Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур



старонка1/4
Дата канвертавання17.06.2016
Памер0.82 Mb.
  1   2   3   4


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ
ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ

Кафедра славянскіх літаратур


ВОСТРЫКАВА А. У.

«СУЧАСНАЯ ЧЭШСКАЯ ЛІТАРАТУРА:

ВЕРНУТЫЯ ІМЁНЫ»

(СПЕЦЫЯЛЬНЫ КУРС)

Для студэнтаў спецыяльнасці

D 21 05 03 “Славянская філалогія”

МІНСК
2004

УДК


ББК

В

А ў т а р – с к л а д а л ь н і к



А. У. Вострыкава,

Р э ц э н з е н т

С. В. Саладоўнікаў, кандыдат філалагічных навук,

дацэнт кафедры сусветнай літаратуры

Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры
Рэкамендавана на пасяджэнні Вучонага савета

філалагічнага факультэта 2004 г.

пратакол №
«Сучасная чэшская літаратура: вернутыя імёны» (спецыяльны курс) / Аўт-склад. А.У.Вострыкава—Мн.: БДУ, 2004.—50 с.
У прапанаваным выданні змешчаны матэрыялы па чэшскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў: даецца характарыстыка асноўных тэндэнцый развіцця, мастацкіх пошукаў, літаратурнай сітуацыі ў сучаснай Чэхіі. Акцэнт робіцца на творчасці пісьменнікаў, якія былі забаронены альбо не мелі магчымасці друкавацца ў перыяд так званай «нармалізацыі» у Чэхаславакіі. Падбор манаграфічных лекцый невыпадковы: усё гэта сучасныя аўтары, якія прызнаны мэтрамі чэшскага прыгожага пісьменства другой паловы-канца ХХ стагоддзя, хоць шырокая аўдыторыя пазнаёмілася з імі толькі пасля 1989 г. Дапаможнік уключае таксама спіс літаратуры па гісторыі сучаснай чэшскай літаратуры і творчасці дадзеных аўтараў.

Курс лекцый разлічаны на студэнтаў славянскага аддзялення філалагічнага факультэта і адрасаваны тым, хто вывучае чэшскую мову і літаратуру. Ён можа чытацца ў якасці спецыяльнага курса і як частка асноўнага курса па гісторыі чэшскай літаратуры адпаведнага перыяду, а таксама ўваходзіць у склад інтэгральнага курса па гісторыі славянскіх літаратур для студэнтаў спецыяльнасці “Славянская філалогія”. Адначасова прапанаваны курс лекцый можа зацікавіць студэнтаў іншых спецыяльнасцяў, аспірантаў і выкладчыкаў ВНУ, больш шырокае кола чытачоў увогуле.



УДК

ББК

В
Вострыкава А.У. 2004

БДУ, 2004




УСТУП

Курс лекцый “Сучасная чэшская літаратура: вернутыя імёны” разлічаны на студэнтаў славянскага аддзялення філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта і адрасаваны тым, хто вывучае чэшскую мову і літаратуру. Ён можа чытацца ў якасці спецыяльнага курса і як частка асноўнага курса па гісторыі чэшскай літаратуры адпаведнага перыяду, а таксама ўваходзіць у склад інтэгральнага курса па гісторыі славянскіх літаратур для студэнтаў спецыяльнасці “Славянская філалогія”. Адначасова прапанаваны курс лекцый можа зацікавіць студэнтаў іншых спецыяльнасцяў, аспірантаў і выкладчыкаў ВНУ, больш шырокае кола чытачоў увогуле.

Курс з’яўляецца лагічным працягам вывучэння праблем і пытанняў, якія асвятляюцца на лекцыях, семінарскіх занятках па дадзенаму перыяду.

Выданне мае на мэце паглыбленне літаратуразнаўчай кампетэнцыі студэнтаў, спрыянне лепшай арыентацыі ў сучасным літаратурным працэсе. Ставіцца задача як мага шырэй прадставіць лепшых чэшскіх пісьменнікаў другой паловы-канца ХХ стагоддзя, вяршынныя творы чэшскай літаратуры з улікам іх ідэйнай, мастацкай, эстэтычнай вартасці, разнастайнасці тэматыкі, жанравых форм, вобразна-выяўленчых сродкаў, стылёвых асаблівасцей.

Гісторыя чэшскай літаратуры і культуры другой паловы ХХ стагоддзя да апошняга часу з-за шэрагу пэўных гістарычных падзей мела шмат “белых плямаў” нават для носьбітаў нацыянальнай ментальнасці, мовы, і два апошнія дзесяцігоддзі сталі вельмі значнымі для чэшскай літаратуры ў сэнсе паўнавартаснага запаўнення такіх лакун. Сёння чэшскі і сусветны чытач урэшце рэшт у поўным аб’ёме і без забарон знаёміцца з выдатнейшымі імёнамі і творамі. Складанасць сучаснага чэшскага літаратурнага працэсу ў тым, што ўсе тры плыні, існаваўшыя дагэтуль (афіцыйна выдаваўшаяся літаратура, самвыдат, эмігранцкая літаратура) у 90-я гг. зліліся у адзін магутны паток, таму наша мэта – прэзентаваць шэраг «вернутых імёнаў», ахарактарызаваць творчасць абраных пісьменнікаў у кантэксце развіцця чэшскай і сусуветнай літаратуры і адначасова даць агульную панараму жыццёвага і творчага шляху такіх аўтараў, акрэсліць магчымыя вектары для параўнальнага аналізу.

Змест і структура выдання прадугледжвае ўзмацненне ролі самастойнага абагульнення і засваення студэнтамі асаблівасцей твораў, вывучэнне і аналіз розных інтэрпрэтацый у крытычнай літаратуры, знаёмства з большасцю тэкстаў у арыгінале (на жаль, перакладаў твораў на беларускую і рускую мову прапанаваных выдатнейшых чэшскіх пісьменнікаў сучаснасці пакуль вельмі мала).


Сучасная чэшская літаратура:

сітуацыя, асноўныя тэндэнцыі развіцця, мастацкія пошукі

Пра найноўшую чэшскую літаратуру мы можам меркаваць толькі прыблізна, паколькі гаворка ідзе пра жывы літаратурны працэс, дасюль не абмежаваны. Чытачы і літаратурная крытыка пачынае ўсяго толькі звяртаць увагу і пазначаць, акрэсліваць некаторыя літаратурныя тэндэнцыі, як, напрыклад, адхіленне ад постмадэрнізму. Спатрэбіцца пэўны часавы адрэзак, каб занесці на мапу чэшскага пісьменства асобных аўтараў, ацаніць іх мастацкую каштоўнасць і комплексна прааналізаваць шэраг літаратурных з’яў, а, магчыма, і даць ім імя , паставіць іх на нейкае пазначанае месца.

Больш за ўсё нас цікавіць чэшскі літаратурны працэс 90-х гг. Паслялістпадавы пераварот 1989 г. выклікаў у чэшскім грамадстве не толькі палітычныя змены, ён стаў пачаткам і значных літаратурных пераўтварэнняў. Быў зрушаны падзел на літаратуру афіцыйную і неафіцыйную. Усе тры плыні, існаваўшыя дагэтуль (афіцыйна выдаваўшаяся літаратура, самвыдат, эмігранцкая літаратура) у 90-я гг. зліліся у адзін магутны паток, хаця пэўны час яшчэ захоўвалі свае адрозныя рысы і характарыстыкі. Феномен чэшскай літаратурнай сітуацыі апошніх дзесяцігоддзяў у тым, што на прылаўках магазінаў апынулася адразу ўсё. Паўстала праблема выпрацоўкі новых крытэрыяў для ацэнкі літаратурных твораў, без аглядкі на тое, калі і ў якіх умовах гэта стваралася. Зніклі цэнзурны падыход, дзяржзаказ і дзяржкантроль, якія з некаторымі перапынкамі існавалі амаль з 30-х гг. Літаратурнае жыццё пачало развівацца без штучных перашкод. Распаўся Саюз чэшскіх пісьменнікаў, утварылася новая мастацкая арганізацыя Obec spisovatelů, якая аб‘ядноўвае літаратараў розных ідэйных і мастацкіх пазіцый. З выдавецтваў і міністэрства культуры адышлі скампраметаваўшыя сябе чыноўнікі. Эмігранцкія выдавецтвы цэнр сваёй дзейнасці перанеслі на радзіму. Узніклі сотні новых выдавецтваў, якія лавінай абрушылі на чытача кнігі забароненых раней аўтараў (Вацуліка, Гавэла, Шкворэцкага і інш.). Дасягнула росквіту папулярная масавая літаратура, пашырыліся кантакты з цэлым светам. Пры гэтым парадаксальна, але факт, сёння ў чэшскай літаратуры амаль страчваецца сувязь з блізкай славацкай літаратурай. Пашыраецца колькасць перакладных твораў і, як вынік, уздзеянне сусветнай літаратуры на мастацкую эстэтыку чэшскіх празаікаў і паэтаў. Перастаў існаваць Literární měsíčník, але з самвыдацкага падполля выходзяць Lidové noviny і множства розных літаратурна-культуралагічных часопісаў (Kritický sborník, Revolver Revue, Střední Evropa, Proglas, Akord, Tvar). Прыйшла ў заняпад “фучыкаўская” Tvorba, але новае жыццё атрымалі Literární noviny.

Наступіла тая свабода, пра якую тужыла цэлае пакаленне чэшскіх пісьменнікаў. Аднак многія даследчыкі літаратуры адзначаюць небывалы літаратурны хаос, паколькі да чытачоў разам прыходзяць творы розных часавых пластоў, розных ідэйных кірункаў, кнігі, што гадамі і дзесяцігоддзямі ляжалі ў шуфлядах, і модныя сезонныя навінкі. Але недзе ў сярэдзіне 90-х з’явіліся вельмі сур’ёзныя і прафесійныя выданні, якія дапамагаюць арыентаваццаў у гэтым літаратурным моры апошніх дзесяцігоддзяў. Тут можна згадаць Panoramu české literatury (1994), Slovník české prozy 1945-1994 (1994), Slovník českých spisovatelů od roku 1945 (1995) і нек. інш. Нямала ўвагі даследчыкі надаюць і каментаванню асобных сучасных твораў, множацца аналітычныя працы, артыкулы, прысвечаныя разгляду асобных перыядаў, літаратурных пакаленняў, развіццю жанраў, адносінам палітыкі і літаратуры. Тым не менш, чэшская літаратура і асоба пісьменніка ў 90-я гады страчвае тую ролю, якую яны адыгрывалі да 1989 г. на працягу стагоддзяў (і гэта без перабольшвання). Паэзія і проза сталі проста прыватнай справай, якая больш не аказвае значнага ўплыву на грамадскае жыццё, як было да таго. З гэтай думкай можна даволі часта сутыкнуцца на старонках чэшскіх літаратурных выданняў. Прэстыж і павага, якую адчувалі пісьменнікі ад часоў рамантызму да эпохі авангардных школ, на думку многіх сучасных аналітыкаў, прыкметна паменьшыліся. Спецыфічна чэшская „будзіцельская“ роля літаратара-мастака канула ў небыццё. Нават той факт, што на чале дзяржавы пасля аксамітавай рэвалюцыі становіцца пісьменнік Гавэл, драматург Угдэ ўзначальвае парламент, а прэм‘ер-міністр Клаус з‘яўляецца членам ПЭН-клуба ўспрымаецца большасцю чэхаў сёння як збег абставін, а не доказ ролі літаратуры ў сучасным грамадстве. Адзін з вядомейшых сёння чэшскіх пісьменнікаў Іржы Кратахвіл з сумам падкрэслівае, што місіянская функцыя літаратуры, якую яна несла з часоў чэшскага нацыянальанага адраджэня, згасае. Кнігі не ўспрымаюцца больш як культавыя рэчы, што заўсёды было характэрна для чэшскай культурнай традыцыі.

Аднак такое становішча не можа быць вечным. Ужо цяпер з‘явіўся шэраг новых імёнаў у чэшскай літаратуры. Гэта Тыплт, Піжл, Крэмлічка, Касал, Яхім Топаль, Спраўцава, Муррэр, Т.Кафка, з сярэдняга пакалення Айваз, Годрава, Ржэзнічак і інш., якія больш не бачаць мастака як рупар нелітаратурнай ідэі. У духу постмадэрнізма яны лічаць літаратуру і мастацтва складнікамі чалавечай свядомасці. Яны чаргуюць розныя пункты гледжання і розныя ракурсы аповеду ў сваіх творах, як гэта робіць адзін з самых папулярных на сённяшні дзень чэшскіх празаікаў Міхал Вівэг, які стварае ў сваіх кнігах новыя падобы мастацкай праўды, якую нельга ні “ідэйна” падцвердзіць, ні пераіначыць. Гульня паміж рэальнасцю і фікцыяй, да якой звяртаецца Вівег, вабіць вельмі многіх сучасных чэшскіх пісьменнікаў. Фантастыка і містыфікацыя становяцца амаль самымі распаўсюджанымі рысамі тэкстаў чэшскіх літаратараў, як у заўчасна памершага Пятра Ракаса.

Цяпер у чэшскай літаратуры прадстаўлена адначасова некалькі пакаленняў з рознай мастацкай і эстэтычнай арыентацыяй. Паспрабуем у гэтай вялікай колькасці вылучыць пэўныя тэндэнцыі, тэмы, схільнасці. Сярод пісьменнікаў-дэбютантаў пераважаюць паэты. Даследчыкі жартуюць, што іх амаль столькі, колькі чытачоў. Няпэўнасць і неўсталяванасць самой эпохі спрыяе таму, што сучасная чэшская паэзія вельмі часта выступае як сваесаблівая тэрапія схільнасці да самазабойства. Тут можна згадаць вершы Мілана Корала, Рамана Скленічкі. Але не заўсёды такія лекі дзейсныя, на што ўказвае дабравольнась адыходу з жыцця такіх талентаў, як Міхал Чапек, Петр Ракас, Лукаш Томін альбо Яраслаў Коцвера. Даволі прадстаўнічай плынню 90-х гг. становіцца спірытуалістычная паэзія, якая проста перажывае рэнесанс. Прыхільнікі гэтага кірунку абапіраюцца перш за ўсё на ідэі каталіцкага веравучэння (Пётр Боркавец, Мілаш Долежал, Эвальд Муррэр, Даніэла Седлачкава, Пётр Чыхонь, Павел Петр і нек. інш.). Сярод паэтаў вылучаецца таксама група, якая вельмі крытычна ставіцца да паслялістападавага развіцця і чые творы часта набываюць форму і характар палітычнага памфлета. Гэта Алоіс Рэйх, Ярамір Семела, Ян Вальны і інш. Гэтыя літаратары бачаць свой ідэал у творчасці паэтаў кшталту Карла Сыса, Данііла Строжава. Новую хвалю папулярнасці перажывае чэшскі сюррэалізм у творах Алены Надворнікавай, Францішка Дрые, Андрэва Ласса, Яраміра Тыплта.

Паміж новымі чэшскімі аўтарамі шэраг прыхільнікаў знайшоў постмадэрнізм. Усімі прызнанай сучаснай класікай сталі тэксты Марціна Камарэка, Пятра Коўдэлькі, Пятра Ульрыха. Постмадэрнісцкая паэтыка, бясспрэчна, паўплывала на самага чытабельнага з маладых чэшскага празаіка Міхала Вівэга, які выклікае шмат неадназначных і спрэчных ацэнак сваімі кнігамі. Тое ж можна сказаць і пра Йіржы Драшнара, чые раманы вылучаюцца вялікім скепсісам. З паэтаў даніну постмадэрнісцкаму светабачанню аддалі Пётр Ракас (галоўным клопатам якога сталі моўныя эксперыменты і фармальныя іннавацыі), Яраслаў Піжл, Яраслаў Ванчы. Рысы постмадэрнізму выяўляюцца ў творах Яхіма Топаля, Пятра Плацака, Зузаны Брабцавай, Вацлава Душака, Ёзафа Фрайса, Яраслава Вэйса, Яны Чэрвенкавай, Зэна Достала, Вацлава Ямэка, Уладзіміра Мацуры, Йіржы Кратахвіла, Даніэлы Годравай, Яна Кржэсадлы, Міхала Тржэшціка, Аляксандры Беркавай, Здэнэка Заплетала і нек. інш.

Адной з найвыразнейшых тэндэнцый чэшскай літаратуры першай паловы 90-х гг. стала аўтарская ды й чытацкая схільнасць і цікавасць да дзённікавай і мемуарнай літаратуры. Даследчыкі чэшскай літаратуры (напрыклад, Павел Яноўшэк) гавораць нават пра гіпертрафію названага жанру. Кнігі ўспамінаў Йіржы Совака, Уласціміла Бродскага, Мілаша Копецкага ў літаратурных і камерцыйных рэйтынгах займаюць першыя радкі. Сваеасаблівай жанравай мадыфікацыяй мемуарнай літаратуры сталі так званыя размовы са знакамітымі пісьменнікамі, акторамі і г.д. Падобныя размовы выдаюцца тоўсымі кнігамі і выклікаюць значную ўвагу аўдыторыі. Форма і характар чэшскай мемуарыстыкі вельмі разнастайныя: ад традыцыйнай рэканструкцыі жыццёвага і творчага шляху (Ян Боўз, Нонна Аўска), да філасофска-культуралагічнай рэфлексіі выбітных асоб навукі і культуры (Здэнэк Кожмін, Сяргей Махонін, Ёзэф Вашэк) альбо аўтабіяграфічных споведзяў маладых зорак спорту, поп-музыкі і кінематаграфіі (Ярамір Ягр, Лоў Фананэк Хагэн, Ігар Хаўн). Адной з рыс сучаснай мемуарыстыкі стаў выразны эксгібіцыянізм. Таму не дзіўна, што з’явіліся і пародыі на гэты папулярны сёння жанр (Ян Антанін Піцінскі), і нават міфічныя фальшывыя аўтабіяграфіі, як напрыклад, у Патрыка Оўршэдніка. Пэўнага рэнесансу дачакаліся і жыццяпісы, галоўным чынам, так званых пакутнікаў веры, і тых знакамітых людзей, чыім лёсам стала цяжкая хвароба. Сярод аўтараў такога кшталту твораў можна назваць Карэла Дахоўскага, Пятра Пагорскага, Антоніі Гофманавай.

Традыцыйна значнае месца ў панараме сучаснай чэшскай літаратуры займае гістарычны раман. Адрознасць гістарычнай прозы 90-х гг. ад папярэдняй традыцыі ў тым, што большасць аўтараў скарыстоўвае фармальныя прыёмы і постмадэрнісцкія падыходы да гістарычнага матэрылу (Уладзімір Мацура, Уладзімір Кёрнер, Здэнэк Шмід). На тэму чэшска-нямецкіх гістарычных стасункаў піша Вацлаў Вокалек. Моўную рафінаванасць і погляд на рэчаіснасць без ілюзій спалучае ў сваіх гістарычных творах малады аўтар Макс Марыска. Йіржы Драшнар вылучыўся сваёй мадыфікаванай сямейнай сагай “Пра рэвалюцыі, тайныя таварыствы і генетычны код”.

Нельга абмінуць увагай багатую старадаўнімі традыцыямі чэшскую гумарыстычную і сатырычную плынь у літаратуры. Актуальную грамадскую сатыру спрабуе ўвасобіць Здэнэк Блажэк. Да мінуўшчыны звяртаюцца Тэафіль Б.Кулка, Уладзімір Кунцытр. Вельмі лёгкія гумарыстычныя чытанні пра жыццё з братамі нашымі меньшымі належаць Міраславе Моўчкавай, Іржы Махалэку, Ірэне Сэгнеравай. Гумарыстычныя і сатырычныя элементы сталі неаддзельнай часткай прозы Міхала Вівэга, які ў кнізе “Нечаканыя ідэі ласкавага чытача” стварыў іранічныя пародыі на сваіх тытулаваных калег (Багуміла Грабала, Ёзэфа Шкворэцкага, Мілана Кундэру, Эрнэста Хэмінгуэя і іншых). Цікава, што і сам Вівэг разам з некаторымі маладымі чэшскімі літаратарамі стаў тэматычным аб’ектам пародыі ў рамане Багуслава Ванька-Увальскага.

Прынята вылучаць жаночую і феменістычную літаратуру. Ідэі фемінізму развівае ў сваіх творах Карола Біедэрманава, Эва Гаўсэрава. Адной з таленавіцейшых пісьменніц-жанчын сёння прызнана Даніэла Годрава, мастацкі свет якой часта параўноўваюць з творамі Ладзіслава Фукса. Ні больш ні меньш як культавую пісьменніцу ўспрымаюць Даніэлу Фішэраву. Масавага поспеху сваімі кнігамі дасягнула Галіна Паўлоўская. Сугестыўную экзістэнцыяльную рэфлексію над жаночым лёсам увасобіла ў вершах Віола Фішэрава. Сярод малодшых чэшскіх паэтак вылучаецца сваім талентам Бажэна Спраўцава. У межах так званага “чытання для жанчын” плённа працуе Вера Ржэгачкава. Блізкасць да ўзаемапранікнення літаратуры і мастацтва рэпрэзентуе ў сваіх літаратурных спробах Алена Надворнікава.

Дастаткова прадуктыўна развіваецца на сучасным этапе чэшская навуковая фантастыка (Ян Главічка, Іван Кмінэк, Ёзэф Пэцыноўскі, Вільма Кадлечкава). Камбінацыю фантастыкі і чорнага гумару ўяўляюць сабой творы Эрвіна Крба. Узбагаціць і абнавіць названы жанр спрабуе Яраслаў Мостэцкі. Характэрна, што многія чэшскія аўтары-фантасты выдаюць свае кнігі пад англійскімі імёнамі.

Адчыненасць дзярджаўных межаў стала пасля лістапада 1989 г крыніцай новага літаратурнага феномену. Павышэнне моўнай адукаванасці і міжнародных стасункаў вызвалі да жыцця напісанне і выданне твораў чэшскіх аўтараў на іншых мовах (Луваш Томін, Алеш Углірж) альбо на дзвюх мовах (Вера Вейсліцава). І наадварот, чэшская мова стала сродкам самавыражэння прадстаўнікоў іншых народаў (славакі Якуб Бернард і Ёзэф Юнас, паляк Францішак А. Белашэўскі).

Такім чынам, можна канстатаваць шматлікасць і разнастайнасць мастацкіх тэндэнцый у сучасным чэшскім літаратурным жыцці. Трэба ўлічваць і тое, што не ўсе імёны і з’явы яшчэ атрымалі сваю ацэнку і месца.


Мы засяродзім сваю ўвагу на творчасці так званых “вернутых” чэшскіх аўтараў, якія былі забаронены і не мелі магчымасці друкавацца ў перыяд “нармалізацыі” у Чэхаславакіі і былі адкрыты шырокім чытачом вольнай Чэхіі толькі пасля 1989 г. Сёння большасць з гэтых пісьменнікаў – актыўныя ўдзельнікі жывога літаратурнага працэсу, арганізатары пісьменніцкіх форумаў і ўсе яны -- гонар чэшскай нацыі і культуры.
Эган Гостаўскі (Egon Hostovský)
23.4.1908, Гронаў – 7.5.1973, Монтклэйр
Празаік Эган Гостаўскі нарадзіўся ў Гронаве 23 красавіка 1908 г. у сям’і Ёзэфа і Бедржышкі і быў апошнім з васьмі дзяцей. Бацьку было тады 47, маці 38 гадоў. Бацька быў яўрэям па паходжанню, валодаў разам з братам тэкстыльнай фабрыкай. Пазней Эган пісаў пра жыццё іх сямей у гады першай сусветнай вайны ў кнізе “Літаратурныя прыгоды чэшскага пісьменніка на чужыне” (“Literarní dobrodružství českého spisovatele v cizině”). Першая сусветная вайна прынесла матэрыяльную нястачу ў сем’і Гостаўскіх і смерць ад сухот Марты і Макса, сястры і брата Эгана. У 1919 г. Э.Г. стаў вучнем рэальнай гімназіі ў Нахадзе. Не вылучаўся ў матэматыцы, але паспяхова займаўся гуманітарнымі прадметамі. Быў “белай варонай” сярод аднакашнікаў. На гэта значна паўплывала захапленне творчасцю Дастаеўскага. Такая літаратурная арыентацыя праявілася ўжо ў першым творы “Зачыненыя дзверы” (“Zavřené dveře“), які з’явіўся яшчэ ў гады вучэння ў 1926 г. Крыху раней Гостаўскі надрукаваў некалькі апавяданняўу студэнцкімм часопісе ў выдавецтве Баравога. У 1923 г. выйшла апавяданне “Чалавечнасць” (“Lidskost”) пад псеўданімам H.Noge. Годам пазней былі надрукаваны творы “З лядовай імперыі” (“Z ledové řiše““ a „На поўначы“ („Na severu“). Апошні быў ужо апублікаваны пад уласным імем. Э.Г. друкаваўся на Мараве, у 1927 выдаў раман „Сцежка ўздоўж дарогі“ (Stezka podel cesty”), “Астраўскі дзённік” друкаваў раман з працягам “На выгане” (“Ve výhnu”). Такая незвычайная прадуктыўнасць і плённасць яшчэ пад час сярэдняшкольнага навучання выклікала ўвагу крытыкаў (А.М.Пішы, В.Чэрнага) і сведчыла пра інтэнсіўнасць літаратурных інтарэсаў маладога аўтара.

З 1927 г. Гостаўскі вучыцца на філасофскім факультэце Карлава Універстіэта, у 1929 г. некаторы час правёў у Вене. 1928 г. азнаменаваны з’яўленнем рамана “Гетта ў іх” (“Ghetto v nich”), 1930 г. -- рамана “Данайскі дар” (“Danajský dar”).

У 1932 г. Гостаўскі ажаніўся і да 1939 г. жыў з жонкай у Празе. У 1936 г. нарадзілася дачка Вольга. Амаль кожны год Гостаўскі выдаваў па кнізе, акрамя таго пісаў для часопісаў “Гост”, “Ліст”, “Кварт” і інш. Вельмі сябраваў з Іванам Ольбрахтам, праз яго пазнаёміўся і пасябраваў з Сэйфертам, Галасам, Горай, Заграднічакам, Вацлавам Чэрным, які стаў першым крытыкам пісьменніка. Цікава тое, што ўсе сябры Гостаўскага былі розных жыццёвых і ідэйных поглядаў: іудаіст Іржы Лангер, камуніст Ф.Галас, католік Ян Чэп.

Адносіны Эгана Гостаўскага да яўрэйскага пытання і сама тэматыка многіх твораў сведчыць пра тое, што ён лічыў яўрэйскую традыцыю крыніцай свайго існавання. Ён разумеў і адлюстроўваў паралель паміж лёсам яўрэйства і лёсам чалавека ў сучасным свеце.

У 1937 г. Гостаўскі паступіў на службу ў МЗС. 25 студзеня 1939 г. паехаў у Бельгію, дзе выйшаў у перакладзе яго раман “Падпальшчык” (“Žhář”), а пасля акупацыі Чэхаславакіі па парадах сяброў і сям’і вырашыў застацца за мяжой. Па ўзаемнаму пагаджэнню жонка папрасіла пра развод, каб захаваць сябе і дачку ад пераследвання. Адчужэнне ад сям’і пісьменнік пераносіў вельмі цяжка. Пра гэта сведчыць і яго кніга “Лісты з выгнання” (“Listy z vyhnanství”) і нават фатаздымкі таго часу. Праз Францыю Гостаўскі апынуўся ў Партугаліі. Там атрымаў амерыканскую візу. У 1941 г. ён ужо зноў працаваў, на гэты раз у амбасадзе Чэхаславакіі ў Нью-Йорку. У 1945 г. Э.Г. змог усталяваць кантакты са сваёй жонкай і даведацца пра трагічны лёс сям’і: бацька памёр, тры яго сястры разам са сваімі сем’ямі былі забітыя ў канцэнтрацыйных лагерах.

У 1946 г. Гостаўскі прыехаў па пісьменніцкай лініі на радзіму і прабыў там тры тыдні. Ён хацей застацца ў Чэхаславакіі і зноў вярнуўся туды ў 1947 г. са саёй другой жонкай і двухгадовай дачкой Ярмілай. А тым часам у выдавецтве Мелантрых выходзілі яго замежныя ( напісаныя за мяжой) раманы і новы раман “Чужынец шукае кватэру” (“Cizinec hledá byt”). Цікава тое, што на тыя часы Гостаўскі быў адзін з нямногіх чэшскіх перадваенных празаікаў, які быў вядомы за мяжой.

Паступова на пісьменніка пачынае давіць атмасфера Прагі тых часоў, пра гэта, дарэчы, успамінае і Грэм Грын, які сустракаўся з Гостаўскім у 1948 г. Э.Г. едзе ў Нарвегію, зноў вяртаецца ў Чэхаславакію. Урэшце рэшт эмігруе ў ЗША. Там жыве шмат яго сяброў, там ён трэці раз ажаніўся. Двое яго дзяцей ад трэцяга шлюбу размаўлялі толькі па-англійску. Але як мастак Гостаўскі ніколі не змог падабрацца да амерыканскай тэматыкі. Ён назаўсёды застаўся чэхам-выгнаннікам з пачуццём самоты. Свае раманы пісаў выключна па-чэшску. Толькі потым іх перакладалі на англійскую мову. Не зблізіўся ён ні з якімі эмігранцкімі коламі. Не стаў ні пад адзін прапар. Быў увесь час адасобленым і самотным. Сваю тугу па Еўропе спрабаваў пераадолець праз двухгадовы побыт у Даніі (1964-1966). Але яго амерыканская сям’я не адчувала сябе добра, і ён быў вымушаны вярнуцца ў ЗША. Перыяд другой эміграцыі Гостаўскага цягнуўся 16 гадоў і пачаўся раманам “Прапаўшы без звестак” (“Nezvěstný”), які выйшаў у 1950 г. у перакладзе на дацкую мову. Скончыўся перыяд раманам “ Тры ночы” (“Tři noci”) (1964). Акалічнасці ўзнікнення гэтых кніг сам пісьменнік дае ў главе “Мая неамерыканская трагедыя” з “кнігі успамінаў” “Літаратурныя прыгоды чэшскага пісьменніка за мяжой”.

У раманах Гостаўскі бесперапынна шукае нейкі ўніверсальны код, знаходка якога выправіць дэфармаваныя адносіны паміж чалавекам і светам. У аўтарскім жыцці праблемы камунікацыі адыгрывалі вельмі значную ролю, паколькі Гостаўскі быў чэшскім пісьменнікам у Амерыцы, жыў у чужой моўнай прасторы без прамых кантактаў з роднай мовай і культурай. У творах сваёй другой эміграцыі увага Гостаўскага засяроджваецца выключна на лёсе эмігранта. Іх жыццё бачыцца пісьменнікам як трагічная ізаляцыя. Ніколі Э.Г. не стварае міф пра эміграцыю як пачатак новага жыцця, надзею. У мастацкім свеце пісьменніка эмігрант заўсёды перажыве перманентны крызіс ідэнтычнасці. Дарэчы, такая ідэйная пазіцыя спрыяла ізаляцыі самога аўтара ў эмігранцкіх колах. Э.Г. імкнуўся быць як мага далей ад палітыкі і працаваў доўгі час на радыё Свабодная Еўропа.

У 1968 г. СП Чэхаславакіі запрасіў Гостаўскага прыехаць. Былі набытыя білеты, але зварот на адбыўся. Гостаўскі перапісваўся з Грубіным, Сэйфертам, дачкой Ольгай. Будучы цяжка хворым, планаваў наведаць Еўропу ў 1973 г., але хвороба і смерць 7 красавіка 1973 г. не дазволілі зрабіць гэта. Вось такім быў лёс аднаго з лепшых чэшскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

Сам Гостаўскі называў сябе перш за ўсё апавядальнікам, а ні філосафам альбо сацыёлагам. Літаратуразнаўцы называюуь яго адным з лепшых майстроў сучаснай чэшскай прозы. Гостаўскі лічыцца інтэлектуальным пісьменнікам, і яго творчасць адносяць да плыні чэшскай інтэлектуальнай прозы. Сам пісьменнік быў у многіх землях, перажыў шмат падзей, пазнаёміўся з многімі лёсамі, тройчы быў жанаты, большую частку жыцця правёў у эміграцыі, там жа і памёр. Моцны ўплыў на яго зрабіў позні сімвалізм і ранні экспрэсіянізм. На інтэлектуальнае развіццё пісьменніка найбольш паўздзейнічала сястра Ірма, якая сама ў 18 гадоў вывучыла англійскую мову, навучылася іграць на фартэп’яна і была вельмі моцнай асобай. Яна выконвала Эгану творы Бетховена, Моцарта, Дворжака. Менавіта пад яе ўплывам ён прачытаў Д.Лондана, Сцівенсана, Пшэбышэўскага, Дастаеўскага, Тургенева, Сенкевіча. У гады вайны сястра пісьменніка разам з дзецьмі і мужам загінула ў канцлагеры. Аднак яна паспела прывіць Гостаўскаму схільнасць і звычку да самаадукацыі. За сваё жыццё чэшскі творца апублікаваў 24 кнігі. Усё, акрамя 2-х публіцыстычных, -- беллетрыстыка. У кнігах Гостаўскага згадваецца каля 130 імёнаў розных пісьменнікаў. Аднак мацней за астатніх на яго паўздзейнічаў Дастаеўскі. Увогуле, літаратура была другім жыццём для Эгана Гостаўскага. Акрамя эпітэта інтэлектуальная, да яго прозы можна скарыстаць эпітэт філасофская. У філасофскім сэнсе на яго паўплывалі ўжо названы Дастаеўскі, Ф.Кафка, К.Чапэк, Г.Грын, псіхааналіз З.Фрэйда, Талмуд, Біблія, а таксама чэшскі яўрэйскі філосаф Індржых Когн. Вяршыня творчасці Гостаўскага – раман “Усеагульная змова” (“Všeobecné spiknutí”) (1960).

Творчасць Гостаўскага таксама можна паставіць у залежнасць ад філасофіі экзістэнцыялізма. Асноўным творчым прынцыпам для чэшскага пісьменніка заўсёды з’яўлялася паліфанічная структура, паліфанічная кампазіцыя яго раманаў. Напрыклад, раман Сцежка ўздоўж дарогі ствараецца як пэўная аналогія “Преступления и наказания” Дастаеўскага (на ўзроўні героеў). У раманах Гостаўскага вельмі часта сустракаецца і матыў двайніка (асабліва паказальны апошні раман Тры ночы 1964). Нярэдка ў творах экзістэнцыяльная праблематыка перарастае ў праблемы сацыяльныя і палітычныя. Аднак ніколі сацыяльная праблематыка не адасобліваецца ад праблем асобы. Для творчасці Гостаўскага характэрны тэмы жаху, дабра і зла, хлусні і праўды. Экзістэнцыяльныя сітуацыі творца любіць даводіць да абсурда. Для яго цікавай з’яўляецца і праблема разбурэння камунікацыі і чалавечых стасункаў у сучасным свеце, неразуменне чалавека чалавекам, паколькі яны размаўляюць на розных мовах (“Паўночны пацыент” /“Půlnoční pacient“/, „Дабрачынны вечар“ /„Dobročinný večírek“/, „Прапаўшы без звестак“ /„Nezvěstný“/).

Сапраўднымі і вартаснымі жыццёвымі каштоўнасцямі для Гостаўскага і яго герояў з‘яўляюцца сапраўднае каханне і вялікае сяброўства. Значная роля ў творах адводзіцца сэксуальным, эратычным матывам (“Усеагульная змова”, “Паўночны пацыент“, “Тры ночы”). Для Гостаўскага гэта частка маральнай антрапалогіі, пошук шляхоў да разумення і кантакту з “не-я”. У рамане “Чужынец шукае кватэру” выступае на першы план “Хворая эротыка”. Раман “Тры ночы” увогуле называюць баладай пра каханне і смерць. Тэма смерці займае даволі значнае месца ў кнігах Гостаўскага (простае паміранне, ваеннае знішчэнне, забойства і самазабойства і г. д.). У яго вельмі адчувальны настрой дэкаданса з ўласцівым яму ценем смерці. Дарэчы, у чэшскага пісьменніка нават у назвах прыкметная гэта “хвароба”, “хваравітасць”. Так, першая кніга Зачыненыя дзверы мела падзагаловак “Хворыя прозы” (“Nemocné prozy”) і змяшчала сем навялікіх апавяданняў. Чэшскі даследчык А.М.Піша адзначае схільнасць Гостаўскага да псіхалагічнай тіпізацыі, таму што ў кнізе свет персанажаў герметычна зачынены асабістымі псіхалагічнымі праграмамі. Многія раманы абнаружваюць схільнасць да псіхааналіза.

Мастацкі свет Эгана Гостаўскага – гэта імкненне пераадолець бездань паміж адзінотай індывіда і незразумелым светам. Для Гостаўскага вельмі значнае пытанне віны, якое ён разумее як адбітак дзеяння чалавека ў касмічных структурах. Апавядальнік Гостаўскага, як і ў Кафкі, Джойса, пазбаўлены ўсіх традыцыйных каштоўнасцей. Ён праз парабалы шукае новыя адносіны паміж індывідам і космасам. Менавіта таму ў Гостаўскага вельмі значную ролю адыгрываюць шматзначныя аналогіі і аніякай ролі не адводзіцца дыдактыцы. А феномен віны становіцца адным з найзначнейшых структурных і тэматычных прынцыпаў творчасці.

Тэксты твораў Гостаўскага поўняцца шматлікімі сімвалічнымі матывамі, да якіх мы можам аднесці



  • Прасторавую сімволіку (радзіма, дом, інтэр’ер): гэта сімвалічныя матывы, якія характарызуюць становішча чалавека ў прасторы, яго арыентацыю ў ёй. Адносіны герояў да прасторы ў творах пісьменніка можна пазначыць як амбівалентныя – гэта адкрытасць-закрытасць. Закрытасць часта сімвалізуецца гетта, зачыненымі дзвярамі, зачыненай комнатай (“Усеагульная змова”, “Паўночны пацыент“). Закрытасць – гэта недахоп прасторы, цемра, абмежаванасць рухаў, беднасць адносін, адзінота. Адкрытасць – гэта свабода, усведамленне парадку і ўладкаванасці. У Гостаўскага адкрытасць часта сімвалізуецца ветрам. Дарэчы, увогуле вецер і сімволіка колеру (блакітнага, жоўтага, залатога) – самыя частотныя сімвалы („Страчаны цень“ /„Ztracený stín”/ 1931).

  • Тэмпаральныя (часавыя) сімвалы, якія адлюстроўваюць часавую свядомасць герояў. Тут можна разважаць пра абмежаванасць-неабмежаванасць. Неабмежаванасць часу звязваецца з адкрытасцю, абмежаванасць з закрытасцю. Звычайна падзеі ўспрымаюцца героямі Гостаўскага з унутранай перспектывы. Час для пісьменніка – незалежны феномен. Вертыкаль метафізічнай віны і быцця чалавека Гостаўскі супрацьпастаўляе бясконцаму гарызонту ракі часу.

  • Міфічныя сімвалы – сімвалічныя матывы, якія ўказваюць на нейкую культурную традыцыю (рэлігійныя, філасофскія, гістарычныя, літаратурныя і інш. матывы).

Можна казаць і пра пэўны тып героя раманаў чэшскага пісьменніка. Звычайна гэта чалавек, які ўсведамляе няпэўнасць свайго асабістага быцця, шмат рэфлексуе. Адзінота, ізаляцыя, абсалютны скепсіс, песімізм вылучаюць большасць яго персанажаў. Як правіла, гэта асоба па-за ідэалогіяй і рэлігіяй. Героі Гостаўскага адрозніваюцца імем, узростам, сацыяльным становішчам, але гэта амаль заўсёды адзін і той жа чалавечы тып. “Чалавек у абмежаванай прасторы” – так можна вызначыць экзістэнцыяльныя сітуацыі яго герояў. Адсюль вельмі частотны сімвал дома і радзімы ў творах пісьменніка.

Першыя творы Гостаўскага вылучаліся ўплывам эстэтыкі экспрэсіянізма. Ён уступіў у літаратуру як экспрэсіяніст, быў адным з прадвеснікаў чэшскага экспрэсіянізма. Трэба заўважыць, што ў выглядзе спецыфічнай сімволікі ўсю яго творчасць прасякала і яўрэйская традыцыя.


Іржы Груша (Jiří Gruša)
10.11.1938, Пардубіцэ
Паэт, празаік, перакладчык, аўтар літаратурнакрытычных артыкулаў. Нарадзіўся ў сям’і тэхнічнага служачага. Скончыў адзінаццацігадовую школу ва ўсходне-чэшскім горадзе Пардубіцэ, у 1957-1962 гг. вучыўся на філасофскім факультэце Карлава Універсітэта (спецыяльнасць філасофія і гісторыя). З 1960 г. працаваў у якасці радактара новых прагрэсіўных літаратурных часопісаў. У 1963 г. разам з іншымі стаў заснавальнікам часопіса “Tvář”, з 1966 г. супрацоўнічае ў часопісе “Sešity”. У 1967 г. рэдагаваў штодзённік “”Nové knihy”, у 1969 г. быў рэдактарам штонядзельніка “Zítřek”. Потым змяніў шмат прафесій. Пераследваўся за нібыта парнаграфічны раман “Мімнер (“Mimner”), у 1978 г. быў пасаджаны ў турму за раман “Апытальнік”. У 1980 г. атрымаў стыпендыю Macdowel Сolony у ЗША. У 1981 г. быў пазбаўлены чэхаславацкага грамадзянства і пасяліўся ў ФРГ. Жыў у Боне, дзе яго заспела „аксамітавая рэвалюцыя“. Ён вярнуўся на радзіму, а потым зноў у Германію як амбасадор вольнай чэшскай дзяржавы. 90-я гг. сталі перыядам адыходу ад літаратурнай творчасці і часам захаплення палітыкай.

Дэбютаваў у часопісах у 1960 г. Супрацоўнічаў з Divadlem za branou. Перакладаў Кафку, Рыльке. Пісаў казкі для радыё.

Цікава тое, што Іржы Груша – гэта асоба паміж палітыкай і літаратурай. Яго імя добра вядома тым, хто цікавіцца палітыкай не толькі ў Чэхіі, але і ў Германіі. Звязана гэта з тым, што ён з 1991 па 1997 гг. працаваў чэшскім амбасадорам у Германіі і цяпер на той жа пасадзе працуе ў Аўстрыі. Але да таго, як стаць палітыкам і дыпламатам, Груша прайшоў вельмі бурлівым шляхам літаратара: паэта, празаіка і перакладчыка. Дарэчы, гэта кар’ера і зараз не скончана, паколькі ў 2002 г. ён выдаў новы зборнік вершаў з чэшска-нямецкай назвай “Grusas Wacht am Rein”. Пакуль невядома, ці будзе Іржы Груша працягваць займацца творчасцю.

Іржы Груша належыць да чэшскага літаратурнага пакалення 1968 г., якое было багата на паэтаў, якія натхняліся сюррэалізмам 30-40-х гг., але падыходзілі да яго па-свойму, уносячы ў сюррэалізм гумар, іронію, сатыру на камуністычныя парадкі 60-х гг. Тое тычыцца і паэзіі Іржы Грушы: у 1962 г выходзіць яго паэтычны зборнік “Ранец” (“Torna”), у 1964 г. “другі зборнік “Светлы тэрмін“ (“Světlá lhuta”). Але пасля 1968 г. творчасць у такім духу і кірунку ўжо была немагчымая. Груша ў новых умовах пачынае пісаць па-новаму. З’яўляецца чарговы зборнік вершаў “Практыкаванні-пакуты” (“Cvičení-mučení”) 1969 г., галоўнай характэранй рысай якога па-ранейшаму застаецца іронія і сарказм.

Потым пісьменнік звяртаецца да празаічнай творчасці і піша першы сатырычна-фантастычны раман “Мімнер, альбо гульня ў смядзючага” (“Mimner aneb Hra o smraďocha“) 1972. Некаторыя крытыкі вызначаюць жанр твора як антыўтопію. У рамане ў форме лістоў невызначанаму адрасату апісваецца неіснуючы, жорсткі і прымітыўны народ Калпадокаў, сярод якога нечакана апынуўся тыповы еўрапеец – апавядальнік рамана. Самае пачэснае пры завяршэнні жыцця ў калпадока – гвалтоўная смерць, і апавядальніку, урэшце рэшт, прыдзецца супраць свайго жадання забіць гаспадара Басіка з дома, дзе ён жыве. Сам апавядальнік таксама памірае распаўсюджаным у Калпадоцыі спосабам. У творы значнае месца займае складнік моўнай гульні, як ў мове апавядальніка, так і пры апісаннях мовы калпадокаў, калі канстатуецца складанасць яе семантыкі. Ужываецца шмат аўтарскіз неалагізмаў і стылёва зніжанай лексікі. Раман – гэта абсурдная гісторыя пра дэградацыю асобы ў дэфармаваным грамадстве, што можна спраецыраваць на сітуацыю ў Чэхаславакіі тых часоў. Прапанаваны твор можна ўспрымаць як алегарычны раман і споведзь аўтара пра стан унутранага і знешняга свету. Раман аўтар пачаў друкаваць у часопісе „ Sešity” пад псеўданімам Самуіл Люіс, але цэнзары раскрылі імя сапраўднага аўтара. Выйшла толькі адна глава, дзе апісваўся спосаб кахання калпадокаў у гамаке, пасля чаго часопіс зачынілі і аўтара арыштавалі. Судовае разбіральніцтва было проста абсурдным і таму праз некалькі месяцаў яго спынілі.

Пасля скандалу вакол рамана аўтар страціў магчымасць друкаваць свае творы легальна і перайшоў на “самвыдацкі спосаб існавання”. У 1972 г. праз выдавецтвы самвыдату з’явіліся навэлы ”Дамскі гамбіт” („Dámský gambit“), “Доктар Кокеш” (“Dr Kokeš Mistr Panny”).

У прозе Груша цягацее да нетрадыцыйных жанраў і формаў апытальніка, дзённіка, да формы фіктыўнага ліста альбо апісання падарожжа.

1975 год знамянальны для Грушы заканчэннем рамана “Апытальнік”, які віталі многія прадстаўнікі неафіцыйнай чэшскай культуры, напрыклад знакаміты бард Яраслаў Гутка. Аднак дзяржаўная паліцыя зноў арыштавала Грушу у сувязі з яго творчасцю. На гэты раз ён правёў у турме значна большы час, а пасля свайго асвабаджэння ў 1981 г пагадзіўся на навуковую камандзіроўку ў ЗША.

Большасць замежных і чэшскіх крытыкаў (Гелена Коскава. Вацлаў Чэрны, Пехар, Лопатка, Фішэр, Петржычак і інш.) згодныя паміж сабой і называюць раман “Апытальнік, альбо малітва за адзін горад і аднаго сябра” (“Dotazník, aneb Modlitba za jedno město a přítele”) адной з самых знакамітых кніг пасляваеннай літаратуры. Яна адхіляецца ад традыцыі, якая проста стала канвенцыяй. Кніга пакідае ў баку літаратуру, якая нараджалася з упэўненасці, што самая значная сфера, дзе разыгрываюцца ўсе гісторыі, гэта сацыяльная прастора паміж людзьмі. Груша шукаў галоўнае месца дзеяння прама ў чалавеку. Паводле яго поглядаў, сам чалавек – універсум цікавых асаблівасцяў, прыгод, тугі альбо канфліктаў. Аўтар спрабуе адчыніць дзверы гэтага мікракосму і зазірнуць унутр.

У 1976 г. раман атрымаў Прэмію Іржы Колара за найлепшы невыдадзены пячатна твор чэшскага аўтара, у 1978 г. – Прэмію Эгана Гостаўскага. Пасля скандалу 1958 г. з “Баязліўцамі” Шкворацкага сітуацыя паўтарылася. 2 чэрвеня 1978 г. Груша быў абвінавачаны ў тым, што напісаў “Апытальнік”, пагадзіўся з яго выданнем ў выдавецтве “Petlice”, перакладам на нямецкую мову і выданнем у Германіі. Разбіральніцтва справы было праз два месяцы прыпынена і пасля самвыдатаўскага выдання і публікацыі ў Таронцкім выдавецтве супругаў Шкворацкіх раман з’явіўся не толькі на нямецкай, але і на галандскай, шведскай, англійскай, французкай мовах у 1979-1980 гг. і толькі ў 1990 г. быў афіцыйна выдадзены Atlantis па-чэшску. Логіка аўтара перамагла логіку моцы, хаця ў 1980 г. Іржы Груша быў вымушаны пакінуць Чэхаславакію.

Раман уяўляе сабой эксперыментальны празаічны твор са стылізаванымі суб’ектыўнымі пластамі аповеду, у якім расказваецца пра часы нармалізацыі ў Чэхаславакіі. Твору папярэднічаюць цытаты з Плутарха і лялечнай гульні М.Копецкага.

Раман адгаляў і рабіў смешным псеўдалегітымнасць тагачаснай чэшскай улады, за якой урад замацаваў права пранікаць у самыя патаемныя і найінтымнейшыя бакі чалавечага жыцця і зрабіў грамадзяніна безабароннай ахвярай кадравых анкет, дзе нічога нельга было ўтаймаваць, дзе кожны быў адказны не толькі за свае ўчынкі і погляды, але нават за сваё паходжанне. Аўтар імкнуўся не да палітычнага пратэсту ў сваім творы, але спрабаваў даць паэтычны вобраз канфлікту асобы з безасабовым апаратам сілы, які жадае перавесці бясконцую множнасць натуральнага свету ў плоскасць фальшывай абстрактнай аб’ектыўнасці, сістэму.

Творы Іржы Грушы адлюстравалі атмасферу 70-х гг. у Чэхаславакіі, какфлікт чалавека з уладай, таталітарнай сілай, светам, прычым цэнтрам цяжару і ўвагі было не сацыяльнае, а індывідуальнае, чалавечыя адносіны. Супрацьстаянне аўтар падае альбо гратэскна, альбо абсурдана, але гэта не апрыёрная канцэпцыя літаратара. Груша не цікавіцца ніякімі тэзісамі і іх інтэрпрэтацыяй. Ён проста стварае сюжэт са свайго “тэатра свету” і карыстаецца сродкамі старымі, як сама літаратура.

Увесь раман кампанаваны як размова апавядальніка са сваім сябрам Паўлендай, для якога заапаўняецца анкета з чыста швейкаўскім імкненнем у адказы ўціснуць сваё жыццё, вербалізаваць не толькі свой вопыт, але і фантазіі, сны, расказаць усё пра паходжанне, родных дома і за мяжой, пра эпоху, у якую жыве. Гумар гэтай кнігі менавіта ў тым, што падкрэсліваецца абсурднасць спробы змясціць усё пералічанае вышэй ў рубрыкі і тэрміналогію кадравай анкеты. Жыццё ў вуснах апавядальніка стала паказвае немагчымасць сваёй адназначнасці, а таксама зрывае маску важнасці і законнасці з вельмі многіх рэчаў і рэалій. У творы асабліва яўна гэта раскрываецца ў “Prohlášení o semeni”, дзе параўноўваюцца дзве бюракратычныя сістэмы, нямецкі фашызм і рускі камунізм. Яны падаюцці як прынцыпова аднолькавыя, з іх расавай чысцінёй і класавым паходжаннем. Цікава, што апавядальнік для свайго сябра Паўленды часта перакладае на нямецкую мову сказанае. Чаму? Магчыма, каб лепш падкрэсліць дэгуманізаваныя фразы розных сістэм.

У багатай галерэе эпізадычных герояў дамінуюць і выдзяляюцца два антыподы, дзядзька Бонэк і Олін. Бонэк атаясамлівае рэчаіснасць з апаратам моцы, ахвотна падпарадкоўвае яму свядомасць і лічыць яе настроем гэтага апарату. Лозунгамі яго жыцця становяцца парадак, прыстасаванасць, адназначнасць, паслухмянасць. Паступова ён пераўтвараецца ў нейкага тэхнолага функцыянавання, “нявіннага” разбуральніка натуральнага, прыроджанага свету ў імя нейкіх фальшывых вышэйшых ідэй.

Для Оліна, наадварот, нябачнае -- гэта рэальнасць, а бачнае – падман і памылка. Яго жыццёвы лёс, ў адрозненне ад Бонкава, прадвызначаны індывідуальнай свядомасцю і гістарычна тыповы: лётчык, пасля 1945 г. уладальнік піваварні, пазней палітычны вязень, рабочы, але перш за ўсё апавядальнік аўтаравых сноў, знаўца астралогіі, таварыш у яго вылазках у свет фантазій, які абуджае здольнасць бачыць пад паверхней рэчы і падзеі.

Іранічная спроба аўтара паказаць вычарпальны вобраз свайго жыцця перарастае паступова ў паэтычную метафару пра бясконцую мнагаграннасць рэчаіснасці. Мікракосм апавядальніка – гэта чаргаванне і перасячэнне рэальнасці і фантазіі, свядомасці і падсвядомасці , рамантызму і натуралізму, вульгарнасці і пачуццяў, душы і цела, абмежаванасці чалавечага пазнання і бесперапыннага імкнення да вышэйшых сфер. Такое чаргаванне і складае галоўны кампазіцыйны прынцып рамана. Хранатоп твора даволі складаны, паколькі наўмысна перамешваюцца розныя часы і прасторы. Іржы Груша свядома хоча выступіць у ролі сваеасаблівага “хронанаўта”, здольнага бачыць і мінулае і будучае, пераўтварыцца ў свайго продка 18 стагоддзя і ў яго процілегласць. Рэальна дзеянне адбываецца на працягу трох дзён з 17 па 19 верасня і абмежавана двайным наведваннем трыццаціпяцігадовага архітэктара Яна Хрыстасома (=Златаўстага) Кепкі пражскай фірмы Граніт, дзе ён жадае атрымаць месца praporaře. Гэта яго шаснаццатая спроба знайсці больш мешьш трывалае месца працы. Дагэтуль ён ужо запаўняў 15 апытальнікаў. Цяпер з дапамогай кадравіка і аднагодкі Паўленды герой спрабуе запоўніць новую анкету, праз якую спасцігне сваё жыццё. Кожнае пытанне выклікае ўспаміны і разважанні, пранікненне ў мінулае сям’і і роднага Хлумцэ, пакуль не ператвараецца ў дэманстрацыю гратэскнай абсурднасці пытанняў прапанаванай анкеты.

Мінулае стварае не толькі паралелі да сучаснасці праз выклад урыўкау ў Гісторыі горада Хлумцэ Росіна, але прысутнічае як складнік гэтай сучаснасці праз падсвядомасць, з’яўляецца напамінам пра прыватнасць і адзінкавацсь чалавечага жыцця. Лёсы людзей і гарадоў пазначаюцца ў гісторыі, чаму аўтар дае ў рамане шматлікія прыклады.

Адным з выразных знакаў паэтыкі Іржы Грушы становяцца анімалістычныя знакі чалавечых характараў: конь, сабака, матыль, котка набываюць значнае, нават шматзначнае сімвалічнае значэнне і часта паўтараюцаа ў творы ў якасці лейтматываў. Эратычныя вобразы рамана таксама чэрпаюцца аўтарам са света раслін і звяроў. Эпічная пабудова твора поўніцца лірычнымі адступленнямі і снабачаннямі.

Ідэнтычнасць апавядальніка пастаянна мяняецца: то ён малое дзіця, то бацька, то юнак, які перажывае свае адносіны з жанчынамі, то кадравы работнік і г.д. Дыялог у рамане можна лічыць фальшывым, хаця ўвесь аповед звернуты да сябра Паўленды, паколькі сам дыялог адцягнены толькі на аднаго субяседніка. На аднаго прамоўцу. Другі амаль не прысутнічае. Тэкст мае біблейныя алюзіі, уздымаецца пытанне веры. Само імя галоўнага персанажа нагадвае візантыйскага старадаўняга прапаведніка Яна Хрыстостомаса, з тэкстаў якога даюцца пэўныя цытаты ў творы.

Прынцып аповеду літаратуразнаўцы параўноўваюць з класічнай мадэллю рамана “Трыстрам Шэндзі” Лоўрэнса Стэрна. Матывы і паэтызацыя мовы, тып вобразатворчасці, фантастычныя элементы дазваляюць разглядаць “Апытальнік” у параўнані з творамі Г.Граса, І.Кратахвіла, Д.Годравай, З.Брабцавай.

Многія даследчыкі творчасці Іржы Грушы ўпэўнены, што ў метафарах Грушы-празаіка пазнаецца Груша-паэт з яго засяроджанасцю на моўных формах, цягаценнем да новаўтварэнняў, якія набываюць эстэтычную функцыю і павінны звярнуць увагу чытача на бездань паміж шматформнасцю жыцця і абмежаванай здольнасцю мовы, няхай і паэтычнай, гэта выразіць і ўвасобіць.



Як гаворыць Jiří Trávníček: „Pro Grušu - prozaika je vůbec příznačné znejasňování, problematizace jak standardizovaných jistot, tak samotného epického živlu; autor rozkládá jeho kauzalitu, ať už prvky grotesky a absurdity (Mimner aneb Hra o smraďocha, ed. Petlice, sv. 32, 1976, Praha 1991), nebo montáží několika žánrů a vypravěčských perspektiv, rozštěpováním celistvosti postav, jejich záměnami a prostupováním (Dámský gambit aneb II ritorno ďlllisse in Patria, ed. Petlice, sv. 31, 1973, Toronto 1979); stejně příznačné je pro autora zaujetí detailem, jeho bezmála fenomenologické zření, tj. vytržení ze souvislostí, v nichž se běžně nachází a v nichž zaujímá pouze účelové (nezaznamenání-hodné) místo. Přitom některé detaily, které jsou vyvázány z účelového ladu světa, se v Grušově vyprávění jakoby osamostatňují a vytvářejí svého druhu návratné refrény, čili proměňují se v objekty rituální, magické... stávají se místy přímého dotýkání světa, to znamená prvotní, ničím nepředurčené zkušenosti, kdy lidská mysl ještě nehodnotí a nezařazuje jevy do pojmových systémů, kdy ještě svět vnímá v jeho předmětnosti - fascinací... Tímto konkrétním přilnutím k jevům, ke skutečnosti prvotní jako by se v Grušovi stále ... hlásil básník." (Dotazník, aneb Modlitba za jedno město a přítele, v knize Český Parnas, Praha, 1993, s.105-106).

: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D1%8F%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96%D1%85%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80 -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Бажэна Немцава. Першая жанчына-пісьменніца ў чэшскай літаратуры
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт філалагічны факультэт кафедра славянскіх літаратур
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> А. У. Вострыкава выразнік чэшскай ментальнасці
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Праблема магчымасцей чалавечага пазнання ў творах міхала айваза
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Вострыкава Алена Уладзіміраўна Чэшскі пісьменнік Ёзаф Шкворацкі і англаамерыканская літаратура
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Практычныя заняткі Паэма “Май” як вяршыня паэзіі Махі
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Алена Вострыкава Мастацтва рамана Мілана Кундэры Раман як кропка адліку
%D0%92%D0%BE%D1%81%D1%82%D1%80%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%20%D0%90.%D0%A3 -> Творчасць Бажэны Бенешавай у кантэксце развіцця чэшскай псіхалагічнай прозы першай паловы ХХ стагоддзя


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка