«беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)»



Дата канвертавання19.07.2016
Памер126.27 Kb.


МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНСТЫТУТ АДУКАЦЫІ

ПРАЕКТ ВУЧЭБНАЙ ПРАГРАМЫ

па вучэбным прадмеце



«БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА

(літаратурнае чытанне)»
для ІІ класа

ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з рускай мовай навучання і выхавання

Мінск


2015

Тлумачальная запіска
Вучэбны прадмет «Літаратурнае чытанне» з’яўляецца падрыхтоўчым этапам адзінай непарыўнай літаратурнай адукацыі. Мэта навучання літаратурнаму чытанню — сфарміраваць у вучняў асновы культурнага чытача, які ўсведамляе каштоўнасць беларускай дзіцячай літаратуры як мастацтва слова і можа ажыц­цяўляць самастойную чытацкую дзейнасць. Чытацкая дзейнасць навучэнцаў за­ключаецца ў здольнасці выбіраць кнігу для чытання, асобасна асэнсоўваць ма­ральную праблематыку, эстэтычны план праслуханага ці прачытанага мастацкага твора праз гуманістычную сістэму нацыянальных і агульначалавечых каштоў­насцей, выказваць меркаванне пра яго, атрымліваць з розных крыніц, ацэньваць вартасць рознапланавай тэкставай інфармацыі, прымяняць яе ў адпаведнасці з кагнітыўнымі і эстэтычнымі запатрабаваннямі, а таксама для вырашэння вучэб­ных задач.

Задачы навучання літаратурнаму чытанню:



  • забяспечыць усведамленне вучнямі гуманістычных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, прывучаць да паслядоўнага выканання культурных норм;

  • актывізаваць пазнавальныя памкненні вучняў у спасціжэнні беларускай нацыянальнай культуры, стымуляваць імкненне да чытання кніг на беларускай мове з мэтай далучэння да нацыянальна-культурных традыцый;

  • выхоўваць павагу да кнігі як крыніцы самапазнання і развіцця, узбага­чэння сацыяльнага вопыту, маральна-этычных праблем чалавечых узаемаадносін, моўнага і маўленчага ўзору;

  • фарміраваць чытацкую (слухацкую) дзейнасць, якая забяспечыць поўнае, глыбокае разуменне і асобасную ацэнку маральнай праблематыкі і эстэтычнага плана ўспрынятага твора і выказваць гэтае разуменне на беларускай мове;

  • абуджаць у вучняў эстэтычныя пачуцці і творчы пачатак, развіваць воб­разнае ўяўленне, маўленчую актыўнасць, здольнасць да літаратурнай творчасці на падставе ўспрынятых твораў мастацкай літаратуры;

  • фарміраваць агульнавучэбныя ўменні працы з тэкставай інфармацыяй розных відаў (пошук, адбор, ацэнка зместу з пункту гледжання пазнавальных, ма­ральных, эстэтычных памкненняў асобы, выкарыстанне тэкставай інфармацыі ў адпаведнасці з вучэбнай задачай).

Для рэалізацыі пастаўленых задач вылучаны зместавыя лініі вучэбнага прадмета «Літаратурнае чытанне»:

  • фарміраванне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай і маральнай куль­туры вучняў праз асэнсаванне твораў;

  • фарміраванне навыку чытання;

  • фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (пазакласнае чытанне);

  • фарміраванне чытацкіх уменняў;

  • фарміраванне чытацкага кругагляду і ўяўленняў пра літаратуру як ма­стацтва слова;

  • літаратурна-творчая дзейнасць, рыторыка і культура маўлення.

Галоўная педагагічная функцыя літаратурнага чытання — выхаванне ў на­вучэнцаў маральна-этычных якасцей, фарміраванне ў іх сістэмы каштоўнасных арыенціраў. Пры чытанні і асэнсаванні мастацкіх твораў адбываецца апасродка­ваная сацыялізацыя навучэнцаў. На прыкладзе паводзін герояў твораў яны атрым­ліваюць дзейсны вопыт рэфлексіі ўласных паводзін і самавыхавання.

На занятках літаратурнага чытання рэалізуюцца нацыянальна-культурны і лінгвакультуралагічны аспекты навучання. Праз мастацкі тэкст навучэнцы знаё­мяцца з нацыянальнай культурай беларускага народа. У творах вучні назіраюць таксама трапнасць, выразнасць, дасціпнасць беларускай мовы. Яе лексічнае багац­це, фанетычная своеасаблівасць, фразеалагічная насычанасць з’яўляюцца для на­вучэнцаў узорам і стымулам да літаратурна-творчай дзейнасці на падставе пра­слуханых ці прачытаных твораў. Ажыццяўленне літаратурна-творчай дзейнасці на занятках літаратурнага чытання дае магчымасць актыўнага пашырэння і акты­візацыі слоўніка вучняў, забяспечвае маўленчую практыку, спрыяе засваенню моўнай і маўленчай нормы, культуры маўленчых паводзін.

У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам на І ступені агульнай ся­рэдняй адукацыі вучэбны прадмет «Літаратурнае чытанне» забяспечвае фармі­раванне чытацкай граматнасці вучняў для асэнсаванага ўспрымання пісьмовай тэкставай інфармацыі на беларускай мове і асобаснае ўспрыманне твораў ма­стацкай літаратуры. Аперацыянальная сутнасць паняцця «чытацкая граматнасць» заключаецца ў магчымасці вучняў знаходзіць у тэксце яўную інфармацыю, фар­муляваць вывады, інтэрпрэтаваць і абагульняць інфармацыю, аналізаваць і ацэнь­ваць змест, моўныя і структурныя асаблівасці тэксту. У працэсе навучання прак­тыкуецца чытанне з мэтай набыцця чытацкага літаратурнага вопыту і чытанне з мэтай атрымання і выкарыстання інфармацыі.

У 2-м класе асноўная ўвага скіроўваецца на фарміраванне навыку чытання і чытацкіх уменняў навучэнцаў. З гэтай мэтай праводзіцца работа па авалоданні арфаэпічнымі (правільнае вымаўленне беларускіх гукаў [ў], [дз’], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц’], спалучэння [шч], падоўжаных зычных, выразнае вымаўленне галос­ных, перадача націску) і графічнымі асаблівасцямі беларускай мовы (літары і, ў, апостраф), усведамленні гэтых адрозненняў і іх паслядоўнай перадачы пры чы­танні. У працэсе ўдасканалення тэхнікі чытання выпрацоўваецца правільнасць і асэнсаванасць чытання, авалоданне спосабамі чытання ўголас і сам сабе. Выраша­юцца задачы па фарміраванні ўменняў выразнага чытання праз усведамленне эмацыянальнага настрою твора і выкарыстанне сродкаў выразнасці (тон, тэмп, паўзы, лагічны націск).

Заняткі па фарміраванні самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай (па­закласнае чытанне) у 2-м класе павінны адпавядаць падрыхтоўчаму этапу методыкі выкладання пазакласнага чытання, які прадугледжвае непасрэднае чы­танне-разглядванне невялікіх маляўніча аформленых кніг з мэтай фарміравання ўменняў вызначаць змест кнігі па знешніх паказчыках, выбіраць патрэбную кнігу з рэкамендацыйнага спісу ці выставы кніг. На пазакласнае чытанне адводзіцца 10 гадзін, якія размяркоўваюцца на працягу навучальнага года і займаюць увесь час заняткаў. У перыяды паміж заняткамі пазакласнага чытання арганізуецца чытанне вучнямі кніг з уласнай, класнай ці школьнай бібліятэк, праводзяцца мерапры­емствы па прывучэнні навучэнцаў да сістэматычнага самастойнага чытання.

На занятках літаратурнага чытання мэтазгодна рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі з іншымі вучэбнымі прадметамі: з заняткамі беларускай мовы (складанне сказаў, невялікіх апавяданняў пра герояў мастацкіх твораў, складанне працягу твора, знаходжанне слоў на вывучаныя арфаграфічныя правілы і інш.); з заняткамі выяўленчага мастацтва (разглядванне і слоўнае апісанне рэпрадукцый карцін па тэмах, сугучных тэмам вывучаемых твораў, ілюстраванне асобных эпізодаў мастацкага твора, удзел у выставах малюнкаў і іншых творчых работ паводле вы­вучаных твораў і інш.); з заняткамі музыкі (слуханне музычных твораў у адпа­веднасці з мэтавымі ўстаноўкамі ўрока, назіранне за стварэннем вобразаў у лі­таратуры і музыцы, знаёмства з творамі музычнага мастацтва, у аснову якіх пакладзены паэтычныя творы, у тым ліку фальклорныя і інш.); з заняткамі пра­цоўнага навучання (рамонт кніг, выраб кніг-самаробак, практычнае знаёмства з элементамі кнігі і інш).


ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА ПРАДМЕТА

II КЛАС

(60 гадзін1, з іх 10 гадзін — пазакласнае чытанне, 1 гадзіна — абавязковы кантроль навыку чытання)
Кола чытання і слухання

Жанравая разнастайнасць кола чытання і слухання: вершы, апавяданні, каз­кі, жарты, загадкі, скорагаворкі, гумарыстычныя творы, пазнавальныя артыкулы з выхаваўчым патэнцыялам.

Аўтарская разнастайнасць кола чытання і слухання:

дзіцячыя творы класікаў беларускай літаратуры (Я. Купала «Хлопчык і лёт­чык», Я. Колас «Зіма» («Надышлі марозы…», «Вясна («Сонца грэе, прыпякае…»), Цётка «Сварба», «Гутарка асоту з крапівою», У. Дубоўка «Як унук дзеду дапа­мог», «Мядзведзь», В. Ластоўскі «Варона і рак», М. Танк «Жук і слімак» і інш.);

класікаў дзіцячай літаратуры (Э. Агняцвет, В. Вітка, А. Вольскі, А. Дзеру­жынскі, В. Хомчанка, А. Якімовіч і інш.);

высокамастацкія дзіцячыя творы сучасных аўтараў;

творы вуснай народнай творчасці: малыя жанры (загадкі, скорагаворкі, пры­казкі, прымаўкі, лічылкі); народныя казкі («Два маразы» (у апрацоўцы Я. Коласа), «Пшанічны каласок», «Як курачка пеўніка ратавала», «Піліпка-сынок», «Коцік, пеўнік і лісіца» (у апрацоўцы А. Якімовіча), «Каза-манюка» і інш.).

Тэматычная разнастайнасць кола чытання і слухання: творы пра Радзіму, адносіны людзей да працы, узаемаадносіны ў калектыве, у сям’і, адносіны чала­века да прыроды, павагу, клопат, удзячнасць старэйшым.


Фарміраванне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай

і маральнай культуры вучняў праз асэнсаванне твораў

Вызначэнне ўчынка персанажа прачытанага ці праслуханага твора і на­ступстваў гэтага ўчынка. Назіранне праяў чалавечых якасцей праз учынкі пер­санажаў твораў і маральная ацэнка ўчынкаў з пункта погляду гуманістычных каштоўнасцей.

Вылучэнне ў творах жыццёвых сітуацый, у якіх дэманструюцца правілы і этычныя формы паводзін, замацаваных у грамадстве, каштоўнасныя адносіны да навакольнага асяроддзя.

Узбагачэнне эмацыянальнага вопыту на падставе прачытанага твора (зна­ходжанне ў творы знешніх праяў чалавечых эмоцый, адпаведных ім апісанняў малюнкаў прыроды). Стымуляванне эмпатыўных пачуццяў у вучняў (спачуванне, суперажыванне і інш.).

Назіранне за ўласнымі эстэтычнымі пачуццямі, перажыванне і выказванне іх з дапамогай настаўніка.

Каштоўнаснае асэнсаванне вызначанай настаўнікам культуралагічнай ін­фармацыі ў творы (беларускія народныя традыцыі, элементы бытавой і духоўнай культуры, нацыянальныя рысы характару).

Знаёмства праз змест прачытаных ці праслуханых твораў з традыцыйнымі заняткамі беларусаў, народнымі рамёствамі (ганчарства, саломапляценне, вышыў­ка і інш.), нацыянальнымі прадметамі побыту, беларускім нацыянальным касцю­мам, традыцыйнымі народнымі песнямі, танцамі, гульнямі.

Знаёмства на матэрыяле літаратурных твораў з традыцыйнымі сімваламі беларусаў (валошка, бульба, бусел, зубр, лён, ручнік), арганізацыя пошуку дадат­ковай тэкставай і ілюстрацыйнай інфармацыі пра іх з розных крыніц.


Фарміраванне навыку чытання і агульнавучэбных уменняў

Фарміраванне правільнага і асэнсаванага чытання ўголас з хуткасцю, якая не перашкаджае разуменню.

Выпрацоўка навыкаў правільнага вымаўлення гукаў [ў], [дз'], [дж], [г], [ж], [ч], [р], [ц'], спалучэння [шч], падоўжаных зычных, фарміраванне ўмення захоў­ваць акцэнталагічныя нормы пры чытанні.

Раўмерна ўважлівае ці вывучальнае (паглыбленае) чытанне вучэбнага тэк­сту, мастацкага ці навукова-папулярнага твора.

Праглядавае чытанне тэксту з мэтай пошуку інфармацыі.

Адказ і пастаноўка пытанняў па змесце з выкарыстаннем слоў пачутага ці прачытанага твора, выбарачнае чытанне.

Асваенне сродкаў выразнага чытання: перадача інтанацыі на падставе зна­каў прыпынку ў канцы сказа, захаванне паўз у адпаведнасці са знакамі прыпынку.

Асваенне спосабаў завучвання на памяць па апорных словах, вобразных малюнках.

Фарміраванне ўмення ацэньваць правільнасць і выразнасць (гучнасць, захаванне інтанацыі сказа і паўз) пачутага чытання.

Фарміраванне чытацкіх уменняў

Прагназаванне зместу да чытання твора па ілюстрацыях і загалоўку.



Работа над загалоўкам твора: суаднясенне загалоўка са зместам твора.

Работа над мовай твора: вылучэнне незразумелых слоў і выразаў, высвят­ленне іх значэння праз кантэкст, пераклад з дапамогай настаўніка; вылучэнне і высвятленне значэння слоў, падобных па гучанні да слоў рускай мовы, з дапа­могай настаўніка.
Знаходжанне і асэнсаванне з дапамогай настаўніка вобразных слоў і вы­разаў, прыказак і прымавак, вызначэнне іх ролі ў паэтычным і празаічным творы.

Работа над вобразам персанажа: вызначэнне дзеючых асоб твора, іх учын­каў, рыс характараў, знаходжанне апісання дзеючай асобы, карцін прыроды, вы­значэнне адносін аўтара да персанажа.

Работа над зместам і ідэяй твора:

устанаўленне прычынна-выніковых сувязей паміж падзеямі ў творы;

вызначэнне тэмы і галоўнай думкі твора з дапамогай настаўніка;

вылучэнне сэнсавых частак твора з дапамогай настаўніка (па пытаннях, па вызначаных загалоўках);

знаходжанне ў тэксце ўрыўкаў, якія праілюстраваны;

вызначэнне агульнага эмацыянальнага настрою паэтычнага твора;

вылучэнне асобных вобразных малюнкаў.

Работа па асэнсаванні асобаснага стаўлення да твора: выказванне ўлас­ных адносін да дзеючых асоб, іх учынкаў, зместу твора.

Фарміраванне самастойнай чытацкай дзейнасці з кнігай

(пазакласнае чытанне)
Падрыхтоўчы этап (4 гадзіны)

Чытанне-разглядванне адпаведных узросту ілюстраваных кніг аб’ёмам да 20 старонак: асэнсаванае ўспрыманне твора з кнігі на слых, фіксацыя сюжэта, ацэнка падзей і ўчынкаў герояў, устанаўленне адпаведнасці ілюстрацый зместу кнігі, знаходжанне на вокладцы назвы кнігі, прозвішча аўтара, самастойнае чытанне праслуханага твора.

Вызначэнне структурных элементаў кнігі: вокладка, назва кнігі, прозвішча аўтара, старонка, пераплёт. Выкананне правілаў беражлівага абыходжання з кнігай.

Фарміраванне элементарных бібліяграфічных уменняў: самастойны выбар кніг для чытання-разглядвання з класнай бібліятэкі.



Пачатковы этап (6 гадзін)

Чытанне-разглядванне адпаведных узросту ілюстраваных кніг аб’ёмам да 30 старонак:

прагназаванне зместу кнігі па вокладцы і ілюстрацыях;

вызначэнне назвы і аўтара кнігі, правільнае называнне кнігі;

самастойнае асэнсаванае чытанне кнігі пад кіраўніцтвам настаўніка;

выказванне ўласных уражанняў ад кнігі.

Устанаўленне суадносін: твор — аўтар — кніга з дапамогай настаўніка.

Пашырэнне чытацкага кругагляду праз знаёмства з новымі кнігамі, прапа­наванымі настаўнікам.

Фарміраванне элементарных бібліяграфічных уменняў: выбар кнігі для чы­тання з кніжнай выставы ў класным кутку чытання ці сумесна з бібліятэкарам у школьнай бібліятэцы.

Арганізацыя сістэматычнага чытання кніг, часопісаў, газет на беларускай мове з класнай і школьнай бібліятэкі, абмеркаванне прачытанага.

Выкананне правілаў паводзін у бібліятэцы, паважлівае стаўленне да прафесіі бібліятэкара.

Фарміраванне ўяўленняў пра літаратуру як мастацтва слова

Усведамленне аўтарскай прыналежнасці твора (уменне правільна называць твор і яго аўтара).

Слуханне і чытанне аўтарскіх вершаў, апавяданняў, казак, твораў вуснай народнай творчасці актуальнай узросту тэматыкі з выхаваўчым патэнцыялам для ўзбагачэння эстэтычнай сферы навучэнцаў, фарміравання эстэтычнага густу, асо­басных адносінаў навучэнцаў да літаратурнага твора як з’явы мастацтва.

Вызначэнне асаблівасцей казак, знаходжанне гэтых асаблівасцей у прачы­таных ці праслуханых казках.

Практычнае знаёмства з малымі жанрамі вуснай народнай творчасці (за­гадка, лічылка, жарт, скорагаворка).

Практычнае засваенне ў працэсе працы над творам значэння слоў тэма, падзея, дзеючая асоба, учынак, эпізод, казка.


Літаратурна-творчая дзейнасць і культура маўлення

Чытанне па ролях, інсцэніраванне эпізоду твора.

Падрабязны пераказ невялікага апавядальнага твора ці яго часткі з дапамо­гай настаўніка (па малюнках, пытаннях, загалоўках сэнсавых частак, апорных словах).

Калектыўная пабудова элементарнага выказвання на вызначаную тэму па малюнках, апорных словах з дапамогай настаўніка.

Калектыўнае складанне казкі па сюжэце і апорных словах з вызначаным на­стаўнікам колам персанажаў.

Пашырэнне ведаў маўленчага этыкету (словы прывітання, развітання, пра­бачэння, падзякі), разыгрыванне сітуацый і вядзенне дыялогаў з іх выкарыс­таннем.

Этыка маўленчых паводзін у размове з бацькамі, старэйшымі, аднагодкамі. Далікатнасць маўлення.

АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ВЫНІКАЎ

ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ НАВУЧЭНЦАЎ
Навучэнцы павінны

ведаць і разумець:

прозвішчы аўтараў, назвы і змест 5 твораў, якія вывучаліся;

на памяць 5 вершаў, вызначаных у падручніку для завучвання.
умець (валодаць спосабамі пазнавальнай дзейнасці):

арфаэпічна правільна і асэнсавана чытаць уголас па складах і цэлымі сло­вамі з захаваннем інтанацыі сказа і паўз;

адказваць на пытанні па фактычным змесце твора;

вызначаць дзеючых асоб;

знаходзіць эпізод з апісаннем учынку дзеючай асобы;

знаходзіць урыўкі тэксту, якія адпавядаюць ілюстрацыі;

падрабязна пераказваць частку тэксту ці невялікі апавядальны тэкст;

правільна называць прачытаны твор (аўтар, загаловак);

прыводзіць прыклады казак з ліку вывучаных твораў.
выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паў­сядзённым жыцці для:

ацэнкі ўласных паводзін і жыццёвых сітуцый з пазіцый маральных нормаў і культурных каштоўнасцей;

асэнсаванага чытання твораў, адпаведных узросту;

асэнсаванага ўспрымання вуснай і пісьмовай інфармацыі для задавальнення пазнавальных інтарэсаў;

выбару кніг у класным кутку чытання, бібліятэцы па рэкамендацыі на­стаўніка;

для абмену думкамі па прачытаным ці праслуханым творы;



для ўзбагачэння эмацыянальна-каштоўнаснага вопыту ўспрымання твораў розных відаў мастацтва.



1 Вывучэнне літаратурнага чытання пачынаецца пасля ўступнага курса беларускай мовы.






База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка