Беларускі і чэшскі моўны пурызм: агульнае і спецыфічнае



Дата канвертавання15.05.2016
Памер222.4 Kb.
С. М. Запрудскі
Беларускі і чэшскі моўны пурызм:

агульнае і спецыфічнае

Апублікавана: Мовазнаўства. Літаратуразнаўства. Фалькларыстыка. XIV Міжнародны з’езд славістаў (Охрыд, 2008). Даклады беларускай дэлегацыі. Мінск: Права і эканоміка, 2008. С. 65-78.

Ранейшая версія апублікавана: Cesty k národnímu obrození: běloruský a český model. Sborník přispěvků z konference konané 4. – 6.7.2006 v Praze. Praha, 2006. S. 239–259.

У 1978 г. брытанскі славіст Роберт Оці заўважыў, што з пункту погляду тэндэнцый у руху моўнага адраджэння славян Цэнтральнай і Усходняй Еўропы мадэлі фарміравання літаратурных моў чэхаў і беларусаў знаходзяцца хутчэй на супрацьлеглых палюсах (ОТИ, 1978), чым характарызуюцца значнымі агульнымі тэндэнцыямі. У сваім ранейшым артыкуле Р. Оці даволі падрабязна разгледзеў чэшскі, аднак зусім не ўзгадаў пра беларускі пурызм, які патэнцыяльна мог аналізаваць сярод іншых “антыславянскіх” — славацкага і славенскага пурызму ХХ стагоддзя (AUTY, 1973). Прычына такой “няўвагі” да беларускага пурызму з боку брытанскага славіста палягала не толькі ў тым, што ўсходнеславянскія мовы прыцягвалі значна менш увагі Р. Оці ў параўнанні з заходне- і паўднёваславянскімі. У параўнанні з чэшскім беларускі моўны пурызм не стаў выразна акрэсленай з’явай, якая была б добра вядомай славістам. Бясспрэчным дасягненнем у вывучэнні беларускага пурызму з’яўляецца кніга П. Вэкслера (WEXLER, 1974), аднак пакуль яна мала вядома ў Беларусі і, як вынік, належным чынам не ацэнена. Даводзіцца канстатаваць, што да апошняга часу ў асяроддзі беларускіх лінгвістаў пурызм прыцягваў адносна мала ўвагі; зрэшты, ёсць станоўчыя прыклады апошніх гадоў (параўн.: ЛІТВІНОЎСКАЯ, 1996; ЛЮШЦІК, 1998; САВІЦКАЯ, 1999; БУШЛЯКОЎ, 2002; ШЛЫКАЎ, 2002).

Прычыны гэтай непадобнасці разнастайныя, яны абумоўлены як рознай моўнай гісторыяй, так і неаднолькавымі ўмовамі існавання лінгвістыкі ў Чэхіі (Чэхаславакіі), з аднаго боку, і ў Беларусі (Савецкім Саюзе) — з другога. У беларускім выпадку прычыны менш інтэнсіўнага развіцця пурызму былі абумоўлены ў тым ліку тым, што моўныя кадыфікатары і, шырэй, нацыянальная эліта валодалі наборам падыходаў да ўнутранай разбудовы мовы, які адпавядаў перш за ўсё суседнім рускай і польскай мовам. Між тым руская і польская мовы адзіныя з усіх славянскіх моў у XIX стагоддзі не знаходзіліся ў загрожаным становішчы, і пурызм у іх выступаў як маргінальная плынь (AUTY, 1973; 336—337). Як вынік, пры распрацоўцы моўнай кадыфікацыі беларускія аўтары даволі рэдка выходзілі за межы рускага і польскага (“непурыстычнага”) вопыту, і ў гэтым сэнсе беларускі пурызм часта быў “інтуітыўным” і толькі ў нязначнай ступені абапіраўся на прэцэдэнты ў іншых славянскіх мовах. Тым больш звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што ў працэсе найбольш яскравага і эфектыўнага праяўлення беларускага пурызму, які ўвасобіўся ў 1920-я гады ў дзейнасці Навукова-тэрміналагічнай камісіі і Інстытута навуковай мовы, сутыкнуўшыся з неабходнасцю выбіраць паміж стварэннем неалагізмаў і запазычаннямі, беларускія кадыфікатары спаслаліся менавіта на чэшскі вопыт:

«Камісія, па прыкладу чэхаў, трымалася таго погляду, што лепш утвараць згодна з законамі беларускай мовы неалагізмы, чымся браць чужыя, зусім незразумелыя словы» (С.Н., 1922; 280).

З пункту погляду бытавання мовазнаўства у Беларусі — Савецкім Саюзе (на адрозненне ад Чэхіі) аж да нядаўняга часу выпадае гаварыць пра негалосную забарону, накладанне табу на грунтоўную распрацоўку тэмы пурызму або, прынамсі, аб прадпісальным негатыўным асвятленні гэтай праблемы. У “Словаре лингвистических терминов” В.С. Ахманавай пра пурызм гаварылася як пра дзейнасць, “не заснаваную на навуковым даследаванні тэндэнцый развіцця дадзенай мовы” (АХМАНОВА, 1969; 374). У дэфініцыі пурызму, прыведзенай у “Большой советской энциклопедии” ў 1975 г., змяшчаліся (неадабральныя) заўвагі аб тым, што пурызму сярод іншага ўласціва імкненне да ачышчэння літаратурнай мовы ад “натуральнага пранікнення ў літаратурную мову ненармаваных элементаў” і што пурысты часам трактавалі самабытнасць нацыянальнай мовы як яе поўнае вызваленне “нават ад неабходных запазычаных элементаў” (ПУРИЗМ, 1975; 230). П. Вэкслер нагадвае, што ў савецкіх энцыклапедыях 1940 і 1955 гг. былі змешчаны яшчэ больш строгія кваліфікацыі пурызму: гэтая з’ява была ў іх ахарактарызавана як праяўленне шавінізму і нацыяналізму (WEXLER, 1974; 5). Адзін з савецкіх мовазнаўцаў (які парадаксальным чынам прымаў ісландскі і нарвежскі пурызм) сцвярджаў, што “пурызм непрымальны для сацыялістычнага грамадства” (АКУЛЕНКО, 1969; 88), а другі (таксама вельмі кваліфікаваны аўтар) быў схільны разглядаць пурызм у славянскіх мовах з выкарыстаннем тэрміналогіі тыпу “класавыя, буржуазна-нацыяналістычныя інтарэсы” (ЖУРАВЛЕВ, 1988; 99). Здаецца, многім савецкім лінгвістам перашкаджалі сфарміраваныя яшчэ ў 1930-я гг. стэрэатыпныя адмоўныя ацэнкі “моўнага будаўніцтва” ў СССР, у адпаведнасці з якімі пурызм адназначна асуджаўся. Вядома, беларускі моўны пурызм 1920-х гадоў таксама крытычна (адназначна ці з агаворкамі) разглядаўся ў савецкі час як у беларускіх навуковых працах (КРАМКО, ЮРЭВІЧ, ЯНОВІЧ, 1968; 156—159; БАХАНЬКОЎ, 1982; 28—30, 49, 59—60) так і тым больш у навучальнай літаратуры (ШАКУН, 1984; 298—304)1. Аднак змешчанаму ў апошняй беларускай ўніверсальнай энцыклапедыі артыкулу пра пурызм уласцівы нейтральны тон. У ёй пурызмам называецца «імкненне ачысціць літаратурную мову ад іншамоўных запазычанняў, неалагізмаў, а таксама ад ненарматыўных лексічных і граматычных элементаў (напрыклад, народна-размоўных, прастамоўных, дыялектных). У шырокім сэнсе — залішне строгія, непрымірымыя адносіны да любых запазычанняў, навізны і наогул да ўсіх выпадкаў скажэння і вольнага выкарыстання мовы. Характэрны для перыядаў найбольш актыўнага фарміравання і станаўлення нацыянальных літаратурных моў; звязаны з сацыяльна-гістарычнымі, палітычнымі і культурнымі працэсамі… Імкненне найбольш поўна выкарыстаць нацыянальныя моўныя сродкі не прыводзіла да якіх-небудзь крайнасцей…» (АНТАНЮК, 2001; 126).

Здаецца, у чэшскай літаратуры падобны памяркоўны тон быў уласцівы і раней; параўн. апісанне, прадстаўленае у 1987 годзе у “Малой чэхаславацкай энцыклапедыі”:

«Vzniká zejm. jako reakce na nadměrné módní uživání přejatych slov. Rozvinul se zvl. v Německu 17. st… V Čechách se jaz. p. projevil v 17. st v dile V.J.Rosy jako výraz vlasteneckých snah, zvl. silně působil od 2 pol. 19. st do 30 let 20. st… U některých národů vedl k pronikavému vytlačeni cizich slov včetně internacionalismů…» (PURISMUS, 1987, 212).

Розніца ў асэнсаванні пурызму беларускімі і чэшскімі аўтарамі падтрымліваецца, відаць, і тым, што для чэшскіх мовазнаўцаў, выхаваных у значнай ступені на спадчыне Пражскага лінгвістычнага гуртка, які тэарэтычна аформіўся ў працэсе барацьбы з пурызмам, гэты феномен у асноўным ужо стаў з’явай гістарычнай, якую можна разглядаць у акадэмічным плане (параўн., напрыклад: Jelínek, 1970; Ševčík, 1974/75; Jelínek, 1997; Jelínek, 1999)2. Для беларускіх лінгвістаў, аб’ект вывучэння якіх знаходзіцца ў іншым становішчы ў параўнаннi з чэшскай мовай, пурызм — гэта пакуль не столькі (і ва ўсялякім выпадку не толькі) тэорыя, колькі зусім актуальная лінгвістычная практыка. Зразумела, у такім выпадку адносна нешматлікія беларускія аўтары, якія пішуць пра пурызм, займаюць “адчужаную”, “аб’ектыўную” пазіцыю; затое існуе нямала мовазнаўцаў, якія практыкуюць (часам пад выглядам поўнай акадэмізму лінгвістыкі) больш менш яскрава выяўленыя пурыстычныя погляды (параўн.. напрыклад: СЦЯЦКО, 2002)3.

З пункту погляду неаднолькавай вывучанасці пурызму ў Беларусі і Чэхіі патрэбна сказаць і пра агульны стан праблемы распрацоўкі тэорыі літаратурнай мовы ў Чэхіі, з аднаго боку, і ў Беларусі — з іншага. Калі чэшскія аўтары вядомы якраз асаблівай актыўнасцю ў распрацоўцы тэорыі літаратурнай мовы ў славістыцы, то ў беларускім выпадку на нездавальняючую сітуацыю ў гэтай галіне ў 1996 г. указваў А.І. Жураўскі, які некалькі год уваходзіў у камісію Міжнароднага камітэта славістаў па славянскіх літаратурных мовах. У прыватнасці, ён зазначыў, што «тэорыя літаратурнай мовы ў беларускім мовазнаўстве спецыяльна нікім не распрацоўвалася» (ЖУРАЎСКІ, 1996, 132). Гэтыя і іншыя фактары сталі прычынай таго, што беларускі пурызм у параўнанні з чэшскім, несумненна, “недавывучаны”.
1. Існуюць “вузкі” (“абыходкавы”) і “шырокі” пункты погляду на пурызм. У адпаведнасці з першым да пурызму мае дачыненне перш за ўсё дзейнасць, звязаная з “ачышчэннем” мовы ад замежных запазычанняў4. У адпаведнасці з другім падыходам пурызмам называюцца строгія адносіны да запазычанняў і любых зменаў мовы ўвогуле. Даследчык пурызму Дж. Томас дае ўласную дэфініцыю дадзенай з’явы, спалучаючы вузкае і шырокае яго разуменне. Пурызм, паводле Дж. Томаса, гэта “маніфестацыя жадання з боку моўнай супольнасці (ці нейкай яе часткі) засцерагчы або вызваліць мову ад уяўных замежных элементаў”. Пры дапамозе гэтага тэрміна апісваецца таксама “выключэнне з літаратурнай мовы элементаў з іншага коду гэтай літаратурнай мовы, з рэгіянальных дыялектаў або сацыялектаў гэтай жа мовы” (THOMAS, 1988; 97). Празмерна шырокае разуменне пурызму мяжуе з размываннем яго базавай характарыстыкі — “чысціні”, акрамя таго, яно можа непажаданым чынам ссунуць ракурс абмеркавання ў бок дыскусіі аб больш агульным пытанні аб ролі прэскрыптывізму як такога. Па гэтай прычыне, а таксама таму, што шырокае тлумачэнне пурызму (напрыклад, паводле Дж. Томаса) прадугледжвае ў тым ліку выключэнне дыялектызмаў (што не адпавядае беларускай версіі пурызму), у дадзенай працы мы будзем абапірацца, у першую чаргу, на “вузкае” разуменне пурызму.

Беларускаму і чэшскаму пурызму ўласцівы наступныя агульныя рысы:

а) Тоесная псіхалагічная матывацыя. Беларускі і чэшскі пурызм накіраваны супраць своеасаблівай “знешняй пагрозы” (нямецкай resp. рускай або польскай мовы). Боязь замежнага ўплыву або дамінавання Дж. Томас кваліфікуе як наймацнейшы матыў для ўзнікнення пурызму (THOMAS, 1988; 101).

б) Беларускі і чэшскі пурызм найбольшую інтэнсіўнасць набывалі ў перыяды актыўнага нацыянальна - дзяржаўнага будаўніцтва і былі цесна звязаны з нацыянальным самасцвярджэннем (у Чэхіі — другая палова ХIХ — да пачатку 30-х гадоў ХХ ст.; у Беларусі — 1920-я гады, другая палова 1980-х — 1990-я гады).

в) Беларускі і чэшскі пурызм развіваліся пад уздзеяннем ідэалагічна-эстэтычных плыняў свайго часу. Чэшскі пурызм XVII — XVIII стагоддзяў функцыянаваў пад уплывам эстэтыкі Барока (THOMAS, 1978, 483—485), пурызм пачатку XIX ст. — пад уплывам класіцызму (AUTY, 1974; 122—123; ЧЕШСКАЯ НАЦИЯ, 1989, 104), пурызм 1830-х гадоў — пад уплывам рамантызму (HAVRáNEK, 1974; 202—203; WEXLER, 1974; 23; TRNKA, 1932; 508—515). Беларускі пурызм развіваўся пад уплывам эстэтыкі рамантызму (WEXLER, 1974; 23), уздзеянне на яго аказвалі таксама народніцтва і рэалізм. У імкненні Інбелкульта стварыць нейкую “ўзорную” літаратурную мову (у пэўным сэнсе паводле ўзору дзейнасці італьянскай, французскай і іншых акадэмій) можна заўважыць таксама аддалены ўплыў эстэтыкі класіцызму5. У абодвух (чэшскім і беларускім) выпадках ва ўмовах практыкавання пурызму дарэчы гаварыць аб элементах мадэрнізацыі. У Чэхіі моўнае адраджэнне садзейнічала фарміраванню адмоўнага стаўлення да многіх лексічных інавацый перыяду Барока, які разглядаўся як перыяд моўнага заняпаду (THOMAS, 1988; 103). У Беларусі у 1920-я гады падчас спробаў рэфармаваць правапіс браты Лёсікі часта спасылаліся на неабходнасць яго рацыяналізаваць, прывесці ў адпаведнасць з “трывалымі і дакладнымі” (А. Лёсік) нормамі тагачаснага культурнага жыцця ў Беларусі.

г) Беларускі і чэшскі пурызм — “неабсалютныя”, яны мелі мэтанакіраваны (літаральна, паводле Дж. Томаса: targeted) характар, былі звернуты да канкрэтных моўных крыніц, а не супраць усіх замежных крыніц. Беларускі пурызм накіраваны супраць рускага і (у меншай ступені) польскага ўплыву, чэшскі — супраць нямецкага (напачатку — і супраць лацінскага).

д) Беларускі і асабліва чэшскі пурызм — паспяховыя. Меркаванне пра паспяховасць чэшскага пурызму з’яўляецца ў пэўным сэнсе “агульнапрынятым” — насуперак таму, што шматлікія пурыстычныя інавацыі ў чэшскай мове не прыжыліся6. Сцверджанне адносна паспяховасці беларускага пурызму менш відавочнае, асабліва калі мець на ўвазе наяўнасць у гісторыі беларускай мовы некалькіх “антыпурыстычных” (пры гэтым даволі эфектыўных) перыядаў (гл.: WEXLER, 1985). Тым не менш і беларускі пурызм у цэлым трэба лічыць паспяховым. Па-першае, ён даволі эфектыўна дзейнічаў у ключавы перыяд фарміравання беларускай літаратурнай мовы (у 1920-я гады), які, уласна кажучы, і стварыў “вобраз” беларускай мовы. Па-другое, пурыстычная традыцыя ў цэлым даволі моцна ўкаранілася ў свядомасць беларускіх лінгвістаў.

дж) Адштурхоўванне ад канкрэтных моў (нямецкай і рускай) тым не менш прыводзіла да фарміравання агульных рыс. Нават у найбольш яскравых пурыстычных заменах ў чэшскай мове (тыпу divadlo, што так уразіла Антуана Мейе) назіраецца прыхаваны ўплыў нямецкай мовы7. Прапануючы замены для незразумелых замежных тэрмінаў, беларускі лінгвіст 1920-х М. Байкоў усведамляў, што гэта практыка можа даваць вынікам у тым ліку збліжэнне беларускай і рускай моў. У прыватнасці, ён сцвярджаў, што ўвядзенне ў беларускую мову тэрмінаў тыпу двузначнасць ‘амфiболiя’, падобнасць ‘аналогiя’, перастаўка ‘анастрaфа’, уклад ‘сiстэма’ з прычыны зразумеласці такіх слоў расіянам будзе хутчэй збліжаць рускую і беларускую мову, чым аддаляць іх (БАЙКОЎ, 1928; 159—160).

дз) Беларускаму і чэшскаму пурызму ўласціва скачкападобнае развіццё: на змену яскравым пурыстычным перыядам прыходзілі перыяды, калі пурыстычны ўплыў ледзь-ледзь адчуваўся.

е) Беларускі і чэшскі пурызм характарызуюцца пэўным несупадзеннем прадэклараваных арыенціраў і фактычных вынікаў тэрмінатворчай дзейнасці. Так, нягледзячы на тое, што нейкім ідэальным узорам сярод іншых славянскіх для Ё. Юнгмана была, перш за ўсё, руская мова, уздзеянне суседняй польскай мовы, з якой чэшскую звязвалі ранейшыя гістарычныя кантакты, аказалася больш моцным. Падобным чынам у беларускім тэрмінатворчым будаўніцтве, нягледзячы на фактычную адсутнасць спасылак на польскі вопыт (і наяўнасць спасылак, няхай нячастых, на чэшскі вопыт), уздзеянне польскай мовы ў параўнанні з уплывам чэшскай пераважала.

3. Беларускаму і чэшскаму пурызму ўласцівы наступныя спецыфічныя рысы:

а) Неаднолькавы выбар альтэрнатывы запазычанням: архаізуючы пурызм у чэшскім выпадку vs этнаграфічны пурызм у Беларусі. З беларускай перспектывы уяўляецца, што зварот у чэшскім выпадку да старых крыніц (мовы краліцкай Бібліі, граматыкі Яна Благаслава) — гэта больш “працаёмкі” спосаб культывавання пурызму ў параўнанні з прынятай у беларускім выпадку апорай на дыялектныя крыніцы8. Тым больш дзіўным выглядае ў цэлым больш паспяховы “канчатковы вынік” чэшскага пурызму ў параўнанні з беларускім.

б) Неаднолькавая храналагічная глыбіня ўзнікнення. Калі праявы чэшскага пурызму дакументуюцца ўжо ў часы сярэднявечча (Ян Гус — пералом XIV—XV стагоддзяў; аўтара “Бруса чэшскай мовы” Іржы Констанца (1667), Вацлава Росы (1672), Вацлава Пола (1756) (Jelínek, 1970; 18—20; THOMAS, 1978; 482—488), то ўзнікненне беларускага пурызму датуецца перыядам станаўлення новай літаратурнай мовы, прычым на яго праcунутым этапе (1920-я гады). Ва ўласна “адраджэнцкі” час, у гады “Нашай нівы”, беларускі пурызм яшчэ не аформіўся; параўн. у гэтым сэнсе адносна позняе і / або “няўпэўненае” ўжыванне ў беларускай мове такіх важных лексем, як жыццяпіс, допіс, лякарня, чытанка, кнігапіс і інш. (гл.: ЗАПРУДСКІ, 2000; ЗАПРУДСКІ, 2001; ЗАПРУДСКІ, 2003).

в) Неаднолькавая працягласць (актыўнага) культывавання пурызму. У чэшскім выпадку — гэта дзесяцігоддзі, у беларускім — асобныя гады.

г) У Беларусі аб’ектам адштурхоўвання служыла роднасная славянская мова (-ы); у Чэхіі — няроднасная германская (спачатку таксама раманская лацінская). У сувязі з гэтым (пан)славізм меў вялікае значэнне для чэшскага пурызму, і незаўважнае — для беларускага. У беларускім выпадку дадатковую вастрыню беларуска-рускаму спаборніцтву надавала тое, што яшчэ нядаўна (у другой палове ХІХ — пачатку ХХ стст.) беларуская мова не прызнавалася самастойнай і лічылася дыялектам рускай мовы, яе складовай часткай.

д) Чэхі мелі нейкі гатовы (нямецкі) ўзор пурызму для пераймання, беларусы — не. Пытанне аб “пераймальным” характары чэшскага пурызму дастаткова добра апісана ў літаратуры9. Што да асновы для пераймання ў беларускім выпадку, то яна была не такой відавочнай. Вышэй ужо адзначалася, што суседнія славянскія руская і польская мовы па прычыне свайго “непурыстычнага” вопыту маглі хутчэй даць аргументы на карысць абвяржэння пурызму, чым для яго сцвярджэння. Пурыстычныя тэндэнцыі ва ўкраінскай мове былі недастаткова вядомы беларускім кадыфікатарам, і, што яшчэ важней, украінская мова ў якасці маладой літаратурнай, якая ненашмат апярэдзіла па развіццю беларускую, у дадзеным выпадку сама не была дастаткова аўтарытэтнай крыніцай для пераймання для беларускіх кадыфікатараў. Паспяховая пурыстычная практыка суседняй літоўскай, а таксама несуседніх чэшскай і нямецкай моў у цэлым была мала вядома для сярэднестатыстычных беларускіх кадыфікатараў настолькі, каб вельмі моцна паўплываць на беларускую практыку10. Тая акалічнасць, што беларускія пурысты для апраўдання сваіх намераў не маглі знайсці (добра вядомага) пацверджання ў моўнай практыцы суседніх моў, паслабляла іх пазіцыі. Як вынік, некаторыя з іх у другой палове 1920-х гадоў стрымалі свой запал адносна магчымасці актыўнага стварэння неалагізмаў, даючы магчымасць шырока разгарнуцца таму віду этнаграфічнага пурызму, які абапіраўся пераважна на рэальна існуючыя народныя (а не сканструяваныя) моўныя рэсурсы.

дж) Чэшскі пурызм уплываў ледзь не на ўсе іншыя славянскія пурызмы (у тым ліку на беларускі), у той час як беларускі пурызм не ўплываў ні на які іншы. Вядома, што ўжо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя чэшская літаратурная мова пачала прыцягваць увагу шматлікіх рэфарматараў славянскіх моў у якасці крыніцы лексічнага ўзбагачэння. Чэшскі вопыт у другой палове ХІХ стагоддзя выкарыстоўвалі харваты, славенцы, балгары, славакі, лужычане, украінцы, і адпаведнаму сюжэту ў славістыцы прысвечана багатая літаратура (параўн., напрыклад: HAVRANEK, 1963; BROZOVIĆ, 1974; AUTY, 1977; МОИСЕЕНКО, 1983; МОИСЕЕНКО, 1989; ВАЧКОВА, ВАЧКОВ, 1993; ИВАНОВА, 1993; ГАДАНИ, 1994; МОЙСЕЄНКО, 1995). У рамантычным захапленні словатворчасцю М. Байкоў у 1928 г. выказаў наступнае меркаванне: «Не будзе дзіўным, калі некаторыя нашы пераклады патрапяць у расійскую, як канечна — у ўкраінскую і польскую мовы» (БАЙКОЎ, 1928, 160). Зразумела, такому прадказанню не суджана было спраўдзіцца, таму што нармаванне ва ўзгаданых мовах апярэджвала па часе (у рускім і польскім выпадку — значна) беларускае.

дз) Канцэнтруючыся ў Інстытуце беларускай культуры і развіваючыся паралельна са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці і пашырэннем сеткі навучальных і навуковых устаноў, у Беларусі пурызм 1920-х гадоў меў “адзяржаўлены” характар. Пурыстычныя імкненні ў Беларусі 1920-х пацвярджаліся дзякуючы атрыманню мовазнаўцамі карт-бланш ад партыйных функцыянераў на правядзенне ўнутранай разбудовы мовы. Афіцыйныя органы або канкрэтныя высокапастаўленыя функцыянеры да пачатку 1930-х гадоў публічна ўхвалялі практыку моўнага і, у прыватнасці, тэрміналагічнага будаўніцтва ў Беларусі. Напрыклад, у 1924 г. нарком асветы БССР А. Баліцкі у сваім дакладзе аб Інстытуце беларускай культуры на пасяджэнні СНК БССР спецыяльна гаварыў пра неабходнасць стварэння ў беларускай мове папярэдніх гадоў новых слоў: «Пры адсутнасці ў народнай беларускай мове для абазначэння адцятых (так у тэксце. — С.З.) паняццяў трэба было складаць неалагізмы на аснове элементаў і законаў беларускай мовы» (БАЛІЦКІ, 1924). У лютым 1928 г. дзейнасць Інбелкульта ў галіне стварэння беларускай тэрміналогіі была станоўча ацэнена ў спецыяльнай рэзалюцыі камісіі нацыянальнасцей Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР (гл.: ГІСТОРЫЯ, 2005; 20—21). У чэшскім выпадку на інстытуцыянальным узроўні аб прыхільнасці да пурызму трэба гаварыць у дачыненні да “Чэшскай маціцы” ўзору 1870 — 1890-х гадоў, аднак гэтая арганізацыя не была дзяржаўнай структурай.

е) У Чэхіі ўплыў канкрэтных асоб (Ё. Юнгман) больш заўважны (і больш дэталёва апісаны ў літаратуры). Здаецца, Р. Оці першы звярнуў увагу на неабходнасць рупліва вывучаць ролю канкрэтных асоб у будаўніцтве розных славянскіх моў, і ў гісторыі чэшскай літаратурнай мовы значэнне канкрэтных персон апісана даволі добра. Пры гэтым лічыцца, што першапачатковай граматычнай кадыфікацыяй чэшская мова абавязана Ё. Добраўскаму (які выдаў у 1809 і 1819 гг. дзве граматыкі, «Lehrgebäude»), а лексічнай кадыфікацыяй — перш за ўсё, Ё. Юнгману (які выдаў у 1834—1839 гг. шматтомны слоўнік). У літаратуры сустракаецца агульнае імя Юнгмана як “патрыярха, ціхага генія”, аб ім гаворыцца як аб “вырашальным дзеячы” ва ўзбагачэнні лексічнага складу чэшскай мовы (Cín, 1985; 82). Што датычыцца беларускай літаратурнай мовы, то ў напісанай гісторыі яе фарміравання значэнню выдатных асоб-мовазнаўцаў, якія моцна паўплывалі на яе развіццё, нададзена выключна мала ўвагі — настолькі, што цяжка нават назваць галоўных “будаўнікоў” беларускай мовы. У вучэбнай літаратуры на галоўнае месца ў “замацаванні” лексіка-фразеалагічных, граматычна-арфаграфічных, арфаэпічных і стылістычных норм беларускай літаратурнай мовы, увогуле ў “замацаванні асноў нацыянальнай літаратурнай мовы”, вылучаны пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас (ШАКУН, 1984; 306—307). Але класікі беларускай літаратуры толькі ў нязначнай ступені займаліся мовазнаўствам. “Бясспрэчным” кадыфікатарам граматычных норм беларускай мовы з’яўляецца аўтар першай беларускай граматыкі 1918 г. Б. Тарашкевіч, і яго параўнанне ў якасці аднаго з будаўнікоў беларускай літаратурнай мовы з чэхамі Ё. Добраўскім, Ё. Юнгманам, славенцам Е. Копітарам, сербам В. Караджычам, харватам Л. Гаем, славакамі А. Берналакам і Л. Штурам, лужычанінам Я. Смолярам ужо рабілася (КРАМКО, 1978; 77). Аднак гэтая роля Б. Тарашкевіча ў некаторай ступені зацяняецца тым, што ў 1933 г. некаторыя з усталяваных ім норм былі зменены, і, па-другое, тым, што ў яго кадыфікацыі было адносна мала асабістага пачатку: ён пісаў сваю граматыку ў гады, калі асноўныя граматычныя і арфаграфічныя правілы ўжо склаліся стыхійным шляхам. Пытанне аб галоўных “будаўніках” лексічнага складу беларускай мовы у беларускай лінгвістыцы, здаецца, амаль не абмяркоўвалася. Спроба 1970-х гадоў М. Бірылы і П. Шубы прадставіць у якасці аднаго са стваральнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы Кандрата Крапіву, як і нядаўняе (вядома, неабгрунтаванае) параўнанне Ю. Бушляковым Янкі Станкевіча з Ё. Юнгманам і В. Караджычам яшчэ раз сведчыць аб тым, што тэма значэння канкрэтных асоб у будаўніцтве беларускай літаратурнай мовы патрабуе далейшай распрацоўкі.

ё) У Чэхіі роля канкрэтных перыядычных выданняў больш вядомая. У чэшскім выпадку вядома прынамсі адно перыядычнае выданне, на старонках якога на працягу адносна доўгага часу выказваліся рознымі аўтарамі ў той ці іншай меры пурыстычныя меркаванні: часопіс «Naše řeč» (заснаваны ў1916 г.). Сярод членаў рэдакцыі, якія вызнавалі ў рознай ступені пурыстычныя погляды, былі Францішак Білы, Яраслаў Влчэк, Ёзаф Зубаты, Вацлаў Эртл, аднак больш за ўсё ў якасці пурыста праславіўся (дзякучы атакам Р. Якабсона) Іржы Галер, які ўзначаліў рэдакцыю ў 1930 г. Нягледзячы на тое, што ў беларускім выпадку існуе часопіс, які ад пачатку да (праўда, даволі хуткага) канца быў паслядоўна пурыстычным (“Родная мова”, 1930—1931), у гісторыі беларускага мовазнаўства гэты эпізод пакуль не прапісаны.

4. Супастаўленне беларускага і чэшскага моўнага пурызму дазваляе прыйсці да важных кантрастыўных назіранняў, якія дазваляюць лепш зразумець як канкрэтныя нацыянальныя разнавіднасці пурызму, так і сам феномен пурызму ў цэлым.
Літаратура
АКУЛЕНКО В. В., 1969: Вопросы изучения лексических интернационализмов и процессов их образования // Вопросы социальной лингвистики. Ленинград. С. 65—89.

АНТАНЮК Л. А., 2001: Пурызм // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Том 13. Мн. С. 126.

АХМАНОВА О. С., 1969: Словарь лингвистических терминов. Москва.

БАЙКОЎ М., 1928: Да пытання аб чужаземных словах у нашай мове // Полымя. № 4. С.150—168.

БАЙКОЎ М. Я., 1922: Новые издания Белгосиздата // Вестник Народного комиссариата просвещения Советской Социалистической Республики Белоруссии. № 1 (3). С. 18—20.

БАЛІЦКІ [А]., 1924: Інстытут беларускай культуры // Савецкая Беларусь. 12 кастр.

БАХАНЬКОЎ А. Я., 1982: Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд. Мн.

БУШЛЯКОЎ Ю., 2002: Ян Станкевіч як ідэолаг беларускага моўнага пурызму // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 2. Мн. С. 534—578.

ВАЧКОВА К., ВАЧКОВ К., 1993: Лудвиг Лукаш и чешкото влияние върху българската химическа терминология // Пловдивски университет “Паисий Хилендарски”. Научни трудове. Том 31. Кн. 1. Филология. С.57—63.

ГАДАНИ К., 1994: О некоторых особенностях чешско-инославянского языкового взаимодействия в эпоху национального возрождения славян (словообразовательный аспект) // Studia Slavica. Tomus 39. Fasc. 3-4. С.245—262.

ГІСТОРЫЯ беларускага мовазнаўства, 1918 — 1941. Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. У дзвюх частках. Частка 1. Мн., 2005.

ЖУРАВЛЕВ В. К., 1988: Социолингвистический аспект истории литературных языков // Влияние социальных факторов на функционирование и развитие языка. Москва. С. С. 84—107.

ЖУРАЎСКІ А. І., 1996: Беларуская мова ў дваццатым стагоддзі // Гуманітарна-эканамічны веснік (Гуманитарно-экономический вестник). № 1. С. 132—139.

ЗАПРУДСКІ С., 2000: Да гісторыі некаторых вандроўных запазычанняў-калек у беларускай мове // Studia Russica. XVIII. Budapest. C. 315 — 320.

ЗАПРУДСКІ С., 2001: Да гісторыі некаторых вандроўных запазычанняў-калек у беларускай мове II // Studia Russica. XIX. Budapest. C. 153—159.

ЗАПРУДСКІ С., 2001: Да гісторыі некаторых вандроўных запазычанняў-калек у беларускай мове III // Studia Russica. XX. Budapest. C. 486—491.

ИВАНОВА Д., 1993: Чешката славистика и лингвистичните идеи в България през епохата на Възраждането // Пловдивски университет “Паисий Хилендарски”. Научни трудове. Том 31. Кн. 1. Филология. С. 65—72.

ИСАЧЕНКО А. В., 1958: К вопросу о структурной типологии словарного состава славянских литературных языков // Slavia. 27. Seš. 3. S. 337—352.

КРАМКО І. І., ЮРЭВІЧ А. К., ЯНОВІЧ А. І., 1968: Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. ІІ. Мн.

КРАМКО І. І., 1978: Памяці Б. А. Тарашкевіча // Беларуская лінгвістыка. Вып. 12. Мн. С. 77—78.

Літвіноўская А. Г., 1996: Пурыстычныя тэндэнцыі ў македонскай і беларускай мовах // Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы. Мн. С. 121—127.

ЛЮШЦІК У. В., 1998: Пурыстычныя тэндэнцыі ў тэрміналогіі // Весці НАНБ. Серыя гуманітарных навук. № 1. С. 123—127.

МОИСЕЕНКО В. Ю., 1983: Чешское языковое влияние на развитие терминологической лексики литературного языка хорватов в эпоху национального возрождения // Славянское и балканское языкознание. Проблемы лексикологии. Москва. С. 88—100.

МОИСЕЕНКО В. Е., 1989: Некоторые особенности чешского языкового влияния в верхнелужицком литературном языке (словообразовательный аспект) // Формирование и функционирование серболужицких литературных языков и диалектов. Москва. С. 49—65.

МОЙСЕЄНКО В., 1995: До питання про українсько-чеські міжмовні зв’язки у другій половині ХІХ століття в галузі спеціальної та наукової термінології // Записки Наукового товариства імені Т. Шевченка. Том ССХХІХ. Праці філологічної секції. Львів. С. 342—361.

ОТИ Р., 1978: Традиция и инновация в развитии славянских литературных языков (1750 — 1850) // Славянские культуры в эпоху формирования и развития славянских наций XVIII—XIX вв. Москва. С. 112—116.

ПУРИЗМ, 1975: Большая советская энциклопедия. Т. 21. Москва. С. 230.

САВІЦКАЯ І. І, 1999: Этнацэнтрызм у моўнай намінацыі 20-х гг. // Мова — Літаратура — Культура. У 2 ч. Ч. 1. Мн. С. 91—94.

СКВОРЦОВ Л. И., 1990: Культура речи // Лингвистический энциклопедический словарь. Москва. С. 247—248.

С. Н., 1922: Інстытут Беларускай Культуры // Адраджэнне. Мн. Сш. 1. С. 280—282.

СЦЯЦКО П., 2002: Культура мовы. Мн.

ЧЕШСКАЯ нация на заключительном этапе формирования. 1850 — начало 70-х гг. ХIX в. Москва, 1989.

ШАКУН Л. М., 1984: Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн.

ШАКУН Л. М., 1962: Образование белорусского национального литературного языка // Вопросы образования восточнославянских национальных языков. Москва. С. 118—126.

ШЛЫКАЎ Дз. В., 2002: Пурызм у беларускай мове ў перыяд 1941—1944 гг. // Пісьменнік — мова — стыль. У 2 т. Т. 2. Мн. С. 328—333.

AUTY R., 1973: The Role of Purism in the Development of the Slavonic Literary Languages // Slavonic and East European Review. LI. № 124. P. 335—343.

AUTY R., 1974: Jazykové koncepce u Dobrovského a Jungmanna // Slovanské spisovné jazyky v době obrození. Praha. S. 122—124.

AUTY R., 1977: Uzajamni utjecaji u jezičkom preporodu Čeha, Slovaka i Južnih Slavena // Научни састанак слависта у Вукове дане. 6. Београд. Cв. 1. C. 7—11.

BASAJ M., 1999: O uwarunkowaniach odrodzenia językowego w Czechach // Odrodzenie narodowe w Czechach i na Słowacji. Księga ku czci Zdzisława Niedzieli. Kraków. S. 159—165.

BROZOVIĆ D., 1974: Češki standardni jezik kao etalon u doba slavenskih narodnih preporoda // Slovanské spisovné jazyky v době obrození. Praha. S. 39—48.

HAVRÁNEK B., 1963: Studie o spisovném jazyce. Praha.

HAVRÁNEK B., 1974: Jungmannův význam pro nový rozvoj slovní zásoby spisovné čestiny // Slovanské spisovné jazyky v době obrození. Praha. S. 195—203.

Jelínek M., 1970: O českém purismu // Přednášky ve XIV. běhu letní školy slovanských studií v roce 1970. Praha. S. 18—37.

Jelínek M., 1997: O novodobém českém jazykovém purismu a jeho ztroskotání // Slovenčina na konci 20. storočia, jej normy a perspektivy (Sociolinguistica Slovaca 3). Bratislava. S. 153—163.

Jelínek M., 1999: Josef Zubatý jako kritik českého jazykového purismu // Festschrift für Klaus Trost zum 65. Geburstag. München. S. 101—108.

NEWERKLA S. M., 1999: Johann Wenzel Pohl — Sprachpurismus zwischen Spätbarock und tschechischer Erneuerung // Tschechisches Barock. Sprache, Literatur, Kultur. — České baroko. Jazyk, literatura, kultura. Frankfurt — Wien. S. 49—67.

PURISMUS, 1987: Malá československá encyklopedie. V. Praha. S. 212.

Ševčík O., 1974/1975: Český jazykový purismus z hlediska funkční teorie spisovného jazyka // Sborník prací filozofické fakulty Brněnské Univerzity. A 22/23. Řada jazykovědná. S. 49—58.



Tarajło-Lipowska Z., 1999: “Prawdziwy” charakter czeskiego Odrodzenia Narodowego // Odrodzenie narodowe w Czechach i na Słowacji. Księga ku czci Zdzisława Niedzieli. Kraków. S. 91—97.

THOMAS G., 1975: The Calque — An International Trend in the Lexical Development of the Literary Languages of Eighteenth-Century Europe // Germano-Slavica. 6. P. 21—41.

THOMAS G., 1978: The Role of Calques in the Early Czech Language Revival // The Slavonic and East European Review. Vol. 56. No. 4. P. 481—504.

THOMAS G., 1988: Towards a Typology of Lexical Purism in the Slavic Literary Languages // Canadian Slavonic Papers. Vol. XXX. No. 1. P. 96—111.

THOMAS G., 1996: Towards A History of Modern Czech Purism: The Problem of Covert Germanisms // The Slavonic and East European Review. Vol. 74. No. 3. P. 401—420.

THOMAS G., 1997: The Development of Slovak Purism // Oxford Slavonic Papers. New series. Vol. XXX. P. 67—88.

TRNKA B., 1932: Die neue Linguistik and die tschechische Sсhriftsprache // Prager Rundschau. 2. S. 508—515.

WEXLER P. N., 1974: Purism and Language: A Study in Modern Ukrainian and Belorussian Nationalism (1840 — 1967). Bloomington.



WEXLER P., 1985: Belorussification, Russification and Polonization Trends in the Belorussian Language 1890-1982 // Sociolinguistic Perspectives on Soviet National Languages. Their Past, Present and Future. Berlin — New York — Amsterdam. P. 37—56.


1 Асабліва суровыя ацэнкі беларускаму пурызму 1920-х гг. даваў А. Баханькоў. Ён лічыў, што ў Беларусі пурызм праявіўся “з асобай сілай” і быў прадстаўлены ў “крайняй” форме (БАХАНЬКОЎ, 1982; 28).

2 Некалькі прац пра чэшскі пурызм напісаў канадскі даследчык Джордж Томас, а таксама шэраг іншых замежных аўтараў (параўн.: THOMAS, 1978; THOMAS, 1996; BASAJ, 1999; Tarajło-Lipowska, 1999; NEWERKLA, 1999).

3 На падобныя праблемы ў распрацоўцы славацкага пурызму ўказваў Дж. Томас. У прыватнасці, ён пісаў, што большасць напісаных лінгвістамі прац наконт славацкага пурызму вострапалемічныя па сваім тоне (THOMAS, 1997; 67).

4 Цікава, што ў слоўніку Ахманавай (відаць, пад уплывам нейкіх англамоўных прац) першым аб’ектам увагі пурыстаў былі названы не запазычанні, а неалагізмы (АХМАНОВА, 1969, 374). Такая іерархія, аднак, не была захавана пры выданні ў 1990 г. “Лингвистического энциклопедического словаря», дзе ў артыкуле «Культура речи» пурызм характарызаваўся як «імкненне ачысціць літаратурную мову ад замежных запазычанняў, рознага роду наватвораў, ад элементаў пазалітаратурнага маўлення (дыялектызмаў, прастамоўя і інш.» (СКВОРЦОВ, 1990, 247).

5 Моўная кампанента ў дзейнасці Інбелкульта мела велізарнае значэнне. У 1924 г. асноўныя задачы будучай акадэміі навук нарком асветы БССР А. Баліцкі вызначыў наступным чынам: «далейшае даследаванне беларускай мовы, выяўленне яе багаццяў і нагляданне за тым, як беларуская літаратурная мова робіцца агульнай моваю для ўсіх чалавек Беларусі» (БАЛІЦКІ, 1924).

6 У адной са сваіх прац Дж. Томас сцвярджае: “Шырока прызнана, што пурызм адыграў ключавую ролю ва ўтварэнні і развіцці сучаснай стандартнай чэшскай мовы” (THOMAS, 1996; 401).

7 На думку А. Ісачанкі, чэш. divadlo было створана «ў духу законаў чэшскай мовы», тым не менш з «падказкай» з боку ням. Schauspielhaus (ИСАЧЕНКО, 1958; 344). Пра «неўнікальны» характар чэш. divadlo пазней пісалі таксама Р. Оці і Дж. Томас (AUTY, 1973; 338; THOMAS, 1975; 23). Зрэшты, першы пры гэтым апеляваў да семантычнага развіцця чэш. divadlo ад ‘прадстаўленне’ да ‘тэатр’, аналагічнага развіццю ў французскай мове, а другі суадносіў з лацінскай мовай.

8 Зварот у беларускім выпадку да народных крыніц уяўляецца амаль не “непазбежным”, у кожным разе настолькі натуральным, што ў беларускай лінгвістыцы сам гэты спосаб звычайна не лічыцца пурыстычным. Параўн. у гэтым сэнсе наступнае паказальнае выказванне: “Праяўленне пурызму трэба бачыць не ў тым, што, развіваючы лексічныя і граматычныя сродкібеларускай літаратурнай мовы, культурныя дзеячы тагачаснай Беларусі імкнуліся арыентавацца на беларускую народную моўную аснову. Гэта зусім натуральна...” (КРАМКО, ЮРЭВІЧ, ЯНОВІЧ, 1968; 157). Між тым Р. Оці заўважыў, што з прычыны страты сувязі са старой мовай у беларускім выпадку больш дарэчы гаварыць не пра адраджэнне мовы, а пра яе стварэнне (ОТИ, 1978; 115). Калі так, то задачу беларускіх кадыфікатараў 1920-х гг. (якія стваралі мову) можна ацэньваць як больш складаную ў параўнанні з чэшскімі кадыфікатарамі (якія адраджалі мову).

9 У сваёй манаграфіі П. Вэкслер у спецыяльнай спасылцы заўважае, што чэшскія пурысты капіравалі працэдуры словатворчасці і калькавання, уласцівыя нямецкай мове. У гэтай характарыстыцы чэшскага пурызму Вэкслер абапіраецца на кваліфікацыі Р. Якабсона (які назваў чэшскі пурызм action calquée), Б. Унбегауна, А. Ісачанкі, В. Жырмунскага. Гл..: WEXLER, 1974; 327. Дж. Томас нагадвае, што пры падрыхтоўцы сваёй працы «Slovesnost’» (1845) Ё. Юнгман выкарыстоўваў вопыт немцаў Адэлунга і Кампэ, што ў працэсе перакладаў англійскай класікі на чэшскую мову Ё. Юнгман выкарыстоўваў існуючыя нямецкія пераклады. У адной са сваіх прац Дж. Томас спасылаецца на заўвагу Г. Бэкера 1948 г. аб тым, што імпульс для антынямецкага пурызму парадаксальным чынам прыйшоў у чэшскую мову з нямецкай мовы. Заўважана, што нават некаторыя канкрэтныя ўсплескі пурызму ў чэшскай мове (напрыклад, у другой палове 1870-х і ў наступныя дзесяцігоддзі) мелі падтрымку ў тагачасным нямецкім антыфранцузскім пурызме часу пруска-французскай вайны і наступных гадоў (параўн.: Jelínek, 1999, 101).

10 Прымяняльна да кадыфікатараў Заходняй Беларусі П. Вэкслер згадвае “добра вядомы чэшскі архаізуючы вопыт ХІХ стагоддзя”, які нібыта ўплываў на беларусаў (WEXLER, 1974, 319), аднак папраўдзе справа абмяжоўвалася, бадай, адным Янкам Станкевічам, выпускніком Карлава універсітэта 1926 г. У савецкай Беларусі арыентацыя на чэшскае моўнае будаўніцтва адлюстравана ў выказванні мовазнаўца М. Байкова, які ў рэцэнзіі на кнігу М.А. Рыбнікавай “Изучение родного языка” пісаў: “Цяпер, калі выпрацоўваецца беларуская літаратурная мова, вельмі важна пазбегнуць непатрэбнай часам чужаземшчыны і выкарыстаць тыя багатыя магчымасці, якія дадзены ў жывой народнай беларускай мове. Стварылі ж чэхі сваю народную навуковую тэрміналогію!”. Параўн.: БАЙКОЎ, 1922, 20. У пачатку 1920-х гг. Байкоў быў сакратаром Навукова-тэрміналагічнай камісіі, аднак пазней быў зняты з гэтай пасады, што не дазваляла яму зплываць на тэрмінатворчую практыку вельмі актыўна. Нягледзячы на гэта ўплыў чэшскага пурызму на тэрмінатворчую беларускую практыку можна лічыць значным. Параўн. у гэтым плане заўвагу 1962 г. Л. Шакуна аб тым, што чэшскі ўплыў на беларускую літаратурную мову „лёгка выяўляецца... ў асаблівасцях беларускай нацыянальнай тэрміналогіі, якая стваралася ў першыя дзесяцігоддзі пасля перамогі Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі” (ШАКУН, 1962; 122).


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка