Беларускамоўнае ШтоДзеКалі. Пытанні для вопытных гульцоў



Дата канвертавання17.06.2016
Памер96.31 Kb.
Беларускамоўнае ШтоДзеКалі.

Пытанні для вопытных гульцоў.
1: Першае пытанне. Праект беларускага дызайнера і гульца беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?" Уладзіміра Цэслера папаўняецца новым аднатыпным арт-аб'ектам штогод увесну і на сёння складаецца з элементаўу стылі Казіміра Малевіча, Пабла Пікаса, Уладзіміра Маякоўскага, Сальвадора Далі. Назавіце двума словамі такі арт-аб'ект.

Адказ: велікоднае яйка (распісанае яйка)


2: На адным з беларускiх iнтэрнэт-форумаў наведнiца напiсала, што яе мацi калiсьцi саромелася свайго дзявочага прозвiшча "Гугля". Iншы наведнiк адказаў на гэта, што прозвiшча Гугля гучыць для яго вуха больш мiла, чым два расiйскiя прозвiшчы. Якiя?

Адказ: Яндэкс i Рамблер.

 Маюцца на ўвазе iнтэрнэт-пашукавiкi google.com, yandex.ru, rambler.ru. 
    

3: Гэты былы футбольны варатар з правiнцыйнага польскага мястэчка сёння вядомы настолькi, што ў яго гонар даўно сталi называць дзяцей, многiя з якiх пасля таксама сталi спартсменамi. А назавiце самага хуткага сярод усiх яго цёзак-спартсменаў.

Адказ: Хуан-Пабла Мантойя.

А гаворка йшла пра Яна-Паўла II, чыё iмя па-iспанску гучыць "Хуан-Пабло". У Лацiнскай Амерыцы, напрыклад, яго ўшаноўваюць так: "Хуан-Пабло! Сэкундо! Тэ к'еро тоталь мундо". 

4: Здараецца так, што народныя прыказкi праз стагоддзi пачынаюць успрымацца зусiм па-iншаму. Напрыклад, гэтая прыказка спачатку была скiраваная супраць адного зла, а цяпер можна падумаць, што яна змагаецца адразу з дзвюма негатыўнымi з'явамi. Вось гэтая прыказка: "Хто (слова прапушчана) — таго да пекла тураць, а хто (яшчэ адно слова прапушчана) — той сам да пекла трухае". Устаўце два прапушчаныя словы.

Адказ: "Курыць" i "нюхае".

 Прыказка скiраваная супраць аматараў тытуню ўва ўсiх выглядах. 

5: Французскi пiсьменнiк Шарль Сарэль у сваiм рамане апiсвае, мiж iншым, i побыт вучняў 17 стагоддзя, замкнёных у школе i ўдзень, i ўначы. Герой прыходзiць да высновы, што ўсе словы, якiя апiсваюць беды шкаляроў, пачынаюцца на лiтару "к". Вось гэты спiс, вядома ж, у перакладзе: "катаваннi, кара, карцэр, крохатныя кавалачкi..." Закончыце спiс адной з найжахлiвейшых бедаў.

Адказ: Клапы. Незалік: Iншыя "пасцельныя паразiты".
6: Гэтыя два падобныя па гучаннi словы прыйшлi да нас з англiйскай мовы. Яны часта сустракаюцца ў жаночых глянцавых часопiсах, бо абазначаюць два папулярныя ў сучасных жанчын заняткi. А адзiн з такiх часопiсаў напiсаў, што гэтыя заняткi можна сумясцiць. Для гэтага падчас аднаго з iх трэба раўнамерна размеркаваць цяжар у руках i незаўважна для навакольных людзей павольна пацiскаць плячыма, нiбыта кажучы "не ведаю". Назавiце абодва заняткi.

Адказ: Шэйпiнг i шопiнг.


7: Як вы добра ведаеце, па Беларусi доўгiя гады праходзiла рыса аселасцi. У вынiку многiя яўрэi бралi сабе прозвiшчы па назвах гарадоў, дзе жылi. Вось i прозвiшча гэтага шоумена з iмiджам iнтэлектуала, а з нядаўняга часу яшчэ i рэжысёра, вядомага фiльмам "Пастух сваiх кароваў", не мае нiякай сувязi з вядомым ангельскiм лордам. Бо прозвiшча гэтае ў Беларусi давалi жыхарам аднаго гораду. Назавiце гэтае прозвiшча i гэты горад.

Адказ: Гардон (Гордон) i Гродна (Горадня, Гародня).

А Джордж ГОРДАН Байран тут нi пры чым. 
8: Даследчыкi Андранiк Антанян i Алесь Белы лiчаць, што ў вераснi 1900 г. ён сеў на таварна-пасажырскi цягнiк N 8 Палескай чыгункi ў Баранавiчах-Палескiх а 3.43 (альбо а 3.45) ранiцы. Праз некаторы час па ад'ездзе ён назiраў узыход сонца i а 9.50 ранiцы паспяхова прыбыў на месца прызначэння. Назавiце яго i месца прызначэння.

Адказ: Дзядзька Антось i Вiльня.


9: Падчас экскурсii па Беларусi аўтарка пытання ўбачыла дарожны знак, якога пасля не знайшла ў Правiлах дарожнага руху РБ. Выглядаў ён так: на белым фоне ў чырвоным коле перакрэслены сiлуэт чалавека на канi. Назавiце аб'ект, ля якога гэты знак быў пастаўлены.

Адказ: Вятрак.

Залік: Млын, ветраны млын, ветряная мельница, ветряк.
10: У польскiм горадзе Мальбарку ёсць замак, якi пабудавалi яшчэ рыцары-крыжакi. Цяпер у замку музей. Музейныя супрацоўнiкi старанна аднаўляюць атмасферу сярэднявечча. Дакладнасць некаторых дэталяў проста ўражвае. Напрыклад, у замку ёсць пакой, дзе сярод нешматлiкiх дэталяў iнтэр'еру прыцягваюць увагу палiчкi, на якiх ляжаць свежыя лiсты капусты. А што гэта за пакой?

Адказ: Прыбiральня.


11: У беларускіх паданнях ён носіць свайму гаспадару грошы, робіць яго нівы ўрадлівымі, а кароў– дойнымі. За такія клопаты гаспадар абавязаны ставіць яму на даху хаты ці на гумне патэльню яечні.У адваротным выпадку ён можа загневацца і спаліць усю хату. Яго назва паходзіць ад слова, што мае сэнс “свістаць, выдаючы гук пацалунку”. Назавіце яго.

Адказ: Цмок.


12: Увага, анекдот! Нейкi нарвежскi пiсьменнiк напiсаў кнiгу, прысвечаную змаганню маленькага нарвежскага хлопчыка са сваiмi дзiцячымi жахамi. А як гучыць назва гэтай кнiгi, калi ў ёй фiгуруе iмя хлопчыка i яго галоўны жах?

Адказ: "Ёхан i Бабай".


13: У ЗША яго называюць "псiхам", "сюррэалiстам" i "еўрапейцам па духу". На пачатку яго самы вядомы шэдэўр правалiўся. I абурэнню амерыканскiх хатнiх гаспадынь проста не было межаў. Мяркуйце самi: ахвяра не грэбавала какаiнам i брудным сэксам, а персанажы твору, як апошнiя iнтэлектуалы, цытавалi Персi Бiшы Шэлi, да таго ж у фiнале зло трыумфуе над дабром, чаго ў ЗША не любяць. Супраць гэтага твору нават былi дэманстрацыi пратэсту. Iх удзельнiкi мелi плакаты, налепкi i майкi з надпiсам, якi хутка стаў устойлiвай абрэвiятурай: WKLP ("дабл ю" — "кей" — "эль" — "пi"). Расшыфруйце (па-ангельску альбо ў перакладзе) гэтую абрэвiятуру.

Адказ: "Who killed Lora Palmer?".

Залік: "Хто забiў Лору Палмэр?".

А гаворка, вядома ж, пра Дэвiда Лiнча i яго серыял "Твiн Пiкс". 


    

14: Гумарыст Марцiн Коўзкi напiсаў вершаваны лiст рабочым гэтага прадпрыемства. Вось яго заканчэнне: 


    "Час, як яго нi сцiскалi, 
    мiнулае з прышлым звязаў. 
    Колькi пройдзена, перажыта, 
    i я вам скажу адкрыта, 
    я б даўно ўжо вашу назву — камбiнацыю з трох лiтар — 
    на роднае слова змяняў". 
    А якому прадпрыемству з рускамоўнаю назвай быў адрасаваны лiст?

Адказ: Заводу "Луч".


15: У польскай пiсьменнiцы Анны Бжэзiньскай ёсць цыкл казачна-фантастычных апавяданняў. У адным з iх расказваецца пра маладога князя, якi марыў перанесцi праз ручай ведзьму, каб тая выканала тры жаданнi. Сярод жаданьняў была мара сустрэць прыгожую князёўну цi каралеўну, якая стала б добрай жонкай. Вось i сядзеў князь на беразе ручая i чакаў, калi ж да броду падыдзе ведзьма. А чым ён займаўся, каб не губляць часу?

Адказ: Цалаваў жабак.


16: Як пiша "Слоўнiк Свабоды", гэтай абрэвiятуры ў нашых слоўнiках не было, хоць тое, што ёй абазначалася, на вялiкi жаль, праiснавала ў нас тры чвэрцi XX стагоддзя, кiруючы ўсiм, чым магчыма. Можа, невыпадкова, што з лiтар гэтай абрэвiятуры пачынаецца толькi адзiн беларускi дзеяслоў, якi ў пераносным сэнсе азначае "не даваць спакою, мучыць нападкамi, пераследаваць". Што гэта за абрэвiятура?

Адказ: ЦК.

А дзеяслоў — "цкаваць". 

17: Наступнае пытанне задае наш славуты магнат Караль Радзiвiл па мянушцы "Пане Каханку": 


    Гэтая дэталь сустракаецца ў шматлiкiх карцiнах Марка Шагала. З аднаго боку, яна служыць напамiнам пра беднае вiцебскае дзяцiнства будучага мастака i прафесiю яго бацькi. З другога боку, яна сiмвалiзуе няўмольны час, якi вечна выслiзгвае з рук, калi хочаш яго ўтрымаць. Што гэта за дэталь?

Адказ: Селядцы.

Бацька Марка Шагала сапраўды працаваў разносчыкам селядцоў у Вiцебску. А магнат Караль Радзiвiл па мянушцы "Пане Каханку" некалi любiў хвалiцца сваiм уяўным раманам з русалкаю на Адрыятычным моры, вынiкам чаго было, маўляў, нараджэнне 100 тысяч селядцоў. Пра што i песня Лявона Вольскага з альбому "Крамбамбуля: "А пане Каханку спаткаўся з русалкай, // I вынiкам шлюбу былi селядцы". 

18: Усходнiя суседзi Беларусi для назвы гэтага выкарыстоўваюць слова з паўночнага дыялекту гэтай краiны. Далёкiя заморскiя i заакiянскiя аматары таго ж самага карыстаюцца словам з паўднёвага дыялекту. А нашыя заходнiя суседзi дадаюць да слова з паўдневага дыялекту яшчэ i лацiнскi корань. Мы, у залежнасьцi ад жадання, карыстаемся i ўсходнiм, i аходнiм варыянтамi. Перакладзiце гэты лацiнскi корань на любую зразумелую вам славянскую мову.

Адказ: Трава.

Гаворка, вядома ж, пра гарбату. "Тэ" i "ча" — адпаведныя словы з кiтайскiх дыялектаў — утварылi расiйскае "чай" i ангельскае "tea", а польскае herbata складаецца з лацiнскага herba i кiтайскага кораня. 

19: У старым савецкiм фiльме "Жыцьцё i дзiвосныя прыгоды Рабiнзона Круза" з Леанiдам Кураўлёвым у галоўнай ролi амаль няма нiякiх эфектных рэжысёрскiх i сцэнарных знаходак. Галоўны герой, адпаведна з сюжэтам кнiгi, самотна змагаецца з прыродай, размаўляе з сабакам, вядзе каляндар, вырошчвае злакi, пакутуе ад сезонных дажджоў. Знаходкай можа лiчыцца хiба што музычнае афармленне фiльму. Мы нават не пытаемся ў вас прозвiшча кампазiтара. Здагадайцеся, як называецца музычны твор, што лейтматывам праходзiць праз увесь фiльм.

Адказ: "Поры году".


20: 1 сакавіка гэтага года кампанія "Будзьма беларусамі!" прэзентавала ў сталічнай галерэі "Ў" новы турыстычны знак нашай краіны – старадаўняга беларускага цмока. Па словах каардынатара праектуАлены МАКОЎСКАЙ, “мы прапанавалі ў якасці турыстычнага знака краіны цмока, таму што лічым яго вельмі харызматычным персанажам беларускай міфалогіі". А чаго,на думку Алены, пакуль не хапае беларускаму Цмоку, у адрозненне ад аналагічных брэндаў іншых краін?

Адказ: Імя.


21: Беларуская газета "Наша Нiва" калісьці друкавала праграму тэлеперадач. Рэдакцыя газеты падышла да гэтага творча i з гумарам, i ў якасцi загалоўка над праграмаю выкарыстала назву знакамiтага верша, у якой была змененая ўсяго адна лiтара. Дык як гучыць загаловак перад праграмай?

Адказ: "А што там iдзе?".


22: На рэкламным банеры "Яndex. Отпуск" намаляваныя двое мастакоў. Адзiн з iх — Сальвадор Далi — кажа другому: "Увесь кастрычнiк загараю ды купаюся. Адчуваю сябе..." Здагадаўшыся, кiм адчувае сябе С. Далi, вы лёгка ўспомнiце i прозвiшча яго суразмоўцы. Назавiце гэтае прозвiшча.

Адказ: Пятроў-Водкiн.


23: Маладая пiсьменнiца Вера Бурлак напiсала апавяданне на рускай мове, дзе фiгуруе сабачка з лiтаратурным iменем "Гавка" (намёк на Франца Кафку). Пасля яна сама пераклала апавяданне на беларускую мову. Каб захаваць гульню з сабачкам па-беларуску, давялося даць яму новае iмя, але таксама лiтаратурнае. Як звалi сабачку ў беларускай версii апавядання?

Адказ: Брэхт.

Вядома, што па-беларуску сабака "брэша". 

24: Паводле простай логiкi, ПЕРШЫ помнiк мог бы з'явiцца ў гарадах Браслаў, Ваўкавыск альбо Рагачоў, але не так даўно паўстаў у iншым беларускiм горадзе. ДРУГI помнiк, паводле той жа логiкi, сярод беларускiх абласных цэнтраў мог бы з'явiцца толькi ў адным — i ў нiводным расiйскiм, i тым не менш на два гады раней, чым ПЕРШЫ, з'явiўся ў г. Ульянаўску. Праз хвiлiну назавiце першы i другi помнiкi.

Адказ: 
    1. Помнiк лiтары "ў". 
    2. Помнiк лiтары "ё".

У 2001 годзе ў г. Ульянаўску — на радзiме Мiкалая Карамзiна, аўтара кiрылiчнай лiтары Ё — быў адкрыты помнiк гэтай лiтары, як высветлiлася пасля рэформы рускага правапiсу, пасмяротны. Ў — унiкальная лiтара кiрылiчнага алфавiту, помнiк якой быў адкрыты ў Полацку ў вераснi 2003 г., негледзячы на тое, што лiтара Ў у назве горада адсутнiчае. 

25: Часам шырока знаныя прыказкi ды прымаўкi маюць працяг, звычайна — менш вядомы. Напрыклад, гэтая прымаўка ў сваiм беларускiм варыянце аканчваецца так: "... горш за дурня Апанаса". Напiшыце праз хвiлiну яе пачатак.

Адказ: "Нi рыба нi мяса".


26: Калi вы згадаеце лёс паэта Гiёма Апалiнэра альбо проста ўявiце сабе яшчэ не адкаркаваную бутэльку шампанскага, вы лёгка зможаце закончыць верш Рыгора Барадулiна "Парыжскае пахмелле": 
    "Насцярожанасць настаўляе каўнер. 
    Страх у турму iдзе без канвою. 
    На стале бутэлька шампанскага, як Апалiнэр..." 
    Закончыце верш.

Адказ: "З забiнтаванаю галавою" ці "З перавязанаю галавою".


27: Перад чарговымi выбарамi ва Ўкраiне "каманда" Леанiда Кучмы выпусцiла своеасаблiвы каляндар-плакат пад назваю "Знай нашых!" На плакаце — шмат партрэтаў вядомых людзей, звязаных з Украiнай. У самым цэнтры, канешне ж, сам Леанiд Кучма. Вакол яго — гiстарычныя фiгуры, а таксама накамiтыя сучаснiкi — ад Уладзiмiра Вялiкага i Ганны, каралевы Францыi, да Сафii Ратару i Вiталiя Клычко. А назавiце iмёны i прозвiшчы двух самых-самых знакамiтых, на думку Кучмы, украiнцаў, размешчаных справа i злева ад прэзiдэнта.

Адказ: Тарас Шаўчэнка i Андрый (Андрэй) Шаўчэнка.


28: Вершаказы Алеся Разанава — сапраўдныя шэдэўры гукапiсу, калi гучанне i сэнс ствараюць непарыўнае адзiнства. Вось, напрыклад, як заканчваецца вершаказ "Каса": "На касу, як на смерць, касавурацца гусакi, на касу сыкае асака, яе кусаюць камянi, ад яе адкасоўваюцца кусты, але, вiтаючыся з ёю, касу ксцiць (т.е. хрысцiць) касец Ясь i — развiтваючыся з ёю — ..." Закончыце вершаказ двума словамi, адно з якiх — уласнае iмя.

Адказ: "... касiнер Кастусь".


29: Тыматы Снайдэр у кнiзе "Рэканструкцыя нацый" сцвярджае, што Юзэф Пiлсудскi, народжаны на тэрыторыi былога ВКЛ у шляхецкай сям'i, па-польску размаўляў дома, па-беларуску — на вулiцы з простымi людзьмi, а па-руску ён размаўляў толькi ў тым месцы, пра якое нашыя землякi кажуць, што туды адпраўляюць пасвiць сабалёў. А дзе Пiлсудскi размаўляў па-руску? (Адказ паспрабуйце сфармуляваць дакладна.)

Адказ: У сiбiрскай высылцы (ссылцы).

Варыянт "У Сiбiры" таксама прымаецца, а вось варыянт "У ссылцы" без удакладнення "сiбiрскай" — не прымаецца, бо высылалiся людзi, напрыклад, i на Каўказ.
30: Апошняе пытанне.У першапачатковай крыніцы ён не згадваецца, што не дзіўна, таму што ў міжрэччы Тыгра і Еўфрата ён не сустракаецца. Але ў традыцыйным уяўленні ўсе беды пачаліся з яго. Назавіце яго.

Адказ: Яблык



У Бібліі – плод з дрэва спазнання дабра і зла. Традыцыйна ў нас прынята зваць яго яблыкам. Рай меркавана знаходзіўся ў міжрэччы Тыгра і Еўфрата. У беларускай мове гэтае слова мужчынскага роду.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка