Беларускія народныя гульні як сродак фізічнага выхавання



Дата канвертавання24.12.2016
Памер191.34 Kb.
БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ 

ЯК СРОДАК ФІЗІЧНАГА ВЫХАВАННЯ.

МЕТОДЫКА НАВУЧАННЯ І ПРАВЯДЗЕННЯ БЕЛАРУСКІХ НАРОДНЫХ ГУЛЬНЯЎ

 

Фізічная культура займае вядучае месца ў выхаванні дзяцей. Дашкольны ўзрост – гэта перыяд, калі дзіця хутка расце і развіваецца, і таму вельмі важна дапамагчы яму навучыцца правільна ўспрымаць знешні свет. Задача  ўстановы дашкольнай адукацыі – забяспечыць усебаковае развіццё і выхаванне дзяцей. Выкананне яе здзяйсняецца рознымі сродкамі, сярод якіх важнае месца належыць гульне.



Беларускія народныя гульні – адзін з самых старажытных і арыгінальных сродкаў выхавання. Яны прыйшлі да нас з глыбінь стагодзяў, перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяродзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў. Як правіла, беларускія народныя гульні – рухомыя.

Беларускія народныя гульні садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя, развіццю сілы, спрытнасці, назіральнасці, кемлівасці, удумлівасці, вытрымцы, пачуцця калектывізму, клопату пра іншых, любові да роднага краю, выхаванню пачуцця справядлівасці.

Больш эфектыўнаму комплекснаму  рашэнню аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач спрыяе атмасфера радасці , якая ўзнікае пры правядзенні рухомых гульняў. Актыўныя рухі, абумоўленныя зместам гульні, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і павялічваюць фізічныя працэсы.  Важную ролю ў набыцці дзіцём жыццёвага вопыту адыгрываюць праяўляюшчыяся ў рухомых гульнях фізічныя якасці: хуткасць рэакцыі, спрытнасць, вокамер, раўнавага, навыкі арыентацыі ў прасторы.

 Большасць беларускіх рухомых гульняў патрабуюць шмат фізічнай энергіі, спрытнасці, кемлівасці, у выніку чаго дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку, загартоўку. Вясковыя дзеці ўжо ў падлеткавым узросце былі фізічна моцнымі і вынослівымі і маглі выконваць працу ў полі і па гаспадарцы, якая патрабавала шмат сіл.

Раней ўсе народныя гульні праводзіліся на вуліцы. І зараз яны не патрабуюць спецыяльных умоў і абсталявання. Гэта забяспечвае іх арганізацыю на свежым паветры, прычым сезоннасць беларускіх гульняў дазваляе праводзіць іх на працягу ўсяго года.

Методыка навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускім рухавым гульням мае свае спецыфічныя асаблівасці ў залежнасці ад узросту дзяцей:

    падбіраючы гульню неабходна звярнуцца да   праграмы у якой спіс гульняў складзены з улікам агульнай рухавай падрыхтоўкі дзяцей пэўнага ўзросту і накіраваны на вырашэнне пэўных вучэбна-выхаваўчых задач. Пры правядзенні рухавых гульняў важна ўлічваць пару года і надвор’е. Рухавы змест гульняў павінен адпавядаць умовам іх правядзення.

    выбар гульні вызначае яе месца ў рэжыме дня. На першай прагулцы мэтанакіраваны гульні больш дынамічныя, на другой – гульні розныя па рухавай характырыстыцы. Да пачатку гульні трэба зрабіць разметку пляцоўкі,  падрыхтаваць патрэбнае абсталяванне і атрыбутыку.

     збор дзяцей на гульню неабходна праводзіць у тым месцы пляцоўкі, адкуль будуць пачынацца гульнявыя дзеянні. Збор павінен праходзіць хутка і цікава, таму трэба прадумаць прыёмы і пастаянна іх змяняць. Асабліва важна выклікаць цікавасць да гульні ў самым пачатку. Вялікі эфект дае абыгрыванне атрыбутаў.

    тлумачэнне правілаў гульні павінна быць кароткім, зразумелым, эмацыянальным, цікавым.

Выбар гульні залежыць ад педагагічнай задачы, стану здароўя, падрыхтоўкі дзяцей.

Алгарытм правядзення гульні наступны:

 

-  педагог расказвае змест гульні, паказвае, як трэба выконваць тыя ці іншыя дзеянні,  пры дапамозе пытанняў паўтарае з дзецьмі правіла, каб пераканацца, што ўсе зразумелі. Для малых дзяцей няма папярэдняга тлумачэння гульні. Яно вядзецца паэтапна, у ходзе гульнявых дзеянняў. У сярэдняй і старэйшай групах папярэдняе тлумачэнне адбываецца з улікам узроставых псіхалагічных магчымасцей дзяцей. Гэта вучыць іх планаваць свае дзеянні. Вельмі важнай з’яўляецца паслядоўнасць тлумачэння:



-          назва гульні і яе задумы;

-          кароткі змест;

-          правілы;

-          напамін рухаў (пры неабходнасці);

-          раздача роляў;

-          раздача атрыбутаў;

-          размеркаванне гуляючых па пляцоўцы;

-          пачатак гульнявых дзеянняў.

Калі мы пачнем тлумачэнне гульні з назначэння дзяцей на галоўныя ролі або з раздачы атрыбутаў, спадзе ўвага да інструкцый, пачнецца збой гульнявых дзеянняў.

Калі ў гульні  ёсць  словы, то спецыяльна разучваць іх не трэба – дзеці запамінаюць іх падчас гульні. Калі яна знаёмая, тады з дапамогай пытанняў удакладняюцца пэўныя моманты.

 Калі гульня праводзіцца з дзецьмі  першай малодшай групы,  то педагог сам прымае ў ёй удзел: выконвае як галоўную, так і другародную ролю. Трохгадовым дзеткам  ужо можна даручыць выкананне галоўнай ролі. У  сярэдняй і старэйшай групах кіраўніцтва апасродкаванае: кіраўнік можа прымаць удзел у гульни, кали яна новая або па ўмовах  гульні не хапае пары.

Вельмі важна, каб у момант гульні педагог бачыў дзеянне кожнага дзіцяці. Сваім дзейсным удзелам ён падтрымлівае ў дзяцей бадзёры, радасны настрой, заахвочвае праяўленне рашучасці, знаходлівасці, смеласці, стрымлівае празмерна актыўных дзяцей, падбадзёрвае тых, хто адстае, папярэджвае магчымыя выпадкі надабразычлівасці. Для стымуляцыі гульні педагог можа прыняць у ёй удзел як звычайны гулец, строга выконваючы правілы. У рэдкіх выпадках кіраўнік можа ўзяць на сябе выкананне адказнай ролі і паказаць, як трэба выконваць дзеянні, або калі неабходна надаць гульні жывасць, эмацыянальнасць.

Падвядзенне вынікаў гульні таксама важны момант:

-     у першай малодшай групе вынік павінен быць аптымістычным, кароткім і канкрэтным.  Дзяцей абавязкова трэба пахваліць.

  -       у другой малодшай, сярэдняй і старэйшай групах  адзначаюць  тых, хто правільна выконваў рухі, праяўляў хуткасць, спрытнасць. Неабходна называць і тых дзяцей,  якія парушалі правілы, памылкова выконвалі рухі.  Пры гэтым нельга забываць, што заўвагі трэба рабіць карэктна і ў дабразычлівай форме. Да абмеркавання правядзення гульні  далучаюцца ўсе дзеці. Гэта прывучае іх да аналізу сваіх учынкаў, садзейнічае больш добраму выкананню правілаў гульні і рухаў.

Каб павялічыць эфектыўнасць рухавых гульняў можна выкарыстоўваць розныя спосабы:

-          выбраць 2-3 вядучых;

-          павялічыць працягласць інтэнсіўных рухаў у гульнях з ухіленнем, адлегласць для бегу ў гульнях з перабежкамі;

-          змяніць сігнал;

-          увесці “выручалачкі”;

-          ускладніць правіла і г.д.

Беларускія народныя гульні трэба шырока выкарыстоўваць пры правядзенні  спартыўных святаў.Пры гэтым яны могуць стаць асноўным матэрыялам для іх правядзення.

Фізічная актыўнасць у спалучэнні з фальклорам далучае дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры і арганічна ўключаецца  ва ўсе мерапрыемствы па аздараўленні дзяцей установы дашкольнай адукацыі. Асабліва трэба адзначыць народныя святы: Каляды, Масленіца, Купалле, “Кірмашы”, якія немагчыма ўявіць без  гульняў, забаў, народных танцаў. Займальнасць,  гульні, вобразнае слова робяць іх яркімі, запамінальнымі, ствараюць бадзёры, радасны настрой у дзяцей, выклікаюць цікавасць і жаданне выкарыстоўваць гульні ў самастойнай гульнявой дзейнасці.

Выхавацель павінен больш шырока выкарыстоўваць і знаёміць дзяцей з беларускімі народнымі гульнямі. Пры гэтым неабходна ўлічваць індывідуальныя  магчымасці дзяцей. Каб  зрабіць беларускія народныя гульні даступным сродкам выхавання дзяцей,  неабходна  выкарыстоўваць дыферынцыраваны падыход :  фізічна слабых з некаторай затрымкай рухальнага развіцця  неабходна ўцягваць у даступныя ім гульні, ускладняючы іх змест паступова. Больш падрыхтаваным дзецям трэба прапаноўваць складаныя гульні.

Выкарыстанне беларускіх народных гульняў дапаможа вырасціць дзяцей здаровымі, сумленнымі людзьмі, якія будуць шанаваць народныя традыцыі і імкнуцца глыбока пазнаць спадчыну сваіх продкаў. 

 

Журавель”


Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: вяроўка.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту.

Выбіраюцца «журавы». Астатнія становяцца ў круг, трымаючы ў паднятых уверх руках вяроўку («сілкі»). Журавы, узмахваючы рукамі рухаюцца па зале, прабягаючы пад вяроўкаю і сярод удзельнікаў, якія ходзяць па крузе і спяваюць:

Сякі-такі

Журавель,

Журавель

Не еш маіх канапель, канапель.

Бо я табе, жураўлю, жураўлю,

Задам дыхту, як злаўлю, як злаўлю!

Па заканчэнні слоў (не раней!) дзеці апускаюць вяроўку, каб злавіць каго-небудзь з журавоў.
Мароз”
Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту.

Гуляючыя пры дапамозе лічылкі:

Ты халодны, ты марозны,

Ты ў кажусе, ты ў латусе,

А ў цябе красны нос,

Гэта ты — дзед Мароз! —

выбіраюць «Мароза» і разбягаюцца па пляцоўцы. «Мароз» бяжыць за імі і стараецца дакрануцца да каго-небудзь рукой. Той, да каго ён дакрануўся, лічыцца «замарожаным», павінен спыніцца, развесці рукі ў бакі і замерці. Іншыя гульцы могуць «размарозіць» яго, пляснуўшы рукой па плячы. Перамагае «Мароз», які «замарозіў» большую колькасць гульцоў.

Кожныя 2—3 хвіліны выбіраецца новы «Мароз».
Шэры кот”
Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту, хуткасці рэакцыі.

Гуляючыя выбіраюць «ката» па лічылцы:

Раз, два, тры, чатыры,

Ката грамаце вучылі:

Не чытаць, не пісаць,

А за мышкамі скакаць.

«Мышы» становяцца за «катом» у калону, якая рухаецца па пляцоўцы. Паміж «катом» і «мышамі» ідзе размова:

К о т. У стозе мышы ёсць?

Д з е ц і. Ёсць!

К о т. Мышы ката баяцца?

Д з е ц і. Не баяцца!

К о т. А я кот Катафей, разганю ўсіх мышэй!

«Мышы» разбягаюцца, а «кот» іх ловіць.



Заўвага: гульцы павінны знаходзіцца ў калоне да слоў «...разганю ўсіх мышэй» і дакладна, выразна вымаўляць тэкст.
Бярозка”

Месца правядзення: спартыуная пляцоўка, лесапарк, луг.

Педагагічнае значэнне: практыкаваць у хадзе па крузе, узгадняючы рух са словамі, развіваць хуткасць, срыт, вынослівасць, рашучасць.

3 ліку тых, хто гуляе, выбіраецца дзяўчынка-«бярозка». Дзеці ходзяць па крузе, паклаўшы хустачкі на плячо, і спяваюць:

Бярозка белая,

Макаўка зялёная.

Летам махнаценькая,

Зімой сучкаваценькая,

Дзе яна стаіць,

Там і шуміць.

Дзяўчынка-«бярозка», што стаіць у крузе, пад песню забірае хустачкі, паднімае іх над галавой і, калі заспяваюць:

Бярозка зялёненькая,

Вясной вясёленькая,

Сярод поля стаіць,

Лісточкамі шуміць,

Грыміць, гудзіць,

Залатым вяночкам звініць, —

імітуе шум лістоў, рух галін — шамаціць сукенкай, махае над галавою хустачкамі. Пад прыгаворку: «А восенню карані ў бярозкі засынаюць, лісточкі ападаюць!» — «бярозка» абыходзіць карагод і кожнаму кладзе яго хустачку.

Варыянт: «бярозка» раскідвае «лісточкі», дзеці пад музыку бегаюць па зале. Калі музыка заканчваецца, дзеці падымаюць хустачкі, строяць круг.

Заўвага: хустачкі павінны ляжаць свабодна, каб дзяўчынка-«бярозка» змагла лёгка іх узяць.
Прэла-гарэла”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: набор невялікіх прадметаў (рознакаляровыя кубікі, шышкі).

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю ўвагі, назіральнасці, інтуіцыі.

Удзельнікі гульні становяцца спіной да вядучага і заплюшчываюць вочы. Вядучы хутка хавае прадметы ў розных месцах, гаворачы пры гэтым:

Прэла-гарэла,

За мора ляцела,

А як прыляцела,

Дык недзе і села.

Хто першы знойдзе,

Той сабе возьме!

Пасля гэтых слоў (не раней!) усе разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя прадметы. Выйграе той, хто знойдзе больш за ўсіх прадметаў.


Блін гарыць”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: вяроўка.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрытнасці, хуткасці рэакцыі.

Гульцы ствараюць круг з вяроўкі, у які і становяцца. Лавец, стаўшы спіной да круга на адлегласці 3—4 м, гаворыць: «Блін гарыць!» Усе выбягаюць з круга, але адразу ж імкнуцца забегчы ў яго зноў. Лавец у гэты час спрабуе запляміць (дакрануцца) каго-небудзь з гульцоў. Той, каго заплямілі, становіцца лаўцом, і гульня працягваецца.

Заўвага: лавец не мае права пляміць гульцоў, якія знаходзяцца ў крузе.
Гуж”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрытнасці.

Два ўдзельнікі становяцца ў круг, астатнія — па-за ім. Адзін з гульцоў, што стаяць у крузе, штурхае другога ад сябе са словам «гуж», той выбягае з круга і пачынае лавіць астатніх. Усе ўцякаюць, а «гуж» ловіць іх. Калі «гуж» каго-небудзь зловіць, той ідзе ў круг і замяняе лаўца.

Калі на працягу 3 хвілін «гуж» нікога не зловіць, на дапамогу яму прыходзіць гулец, які застаўся ў крузе.


Міхасік”

Месца правядзення: зала, пляцоўка.

Інвентар: абручы дыяметрам да 50 см, (на адно менш, чым гульцоў). Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, спрыту.

Абручы раскладваюцца па крузе, і вакол іх становяцца гульцы. Адзін з гуляючых (вядучы) гаворыць такія словы:

Ты, Міхаська, не зявай, не зявай!

Лапаточкі абувай, абувай!

Гучыць беларуская народная мелодыя, гульцы, танцуючы, рухаюіта па крузе. Як толькі музыка заканчваецца, усе спыняюцца і стараюцца як мага хутчэй «абуць лапці» — заняць свабоднае месца ў адным з кольцаў. Гулец, які застаўся без «лапцей», выбывае з гульні. Пасля гэтага адзін абруч забіраецца. Гульня працягваецца да той пары, пакуль не застанецца адзін гулец. Ён і лічыцца пераможцам.

Церамок”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: мяч, абручы.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю спрытнасці, умення трапна кідаць мяч.

Кожны гулец (акрамя вядучага) малюе сабе маленькі кружок — «церамок» (або кладуць абручы). Вядучы, стоячы ўбаку, падкідае мяч угару. У гэты час усе гуляючыя мяняюцца «церамкамі», пе-рабягаючы з кружка ў кружок. Вядучы ловіць мяч і кідае ў гульца, які не паспеў перабегчы і заняць «церамок». Калі мяч трапіць у яго, вядучы становіцца ў свабодны «церамок», а няспрытны гулец пачынае вадзіць.



Заувага: нельга кідаць мяч у гульца, які паспеў заняць «церамок».
Конікі”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: гімнастычныя палкі па колькасці гульцоў

Педагагічнае значэнне: удасканальваць навыкі скачкоў на дзвюх або адной назе, вытрымку, вынослівасць.

У сярэдзіне пляцоўкі чэрціцца круг так, каб у ім свабодна маглі змясціцца ўсе гуляючыя — «конікі». Гульцы выбіраюць «шпака», які становіцца ў круг, «конікі» — за кругам. «Шпак», скачучы на дзвюх нагах, ловіць «конікаў», якія падбягаюць да круга, а пры набліжэнні «шпака» адбягаюць. Калі «шпак» не ўтрымаецца і выйдзе за межы круга, «конікі» павінны перамяшчацца скачкамі на дзвюх нагах. Злоўлены гулец заводзіцца ў круг і робіцца «шпаком».

Новы «шпак» можа скакаць на адной назе, правай або левай, і ўсе «конікі» павінны перамяшчацца такім жа спосабам. «Конік» лічыцца злоўленым, калі шпак дакранецца да яго рукой. Гульня заканчваецца, калі ўсе гульцы збяруцца ў сярэдзіне круга.



Заўвага: «шпак» не мае права мяняць спосаб перамяшчэння пасля выхаду з круга, а конікам нельга выходзіць за мяжы пляцоўкі.
Замарожаныя”

Месца правядзення: пляцоўка.

Педагагічнае значэнне: удасканальваць навыкі бегу, змяняючы тэмп і напрамак, выхоўваць смеласць, сумленнасць.

Дзеці выбіраюць Дзеда Мароза па лічылцы:

Дзед Мароз,

Дзед Мароз

Бабу снежную прынёс,

Баба, баба, снегавуха,

Не хапай мяне за вуха!

Пасля гэтых слоў гульцы разбягаюцца па пляцоўцы. Дзед Мароз бяжыць за імі і імкнецца дакрануцца да каго-небудзь рукой — замарозіць. Замарожаны павінен спыніцца, расставіць рукі ў бакі і замерці. Гульня заканчваецца, калі будуць замарожаны ўсе дзеці. Затым выбіраюць новага Дзеда Мароза і пачынаюць гульню спачатку.


Гарлачык”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Педагагічнае значэнне: практыкаваць у безе, ва ўменні дзейнічаць па сігнале, хутка арыентавацца ў навакольным прасторы, развіваць увагу

Дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта «гарлачыкі». Па крузе ходзіць «пакупнік» і спыняецца каля каго-небудзь.

П а к у п н і к. Колькі каштуе гэты гарлачык?

Д з і ц я.

За гарлачык гэты

Дай нам зусім крышку:

Каб ніколі не хварэць —

Маннай кашы лыжку.

Пасля гэтых слоў дзіця-«гарлачык» паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а «пакупнік» — яму насустрач. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца «пакупніком».
Спрытны верабей”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: флажок.

Педагагічнае значэнне: практыкаваць навыкі бегу з лоўлей і ўхіленнем, уменне хутка арыентавацца ў навакольнай прасторы, развіваць спрыт.

На зямлі малююць круг дыяметрам 2 м так, каб яго можна было бачьшь здалёк. У сярэдзіну ставяць флажок. На адлегласці 10—15 м ад круга дзеці строяцца ў шарэнгу. Па лічылцы:

Скакаў верабей па сцяне,

Зламаў ножку — цяжка мне!

Вераб'іха скача

Ды па ножцы плача.

Верабей, верабей,

Не дзяўбі канапель:

Ні маіх, ні сваіх,

Ні суседзей маіх!

Адгукніся, верабей,

Вылятай у круг хутчэй! —

дзеці выбіраюць «вераб'я» і разбягаюцца па пляцоўцы, а той, каму выпала быць «вераб'ём», ловіць іх. Той, каго зловяць, дапамагае «вераб'ю» лавіць астатніх. Гульцы могуць адпачыць, калі схаваюцца ў круг, але затрымлівацца там доўга нельга (не больш за адну мінуту). Гульня заканчваецца, калі ўсе дзеці будуць злоўлены.



Заўвага: выбегшы з круга, нельга тут жа вяртацца назад.

3мяя”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю спрытнасці, хуткасці

рэакцыі. узгодненасці рухаў, сілы мышцаў рук.

Гульцы строяцца ў калону па аднаму і бяруць рукамі за пояс таго, хто стаіць спераду. Уся калона — «змяя», першы ў калоне — «галава», апошні — «хвост».

Па сігнале «галава» павінна злавіць «хвост», які ад яе ўцякае. Гульцы павінны моцна трымацца рукамі адзін за аднаго, стараючыся не разарваць калону. «Галава», што злавіла «хвост», пераходзіць у канец калоны, і гульня пачынаецца зноў.

Заўвага: тыя, па чыёй віне разарвецца калона, лічацца прайграўшымі і выбываюць з гульні.
Спрытнякі”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Педагагічнае значэнне: садзейнічае развіццю хуткасці, каардынацыі рухаў, спрыту.

Гульцы становяцца ў круг парамі (адзін за адным) тварам да цэнтра. Пярэдні гулец расстаўляе рукі ў бакі, задж трымаецца за пярэдняга. Вядучы знаходзіцца ў цэнтры круга. Ён падбягае то Да адной, то да другой пары, стараючыся схапіць задняга гульца.

Пярэдні гулец загароджвае яго рукамі і ўвесь час паварочваецца тварам да вядучага. Калі вядучаму ўдаецца ўхапіцца за задняга гульца, пярэдні становіцца вядучым, а задні аказваецца спераду і ахоўвае свайго таварыша.

Заувага: вядучы не павінен хапацца за папярэдняга гульца і ўжываць сілу, дастаткова толькі дакрануцца да гульца, які стаіць ззаду.
Грушка”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: медальёнчык-грушка. |

Педагагічнае значэнне: удасканальваць навыкі бегу з ухіленнем, уменне хутка арыентавацца у навакольнай прасторы.

Дзеці ўтвараюць круг, у сярэдзіне якога знаходзіцца выбраная «грушка». Дзеці ідуць вакол «грушкі» і спяваюць, выконваючы танцавальныя рухі згодна са словамі песні:

Мы пасадзім грушку

Усе, усе.

Няхай наша грушка

Расце, расце.

Вырасці ты, грушка,

Вось такой вышыні.

Распусціся, грушка,

Вось такой шырыні!

Расці, расці, грушка,

Ды ў добры час.

Патанцуй, Марылька,

Паскачы для нас.

А ўжо наша грушка

Распусцілася,

А наша Марылька

Зажурылася.

А мы тую грушку

Весяліць будзем.

I ад нашай грушкі

Уцякаць будзем.

На словы «ўцякаць будзем» дзеці разбягаюцца, а «грушка» іх ловіць.


Вожык і мышы”

Месца правядзення: пляцоўка, зала.

Інвентар: вяровачкі-«хвосцікі», шапачка-маска вожыка.

Педагагічнае значэнне: развіваць хуткасць, спрыт, вынослівасць, рашучасць.

Па лічылцы выбіраецца «вожык». Гульцы (у кожнага за поясая вяровачка-«хвосцік») становяцца ў круг, «вожык» — у цэнтры. Па сігнале ўдзельнікі ідуць управа, «вожык» — улева.

Бяжыць вожык, тупу-туп!

Сам калючы, востры зуб!

— Вожык. вожык, ты куды?

Ад якой бяжыш бяды?

Пасля гэтых слоў усе спыняюцца, звяртаюцца да вожыка:

Вожык ножкамі туп-туп!

Вожык вочкамі луп-луп!

Навакол пануе ціш,

Вожык чуе ў лісцях мыш.

«Вожык» асцярожна ходзіць, прыслухоўваецца.

Бяжы, бяжы, вожык!

Не шкадуй ты ножак!

Раз, два, тры — хвасты лаві!

«Мышы» разбягаюцца. «Вожык» бяжыць за імі, імкнучыся выцягнуць як мага болей «хвастоў». «Мышка», у якой вожык выцягнуў «хвосцік», лічыцца злоўленай.
У ката”

Месца правядзення: групавы пакой, пляцоўка на вуліцы.

Педагагічнае значэнне: развіваць здольнасць утрымлівацьраўнавагу,

статычнасць, уменне кіраваць сваім тулавам.

Усе дзеці становяцца ў адзін рад, выбраны лічэннем «кот» становіцца насупраць. Удзельнікі скачуць і крычаць: «Тра-та-та, тра-та-та, не баімся мы ката!» «Кот» робіць выгляд, што не звяртае на іх увагі. Калі дзеці надта разыйдуцца, «кот» кідаецца да іх. Усе заміраюць. Той, хто зварухнецца, пераходзіць да «ката».

“У мядзвездзя на бару”

Месца правядзення: спартыўная пляцоўка, лесапарк, луг.

Педагагічнае значэнне: развіваць хуткасць, вынослівасць, рашучасць.

Аднаго з удзельнікуў гульні выбіраюць або прызначаюць «мядзведзем». «Мядзведзь» ходзіцть па сваім «лесе», шукае тых, хто робіць яму шкоду. Дзеці прыходзяць у лес па ягады, па грыбы. Яны ходзяць і разам спяваюць песню:

У мядзведзя на бару

Грыбы, ягады бяру.

Мядзведзь рычыць,

На нас глядзіць.

Песню можна праспяваць некалькі разоў. У гэты час «мядзведзь» выбірае момант, каб кінуцца на дзяцей, бяжыць за імі і стараецца каго-небудзь злавіць. Той, каго зловяць першым, становіцца «мядзведзем». Гульня працягваецца.


Беларускія народныя гульні.

“Проса”


Гульня праводзіцца на пляцоўцы або ў спартыўнай зале. Колькасць удзельнікаў не менш чым 6 чалавек. Гуляючыя па дамоўленасці выбіраюць “гаспадара” (альбо гаспадыню), становяцца ў шарэнгу і бяруцца за рукі. “Гаспадар” праходзіць уздоўж шарэнгі, спыняецца каля аднаго з ігракоў і пачынае з ім дыялог:

  • Прыходзь да мяне проса палоць.

  • Не хачу!

  • А кашу есці?

  • Хоць зараз!

  • Ах ты, гультай! – і бяжыць у любы канец шарэнгі. Адначасова і гультай бяжыць у тым жа напрамку, але за спінамі гуляючых. Хто першы схопіць за руку апошняга ў шарэнзе, той становіцца з ім побач, а ігрок, які застаўся, займае месца “гаспадара”.

Пасля слоў “Ах ты гультай!” гаспадар можа зрабіць некалькі падманлівых рухаў. Пакуль “гаспадар” не пабяжыць, “гультай” не мае права крануцца з месца.
“Мароз”

Гульню праводзяць на пляцоўцы. Колькасць удзельнікаў 10-20 чалавек. Яны пры дапамозе лічылкі:

Ты зялёны, ты чырвоны,

Ты ў кажусе, ты ў латусе,

А ў цябе сіні нос –

Гэта ты, Дзед Мароз! –

Выбіраюць “Мароза” і разбягаюцца па пляцоўцы. “Мароз” бяжыць за імі і стараецца дакрануцца да каго-небудзь рукой. Той, да каго ён дакрануўся, лічыцца “замарожаным” і павінен спыніцца і развесці рукі ў бакі. Іншыя гуляючыя могуць “размарозіць” яго дакрануўшыся рукой да плячэй.

Пасля кожных 3-5 хвілін выбіраецца новы “мароз”. Перамагае “Мароз”, які здолеў “замарозіць” большую колькасць ігракоў.


“Гусі-лебедзі”

Гуляюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія перад перад гульнёй выбіраюць кіраўніка – “гусіную маці” і дзеляцца не дзве групы “гусей” і “ваўкоў”. “Маці” садзіцца на лаўку, “гусі” становяцца ў 20-25 метрах ад яе, а “ваўкі” паміж “гусямі” і “маці”. “Маці” кліча “гусей”:



  • Гусі дадому!

  • А што дома?

  • Піці і есці, але ваўкі дзесьці!

  • А што ім рабіць?

На гэта адказваюць “ваўкі”:

  • Гусей лавіць!

  • Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе дахаты” – камандуе “маці”.

“Гусі” бягуць да яе, а “ваўкі” іх ловяць. Так паўтараецца да таго часу, пакуль “ваўкі” не пераловяць усіх “гусей”.Пасля гэтага ігракі мяняюцца ралямі.
“У фарбы”

Колькасць удзельнікаў 6-18 дзяцей. Перад гульнёй на зямлі абводзіцца дзве лініі на адлегласці 10-20м. адна ад адной, выбіраюць вядучага – “чорта”, употай ад яго дамаўляюцца, хто якой фарбай называецца, і выстройваюцца ў шшарэнгу на першай лініі. “Чорт” падыходзіць да шарэнгі і гаворыць:

Я чорт з рагамі,

З гарачымі ланцугамі,

Іду, гадаю,

Зялёную ( ці якую іншую)

Фарбу шукаю!

Калі такой фарбай ніхто не назваўся, “чорту” адказваюць “Бяжы адсюль, няма такой фарбы”. Калі такая фарба ёсць, усе крычаць: “Ратуйся, чорт, фарба ідзе!”. Ігрок, які назваў сябе адгаданай фарбай, бяжыць да другой лініі, а “чорт” ловіць яго. Калі зловіць, мяняецца з ім ролямі.


“Гарады”

Гульню можна праводзіць у памяшканні, або на пляцоўцы, вакол якой ёсць месцы для сядзення. Колькасць удзельнікаў неабмежаваная.

Ігракі па дамоўленасці або лічылкай выбіраюць вядучага-адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок.

Кожны ігрок выбірае для сябе назву якога-небудзь горада, усе сядаюць і клічуць адгадчыка. Калі ён прыходзіць, яму гавораць:

Гарадоў прыгожых многа,

Ты знайдзі да іх дарогу,

Лепшы горад выбірай

Ды хутчэй называй!



Адгадчык адгадвае тры разы (можна адзін) і, калі адгадвае, мяняецца месцам з тым іграком, які выбраў назву адгаданага горада. Калі не адгадае, яму гавораць:

  • Ну і ад’язджай у свой … ( указваецца назва апошняга горада, названага адгадчыкам).

Адгадчык адыходзіць, астатнія ўдзельнікі выбіраюць сабе назвы іншых гарадоў, і гульня паўтараецца.

Ігракі могуць выбіраць назвы вёсак.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка