Беларускі дзяржаўны універсітэт



Дата канвертавання18.06.2016
Памер195.5 Kb.
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ЗАЦВЕРДЖАНА

Вучэбна-метадычным аб’яднаннем

ВНУ Рэспублікі Беларусь

па гуманітарнай адукацыі

7 красавіка 2006 г.

Рэгістрацыйны № ТД-ДГ.021/тып.

ГІСТОРЫЯ
БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Вучэбная праграма

для вышэйшых навучальных устаноў

па спецыяльнасці 1-21 05 01

Беларуская філалогія

Мінск


“РІВШ”

2006


УДК 811.161.3’36’0(075.4)

ББК 81.2 Беи-2

Г51

Рэкамендавана да зацвярджэння


ў якасці тыпавой
Вучэбна-метадычным Cаветам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта 1 лютага 2006 г. (пратакол №5);

кафедрай гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта 17 cтудзеня 2006 г. (пратакол №7)

Складальнікі:
доктар філалагічных навук, прафесар Л. М. Шакун;

кандыдат філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта В. П. Красней;

кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта Г. І. Кулеш;

кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта Г. К. Ціванова;

кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта М. І. Свістунова

Рэцэнзенты:


кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С. Пушкіна М. М. Аляхновіч;

кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай


мовы Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Э. В. Ярмоленка


Г
Г51
історыя
беларускай мовы : вучэб. праграма для выш. навуч. устаноў па спецыяльнасці 1-21 05 01 Беларуская філалогія
/ склад.: Л. М. Шакун [і інш.]. – Мінск : РІВШ, 2006. – 32 с.


УДК 811.161.3’36’0(075.4)

ББК 81.2 Беи-2

© Афармленне. ДУА “Рэспубліканскі



інстытут вышэйшай школы”, 2006
Частка II. ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ

Тлумачальная запіска
Гісторыя беларускай літаратурнай мовы як філалагічная дысцыпліна з’ўляецца састаўной часткай агульнага курса гісторыі беларускай мовы.

У адрозненне ад гістарычнай граматыкі, што вывучае, як у працэсе гістарычнага развіцця складвалася фанетычная сістэма, граматычны лад і слоўнік беларускай мовы, як у выніку паступовых змен, што адбываліся ў вуснай і пісьмовай мове, праходзіла станаўленне сучаснага якаснага стану мовы, у курсе гісторыі беларускай літаратурнай мовы разглядаюцца тыя змены і працэсы, якія адбываліся менавіта ў літаратурнай мове, г.зн. у мове агульнанароднай, апрацаванай і творча развітай мастакамі слова, дзеячамі культуры і навукі.

Асноўная задача курса – у цеснай сувязі з гісторыяй беларускага народа, гісторыяй культуры і літаратуры раскрыць вытокі беларускай літаратурнай мовы, гісторыю яе фарміравання і развіцця ад старажытнасці да нашых дзён. Таму праграма прадугледжвае пры асвятленні шляхоў фарміравання, развіцця і ўдасканалення беларускай літаратурнай мовы асэнсаванне таго, як складваліся ў розныя гістарычныя перыяды яе суадносіны з іншымі мовамі (у першую чаргу з царкоўнаславянскай, польскай, украінскай, рускай) і народнымі гаворкамі, як фарміраваліся і чым вызначаліся яе функцыянальна-стылявыя разнавіднасці і якую ролю яны адыгрывалі ў развіцці і станаўленні літаратурнай мовы, як паступова выпрацоўваліся і ўпарадкаваліся яе нормы.

Развіццё кожнай мовы мае свае спецыфічныя заканамернасці, якімі абумоўлены характар тых ці іншых працэсаў у яе развіцці. Таму ў праграме значная ўвага надаецца сацыяльным фактарам, што самым непасрэдным чынам уплывалі на працэсы фарміравання і функцыянавання мовы беларускай народнасці, развіццё беларускай літаратурнай мовы ў перыяд Вялікага княства Літоўскага, у часы Рэчы Паспалітай, пасля далучэння Беларусі да Расіі, у савецкія і постсавецкія гады, што вызначаюць характар моўнай палітыкі ў сучаснай Беларусі, асаблівасці беларуска-рускага двухмоўя.

Тэарэтычныя звесткі па гісторыі беларускай літаратурнай мовы прадугледжаны праграмай у такім аб’ёме, засваенне якога паслужыць трывалай асновай для авалодання практычнымі ўменнямі і навыкамі аналізу пісьмовых помнікаў ХІ-ХХ стст. розных функцыянальна-стылявых разнавіднасцей (стыляў).
Уводзіны
1. Гісторыя літаратурнай мовы як асобная лінгвістычная дысцыпліна гістарычнага цыкла аб фарміраванні і функцыянаванні ў розныя гістарычныя перыяды замацаванай у літаратуры нармалізаванай пісьмовай разнавіднасці мовы народа. Прадмет і задачы курса гісторыі беларускай літаратурнай мовы.

Паняцце літаратурнай мовы і гістарычная зменлівасць яго зместу ў розныя эпохі развіцця грамадства. Нарматыўна-стылістычны падыход да моўных з’яў пры вывучэнні гісторыі літаратурнай мовы. Гістарычнасць літаратурна-моўнай нормы; праблема кадыфікацыі нормы. Паняцце стылістычнай сістэмы літаратурнай мовы ў гістарычным аспекце. Суадносіны паняццяў “літаратурная мова” і “мова мастацкай літаратуры”, “стыль мовы” і “індывідуальны стыль” (“стыль пісьменніка”, “стыль твора”) у гісторыі літаратурнай мовы.

Адносіны курса гісторыі беларускай літаратурнай мовы да курса гістарычнай граматыкі і іншых раздзелаў навукі аб беларускай мове; яго месца сярод тых лінгвістычных дысцыплін, што вывучаюць ужыванне мовы (у адрозненне ад іншых лінгвістычных дысцыплін, якія вывучаюць лад мовы).

Культурна-пазнавальнае і навукова-практычнае значэнне курса гісторыі беларускай літаратурнай мовы для падрыхтоўкі спецыялістаў-філолагаў, для вывучэння мовы і літаратуры ў сярэдняй школе.

2. Сувязь гісторыі літаратурнай мовы з гісторыяй народа, яго культуры і літаратуры. Непасрэдная абумоўленасць перыядызацыі гісторыі беларускай літаратурнай мовы найбольш важнымі падзеямі ў грамадска-культурным жыцці беларускага народа. Вылучэнне ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы трох асноўных храналагічных зрэзаў (перыядаў): 1) XI – пачатак XIV ст. – часы, з якіх пачынаецца літаратурна-моўная гісторыя ўсходніх славян (рускіх, украінцаў і беларусаў); 2) XIV – XVIII стст. – часы фарміравання і развіцця старабеларускай літаратурнай мовы; 3) ХІХ – ХХ стст., на працягу якіх склалася новая (сучасная) беларуская літаратурная мова як кадыфікаваная (нармалізаваная) сістэма. Праблема вылучэння асобных этапаў унутры асобных перыядаў у гісторыі беларускай літаратурнай мовы.

3. Крыніцы вывучэння гісторыі беларускай літаратурнай мовы. Творы (тэксты) розных жанраў старажытнай і сучаснай беларускай літаратуры (у шырокім сэнсе) як галоўная з гэтых крыніц; прынцыпы адбору і прыёмы навуковай інтэрпрэтацыі іх. Іншыя крыніцы


(філалагічныя распрацоўкі розных часоў, выказванні сучаснікаў пра развіццё літаратурнай мовы на пэўным гістарычным этапе і г.д.).
4. Кароткія звесткі пра вывучэнне гісторыі беларускай літаратурнай мовы ў дакастрычніцкі і паслякастрычніцкі час і афармленне яе ў асобную галіну беларускага мовазнаўства. Асноўныя працы па гісторыі беларускай літаратурнай мовы і іх ацэнка.
Літаратурная мова ўсходніх славян XI – пачатку XIV стст.
1. Сучасны стан пытання аб часе паяўлення пісьма на ўсходнеславянскіх землях, паходжанні літаратурнай мовы ўсходніх славян і ранніх этапах яе гісторыі. Традыцыйны погляд аб фарміраванні літаратурнай мовы ўсходніх славян на базе стараславянскай мовы шляхам паступовага напаўнення яе сродкамі жывога ўсходнеславянскага маўлення. Пашырэнне ў савецкі час погляду аб зараджэнні літаратурнай мовы ўсходніх славян на ўласнай моўнай аснове ў выніку ўзаемадзеяння яе з кніжнай стараславянскай мовай; вылучэнне ў сістэме літаратурнай мовы ўсходніх славян разнародных паводле паходжання стылістычных разнавіднасцей – тыпаў, або стыляў: а) кніжна-славянскага (паводле іншай тэрміналогіі – царкоўна-літаратурнага, царкоўна-кніжнага, кніжналітаратурнага) на стараславянскай аснове; б) народна-літаратурнага (інакш – свецка-літаратурнага), які вызначаўся складаным узаемадзеяннем народнай гаворкі ўсходніх славян і стараславянскай (царкоўнаславянскай) мовы; в) справаводнага (“дзелавога”), найбольш цесна звязанага з жывой усходнеславянскай гаворкай.

Меркаванне адносна паралельнага функцыянавання ў пісьменстве часоў Кіеўскай Русі дзвюх моў – царкоўнаславянскай (генетычна – стараславянскай) і набліжанай да жывога маўлення ўсходніх славян (старажытнарускай). Структурна-стылістычныя варыянты (лексічныя і граматычныя) у апошняй, абумоўленыя ўзаемадзеяннем у ёй царкоўнаславянскай і ўсходнеславянскай стыхій.

2. Грамадскія функцыі літаратурнай мовы ўсходніх славян старэйшай пары. Размежаванне пісьмовых помнікаў паводле іх моўнай асновы. Найбольшая распаўсюджанасць помнікаў на царкоўнаславянскай моўнай аснове. Уплыў царкоўнаславянскай мовы на тагачасную літаратурна-моўную творчасць усходніх славян, вядучая роля яе ў выпрацоўцы правапісна-граматычных нормаў, спосабаў і прыёмаў літаратурнага выказвання. Гістарычная абумоўленасць гэтай з’явы тагачаснымі сацыяльна-эканамічнымі і культурна-гістарычнымі фактарамі.

3. Характарыстыка мовы помнікаў усходнеславянскага пісьменства старэйшай пары – казанняў Іларыёна і Кірылы Тураўскага, жыційнай літаратуры, перакладных (з грэчаскай мовы) гістарычных аповесцей, твораў У.Манамаха, летапісаў, “Слова аб паходзе Ігаравым”, “Рускай праўды”, грамат і інш. Своеасаблівае месца так званых “дзелавых” помнікаў у


тагачасным пісьменстве; пы-танне аб правамернасці разгляду іх у гісторыі літаратурнай мовы. Адметнасць стылістычных адносін у літаратурнай мове ўсходніх славян старэйшай пары параўнальна з тымі, якімі характарызуюцца сучасныя ўсходнеславянскія літаратурныя мовы.

4. Пісьменства на тэрыторыі сучаснай Беларусі ХІ – ХІІІ стст. Агляд найбольш каштоўных пісьмовых помнікаў, створаных тут у гэты час; нязначнасць у іх вузкамясцовых моўных рыс.

5. Утварэнне ў ХІІ – ХІІІ стст. на тэрыторыі Русі новых феадальных аб’яднанняў. Мясцовыя рысы ў пісьмовых помніках асобных рэгіёнаў як адлюстраванне працэсу складвання асобных усходнеславянскіх літаратурных моў.

Старабеларуская літаратурная мова

1. Канцэпцыі этнагенезу беларусаў. Фарміраванне беларускай народнасці і яе мовы ў часы Вялікага княства Літоўскага.

2. Літаратурна-пісьмовыя помнікі XIV ст., створаныя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, працяг у іх традыцый усходнеславянскага пісьменства папярэдніх часоў. Адлюстраванне ў помніках (асабліва ў полацкіх, віцебскіх, смаленскіх гандлёвых дагаворах і граматах) беларускіх моўных рыс. Пашырэнне гэтых рыс з цягам часу ў розных пісьмовых помніках.

3. Складванне старабеларускай літаратурнай мовы ў яе функцыянальна-стылістычных разнавіднасцях ва ўмовах фарміравання беларускай народнасці. Выпрацоўка і замацаванне ў пісьмова-літаратурнай практыцы ХІV – ХVІІ стст. граматычна-правапісных асаблівасцей старабеларускай літаратурнай мовы, спецыфічных сродкаў і прыёмаў літаратурнага выказвання. Папаўненне лексікі і фразеалогіі старабеларускай літаратурнай мовы на ўласнай базе, а таксама праз запазычанне з іншых моў (асабліва польскай). Паступовае паслабленне ў старабеларускай літаратурнай мове царкоўнаславянскага ўплыву і адмежаванне яе ад царкоўнаславянскай мовы. Абазначэнне сучаснікамі старабеларускай літаратурнай мовы назвамі “русский язык”, “русская мова”, пазней – “простая мова” (“простый русский диалект”) для адрознення яе ад іншых моў (г.зн. і ад царкоўнаславянскай).

Узнікненне і распаўсюджанне на Беларусі кнігадрукавання. Значэнне выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і іншых дзеячаў тагачаснай беларускай культуры для ўдасканалення сродкаў і прыёмаў літаратурнага выказвання, граматычна-правапіснага афармлення старабеларускай літаратурнай мовы, збліжэння яе з жывой гаворкай народа.

4. Грамадскія функцыі старабеларускай літаратурнай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай і адносіны яе да літаратурнай мовы


ўкраінскай народнасці. Асноўныя этапы развіцця старабеларускай літаратурнай мовы.

5. Агульная характарыстыка структуры старабеларускай літаратурнай мовы на розных гістарычных этапах з пункту гледжання выкарыстання сродкаў жывой народнай гаворкі з яе дыялектнымі асаблівасцямі, захавання традыцый усходнеславянскага пісьменства (графічных, граматычна-правапісных, лексіка-стылістычных і г.д.), запазычання іншамоўных элементаў. Адсутнасць паслядоўнасці ў словаўжыванні, а таксама граматычна-правапісным афармленні помнікаў старабеларускага пісьменства; прычыны гэтай з’явы. Паняцце літаратурнай нормы ў дачыненні да старабеларускай літаратурнай мовы.

6. Функцыянальна-стылістычныя разнавіднасці старабеларускай літаратурнай мовы. Перабудова ў новых грамадскіх умовах атрыманай у спадчыну ад ранейшых часоў сістэмы стыляў і фарміраванне ў старабеларускай літаратурнай мове своеасаблівай сістэмы функцыянальна-стылістычных разнавіднасцей. Характарыстыка іх на матэрыяле разнастайных помнікаў пісьменства ХІV – ХVІІІ стст.

Асаблівасці мовы юрыдычна-дзелавых беларускіх помнікаў (у прыватнасці “Літоўскай метрыкі”, “Літоўскага статута”) і значэнне так званага “дзелавога” пісьменства для выпрацоўкі і замацавання фанетычных і граматычных рыс старабеларускай літаратурнай мовы, а таксама ўзбагачэння яе лексіка-фразеалагічных сродкаў.

Моўна-стылістычныя асаблівасці арыгінальнай і перакладной вершаванай і празаічнай мастацкай літаратуры, палітычнай сатыры, летапісаў, навуковай і гістарычна-мемуарнай прозы, палемічных твораў, перакладаў і арыгінальных помнікаў рэлігійнай літаратуры, а таксама іншых твораў ХІV – ХVIIІ стст., напісаных на так званай “рускай”, або “простай”, мове. Спецыфічныя ў розных помніках сродкі і прыёмы літаратурнага выказвання як праяўленне стылістычнай разнастайнасці старабеларускай літаратурнай мовы. Значэнне асобных твораў арыгінальнай і перакладной беларускай літаратуры ў гісторыі старабеларускай літаратурнай мовы.

7. Царкоўнаславянская кніжна-літаратурная мова (так званы “словенский”, “славяноросский язык”) на Беларусі ў ХІV – ХVІІІ стст.; сферы яе выкарыстання і паступовае ператварэнне ў культавую мову праваслаўнай царквы. Пытанне аб беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы.

З’явы, звязаныя з так званым другім паўднёваславянскім уплывам (адраджэнне знікшых з ужытку славянізмаў і архаізмаў, павелічэнне колькасці лексічных і фразеалагічных новаўтварэнняў кніжнага тыпу, ускладненне сінтаксічных канструкцый, насычэнне твораў моўна-выяўленчымі сродкамі кніжнага паходжання, якія надавалі стылю выказвання незвычайную квяцістасць і павышаную экспрэсіўнасць, новаўвядзенні ў графіцы, арфаграфіі і г.д.). Дадатныя і адмоўныя бакі гэтага ўплыву. Яго адлюстраванне ў помніках беларускага пісьменства.

Заняпад царкоўнаславянскай мовы на Беларусі ў перыяд знаходжання яе ў складзе Рэчы Паслалітай; прычыны гэтага заняпаду.

Роля царкоўнаславянскай мовы ў развіцці беларускай літаратурнай мовы.

Буквары і граматыкі ХVІ – ХVІІ стст. і роля іх (асабліва граматыкі М.Сматрыцкага) ва ўстанаўленні норм літаратурна-кніжнай мовы і ў пазнейшай граматычнай распрацоўцы ўсходнеславянскіх моў. “Граматыка словенская” Івана Ужэвіча – першая спроба апісання старабеларускай літаратурнай мовы XVI-XVII стст. Лексікаграфічныя працы гэтага часу.

8. Пагаршэнне ўмоў для развіцця пісьменства на беларускай мове пасля Люблінскай уніі 1569 г. Шырокае нематываванае пранікненне ў творы беларускага пісьменства канца ХVІ – ХVІІ стст. паланізмаў і лацінізмаў; выкарыстанне тагачаснымі беларускімі пісьменнікамі стылістычных прыёмаў польска-лацінскага пісьма. Заняпад пісьменства на беларускай мове пад канец XVII ст. у выніку ўзмацнення сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту на Беларусі ў сувязі з наступіўшай панска-каталіцкай агрэсіяй. Барацьба беларускага народа супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту, за права карыстацца роднай мовай на пісьме.

Забарона польскімі ўладамі ў канцы XVII ст. выкарыстоўваць беларускую мову ў справаводстве. Паступовае выцясненне старабеларускай літаратурнай мовы з афіцыйнай перапіскі і іншых відаў пісьменства. Абмежаваная колькасць вядомых у наш час помнікаў, створаных на беларускай мове ў XVIII ст.

9. Беларускія інтэрмедыі ХVІІ – ХVІІІ стст. Характар выкарыстання ў гэтых творах жывой гаворкі беларускага народа. Адыход у іх ад традыцый старабеларускай літаратурнай мовы і зараджэнне новых формаў і прыёмаў літаратурнага выказвання.

10. Канчатковы заняпад старабеларускай літаратурнай мовы ў неспрыяльных гістарычных умовах; спыненне яе далейшага развіцця.



Новая беларуская літаратурная мова

1. Далучэнне Беларусі да Расіі ў канцы XVIII ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Працяглае і своеасаблівае развіццё беларускай культуры, літаратуры і мовы ва ўмовах адсутнасці беларускай дзяржаўнасці.

2. Адсутнасць друкаванай літаратуры на беларускай мове ў першыя гады пасля далучэння Беларусі да Расіі. Ужыванне на Беларусі рускай мовы як мовы дзяржаўнай у справаводстве, ва ўстановах, у школах.

Імкненне беларускага народа стварыць літаратуру на роднай мове. Першыя публікацыі па-беларуску. Адносіны грамадскасці да новай беларускай літаратуры.

Рэпрэсіі царскага ўрада супраць беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і іх адмоўны ўплыў на развіццё беларускай літаратуры і літаратурнай мовы ў дакастрычніцкі час.

3. Мастацкая літаратура як галоўная сфера фарміравання і развіцця новай (сучаснай) беларускай літаратурнай мовы.

Арганічная сувязь ананімных твораў беларускай літаратуры першай палавіны XIX ст. (вершаваных апавяданняў, так званых “гутарак”, паэм “Энеіда навыварат”, “Тарас на Парнасе”) з жывым маўленнем і вусна-паэтычнай творчасцю народа. Графіка-арфаграфічныя асаблівасці, фанетычныя і граматычныя з’явы, лексічны склад гэтых твораў.

Моўныя асаблівасці беларускіх твораў пісьменнікаў першай палавіны XIX ст. (Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, Я.Чачота і інш.).

Ступень літаратурнай апрацоўкі мовы твораў беларускай мастацкай літаратуры першай палавіны XIX ст., адсутнасць у іх непасрэдных сувязей з моўна-стылістычнымі традыцыямі старажытнай літаратуры, дыялектная аснова моватворчасці тагачасных беларускіх пісьменнікаў, жарганізмы і іншамоўныя запазычанні ў іх мове. Граматычны і арфаграфічны разнабой у бела-рускіх выданнях першай палавіны XIX ст., тэматычная абмежаванасць лексікі.

Значэнне твораў беларускай мастацкай літаратуры першай палавіны XIX ст. у станаўленні новай беларускай літаратурнай мовы.

4. Беларуская мастацкая літаратура другой палавіны XIX ст. і далейшае складванне новай беларускай літаратурнай мовы. Роля тагачасных пісьменнікаў (В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і іншых) у яе фарміраванні. Развіццё літаратурнай мовы гэтымі пісьменнікамі на аснове жывога беларускага маўлення; прынцыпы выкарыстання імі моўных скарбаў вуснай народнай творчасці, розных іншамоўных сродкаў (запазычаных галоўным чынам з рускай і польскай літаратурных моў). Дыялектныя рысы ў мове твораў беларускай мастацкай літаратуры другой палавіны XIX ст. Своеасаблівасць літаратурнай апрацоўкі нацыянальнай мовы пісьменнікамі розных ідэалагічных напрамкаў.

Публіцыстыка на беларускай мове ў другой палавіне XIX ст. (так званыя “гутаркі”, нелегальная друкаваная газета К.Каліноўскага “Мужыцкая праўда” і іншыя творы); яе моўна-стылістычныя асаблівасці; значэнне ў развіцці літаратурнай мовы.

Папаўненне лексікі і фразеалогіі ў другой палавіне XIX ст. новымі словамі і зваротамі з розных сфер вытворчасці і побыту, узбагачэнне сродкаў і прыёмаў літаратурнага выказвання ў сувязі з далейшым развіццём беларускай літаратуры. Моўна-стылістычная аднастайнасць твораў
беларускай літаратуры другой палавіны XIX ст., абмежаванасць іх слоўніка, асабліва ў галіне кніжнай абстрактнай і навуковай лексікі. Граматычна-правапісныя асаблівасці беларускіх выданняў другой палавіны XIX ст., адсутнасць сталых агульнапрынятых граматычных і арфаграфічных нормаў у тагачасным беларускім кнігадрукаванні; выкарыстанне пры публікацыі твораў на беларускай мове дзвюх графік: польскай і рускай.

5. Ажыўленне беларускай літаратуры ў пачатку XX ст., абумоўленае ўзмацненнем рэвалюцыйнага руху ў Расіі, уздымам нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага народа і вымушаным дазволам царскіх улад друкаваць арыгінальныя творы на беларускай мове. Прыход у беларускую літаратуру Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, М.Багдановіча і іншых пісьменнікаў. Пашырэнне кнігадрукавання на беларускай мове, паяўленне першых беларускіх выдавецкіх арганізацый і беларускай легальнай прэсы. Далейшае развіццё мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, зараджэнне новых жанраў у беларускай літаратуры і значэнне гэтых фактараў для ўдасканалення літаратурнай мовы.

Узбагачэнне слоўніка і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы ў пачатку XX ст., выкліканае развіццём грамадска-палітычных адносін, тэхнікі і мастацтва, пашырэнне друкаванага беларускага слова. Крыніцы папаўнення літаратурнай лексікі і фразеалогіі: тэрытарыяльныя дыялекты і прафесійныя гаворкі, іншамоўныя запазычанні, індывідуальная словатворчасць пісьменнікаў. Удаска-наленне прыёмаў выкарыстання лексіка-фразеалагічных багаццяў народнай мовы і іншамоўных запазычанняў у мастацкай, публіцыстычнай і часткова навукова-папулярнай літаратуры. Графічныя і граматычна-правапісныя асаблівасці беларускіх выданняў пачатку XX ст. Асноўныя тэндэнцыі развіцця і ўдасканалення марфалагічнай і сінтаксічнай сістэм беларускай нацыянальнай літаратурнай мовы ў розных жанрах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Паступовая выпрацоўка граматычных і арфаграфічных нормаў.

Выкарыстанне дыялектных і прастамоўных слоў і выразаў у творах беларускай літаратуры пачатку XX ст. у выніку адсутнасці сталых нормаў словаўжывання. Няўстойлівасць граматычных нормаў беларускай літаратурнай мовы, адсутнасць адзінай агульнапрынятай і абавязковай арфаграфіі, ужыванне дзвюх графік (заснаваных на рускай і польскай графічных сістэмах, але некалькі змененых) у тагачасным беларускім кнігадрукаванні. Стылістычная абмежаванасць беларускай літаратурнай мовы ў пачатку XX ст.

6. Навуковая распрацоўка беларускай мовы ў дакастрычніцкі час; яе значэнне для ўзбагачэння выяўленчых сродкаў і нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы.

7. Узнікненне новых сацыяльна-палітычных умоў для развіцця беларускай літаратурнай мовы пасля рэвалюцыйных падзей 1917 г.

Пашырэнне яе грамадскіх функцый у выніку абвяшчэння савецкімі ўладамі раўнапраўя існуючых у Савецкім Саюзе моў і фармальнага надання ім статуса дзяржаўных. Узрастанне ролі беларускай літаратурнай мовы як найважнейшага сродку будаўніцтва нацыянальнай культуры беларускага народа, асабліва ў сувязі з працэсамі беларусізацыі грамадскага жыцця ў БССР у 20-я гады. Пашырэнне сфер выкарыстання беларускай літаратурнай мовы ў яе пісьмовай і вуснай формах; распаўсюджанне літаратурных нормаў у народных масах у выніку ліквідацыі непісьменнасці. Змены ва ўзаемаадносінах паміж літаратурнай мовай і рознымі адгалінаваннямі агульнанароднай мовы (тэрытарыяльнымі дыялектамі, прафесійнымі гаворкамі і жаргонамі). Пашырэнне дыялектнай базы беларускай літаратурнай мовы пасля ўз’яднання беларускага народа ў 1939 г.

8. Змены ў структуры беларускай літаратурнай мовы ў паслякастрычніцкі час.

Далейшае развіццё і ўдасканаленне стыляў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі беларускай літаратурнай мовы. Складванне новых стыляў: навуковага, прафесійна-тэхнічнага, афіцыйна-справаводнага і інш. Выпрацоўка ўнармаванага вуснага маўлення.

Рост слоўніка і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы ў сувязі з выкарыстаннем яе ў розных сферах грамадскай дзейнасці і карэннымі пераўтварэннямі ў жыцці беларускага народа. Узнікненне неалагізмаў і развіццё новых значэнняў у асобных словах, змены ў эмацыянальнай і стылістычнай афарбоўцы шэрагу слоў і выразаў. Павелічэнне пласта інтэрнацыянальнай лексікі, шырокае пранікненне ў беларускую літаратурную мову лексічных запазычанняў з іншых моў, галоўным чынам з рускай літаратурнай мовы. Дадатныя і адмоўныя бакі гэтага працэсу. Стварэнне беларускай нацыянальнай тэрміналогіі і шляхі далейшага папаўнення тэрміналагічных сродкаў. Роля словаўтварэння ва ўзбагачэнні слоўніка і найбольш актыўныя словаўтваральныя працэсы ў сучаснай беларускай мове. Выцясненне некаторых тэматычных груп слоў і выразаў з актыўнага ўжытку. Замацаванне нормаў словаўжывання ў беларускай літаратурнай мове. Адлюстраванне працэсаў развіцця і ўзбагачэння лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы ў лексікаграфічных працах паслякастрычніцкага часу.

Кадыфікацыя граматычных нормаў і стварэнне адзінага дзяржаўнага правапісу. Замацаванне адзінай графічнай сістэмы і арфаэпічных нормаў.

Першыя нарматыўныя граматыкі беларускай мовы. Роля лексікаграфічных і граматычных распрацовак у стандартызацыі і далейшым удасканаленні беларускай літаратурнай мовы.

9. Роля мастацкай літаратуры ў развіцці сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Погляды Я. Купалы і Я. Коласа на мастацкае слова, на ролю беларускай літаратурнай мовы ў нацыянальна-культурным развіцці. Народныя і кніжныя вытокі мовы Я. Купалы і Я. Коласа. Словатворчасць Я. Купалы і Я. Коласа. Узбагачэнне імі слоўніка, фразеалогіі і стылістычных сродкаў беларускай літаратурнай мовы. Барацьба Я. Купалы і Я. Коласа за адзіныя нормы беларускай літаратурнай мовы, за яе чысціню і выразнасць. Народнасць мовы Я. Купалы і Я. Коласа, моўны рэалізм і багацце моўнавыяўленчых сродкаў іх твораў. Роля Я. Коласа ў развіцці стылю мастацкай прозы беларускай літаратурнай мовы.

Развіццё літаратурнай мовы новым пакаленнем беларускіх пісьменнікаў на аснове, закладзенай Я. Купалам і Я. Коласам. Значэнне мастацкай літаратуры для замацавання і пашырэння новых моўных з’яў, што ўзнікаюць у публіцыстыцы, навуцы, жывой гаворцы.

10. Роля публіцыстычных і іншых стыляў у стабілізацыі агульналітаратурных моўных нормаў, ва ўзбагачэнні і ўдасканаленні сродкаў і прыёмаў літаратурнага выказвання.

11. Фактычнае замацаванне за рускай мовай функцый дзяржаўнай мовы ў былым Савецкім Саюзе. Паступовае ўзмацненне курса на “зліццё” моў народаў Савецкага Саюза і асімілятарская роля рускай мовы ў ажыццяўленні гэтага курса. Няўхільнае звужэнне сфер выкарыстання беларускай літаратурнай мовы, асабліва ў апошнія гады існавання Савецкага Саюза. Дэфармацыя яе нацыянальнай самабытнасці ва ўмовах усё нарастаючай русіфікацыі. Пастанова ўрада БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу” (1933) як сведчанне павароту ў дзяржаўнай палітыцы на “зліццё” моў. Адлюстраванне гэтай тэндэнцыі ў наступных распрацоўках правапісу і граматыкі беларускай мовы, яе лексіка-фразеалагічных сродкаў і стылістыкі, у моўнай практыцы беларускага друку.

12. Перспектывы развіцця беларускай літаратурнай мовы ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі і прызнання за ёй функцый дзяржаўнай мовы (“Закон аб мовах у БССР” і прынятая на яго аснове ў верасні 1990 г. “Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”). Дзве канцэпцыі абнаўлення літаратурных нормаў.

13. Новыя сацыяльна-палітычныя ўмовы для развіцця беларускай літаратурнай мовы, што ўзніклі ў выніку надання рускай мове на Беларусі статуса дзяржаўнай пасля рэферэндуму 1995 г. Зніжэнне сацыяльнай ролі беларускай мовы ва ўмовах двухмоўя, звужэнне сфер яе выкарыстання. Новая рэдакцыя “Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.

Літаратура



Жураўскі, А. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / А. І. Жураўскі. – Мінск, 1967. – Т. 1. – 371 с.

Карский, Е. Ф. Белорусы / Е. Ф. Карский. – Пг., 1921. – Т. З. – Кн. 2. – 250 с.

Крамко, I. І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / I. І. Крамко, А. К. Юрэвіч, А. І. Яновіч. – Мінск, 1968. – Т. 2. – 342 с.

Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. – 2-е выд. – Мінск, 1984. – 319 с.

Шакун, Л. М. Карані роднай мовы / Л. М. Шакун. – Мінск, 2001. – 205 с.

Беларуская мова / А. А. Лукашанец, М. Р. Прыгодзіч, Л. І. Сямешка. – Opole, 1998. – 294 с.

Беларуская мова: энцыкл. / пад рэд. А. Я. Міхневіча. – Мінск, 1994. – 655 с.

Булыка, А. М. Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. – Мінск, 1990. – 253 с.

Падлужны, А. І. Мова і грамадства / А. І. Падлужны. – Мінск, 1997. – 84 с.

Плотнікаў, Б. А. Кароткая гісторыя беларускай мовы і мовазнаўства / Б. А. Плотнікаў. – Мінск, 2002. – 103 с.

Плотнікаў, Б. А. Беларуская мова: лінгвістычны кампендыум / Б. А. Плотнікаў, Л. А. Антанюк. – Мінск, 2003. – 671 с.

Яскевіч, А. А. Старабеларускія граматыкі / А. А. Яскевіч. – Мінск, 1996. – 352 с.

Красней, В. П. Практыкум па гісторыі беларускай мовы / В. П. Красней, Л. М. Шакун. – Мінск, 1986. – 208 с.

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы / пад рэд. А. І. Жураўскага. – Мінск, 1961. – Ч. 1. – 539 с.; 1962. – Ч. 2. – 327 с.

Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры / склад. А. Ф. Коршунаў. – Мінск, 1959. – 473 с.

Вучэбнае выданне




ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Вучэбная праграма

для вышэйшых навучальных устаноў

па спецыяльнасці 1-21 05 01 Беларуская філалогія



Складальнікі: Шакун Леў Міхайлавіч, Красней Віктар Пятровіч,


Кулеш Ганна Іванаўна і інш.

Адказны за выпуск М. І. Свістунова

Камп’ютэрная вёрстка Н. У. Раготнер

Карэктар В. С. Ярмак


Падпісана да друку 15.06.2006. Фармат 60х84/16. Папера афсетная. Гарнітура “Times”.

Рызаграфія. Ум. друк. арк. 1,86. Ул.-выд. арк. 2,49. Тыраж 100 экз. Зак. № 56.

Выдавец і паліграфічнае выкананне

Дзяржаўная ўстанова адукацыі


“Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы”.

ЛВ №02330/0133359 ад 29.06.2004.



2


20001, Мінск, вул. Маскоўская, 15.
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9%20%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> %D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> %D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82 %D0%B1%D0%B5%D0%BB %D0%BB%D1%96%D1%82 %D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B
%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82 %D0%B1%D0%B5%D0%BB %D0%BB%D1%96%D1%82 %D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> 4. Тэматыка практычных заняткаў Заняткі гблм як асобная дысціпліна
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Практычныя заняткі па гісторыі беларускага мовазнаўства
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Спіс літаратуры па курсу «гістарычная граматыка беларускай мовы»
%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82 %D0%B1%D0%B5%D0%BB %D0%BB%D1%96%D1%82 %D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> 3. Літаратура Карский Е. Ф. Белорусы. Пг., 1921. Т кн. 250 с
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Тэма: Мова ў грамадстве: гісторыя і сучаснасць Лекцыя 1 Мова і грамадства. Функцыі мовы. Мова і маўленне
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Кантролю, дапаможныя матэрыялы кср № дыялекталогія як навука, яе асноўныя раздзелы І паняцці. Групоўка гаворак на тэрыторыі беларусі
%D0%94%D1%8B%D1%81%D1%86%D1%8B%D0%BF%D0%BB%D1%96%D0%BD%D1%8B -> Пытанні да экзамена па курсу гістарычнай граматыкі беларускай мовы
%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82 %D0%B1%D0%B5%D0%BB %D0%BB%D1%96%D1%82 %D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> 6. Экзаменацыйныя пытанні
%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82 %D0%B1%D0%B5%D0%BB %D0%BB%D1%96%D1%82 %D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> 2. План лекцый Лекцыя Гісторыя беларускай літаратурнай мовы як асобная лінгвістычная дысцыпліна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка