Задзвеі, які заснаваў Юры Галаўня, у 1633 і 1653 г. змяшчалася пяць чалавек, а за 1668 г. лічба апекаваных не падаецца85. На ўтрыманне гэтай лякарні было прызначана 20 бочак пшаніцы ды іншых відаў ежы, а таксама 10 злотых на адзенне86. Тры апісаныя тут лякарні былі найлепей забяспечаны і, бясспрэчна, амаль бесперапынна працавалі на працягу ўсяго XVII ст. Лякарня ў Гарадзішчы, збудаваная перад 1633 г., мела сродкі на ўтрыманне чатырох беднякоў, прызначаныя курыяй, аднак у 1633 г. ніводны жабрак там яшчэ не знаходзіўся, і пробашчу было загадана ўзяць на сябе гэты клопат87. Шпіталь функцыяваў у 1653 г., а ў 1668 г. у ім утрымлівалася сем асоб88.

Шпіталь у Мышы знаходзіўся далёка ад плябаніі, складаўся з чатырох будынкаў і падлягаў юрысдыкцыі касцёла. Пасля няўдалай спробы Альбрэхта Маклока перад 1653 г. тастаментам гарантаваць яму рэгулярнае ўтрыманне шпіталь за­стаўся без сталых сродкаў, а яго жыхары цяжка жылі з мілас­ціны89.

Шпіталі ў Дварцы i Ляхавічах, дзейныя ў 1633 г., спынілі існаванне каля 1653 г. Хоць перад 1668 г. яны і аднавілі сваю дзейнасць, з–за войнаў былі страчаны сталыя ахвяраванні, і апекаваныя разлічвалі толькі на міласціну. Так, у 1633 г. пісалася, што ляхавіцкі шпіталь утрымліваецца са сродкаў парафіяльнай курыі, фундаванай маршалкам ВКЛ Станіславам Сапегам, аднак гэтых сродкаў не стае, будынак не мае даху. У 1668 г. пішацца, што „fundatio nulla certa90.

Пасля вайны, каля 1668 г., былі адбудаваны не толькі дварцоўскі ды ляхавіцкі шпіталі, такія ўстановы пачалі дзей­нічаць у Сталовічах і Ўсялюбе. Лякарня ў Сталовічах была за­снавана кавалерам мальтыйскага ордэна Жыгімонтам Ра­дзі­вілам, аднак не стала дзейнай91. На ўтрыманне парафіяльнага шпіталю ва Ўсялюбе было прызначана чатыры валокі зямлі, якую апрацоўвалі сяляне92.

Увогуле, калі ў 1633 г. у слонімскім дэканаце дзейнічала шэсць шпіталяў, то ў 1653 г. іх колькасць была зменшана да чатырох. А пасля войнаў сярэдзіны XVII ст. назіраецца асабліва актыўны працэс стварэння шпіталяў. У 1668 г. у дэканаце дзейнічалі цэлых восем лякарняў. Іх задачай быў клопат пра самотных, нямоглых, пазбаўленых сродкаў жыцця. Жыхарам лякарняў ставілася ўмова быць шчырымі каталікамі, рэгулярна наведваць касцёл, спавядацца, удзельнічаць у імшы, па магчымасці далучацца да прыбірання касцёла і парафіяльнай гаспадаркі, біць у званы.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   21


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка