Беларуская паэзія Ў рускамоўным ўзнаўленні Івана бурсава



Дата канвертавання18.11.2016
Памер111.27 Kb.
Вячаслаў Рагойша (Мінск)
беларуская паэзія Ў рускамоўным ўзнаўленні

ІванА БурсаВА

(паводле аўтарскай анталогіі “Шаги”)
Думаецца, гаворку пра мастацкі пераклад і яго месца ў сістэме міжлітаратурных (нават шырэй – міжкультурных) сувязей, а таксама пра творчыя дасягненні канкрэтнага перакладчыка (у нашым выпадку – Івана Бурсава) варта пачаць з некаторых тэарэтычных пытанняў гэтага віду творчай дзейнасці. Найперш выдзелім мэту перакладу, г. зн. пэўную задачу (ці задачы), якія ставіць перад сабой перакладчык, узнаўляючы сродкамі роднай мовы іншанацыянальны аўтэнтык. Мэта перакладу актуалізуе тыя ці іншыя функцыі перакладу, або ўсіх іх адначасова [гл. пра гэта: 3, 17–32]. Разам з тым яна абумоўлівае не толькі тое, што перакладаць, але і як перакладаць. Адна справа, калі па заказу выдавецтва, зацікаўленага ў прыбытку, перакладаюцца творы нейкага “моднага” пісьменніка, другая – калі пераклад выконвае пэўную культурна-палітычную функцыю, і зусім іншая – калі перакладчык (і выдавец) ставіць перад сабой задачу праз пераклад твораў нават “непрыбытковага” замежнага пісьменніка ўзбагаціць родную для яго літаратуру, мову і культуру ў цэлым.

Мэта перакладу цесна звязана з умовамі перакладу – знешнімі і ўнутранымі, якія залежаць не толькі ад моўных, літаратурных, але і сацыякультурных, сацыяпалітычных фактараў. Пад знешнімі умовамі перакладу (а яны часам адыгрываюць вызначальную ролю) мы разумеем усе аб’ектыўныя фактары (гістарычныя, палітычныя, этнічныя, культурныя, моўныя і інш.), якія непасрэдна не звязаны з мастацкім перакладам, але апасродкавана так ці інакш ўплываюць на яго колькасныя і якасныя паказчыкі. Так, у народаў, гістарычна, этнічна і тэрытарыяльна блізкіх, літаратурныя сувязі, зразумела, будуць больш цесныя, чым у народаў, аддаленых па месцы пражывання, гістарычным быцці і этнічных прыкметах. Унутраныя ўмовы перакладу – гэта сукупнасць аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, якія ўжо непасрэдна звязаны з самім працэсам перакладу і прадвызначаюць яго творчы вынік. Сюды ўваходзяць: канкрэтныя патрэбы “сваёй” культуры, багацце нацыянальных перакладчыцкіх традыцый, ступень распрацаванасці тэарэтычных пытанняў перакладу, панаванне пэўнага перакладчыцкага стылю (ці стыляў), наяўнасць таленавітых, высокакваліфікаваных перакладчыцкіх кадраў, крытыкаў мастацкага перакладу і інш.

Маючы на ўвазе названыя асноўныя пастулаты тэорыі мастацкага перакладу, глянем з іх вышыні на творчы набытак аднаго з самых знакавых перакладчыкаў беларускай мастацкай літаратуры (найперш – паэзіі) – Івана Цярэнцьевіча Бурсава (н. 19. 12. 1927 г.).

Вядомы паэт і перакладчык Іван Бурсаў нарадзіўся на ўсходзе Беларусі, у горадзе Клімавічы, у сям’і афіцэра Савецкай Арміі. Першая мова, якой ён авалодаў, была руская. Але ў Клімавічах Іван добра засвоіў і мову беларускую – дзякуючы кантактам са сваякамі па беларускай родавай лініі, жыхарамі горада і навакольных вёсак, а таксама вучобе ў Клімавіцкай беларускай школе. Там ён, дарэчы, спасціг і некаторыя гістарычныя перыпетыі існавання беларускіх зямель у складзе ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, а таксама адметнасці культуры і літаратуры Беларусі. У прыватнасці, са школьнага часу ў яго сэрца назаўсёды запала сонцадайная паэзія Янкі Купалы, пра што ён хораша сказаў у эсэ “Мой Янка Купала” і вершы “Янка Купала” [2, 260–266]. У выніку ўсяго гэтага Бурсаў далучыўся да значнай часткі выдатных перакладчыкаў беларускай літаратуры на рускую мову, цесна звязаных паходжаннем (або жыццём) з Беларуссю, добрых знаўцаў беларускай літаратуры, культуры і мовы, для якіх не патрэбна ні падрадкоўнікаў, ні пасрэднікаў-кансультантаў. Сярод такіх паэтаў-перакладчыкаў (некаторыя з іх, на жаль, ужо адышлі ад нас) – Дзмітрый Кавалёў, Навум Кіслік, Аляксандр Дракахруст, Валянцін Тарас, Браніслаў Спрынчан, Генадзь Бубнаў, Ігар Шклярэўскі, Пётр Кошаль, Ізяслаў Катляроў, Фёдар Яфімаў, Святлана Яўсеева і некаторыя іншыя.

Жыццёвы лёс І. Бурсава склаўся так, што пасля заканчэння Літаратурнага інстытута імя М. Горкага (1962) і непрацяглай працы ў часопісе “Нёман” (1962–1964) ён стаў пастаянным жыхаром Масквы. Цесныя новыя сувязі з цэнтральнымі расійскімі літаратурнымі перыядычнымі выданнямі і выдавецтвамі (найперш “Молодой гвардией”), як і працяг ранейшых творчых кантактаў з аналагічнымі беларускімі, у значнай ступені прадвызначылі колькасныя паказчыкі яго перакладчыцкай прадукцыі. І. Бурсаў знаходзіцца сёння ў першай дзясятцы самых запатрабаваных рускамоўных перакладчыкаў беларускай паэзіі за ўвесь перыяд існавання руска-беларускіх літаратурных сувязей. Вось толькі некаторыя кнігі, цалкам перакладзеныя І. Бурсавым на рускую мову: “Целиноград” (М., 1961), “Раскидач: Весёлые стихи” (Мн,, 1969) і “Слыхал?” (Мн., 1983) Р. Барадуліна, “Голоса расстояний” (М., 1964) Г. Бураўкіна, “Вечерние паруса” (М., 1969) У. Караткевіча, “Одна любовь” (М., 1971) М. Сурначова, “Основа” (М., 1972), “Лесной будильник” (Мн., 1977) і “Солнечный клубочек” (М., 1987) В. Зуёнка, “Птичье дерево” М. Федзюковіча, “Песня твоей сестры” (Мн., 1977) Е. Лось, “Красный жаворонок” (М., 1977) Г. Пашкова, “Закон воды” (М., 1978) К. Цвіркі, “Лето круглый год” (Мн., 1983) і “Черные аисты” (М., 1986) В. Лукшы, “Тихий свет” (М., 1984) У. Паўлава, “Там, где ходят босиком” (М., 1990) Д. Бічэль-Загнетавай. Паўтараю: гэта толькі некаторыя асобныя перакладныя выданні. Можна было б назваць яшчэ выдадзеныя ў Маскве і Мінску ў яго перакладзе паэмы “Над ракой Бярозай” і “Марат Казей” П. Броўкі, “Прыгоды дзеда Міхеда” А. Астрэйкі, “Маўчанне травы” В. Зуёнка, шэраг кніжак для дзяцей, а таксама некалькі празаічных твораў – аповесцей і раманаў (В. Вольскага, А. Лойкі, А. Пальчэўскага), узноўленых ці самастойна, ці ў садружнасці з іншымі перакладчыкамі. Але нашмат часцей знаёміў І. Бурсаў рускамоўнага чытача з беларускай літаратурай не праз выдавецтвы, а праз беларускі рэспубліканскі і колішні ўсесаюзны перыядычны друк. Па маіх падліках, перакладчык сродкамі рускай мовы ўзнавіў тыя ці іншыя творы каля ста беларускіх пісьменнікаў ХІХ–пачатку ХХІ стст. Толькі ў кнізе “Слово по кругу: Избранные переводы с белорусского” (Мн., 1981), якая на працягу папярэдняга дваццацігоддзя “складывалась не только в результате договоров с редакциями и издательствами, но и по долгу сердца” [1, 4], змясціліся асобныя вершы ажно 33 беларускіх паэтаў – сучаснікаў І. Бурсава.

У 2011 г. мінскі выдавец Віктар Хурсік даў святло яшчэ адной Бурсавай персанальнай анталогіі беларускай паэзіі, названай “Шаги” [2]. Яе склалі творы 52 паэтаў, вершы якіх не ўваходзілі ў “Слово по кругу”. Гэта творы літаратараў ХІХ ст. Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага, А. Гурыновіча, Янкі Лучыны, Ф. Багушэвіча і інш. (раздзел “Зачинатели”), пачатку ХХ ст. – Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча, Алеся Гаруна, В. Ластоўскага, У. Галубка і інш. (раздзел “Нашенивцы”), першых двух савецкіх дзесяцігоддзяў – У. Дубоўкі, У. Жылкі, Міхася Чарота, У. Хадыкі, В. Маракова, А. Александровіча і інш. (раздзел “«Малодняковцы» и «возвышенцы»”). Завяршаюць кнігу пераклады асобных вершаў двух паэтаў “беларускага замежжа” – Алеся Смаленца і Ларысы Геніюш, а таксама паэта-франтавіка, земляка перакладчыка магілеўца Аляксея Пысіна. Своеасаблівасць “Шагов” – у наяўнасці ў кнізе арыгінальных гісторыка-літаратурных нарысаў, якія належаць самому перакладчыку: прадмовы (“Самое богатое и чистое наречие…”), невялікіх па памеру, але інфармацыйна насычаных біяграм літаральна ўсіх паэтаў, творы якіх склалі анталогію, і пасляслоўя, у якім перакладчык засведчыў сваю любоў да Беларусі, беларускай літаратуры і яе песняра – Янкі Купалы. Усё гэта, несумненна, выяўляе асноўную мэту перакладу: даць у рукі рускамоўнага чытача кароткі сістэматызаваны падручнік (гісторыю і адначасова хрэстаматыю) па беларускай паэзіі першай паловы ХІХ ст. – 1930-я гг. ХХ ст. Зразумела, такая мэтавая ўстаноўка была прадыктавана не дамовамі “с редакциями и издательствами”, а выключна “зовом” і “долгом” сэрца перакладчыка, яго ўдзячнасцю той зямлі, якая яго нарадзіла і дала крылы для творчага палёту.

Вядома, галоўнае ў мастацкім перакладзе – якасць, ступень адэкватнасці ўзнаўлення першакрыніцы, што ўключае ў сябе не толькі сэнсавую дакладнасць, але і захаванне эстэтычнай паўнацэннасці арыгінала. Перакладчыкі, асабліва твораў паэзіі, павінны абавязкова валодаць паэтычнымі здольнасцямі, і не малымі. Такімі здольнасцямі, больш таго – адметным талентам, несумненна, валодае І. Бурсаў, аўтар звыш З0 уласных паэтычных зборнікаў для дарослага і юнага чытача, станоўча ацэненых рускай і беларускай крытыкай. Праўда, гісторыя мастацкага перакладу сведчыць: не кожны нават выдатны паэт можа быць добрым перакладчыкам. З другога боку, некаторыя выдатныя перакладчыкі не здолелі адэкватна выявіць сябе ва ўласнай творчасці. Значыць, існуе не толькі чыста паэтычны талент, але і своеасаблівы перакладчыцкі. І. Бурсаў, несумненна, валодае такім талентам. Пра што ўскосна сведчыць мноства кніг і аўтараў, перакладзеных ім на рускую мову, прыхільныя водгукі чытачоў і крытыкаў на гэтыя пераклады. У адваротным выпадку і аўтары не імкнуліся б трапіць на яго перакладчыцкі “варштат”, і рэдакцыі часопісаў і выдавецтваў не заказвалі б і не друкавалі б так часта яго пераклады.

Што ж яшчэ, апрача значнага таленту паэта-перакладчыка, прадвызначала і прадвызначае вартасць перакладаў І. Бурсава? Відавочна, духоўная сугучнасць з аўтарамі і творамі, якія ён узнаўляў і ўзнаўляе. Прыгадваючы працяглы час творчага супрацоўніцтва з маскоўскім выдавецтвам “Молодая гвардия”, перакладчык пісаў: “«Молодая гвардия»” – издательство молодежное, и переводить, в основном, приходилось молодых поэтов. В какой-то мере это облегчало работу – стихи современников были близки по духу, по тематике, по молодому видению мира” [1, 3]. І тут жа дававаў: “Но настоящим праздником было для меня, когда выпадало переводить стихи белорусских поэтов. Язык, на котором когда-то, сидя на «загавальне» – на завалинке, пронзительно тихими могилевскими вечерами, пела бабушка с подругами молодости «жнивеньские» да «весельные» песни, – был не только понятен и близок, как и родной русский, – но за ним было то, что можно определить, как память сердца” [1, 3–4]. Сапраўды, у перакладчыцкім даробку І. Бурсава сустракаюцца, хоць і рэдка, прычым – на самым пачатку яго творчага шляху, пераклады з моў украінскай (скажам, зборнікі вершаў Л. Кастэнка “Лучи земли” і Д. Паўлычкі “Быстрина”, абодва 1960 г.), з некалькіх іншых. Аднак ад пачатку 1960-х гг. і да нашага часу ён – самаадданы паўпрэд-адналюб у братняй Расіі менавіта беларускай паэзіі.

У анталогію “Шаги”, як было сказана, увайшлі творы беларускіх паэтаў, якія жылі стагоддзе, а то і больш, таму назад, належалі да розных літаратурных кірункаў: рамантызму, рэалізму, мадэрнізму. Творы размешчаны па храналогіі іх узнікнення, як і ў звычайнай хрэстаматыі. Асобныя з іх (“Гутарка Данілы са Сцяпанам”, паэма Янкі Купалы “На Дзяды”, ранняя лірыка Якуба Коласа і інш.) на рускай мове з’явіліся ўпершыню. Зварот да параўнальнай паэтыкі паказвае: перакладчык усюды вытрымлівае асаблівасці вершаванай формы арыгіналаў – сістэму вершавання, вершаваны памер, строфіку, рыфміку, паэтычны сінтаксіс… Хаця, трэба адзначыць, не заўсёды гэта лёгка давалася: беларуская паэзія ХІХ ст. была пад моцным уплывам польскай сілабікі, якая ў рускай паэзіі спачыла яшчэ ў 1-й трэці ХVІІІ ст. Аднак і тут І. Бурсаў знаходзіць творчы выхад. Эквіметрычнасць і эквірытмічнасць захоўваецца дзякуючы спандэям, шматлікім пірыхіям, рытмічнай пераакцэнтуацыі. Як, у прыватнасці, пры ўзнаўленні верша Янкі Лучыны “Роднай старонцы” (1891):

Ты распахнулась лесами, болотами,

Нивами тощими, пущею серою,

Мати-землица, и умолотами

Нас ты не балуешь полною мерою.

Сын твой в лаптях и дырявой сермяге,

В серою землю уставясь незряче,

Едет в несмазанной колымаге,

Которую тащит сонная кляча… [2, 93].

Параўнаем з арыгіналам:

Ты параскінулась лесам, балотам,

Выдмай пясчанай, неураджайнаю,

Маці-зямліца, і умалотамі

Хлеба нам мерку не даш звычайную.

А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,

З лыка пляцёныя лапці абуўшы,

Едзе драбінамі ці калымагаю,

Конем, што цягне, як бы заснуўшы… [4, 27–28].

У гэтым перакладзе, як і ў большасці іншых, мы сустракаем пэўныя адступленні ад арыгінала: “апушчэнні” (выдмай пясчанай, едзе драбінамі), “прырашчэнні” (пущею серою, в несмазанной колымаге, в серую землю уставясь незряче). Аднак узноўлены дамінантныя вобразы, асаблівасці вершавання. Захавалася галоўнае – паэтычнасць арыгінала, яе вялікасць Паэзія.

Анталогію беларускай паэзіі І. Бурсава можа выкарыстоўваць не толькі г. зв. “шырокі чытач”. Ёй можна карыстацца ў якасці вучэбнага дапаможніка пры вывучэнні гісторыі беларускай літаратуры адпаведнага перыяду. А часам – і гісторыі літаратуры рускай, гісторыі самой Расіі. У гэтым сэнсе паказальны пераклад славутай паэмы “Тарас на Парнасе” (50-я гг. ХІХ ст.) з яскравым партрэтам афіцыйнага пісакі Булгарына (“сивый // И круглобокий, как чурбан, // Уж очень с виду некрасивый”), а таксама яго “товарища” – Грэча, якія пішчом лезуць на Парнас:

І все с собою тащат книжки,

Ручьями с бедных льётся пот.

А кто-то хрипло – от одышки –

Не то пищит, не то орёт:

«Полегче, братцы, не душите

Мой фельетон вы и «Пчелу»,

Меня ж немедля пропустите

И не держите за полу!

Не то я прикажу газетам

Облаять вас на целый свет,

Как Гоголя минувшим летом, –

Ведь я редактор всех газет!» [2, 41].

А ў гэты час – “…вдруг все разом зашумели // И расступились в два конца. // Как птицы, мимо пролетели // Четыре добрых молодца. // Был вид у этих не таковский – // Сам Пушкин, Лермонтов, Жуковский // И Гоголь быстро мимо нас // Промчались прямо на Парнас” [2, 42]. Маючы на ўвазе бурсаўскі пераклад паэмы, варта адзначыць, што гэта не першае яе рускамоўнае ўзнаўленне. У свой час яе перакладалі такія выдатныя майстры мастацкага перакладу, як Міхаіл Ісакоўскі і Міхаіл Лазінскі. Пераклад І. Бурсава, трэба адзначыць, вытрымлівае творчае спаборніцтва з папярэднімі ўзнаўленнямі твора.

У вершаванай аповесці “Халімон на каранацыі” (1857) В. Дуніна-Марцінкевіча вачыма відавочцы ўспрынята і пяром паэта яскрава апісана, а пяром перакладчыка – выдатна ўзноўлена па-руску, каранацыя Аляксандра ІІ у лютым 1855 года. Вось як гучыць гэта ў рускамоўным перакладзе::

Над землею зорька стала золотиться,

День настал желанный – ожила столица!

Люди веселятся, всюду слышны крики,

Что прибыть изволит в город царь великий.


От Тверской заставы до Кремля столица

Вся принарядилась, как к венцу девица.

Окна и крылечки убраны атласом,

А рисунков разных – не охватишь глазом!

Как цветет на грядках мак, бывает, летом –

Расцвела Москва вся самым ярким цветом.


А людей повсюду! Ахнешь поневоле,

Как густых колосьев на широком поле:

Люд везде толчется, у Кремля собрался –

Кто залез на крышу, кто на столб взобрался,

На крыльцах иные места покупали,

За одно по двадцать целковых давали [2, 59–60].

Можа ўзнікнуць заканамернае пытанне: І. Бурсаў пераклаў многіх беларускіх паэтаў, але ці ўсе яго пераклады аднолькава высокай якасці? Відавочна, адказ тут не можа быць цалкам станоўчы. Хаця б па той простай прычыне, што любая мастацкая творчасць (а пераклад – гэта ж творчасць!) не гарантуе заўсёды выдатны вынік. У творчасці бываюць як узлёты, так і спады. Да таго ж, “перакладчык-шматстаночнік”, які ўзнаўляе многіх іншанацыянальных пісьменнікаў, сустракаецца і з аўтарамі, чáсава і стылёва яму не блізкімі, нават далёкімі. Перакладчыка няўдачы могуць падсцерагаць і тут. Хаця таленавіты і вопытны прафесійны перакладчык (а менавіта такім з’яўляецца І. Бурсаў) знаходзіць, як правіла, выхад і ў дадзенай сітуацыі. Гэтаксама як артыст шырокага творчага амплуа можа сыграць самыя розныя ролі, перакладчык “шырокага профілю” можа падладзіцца пад стыль і няблізкага яму паэта, загаварыць ягоным голасам.

А гэты “голас”, як відаць ужо з прыведзеных прыкладаў, розны ў розных паэтаў. Аднак пры мастацкім перакладзе неадменна ўзнікае і творчы дуэт. Асабліва тады, калі сам перакладчык – яскравая творчая асоба, як у выпадку з І. Бурсавым. У паэтычным рознагалоссі – варта толькі прыслухацца – заўсёды чуюцца і “ноткі” перакладчыка. Яны – у паважлівым стаўленні да арыгінала, у імкненні захаваць яго нацыянальную спецыфіку, стылёвую адметнасць, у выкарыстанні беларусізмаў (бульба, горелка, лирник вясковы, девчина і г. д.), у дакладнай перадачы беларускіх тапонімаў і антрапонімаў… Праўда, што да апошняга, то ў кніжцы “Шаги” нямала і прыкладаў разбежак у гэтай перадачы. Так, разам з дакладным напісаннем: Веригааревский, Чачот, Барадулин, Панюшковичи, Беларусь і інш. – тут жа на іншых старонках сустракаецца: Веригоеревский, Чечот, Бородулин, Понюшковичи, Белоруссия і інш. Але гэта ўжо – прэтэнзія не так да перакладчыка, як да выдаўцоў анталогіі беларускай паэзіі, яе рэдактара і карэктара…

У заключэнне хачу выказаць і вялікае шкадаванне. Анталогія беларускай паэзіі І. Бурсава “Шаги” выйшла ў прыватным мінскім выдавецтве Віктара Хурсіка ў колькасці… 64 экземпляраў. Знамянальны штрышок да не надта спрыяльных знешніх умоў сучаснага руска-беларускага паэтычнага перакладу! Ды ўсё ж будзем спадзявацца, што не толькі мы, але і паважаны перакладчык дачакаецца перавыдання анталогіі ў адным з вядомых дзяржаўных выдавецтваў у самой Расіі, і значна большым тыражом, як таго яна і заслугоўвае.

Літаратура



  1. Бурсов, И. Слово по кругу: избранные переводы с белорусского / Иван Бурсов. – Минск: Маст. літ., 1981. – 240 с.

  2. Бурсов, И. Шаги: антология белорусской поэзии: статьи, перевод на русский язык / Иван Бурсов. – Минск: Издатель Виктор Хурсик, 2011. –272 с.

  3. Рагойша, В. П. Проблемы перевода с близкородственных языков: белорусско-русско-украинский поэтический взаимоперевод. – Минск: Изд-во БГУ, 1980. – 184 с.

  4. Лучына, Я. Творы: вершы, нарысы, пераклады, лісты / Янка Лучына; уклад., прадм. і камент. У. Мархеля. – Мінск: Маст. літ., 2001. – 208 с.





: bitstream -> 123456789 -> 109976
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)
109976 -> Івана бурсава (паводле аўтарскай анталогіі “Шаги”)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка