Беларуская мова (прафесійная лексіка)



старонка19/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер4.11 Mb.
1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   23

4.2. Напісаць заяву з просьбай: а) прыняць у члены прафсаюза; б) паслаць на практыку ў той раён, дзе жывуць родныя; в) дазволіць датэр- мінова здаць экзамен (прычына  работа летам у будаўнічым атрадзе).

5. Аўтабіяграфія

У аўтабіяграфіі коратка расказваюць пра свой жыццёвы шлях, таму гэта папера пішацца ад першай асобы. Зразумела, змест аўтабіяграфій розны, але ёсць агульныя патрабаванні, прытрымлівацца якіх неабходна кожнаму.

У пачатку тэксту трэба назваць сваё прозвішча, імя і імя па бацьку, час і месца нараджэння, сказаць пра заняткі бацькоў. Пасля гэтага коратка гавораць пра гады вучобы, называюць асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці.

У канцы тэксту ставяць дату і подпіс.

Вось прыкладны тэкст.

5.1. Аўтабіяграфія

Я, Засімовіч Тамара Пятроўна, нарадзілася 15 сакавіка 1980 года ў вёсцы Харава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька мой, Пётр Міхайлавіч, працуе брыгадзірам у калгасе, маці, Ганна Антонаўна,  настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

У 1986 годзе я паступіла ў Хараўскую сярэднюю школу, якую закончыла ў 1997 годзе. Два гады працавала ў калгасе. У1999 годзе паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Цяпер займаюся на другім курсе.

Дата Подпіс
У некаторых аўтабіяграфіях (асабліва творчых людзей) могуць быць падрабязныя апісанні асобных этапаў жыцця і разгорнутыя разважанні. А. Асіпенка, напрыклад, аўтабіяграфію, надрукаваную ў кнізе «Пра час і пра сябе», пачынае так: Жыццё  бясконцая казка, якую да канца не раскажаш. Казка ўжо таму, што з вышыні пражытых гадоў былое здаецца залатой парой, хоць тады хапала і слёз, і горычы, і трывог, і пакут.

Я не адношуся да тых людзей, што задаволены сваім жыццём і гатовы другі раз ісці той дарогай, якой ішлі спярша. Мне здаецца заўсёды, што я нешта недарабіў, недзе не пабываў, штосьці згубіў, кагосьці дарэмна пакрыўдзіў і ўжо ніколі не выпраўлю памылак маладосці, бо на гэта не хопіць жыцця. Зрэшты, думаю я, ніводнаму чалавеку не хапае часу, каб здзейсніць усё тое, што ім задумана. I толькі пасля гэтых радкоў пісьменнік гаворыць пра час і месца нараджэння, пра жыццёвы і творчы шлях.

У творчых аўтабіяграфіях толькі прыблізна захоўваецца агульная схема гэтай паперы і праз выклад жыццёвых фактаў выразна выяўляецца асоба чалавека, у аўтабіяграфіях-дакументах паказваюцца галоўныя этапы жыцця.



5.2. Прачытаць аўтабіяграфію К. Чорнага (1926). Звярнуць увагу на асаблівасці яе формы і зместу.

Радзіўся я ў сялянскай сям’і, на Случчыне. Дзяцінства правёў у адзіноце панскага фальварку, дзе бацька служыў. Пасля бацькі пераехалі на радзіму  у м. Цімкавічы, дзе пачалі заводзіць гаспадарку. Вялікі ўплыў на развіццё адчуванняў і дум мела маці, жанчына простая, што навучылася чытаць сама праз сябе, але развітая і многа чытаўшая, пачынаючы бібліяй і канчаючы Львом Талстым і палітычнымі ўсякімі брашурамі, – што можна было ў нязначным ліку і з вялікімі труднасцямі дастаць у глушы. Памерла маці ад сухот, здабытых ад жыцця (страшэнная беднасць).

Скончыў я настаўніцкую семінарыю, адбыў вайсковую службу, а пасля пунктам імкненняў стаў універсітэт. Тады ў канцы лета 1923 г. прыйшоў я першы раз у Мінск. Ва ўніверсітэт прынялі. Тады пачаў дабівацца стыпендыі. Студэнцкая арганізацыя, пасля допытаў і запаўнення анкет, прызнала, што ў стыпендыі не маю патрэбы. Пачаў грузіць на станцыях дровы, наймаўся калоць іх. Не еўшы два дні і пакалоўшы цераз сілу дроў, захварэў кішэчнай хваробай. У клініцы зрабілі аперацыю. Тады ўжо меў тры надрукаваныя апавяданні ў «Савецкай Беларусі». Пасля аперацыі пачаў шукаць лягчэйшае працы. Знайшоў я яе ў рэдакцыі «Беларускай вёскі». Працы там аказалася столькі, што не было калі ні вучыцца, ні займацца літаратурай. А тут зусім пачало псавацца здароўе, і прыйшлося кінуць універсітэт. У 1924 г. стаў «маладнякоўцам».

Як пачынаў я пісаць, шчыра мяне спаткаў у рэдакцыі, з нейкай радаснай прыхільнасцю Змітрок Бядуля. Усё, што напісаў дагэтуль,  не тое, што б мяне задаволіла. Усё напісана прыхваткамі, пасля рэдакцыйнай працы.

Цяпер жадаю аднаго: каб такія рэчы, як літаратура, не тварыліся прыхваткамі і саматужна...

25 лютага 1926 г. К. Чорны (М. Раманоўскі)

5.3. Напісаць аўтабіяграфію.

6. Распіска

Распіска  дакумент, які сцвярджае, што ва ўстанове або ад прыватнай асобы атрыманы рэчы, дакументы, грошы. Напрыклад:



6.1. Распіска

Я, стараста групы «А» першага курса філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вашкевіч Ніна Рыгораўна, атрымала ў бухгалтэрыі ўніверсітэта 23 000 000 (дваццаць тры мільёны) беларускіх рублёў на выдаткі, звязаныя з паездкаю па літаратурных мясцінах роднага краю.

Дата Подпіс

Яшчэ прыкладны тэкст:



6.2. Распіска

Я, Барысюк Павел Сямёнавіч, студэнт III курса групы АБ-1 філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта 18 чэрвеня 2010 года атрымаў ад загадчыка склада ўніверсітэта Навіцкай Тамары Сяргееўны 1 (адну) брызентавую палатку і 5 (пяць) рукзакоў.

Пасля 28 чэрвеня ўсё атрыманае вярну на склад.

18 чэрвеня 2010 г. Подпіс

6.3. Скласці распіску на атрыманне: а) фотаматэрыялаў для дыялекталагічнай экспедыцыі; б) грошай ад прыватнай асобы.

7. Даверанасць

Калі каму-небудзь давяраюць атрымаць грошы, пасылку, абсталяванне для кабінетаў і іншае, пішуць даверанасць. Яна можа выдавацца ўстановай або службовай ці прыватнай асобай.

У даверанасці называюцца: а) установа, якая давярае, або прозвішча, імя і імя па бацьку таго, хто давярае; б) пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку таго, каму давяраюць; в) што і адкуль трэба атрымаць; г) дата і подпіс.

Унізе даверанасці, выдадзенай установай, падпісваецца кіраўнік і ставіць пячатку. Калі даверанасць дае прыватная асоба, яе подпіс завяраецца на месцы вучобы або працы (у дэканаце, канцылярыі, аддзеле кадраў).

Некалькі прыкладных тэкстаў.

7.1. Даверанасць

Дэканат філалагічнага факультэта Беларускага педагагічнага ўніверсітэта давярае кіраўніку літаратурнага гуртка Семенюку Івану Фёдаравічу атрымаць у кнігарні «Светач» раней выбраныя і аплачаныя (рахунак М 384) кнігі.

Дата Подпіс

М. П.

7.2. Даверанасць

Я, Дземідовіч Марыя Іванаўна, студэнтка філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, давяраю Гардзей Людміле Антонаўне атрымаць на пошце пасылку, дасланую на маё імя.

18 верасня 2010 г. Дземідовіч
Подпіс студэнткі Дземідовіч М. I. сведчу:

В.М.Лухверчык, дэкан філалагічнага

факультэта Гродзенскага ўніверсітэта Подпіс

18 верасня 2010 г.

М.П.

7.3. Напісаць даверанасць на атрыманне: а) стыпендыі за летнія месяцы; б) каштоўнай бандэролі, дасланай на групу.
8. Акт

Акт складаецца тады, калі трэба перадаць абсталяванне другой асобе, спісаць матэрыяльныя каштоўнасці, што сталі непрыгоднымі, прыняць зробленае па дагаворы або нешта калектыўна сцвердзіць.

Акт афармляецца наступным чынам. У пачатку тэксту называюць дату напісання паперы, прозвішчы і пасады асоб, якія складаюць акт; коратка выкладаюць тое, што трэба сцвердзіць, часам робяць вывады з фактаў; у канцы дакумента складальнікі (калі трэба, і тыя асобы, што прысутнічалі пры здачы або праверцы) ставяць подпісы.Прыклад акта.

8.1. Акт праверкі студэнцкага клуба «Арбіта»

17 лістапада 2000 года мы, старшыня прафкома ўніверсітэта Марчук Павел Іванавіч, член групы народнага кантролю Піліпчык Валян- ціна Міхайлаўна і намеснік старшыні студсавета Сацута Мікалай Трафі- мавіч, праверылі, як захоўваецца абсталяванне ў студэнцкім клубе «Арбі- та», і выявілі наступнае:


  1. Уся мэбля, атрыманая клубам, захоўваецца добра, толькі два крэслы расклеіліся, іх трэба адрамантаваць.

  2. У зале студклуба стаіць тэлевізар «Віцязь», музычны цэнтр «Панасонік», ёсць відэамагнітафон «НОТА»- 580 ЕЕ. Тэлевізар няспраўны.

  3. Апаратура радыёстанцыі «Арбіта» ў парадку. Адказны за выпуск перадач Стэльмашук П. А. строга выконвае правілы тэхнічнай бяспекі.

  4. Шторы на вокнах выцвілі ад сонца.

  5. Часопісы і газеты падшываюцца нерэгулярна, таму асобныя нумары знайсці цяжка або зусім нельга.

Вывады каміссіі:

  1. Прафсаюзнаму камітэту студэнтаў набыць і перадаць студклубу новы тэлевізар, бо рамантаваць стары ўжо немэтазгодна.

  2. Прасіць гаспадарчую частку ўніверсітэта выдаць новыя шторы (дванаццаць метраў, шырыня 1,5 м) і дапамагчы адрамантаваць мэблю.

3.Савету студклуба сачыць, каб уся літаратура, якую перадаюць з чытальнай залы і выпісваюць, падшывалася і захоўвалася.

Марчук П. I. Піліпчык В. М. Сацута М. Т.

8.2. Скласці неабходны акт на аснове наступнай інфармацыі.

Дыялекталагічны гурток сабраў матэрыялы, якія патрэбна тэрмінова надрукаваць. Загадчык кафедры беларускай мовы прапанаваў кіраўніку гуртка і старасце дамовіцца з машыністкай, якая працуе ў рэдакцыі газеты. Матэрыялы надрукаваны. Гэта патрэбна дакументальна сцвердзіць, каб машыністка магла атрымаць плату.



9. Пратакол

Мэта пратакола  занатаваць усё найбольш важнае з таго, што абмяркоўваецца на сходзе, пасяджэнні.

У пратаколе абавязкова запісваюць колькасць прысутных, хто быў старшынёй і сакратаром сходу (пасяджэння), якія пытанні і ў якім парадку абмяркоўваліся, хто дакладваў і выступаў і што пастанавілі.

Той, хто вядзе пратакол, не зможа запісаць усё даслоўна, таму трэба паслядоўна перадаваць асноўныя думкі выступленняў і дакладна фармуляваць пастановы. Напрыклад:


9.1. Пратакол 7

пасяджэння савета СНТ Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта 14 красавіка 2001 г.

Прысутнічала 26 чалавек
Парадак дня:

  1. Арганізацыя студэнцкай навуковай работы на філалагічным факультэце.

  2. Пра падрыхтоўку навуковых прац на рэспубліканскі конкурс.

I. Слухалі:

Справаздачу старшыні савета СНТ філфака Ярашэвіч Т. Р. пра арганізацыю студэнцкай навуковай работы ў 2000/01 навучальным годзе. (Тэкст справаздачы прыкладаецца.)

Выступілі:

Новік Г. Н. адзначыла, што, дапамагаючы рыхтаваць пытанне на савет, цікавілася, як на філфаку працуюць навуковыя гурткі, як вядуцца даследаванні пад індывідуальным кіраўніцтвам выкладчыкаў. 3 адзінац- цаці названых у справаздачы гурткоў найлепш працуюць дыялекта- лагічны, краязнаўчы, культуры роднай мовы і сучаснай беларускай паэзіі. У гэтых гуртках многа студэнтаў першых і другіх курсаў. Добра, што першакурснікі, атрымаўшы тэмы даследаванняў, выступаюць на занят- ках гурткоў, канферэнцыях з невялікімі паведамленнямі, якія перараста- юць у курсавыя працы, а ў некаторых – у грунтоўныя даследаванні, вар- тыя таго, каб даслаць на конкурс, надрукаваць.

Гаўлік Л. С. звярнула ўвагу на тое, што савет СНТ філфака мае падрабязны план, які ў асноўным выконваецца. Члены савета імкнуцца сачыць за наведваннем гурткоў, дапамагаюць старастам і кіраўнікам, асабліва ў час правядзення канферэнцый. Дрэнна тое, што заняткі гурткоў часта пераносяцца, нават і без уважлівых прычын. Гэта парушае графік усіх факультэцкіх мерапрыемстваў, бывае так, што адно набягае на другое, тады не ўсе студэнты могуць прыйсці на гурток і заняткі праходзяць горш, чым звычайна.

Пастанавілі:

  1. Ухваліць працу савета СНТ філалагічнага факультэта.

  2. Старастам гурткоў не пераносіць без уважлівых прычын заплана- ваныя заняткі.

II. Слухалі:

Інфармацыю факультэцкіх саветаў пра падрыхтоўку навуковых прац на рэспубліканскі конкурс.

Пастанавілі:

1. Закончыць афармленне падрыхтаваных прац да 20 верасня, для чаго:

а) стварыць на факультэтах студэнцкія машынапісныя бюро;

б) выдзеліць з членаў факультэцкіх саветаў аднаго студэнта, які б сачыў за афармленнем неабходных папер, што адсылаюцца разам з даследаваннем.

2. Саветам СНТ факультэтаў фізічнага выхаванняі педагогікі і методыкі пачатковага навучання актывізаваць працу студэнтаў над конкурснымі даследаваннямі.

Старшыня савета: Камышкала Л. П.

Сакратар: Дзямчук Л. П.
9.2. Напісаць пратакол: а) прафсаюзнага сходу групы; б) пасяджэн- ня школы маладога лектара.

10. Справаздача

У справаздачы расказваюць, што і як выканана за адпаведны тэрмін.Гэты дакумент не мае строгай формы. Кожны, хто піша справаз- дачу, павінен паказаць, як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы добра зрабіць вывады і даць свае прапановы.

Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату. Прыкладны тэкст:

Cправаздача

У час практыкі я разам са студэнткамі Дзямчук Л. Л., Малашкевіч Л. У. збірала антрапанімічныя назвы ў вёсцы Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Яшчэ ў інстытуце мы вывучылі праграму практыкі, паспрабавалі афармляць запісы, пераносіць іх на карткі, таму ў вёску прыехалі падрыхтаваныя.

Мне пашанцавала: жанчына, з якою я пазнаёмілася, адразу зразумела, што мне трэба запісваць, і часам сама падказвала розныя формы слоў. Ганна Фёдараўна Міхнюк, 1926 года нараджэння, увесь час жыла ў Хаціславе і ведае ўсіх вяскоўцаў, памятае нават дзіцячыя мянушкі.

Я запісала 218 назваў, перанесла іх на карткі. Магнітафон, які ўзяла наша група, амаль увесь час быў у мяне, бо мая бабка пра кожнага чалавека імкнулася расказаць што-небудзь цікавае.

Я думала, што запісваць дыялектныя назвы нялегка і сумна. Складанасць, праўда, ёсць. Галоўнае, трэба «разгаварыць» інфарматара, а потым бачыць, калі ён стаміўся, калі яму трэба нешта зрабіць у гаспадарцы.

Праграму я выканала. Магнітафонныя запісы дапамаглі выявіць вымаўленне асобных слоў. Думаю, добра, што ўсё мы запісвалі ад розных людзей па адной праграме. Вечарам часта спрачаліся, знаходзілі адзін у аднаго памылкі, і гэта прымушала быць больш уважлівымі на наступны дзень. Цяпер па-сапраўднаму зразумела, што перад выездам у вёску трэба добра засвоіць усе пытанні праграмы, каб потым лёгка весці гаворку з мясцовымі жыхарамі. Пытацца з паперкі нават няёмка, ды і адказы нейкія не такія бываюць. Есць у мяне і прапанова. Добра было б працаваць удвух: адзін размаўляе, а другі піша. Так хутчэй і лягчэй.
10 ліпеня 2000 г. Сідарэц


10.1. Напісаць справаздачу: а) пра заняткі гуртка; б) пра выкананае грамадскае даручэнне.

11. Пісьмо, тэлеграма

Пісьмо, тэлеграма не з’яўляюцца дзелавымі паперамі. I змест іх, і форма залежаць ад таго, хто піша і каму пішуць. Пісьмы бываюць афіцыйныя і неафіцыйныя, тэлеграмы кароткія (нават без прыназоўнікаў) і вялікія, падрабязныя. Незнаёмым пішуць інакш, чым сябрам дзяцінства, людзям, якія разумеюць жарт, не так, як тым, хто ставіцца да ўсяго выключна сур’ёзна. Але ёсць некаторыя правілы, якія вытрымліваюцца ва ўсіх гэтых карэспандэнцыях, што дае падставы пісьмо і тэлеграму разглядаць у раздзеле «Дзелавыя паперы».

Пісьмо звычайна пачынаецца зваротам да таго, каму пішуць. Калі прозвішча, імя і імя па бацьку адрасата невядома, можна напісаць: Добры дзень Вам! У самым пачатку ліста ці ў канцы яго ставяць дату, часта называюць і месца адпраўлення (г. Мінск, в. Мікалаева).

Вось як Янка Купала пісаў Браніславу Тарашкевічу:



Вільня, 4.ІХ.1913 г.

Дзядзька Тарас!

Што чуваць у Вас з беларускай граматыкай? Ці што-небудзь зрабілі ў гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе нарыс, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не, то будзьце такімі добранькімі і спрытнымі ды як хутчэй гэта зрабіце... Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у «назіданіе» маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце. Чакаем хуткага ад Вас адказу. Шчыра Вам адданы сакратар выдавецтва Ів. Луцэвіч.

11.1. Напісаць ліст школьнай сяброўцы (сябру), у якім расказаць пра першыя месяцы вучобы ва ўніверсітэце. Прыкладна такога ж зместу напісаць ліст у адзін з малодшых класаў, жыццём якога вы цікавіліся, калі вучыліся ў школе. Параўнаць напісанае і зрабіць вывады.

11.2. Прачытаць урывак з нарыса Я. Брыля «Сэрца камуніста», аформіць тэлеграму, якую прыняла тэлефаністка ад Жалезняковіча.

Падсеў да тэлефона і паклікаў пошту.

– Ало! Добры вечар! Гэта – Жалезняковіч. Прыміце, калі ласка, тэлеграму. Так, Баранавічы, Папова, 7. Царуку. Дарагі Валодзя, – ён падумаў трохі, падбіраючы словы. – Так. Дарагі Валодзя, – паўтарыў. – Сёння, калі мы адкрывалі помнік нашым баявым таварышам, ты быў, як заўсёды, з намі. Павел. Калі ласка, дзяўчына, паўтарыце. Так. Так. Правільна. Толькі не трэба двойчы «Дарагі Валодзя»: адзін раз будзе лепш. – Ён усміхнуўся. – Дзякую. – Палажыў трубку і пакруціў ручку апарата – на адбой.

11.3. Напісаць пісьмо сваім родным і расказаць пра наведванне музея (выстаўкі, тэатра).

12. Моўныя штампы

Формы афіцыйных папер складваліся на працягу доўгага часу. Пры гэтым спачатку заўважалася імкненне максімальна ўніфікаваць, стандарты- заваць дзелавы стыль. Своеасаблівыя моўныя звароты, што пераходзілі з паперы ў паперу, гатовыя выразы, за якімі часта хавалася бюракратычнае пустаслоўе, – адзнакі старога канцылярскага стылю, які быў высмеяны яшчэ Дуніным-Марцінкевічам у камедыі «Пінская шляхта».

У апошнія гады стыль афіцыйных дакументаў спрасціўся, наблізіўся да жывой народнай мовы, але і цяпер мае адметныя рысы.
6.2. Матэрыялы да практычных заняткаў

«Афіцыйна-справавыя дакументы»
Пытанні і заданні для падрыхтоўкі да заліку:

1. Якія сферы грамадскай дзейнасці чалавека абслугоўвае афіцыйна-справавы стыль?

2. У якіх дакументах рэалізуецца афіцыйна-справавы стыль?

3. На якія групы можна падзяліць усе дакументы?

4. Якія моўныя сродкі характэрны для афіцыйна-справавога стылю?

5. Што можна сказаць пра кампазіцыйнае і моўнае афармленне служ- бовай дакументацыі?

6. Работа з афіцыйнымі паперамі:

1) з асабістымі дакументамі (заява, аўтабіяграфія, даручэнне, распіс- ка);

2) з распарадчымі дакументамі (пастановы, распараджэнні, дырэкты- вы, рашэнні, загады і інш.);

3) з адміністрацыйна-арганізацыйнымі дакументамі (план, справазда- ча, дамова, кантракт);

4) з інфармацыйна-даведачнымі дакументамі (даведка, дакладныя і службовыя запіскі, зводкі, агляды, акты, тэлеграмы);

5) са справавымі лістамі.


Тэсты і заданні для самакантролю і індывідуальнай працы пад кантролем выкладчыка
1. Вызначце, у межах якога стылю прыведзеныя выразы закана- мерныя. Складзіце з імі (па сваёй спецяльнасці) сказы выразнай функ- цыянальна-стылявой прыналежнасці.

Абсалютны нуль, перыядычная сістэма, ахова прыроды, атмас- ферныя з’явы, зялёныя насаджэнні, аўтэнтычны тэкст, кадыфікацыя зака- надаўства, зямельны кодэкс, дыпламатычны імунітэт, адралогія крыміналь- ная, прэзумпцыя невінаватасці, галасавыя звязкі, фанетычная транскрып- цыя, артыкульцыйная база беларускай мовы, прасадычныя сродкі мовы, фанетычны прынцып напісання, таварная біржа, эканамічныя законы, банкаўскі працэнт, валютныя аперацыі, Гандлёва-прамысловая палата, за- кон попыту і прапанавання.



2. Знайдзіце ў сказах памылкі, выправіце іх; замяніце выразы-штампы словамі, якія дакладна перадаюць думку.

1. Студэнты ў большасці выпадкаў самі дабіваюцца выпраўлення недахопаў. 2. Трэба адзначыць, што ў многіх пытаннях яшчэ шмат гучных слоў і мала арганізатарскай работы. 3. Трэба прадставіць гэтай сям’і лепшыя жыллёвыя ўмовы. 4. На занятках прымяняю розную нагляднасць: табліцы, схемы, кадаскоп. Без іх немагчыма даходліва растлумачыць мно- гія моўныя з’явы, правілы. 5. На кожным квадратным метры грунту ага- роднікі збіраюць у цяпліцы да васьмі кілаграмаў вітамінізіраваных прадук- таў.6. Да дзвюх тысяч падыходзіць лічба абанентаў нашай бібліятэкі.



3. Напішыце аб’яву пра ўрачысты вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Куляшова (80-годдзю з дня нараджэння Ва- сіля Быкава). У аб’яве пакажыце парадак вечара.

4. Напішыце заяву з просьбай: а) паслаць на практыку ў той рэгіён, дзе жывуць бацькі; б) дазволіць датэрмінова здаць экзамены (прычына – лячэнне і адпачынак у санаторыі); в) дазволіць перавод са стацыянара на завочную форму навучання ў сувязі з сямейнымі абставінамі.

5. Складзіце акт на спісанне фотаматэрыялаў для дыялектала- гічнай экспедыцыі.

6. Напішыце тлумачальную запіску ў сувязі з пропускам першай пары заняткаў.

7. Напішыце справаздачу: а) пра ўдзел у дзяржбюджэтнай тэме, якая распрацоўваецца выкладчыкамі кафедры; б) пра вынікі вытворчай практыкі.

8. Напішыце ліст бацькам і раскажыце у ім пра першыя месяцы вучобы ва ўніверсітэце (або такога ж зместу ліст адпраўце былому класнаму кіраўніку, які паўплываў на выбар прафесіі).

9. Прааналізуйце дакументы, напісаныя вамі, назавіце словы і выразы, якія складаюць спецыфіку гэтых папер.
Літаратура
1. Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія. Мн., 1987.

2. Асновы культуры маўлення і стылістыкі. Мн., 1992.

3. Каўрус А.А. Дакумент па-беларуску: Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. Мн., 1994.

4. Лепешаў І.Я., Малажай Г.М., Панюціч К.М. Практыкум па беларускай мове. Мн., 2001.

5. Ляшчынская В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэб. дапамож. Мн., 2001.

6. Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1995.


МОДУЛЬ «КУЛЬТУРА ПРАФЕСІЙНАГА МАЎЛЕННЯ»
УВОДЗІНЫ
Важнейшай задачай дадзенага модуля з’яўляецца:

сфарміраваць у студэнтаў разуменне неабходнасці ведаць і карыстац- ца беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці;

выпрацаваць уменне будаваць выказванне з улікам абставін і мэты моўных зносін;

развіваць моўную інтуіцыю праз усведамленне стылёвай структуры кантэксту;

авалодаць прафесійна арыентаваным маўленнем.

Маўленчы этыкет і культура зносін павінны стаць асновай дзейнасці выпускнікоў ПДУ.

Тэарэтычны і практычны матэрыял раздзела будзе садзейнічаць пад- рыхтоўцы высокаадукаваных, творчых і крытычна думаючых спецыяліс- таў, здольных вырашаць складаныя моўна-сацыяльныя праблемы бытаван- ня беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму.
1.Схема блок-сістэмы модуля.


Тэма заняткаў

Тып заняткаў

Від(форма)

заняткаў

Колькасць

гадзін

1. Мова і маўленне

Камбінаваны з папярэднім кантролем

Вучэбныя дэбаты

2


2.Дакладнасць выказвання і моўныя нормы.

Камбінаваны



Прэс-канферэнцыя

2


3.Маўленчы этыкет і культура зносін

Камбінаваны

Дыскусія

2

1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка