Беларуская мова (прафесійная лексіка)



старонка9/23
Дата канвертавання15.05.2016
Памер4.11 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   23

Па адносінах да беларускай мовы як да сродку і сімвала нацыянальнай ідэнтыфікацыі (самаідэнтыфікацыі) беларусы ўмоўна дзеляцца на тры групы.

1. Беларусы, для якіх беларуская мова з’яўляецца рэальным фактарам (сродкам і сімвалам) знешняй і ўнутранай нацыянальнай ідэнтыфікацыі: яны лічаць беларускую мову роднай (унутраная ідэнтыфікацыя) і выкарыстоўваюць яе ў розных сферах камунікацыі (знешняя ідэнтыфіка- цыя).

2. Беларусы, для якіх беларуская мова з’яўляецца пераважна сімвалам нацыянальнай самаідэнтыфікацыі: яны лічаць беларускую мову роднай (унутраная ідэнтыфікацыя), але пераважна карыстаюцца ў сваёй дзейнасці рускай мовай.

3. Беларусы, для якіх беларуская мова (як і мова наогул як сродак зносін) не выступае фактарам нацыянальнай свядомасці: яны з’яўляюцца беларусамі, але роднай лічаць рускую мову і практычна не карыстаюцца беларускай мовай у сваёй паўсядзённай дзейнасці.

Менавіта першыя дзве групы і складаюць сацыяльную базу бела- рускай мовы ў XXI ст.

Акрамя таго, у сучаснай моўнай сітуацыі беларуская мова страціла функцыю фактару моўнай інтэграцыі ў межах краіны. Гэтая функцыя замацавалася за рускай мовай, якая таксама мае статус дзяржаўнай і ў колькасных адносінах дамінуе ў большасці грамадскіх сфер ужытку.

Такім чынам, на пачатку XXI ст. беларуская мова працягвае адыгрываць істотную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Разам з тым, перспектывы яе далейшага развіцця і функцыянавання ў грамадстве ў многім будуць залежаць ад наступных момантаў:

а) пашырэння беларускай мовы як рэальнага сродку зносін у найбольш важныя і ўплывовыя сферы грамадскага ўжытку, што будзе са- дзейнічаць яе прэстыжнасці і фарміраванні прагматычных фактараў для авалодання ёю. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што наспеў час стварэння агульнадзяржаўнай праграмы канкрэтных мер, накіраваных на забеспячэн- не заканадаўчага дзяржаўнага статусу беларускі мовы;

б) неадкладнай стабілізацыі яе літаратурных норм, асабліва правапісных. Без гэтага немагчыма павышэнне яе канкурэнтаздольнасці з рускай мовай у розных сферах ужытку, а таксама паспяховае авалоданне ёю ў працэсе адукацы:

в) дасягнення разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных поглядаў на шляхі развіцця беларускай мовы і характар яе літаратурных норм. Толькі намаганнямі ўсяго грамадства можна дасягнуць пазітыўных зрухаў у гэтай важнай і далікатнай сферы жыцця сучаснага соцыуму;

г) беларуская мова і яе носьбіты павінны пазбавіцца так званага «комплексу адштурхоўвання». Умоўна кажучы, беларускай мове павінна быць абсалютна ўсё роўна, наколькі яна блізка да суседніх рускай і польскай моў, так, як апошнім абсалютна ўсё роўна, наколькі яны блізкія да беларускай мовы. Толькі ў такім выпадку магчыма фарміраванне ў грамадстве мажарытарных адносін да беларускай мовы як мовы тытульнай нацыі і дзяржаўнай мовы нашай краіны.

У цэлым жа сучаснае становішча беларускай мовы ў грамадстве і яе роля як сродку нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, яе слоўнікавы склад і стан літаратурных норм, высокія адаптацыйныя магчымасці, заканадаўчы статус, месца ў сістэме адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі, сацыяльная база даюць падставы для стрыманага аптымізму, што і ў XXI ст. беларуская мова застанецца рэальным сродкам камунікацыі, ідэнтыфікацыі і культуры беларусаў і захавае сваё месца ў моўным ландшафце Еўропы.


2.3. НЕКАТОРЫЯ АСПЕКТЫ ФУНКЦЫЯНАВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ I РУСКАЙ МОЎ
Пасля распаду СССР моўная палітыка ў новых самастойных дзяржавах (былых рэспубліках Савецкага Саюза) ажыццяўлялася на хвалі працэсаў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Аддзяленне ад Расіі адбывалася не толькі праз набыццё дзяржаўнага суверэнітэту, але і праз абмежаванне сферы выкарыстання рускай мовы.

У Беларусі пасля прыняцця ў 1990 г. закона «Аб мовах Беларускай ССР» беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай, у выніку чаго значна ўзрасла яе функцыянальная нагрузка. Закон, аднак, не абмяжоўваў правы рускамоўнага насельніцтва. У органы дзяржаўнай улады можна было звяртацца на любой мове, не абмяжоўваліся магчымасці атрымання адукацыі на рускай мове ў школе і вышэйшых навучальных установах. Нягледзячы на тое, што ў першай палове 1990-х гг. у большасці школ краіны навучанне вялося на беларускай мове, у 18% школ дзяцей вучылі на рускай мове і налічвалася столькі ж школ з дзвюма мовамі навучання – беларускай і рускай. Такое становішча доўжылася да рэферэндуму 1995 г., пасля якога руская мова фактычна вярнулася на тыя пазіцыі, што займала да канца 1980-х гг. У цэлым жа ў Беларусі ўдзельная вага рускай мовы ў XX ст. была вышэйшая за ўдзельную вагу беларускай. Дастаткова сказаць, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце да 1956 г. існавала адзіная самастойная лінгвістычная кафедра – рускай мовы. Найбольш спрыяльны- мі для функцыянавання беларускай мовы былі 1920-я гг. і першая палова 1990-х гг. Менавіта тады ставілася пытанне пра статус моў, што функцыя- нуюць на тэрыторыі Беларусі. Ва ўтворанай у 1919 г. БССР статус дзяр- жаўных атрымалі беларуская, руская, польская і яўрэйская мовы. У канцы стагоддзя гэтым статусам валодалі і валодаюць цяпер беларуская і руская. Для параўнання пакажам карціну стаўлення да рускай мовы ў былых савецкіх рэспубліках. У Казахстане і Кіргізіі гэтая мова мае статус афіцый- най, што дазваляе весці на ёй справаводства. У Таджыкістане, Узбекістане, Азербайджане, Туркменіі руская мова з’яўляецца мовай міжнацыянальных зносін, у Арменіі, Грузіі, Украіне – мовай нацыянальнай меншасці, у Літве, Латвіі, Эстоніі – адной з замежных моў, роля якой у афіцыйным жыцці зведзена амаль да нуля. Парламент Малдовы ўносіў прапанову зрабіць рускую мову дзяржаўнай, аднак канчатковае рашэнне не было прынята.

Сярэдзіна XX ст. стала для моў своеасаблівым вакуумам, калі пытанне пра іх статус на ўзроўні законаў не разглядалася. Пасля таго як у сярэдзіне 1930-х гг. абвясцілі пра перамогу сацыялізму і завяршэнне культурнай рэвалюцыі, у СССР адзінай мовай, на думку Сталіна, павінна была стаць руская, хоць у асноўных дзяржаўных дакументах, у канстытуцыях гаворка пра гэта не вялася. Толькі ў 1990 г. Вярхоўны Савет Саюза ССР прыняў закон «Аб мовах народаў СССР», у якім вызначыў статус рускай мовы як афіцыйнай мовы Савецкага Саюза. Заўважым, што такой яна фактычна была ўсе папярэднія дзесяцігоддзі.

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі Беларусі жывуць прадстаўнікі больш чым 140 нацыянальнасцей і народнасцей, якія валодаюць рознымі мовамі, зносіны ў асноўным адбываюцца на рускай і беларускай мовах. Прычым статыстыка сведчыць, што большасць жыхароў Беларусі прызнаюць роднай беларускую мову, хоць валодаюць лепш рускай і часцей яе выкарыстоўваюць. Гэтая парадаксальная сітуацыя тлумачыцца наступным. Карэннае насельніцтва краіны (беларусы) складае абсалютную большасць – каля 80%. Прадстаўнікі той або іншай нацыянальнасці псіхалагічна настроены ідэнтыфікаваць нацыянальнасць і мову – самую яскравую прымету нацыі, што і адбывалася пры апытанні многіх беларусаў, хоць некаторыя з іх увогуле не карыстаюцца беларускай мовай. Шматгадовая гісторыя існавання на адной геаграфічнай і сацыяльна-палітычнай прасторы дзвюх моў спарадзіла розныя тыпы двухмоўя.. У цэлым беларуска-рускі (руска-беларускі) білінгвізм ахоплівае большасць сфер жыцця краіны (радыё, тэлебачанне, газеты, мастацкая літаратура, тэатр, адукацыя і інш.), дзе дзве мовы выкарыстоўваюцца дыстантна (дыферэнцавана) або кантактна.

Пры дыстантным тыпе двухмоўя выкарыстоўваецца адна з дзвюх моў, што функцыянуюць на тэрыторыі Беларусі (напрыклад, ёсць літаратура і на рускай, і на беларускай мовах; ідуць спектаклі і на рускай, і на беларускай мовах; адны людзі гавораць паміж сабой па-руску, іншыя – па-беларуску). У гэтай сітуацыі дзве мовы, якія выкарыстоўваюцца ў краіне, не сутыкаюцца адна з адной.

Дыстантнае двухмоўе ў чыстым выглядзе – з’ява не абсалютная, бо ў рускіх тэкстах даволі часта сустракаюцца элементы беларускай мовы, а ў беларускіх – рускай (вынік інтэрферэнцыі або транспазіцыі, г. зн. несвядо- мага ці свядомага выкарыстання элементаў адной мовы ў маўленні на другой).

Пры кантактным двухмоўі абедзве мовы функцыянуюць на старонках адной газеты, у дыялогу людзей, адзін з якіх гаворыць па-беларуску, другі – па-руску, у маўленні чалавека, які выкарыстоўвае абедз- ве мовы і да т. п.

Найбольш яскравым прыкладам кантактнага двухмоўя з’яўляецца маўленне чалавека на рускай і беларускай мовах. Пры гэтым двухмоўе індывіда можа быць раўнапраўным і нераўнапраўным.

Людзей, якія ў роўнай меры добра валодаюць беларускай і рускай мовамі, не так многа. У асноўным гэта прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры. Прычым, як правіла, гэта людзі, у якіх родная мова – беларус- кая. Яны  носьбіты раўнапраўнага двухмоўя. Людзі, якія ў роўнай меры дрэнна валодаюць дзвюма мовамі, наўрад ці з’яўляюцца прадстаўнікамі раўнапраўнага білінгвізму, бо абедзве моўныя сістэмы ў іх маўленні час- цей за ўсё змешаныя.

Пры нераўнапраўным білінгвізму веданне і выкарыстанне адной мовы пераважае над веданнем і выкарыстаннем другой. У гэтым тыпе двухмоўя можна вылучыць два падтыпы:

1) веданне рускай мовы пераважае над веданнем беларускай;

2) веданне беларускай пераважае над веданнем рускай.

Сам тэрмін «беларуска-рускае двухмоўе» прадугледжвае веданне індывідам рускай мовы ў якасці другой. У Беларусі такі білінгвізм значна саступае руска-беларускаму, г.зн. з рэальнай перавагай ведання рускай мовы над беларускай у маўленні індывіда. Падобная карціна назіраецца нават у маўленні многіх білінгваў, якія прызнаюць роднай мовай беларус- кую. Моўнае самавызначэнне такіх людзей не супадае з іх маўленчымі паводзінамі.

У разгледжаным тыпе двухмоўя (нераўнапраўнага) часцей за ўсё назіраецца інтэрферэнцыя на ўсіх узроўнях мовы. Інтэрферэнцыя фанетыч- ная, граматычная, лексічная ў Беларусі вывучана дастаткова добра. Практычна не разглядалася т.зв. прыхаваная інтэрферэнцыя, г.зн. невыка- рыстанне якіх-небудзь моўных элементаў з прычыны няведання. Часцей за ўсё гэта назіраецца на лексічным узроўні, калі чалавек не ведае, якое слова павінна адпавядаць слову роднай мовы. У такіх выпадках узнікаюць неза- поўненыя лексічныя пустоты або свядомае ўжыванне слоў роднай мовы з рознымі агаворкамі (па-руску кажучы..., говоря по-белорусски...), паўзы, якія часта дапамагае запаўняць суразмоўца, падказваючы патрэбнае слова ці патрэбную граматычную форму.

Зрэдку назіраецца інтэрферэнцыя, якую можна вызначыць як вымушаную, або наўмысную. Такія гукавыя абрэвіятуры, як РИД (Российский информационный дайджест), РИА (Российское информаци- онное агентство), РИВШ (Республиканский институт высшей школы) маюць тое самае літарнае выяўленне і ў беларускай мове (з улікам адпаведнасці и - і): РІД, РІА, РІВШ. Гэтак яны і вымаўляюцца. Але калі ў рускай мове мяккі [р'] – гэта норма, то ў беларускай  памылка, пазбегнуць якой у вусным маўленні ў дадзеным выпадку немагчыма.

У розных сацыяльных, прафесійных групах людзей двухмоўе выяў- ляецца па-рознаму. Адна з яго праяў – школа, якая ў значнай ступені прад- вызначае карціну валодання дзвюма мовамі ў краіне. За апошняе дзесяцігоддзе кірунак вывучэння беларускай і рускай моў мяняўся спачат- ку ў бок рэзкага павелічэння колькасці школ з беларускай мовай навучан- ня, потым – амаль у процілеглы бок. Так, з пачатку 1990-х да 1995 г. колькасць школ, у якіх першакласнікі вучыліся на беларускай мове, павялі- чылася да 76%, што амаль адпавядала нацыянальнаму складу насельніцтва. Аднак пасля рэферэндуму 1995 г., які ўзаконіў двухмоўе, колькасць школ з беларускай мовай навучання скарацілася.

Можна меркаваць, што сітуацыя з вывучэннем не толькі беларускай, але і рускай мовы не палепшыцца пасля памяншэння колькасці гадзін на вывучэнне гэтых прадметаў. Такія змены стануць заўважныя, перш за ўсё, у пачатковых класах, дзе звычайна закладваецца падмурак моўнай адука- цыі. Веды, атрыманыя менавіта ў дзіцячым узросце, значна спрошчваюць засваенне новага, больш складанага моўнага матэрыялу ў старэйшых кла- сах.

На ступень валодання беларускай і рускай мовамі моцна ўздзейнічае пазашкольнае моўнае асяроддзе, дзе большасць людзей, асабліва ў гарадах, гавораць па-руску. Таму ў дзяцей літаратурная беларуская мова, якая выкарыстоўваецца пастаянна, – з’ява рэдкая. Да таго ж і многія настаўнікі, што выкладаюць беларускую мову, выступаюць прадстаўнікамі білін- гвізму, які можна вызначыць як прафесійна арыентаваны (абумоўлены). На ўроках – па-беларуску, па-за школай – па-руску. Прафесійна арыентава- ны білінгвізм назіраецца і ў іншых сферах жыцця краіны. Напрыклад, у тэатры, дзе акцёры на сцэне выкарыстоўваюць беларускую мову, а па-за тэатрам – рускую. Тое самае можна сказаць пра многіх дыктараў радыё, тэлебачання, якія карыстаюцца беларускай мовай толькі ў сваіх праграмах. Білінгвізм з рускай мовай у якасці толькі мовы прафесіі – з’ява нетыповая для Беларусі.

Своеасаблівы тып двухмоўя  трасянка, г.зн. «беларуска-руская мова» з адным зместам і дзвюма формамі выражэння. Базавай мовай трасянкі можа быць беларуская са значнай колькасцю элементаў (лексічных, граматычных, словаўтваральных) рускай мовы, што часцей за ўсё і назіраецца, або руская з выкарыстаннем элементаў беларускай мовы. Часам можна пачуць маўленне з элементамі беларускай, рускай літаратурных моў і мясцовых дыялектаў. Трасянка – з’ява індывідуальная. У кожнага з носьбітаў моў яна выяўляецца па-рознаму.

У апошняе дзесяцігоддзе даволі часта з’яўляюцца артыкулы ў газетах, часопісах на рускай (беларускай) мове з беларускамоўнымі (рускамоўнымі) устаўкамі. У рускі тэкст, напрыклад, свядома ўключаюцца беларускія лексемы для надання тэксту нацыянальнага каларыту. Як правіла, гэта словы з высокай канцэнтрацыяй нацыянальна-культурнага фону. Бадай, найбольш частотным з іх з’яўляецца лексема бульба і яе вытворныя. Вось прыклады толькі з двух нумароў газеты «Комсомольская правда» за 15 лютага і 5 сакавіка 2002 г.: Белорусским олимпийцам недокладывают бульбы; Самая вкусная картошка наша бульба; В этом году вкус нашей бульбы узнает Европа; Не один десяток сортов пришлось перепробовать посетителям, прежде чем прийты к выводу, что самая вкусная – всё-таки белорусская бульбочка; Крикунова это не смущает, судя по его заявлениям в прессе, он буквально жаждет наказать сборную звезд НХЛ. Тем более что «бульбаши» уже били многих из них на чемпионате 2000 года в Санкт-Петербурге.

Мы разгледзелі нязначную частку пытанняў, якія ўзнікаюць у выніку функцыянавання беларускай і рускай моў у нашай краіне. Заўважым толькі, што больш дэталёвага аналізу патрабуюць узаемаадносіны дзвюх моў у вясковай і гарадской мясцовасці, маўленне розных узроставых груп насельніцтва, асаблівасці мовы Заходняга Палесся, мова ў сістэме адука- цыі.
3. арфаэпія. арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы і прычыны іх парушэння
3.1. ПРАДМЕТ І ЗАДАЧЫ АРФАЭПІІ
Арфаэпія (грэч. оrthos – правільна, epos – слова, мова) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца нормы літаратурнага вымаўлення.

Асноўная задача арфаэпіі – выпрацоўка і замацаванне адзіных нормаў літаратурнага вымаўлення, якія ўключаюць у сябе правілы вымаўлення галосных гукаў, зычных гукаў, правілы вымаўлення спалучэн- няў гукаў у розных пазіцыях, правілы вымаўлення запазычаных слоў.

Развіццё і станаўленне арфаэпічных нормаў звязана з развіццём і станаўленнем беларускай літаратурнай мовы. Адзінства арфаэпічных правіл для ўсіх носьбітаў мовы неабходнае і важнае, як адзінства норм арфаграфіі і графікі, бо дапамагае дакладнаму разуменню вуснай мовы і тым самым спрыяе развіццю культуры нацыі.
3.2. Стылі літаратурнага вымаўлення
У залежнасці ад сферы зносін, ад сітуацыі (бытавая, паўсядзённая, афіцыйная), ад мэты маўлення, у залежнасці ад таго, да каго звяртаюцца (да аднаго чалавека ці многіх – на мітынгу, сходзе, лекцыі) і г.д., суразмоўца адпаведна выбірае моўныя сродкі. Сукупнасць такіх сродкаў, прызначаных для маўлення ў пэўнай сферы зносін, утварае стылі вымаўлення: няпоўны (ці гутарковы) і поўны (ці афіцыйны, акадэмічны).

У аснове размежавання поўнага і няпоўнага стыляў ляжаць тэмп маўлення і ўвага гаворачага да свайго вымаўлення. Так, напрыклад, у звычайнай паўсядзённай гаворцы мы дапускаем больш хуткі тэмп маўлення і менш выразную артыкуляцыю гукаў (кампетэнтнась, радась замест кампетэнтнасць, радасць – скарачаем спалучэнні гукаў; бяшшумны, смяесся, прыежжы замест бясшумны, смяешся, прыезджы – дапускаем больш поўную асіміляцыю зычных; міністар, ансамбаль, кадар замест міністр, ансамбль, кадр – у словах са спалучэннямі зычных перад санор- нымі з’яўляюцца ўстаўныя галосныя). Такі стыль маўлення ўмоўна называ- ецца няпоўным, ці гутарковым.

У афіцыйных абставінах мы вымушаны больш уважліва ставіцца да артыкуляцыі: змяншаем звыклы фанетычны аўтаматызм, запавольваем тэмп маўлення, у сувязі з чым кожны гук вымаўляецца дакладна і выразна (характарыстыка, Аляксандр Аляксандравіч, Марыя Аляксееўна – скара- чэнне гукаў да непазнавальнасці («глытанне», выкідванне) недапушчаль- нае). Такі стыль умоўна называюць поўным, ці афіцыйным (акадэмічным). Абодва стылі з’яўляюцца літаратурнымі.
3.3. Вымаўленне галосных
Беларуская арфаэпія патрабуе выразнага вымаўлення галосных, якое залежыць галоўным чынам ад націску і суседніх гукаў. Націскныя галосныя (у моцнай пазіцыі) вымаўляюцца выразна: вецер, набат, дуброва, ліпеньскі, думкі, дрэва, тысяча, явар.

У ненаціскным становішчы (слабых пазіцыях) галосныя гучаць карацей за націскныя, некаторыя з іх могуць змяняць сваю якасць, але ў цэлым усе яны вымаўляюцца даволі выразна: параход, характарыстыка, шырокі, скіраваць, сустракаешся, украінец.



Націскныя галосныя [о],[э] не пад націскам пасля цвердых зычных вымаўляюцца як выразны гук [а] (фанетычны закон акання): жалуды, нарматывы, баксёр, рачны, зарачанскі, цагляны, драўляны. У некаторых словах ( у спалучэннях ро, ло, рэ) ненаціскны галосны [о] змяняецца на [ы]: кроў – крывавіць, глотка – заглынуць, дровы – дрывотня, хрэст – хрысціць.

Ненаціскное [о] захоўваецца толькі ў выклічніках ого, о-го-го. Ненаціскны гук [э] у большасці запазычаных слоў захоўваецца (аканне не распаўсюджваецца) і вымаўяецца выразна: тэлецэнтр, экс-чэмпіен, дэсант, дэлегат, ігрэк.

Галосныя гукі [о], [э] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам пераходзяць у гук [а] (фанетычны закон якання): ляснік, кляновы, вясёлы, вядро, лядовы, зялёны.

На месцы спрадвечнага (этымалагічнага) [а] незалежна ад месца націску вымаўляецца выразны гук [а]: св[а]ткаваць, мес[а]ц, ц[а]жкаваты, дзес[а]ць, Прып[а]ць, [jа]зыкаты.

Закон якання распаўсюджваецца на часціцу не і прыназоўнік без: [н’а] быў, [н’а] ведаў, [б’ас] страху, але: [н’э] прыехаў, [б’эс] перспектывы (на пісьме, аднак, захоўваецца літара е).

Галосныя [і], [ы], [у] не пад націскам змяняюцца нязначна: бруснічнік, світанне, адчыніць,узвышацца, музыка. Але ў моўнай плыні іх вымаўленне залежыць і ад становішча ў слове. Так, націскны [і] у пачатку слова, пасля галоснага, пасля апострафа і мяккага знака, пасля ў (нескладовага) вымаўляецца як [ji]: [ji]хні, кра[ji]на, аб[ji]нець, салаў[ji]ны, Іль[ji]ч.

Ненаціскны гук [i] у пачатку слова змяняецца на [й], калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны (цацкі [й] цукеркі, сястра [й] брат), і на [ы], калі на зычны (брат [ы]шоў, сын [ы] брат).

Пасля цвёрдых зычных (апрача [г] [к] [х]) на стыку частак складаных слоў, прыстаўкі і кораня вымаўляецца гук [ы]: без[ы]ніцыятыўны, спад[ы]лба, борт[ы]нжынер, але: Наваполацк [і] Полацк, смех [і] грэх.

Галосны [у] пасля галоснага вымаўляецца як [ў]: а[ў]торак, мы [ў]вайшлі [ў] двор, кіну[ў]. Закон змянення [у] на [ў] у пазіцыі пасля галосных распаўсюджваецца і на ўласныя назвы: Дубоўка [ў]ладзімір, рака [ў]шача (на пісьме не абазначаецца), а таксама на словы іншамоўнага паходжання: а[ў]кцыен, ла[ў]рэат, ва [ў]ніверсітэце.



У словах іншамоўнага паходжання вымаўленне галосных мае сваю спецыфіку: многія запазычаныя словы не падпарадкоўваюцца аканню і яканню. Напрыклад: у большасці запазычанняў пасля цвердых зычных захоўваецца ненаціскное [э]: ордэн, дэсант, рэдактар, экзэмпляр. Толькі ў некаторых словах, якія запазычаны даўно, [э] змяніўся на [а]: літаратура, характар, адрас, майстар і інш. У асобных словах вымаўляецца [ы]: інжынер, канцылярыя, рысора, цырымонія.

Захоўваецца [э] і ў першым складзе перад націскам пасля мяккіх зычных (яканне адсутнічае): педаль, секунда, семестр, легенда, генерал. Выключэнне складаюць даўнія запазычанні (на якія яканне распаўсюдзілася) з вымаўленнем [а]: янот, яўрэй, яфрэйтар, каляндар, дзяжурны і інш.

Перад пачатковым [і] не развіваецца прыстаўны [j]: імперыя, імпарт, Індыя, інверсія.
3.4. Вымаўленне зычных
Вымаўленне зычных залежыць ад гукавага акружэння і ад пазіцыі ў слове.

Гук [г] у беларускай мове фыкатыўны, працяжны: гісторыя, агарод, горад, фігура, гіпатэнуза, трагедыя. У нешматлікіх запазычаннях ён выбухны: агрэст, мазгі, ганак, гуз, гвалт, гонта. Апрача таго, перад звонкімі зычнымі ў сярэдзіне запазычаных слоў, а таксама на стыку двух слоў глухі [к] вымаўляецца як выбухны: Вялі[г] дзень, э[г]замен, э[г]зотыка, ва[г]зал, я[г] жа.

Звонкія зычныя адпаведна закону аглушэння звонкіх зычных на канцы слоў і перад глухімі вымаўляюцца як глухія: сто[х], айсбер[х], го[т], бяро[с]ка, ка[с]ка. Глухія перад звонкімі (закон азванчэння) змяняюцца ў звонкія: бара[дз’]ба, ай[з’]берг, ка[з’]ба, мала[дз’]ба.

У звязнай мове звонкія зычныя аглушаюцца таксама на канцы слоў і перад галоснымі і санорнымі: сне[х] растаў, са[т] у квецені, аднак прыназоўнікі на звонкія зычныя аглушаюцца толькі перад глухімі: а[т] сяброў, [с] прапановай, але: а[д] Ігната, зрабілі [з’] бярозы, звесткі [з] гісторыі.

Для вымаўлення глухіх перад звонкімі на стыку слоў няма адзінай нормы. Яно часта залежыць ад тэмпу маўлення: пры хуткім тэмпе глухія ў гэтай пазіцыі азванчаюцца (жы[дз’] добра, не гор[ж] за іншых), пры запаволеным тэмпе азванчэння не адбываецца (жы[ц’] добра, не гор[ш] за іншых).

Свісцячыя зычныя перад мяккімі (апрача [г’], [к’], [х’]) вымаўляюцца мякка: [с’ц’]южа, [дз’в’]еры, [з’дз’]ей[с’н’]іць, але: [сх’]ема, [зг’]іб, [ск’]ептык. Толькі ў некаторых выпадках яны застаюцца цвердымі перад губнымі [в’], [м’]: у пры[зм’]е, у на[зв’]е, аб нацыяналі[зм’]е. Перад губным [ф’] у запазычаных словах дапускаюцца варыянты: атма[с]фера і атма[с’]фера, [с]фінкс і [с’]фінкс.

Свісцячыя зычныя перад шыпячымі вымаўляюцца як шыпячыя (бя[ш]шумна, [ш]шытак, перапі[ш]чык), а шпячыя перад свісцячымі – як свісцячыя (купае[с’]ся, на рэ[ц]цы, [ж]жаць).

Зычныя гукі [ж, ш, дж, ч, р] заўсёды вымаўляюцца цвёрда: жыць, шырокі, дажджы, чырвоны, радасць.

Афрыкаты [дж, дз, дз’] вымаўляюцца як адзін гук: агароджа, дрожджы, ксяндзы, пэндзаль, дзверы, мядзведзь.

Наяўнасць цвёрдай і мяккай афрыкат [ц], [ц’]. Цвёрдая афрыката [ц] не мае сабе парнай мяккай: цэгла, рэвалюцыя, лекцыя, палац. Афрыката [ц’] чаргуецца з гукам [т]: самалё[т] – у самалё[ц’]е, палёт – у палё[ц’]е (цеканне) і можа не чаргавацца: узняць, цішыня, цяпер.

Не адбываецца чаргавання [т] – [ц’] на стыку кораня і суфікса: бры[т]венны, у Лі[т]ве, у кля[т]ве.

Зубны [д] перад мяккімі губнымі [в’], [м’] вымаўляецца як мяккі [дз’] (дзеканне): мя[дз’в’]едзь, [дз’в’]еры, [дз’в’]есце. Не адбываецца такога змякчэння на стыку прыстаўкі і кораня: а[дв’]еку, а[дв’]зены, а[дв’]язаць.

Губныя зычныя [б], [п], [м], [ф] перад мяккімі зычнымі вымаўляюцца цвёрда: восе[м], вер[ф], стэ[п], дро[б], грэ[бл’]я, се[мдз’]ясят, вер[фjу], [пjу].

Губна-зубны гук [в] вымаўляецца перад галоснымі: [в’]есці, [в]удзільна, [в]ыс[в’]етліць. Пасля галоснага перад зычным і пасля галоснага ў канцы слова ён замяняецца губна-губным гукам [ў]: дра[ў]ляны, кро[ў], за[ў]сёды.

Беларускай мове ўласціва падоўжанае вымаўленне зычных [з’], [с’], [дз’], [ц’], [л’], [н’], [ж], [ш], [ч], якое адбываецца паміж галоснымі: маззю, калоссе, моладдзю, пяццю, ралля, каменне, збожжа, узвышша, сучча.

Спалучэнні [дч], [тч] вымаўляюцца як падоўжаны гук []: а[]апіць, наво[]ык, а[]айна; газе[]ык, лё[]ык, ма[]ын.

Спалучэнні [шс], [жс] паміж галоснымі вымаўляюцца як падоўжаны [’], а паміж галосным і зычным – як адзін гук [с]: купае[’]я, знаходзі[’]я; нясві[с]кі, пра[с]кі.

Спалучэнні [дц], [тц] вымаўляюцца як падоўжаны []: сусе[]ы, ма[]ы, пры паво[]ы, па кла[]ы.

Спалучэнне [дс] вымаўляецца як [ц]: гара[ц]кі, слаба[ц]кі, сусе[ц]кі.

У запазычаных словах вымаўленне зычных мае сваю адметнасць. Так, напрыклад, большасць слоў іншамоўнага паходжання не падпарадкоўваецца «дзеканню» і «цеканню»: дырэктыва, аптэка, тыраж. Выключэннем з’яўляюцца словы з суфіксамі -ін-, -ір-, -ік-, -ёр-, -(ей)ск-, -(е)ец-: лацінскі, мундзір, эпізодзік, манцёр, гвардзейскі, індзеец.

Іншыя зычныя перад галоснымі [э], [і] у запазычаных словах і ў словах спрадвечна беларускіх вымаўляюцца ў асноўным мякка: нонсенс, перон, сезон, велюр, вектар, праспект, музей, газета. Толкі ў некаторых даўніх запазычаннях (пераважна з польскай мовы) вымаўляюцца цвёрдыя зычныя: бэз, вэлюм, вэксаль, сэнс.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   23


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка