Беларуская мова (прафесійная лексіка)



старонка14/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер4.11 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   23

праз злучок (дэфіс) і асобна
Напісанне слоў разам, праз злучок (дэфіс) і асобна (як самастойны раздзел арфаграфіі) грунтуецца на лексіка-сінтаксічным прынцыпе, які ўзаконьвае: часткі слова пішуцца разам, словы ў словазлучэннях – асобна, а тыя словы, якія няпоўнасцю страцілі сваю самастойнасць і з гэтай прычыны не сталі адным словам, пішуцца праз злучок (дэфіс).

Кожная часціна мовы мае свае правілы напісання, але існуюць і агульныя, якія адносяцца да ўсіх часцін мовы.



Разам пішуцца: а) каранёвыя марфемы, якія выступаюць у ролі прыстаўкі (прэфіксоіда): інфраструктура, антыгуманны, псеўданавуковы, постпазіцыя, паўдарогі і інш.; б) словы, першымі часткамі якіх з’яўляюцца радыё-, свое-, мота-, фота-, мікра-, макра- і інш.: радыёстанцыя, своеасаблівы, мотакрос, фотахроніка, мікраэлементы, макрамалекула; в) складаныя назоўнікі і прыметнікі, першай часткай якіх з’яўляецца лічэбнік, напісаны літарамі: пяціпавярховы, сямігодка, стогадовы, дваццаціпяцітонны, шасцідзесяцігоддзе, пяцідзёнка; г) складанаскароча- ныя словы: ПДУ, педсавет, прафсаюз, ЛіМ, СМІ.

Праз злучок (дэфіс) пішуцца:

1. Часткі анты-, пан-, паў-, калі далучаюцца да ўласных назоўнікаў: Анты-Дзюрынг, пан-Еўропа, паў-Наваполацка.

2. Аднолькавыя словы, якія паўтараюцца і ўтвараюць сэнсавае адзін- ства: бела-бела, ледзь-ледзь, ішлі-ішлі, беглі-беглі.

3. Спалучэнні слоў з аднолькавай асновай, але з рознымі афіксамі: сам-насам, крук-крукам, дзе-нідзе, век-вяком, калі-нікалі.

4. Спалучэнні з двух семантычна блізкіх слоў: хлеб-соль, трын-трава, жылі-былі, шыварат-навыварат, сёе-тое, сяк-так.

5. Складаныя словы, першай часткай якіх з’яўляецца лічэбнік, напі-саны лічбамі: 50-кіламетровы, 5-працэнтны, 25-тонны, 30-градусны.


Асобна пішуцца:

1. Свабодныя словазлучэнні, у складзе якіх прыслоўе і прыметнік ці дзеепрыметнік: добра напісаны твор, аб’ектыўна ацэненая работа, жыццёва важнае пытанне, добра дагледжаны статак.

2. Колькасныя складаныя лічэбнікі: пяцьсот сямнаццаць, дзвесце трыццаць сем, восемдзесят восем.

3. Два аднолькавыя назоўнікі, адзін з якіх мае форму назоўнага, а другі творнага склону: дуб дубам, работа работай, абед абедам.

4. Устойлівыя словазлучэнні (звычайна тэрміналагічнага характару), якія абазначаюць адно паняцце і з’яўляюцца адным членам сказа: абсалютны нуль, блукаючая зорка, састаўны іменны выказнік, устойлівае словазлучэнне, трацейскі суд.

5. Фразеалагізмы, утвораныя шляхам паўтарэння той самай асновы з прыназоўнікамі або злучнікамі: адзін на адзін, крок за крокам, час ад часу, з мінуты на мінуту.

6. Cпалучэнні тыпу: усё роўна, як след, на жаль, без разбору, на ляту, не ў меру, не пад сілу, без дай рады, усё адно і інш.
 Ужыванне вялікай літары
1. Вялікая (прапісная) літара ўжываецца:

а) для вылучэння пэўных частак тэксту – сказаў, вершаваных радкоў:

Ноч. Халодная зямлянка.

Перастрэлка. Цішыня.

Неба чыстае, як шклянка.

Тупат быстрага каня. (Гл.);

б) для размежавання ўласных і агульных назоўнікаў: Танк (Максім Танк) і танк, Лось (Еўдакія Лось) і лось;

в) як стылістычны сродак вылучэння слоў з пэўнай сімволікай ці як знак ветлівасці: Радзіма, Мір, Свабода, Чалавек, Вы.

2. З вялікай літары пішацца першае слова пасля выклічніка або зваротка, якім пачынаецца сказ і пасля якога стаіць клічнік: Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варты стары Талаш! (К-с); Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова! (У. Д.).

3. З вялікай літары пішацца першае слова простай мовы або цытаты, якія размешчаны пасля слоў аўтара і аддзелены ад іх пры дапамозе двукроп’я: Як мастак слова, Багушэвіч адчуў самы балючы нерв народнай трагедыі: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»

4. З вялікай літары пішуцца:

а) імёны, прозвішчы, псеўданімы людзей: Мікалай, Вера Караткевіч, Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч); б) клічкі жывёл і назвы дзеючых асоб у байках і казках: Граф, Мурка, Жучка, Баран, Сава, Асёл; в) поўныя і скарочаныя геаграфічныя назвы: Рэспубліка Буларусь, Каралеўства Швецыя, Полаччына, Нарач, Бярэзіна, Наваполацк; г) простыя і складаныя астранамічныя назвы: Венера, Млечны Шлях, Вялікая Мядзведзіца, сузор’е Вялікага Пса; д) назвы кніг, газет, часопісаў, прадпремстваў, аўтамабіляў (яны бяруцца ў двукоссе): раман «Родныя дзеці», газета «Хімік», часопіс «Полымя», калгас «Радзіма», аўтамабіль «Ніва» і інш. Індывідуальныя назвы людзей, якія страцілі значэнне ўласных імён і набылі значэнне агульнай назвы (калі яны ўжываюцца ў пагардлівым сэнсе), пішуцца з малой літары: донжуан, лавелас, мецэнат, гарлахвацкія, зёлкіны, каліберавы, плюшкіны. Калі ж такія ўласныя імёны яшчэ не ператварыліся ў агульныя, то пішуцца з вялікай літары: Гастэлы, Гагарыны. Назвы марак аўтамабіляў пішуцца з вялікай літары («Волга», «Масквіч», «Запарожац», а назвы саміх вырабаў (акрамя назваў што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: «масквіч», «рэно», «опель», «форд», «мерседэс», «гарызонт» ( тэлевізар); але «Мінск» (халадзільнік), «Волга» ( аўтамабіль).

5. Міфалагічныя і рэлігійныя індывідуальныя назвы пішуцца з вялікай літары: Ісус Хрыстос, Буда, Зеўс, Пярун, Геркулес, Бог, Божая Маці. Родавыя назвы міфалагічных істот, пішуцца з малой літары: дамавік, лясун, муза.

6. З вялікай літары пішуцца прыметнікі, утвораныя ад уласных назоўнікаў: а) пры дапамозе суфіксаў -оў- (-ов-), -аў- (-ав-), -ёў- (-ёв-), -еў- (-ев-); -ін- (-ын-): Брылёў зборнік, Караткевічаў раман, Міхасёва кніга, Верын канспект; б) пры дапамозе суфіксаў -ск-, -аўск-, -еўск-, калі прыметнікі ўваходзяць у склад сінанімічных назваў са словамі «імя, памяці таго, хто названы ўласным імём»: Купалаўская прэмія (прэмія імя Купалы), Караткевічаўскія чытанні (чытанні памяці Караткевіча), Маркаўскія рады (тэрмін ў матэматыцы), Варфаламееўская ноч (гістарычная падзея). У астатніх выпадках падобныя прыметнікі пішуцца з малой літары: мележаўскі стыль, купалаўская мова.

7. Пішуцца з вялікай літары лічэбнікі пры ўласных імёнах, калі яны абазначаюцца словамі: Аляксандр Першы, Мікалай Другі, Пётр Першы, Генрых Чацвёрты.

8. Вялікая літара ўжываецца ў назвах частак свету, якія ўваходзяць у склад тэрытарыяльных назваў або ўжываюцца замест іх (Крайняя Поўнач, Далёкі Усход, весткі з Усходу, хмары з Захаду), а таксама ў назвах дзяржаў, частак дзяржаў тэрміналагічнага характару (Злучаныя Штаты Амерыкі, Заходняя Беларусь, Каралеўства Нарвегія, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае,Рускае і Жамойцкае); у назвах груп (аб’яднанняў, саюзаў) дзяржаў, апрача родавых назваў (Садружнасць Незалежных Дзяржаў, краіны Балтыі, Закаўказскія рэспублікі).

9. З вялікай літары пішуцца назвы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, вуліц, плошчаў, станцый, вакзалаў, аэрапортаў: Віцебская вобласць, станцыя Паставы, плошча Незалежнасці, праспект імя Францыска Скарыны, аэрапорт Мінск-2.

10. Вялікая літара ўжываецца: а) пры напісанні назваў гістарычных эпох і падзей, апрача агульных назоўнікаў: Парыжская камуна, Рэнесанс, Рэфармацыя, Ленскі расстрэл; б) пры напісанні назваў найвышэйшых устаноў і арганізацый, апрача агульных назоўнікаў і службовых слоў: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Узброеныя Сілы РБ, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца; в) пры напісанні найвышэйшых пасад і ганаровых званняў: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор РБ, Герой Працы.

Назвы пасад, тытулаў пішуцца з малой літары: міністр, народны паэт Беларусі, заслужаны артыст.

11. З вялікай літары пішуцца ўсе словы ў поўных назвах ордэнаў, ап-рача слоў ордэн і ступень: ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, ордэн Суворава І ступені, ордэн Айчыннай Вайны І ступені, ордэн Залатога Льва, ордэн Ганаровага Легіёна, ордэн Славы ІІ ступені, але ордэн Дружбы народаў. Аднак у назвах ордэнаў, медалёў, знакаў адрознення і прызоў, якія бяруцца ў двукоссе, з вялікай літары пішацца першае слова: ордэн «Мацярынская слава», медаль «За адвагу», медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг.», нагрудны знак «Выдатнік народнай адукацыі» і інш. Але: ордэн «Знак Пашаны», медаль «Маршальская Зорка», медаль «Залатая Зорка», медаль «Серп і Молат».

12. З вялікай літары пішуцца два першыя словы ў назве вялікай гістарычнай падзеі (Вялікая Айчыная вайна) і ў назве вялікага нацыянальнага свята (Дзень Перамогі), у састаўных назвах дзяржаўных, традыцыйных і рэлігійных святаў: Дзень Канстытуцыі, Дзень Рэспублікі, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Уваскрасенне Хрыстова

13. З вялікай літары пішуцца першае слова і ўсе ўласныя імёны:

13.1. у назвах кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый і інш.: Міжнародны з’езд славістаў, Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове;

13.2. у назвах святаў, палітычных рухаў, ушанаванняў: Новы год, Міжнародны жаночы дзень, Сусветны дзень моладзі, Міжнародны дзень кнігі;

13.3. у назвах дзяржаўных цэнтральных устаноў, розных аб’яднанняў, арганізацый, таварыстваў: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзіцячы фонд, Вярхоўны суд РБ, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь;

13.4. у складаных назвах найважнейшых дакументаў, дзяржаўных законаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон аб мовах, Дэкларацыя правоў чалавека ААН;

13.5. у назвах помнікаў старажытнасці, прадметаў і твораў мастацтва: Сафійскі сабор, Венера Мілоская, Шостая сімфонія Чайкоўскага;

13.6. у назвах традыцыйных святаў, пастоў: Вялікдзень, Каляды, Масленіца, Купалле, Дзяды, Пятроў пост;

13.7. у назвах культавых кніг: Біблія, Евангелле, Каран, Стары Запавет, Талмуд;

13.8. у назвах спартыўных мерапрыемстваў: Кубак свету па біятлоне, Чэмпіянат свету па фігурным катанні, зімняя Алімпіяда ў Ванкуверы;

13.9. у назвах навуковых, навучальных і культурных устаноў, а таксама ўстаноў мясцовага значэння: Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, выбары ў Полацкі гарадскі Савет народных дэпутатаў, Акадэмія навук РБ, Тэатр юнага гледача, Дом літаратараў, Палац культуры нафтавікоў;

13.10. у назвах прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў: Цэнтральны ўніверсальны магазін (ЦУМ), Полацкая цэц, фабрыка «Камунарка», французкі аўтамабільны канцэрн «Рэно»;

13.11. у назвах прэмій: Нобелеўская прэмія міру, Дзяржаўная прэмія РБ, Мележаўская прэмія;

13.12. у назвах кандытарскіх і парфумерных вырабаў: цукеркі «Алёнка», духі «Чырвоны мак»;

13.13. умоўныя ўласныя імёны ў дагаворах, кантрактах і іншых афіцыйных дакументах: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол, дамова Заказчыка і Выканаўцы;

13.14. у складанаскарочаных назвах, калі першае слова ў гэтым словазлучэнні пішацца з вялікай літары: Дзяржплан, Нацбанк РБ, Белдзяржфілармонія;

13.15. у абрэвіятурах, якія чытаюцца па назвах літар (незалежна ад таго, утвораны яны ад уласнага ці агульнага імя), а таксама ў абрэвіятурах, якія чытаюцца па гуках і ўтвораны ад уласнага імя: ПДУ (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт), МАЗ (Мінскі аўтамабільны завод). Абрэвіятуры, якія ўтвараюць склады і абазначаюць агульныя назвы, пішуцца з малой літары: нэп, цэц, дот.

14. Калі назва літаратурнага твора складаецца з дзвюх назваў, злучаных злучнікам або, то з вялікай літары пішацца таксама першае слова другой назвы: аповесць «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна».

15. З малой літары пішуцца:

15.1. артыклі, прыназоўнікі, часціцы ў заходнееўрапейскіх уласных імёнах і прозвішчах (дэ, ла, ван, фон і інш.): Барклай дэ Толі, Гі дэ Мапасан, Леанарда да Вінчы, Людвіг ван Бетховен, Васка да Гама;

15.2. назвы прадметаў, адзінак фізічнай велічыні, відаў раслін, утвораных ад уласных імёнаў людзей: вольт, ампер, ом, джоўль, макентош, маргарытка;

15.3. назвы народаў, плямён, а таксама назвы, якія ўказваюць на нацыянальную прыналежнасць: беларусы, літоўцы, радзімічы, палякі;

15.4. складаныя навуковыя тэрміны: вольтавая дуга, піфагорава тэарэма, берталетава соль;

15.5. назвы, якія маюць прыстаўку: дапятроўская эпоха, дапушкінская літаратура;

15.6. назвы гістарычных эпох і падзей, якія не з’яўляюцца ўласнымі назвамі, а таксама геалагічных перыядаў: грамадзянская вайна, крыжовыя паходы, сярэднявечча, ледніковы перыяд, мезазойская эра;

15.7. назвы найвышэйшых выбарных устаноў, якія не маюць значэння ўласнага імя: сейм, парламент, кангрэс, верхняя палата, сенат;

15.8. геаграфічныя азначэнні пры назвах заводоў, фабрык, калгасаў і інш.: мінскае абутковае аб’яднанне «Усход», лунінецкі калгас-камбінат «Крыніца»;

15.9. назвы парод жывёл, у тым ліку ўтвораныя ад геаграфічных назваў: сабакі лайка, балонка; сібірскі кот; курыца галашыйка;

15.10. агульнапрынятыя назвы кветак, пладоў: ружа, васількі, цюль- пан, антонаўка, белы наліў.
 Правілы пераносу слоў
1. З аднаго радка на другі слова пераносіцца па складах. Адна літара, хоць яна і ўтварае склад, не пераносіцца і не пакідаецца: без-да-па-мож-ны, ар-мія, бя-ро-за, але: унія, алея, ідэя.

2. Пры пераносе літары й, ў, ь, а таксама апостраф не аддзяляюцца ад папярэдняй літары: прай-сці, праў-дзівы, пад’-езд, пісь-меннік. Але калі ў складаным слове другая частка пачынаецца з ў, то гэтае ў пішацца з другой часткай: слова-ўтварэнне, збожжа-ўборачны.

3. Літары дж, дз не раздзяляюцца, калі абазначаюць адзін гук: гля-дзець, са-джанцы, дрож-джы, ра-дзіма. Спалучэнні прыставачнай д з каранёвымі ж, з пры пераносе раздзяляюцца: пад-зямелле, ад-звінець, ад-жаць, пад-жылкі.

4. У складаных словах кожная частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: се-на-ўбор-ка, збож-жа-зда-ча, ма-шы- на- бу-даў-ні-чы, ста-га-до-вы.

5. Пры пераносе нельга:

а) пераносіць прозвішчы, пакідаючы ў канцы папярэдняга радка ініцыялы або іншыя ўмоўныя скарачэнні, якія адносяцца да прозвішчаў: А.А. Куляшоў, В.І. Дунін-Марцінкевіч, акад. Карскі, праф. Гугнін;

б) адрываць скарочаныя назвы ад тых лічбаў, да якіх яны адносяцца: 1945 г., ХХІст., 25 м, 5 кг;

в) адрываць ад лічбаў нарашчэнні склонавых канчаткаў: 8-е сакавіка, 7-га, 25-му;

г) раздзяляць умоўныя графічныя скарачэнні тыпу і г.д., і інш., г.зн., і пад., стст, т.зв.;

д) разбіваць абрэвіятуры, якія складаюцца з пачатковых літар або са спалучэнняў літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ПДУ, ЮНЕСКА, НАТА, ДАІ, ТУ-154, ЗІЛ-131.

6. Не пераносяцца на наступны радок знакі прыпынку.

7. Не пераносіцца на наступны радок злучок (дэфіс), які супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставіцца).

8. Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зычных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; двац-цаць, два-ццаць, калос-се, кало-ссе; мыц-ца, мы-цца; паа-бапал, па-абапал.

Правілы скарочанага напісання слоў
Графічныя скарачэнні бываюць агульнапрынятыя (не патрабуюць тлумачэння) і ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльнай літаратуры і становяцца зразумелымі пры наяўнасці спіса скарачэнняў.

Да агульнапрынятых адносяцца скарачэнні, якія ўжываюцца на пісьме:

1) пры абазначэнні лічбамі: 2010 г. (2010 год), 30-я гг. (30-я гады), ХХІ ст. (ХХІ стагоддзе), XXI стст., I–II стст.(I–II cтагоддзе), 2 тыс. г. да н.э. (2 тысячы год да нашай эры), 247 с. (247 старонак), С. 25 (старонка 25);

2) пры спасылках: гл. С. 117 (глядзі старонку 117), напр. (напрык- лад), параўн. (параўнай), т.З. (том 3);

3) пасля пералічэння: і г.д. (і гэтак далей), інш. (іншае), г.зн. (гэта значыць);

4) пры стандартных скарочаных абазначэннях метрычных адзінак, якія пішуцца без кропак: м (метр), кг (кілаграм), км (кіламетр), га (гектар), т (тона), л (літар), см (сантыметр), ц (цэнтнер) і інш. Скарачэнні фізічных адзінак вымярэння, абазначаных у сучасных ДАСТах, пішуцца з вялікай літары: В (вольт), А (ампер), Дж (джоўль);

5) у іншых выпадках: праф.(прафесар), с/с(сельскісавет), в.а.(вы- конваючы абавязкі), в.(вёска), г.(горад), вобл.(вобласць), воз.(возера), гр.(грамадзянін), дац.(дацэнт), заг.(загадчык), нам.(намеснік), зб.(збор- нік), н.ст.(новы стыль), ст.ст.(стары стыль), т.зв.(так званы).

Ёсць пэўныя патрабаванні, якіх трэба прытрымлівацца пры графічных скарачэннях.

1. Пры графічных скарачэннях ставіцца кропка і захоўваюцца тыя ж знакі і пачатковыя літары, якія ўласцівы поўнаму напісанню: с.-д. (сацыял-дэмакрат), Д.-Б.к. (Днепра-Бугскі канал), В.-Д.к. (Волга-Данскі канал), к.ф.-м.н. (кандыдат фізіка-матэматычных навук), В.Д.-М. (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч).

2. Пры спалучэнні дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робіцца пасля першай зычнай, а пры збегу розных зычных – пасля апошняй зычнай: мяк. зычны (мяккі зычны), насен. фонд (насенны фонд), ваен. (ваенны), лінгв. (лінгвістыка), гіст. (гісторыя), бухг. (бухгалтэрыя).

3. Скарочаныя літарныя абазначэнні складаных слоў пішуцца праз злучок (скл.-зал. – складана-залежны, с.-г. – сельскагаспадарчы, ст.-сл. (стараславянскі), ст.-бел. (старабеларускі), а таксама графічныя скарачэнні назоўнікаў, калі бярэцца першая і апошняя або дзве першыя і дзве апошнія літары: К-с (Колас), з-д. (завод), ун-т (універсітэт), в-аў (востраў), р-н (раён), п-аў (паўвостраў).

4. Словы скарачаюцца на зычную літару перад галоснай. Не робяцца скарачэнні на галосную , на й, ў, ь і на апошнюю літару ў слове.


9. Сінтаксічныя асаблівасці навуковых тэкстаў
Спецыфіка навуковай мовы выяўляецца і праз ужыванне розных сінтаксічных канструкцый. Менавіта апавядальныя сказы характарызуюць навуковыя тэксты, асноўная задача якіх – паведамленне, якое выражаецца ў сцвярджальнай або адмоўнай мове.

Пытальныя сказы ў навуковых тэкстах абмежаваны ці маюць сваю спецыфіку: часцей за ўсё яны надаюць адценне навукова-папулярнага выкладу, якім карыстаюцца выкладчыкі ці лектары ў вусным ці пісьмовым маўленні: Як жа гэта здарылася, што за фразеалагізмам замацавалася значэнне, сэнсава не звязанае з састаўнымі часткамі гэтага выразу? Адказ на пытанне даюць экскурсы ў гісторыю фразеалогіі, этымалагічны аналіз фразеалагізмаў (І. Лепешаў).

Сказы ў навуковых тэкстах, як правіла, двухсастаўныя, развітыя, паколькі аднасастаўныя валодаюць экспрэсіўнасцю і найбольш часта выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах.

Звычайна ва ўсіх функцыянальных стылях у сказах дзейнік выражаны назоўнікам або займеннікам, а выказнік – дзеясловам. Аднак у навуковым тэксце выказнік можа быць выражаны простым дзеяслоўным у форме цяперашнега часу або састаўным іменным з асноўным кампанентам назоўнікам, асабліва ў азначэннях, напрыклад:

1. Мадальныя дзеясловы – дзеясловы, што надаюць выказванню мадальнае значэнне: хацець, пачаць, жадаць, магчы (А. Юрэвіч).

2. Чысты корань – корань без словаўтваральных і словазменных элементаў (А. Юрэвіч).

Беларускай мове характэрны сказы, ускладненыя аднароднымі членамі, якія, як правіла, ужываюцца для класіфікацыі або сістэматызацыі прадметаў, з’яў, прыкмет: Выкарыстаны разнастайныя метады дасле- давання: геадэзічныя, тапаграфічныя, тапанімічныя, батанічныя, гісторыка-этнаграфічныя.

З раду злучнікаў але, а, ды для навуковых тэкстаў характэрна ўжыванне злучніка але для выражэння супраціўных сэнсавых адносін паміж аднароднымі членамі, а для выражэння супрацьпастаўлення – парны злучнік не толькі, але і. У канцы XVI – на працягу XVII стст. лацінская мова заняла моцныя пазіцыі ў справаводстве юрыдычных і дзяржаўна-адміністрацыйных органаў Вялікага Княства Літоўскага, выступаючы пры афармленні многіх дакументаў побач з беларускай і польскай мовамі. Але асноўнай сферай прымянення гэтай мовы стала навуковая літаратура, якую выпускалі многія польскія друкарні, заснаваныя ў Ашмянах, Брэсце, Бялынічах, Гродна, Заслаўі, Клецку, Любчы, Мінску, Пінску, Полацку, Слоніме, Слуцку і іншых гарадах і мястэчках Беларусі (А. Булыка).

Калі пры аднародных членах ёсць абагульняльнае слова, то аднародныя члены сказа неабходна афармляць так, як аформлена абагульняльнае слова пры іх: На Беларусі пралеска высакародная ў дзікім выглядзе расце па ўсёй тэрыторыі – у лясах, каля ручаёў, на палях, на ўзлессі; Паласатая цыкада, цыкадка, тля, азімая соўка, шведская муха, сеткавы слізняк – усіх гэтых шкоднікаў раслін неабходна ведаць, каб не несці страты ўраджаю.

Пры пабудове сказаў з аднароднымі членамі неабходна памятаць: 1) члены пералічэння падзелу павінны ўзаемна выключацца, напрыклад: дзеці і дарослыя, старыя і малыя, але нельга маладыя і юныя, дарослыя і старыя і інш.; 2) калі абагульняльнае слова абазначае родавае паняцце, то аднародныя члены павінны выступаць у якасці відавых, напрыклад: Дамы, палацы, цэрквы, касцёлы – усе будынкі ўлічаны на тэрыторыі горада.

Навуковым тэкстам не ўласцівы сказы з пабочнымі словамі, якія выражаюць эмацыянальную ацэнку выказвання ці яго экспрэсіўны характар.

Выбар тыпу складанага сказа ў навуковых тэкстах характарызуецца логікай, зместам выкладу іх. Найбольш ужывальнымі з’яўляюцца скла- даназалежныя, у якіх падпарадкавальная сувязь, злучнікі ці злучальныя словы дазваляюць больш дакладана выразіць змест выкладу. У тэкстах навуковага стылю выкарыстоўваюцца і спецыфічныя сродкі міжфразавай сувязі тыпу: у сувязі з тым што, па меры таго як, у той час калі, нягледзячы на тое што, разам з тым, між тым, тым не менш і інш. 10. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове


Прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі непадобныя ў беларускай і рускай мовах і выразна выяўляюць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы.

1. У беларускай мове лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры звязваюцца з назоўнікам дапасаваннем, а назоўнік мае форму множнага ліку: чатыры заводы, абодва браты, два гады. У рускай мове словы ў такіх словазлучэннях звязваюцца кіраваннем, а назоўнікі пры лічэбніках маюць форму роднага склону адзіночнага ліку: четыре завода, оба брата, два года.

2. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзякаваць, прабачыць, выбачаць, дараваць кіруюць назоўнікамі ці займеннікамі ў давальным склоне: дзякаваць выкладчыку, выбачыць сястры. У рускай мове адпаведныя дзеясловы маюць форму вінавальнага склону: благодарить преподавателя, простить сестру.

3. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ехаць, плысці, ляцець, выправіць, паслаць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам па: пайсці па хлеб, паслаць па доктара, ехаць па дачку. Назоўнікі грыбы, ягады, кветкі, арэхі ў падобных словазлучэннях ставяцца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у: пайсці ў маліны, выбрацца ў грыбы, накіраваліся ў суніцы. У рускай мове пры такіх дзеясловах ужываюцца канструкцыі творнага склону з прыназоўнікам за: пойти за хлебом, послать за доктором, ехать за дочерью, пойти за малиной, выбраться за грибами, направился за земляникой, отправиться за зерном.

4. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, кпіць, здзекавацца, насміхацца, цешыцца, рагатаць, пасмейвацца, дзівіцца кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з: здзекавацца са слабага, пасмейвацца з суседа, кпіць з маўчуна, насміхацца з няўмекі, здзекавацца з палоннага. У рускай мове вышэйпералічаныя дзеясловы кіруюць творным склонам з прыназоўнікам над: издеваться над слабым, подтрунивать над соседом, смеяться над самим собой, подсмеиваться над молчуном, подшучивать над неумелым.

5. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця гаварыць, казаць, думаць, разважаць, распытваць кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам пра: думаць пра сына, распытваць пра маці, клапаціцца пра дзяцей. У рускай мове адпаведна: думать о сыне, расспрашивать о матери, заботиться о детях, тосковал о матери.

6. Дзеясловы хварэць, захварэць, перахварэць і прыметнік хворы ў беларускай мове кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам на: захварэць на адзёр, хворы на ангіну, хварэць на коклюш. У рускай мове залежнае слова ў такіх словазлучэннях мае форму творнага склону без прыназоўніка: заболеть корью, больной ангиной, болеть коклюшем.

7. Дзеясловы ажаніць, ажаніцца кіруюць творным склонам з прыназоўнікам з: ажаніцца з Веранікай, ажанілі з нялюбай, ажаніць з ёй. У рускай мове пры такіх дзеясловах іменныя часціны мовы ўжываюцца ў форме меснага склону з прыназоўнікам на: жениться на Веронике, женили на немилой, женить на ней.

8. Для беларускай мовы характэрна ўжыванне параўнальных словазлучэнняў, у якіх галоўнае слова (прыметнік ці прыслоўе) мае форму вышэйшай ступені, а залежнае ўжываецца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам за: брат маладзейшы за сястру, яны разумнейшыя за сваіх аднагодкаў, мёд саладзейшы за цукар. У рускай мове такія канструкцыі маюць форму роднага склону без прыназоўніка: брат младше сестры, они умнее своих одногодков, нет ничего страшнее войны, мед слаще сахара.

9. Для вызначэння адлегласці, прасторы пры словах з колькасным значэннем ужываюцца назоўнікі з прыназоўнікам за: за пяць кіламетраў ад чыгуначнай станцыі, за тры вярсты ад лесу, крокаў за шэсць ад вуліцы. У рускай мове такім словазлучэнням адпавядаюць: километрах в пяти от железнодорожной станции, верстах в трех от леса, в шести шагах от улицы.

10. У беларускай мове дзеясловы і назоўнікі са значэннем дзеяння кіруюць месным склонам множнага ліку з прыназоўнікам па: хадзіць па лясах (палях, балотах), сумаваць па бацьках, вучыліся па вечарах. У рускай мове такія словазлучэнні маюць прыназоўнік по: ходить по лесам (полям, болотам), учились по вечерам, грустить по родителям.

11. Назоўнікі лекцыя, нарысы, адзнака і інш. ужываюцца з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па: лекцыя па культуралогіі, нарысы па мастацтве, адзнака па беларускай мове. У рускай мове у такіх канструкцыях залежны назоўнік ставіцца ў форме давальнага склону з прыназоўнікам по: лекция по культурологии, очерки по искусству, оценка по белорусскому языку.

12. У дробавых лічэбніках частка адна, дзве, тры, чатыры ў лічніку дапасуецца да парадкавага лічэбніка ў назоўніку: адна чацвёртая, дзве трэція, тры пятыя, чатыры сёмыя. Калі ў лічніку стаяць лічэбнікі пяць, шэсць, сем і г.д., то яны кіруюць парадкавымі лічэбнікамі назоўніка ў форме роднага склону множнага ліку: пяць шостых, шэсць дзевятых, восем дзесятых.

13. У беларускай мове ў дзеяслоўных словазлучэннях з прыназоўнікам праз выражаюцца прычынныя адносіны: не прыехаў праз хваробу, спазніўся праз навальніцу. Такі прыназоўнік ужываецца і ў спалучэннях слоў праз смех, праз слёзы, праз зубы (сказаў праз смех, гаварыла праз сон, працадзіў праз зубы), а таксама ў словазлучэннях з аб’ектным значэннем паміж кампанентамі са словамі праходзіць, пранікаць, прабівацца: прабівацца праз гушчар, пранікаць праз фортку, праходзіць праз імглу. У рускай мове адпаведна: не приехал из-за болезни, опоздал из-за грозы, сказал сквозь смех, говорила сквозь сон, пробиваться сквозь гущу, проникать сквозь форточку, проходить сквозь мглу.

14. У беларускай мове ўжываюцца словазлучэнні:

1) загадчык кафедры (бібліятэкі), прыйшлі да бабулі, ехаць у млын, пазычыла нажа (сякеры, запалак). У рускай мове адпаведна: заведующий кафедрой (библиотекой), пришли к бабушке, ехать на мельницу, одолжила нож (топор, спички);

2) словазлучэнні бачыў на свае вочы, чуў на свае вушы, хата на пяць пакояў, больш за дзвесце кіламетраў (гектараў, падручнікаў), сабраліся а сямнаццатай гадзіне, пісаць (дасылаць, накіраваць, звяртацца) на адрас. У рускай мове адпаведна: видел своими глазами, слышал своими ушами, дом из пяти комнат, более двухсот километров (гектаров, учебников), собрались в семнадцать часов (около семнадцати часов), писать (посылать, направлять, обращаться) по адресу;

3) словазлучэнні прыняць да ўвагі, сутыкнуцца тварам у твар, падобны да бацькі (маці), ён па-за канкурэнцыяй, па аднайменным рамане І. Мележа, па маім меркаванні, заляцацца да дзяўчыны, апеляваць да грамадскай думкі. У рускай мове адпаведна: принять во внимание, столкнуться лицом к лицу, похожий на отца (мать), он вне конкуренции, по одноименному роману И. Мележа, по моему суждению, ухаживать за девушкой, апеллировать к общественной мысли.

4) колькасна-іменныя словазлучэнні з адваротным парадкам слоў (гадоў пяцьдзясят, чалавек трыццаць, месяцы тры) і спалучэнні лічэбніка з назоўнікам роднага склону з прыназоўнікамі пад, з, за, каля: пад сорак гадоў, каля пятнаццаці старонак, гадзін з восем, далёка за поўнач.

1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка