Беларуская Атлантыда Канферэнцыя па праблемах нацыянальнай культуры і гісторыі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер112.61 Kb.
Беларуская Атлантыда

Канферэнцыя па праблемах нацыянальнай культуры і гісторыі


Святкаванне Дня беларускай культуры і пісьменства бярэ пачатак у 1994 годзе. Менавіта ў гэты час цэнтрам святочных мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў стаў горад Полацк. За трынаццацігадовую гісторыю свята прымалі гарады: Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы – у гэтым годзе свята адзначалася ў горадзе Шклове.

Адшукаць, вярнуць, абжыць сваю культурную спадчыну – такую задачу вырашае закладзеная традыцыя.

Такую ж мэту мае сённяшняя канферэнцыя “Беларуская Атлантыда”. На шуканне беларускай Атлантыды выправілася вялікая група ўдзельнікаў канферэнцыі, якая рыхтавала свае паведамленні на аснове работ вядомых у Беларусі гісторыкаў, філосафаў, мастацтвазнаўцаў, фалькларыстаў, пісьменнікаў, культуролагаў. Выступоўцы прапануюць нечаканы позірк на праблемы і з’явы нацыянальнай культуры і гісторыі.
Вашай увазе прапануем наступную праграму канферэнцыі:

1.Беларускі ландшафт:

- балота – ад д’ябла ці ад Бога;

- замкі – мураваная варта краіны.

2.Ежа як элемент нацыянальнай культуры:

- што смакуе беларусам;

- селядзец па-беларуску;

- смак сыру.

3.Менталітэт:

- чытаем Міцкевіча па-беларуску;

- народ чужых радасцяў;

- беларусы вачыма іншых народаў.

4.Заключнае слова настаўніка.
Балоты вельмі часта называюць знакам Беларусі. Але ці так гэта? Бо каб стаць знакам, патрэбна стаць неад’емнай часткай, прыкметай культуры народа.Размову на гэту тэму павядзе вучаніца , якая папярэдне пазнаёмілася з пазіцыяй па гэтым пытанні вядомага археолага Ніны Здановіч.

Паводле падання, балота – створана не Богам, а Д’яблам. Чорт хацеў, як Бог, стварыць свет, але падавіўся зямлёй, пачаў ванітаваць ёю, ад чаго і ўзнікла балота. Тым не менш, беларусы заўсёды ўспрымалі балоты як дадзенае Богам асяроддзе.У савецкі час сяляне касілі сена для сваіх кароў на балотах, бо больш прыдатныя месцы былі калгаснымі сенажацямі, а ўзімку балотны алешнік – крыніца дармавых дроваў.

Для калгасаў і саўгасаў балота – гэта патэнцыяльныя дадатковыя пасяўныя плошчы, а торф – паліва. І гэта было добра. Шкодзіла толькі празмернае захапленне ці то асушэннем, ці то торфаздабычай. А вынікам гэтага – парушэнне экалогіі.

Балоты маюць канкрэтныя заслугі перад гісторыяй. Дзякуючы пінскім балотам, Беларусь ацалела ад нашэсця мангола-татар у пачатку 13 стагоддзя, калі спякотным летам конныя войскі не змаглі змаху перайсці балоты, і тым самым далі час для абароны ад наступных нападаў. Балота было надзейнай схованкай для людзей, якія хаваліся ад акупантаў у гады ВА вайны.

Варта згадаць пра нашы замкі. Яны будаваліся не проста ў нізіннай мясцовасці, як у Еўропе, а сярод балота. Крэўскі замак, Лідскі замак – яскравы таму прыклад, апошні быў захоплены аднойчы ў 14 ст.зімой, калі балота замёрзла.

Ізаляцыя людзям на балоце, хутчэй за ўсё, падабалася, паколькі балотным паселішчам не ставала зямлі, вытворчая дзейнасць трымалася на нечым іншым, стымулявала рамесніцтва, прадпрымальніцкую дзейнасць. Так, у вёсцы Гарадная, што ў Столінскім раёне, сфармаваўся ганчарны цэнтр з адметнымі традыцыямі. Дзяўчаты там нават не ішлі замуж за хлопца, які не ўмеў ляпіць гаршкоў.

Балотная глеба – гэта не стаптаная зямля. Яна няпэўная: станавіся ды азірайся. Вядома, што ландшафт уплывае на фармаванне нацыянальнага характару народа. Таму абачлівасць ёсць у характары беларусаў. Яны не спяшаюцца давярацца іншым ці спадзявацца на шчасце. Беларусы аглядаюцца і абдумваюць кожны свjй крок: а раптам там дрыгва? Балота дапамагло беларусам выжыць.

З аднаго боку, на балоце нельга пабудаваць нічога трывалага, але балота немагчыма знішчыць. Засыпанае ў адным месцы, яно абавязкова ўзнікае, нібы з ніадкуль, у іншым. І калі яно такім чынам характарызуе беларусаў і іхні лёс, то ў нас ёсць прычыны быць аптымістамі, а не пакрыджанымі, хоць часта слова “балота”ўжываецца ў абразлівым значэнні, асабліва што датычыцца калектыву людзей.


Сярэднявечныя падарожнікі называлі Беларусь краінай замкаў. На замкі глядзелі як на мураваную варту дзяржаўнай бяспекі. Але значэнне замкаў для Беларусі было намнога большае.Мы працягваем знаёмства з навуковымі доследамі археолага Ніны Здановіч. А дапаможа нам у гэтым ……

Гаворачы пра ролю замкаў у гісторыі Беларусі, мы часта забываемся аб іх культурным значэнні. Замкавая культура кожнае стагоддзе давала нешта новае: 14 ст.- першыя кафляныя печы ў Полацкім і Лідскім замку, 16 ст. – упершыню аздобілі фрэскамі для жылых памяшканняў Крэўскі і Навагрудскі замак, 18.ст.- першы музей у Нясвіжскім замку, 19 ст. – прыватныя тэатры, батанічныя сады.У эпоху Адраджэння і Асветніцтва замак – цэнтр свецкай культуры. Так, бібліятэка Храптовіча ў Шчорсах налічвала вялікую колькасць тамоў, а ўладальнік яе, Яўхім Храптовіч, напісаў статут, паводле якога дазвалялася карыстацца кнігамі і мясцовым жыхарам, і навукоўцам з-за мяжы. У 19 ст. замкі мелі вялікае значэнне для эканамічнага жыцця краіны. Магнат Паўлоўскі, які меў маёнтак у Альберціне пад Слонімам адкрываў у замку прадпрыемствы: цагельню, паперню, суконную мануфактуру, вытворчасць дываноў, электралямпавую мануфактуру.

Гісторыя замкаў ведала розныя перыяды развіцця. Але ж ва ўсе часы ён быў надзейным апірышчам дзяржавы. На жаль, гэтая выснова была добра знаёмая ўсім заваёўнікам. Таму кожная новая ўлада на Беларусі забараняла мясцовым магнатам будаваць крэпасці. Вельмі дрэнна, што замак страчвае свой сэнс як сімвал Беларусі. Бязлітасны ход гісторыі прывёў да таго, што ў замках адчыняліся калгасныя канторы (Падароск пад Ружанамі), на Гальшанскі замак накінуўся свінакомплекс. На сённяшні дзень шмат зроблена і робіцца ў Беларусі, каб аднавіць колішнія фарпосты моцы і прыгажосці –замкі зямлі беларускай.

Наступная наша сустрэча з развагамі Тодара Кашкурэвіча, майстра традыцыйных беларускіх інструментаў, чалавека, які займаецца даследаваннем дахрысціянскага космасу беларусаў.А пазнаёміць нас са смакавымі перавагамі беларусаў ……………….

З’яўляючыся элементам прыроды, ежа ў свядомасці чалавека ператвараецца ў элемент культуры.Беларусы не былі вегетарыянцамі, і ядзенне мяса было дастаткова пашыранае, але шырока ўжывалася ў ежу бацвінне. Добра вядомы быў наступны жарт:”Шаноўны Радзівіле, а бацвінне ці ўрадзіла?” Бацвіннем у час Радзівілаў называлася не толькі вяршкі буракоў, але і цыбуля, кроп, пятрушка, лебяда, шчаўе. У той час мы былі актыўным народам, ініцыятыўным, з пачуццём гонару. Гэты народ здольны быў весці не толькі абарончыя, але і наступальныя войны. Парадаксальна, але як тутэйшыя людзі пачалі масава , рэгулярна спажываць бульбу, нацыянальны стэрэатып памяняўся. Беларус-бульбаш памяркоўны, рахманы, бязвольны і абыякавы. Такім чынам, звяртаючы ўвагу на кулінарны аспект культуры, можна сказаць і пра эвалюцыю нацыянальнага характару. Тым болей, што, як лічаць біёлагі, бульба ёсць нешта накшталт наркотыку, бо мае ў сваім хімічным складзе рэчывы, якія заспакойваюць чалавека, робяць яго памяркоўным, меней агрэсіўным.

Цывілізацыя зацікаўлена ў змене свядомасці народаў. Гэта звязана з рынкам. Каб смак жуйкі ці кока-колы падабаўся людзям ва ўсім свеце, трэба падагнаць чалавецтва пад універсальнае адчуванне смакаў. Захаванне ўласнай кухні, уласных кулінарных традыцый з’яўляецца для кожнай нацыі формай захавання сваёй непаўторнасці.
Працягвае пачатую гаворку вучаніца……, якая пазнаёміць нас з назіраннямі Алеся Белага. У сферы навуковых інтарэсаў гісторыка ўплыў заходнееўрапейскай культуры на фармаванне духоўных каштоўнасцяў беларусаў.

Чаму селядзец гэткі папулярны ў беларусаў?Чаму ён зрабіўся метафарай у народнай свядомасці і літаратуры?
Найлепей увечніў нашага селядца мастак Марк Шагал, сын беднага разносчыка селядцоў з Віцебска. Селядцы літаральна рассыпаныя па ягоных творах. З аднаго боку, яны служаць напамінам пра дзяцінства, але вельма часта яны сімвалізуюць няўмольны час, які выслізгвае зрук, як селядзец.

Доўгі час гэта рыба займала не толькі асаблівае месца ў нашым кухарстве, але нават у эканоміцы. Месца знакавае, сімвалічнае.

Селядзец – самая распаўсюджаная на Балтыцы і досыць лёгкая ў здабычы рыба. Паводле легенды, галандзец Вілем Бэйкельсон у 14 ст. знайшоў спосаб хуткага патрашэнння селядцоў, іхняй засолкі і вельмі шчыльнай укладкі ў бочкі проста на каараблі. Адсюль паходзіць і выраз “набіцца , як селядцоў у бочку”. Такі спосаб рэзка зменшыў выдаткі на прамысловую здабычу, засолку і зрабіў селядца рыбай надзвычай таннай, даступнай ледзь не кожнаму бедняку на поўначы Еўропы. У 1697 годзе ў Магілёве самы танны селядзец каштаваў 2 асмакі (грошы ). Мясцовы акунь – 2,5 асмакі, лешч – 24 асмакі, шчупак – 20 асмакаў. Самы нізкі заробак складаў на той час каля 8 асмакаў на дзень. Выходзіць, што найбяднейшыя работнікі маглі зарабіць за дзень на 800 грамаў селядцоў.Усё гэта сведчыць, што для прыгоннага селяніна селядзец быў ці не адным сапраўдным ласункам.

Развітваючыся з Віцебскам, Шагал напісаў у сваім дзённіку: “Бывай, Віцебск! Заставайцеся са сваімі селядцамі, землякі!” Але да канца развітацца з мінулым так і не ўдалося. Можна сказаць, Шагала ўсё жыццё суправаджалі селядцовыя кашмары.. Селядзец, марская рыба, ёсць адным з сотняў сімвалаў, з якіх склалася культура беларусаў – не марской нацыі.


Пра паходжанне сыру існуе шмат легендаў. Паводле адной з іх, арабійскі купец Канан выправіўся ў далекі шлях па пустыні. З сабою ён узяў малако ў традыцыйным для таго часу сасудзе – авечым страўніку. Увечары купец захацеў малака, але замест малака з авечага страўніка пацякла сыраватка, а ўнутры сасуду з’явіўся белы камяк. Купец у роспачы паспытаў яго і быў вельмі здзіўлены прыемным смакам. Так з’явіўся сыр, а здарылася гэта 4 000 гадоў таму. Сёння кожны ведае англійскі чэдэр, галандскі эдэм, французскі ракфор, італьянскі пармезан, а ці могуць беларусы пахваліцца нацыянальнымі сырнымі традыцыямі? Працягвае знаёмства з працай Алеся Белага……….
Беларускі сыр мала вядомы ў свеце, мала вядомы і беларусам. Найбольш пашыраны ў нас быў белы тварожны сыр, клінковы. Сыр як сімвал белі, чысціні фігурыруе ў Коласавай “Новай зямлі”:

Ляжыць гарамі ў іх падножжа

Закуска, гэта міласцьБожа:

Тут сыр, як першы снег, бялюткі,

Каўбасаў тоненькія скруткі…
Па ўсіх савецкіх кулінарных даведніках пісалася, што радзімай клінковага сыру ёсць Беларусь, хаця традыцыі сыраробства – агульныя для беларусаў, палякаў, літоўцаў. Проста нам выдзелілі, як малодшаму брату, самую простую тэхналогію.

Даўнюю традыцыю ў нас мае сушаны сыр, аж да 19 ст. ён быў адзінай магчымасцю назапашвання кансерваванага малака. Высушаны сыр быў такі цвёрды, што яго дробна стругалі (не маглі нарэзаць), а затым смакталі як цукеркі, ужывалі як дадатак да розных страваў.

Мандрык – вельмі распаўсюджаны калісьці ў нас сыр, гэта і сёння даволі частае беларускае прозвішча, хаця мала хто з ягоных носьбітаў ведае пра сэнс. Гэтыя сыры згубіліся недзе ў канцы 7 - пач. 8 ст. Здаецца, гэта быў салодкі, невялікага памеру акруглы сыр, прычым сычужны, з авечага малака.

Сёння традыцыйных калісьці для Беларусі сырніцаў няма нідзе ў нашых этнаграфічных музеях – ні ў Дудутках, ні ў Строчыцах. Магчыма таму, што ў канцэпцыю “беларускае нацыянальнае”, распрацаваную савецкімі этнографамі, сырніца, як элемент шляхецкай культуры ніяк не ўпісвалася. А вось у Еўропе шануюць свае сыры. У Нармандыі стаіць помнік вынаходніцы сыру каламбэр Марыі Арэль.


Менталітэт – гэта спосаб і форма бачання кожным народам сябе ў сусвеце і сусвету ў сабе. Кожны народ мае сваю ментальную мадэль, якая звычайна будуецца на рэальным досведзе жыцця і потым замацоўваецца ў літаратурных творах. Што значыць чытаць міцкевіча па-беларуску? Дапаможа нам гэта растлумачыць з дапамогай філосафа Валянціна Акудовіча вучаніца……..
Адбылося нешта трагічнае з таго, што мы не прачыталі Адама Міцкевіча. Дакладней – Беларусь паводле Міцкевіча. Ён усё жыццё перакладаў Беларусь на польскую мову. А сам Міцкевіч іншай краіны, акрамя Беларусі, у сваім жыцці не меў. Усе астатнія – эміграцыя. І Польшчы ён не бачыў.

Міцкевіч стварыў мадэль на высокай Беларусі, на Беларусі прыгожых жанчын, высакародных шляхціцаў, інтэлектуалаў, філосафаў, на самаахвярнай, змагарнай Беларусі, якая адпакутавала ў Сібіры, у турмах.

Што датычыцца беларусаў, атрымалася парадаксальная сітуацыя. Мы – нацыя, якая сфармавала свой менталітэт не з рэальнага жыцця, а з літаратуры, з твораў Францішка Багушэвіча. Багушэвіч прыдумаў Беларусь як літаратурнага героя. Як розняцца два вобразы Беларусі: Беларусь Міцкевіча і Беларусь Багушэвіча. У Багушэвіча Беларусь занядбаная, гнілыя хаткі, балоты, зацірка. Жыццё ішло само па сабе, а літаратура раскручвала вобраз Беларусі, створанай паэтам. Між іншым, на Беларусі ў той час было больш за 20 оперных прыватных тэатраў, ад 15 ст. былі дзесяткі гарадоў з магдэбургскім правам. Таму вылучаць яе ў нейкі рэгіён татальнага няшчасця было б несправядліва.

Першым небяспеку заўважыў Вацлаў Ластоўскі. Ён не проста сказаў, а закрычаў:”Хопіць нам саламяных стрэхаў, няшчасных мужыкоў у лапцях! Паглядзіце, хараство навокал! Давайце апавяць прыгажосць!” Ён пабудаваў свой праект нацыянальнай мадэлі на аснове “крыўскай” ідэі: на нашай тэрыторыі ў свой час існавала цывілізацыя, якая спарадзіла антычную цывілізацыю грэкаў і рымлянаў. Ластоўскі пабудаваў нацыянальную утопію. Між іншым, утапічная мадэль зусім не азначае, што яна не можа быць рэалізавана. Напрыклад, бальшавікі на ўтапічнай рабоча-сялянскай ідэі стварылі “савецкі народ”.У пэўных умовах утапічная ментальная мадэль Ластоўскага магла б быць рэалізавана.

Вернемся да высокай ментальнай ідэі. Прыкладам імкнення да яе з’яўляецца Уладзімір Караткевіч – Адам Міцкевіч, але ўжо напісаны па-беларуску. Угледзьцеся, якая прыгожая Беларусь адкрылася нам Караткевічам. Хопіць нам чытаць Беларусь паводле Багушэвіча.Трэба чытаць Беларусь паводле Міцкевіча і Караткевіча! Мы па ўсім свеце параскідалі сваіх геніяў, інтэлектуалаў, акцёраў, спартсменаў. Зрэшты, іх і тут пакуль што безліч.
Кожны народ мае свій калектыўны імідж. Адны – рацыяналісты, другія – бязладныя, трэція – натурыстыя, чацверты – гуллівы. Які ж імідж маюць беларусы? Паводле работ Валянціна Акудовіча з адказам на гэтае запытанне нас пазнаёміць…..
Калі меркаваць па нашай літаратуры, то мы выглядаем на панылы і занураны ў сябе народ. І наша мова спрыяе гэтаму. Возьмем нейкае невясёлае слова, прыкладам, “самота”. Бадай , ні ў якой мове не знойдзецца столькі сінонімаў – журба, сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласць, смутак, жальба, шкадоба, туга, нэндза…

Найбольш відавочная прычына гэтага – геапалітычная. Апынуўшыся на скрыжаванні вялікіх еўрапейскіх канфліктаў, Беларусь на працягу стагоддзяў рабавалася захопнікамі з усіх бакоў свету. Каб выжыць, не было іншага выйсця, як шэрасць, паныласць зрабіць нормай жыцця і ладам мыслення. Ну што захопніку ўзяць з “дурнога як варона” мужыка, які гібее ў гнілой хаціне? І гэтай спадчыны мы і сёння не можам пазбавіцца. Нудота і скаргі на жыццё – гэта і сёння ці не самая важная частка нашага менталітэту. Нам як нацыі трэба будзе навучыцца радавацца, а гэта станецца не раней, чым мы навучымся ганарыцца сабой. Радасці без гонару не бывае.

Беларусам спрадвеку ўласціва тое, што называецца “ціхай радасцю календара”. Нават цяпер, у пару урбанізацыі, нас хвалюе змена зімы на вясну, вясны – на лета. Але і тут, у адрозненне, скажам, ад японцаў, якія ўсе разам цешацца з красавання сакуры, мы вішнёвай квецені радуемся кожны сам па сабе. Кожны чалавек нечаму цешыцца, усякая супольнасць мае святы, але народ становіцца нацыяй толькі тады, калі яго аб’ядноўвае адна на ўсіх вялікая радасць.
Што ўплывае на фарміраванне іміджу пэўнай нацыі?
Найперш, актыўны ўдзел у значных гістарычных падзеях. Так удзел беларусаў у змаганні з фашызмам шмат дадаў да фарміравання станоўчага вобразу нацыі.

Наш гістарычны лёс складваўся такім чынам, што ў розныя эпохі мы выступалі пад рознымі найменнямі – крывічы, ліцвіны, беларусы. З гэтага атрымлівалася, што мы раз-пораз як бы знікалі ў нікуды, і пасля кожнага такога знікнення нам трэба было наноў даводзіць міжнароднай супольнасці, што мы існуем. У гэтым прычына нашай праблемы з пазнавальнасцю. Далучым сюды і тое, што мы 70 год былі схаваны пад абстракцыяй ”савецкі народ”.



Амаль ва ўсім СССР беларусы ўспрымаліся як спакойныя, працавітыя, адказныя людзі. Праўда, мянушка была не вельмі паважная – бульбашы. Беларусы лічыліся адной з галоўных нацыяў СССР, на што ўскосна паказвае і асобнае сяброўства ў ААН. Да таго ж, мы лічыліся хоць і малодшым, але любімым братам, бо не мелі ніякіх прэтэнзіяў да Расіі. Беларусь сталася самай індустрыялізаванай часткай былога СССР. Нашы аўтамабілі, халадзільнікі, тэлевізары, трактары можна было сустрэць паўсюль. З усяго гэтага нас у Саюзе ведалі, бадай, лепш, чым мы самі ведалі сябе, ды і думалі пра нас лепей, чым самі пра сябе. Але ў 1991 годзе Саюз разваліўся, і беларусы засталіся сам-насам з усім тым светам, які пра іх раней нічога не ведаў. Былі рускія, савецкія, і раптам аднекуль узяліся нейкія беларусы… Для большасці насельніцтва беларусаў па-ранейшаму няма – няма нават там, дзе з намі сустракаюцца наўпрост. Беларусаў датуль не будуць успрымаць у свеце, пакуль яны не прыдбаюць сабе больш-менш выразнага нацыянальнага менталітэту.Ніколі наперад нельга ведаць, якога кшталту падзея будзе прэзентаваць твой народ перад чалавецтвам. Наўрад ці думалі румыны, што іх будзе прэзентаваць князь Дракула – адзін з найвялікшых садыстаў свету, які пасадзіў на кол тысячы няшчасных. Важна не гэта. Важна, каб у беларусаў быў свой менталітэт, нацыянальнае аблічча. А пакуль яго няма, мы застаёмся малавядомай нацыянальнасцю былой савецкай імперыі.
Шаноўныя ўдзельнікі канферэнцыі! Хочацца верыць, што кожнае выступлене, праслуханае вамі, дапамагло знайсці каштоўныя скарбы беларускай нацыянальнай культуры і адчыніла перад вамі дзверы ў свет новых пошукаў і адкрыццяў загадкавай краіны пад назвай Беларусь!
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка