Беларуская мова (прафесійная лексіка)



старонка3/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер4.11 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

Лексікалогія. Лексічная сістэма беларускай мовы


  • Дыферэнцыяцыя лексікі беларускай мовы.

  • Прафесійная лексіка

  • Лексікаграфія


    2.1. ЛЕКСІКАЛОГІЯ. ЛЕКСІЧНАЯ СІСТЭМА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ.

    Лексіка (ад грэч. lexikos – слоўнікавы)  сукупнасць слоў, слоўнікавы склад мовы безадносна да паходжання слоў, часу іх узнікнення, стылістычнай і экспрэсіўнай дыферэнцыяцыі. Тэрмінам «лексіка» можна абазначыць і розныя пласты слоў у мове, якія вылучаюцца па тых ці іншых прыметах: літаратурная лексіка, дыялектная лексіка, лексіка асобных пісьменнікаў, твораў, лексіка агульнаўжывальная, кніжная, стылістычна нейтральная, экспрэсіўная і г.д.

    Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексіка як сукупнасць слоў мовы, называецца лексікалогіяй.

    Лексікалогія даследуе функцыянаванне слоў як асобных адзінак мовы; выяўляе разнастайныя міжслоўныя сувязі: па гукавой форме (аманімія, паранімія), тоеснасці значэнняў (сінанімія), супрацьлегласці значэнняў (антанімія), па сувязі значэнняў слоў з пазамоўнымі фактарамі (утварэнне лексіка-семантычных, тэматычных груп), па здольнасці ўступаць у свабодныя і звязаныя спалучэнні; раскрывае суаднесенасць слова са стылямі мовы (агульнаўжывальнасць і стылістычная дыферэнцыяцыя), вывучае шляхі ўзнікнення і суіснаванне ў мове слоў рознага паходжання; распрацоўвае нормы словаўжывання.

    Лексікалогія падзяляецца на агульную і прыватную. У агульнай лексікалогіі вывучаюцца заканамернасці функцыянавання слоў, уласцівыя ўсім мовам, у прыватнай – заканамернасці, уласцівыя якой-небудзь мове.

    У межах прыватнай лексікалогіі вылучаюць лексікалогію апісальную, гістарычную і параўнальную. Апісальная, або сінхронная (ад грэч. syn – разам, chronos – час), лексікалогія даследуе слоўнікавы склад мовы ў яго сучасным стане; гістарычная лексікалогія, якую называюць яшчэ дыяхранічнай (ад грэч. dia – праз, chronos – час), – гісторыю слоўнікавага складу мовы; параўнальная лексікалогія – лексіку пэўнай мовы шляхам параўнання з лексікай іншых моў.

    Лексікалогія непасрэдны звязана з іншымі раздзеламі мовазнаўства: семасіялогіяй, анамасіялогіяй, анамастыкай, стылістыкай, дыялекта- логіяй, фразеалогіяй, этымалогіяй, лексікаграфіяй.

    У семасіялогіі (ад грэч. sēmasia – значэнне, сэнс, logos – вучэнне) як раздзеле мовазнаўства аб’ектам даследавання з’яўляецца значэнне адзінак мовы, у першую чаргу найгалоўнейшай адзінкі – слова.

    Анамасіялогія (ад грэч. onoma – імя, logos – вучэнне) высвятляе перадумовы і прычыны абазначэння тых ці іншых прадметаў і з’яў пэўнымі назвамі.

    У анамастыцы (ад грэч. onomasticos – які адносіцца да імені) вывучаюцца ўласна імёны і геаграфічныя назвы. Анамастыка падзяляецца на антрапаніміку (ад грэч. antrоphos – чалавек, onoma – імя), аб’ектам вывучэння якой з’яўляюцца імёны, прозвішчы, імёны па бацьку, псеўданімы і інш., і тапаніміку (ад грэч. topos – мясцовасць, onoma – імя), якая даследуе назвы геаграфічных аб’ектаў.



    Стылістыка (ад грэч. stylos – прылада пісьма ў старажытных грэкаў) выяўляе суаднесенасць слоў з тымі ці іншымі стылямі мовы. У дыялекталогіі (ад грэч. dialektos – гаворка, logos – вучэнне) даследуюцца словы, што ўжываюцца ў гаворках, у фразеалогіі (ад грэч. phrasis – выраз, logos – вучэнне) – значэнні і структура ўстойлівых словазлучэнняў.

    Прадметам вывучэння этымалогіі (ад грэч. etymon – сапраўдны і logos – вучэнне) з’яўляецца паходжанне слоў, паколькі з гістарычнага пункту погляду лексіка ўяляе сабой сукупнасць рознага паходжання, якія з’яўляюцца ў мове ў выніку непасрэдных і апасродкаваных кантактаў народаў.

    У лексікаграфіі (ад грэч. lexicos – слоўнікавы, graphō – пішу) вывучаецца тэорыя і практыка складання рознага віду слоўнікаў.

    Мова як сродак зносін – гэта складаная сістэма адзінак. Імі з’яўляюцца: фанетычныя адзінкі  – фанема, склад, фанетычнае слова, моў- ны такт, фанетычная фраза і знакавыя  – марфема, слова, словазлучэнне, сказ. Гэта ўнутраная структура моўнай сістэмы.

    Знешняя структура моўнай сістэмы абумоўлена сацыяльнай сутнасцю мовы і адпавядае тым функцыям, якія яна выконвае ў грамадстве ў пэўны перыяд. Галоўнай функцыяй мовы як сродку зносін вызначаецца яе існаванне ў дзвюх асноўных разнавіднасцях: дыялектнай і літаратурнай мове.

    Адзінкі моўнай сістэмы не з’яўляюцца самастойнымі; яны ўзаема- звязаны і ўзаемаабумоўлены, таму што на аснове адных з іх фарміруюцца другія. Так, на аснове невялікай колькасці фанем, якія не маюць уласнага значэння і з’яўляюцца непадзельнай адзінкай пры чляненні мовы на гукавыя адзінкі, фарміруецца мноства марфем – мінімальных значымых адзінак пры чляненні мовы на знакавыя адзінкі. Марфема – база для ўтварэння слоў, якія ў сваю чаргу, выступаюць у мове ў спалучэннях, сказах. Магчымасць адваротнага члянення – ад сказа да словазлучэнняў і слоў і далей – ад слова да марфемы і фанемы – сведчыць аб універсаль- насці сістэмнай арганізацыі мовы.

    Зыходзячы з гэтай паслядоўнасці адзінак сістэмы, у мове вылучаюц- ца адпаведныя ўзроўні (або ярусы) – фанетычны, лексічны і граматычны. Лексічны ўзровень, на якім слова існуе як асобная адзінка мовы, выразна адлюстроўвае ўзаемасувязь паміж адзінкамі ўсіх узроўняў мовы. Значэнні, якія выражае слова на лексічным узроўні, афармляюцца фанетычна на базе гукаў, а рэалізуюцца граматычна – у словазлучэннях і сказах.

    Кожнаму ўзроўню моўнай сістэмы ўласцівы свае правілы арганіза- цыі адзінак, якія раскрываюцца ў адпаведных раздзелах мовазнаўства – фанетыцы, фаналогіі, лексікалогіі, словаўтварэнні, граматыцы.

    У лексіцы слова як асобная адзінка мовы існуе не ізалявана, а ў сувязі з іншымі словамі. Гэта сувязь рэалізуецца або па гукавой форме (знешнія фактары), або на аснове значэння (унутраныя фактары), або на аснове суадносін значэння і паняцця (пазамоўныя фактары). Па гукавой форме словы аб’ядноўваюцца ў амонімы ці паронімы, па тоеснасці значэн- ня – у сінонімы, па супрацьлегласці значэння – у антонімы. Паводле суад- носін прадметаў і з’яў рэчаіснасці сярод слоў выяўляюцца лексіка-семантычныя групы, у складзе кожнай з якіх аб’ядноўваюцца словы, што абазначаюць рэаліі аднаго і таго ж роду, напрыклад, у групу «Жыллё» ўваходзяць словы дом, хата, пяцісценак, палац, мураванка, мазанка, халупа, кватэра; сцяна, дзверы, акно, дах, страха; сталовая, кухня і многа іншых. Пры выяўленні міжслоўных сувязей унутраныя і пазамоўныя фактары нярэдка перакрыжоўваюцца. Так, у той жа групе «Жыллё» няцяжка выявіць падгрупы слоў на падставе ўнутраных фактараў: сінонімы (дом  хата), антонімы (палац  халупа).

    Аформленае паводле законаў фанетыкі і марфалогіі слова характары- зуецца семантычнай напоўненасцю, суаднесенасцю значэння і паняцця. Фанетычная і марфалагічная аформленасць слова – гэта яго знешні, матэ- рыяльны паказчык (форма), а значэнне – унутраная ўласцівасць (змест). Выяўленне сутнасці слова з улікам яго формы і зместу грунтуецца на дыхатамізме (ад грэч. dicha – дзве часткі, tome – сячэнне), або двухмернасці (двухбаковасці), яго лінгвістычнай прыроды – асноўным крытэрыі пры вылучэнні слова з ліку іншых узроўневых адзінак мовы (фанемы, марфемы). Фанема – нязначымы элемент марфемы, марфема – мінімальная значымая частка слова, яна самастойна не суадносіцца з паняццем. Ад словазлучэнняў і сказаў словы адрозніваюцца тым, што ў іх склад нельга ўключыць хоць які-небудзь элемент, у той час як у словазлучэнні і сказы такое ўключэнне магчымае.

    На лексічным узроўні словы рэалізуюць сваю сутнасць як асноўнай адзінкі мовы: пры дапамозе іх у нашым мысленні замацоўваюцца паняцці, у якіх адлюстроўваецца аб’ектыўная рэчаіснасць. Паняцці ўласцівы ўсяму чалавецтву. Наша мысленне фіксуе агульнае, істотнае, заканамернае ў асобных прадметах і з’явах рэчаіснасці і фарміруе адпаведнае паняцце. Абстрактная прырода паняццяў матэрыялізуецца ў словах, па сваёй лінг- вістычнай прыродзе ў кожнай мове розных. Калі б не было слоў, не маглі б існаваць і паняцці, бо слова называе паняцце.

    Аднак не ўсе словы абазначаюць паняцці. Гэта функцыя не ўласціва анамастычнай лексіцы, прыназоўнікам, часціцам. Словы, што ўключаюцца ў склад анамастычнай лексікі, у залежнасці ад таго, якія рэаліі абазначаюц- ца імі, падзяляюцца на антрапонімы (уласныя імёны) і тапонімы (геагра- фічныя назвы).

    Любое ўласнае імя, напрыклад, Мікалай, не абазначае паняцця, таму што ў прыродзе няма такіх уласцівасцей, якія былі б характэрны для ўсіх Мікалаяў на свеце.

    Уласныя імёны і геаграфічныя назвы ўтвараюцца і ад агульных назваў, суаднесеных з паняццем. Так, імёны Вера, Надзея і Людміла ўтвораны ад назоўнікаў вера, надзея і словазлучэння людзям мілая. У многіх уласных імёнах іх семантычныя першаасновы на сучасным этапе прасочваюцца не так выразна, як у прыведзеных вышэй прыкладах. Да ліку такіх адносіцца імя Уладзімір, утворанае ад старажытных слоў владеть і мир, Багдан – ад Богом дан, Вячаслаў – ад вяще (вячэ «больш») і слава, Станіслаў – ад станавіцца і слаўны.

    Вельмі многія ўласныя імёны з’яўляюцца іншамоўнымі па сваім паходжанні. Асабліва інтэнсіўна яны сталі пранікаць у мову ўсходніх славян пасля прыняцця імі хрысціянства, па законах якога нованароджана- му прысвойвалася імя ў царкве, узятае з перакладзеных з грэчаскай мовы царкоўных «Святцаў». Па гэтай прычыне замацаваліся на тэрыторыі ўсходніх славян уласныя імёны хрысціянскага паходжання (старажытна- грэчаскія і старажытнарымскія). Усе хрысціянскія ўласныя імёны таксама паходзяць ад агульных назваў, суадносных з паняццямі: Арсеній – мужны, Іларыён – вясёлы, Кузьма – упрыгожаны, Тарас – клапатлівы, Ціхан – шчаслівы, Агата – добрая, Ангеліна – якая прыносіць вестку, Галіна – цішыня, Глафіра – зграбная, Зінаіда – боская, Сафія – мудрая, Валянцін – дужы, Віктар – пераможца, Лук’ян – светлы, Бэла – цудоўная, Вікторыя – багіня перамогі, Клара – чыстая. Даўнімі па часе ўжывання з’яўляюцца ўласныя імёны, запазычаныя са старажытнаяўрэйскай мовы. У адрозненне ад старажытнагрэчаскіх і лацінскіх семантычна агульных назваў, ад якіх яны ўтвораны, характарызуюцца біблейскай накіраванасцю: Гаўрыіл – воін божы, Данііл – суд божы, Іван – божая раскоша, Ілья – сіла боская, Лазар – дапамажы Бог, Міхаіл – роўны Богу.

    З’яўленне многіх новых імёнаў звязана з адлюстраваннем розных падзей у гісторыі народа. Такімі з’яўляюцца імёны, якія генетычна звязаны са з’яўленнем новай тэхнікі (Трактарына), з традыцыйным імкненнем людзей да лепшага жыцця (Навамір) і пад., а таксама такія, якія адлюстроўвалі савецкую рэчаіснасць (Акцябрына, Сталіна, Уладлен).



    Прозвішча – спадчынная ўласная назва, якая ўказвае на прыналеж- насць чалавека да пэўнай сям’і, роду. Многія з іх утвораны ад агульных назваў прафесій (Бондар, Каваль, Мельнік, Пісар, Рыбак) і назваў жывёл (Воўк, Дрозд, Заяц, Кот, Камар, Ліс), ад назваў тых ці іншых знешніх прымет чалавека (Бязручанка, Даўгарукі, Курносенка, Пузач, Чубак), асаблівасцей характару (Маўчун, Розум, Смелы, Ціхіня, Хітрун), месца пражывання, паходжання (Гомельскі, Віцебскі, Навагрудскі, Тутэйшы). У некаторых прозвішчах генетычная сувязь з іх першаасновамі страчана на сучасным этапе развіцця мовы (Курбека, Сікора, Шаплыка, Шкраба).

    Тапонімы – гэта ўласныя імёны геаграфічных аб’ектаў. Паводле ха- рактару суадносін з абазначаемымі рэаліямі тапонімы падзяляюцца на гідронімы (уласныя назвы водных аб’ектаў), айконімы (уласныя назвы населеных пунктаў) і ўласныя імёны зямель розных сельскагаспадарчых угоддзяў, участкаў, палёў. Па паходжанні яны таксама ўзыходзяць да агульных назваў (параўн.: назвы вёсак Бяроза, Бярозка, Бярэзнік, Беразняк, Бярозаўка, Забярэззе, Падбярэззе і слова бяроза як назва дрэва; адпаведна Лаза, Лозка, Залоззе, Залазоўе і лаза; Ніз, Нізок, Панізоўе, Нізавое і ніз; Брадок і брысці; Выганец і выган; Гумнішча і гумно; Гарадзішча і гарадзіць; Дворышча і двор; Ловішча і лавіць; Печышча і печ; Селішча і сяліцца; Сушняі і сушыць і пад.) або да антрапонімаў (параўн.: вёска Аўгустава і імя Аўгусцін; Барысава, Барысаўшчына, Барысаўка і Барыс; Тарасава, Тарасіна, Тарасавічы і Тарас; Астрэйкі і прозвішча Астрэйка; Коласава і Колас; Сакольнікі і Сакольнік, Чаркасы і Чаркас і пад.).

    Аднак і такія імёны, прозвішчы, геаграфічныя назвы не называюць паняццяў, бо як толькі агульная назва становіцца ўласнай, апошняя страч- вае суаднесенасць з паняццем.

    У лексіцы адбываюцца і адваротныя працэсы: уласныя назвы могуць станавіцца агульнымі, і ў такім выпадку яны з’яўляюцца назвамі паняццяў. Так, уласныя імёны некаторых персанажаў мастацкіх твораў, ужываючыся ў якасці агульных, абазначаюць пэўныя паняцці: гарлахвацкі «прайдзісвет у навуцы», Дон Кіхот «наіўны летуценнік і фантазёр», Дон Жуан «аматар амурных прыгод» і інш. Уласныя імёны некаторых вядомых вучоных, рэ- валюцыянераў, пісьменнікаў таксама ўжываюцца як агульныя (у форме множнага ліку) і абазначаюць пэўныя паняцці: Каліноўскія «вялікія рэва- люцыянеры», Ламаносавы «вялікія вучоныя», Купалы «славутыя паэты» і інш.

    Назыўная, або намінатыўная, – асноўная функцыя слова ў мове. У назве адлюстроўваюцца адметныя прыметы прадметаў і з’яў рэчаіснасці, якія замацаваліся ў мысленні калектыву і абумоўлены гістарычна, трады- цыяй. Тым самым назва служыць знакам для адрознення адных прадметаў і з’яў рэчаіснасці ад другіх. Паколькі ў кожнай мове, згодна гістарычна традыцыйнай абумоўленасці, у аснову назвы аднаго і таго ж прадмета, з’явы могуць быць пакладзены розныя адметныя прыметы, то і называюц- ца гэтыя прадметы, з’явы ў кожнай мове рознымі па сваёй структурна-се- мантычнай суаднесенасці словамі. Напрыклад, для назвы замарожанай салодкай ежы з малочных прадуктаў, а таксама з пладова-ягаднага соку ў беларускай мове выкарыстоўваецца слова марожанае, якое структурна і семантычна суадносіцца са словам марозіць, адпаведна ў польскай мове lody – з lody (ільды), у балгарскай сладолед – з сладък лед (салодкі лёд), у нямецкай Eis – з Eis (лёд) і інш.

    Адметная адзнака, якая кладзецца ў аснову назвы, у той жа час з’яўляецца характэрнай прыметай цэлага класа аднародных прадметаў і з’яў рэчаіснасці. У мове існуе толькі агульнае. Напрыклад, словам стол называецца не які-небудзь канкрэтны стол, а любы, усякі.

    Сувязь слоў і прадметна-рэчыўнага зместу аб’ектаў рэчаіснасці выяўляецца або ва ўнутранай форме (матываванасці) слоў, або ў спосабах выражэння гэтай сувязі.

    Унутраная форма слова можа быць відавочнай, як, напрыклад, у словах чарніцы, дрыгва, крыжадзюб, макрэча, солад, панядзелак, серада, аўторак. У іншых словах унутраная форма або зацямнёная, або зусім страчана(нематываванасць слоў). Так, яе цяжка выявіць у словах барсук, верабей, дзень, заяц, лес, мора, ручай, пісаць, сеяць, ячмень. На сучасным этапе развіцця беларускай мовы слова знак не суадносіцца са зместам слова значыць, ад якога яно было ўтворана, як і бадай – ад бог дай, брэдзень – ад брадзіць, быдла – ад старажытнага быці, вясло – ад вязаць, рубель – ад рубіць. Такім чынам, унутраная форма ўласціва не ўсім словам.

    Словы існуюць у мове не ізалявана. Як адзінкі лексічнай сістэмы яны знаходзяцца ў розных адносінах, якія грунтуюцца або на агульнасці зна- чэнняў слоў, звязаных адносінамі супрацьпастаўлення (парадыгматыч- ных), або на такой уласцівасці слоў, як мнагазначнасць, калі словы, спалу- чаючыся з іншымі словамі, утвараюць сінтагмы і выяўляюць пры гэтым розныя значэнні, якія не рэалізуюцца ў мове адначасова (сінтагма- тычных). Гэтыя тыпы адносін цесна звязаны паміж сабой: на аснове адных з іх фарміруюцца другія.

    Так, напрыклад, групе слоў ісці, прабірацца, прабівацца, прасоўвац- ца, праціскацца, бегчы, ляцець, імчацца, шыбаваць, несціся, перціся, гнацца ўласціва агульнае значэнне «рухацца», і ў той жа час яны супраць- пастаўляюцца ў дзвюх падгрупах па наяўнасці ў адной з іх значэння «рухацца пяшком павольна» (ісці, прабірацца, прабівацца, прасоўвацца, праціскацца), а ў другой – «рухацца пяшком хутка, імкліва» (бегчы, ляцець, імчацца, шыбаваць, несціся, перціся, гнацца). У сваю чаргу, у гэтых падгрупах магчыма далейшае супрацьпастаўленне. Так, у першай падгрупе слову ісці супрацьпастаўляюцца словы прабірацца, прадзірацца, прабівац- ца, прасоўвацца, праціскацца, якія ў адрозненне ад слова ісці абазначаюць не ўсякі павольны рух пяшком, а толькі такі, які звязаны з пераадоленнем пэўных перашкод.

    Парадыгматычнасць цесна звязана з сінтагматычнасцю, бо практыч- на ў маўленні або на пісьме значэнні слоў рэалізуюцца ў спалучэннях з іншымі словамі. Так, напрыклад, зыходнае значэнне дзеяслова ісці «рухацца пяшком» праяўляецца ў спалучэннях з адушаўлёнымі назоўніка- мі – назвамі асобы чалавека: чалавек ідзе, людзі ідуць. У спалучэннях з абстрактнымі і адцягненымі назоўнікамі гэты дзеяслоў страчвае сваё першапачатковае значэнне і набывае значэнне «мець месца, адбывацца; пра які-небудзь працэс, з’яву»: экзамен ідзе, аперацыя ідзе.

    Пры выяўленні парадыгматычных адносін адначасова вызначаюцца і сінтагматычныя магчымасці слова. У гэтым праяўляецца ўзаемаабу- моўленасць адносін, у якія ўступаюць словы ў лексічнай сістэме мовы.

    Ад асобных слоў трэба адрозніваць варыянты слоў. Варыянтамі слова лічацца такія яго разнавіднасці, якія пры агульнай каранёвай частцы і аднолькавым лексічным значэнні маюць нязначныя фанетыка-марфала- гічныя адрозненні. У адпаведнасці з характарам гэтых адрозненняў вылучаюць фанетычныя і марфалагічныя варыянты слова.

    Разнавіднасці слоў, якія ўзніклі ў выніку змянення іх гукавой абалон- кі, называюцца фанетычнымі варыянтамі. Фанетычныя варыянты ўзніка- юць у выніку развіцця прыстаўных галосных а, і перад збегам зычных (ржаны – аржаны, льняны – ільняны, ржышча – іржышча), пры чаргаван- ні галосных і зычных асновы (адліга – адлега, стос – стус, галош – галёш, біклага – баклага, кмен – кмін, клунак – клумак, сутарга – сударга), у працэсе знікнення асобных фанем або груп фанем у канцы слова (можа – мо, трэба – трэ, дзесьці – дзесь) ці ў сярэдзіне слова (нястрыманы – нястрымны, гэтакі – гэткі, неяк – нейк). Фанетычныя варыянты сустракаюцца сярод невытворных прыназоўнікаў, якія могуць ужывацца ў маўленні і з галосным а і без яго, напрыклад: аба мне і аб доме, нада мною і над домам, пада мною і пад домам і інш.

    Разнавіднасці слоў, якія ўзніклі ў выніку змянення іх марфалагічнай будовы, называюцца марфалагічнымі варыянтамі. Марфалагічныя варыян- ты найбольш часта сустракаюцца сярод назоўнікаў і прыметнікаў, у складзе іншых часцін мовы яны назіраюцца рэдка. У марфалагічных вары- янтах назоўнікаў тыпу зал – зала, клавіш – клавіша, манжэт – манжэта пры нязменнасці іх семантыкі змяняецца граматычная парадыгма: формы без афікса -а належаць да мужчынскага роду, а формы з афіксам -а – да жаночага. У тых жа выпадках, калі ў варыянтных формах назоўнікаў маюцца адрозныя суфіксы, нярэдка на семантыку аднаго з такіх варыянтаў могуць наслойвацца розныя стылістычныя адценні (канатацыі), дзякуючы якім словы перамяшчаюцца з аднаго стылістычнага пласта лексікі ў другі. Так, напрыклад, у парах марфалагічных варыянтаў слоў заработак і заробак, паэтэса і паэтка першыя іх члены адносяцца да нейтральнай у стылістычных адносінах лексікі, а другія – да стылістычна афарбаванай, у прыватнасці да размоўна-гутарковай.

    Такім чынам, для варыянтаў слоў заўсёды агульнаабавязковымі з’яўляюцца: 1) наяўнасць адзінага кораня; 2) лексіка-граматычная агульнасць; 3) нейтральнасць гукавых адрозненняў у адносінах да семантыкі слоў.


    СЛОВА I ЯГО зНАЧЭННЕ
    Тэрмін лексікалогія ўзнік на аснове спалучэння двух элементаў lехіs і gоs, якія ў старажытнагрэчаскай мове мелі значэнне «слова» і «вучэнне». Такім чынам, лексікалогія ў самым шырокім разуменні – гэта навука аб словах, аб слоўнікавым складзе мовы.

    Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы з пэўным значэннем. Кожнае слова мае лексічнае і граматычнае значэнне.

    Лексічнае значэнне слова – гэта яго суаднесенасць з тымі ці іншымі з’явамі або прадметамі, рэчаіснасцю (тое, што слова абазначае: дом – будынак для жылля, размяшчэння ўстаноў і прадпрыемстваў).

    Адным з важных кампанентаў значэння слова з’яўляецца намінатыў насць. Усе самастойныя словы называюць аб’екты рэчаіснасці. Паводле гэтага выдзяляюцца тыпы значэнняў: 1) прамыя (або намінатыўныя), якія адлюстроўваюць непасрэдную, замацаваную ў свядомасці людзей сувязь слоў з прадметамі або з’явамі рэчаіснасці (напрыклад: возера, адзенне, мудрасць, бяроза, цёплы, мёд, ісці). На іх базе ўзнікаюць усе астатнія значэнні; 2) Фразеалагічна звязаныя значэнні выяўляюцца ў складзе фразеалагічных спалучэнняў, у якіх словы маюць адзінае лексічнае значэнне, якое вельмі часта не вынікае са значэння слоў-кампанентаў (ламаць галаву – біцца над рашэннем якой-небудзь задачы, пытання; з’есці сабаку – быць спецыялістам сваёй справы; выйсці сухім з вады – пазбегнуць пакарання; аж у роце чорна – злы, люты); 3) канструктыўна абумоўленыя значэнні словы набываюць у адпаведных граматычных канструкцыях у кантэксце. Напрыклад:

    На ніцях белай павуціны

    Прывозяць восень павучкі.

    Яе красёнцы, чаўначкі

    У моры лесу мільгатнулі

    І лісце ў багру апранулі;

    І з кожнай лісцевай галоўкі

    Глядзіць твар восені-свякроўкі.

    Я. Колас.



    Граматычнае значэнне слова – тыя агульныя значэнні, якія ўласцівы розным разрадам слова ў мове і на аснове якіх гэтыя разрады вылучаюцца (дом – назоўнік, м.р., 1-га скланення, неадушаўлёны).
    Адрозніваюць прамое і пераноснае лексічнае значэнне слова.


    Назва пераносу

    Шлях пераносу

    Прыклады

    Метафара


    Па форме

    Іголка (хвойнага дрэва)іголка (якой шыюць)

    Па колеру

    Залатыя завушніцы–залатыя каласы

    Па функцыі

    Крыло птушкі – крыло самалёта

    Па месцы знаходжання

    Галава рыбы – галава клана

    Метанімія

    Па змежнасці ў прасторы

    Цынкавае вядро – разліць вядро

    Па сумежнасці ў часе

    Пераклад кнігі – чытаюць пераклад

    Назва матэрыялу на выраб

    Злітак срэбра – есці са срэбра

    Назва дзеяння на выраб

    Займацца шытвом – на стале ляжыць шытво

    Імя ўласнае на выраб

    Рудольф Дызель – магутны дызель

    Сінекдаха

    Назва часткі на цэлае

    Галава каровы – статак у 200 галоў

    Назва агульнага на канкрэтнае

    Зброя (прылада для нападу ці абароны) – зброя (пісталет)

    Родавая назва на відавую

    Дзічка (яблыня) – дзічка (плод яблыні)

  • 1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


    База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
    звярнуцца да адміністрацыі

        Галоўная старонка