Беларуская мова (прафесійная лексіка)



старонка12/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер4.11 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   23

Я.Купала.

Прымета якасці, уласцівая таму ці іншаму прадмету або розным прадметам, можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені, што выражана ў вышэйшай і найвышэйшай ступенях параўнання якасных прыметнікаў.

Простыя формы вышэйшай ступені параўнання тыпу мацнейшы, прыгажэйшы, цвярдзейшы ўжываюцца ў розных стылях мовы і з’яўля- юцца стылістычна нейтральнымі, а складаныя формы тыпу больш моцны, больш прыгожы, больш цвёрды часцей выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі. Напрыклад: Вада больш шчыльная за паветра, і таму аказвае прыкметнае супраціўленне целам, якія рухаюцца ў ёй.

Увогуле паралельнае выкарыстанне простых і складаных форм вышэйшай ступені параўнання сустракаецца ў розных стылях мовы, аднак у гутарковай усё ж кольнасна пераважае першая з іх, а ў навуковай  другая. У мастацкіх творах часам ужываюцца формы вышэйшай ступені параўнання з суфіксам -ей(-эй), якія надаюць мове адценне гутарковасці: Быў ён высокага росту, але ніжэй за Чубара (I. Чыгрынаў).

Стылістычнае адрозненне простай і складанай форм найвышэйшай ступені параўнання іншае: простая форма тыпу найсвятлейшы, найкара- цейшы часцей сустракаецца ў мастацкім і публіцыстычным стылях, а складаная форма тыпу самы светлы, самы кароткі ўжываецца ва ўсіх стылях. Што да складанай формы са словам найбольш, то яна мае кніжны характар і звычайна выкарыстоўваецца ў навуковым, публіцыстычным і афіцыйна-дзелавым стылях: Сярод сучасных паўзуноў кракадзілы маюць найбольш складаную будову; Найбольш важныя пытанні былі абмеркава- ны на агульным сходзе працоўнага калектыву.

Простыя і складаныя формы ступеней параўнання не маюць выраз- ных сэнсавых адрозненняў, што дае магчымасць карыстацца імі як грама- тычнымі сінонімамі, параўн.:

Вы думаеце, што гэтае пытанне самае важнае на сесіі?

Так, сёння гэта найважнейшае пытанне.

Усё ж простыя формы ступеней параўнання больш выразна выказваюць інтэнсіўнасць прыметы і яе эмацыянальна-экспрэсіўную ацэн- ку: весялейшы і больш вясёлы, найпрыгажэйшы і самы прыгожы. Менаві- та гэтым абумоўлена шырокае выкарыстанне простых форм ступеней параўнання прыметнікаў у творах паэзіі:

На свеце няма даражэйшых дарог, як гэта дарога да роднага дома (С. Басуматрава); А найлепшая тая дарога, што вядзе на бацькоўскі парог (А. Бялевіч). Асаблівай мастацкай выразнасцю валодаюць індывідуальна-аўтарскія формы найвышэйшай ступені параў- нання без суфіксаў -ейш-, -эйш-: Ні зямным праклёнам, ні карай найвышняй ніхто не запляміць святое імя (П. Глебка).

Стылістычныя ўласцівасці прыметніка праяўляюцца ў выкарыстанні форм суб’ектыўнай ацэнкі, сярод якіх найперш вылучаюцца:

а) формы з суфіксамі -еньк-, -эньк-, -аньк-, -енечк-, -утк-, -ютк-, -усеньк-, -юсеньк-, -юпасеньк-, -аваценьк- (з памяншальна-ласкальным адценнем значэння): зялёненькі, даражэнькі, малюпасенькі, ціхуткі і г. д.;

б) формы з суфіксамі -ізн-, -ізарн-, -эзн-, -енн-, -энн-, -озн- (з павелічальна-ўзмацняльным адценнем значэння): вялізны, велізарны, выса- чэнны, высозны і да т. п.

Такія формы вызначаюцца яркай эмацыянальна-экспрэсіўнай афар- боўкай, таму выкарыстоўваюцца перш за ўсё ў мастацкім, гутарковым і публіцыстычным стылях. У навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях, пазбаўленых эмацыянальнасці і экспрэсіўнасці, ужываюцца стылістычна нейтральныя словы і формы: вялікі (а не вялізны), вельмі вялікі (а не велізарны). Але ў тых выпадках, калі неабходна назваць прыметы, якія лагічна адпавядаюць сэнсу слоў з суфіксамі -еньк-, -эньк-, -аньк- і інш., то такія прыметнікі выкарыстоўваюцца і ў навуковым стылі. Толькі тут яны выступаюць у функцыі лагічных азначэнняў, не маюць экспрэсіўна-эмацыянальна-ацэначнага адцення значэння і з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі: Вожык вядзе начны спосаб жыцця, яго маленькія вочкі адыгрываюць другарадную ролю ў пошуках ежы.
Асэнсаваць стылістычныя рэсурсы прыметніка для кіруемай самастойнай работы студэнтаў дапамогуць наступныя віды заданняў:
1. Прачытайце і вызначце стыль тэкстаў. Якія семантыка-гра- матычныя разрады прыметнікаў пераважаюць у кожным тэксце і якую функцыю яны выконваюць?

1. Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае кан- стытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцей карыстацца рус- кай ці іншымі мовамі. Усе грамадзяне Беларусі, незалежна ад нацыя- нальнасці і роднай мовы, карыстаюцца роўнымі правамі і маюць роўныя абавязкі перад дзяржавай.

2. Літаратурнай мовай з’яўляецца не толькі мова мастацкай літаратуры; літаратурнай з’яўляецца мова перыядычнага і навуковага друку, мова школы, радыё, тэатра і г. д. Яна мае дзве формы бытавання: вусную і пісьмовую. Істотнай адзнакай літаратурнай мовы з’яўляецца наяўнасць у ёй агульнапрынятых норм, інакш кажучы, літаратурная мова гэта нармалізаваная агульнанародная мова (Ф. Янкоўскі).

3. Ой, мае залатыя, мае харошыя... Гэта ж каб якая крыха, дык мяне б назусім у артысткі запісалі...



Гэта ж была я ў нядзелю на базары, у раёне. Ну, квактуху прадала -не нясецца, ведзьма, а ўсё ходзіць надзьмутая, як свякруха ліхая... Абаранкаў купіла сабе вязачку, люблю мачаць іх у гарачае малако. Ага... Управілася дый кірую сабе на аўтобусную станцыю (П. Місько).

4. Над ускрайкам лесу, дзе пачыналіся жоўтыя пяскі, зазвінела песня ляснога жаваранка. Ён першы тут вітаў надыход дня, і песня расплывалася ў маўклівым паветры звонам тонкага дарагога металу, напаўняючы ясна-сінія разлогі надзем’я і глыбокую цішыню зямлі, агорнутай затоена-радаснаю задумённасцю (Я. Колас).



2. Спішыце. Падкрэсліце кароткія прыметнікі і вызначце іх функцыянальна-стылістычную ролю. У якім стылі звычайна выкарыстоўваюцца кароткія прыметнікі?

1. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, як люб мне і дораг кут мілы бацькоў! (П. Прыходзька). 2. Як я выйду, маладзенька, за вароты ў поле, паліюцца самі слёзы з цяжанькай нядолі. Ой, крывава паліюцца мае горкі слёзы, бы расіца ў летню ночу з беленькай бярозы (Я. Купала).



3. Прачытайце сказы і вызначце, да тэксту якога стылю яны адносяцца. Спішыце, выкарыстоўваючы тую форму вышэйшай ступе- ні прыметнікаў, якая больш пашырана ў адпаведным стылі.

1. У мяккай пшаніцы рыхлыя, мучністыя зярняты, (бяднейшыя, больш бедныя) на бялкі. 2. Дзень добры, маё дзіцятка. Надоечы брала каня. 3 тых пор, як схавалі мы бацьку, (лагоднейшым, больш лагодным) стаў старшыня. Дзякуй богу, здарова (Я. Янішчыц). 3. 3 ікры выходзяць лічынкі, зусім непадобныя на дарослага вугра: яны празрыстыя, маюць (карацейшае, больш кароткае) цела, моцна сціснутае з бакоў.



4. Прачытайце і вызначце формы вышэйшай ступені параўнан- ня прыметнікаў. Для якога стылю яны характэрны і якую функцыя- нальна-стылістычную функцыю выконваюць?

1. А добрыя рукі не раз лепей за поўныя скрыні (Г. Далідовіч). 2. Дома ўсё па-ранейшаму, па-старому. Працы хапае... Прашу, болей глядзі за сабою... Халера пабрала б гэтыя вершы, без іх мо было ў жыцці шчаслівей (Я. Янішчыц). 3. Ігнат Сцяпанавіч не заўважае, што субяседнік на сорак ці болей гадоў маладзей за яго (А. Кудравец). 4. Для мяне інтарэсы справы даражэй за ўсё (I. Шамякін).



5. Спішыце і падкрэсліце формы найвышэйшай ступені параў- нання прыметнікаў. Скажыце, якія з іх з’яўляюцца стылістычна ней- тральнымі, а якія часцей ужываюцца ў тым ці іншым стылі.

1. У Каліноўскім увасоблены ў найвышэйшай ступені рысы, якія для лепшых мастакоў заўсёды былі і заўсёды будуць крыніцай творчага натхнення. Каліноўскі гэта высакароднасць ва ўсім: у кожным слове і ў кожным учынку, у самай вялікай грамадскай і самай нязначнай асабістай справе (Н. Гілевіч). 2. Шостая сімфонія Дз. Шастаковіча найвялікшы твор XX стагоддзя (ЛіМ). 3. Другая сям’я вузканосых малпаў чалавекападобныя малпы. Да іх належаць найбольш буйныя малпы: арангутанг, гарыла і шымпанзэ.



6. Прачытайце і вызначце формы ступеней параўнання прымет- нікаў. Скажыце, чаму менавіта гэтым формам аддаецца перавага ў мастацкіх творах і ці ёсць сярод гэтых форм індывідуальна-аўтарскія.

1. Зямля мая далёкая, зямля мая цудоўная, Радзіма сінявокая, каму красой ты роўная? Мо, ёсць і прыгажэйшая, каму што ў свеце глянецца, мая ж найдаражэйшаю да смерці мне астанецца (К. Буйло). 2. Новы дзень павінен быць святлейшы, свет дабрэйшы, толькі дбайце шчыра (С. Басуматрава). 3. Так, казалі, прыйшоў ён найадважным салдатам, заслужоны ваяка Сымон Перагуд (П. Броўка).



7. Прачытайце і вызначце функцыянальна-стылістычную ролю выдзеленых прыметнікаў. Абгрунтуйце сваё меркаванне.

1. 3 новенькім партфелем, свежанькім букетам выйшла яна з дому, чысценька адзета (П. Прануза). 2. А знізу гэты лес кашлаты меў зелянюсенькія шаты лазы, чаромхі ці крушыны... (Я. Колас). 3. Вялі загадкавы гоман казачныя ў прадночным змроку велізарныя хвоі, яліны (М. Лынькоў). 4. У яловых лясах жыве самая маленькая з нашых птушак каралёк. Увесь кароткі зімовы дзень каралёк корміцца. Ён спрытна становіцца тоненькімі пальчыкамі на вастрыё яловых іголак, як на хадулі, і дзюбай абследуе хвою, выцягваючы малюсенькіх насякомых і павукоў.



Стылістычныя ўласцівасці займеннікаў найбольш яскрава вы- яўляюцца ў сінанімічных заменах асабовых і варыянтных форм пры- належных займеннікаў. Так, асабовы займеннік ты ў гутарковым, мастац- кім і публіцыстычным стылях нярэдка ўжываецца ў абагульнена-асабовым значэнні, калі тое, пра што гаворыцца, можа адносіцца да любой асобы, да кожнага: I каго з нас не ўзносіць вольна і шырока на сваёй хвалі сапраўдная паэзія, хто не зведаў гэтых своеасаблівых, шчаслівых і напоўненых імг- ненняў чытацкай творчасці, калі ты быццам сам творца, у поўным кан- такце з паэтам, яго пачуццём і думкай, калі ты нібы і сам становішся ўпоравень з ім, адкрываеш хараство і сягаеш да духоўных вышынь... (В. Бечык). Пры такім ужыванні займенніка выказванне набывае свое- асаблівую задушэўную танальнасць, інтанацыю непасрэднасці звароту да кожнага чытача ці слухача.

У гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры займеннік ты можа выкарыстоўвацца ў значэнні займенніка 3-яй асобы: Крапівою б каторага, каб ты сесці паўгода не мог!.. (Я. Брыль).

У гутарковым стылі займеннік ён можа ўжывацца ў значэнні займенніка ты, калі выказваецца пагарда да каго-небудзь: Усе працуюць, а ён, бачыш, лынды б’е. Бяры граблі і памагай бацькам!

У навуковым і публіцыстычным стылях замест займенніка я ўжываецца займеннік мы, каб падкрэсліць сумеснасць аўтара і чытача, лектара і аўдыторыі: Цяпер, як мы ведаем, верш «Бывай...» атрымаў новае жыццё, стаў цудоўнай песняй, якая заняла пачэснае месца ў рэпертуары «Песняроў» (В. Бечык).

У гутарковым стылі, калі той, хто гаворыць, як бы аб’ядноўвае сябе са сваім суразмоўнікам, займеннік мы замест ты (вы) можа выкарыс- тоўвацца:

а) для выражэння спагадлівых адносін: «Ну, як мы сёння сябе адчуваем?» звярнуўся доктар да Андрэйкі;

б) для выражэння жартаўлівых ці іранічных адносін да каго-небудзь:
Ого, якія мы недаступныя. Пажыў у горадзе і ўжо без фігі ні да носа...

Звяртаючы ўвагу на сінанімічныя замены асабовых займеннікаў, неабходна разам з тым падкрэсліць, што раўнапраўную ролю ў выражэнні адпаведных значэнняў адыгрываюць асабовыя формы дзеяслова.

Сінанімічнымі з’яўляюцца розныя формы прыналежных прыметні- каў маёй – мае, тваёй – твае, яго ягоны, яеейны, сваёй – свае, наша – нашая, ваша–вашая, нашай – нашае, вашай – вашае, іх–іхні, наш – наскі і г. д. Першыя займеннікі кожнай пары ўжываюцца ва ўсіх стылях мовы і з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі, а другія выкарыстоўва- юцца ў гутарковым, мастацкім і публіцыстычным стылях, надаюць выказ- ванню адценне непасрэднасці, размоўнасці: Струна на скрыпачцы яшчэ не ўсё, каб можна было ад ейных песень аж плакаць . Карамазаў); Паволі, з жалем, стары загаварыў: «Тут некалі стаяла нашая хата» . Броўка).

У мастацкім, публіцыстычным і гутарковым стылях асабовыя, прыналежныя і інш. займеннікі могуць сэнсава выдзяляцца. У такім разе (асабліва калі лагічны націск падае на займеннікі) яны надаюць тэксту выразную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку ці служаць сродкам характарыстыкі персанажаў: Мой родны кут, як ты мне мілы!.. (Я. Колас); Апейка неспадзеўкі стаў злавацца. «Чорт вас пабяры! нават злуючыся, ён гаварыў роўна, ціха. Для вас, для вашага шчасця стараюцца, гінуць людзі. А вы, вы за сябе стаяць не ўмееце!.. Ты не бандыт, ты крот, які капаецца ў сваёй нары. I толькі адну сваю шкуру беражэ. А там хоць трава не расці! Хай другія прынясуць табе шчасце на талерцы!..» (I. Мележ).


7. МАТЭРЫЯЛЫ ДЛЯ КІРУЕМАЙ САМАСТОЙНАЙ РАБОТЫ СТУДЭНТАЎ:
1. Прачытайце і вызначце функцыянальна-стылістычную ролю выдзеленых займеннікаў. Для якіх стыляў характэрна падобнае ўжы- ванне асабовых займеннікаў?

1. Алёша зноў упарта паўтарыў: «У школу я не пайду!» Сяргей ажно падскочыў: «То ідзі к чорту лысаму!.. 3 ім дырэктар школы размаўляе, як з чалавекам, а ён што папугай: не пайду, не пайду! Ты можаш адказаць па-чалавечаму, калі з табой размаўляюць?» (I. Шамякін).

2. Маеўскі пяшчотна пагладзіў яе руку. «Ну, вось і слёзы... Куды
нам да партызан са слязамі? Ён на момант задумаўся, а потым ціха
сказаў:
Пачакай крыху, Танюша» (I. Шамякін).

3. Што найперш важна і дорага для нас у паэзіі Хадыкі? Паэтава


шчырасць, маральная чысціня, душэўная самааддача і нават ахвярнасць,
з якімі ён шукае, знаходзіць і абараняе свае жыццёвыя і творчыя прынцыпы, грамадскія і эстэтычныя ідэалы... Але сказанае
намі толькі тады можа мець сэнс, калі мы звернемся да самога Хадыкі, дамо слова яго вершам... (В. Бечык).

4. I хадзіў Амелька, сярод людзей цёрся ды ўсё азіраўся: ці няма


якіх хітрыкаў збоку, ці не збіраецца падкалупіць
цябе хто (М. Лынькоў).

2. Прачытайце і скажыце, у якім выпадку замест выдзеленага займенніка можна выкарыстаць займеннік ён, а ў якім  займеннік мы.

1. «Ян Матэйка, дзеці, гаворыць настаўніца, гэта быў такі польскі мастак. Слаўны мастак, на ўвесь свет. Ну, а ты што тут робіш, задуманы? Пакажы» (Я. Брыль). 2. Данік падае настаўніцы сшытак. «Ну, вядома. Усе ўжо малююць, а Малец... Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы...» (Я. Брыль).



3. Спішыце сказы і падкрэсліце размоўна-гутарковыя формы займеннікаў. У якіх стылях выкарыстоўваюцца падобныя формы?

1. Дзе столькі разгону для твае жвавасці, для твайго спрыту, для тваіх забавак, як не на касьбе (Я. Колас). 2. Крывёнак у акопе раптам змаўкае, я трывожна ўслухоўваюся але спакваля ягоны кулямёт грукоча далей (В. Быкаў). 3. Здаецца, Хведар спатоліў прагу свае душы, а што будзе далей, хай тое і будзе (В. Быкаў). 4. Іхняя хата стаяла недалёка ад маёй: звычайная сялянская хата (I. Навуменка).



4. Спішыце і вызначце функцыянальна-стылістычную ролю займеннікаў.

1. Нідзе няма такіх бяроз, як на маёй Радзіме. Такіх русявых доўгіх кос, такіх азімін. Такіх бароў, і курганоў, і калыханак... (Н. Загорская). 2. Вас шукаюць вочы мае, вас калышуць думы мае, вас чакае сэрца маё дык няўжо у вас знойдуцца сілы... Абмінуць?! (Н. Загорская). 3. Вы не зломкі, вы не зноскі, вы народ магутны (Я. Купала). 4. Хоць я ніколі не знайду сваіх слядоў і хісткай кладкі, а ўсё ж лячу к свайму гнязду, к свайму адзінаму пачатку (С. Грахоўскі).



Багаццем і разнастайнасцю марфалагічных форм вызначаецца дзеяслоў, і гэта дае магчымасць карыстацца сінанімічнымі заменамі адных форм другімі, ужываць адны формы ў значэнні другіх з надан- нем тэксту адпаведнага стылю тую ці іншую танальнасць, эмацы- янальна-экспрэсіўную афарбоўку.

Так, формы цяперашняга часу ў гутарковым, мастацкім і публіцы- стычным стылях ужываюцца:

а) у значэнні прошлага ў тых выпадках, калі размова ідзе пра такія з’явы, падзеі і г.д., якія звярнулі на сябе асаблівую ўвагу і выклікалі адпа- веднае пачуццё. Спалучэнне ў адным тэксце названых форм стварае ілю- зію, што дзеянне адбываецца ў момант гутаркі, што яно нібы разгорт- ваецца перад вачыма слухача ці чытача. Гэтым перадаецца эмацыянальная ўзрушанасць і дасягаецца большая выразнасць у адлюстраванні з’яў і па- дзей, напрыклад: Дзень быў хмурны і марозны адзін з тых зімовых дзён, якія пачынаюцца чароўнымі раніцамі: устаеш, выходзіш на двор і не можаш адарваць позірку ад дрэў такімі казачна цудоўнымі, фантас- тычна прыгожымі робіць іх іней (I. Шамякін);

б) у значэнні будучага, калі неабходна падкрэсліць, што дзеянне абавязкова адбудзецца: «Ну, сынок, звярнуўся Максім да Андрэя, пара спаць. Заўтра раненька едзем у лес. Відаць, ужо пайшоў бярозавік».

Формы прошлага часу ў гутарковай мове часам выкарыстоўваюцца ў значэнні будучага, якое наступіць адразу пасля моманту гутаркі: «Запра- гайце, дзядзька Пятрусь, каня і я паехала», кінула Антаніна.

Формы будучага часу ў гутарковым, мастацкім і публіцыстычным стылях могуць выкарыстоўвацца:

а) у значэнні цяперашняга, калі выказванню пра які-небудзь знешне звычайны факт, падзею, дзеянне ці з'яву надаецца эмацыянальна-экспрэ- сіўнае адценне: Вузкаю крывою стужкаю праходзіць між палеткаў вяско- вая дарога.То ўзбяжыць яна на горку, то спусціцца ў лагчыну, цёмнаю норкаю марскане ў лес, пад страху хмурных ялін, абагне курган, узгорак, роўнаю палоскаю ляжа на полі, перасячэ гай, прарэжа луг, ускочыць у вёску, згубіцца тут на мінутку і потым зноў выскачыць у поле і зноў па- бяжыць калясіць грудзі зямлі (Я. Колас);

б) у значэнні прошлага для эмацыянальна-экспрэсіўнай перадачы такога дзеяння, якое ўзрушыла апавядальніка раптоўнасцю і неспадзява- насцю:



Я паклаў люльку, а Яська пайшоў ад мяне.

  • Куды ж ты пайшоў? пытаю.

  • Чаму куды? Дадому.

  • А ці ж твой там дом?

Як зарагоча ж мой Яська, як выхваціць з зубоў люльку... Ды як пусціць ён у мяне люлькаю, дык тая люлька аж загула ў мяне каля вушэй... (Я. Колас).

У гутарковым і мастацкім стылях формы будучага часу ў спалучэнні з часціцай бывала выкарыстоўваюцца для перадачы такіх дзеянняў у мінулым, успамін пра якія выклікае тыя ці іншыя пачуцці (замілавання, тугі і да т. п.): Бывала пойдзеш у лес, нарвеш арэхаў, нарэжаш баравікоў душа радуецца.

Для выражэння розных эмацыянальна-экспрэсіўных адценняў у гутарковым, мастацкім і часткова ў публіцыстычным стылях выкарыстоў- ваюцца адны формы ладу дзеяслова ў значэнні другіх.

Даволі часта сустракаюцца выпадкі ўжывання форм загаднага ладу ў значэнні ўмоўнага: «Прыйдзі сёння Мікола, і мы скончылі б перакрываць страху, а так яшчэ заўтра прыйдзецца да паўдня тут быць»,  прамовіў Ігнат.

Формы ўмоўнага ладу выступаюць:

а) у значэнні абвеснага, калі размова пра што-небудзь вядзецца ў памяркоўным тоне ў форме просьбы, парады, жадання: Я хацеў бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою... (Я. Колас);

б) у значэнні загаднага, калі просьба, парада ці пажаданне выказ- ваюцца ў мяккай, далікатнай, ветлівай форме: Ты, Мікола, па Ваську схадзіў бы (Я. Брыль).

Ужыванне адных форм часу і ладу ў значэнні другіх, а таксама аса- бовых форм дзеяслова з рознымі значэннямі (гэта выразна відаць з аналізу стылістычнага выкарыстання асабовых займеннікаў) пашырана, як бачым, у гутарковым, мастацкім і публіцыстычным стылях. Што да навуковага і афіцыйна-дзелавога стыляў, то для іх не характэрна пераноснае ўжыванне адных форм у значэнні другіх.



На вызначэнне асаблівасцей выкарыстання дзеяслоўных форм студэнтам для кіруемай самастойнай работы прапануюцца наступныя віды заданняў:

1. Прачытайце і вызначце функцыянальна-стылістычную ролю дзеяслоўных форм часу.

1. Сядзе хлопчык над крынічкай і не зварухнецца, пазірае, як над дзічкай пташачка снуецца і сваіх маленькіх дзетак корміць чарвячкамі (Я. Колас). 2.  Дык вось, першае каласнікі, потым дзверцы, потым манометр, потым помпа.. І ўсё? не паверыў Змітрок. Не ўсё, але астатняе можна зрабіць самім. Тады пайшлі да мяне абедаць (А. Кудравец). 3. Васіль заўважыў, што дзядзька Цімох таксама пачаў павольна, мерна махаць касою. Ён ідзе паціху, крыху горбячыся (I. Мележ). 4. «Добра, зараз іду ў інтэрнат, і з хлопцамі вырашым справу», змякчыўся Саша. 5. Выйдзеш за вёску жытнёвыя хвалі коцяцца, цёплыя, плыняць наўсцяж... Клічуць дарогі ў бясконцыя далі… (К. Кірэенка).

2. Выпішыце з раздзела «На рэчцы» паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» прыклады ўжывання адных дзеяслоўных форм у значэнні другіх і вызначце іх функцыянальна-стылістычную ролю.

3. Прачытайце і вызначце функцыянальна-стылістычную ролю вы- дзеленых дзеяслоўных форм ладу.

1. Мне хацелася б і павучыцца ў вас сяму-таму, бо вы ўжо набілі, як кажуць, руку і маеце практыку (Я. Колас). 2. Калі маеце вольную гадзінку, можа 6 пабылі крыху ў нас (К. Чорны). 3. А ён аднойчы вазьмі і прачніся , ці можа зусім не спаў, і выйшла ў іх з бацькам сварка (Я. Брыль). 4. А ты, Аленка, пачытала б мне што-небудзь яшчэ (Я. Брыль). 5. «Ведай я, што такі дождж пойдзе, не распачынаў бы новую сцірту», прамовіў Кузьма Раманавіч.



4. Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Вызначце дзеепры- метнікі, іх ролю і адзначце адметнасці ў рускай і беларускай мовах.

Анализ медицинской ситуации в постчернобыльский период показал, что среди нестохастических последствий аварии на ЧАЭС видное место будут занимать клинические проявления атеросклероза. В 1994 году была сформирована концепция ускоренного развития атеросклероза при действии комплекса неблагоприятных факторов аварии на ЧАЭС. В патогенезе этого патологического состояния ведущую роль играют нарушения липидтранспортной системы (ЛТС), так называемые радиоционно-экологические дислипопратеинемии  ДЛП. В эксперименте показано, что изолированный радиационный фактор (внешнее гамма-облучение) способен вызывать транзиторную ДЛП. Дислипопротеинемия отражает сложные взаимоотношения в функционировании ЛТС, включающей механизм прямого и обратного транспорта холестерина. Существуюющий аппарат математико-статистических методов анализа параметров ЛТС не позволяет получить обобщенную характеристику этой сложной системы, что существенно усложняет оперативную оценку ее роли при действии разнообразных экзогенных и эндогенных факторов. Отсюда возникла задача синтеза математической модели ЛТС при развитии радиационно-индуцированных ДЛП, характеризуемых множеством показателей (Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта).


1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка