Беларуская мова (прафесійная лексіка)



старонка4/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер4.11 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

Словы бываюць адназначнымі і мнагазначнымі
Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначньмі. Гэта пераважна словы, якія абазначаюць навуковыя і тэхнічныя паняцці, а таксама некаторыя назвы раслін, жывёл, птушак, прадметаў (бульдозер, кісларод, ёлка, алень, аловак і інш.). Большасць слоў беларускай мовы маюць не адно, а некалькі значэнняў, такія словы называюцца мнагазначньмі. Бялок  празрыстая частка птушынага яйка, якая акружае жаўток; белая, празрыстая абалонка вока.

З’ява гукавога супадзення зусім розных па сэнсе моўных адзінак называецца аманіміяй. У адрозненні ад мнагазначнага слова, у якім паміж значэннямі захоўваецца семантычнае адзінства, амонімы – словы зусім розныя, якія па тых ці іншых прычынах супалі ў гучанні. У філалагічных слоўніках амонімы падаюцца ў розных слоўнікавых артыкулах і пазнача- юцца надрадковай лічбай: кіт1, кіт2; стапа¹, стапа2.



Амонімы словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць розныя значэнні. Выдзяляюць лексічныя, марфалагічныя і фанетычныя амонімы.

Лексічныя амонімы.Поўныя лексічныя амонімы – словы, якія супадаюць у гучанні і напісанні ва ўсіх сваіх граматычных формах: гасцінец ( падарунак) – гасцінец (дарога), малінаўка (яблык) – малінаўка (птушка). Калі словы адной і той жа часціны мовы супадаюць толькі ў адной або некалькіх граматычных формах, то гэта няпоўныя амонімы: адрываць (ад адарваць); адрываць (ад адрыць), бор (стары густы сасновы лес) – бор (хімічны элемент).

Марфалагічная амонімы (амаформы) – словы, у якіх супадаюць у вымаўленні і напісанні толькі асобныя формы: (не маюць супадзенняў у пачатковай форме): горкі перац – з’ехаць з горкі; асеннія палі – палі кветкі; маладыя асіны – асіны рой. Амаформы  гэта, як правіла, словы розных часцін мовы.

Фанетычныя амонімы (амафоны) – гэта словы, якія гучаць аднолькава, але пішуцца па-рознаму: плод і плот, раман і Раман, казка і каска, грыб і грып.

Амографыгэта словы, якія пішуцца аднолькава, але адрозніваюц- ца ў вымаўленні месцамі націску: памяць – памяць, прыклад – прыклад, мука – мука, каня – каня.

Сінонімы  словы, якія абазначаюць адзін і той жа прадмет, якасць, дзеянне, але пішуцца і вымаўляюцца па-рознаму.

Група з двух ці больш сінонімаў называецца сінанімічньм радам, пры запісе якога на першьм месцы ставіцца слова дамінанта (слова, якое шырэй за іншыя выкарыстоўваецца ў мове і больш дакладна выражае агульнае значэнне): крэпасць – цвярдыня – бастыён – цытадэль; ісці – крочыць – маршыраваць – цягнуцца – плесціся; мала – нямнога – троху. У некаторых сінанімічных радах могуць аб’ядноўвацца словы розных часцін мовы (мала, жменя (гароху)).

Калі слова з’яўляецца мнагазначньм, то яно можа ўваходзіць у роз- ныя сінанімічныя рады: прыняць – залічыць на першы курс, прыняць – сус- трэць гасцей; ціхі чалавек – спакойны; ціхі чалавек – слабы, нячутны. Не- каторыя рады сінанімічных слоў складаюцца са слоў і спалучэнняў слоў: драмаць – кляваць носам, мала – як кот наплакаў. Сінонімы ўзніклі пры абазначэнні аднаго і таго ж прадмета, з’явы, прыметы, паняцця. Выкарыс- тоўваюцца: агульнаўжывальныя і дыялектныя словы(падасінавік – асавік, авадзень – здрок); словы сучаснай мовы і ўстарэлыя словы (канікулы – вакацыі, лоб – чало); спрадвечна беларускія і запазычаныя словы (прыстаўка – прэфікс, змена – эвалюцыя, адлегласць – дыстанцыя, важны – актуальны).

Сінонімы бываюць:

а) семантычныя – якія адрозніваюцца сэнсавым адценнем: вялікі – агромністы – гіганцкі; б) стылістычныя – адрозніваюцца рознай стыліс- тычнай афарбоўкай (выкарыстоўваюцца ў розных стылях): маланка – бліскаўка, бегемот – гіпапатам, вандроўнік – пілігрым; в) семантыка-сты- лістычныя – адрозніваюцца семантыкай і сферай ужывання адначасова: пісаць – крэмзаць, крычаць – галёкаць, забрудзіць – замызгаць; г) абса- лютныя (дублеты) – адрозненне сінонімаў увогуле не выражана: стронга – фарэль, правапіс – арфаграфія, вываз – экспарт; д) кантэкстуальныя – словы, якія з’яўляюцца сінанімічньмі толькі ў пэўным кантэксце:


  1. Раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпны яркі сноп святла. 2. Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. 3. І зноў адтуль, у адказ, меч святла.

Антонімы – словы з супрацьлеглым значэннем: рознакарэнныя (добры – дрэнны, халодны  гарачы); аднакарэнныя (закрыць – адкрыць, прывязаць – адвязаць).

Прыстаўкі не-, без-, анты-, контр- надаюць слову супрацьлеглае значэнне: добры – нядобры, ціхі голас – гучны голас, ціхая вуліца – шумная вуліца, ціхі ход – хуткі ход, дэмакрат – антыдэмакрат, наступленне – контрнаступленне, гарачы чай – халодны чай, гарачы прыём – халодны прыём.

Прыёмы выкарыстання антонімаў наступныя:

Антытэза – ярка выражанае супастаўленне кантрасных з’яў, паняц- цяў, вобразаў (Песня, любоў і нянавісць, будзьце заўсёды са мной. Стук радасны ў грудзях не змоўк, жыццё і плача і смяецца.).

Аксюмаран наўмыснае спалучэнне слоў, якія выражаюць проці- леглыя, лагічна несумяшчальныя паняцці (салодкі сум, цёплы халадок, гарачы снег, страшная прыгажосць).

Паронімы словы з блізкім гучаннем, але розным лексічным значэннем (аператыўны і аперацыйны, атамнік і атамшчык, вытворны і вытворчы). Паронімамі бываюць: назоўнікі (нявеста – нявестка); прыметні- кі (ласкавы – ласкальны); дзеясловы (чырванець – чырваніць). Параніміч- нымі парамі выступаюць спрадвечна беларускія словы (сыты – сытны) і запазычаныя (абанент – абанемент, эфектны – эфектыўны). Словы-пароні- мы адрозніваюцца паміж сабою прыстаўкамі (павіннасць – правіннасць, надзвычайна – незвычайны) або суфіксамі (слоўны – слоўнікавы, малаважны – малаважкі).
2.2. дыферэнцыяцыя лексікі беларускай мовы
Лексіка беларускай мовы развівалася і ўзбагачалася на працягу многіх стагоддзяў. Паводле паходжання яна падзяляецца на дзве групы: спрадвечна беларуская і лексіка іншамоўнага паходжання.

Агульнаславянскія словы сустракаюцца ва ўсіх славянскіх мовах (напрыклад: усходнеславянскіх (беларускай, рускай, украінскай), паўднё- ваславянскіх (балгарскай, славенскай), заходнеславянскіх (польскай, чэш- скай). Гэта назвы асоб: маці, сын, сястра, брат, дзед; частак цела: глотка, калена, валасы; свойскіх жывёл: авечка, бык, карова, кабан, кабыла, конь, каза; дзікіх звяроў: воўк, ліса, заяц; птушак: бусел, галка, варона; прад- метаў: калода, валун, жэрдка, вулей; раслін: асака, бяроза, ліпа; адзення, абутку: кабат (безрукаўка), кашуля; адцягненых паняццяў і з’яў прыроды: заўтра, імгла, агонь; дзеянняў, стану: ісці, гаварыць, маўчаць.

Агульнаўсходнеславянскія словы – з’яўляюцца здабыткам трох блізкароднасных моў: беларускай, рускай, украінскай: валачобнік, вяроўка, блёкат, бугор, засень, бязь, вулка, загана і інш.

Уласнабеларускія словы – складаюць самабытнасць і непаўтор- насць беларускай мовы: вадзянік, ільнішча, каліва, чарніцы, векапомны, красамоўства, спаконвечны і інш.

Усе словы, якія беларуская мова захавала з перыяду агульна- славянскага і агульнаўсходнеславянскага адзінства, а таксама ўласна- беларускія, называюцца спрадвечна беларускімі, бо карысталіся імі носьбіты беларускай мовы здаўна – спрадвеку. Акрэсліць час узнікнення спрадвечна беларускіх слоў, выявіць іх сувязі з блізкародаснымі мовамі дапамагаюць слоўнікі: («Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», «Гіс- тарычны слоўнік беларускай мовы».

Запазычаная лексіка – гэта вынік эканамічных, палітычных і куль- турных сувязей з іншымі народамі, а таксама цесных моўных кантактаў: са славянскіх моў: русізмы: аплот, аказаць, бальшавік, дзекабрыст, саратнік і інш.; украінізмы: боршч, журыцца, чупрына і інш.; з неславянскіх моў: грэцызмы: акіян, этап, эпоха; лацінізмы: акварыум, агітатар; германізмы: штык, шпіль; галіцызмы: суфлёр, пляж, сурвэтка і інш.

Экзатызмы  словы і выразы, якія запазычаны з малавядомых моў, звычайна неіндаеўрапейскіх, і ўжываюцца для надання мове асобага каларыту (цюркізмы: арык, кішлак, джыгіт).

Варварызмы  іншамоўныя словы ці выразы, якія ў выніку афекта- цыі атрымоўваюць больш ці менш рэгулярнае ўжыванне ў мове  рэцэпта- ры, але не засвойваюцца ў ёй да канца, часцей за ўсё ў сувязі з цяжкасцямі граматычнага засваення (сэ ля ві – з французскай – такое жыццё; о’кэй – з англійскай – усё добра, dum sріго, sрего – з лацінскай – пакуль дыхаю, спадзяюся).

Асноўныя прыметы запазычаных слоў наступныя:



  1. наяўнасць у слове ф: фарба, шафа, фасоля, Фёдар, Соф’я;

  2. пачатковыя э, о і непрыставачнае а: эра, Эма, ода, опера, атака, Аляксей;

  3. спалучэнні ге, ке, хе ў корані: агент, кельма, схема, Яўген;

  4. спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, рэвю, кювет, капюшон, камюніке, фюзеляж;

  5. спалучэнні двух галосных у корані: аул, ідэал, дуэт, гуаш;

  6. цвёрдасць зычных д і т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дывідэнд, дыфтэрыя, дыван, дысцыпліна, медыцына, Атэла, Адэса, тыгр;

  7. прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- і інш.: амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр;

  8. суфіксы -ізм, (-ызм), -іст (-ыст), -ір (-ыр) і інш.: арганізм, сацыяліст, капіраваць.

Лінгвістычнае запазычанне заўсёды было нармальнай функцыяй лінгвістычнага жыцця любой мовы. Гэта даволі працяглы моўны працэс, вынікам якога з’яўляецца паступовае засваенне слоў і структурных элементаў адной мовы іншай. Апраўданае выкарыстанне слоў іншамоўнага паходжання, правільнае іх асваенне не толькі не парушае нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, але і ўзбагачае яе лексічную сістэму.
ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПАВОДЛЕ СФЕРЫ ЎЖЫВАННЯ
Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную лексіку (пашыраную ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага жыцця) і лексіку абмежаванага ўжывання (ужывальную пераважна ў межах пэўнай прафесіі, галіны навукі, асобнай групы людзей). Да лексікі абмежаванага ўжывання адносяцца спецыяльная лексіка (наменклатура, прафесіяналізмы і тэрміны), дыялектная лексіка, жаргонная лексіка.

Жарганізмы гэта сукупнасць слоў, зразумелых вузкаму колу лю- дзей, аб’яднаных пэўнымі інтарэсамі («дзед» – салдат апошняга году служ- бы, «хвост» па лабах, атрымаць «пару» у студэнтаў і г.д.).

Аргатызмы – спецыяльны моўны код, незразумелы для іншых лю- дзей, адна з разнавіднасцей жаргоннай лексікі, умоўная, тайная мова, характарызуецца вузкаспецыяльнай накіраванасцю, штучнасцю і засакрэ- чанасцю (чуха – хачу, шывар – тавар, бан – вакзал).У Расіі і ў Беларусі аргатычная лексіка пачала складвацца ў другой палавіне XIX ст.

Наменклатура – гэта сукупнасць уласных імёнаў і назваў, прысво- еных разнастайным рэаліям і аб’ектам навукі і тэхнікі (лазер «Дыполь», «Стрымер-499», супер-камп’ютар «Скіф» ).

Прафесіяналізмы гэта спецыяльныя словы і выразы, якія ўжыва- юцца ў маўленні прадстаўнікоў пэўных прафесій (будаўнікоў, шахцёраў, пчаляроў і інш., напрыклад: бучы, таптухі, кашалі, крыгі – назвы розных прылад для лоўлі рыбы; майна, віра – у будаўнікоў і г.д.). Значэнні гэтых слоў не ўключаюцца ў слоўнік.

Тэрміны – словы або словазлучэнні, якія абазначаюць пэўнае паняц- це ў галіне навукі, тэхнікі, культуры (інтэграл, сінус – у матэматыцы, мар- фема, прыслоўе – у мовазнаўстве і г.д.).

Дыялектызмы гэта словы, якія бытуюць у пэўных гаворках на пэўнай тэрыторыі і не ўваходзяць у склад літаратурнай мовы (картопля – бульба, тавар – карова на Палессі і г.д.).
АКТЫЎНАЯ I ПАСІЎНАЯ ЛЕКСІКА
Паводле ступені ўжывальнасці лексіка беларускай мовы падзяляецца на актыўную і пасіўную.Большасць слоў беларускай мовы адносіцца да актыўнай лексікі. Гэта словы агульнавядомыя і шырокаўжывальныя. Пасіўную лексіку складаюць словы, якія носьбіты мовы ўжываюць рэдка. Гэтыя лексемы маюць адценне ўстарэласці або навізны.Да актыўнай лексікі адносяцца агульназразумелыя, шырокаўжывальныя словы, пашыраныя як у вуснай, так і пісьмовай форме мовы.Такіх слоў у беларускай мове большасць: маці, брат, чалавек, час, хлеб і інш. Пасіўная лексіка – гэта рэдкаўжывальныя словы, якія маюць адценне ўстарэласці (архаізмы і гістарызмы) або навізны (неалагізмы). Звязана гэта з пэўнымі працэсамі ў грамадстве, развіццём навукі, тэхнікі, культуры і мастацтва (біёніка, акрыл, аэраплан).

Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы існуючых і цяпер рэчаў, з’яў, якія замяніліся сінанімічнымі словамі актыўнага ўжывання: атрамант – чарніла, гута – шклозавод, мястэчка – пасёлак гарадскога тыпу, чало – лоб.

Гістарызмы – гэта словы-назвы прадметаў, з’яў, паняццяў, якія пе- расталі існаваць у сувязі са зменамі ў грамадскім жыцці, эканоміцы, куль- туры, навуцы, тэхніцы і побыце людзей: князь, паншчына, жаўнер, саха, грош, НЭП, наркам, МТС, БССР.

Неалагізмы – гэта новыя словы або новыя значэнні вядомых слоў, якія зусім нядаўна ўзніклі, маюць адценне навізны і не сталі агульнаўжы- вальнымі: аэраджып, венераход, стэрэакіназала, брокер, ваўчар, дылер, брыфінг, кансэнсус, спікер, спонсар.

Сярод неалагізмаў неабходна адрозніваць аўтарскія наватворы, створаныя асобнымі пісьменнікамі.

Гудзе, імкне пад доламі крылан,

Над хатамі вусцянскага пасёлка.

Я.Колас.

Маланкі стрэламі ўстаюць,

У бубен сыпле гром…

І я, захоплены, стаю,



Абдожджаны кругом.

П.Броўка.


ПАНЯЦЦЕ СТЫЛЯЎ.

СТЫЛІСТЫЧНЫЯ РАЗРАДЫ ЛЕКСІКІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Моўны стыль – разнавіднасць літаратурнай мовы, сукупнасць моў- ных сродкаў, ужыванне якіх залежыць ад мэт і зместу выказвання. Асаблівасці таго ці іншага стылю, яго адметныя рысы вызначаюцца складам лексікі, характарам сказаў і граматычнымі формамі слоў. 3 улікам гэтага лексіка размяркоўваецца па стылістычных разрадах.
 Стылістычная дыферэнцыяцыя лексікі
У межах функцыянальных стыляў выяўляюцца істотныя асаблівасці адбору і арганізацыі моўных сродкаў, у тым ліку і лексічных. Прыёмы і формы моўнага выражэння, спосабы адбору і спалучэння лексічных адзінак прадвызначаюцца перш за ўсё камунікатыўнай мэтазгоднасцю, якая патрабуе таго, каб з сістэмы выяўленчых сродкаў мовы адбіраліся толькі такія адзінкі, якія найлепшым чынам могуць задаволіць моўныя зносіны людзей у той ці іншай сферы дзейнасці – сацыяльна-эканамічнай, грамадска-палітычнай, навуковай і культурнай. Значыць, моўныя адзінкі, што нязменна выкарыстоўваюцца ў адпаведным функцыянальным стылі мовы, набываюць своеасаблівую стылістычную афарбоўку. Стылістычнай афарбоўкай лічыцца такая ўласцівасць слова, якая абумоўлена тыповай для яго сферай функцыянавання, пэўным чынам характарызуе адпаведную функцыянальную разнавіднасць мовы, а праз яе – сферу і ўдзельнікаў моўных зносін. Таму калі мы характарызуем слова ў адносінах яго стылістычнага выкарыстання, то пры гэтым маем на ўвазе перш за ўсё той функцыянальны стыль, у якім дадзенае слова рэгулярна выкарыстоўваецца.

Паколькі беларуская літаратурная мова выкарыстоўваецца як сродак пісьмовых і вусных зносін людзей, у яе сістэме склаліся адпаведна пісьмова-кніжныя і вусна-размоўныя стылі, або разнавіднасці мовы.

Да пісьмова-кніжных адносяцца: навуковы стыль (мова разнастай- ных навуковых і навукова-папулярных прац па розных галінах ведаў), публіцыстычны стыль (мова газетных і часопісных матэрыялаў, публічных выступленняў – зваротаў, заклікаў, пракламацый, рэпартажаў, інфармацый, інтэрв’ю, нарысаў, фельетонаў, памфлетаў), афіцыйна-дзелавы стыль (мова кодэксаў, статутаў, інструкцый, загадаў, актаў, дагавораў), мастацкі стыль (мова мастацкіх твораў розных жанраў).

Вусна-размоўнымі з’яўляюцца: гутарковы стыль (мова, характэрная для непасрэдных, неафіцыйных асабістых зносін паміж людзьмі ў вытвор- чай, грамадска-палітычнай, вучэбнай, навуковай, культурнай, спартыўнай і іншых сферах дзейнасці), размоўна-бытавы стыль (мова, характэрная для пазаслужбовых, паўсядзённа-бытавых зносін паміж людзьмі ў бытавой і сямейнай сферах).

Для пісьмова-кніжных стыляў з’яўляюцца тыповымі, напрыклад, сло-вы вектар, дыферэнцыяцыя, кадыфікацыя, малекула; яны надаюць мове стылістычнае адценне кніжнасці; для вусна-размоўнага стылю – словы бліны, верхавод, зацірка, балабоніць, буркалы, морда; гэтыя словы надаюць мове стылістычнае адценне гутарковасці, размоўнасці. Словы ж высокі, гаварыць, зямля, дом, хутка ў аднолькавай меры выкарыстоўваюцца ў пісьмова-кніжных і вусна-размоўных стылях, таму яны не надаюць мове якога-небудзь стылістычнага адцення. Такім чынам, калі разглядаць лексіку беларускай мовы паводле стылістычнай афарбоўкі, то ў яе складзе неабходна вылучыць наступныя разрады слоў: стылістычна нейтральную, кніжную, вусна-размоўную лексіку.

Да стылістычна нейтральнай (інакш – міжстылёвай) лексікі адносяцца словы, якія ўжываюцца ў розных стылях мовы і не маюць ніякай стылістычнай афарбоўкі. Стылістычна нейтральная лексіка выка- рыстоўваецца ва ўсіх сферах моўных зносін людзей, таму ў яе склад уваходзяць словы, якія абазначаюць прадметы, якасці, дзеянні, вядомыя ўсім носьбітам мовы. Гэтыя словы з’яўляюцца агульнавядомымі назвамі з’яў прыроды (вада, вецер, іней, снег), раслін (асака, вішня, жыта, ліпа), жывёл (воўк, конь, сабака), паняццяў роднасці і сваяцтва (бацька, дачка, удава), пабудоў (дом, палац, хата), колераў і прымет (белы, зялёны, кароткі, цёплы), дзеянняў, працэсаў, станаў (бегаць, вязаць, гаварыць, спаць) і інш. Да стылістычна нейтральных адносяцца таксама лічэбнікі (два, пятнаццаць, сто), займеннікі (гэты, наш, такі, яна), прыназоўнікі (ад, без, над), злучнікі (але, каб, і), часціцы (бы, нават, небудзь).

Стылістычна нейтральныя словы складаюць большую частку лексікі беларускай мовы і з’яўляюцца лексічнай асновай усіх стыляў.

Да разраду кніжнай лексікі адносяцца словы, якія выкарыс- тоўваюцца пераважна ў пісьмовай мове. Асноўнымі сферамі яе функ- цыянавання з’яўляюцца навукова-тэхнічная, грамадска-палітычная і гра- мадска-культурная дзейнасць, справаводства і літаратурна-мастацкая твор- часць, а найбольш тыповымі стылямі – навуковы, публіцыстычны, афі- цыйна-дзелавы і мастацкі. Таму ў складзе кніжнай лексікі адрозніваюцца наступныя функцыянальна-стылістычныя пласты: тэрміналагічная, публі- цыстычная, афіцыйна-дзелавая і паэтычная лексіка.

Да тэрміналагічнай лексікі адносяцца словы, што выражаюць паняцці розных галін навукі і тэхнікі і аб’ядноўваюцца ў мове пад агульнай назвай «тэрміны», напрыклад: алегорыя, анафара, дзейнік, займеннік, косінус, лагарыфм, барый, фларыд, акорд, мелодыя і інш. У адпаведнасці з існуючымі сферамі функцыянавання ў складзе тэрміналагічнай лексікі вылучаюцца наступныя разрады: грамадска-палітычная, грамадска-куль- турная, навуковая і тэхнічная тэрміналогія.

Да грамадска-палітычнай тэрміналогіі адносяцца:

1) тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў сферы грамадска-палітычнай дзейнасці: актыў, выбары, дэпутат, савет,камісія;

2) тэрміны розных грамадскіх навук: а) гісторыі: адраджэнне, рэфармацыя; б) філасофіі: абстракцыя, алагізм, дуалізм, эмпірызм; в) палітычнай эканоміі: вартасць, даход, сродкі абарачэння; г) логікі: дэдукцыя, суджэнне, абстрактнае разважанне і інш.

Да грамадска-культурнай тэрміналогіі адносяцца словы, што функцыянуюць у сферы культуры: а) музыкі: акорд, арыя, гукарад; б) тэатральнага мастацтва: авансцэна, дэкарацыя, трупа; в) кінамастацтва: гукааператар, сцэнарый; г) выяўленчага мастацтва: жывапіс, нацюрморт, пейзажыст; д) архітэктуры: арка, барока, готыка і інш.

Асаблівасцю грамадска-палітычнай і грамадска-культурнай тэрмі- налогіі з’яўляецца тое, што ім не ўласціва вузка абмежаваная сфера выкарыстання, стылістычная замкнутасць. Удзел шырокіх народных мас у грамадска-палітычным і культурным жыцці краіны садзейнічае, з аднаго боку, пранікненню грамадска-палітычнай і грамадска-культурнай тэрмі- налогіі ў вусную мову, а з другога, – развіццю грамадска-палітычнага зместу ў звычайных агульнавядомых словах. У выніку гэтага паміж грамадска-палітычнай, грамадска-культурнай і стылістычна нейтральнай лексікай няма строгага размежавання.

У склад навуковай тэрміналогіі ўваходзяць тэрміны розных галін навукі: геаграфіі, геалогіі, мінералогіі, батанікі, заалогіі, біялогіі, фізіялогіі, астраноміі, хіміі, фізікі, матэматыкі, літаратуразнаўства, мовазнаўства і г.д., напрыклад: аазіс, мерыдыян, апоўзень, кайназой, базальт, гагарыніт; завязь, тычынка; амёба, вусень; бластэма, ген; аорта, нерв; апагей, пратуберанец; аксід, гідроліз; анод, ом; біном, вектар; балада, верш; інфінітыў, суфікс.

Да тэхнічнай тэрміналогіі адносяцца тэрміны, што функцыянуюць у розных вытворча-тэхнічных сферах: машынабудаванні, электратэхніцы, гідратэхніцы, радыётэхніцы, металургіі, горнай справе і г.д., напрыклад: генератар, камера згарання; высакавольтны, камутатар; гідрометр, дамба; дэтэктар, радыёзонд; вагранка, домна; бур, забой, уруб.

Навуковая і тэхнічная тэрміналогія выкарыстоўваецца пераважна тымі, хто працуе ў адпаведнай галіне навукі ці вытворчасці. Яна менш вядома іншым носьбітам мовы, таму больш выразна, чым грамадска-палітычная і грамадска-культурная, размяжоўваецца са стылістычна нейтральнай лексікай. Аднак паміж асобнымі пластамі навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі не існуе строга акрэсленай мяжы, таму ў некаторых галінах навукі і тэхнікі нярэдка функцыянуюць адны і тыя ж тэрміны, напрыклад: асіміляцыя – у біялогіі, мовазнаўстве, гісторыі, геалогіі; дыферэнцыял – у матэматыцы, машынабудаванні; дыяфрагма – у фізіцы, гідратэхніцы, анатоміі; марфалогія – у мовазнаўстве, заалогіі, батаніцы і да т.п. Сустракаюцца і такія тэрміны ў сучаснай беларускай мове, што шырока ўжываюцца ва ўсіх галінах навуковых ведаў, напрыклад: аб’ект, абстракцыя, аналіз, аналогія, аргумент, варыянт, гіпотэза, дыферэн- цыяцыя, класіфікацыя, эксперымент і інш. Падобныя тэрміны прынята называць агульнанавуковымі, таму што іх выкарыстанне не абмежавана якой-небудзь адной ці некалькімі галінамі навуковай дзейнасці.

Асноўнай прыметай слоў публіцыстычнай лексікі з’яўляецца высокая частотнасць іх выкарыстання на старонках газет і часопісаў, дзе яны набываюць адметную функцыянальна-стылістычную афарбоўку.

Звычайна да публіцыстычнай лексікі адносяцца:

1) так званыя газетызмы – словы і спалучэнні слоў, што характа- рызуюцца высокай частотнасцю выкарыстання на старонках газет і часопісаў і ўспрымаюцца носьбітамі мовы як спецыфічныя для газетнай мовы, напрыклад: аглядальнік, допіс, інтэр’ю, каментарый, блакітнае паліва, зялёны канвеер, перадавікі вытворчасці, рабочая дынастыя і інш.;

2) словы і словазлучэнні, якія ўжываюцца не ў прамым, а ў пера- носным значэнні і ў выніку частага выкарыстання на старонках газет і часопісаў набываюць функцыянальна-стылістычную афарбоўку, характэр- ную для публіцыстычнага стылю, напрыклад: вахта (ураджаю), мікра- клімат (калектыву) і інш.;

3) асобныя словы грамадска-палітычнага зместу, якія вельмі часта выкарыстоўваюцца ў розных жанрах публіцыстычнай літаратуры і набы- ваюць своеасаблівую афарбоўку публіцыстычнасці, напрыклад: айчына, брацтва, патрыёт, генацыд, роўнасць, свабода і інш.

Да афіцыйна-дзелавой(справавой)лексікі адносяцца словы і ўстойлівыя спалучэнні слоў, тыповыя для дзелавых папер і афіцыйных дакументаў. Гэта:

1) назвы асоб па іх ролі ў афіцыйна-дзелавых адносінах паміж людзьмі: ісцец, сведка, спажывец, субпадпарадчык, укладчык;

2) назвы дзелавых папер і афіцыйных дакументаў: акт, загад, заява, інструкцыя, іск, пастанова, пашпарт, пратакол, рэзалюцыя;

3) так званыя канцылярызмы, г.зн. словы і спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца традыцыйнымі для дзелавых папер і механічна паўтараюцца як своеааблівыя моўныя штампы, клішэ, напрыклад: вышэйадзначаны, ніжэйпадпісаны, парадак дня, пастанавілі, слухалі, справаздача.

Афіцыйна-дзелавая лексіка характарызуецца вялікай колькасцю стандартных моўных адзінак і адсутнасцю слоў з эмацыянальна-экспрэ- сіўнымі адценнямі значэння. Ёй уласціва адценне афіцыйнасці, «сухасці» і выразная арыентацыя на адпаведную сферу моўных зносін.

Надзвычай складаным з’яўляецца пытанне аб вылучэнні літара- турна-мастацкай лексікі. У творах сучаснай мастацкай літаратуры, разнастайнай у жанравых і тэматычных адносінах, выкарыстоўваюцца сло- вы розных разрадаў, і вызначыць сярод іх такія, што маюць своеасаблівую літаратурна-мастацкую афарбоўку, вельмі цяжка. Звычайна вылучаецца дзве групы слоў:

1) кніжна-паэтычная лексіка (інакш – паэтызмы), якой уласціва сты- лістычнае адценне ўрачыстасці, узнёсласці або мяккасці, лірычнасці і якая ўжываецца пераважна ў паэтычных творах, напрыклад: арала, веснавей, зараніца, ліра, муза, агняцветны, ратны, ясназоры;

2) народна-паэтычная лексіка, што ўжываецца, як правіла, у вусна-паэтычнай творчасці, але сустракаецца і ў мове сучаснай мастацкай літаратуры, напрыклад: галованька, дзеванька, зараначка, крынічанька.

Асаблівасцю вусна-размоўнай лексікі з’яўляецца тое, што яна абслугоўвае сферу вусных моўных зносін, якія ажыццяўляюцца ў гутарковым і размоўна-бытавым стылях. Таму названы пласт слоў характарызуецца стылістычным адценнем гутарковасці ці размоўнасці.

З боку лексікі гутарковы стыль характарызуецца шырокімі магчымасцямі выкарыстання любога слова беларускай мовы і не мае якіх-небудзь выразных, толькі яму ўласцівых лексічных сродкаў. Значыць, паведамленне на адну і тую ж тэму вуснае ад пісьмовага адрозніваецца не складам лексікі, а канцэнтрацыяй, частотнасцю тых ці іншых лексічных адзінак, што і надае мове адценне гутарковасці. Гэта адценне ствараецца ў выніку шырокага ўжывання:

1) незнамянальных слоў тыпу вось, ну, значыць, ведаеш, разумееш, гэта самае, так сказаць;

2) своеасаблівых спалучэнняў прыметнікаў і прыслоўяў з назоўнікамі і дзеясловамі, у складзе якіх прыметнікі і прыслоўі набываюць «гутарковае» эмацыянальнае адценне, напрыклад: здаровы камень, сімпатычны касцюм, страшэнна падабаецца і інш.

Да слоў, якія маюць стылістычнае адценне гутарковасці, адносяцца:

1) назвы тыпу вячорка, газіроўка, электрычка, сталоўка;

2) асобныя субстантываваныя назвы, што з’явіліся ў выніку выдзялення прыметніка з адпаведных словазлучэнняў, са значэннем асобы: вясковыя, гарадскія, мінскія, універсітэцкія;

3) усечаныя назвы тыпу дыплом, дэтэктыў, транзістар, утвораныя ад састаўных назваў дыпломная работа, дэтэктыўны раман (фільм), транзістарны прыёмнік шляхам усячэння прыметнікаў.

Да размоўна-бытавой лексікі адносяцца словы, якія выкарыстоўваюцца ў пазаслужбовых, паўсядзённа-бытавых зносінах паміж людзьмі, галоўным чынам у бытавой і сямейнай сферах, і характарызуюцца стылістычным адценнем размоўнасці. У склад гэтай лексікі ўваходзяць:

1) словы, якія абазначаюць розныя прадметы быту, напрыклад: апалонік, бліны, ватоўка, дзежка, запечак, зацірка, скварка. Асаблівасць гэтых слоў у тым, што яны не маюць эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і збліжаюцца са стылістычна нейтральнымі словамі;

2) словы са значэннем адмоўных якасцей і паводзін чалавека: а) з эмацыянальна-экспрэсіўным адценнем неадабрэння: беларучка, верціхво- стка, ветрагон, гаварыльня, галаштаннік, дзяляга; б) зневажальнасці: брында, валацуга, гультай, лайдак; в) пагардлівасці: боўдзіла, брахун, душа- губ, дылда, жмінда, зануда, куркуль;

3) лаянкавыя словы з адценнем грубасці, напрыклад: асталоп, бал- ван, дурыла, ёлуп, зараза, ідыёт;

4) вульгарныя словы, якія вызначаюцца зніжанай да непрыстойнасці характарыстыкай людзей, з’яў і дзеянняў, напрыклад: смаркач, зяпа, пыса, апруцянець, жэрці, загнуцца, здохнуць.

Лаянкавыя і вульгарныя словы знаходзяцца на перыферыі лексічнага складу беларускай мовы, па-за межамі літаратурнай мовы, таму іх выкарыстанне сведчыць пра нізкую моўную культуру. У мове мастацкай і публіцыстычнай літаратуры яны сустракаюцца толькі ў дыялогах, галоўным чынам пры паказе адмоўных персанажаў, іх паводзін і ўчынкаў.

У залежнасці ад стылістычнай афарбоўкі лексіка беларускай мовы падзяляецца на тры разрады: стылістычна нейтральную (лексіка з нулявой стылістычнай афарбоўкай), кніжную (лексіка, што надае мове стыліс- тычныя адценні строгай дакладнасці, «сухасці», узнёсласці, паэтычнасці) і вусна-размоўную (лексіка, якая характарызуецца стылістычнымі адцен- нямі гутарковасці ці размоўнасці). 3 гэтага вынікае, што лексіка-стыліс- тычная парадыгма складаецца з трох пазіцый: кніжнага слова – стыліс- тычна нейтральнага слова – вусна-размоўнага слова, напрыклад: лік (кніж., уст., высок.) – твар (нейтр.) – морда (разм., груб.), пыса (вульгар., груб.), мурло (вульгар., груб.).

Лексіка-стылістычныя парадыгмы бываюць: а) поўнымі, калі склада- юцца з трох асноўных пазіцый, напрыклад: спачыць (кніж., высок.) – памерці (нейтр.) – адубець, загнуцца, здохнуць (разм., груб.); б) няпоўнымі, калі складаюцца з дзвюх пазіцый (рэдка –з кніжнага і стылістычна нейтральнага ці кніжнага і вусна-размоўнага слоў, даволі часта – са стылістычна нейтральнага і вусна-размоўнага слоў): доблесны (кніж., высок.) – адважны, смелы (нейтр.); ланіты (кніж., паэт.) – шчокі (нейтр.); адказаць (нейтр.) – адрэзаць (разм.); есці (нейтр.) – падсілкоўвацца, падмацоўвацца (разм.), жэрці (разм., груб.). Пры гэтым асобныя пазіцыі лексіка-стылістычнай парадыгмы могуць быць прадстаўлены адным словам або некалькімі, у адпаведнасці з чым гэтыя пазіцыі называюцца аднакампанентнымі ці шматкампанентнымі.

Лексіка-стылістычная парадыгма адлюстроўвае адрозненні паміж словамі па іх стылістычнай афарбоўцы. Разам з тым яе кампанентам уласцівы, як правіла, розныя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні значэння, таму што многія кніжныя і большасць вусна-размоўных слоў адрозніваюцца ад стылістычна нейтральных, з аднаго боку, эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценнямі ўзнёсласці, паэтычнасці, лірызму, а з другога,– пагардлівасці, зневажальнасці, грубасці, іроніі.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка