Беларускiя Ведамасьцi (красавiк-травень 2000) трэба змагацца



Дата канвертавання15.05.2016
Памер47.33 Kb.
Беларускiя Ведамасьцi (красавiк-травень 2000)
ТРЭБА ЗМАГАЦЦА

Характар акупацыйнага рэжыму заўсёды вызначаецца ў адносiнах да акупаванага насельнiцтва. Якi б нi быў унутраны нацыянальны лад, якой бы нi была жосткай дыктатура i дзяржаўная ўлада, яна нiколi ня будзе зачыняць свае нацыянальныя школы i ўводзiць навучаньне на мове чужой краiны, яна ня будзе перасьледваць людзей сваёй нацыi, каб даць прыярытэт чужой. Абсалютна выключаецца, каб унутраны дыктатар зьмяншаў бы сваю ўладу i iмкнуўся б зьнiшчыць суверэнiтэт краiны, ў якой сам ўладарыць, каб стараўся паставiць яе ў залежнасьць ад чужой дзяржавы, ад чужога войска, хацеў бы ўвесьцi чужыя грошы i г.д. У гiсторыi такiх прыкладаў няма. Нi Кiм Iр Сэн, нi Кiм Чэн Iр, нi Мао, нi Кастра, нi Мабуту, нi туркмэнбашы - нiхто так сябе не паводзiлi i не паводзяць.

Кожная ўнутраная дыктатура не магла ня ўлiчваць сацыяльную iерархiю людзей у грамадзтве (iснуючую ў межах нацыi) i тую, якую сама стварала. Мы не сустракаем у гiсторыi прыкладаў, каб правячая група (дыктатар) аднолькава нэгатыўна i безразборна трактавалi сьедамасьць усяго дзяржаўнага этнасу (адмаўлялi яго нацыянальную сьведамасьць) i перасьледвалi яе носьбiтаў.

На Беларусi мы бачым якраз гэтакую, на першы погляд, дзiўную i ўражлiвую карцiну. Прадстаўнiкi ўлады ў Беларусi, iснуючая адмiнiстрацыя зьневажаюць чалавека i адмаўляюць яму ў патрэбе толькi за тое, што ён беларус, цi за тое, што зьвяртаецца па-беларуску. Гэта вельмi дзiўна вгылядае ў краiне, дзе каля 90 адсоткаў нацыi - беларусы (па афiцыйным перапiсе - каля 82 адсоткаў).

Службоўцы мiлiцыi, жаўнеры АМАПу, “спэцназу”, унутраных войскаў могуць без прычыны на вулiцы, дома, у транспарце, у любым месцы зьбiць палкамi, нагамi, кулакамi любога беларуса, дастаткова яму толькi засьведчыць сябе беларусам, цi загаварыць па-беларуску. Могуць за гэта арыштаваць, а суд - прысудзiць штраф цi 10 сутак за зьнявагу прэзыдэнта, мiлiцыянера, сабакi мiлiцыянера, цi проста так.

Гэта стала паўсюднай зьявай. З боку iснуючай улады, мiлiцыi i жаўнераў рэжыму цынiчна дэманструецца крайняя непавага да беларусаў, да беларускай зямлi, мовы, культуры, нацыянальных сiмвалаў i сьвятынь. Ня мае значэньня, хто апынецца перад службiстам у пагонах: старая беларуская кабета цi маладая дзяўчына, студэнт цi акадэмiк i паўсюдна вядомы вучоны, валацуга цi вялiкi беларускi мастак. Гэта для iх усяроўна. Усе аднолькавыя. Усе беларусы “нацыяналiсты”, “дзярмо”, “ушывыя блохi”. Гэта для iх, як для расiстаў,- усе чорныя, альбо ўсе-белыя; як для фашыстаў габрэi: усе- ворагi.

Таму ўсiх iх “сволачаў”- кулаком у твар, дубiнкай па галаве, усiх пад арышт, у камэру, на каленi ў бруд, тварам да сьцяны, у суд за “беларускi язык”, “усiх на адну парашу”.

Шмат хто лемантуе, абураецца, пiша скаргi, хапаецца за сэрца - ня можа ўцямiць, што сталася, што робiцца.

Робiцца тое, што рабiлася за часы СССР. Толькi без камунiстычнай вуалi, больш прымiтыўна i просталiнейна.

На Беларусi ёсьць тыповы акупацыйны рэжым чужой дзяржавы. Няма, як быццам, вайны. Не страляюць, не бамбуюць, ня бачым нi рускiх танкаў, нi ваенных дзеяньняў, а ўсё перамянiлася.

Адбылася ўнутраная акупацыя краiны, ажыцьцёўленая расейскiмi спэцслужбамi, якiя выкарысталi савецкiя мэханiзмы беларускай улады, свайго стаўленьнiка Лукашэнку i намэнклятурны апарат савецкай калянiяльнай адмiнiстрацыi.

Унутранай акупацыi Беларусi расейскiмi спэцслужбамi паспрыяла вялiкая дэфармацыя постсавецкага беларускага грамадзтва. Рускiя камунiсты праводзiлi на Беларусi спэцыяльную палiтыку вынарадаваньня беларускай нацыi i русiфiкацыю беларусаў. Iм удалося разбурыць асновы беларускай нацыянальнай салiдарнасьцi, нацыянальнай самасьвядомасьцi народа. Беларусам не хапiла часу, каб усё адрадзiць, бо ўжо ў 1992 годзе пачаўся расейскi iмпэрскi наступ на Беларусi кагэбоўскай крэатуры (Лукашэнкi) i ў 1996 годзе - ажыцьцяўленьнем дзяржаўнага перавароту i потым - узурпацыяй улады.

Цяпер рускiмi (расейскiмi спэцслужбамi i выхадцамi з Расеi) амаль поўнасьцю захоплены ўрад у Беларусi, усе важнейшыя мiнiстрэствы, ключавыя пазыцыi ў адмiнiстрацыi, эканомiцы, прамысловасьцi. Адбываецца мэтанакiраванае зьнiшчэньне ўсяго беларускага, у першую чаргу культуры, школы, друку, навукi i кадравай сiстэмы. Скарочана (да 80 тысячаў) войска i зьменшана яго роля. (Паколькi функцыя войска - баранiць бясьпеку i суверэнiтэт краiны.) Фактычна, войска пастаўлена ў становiшча дэградацыi. Тым часам разрасьлiся розныя ваенiзаваныя аддзелы мiлiцыi i павялiчана ўнутранае войска (да 130 тысячаў). Тут добры рыштунак, амунiцыя, узбраеньне i зарплата. Задача мiлiцыi i ўнутраных войскаў - ахоўваць дыктатуру i ўладу ад унутраных пагрозаў, ад народа. На Беларусi ўжо кiруюць рускiя палкоўнiкi ды генэралы, стаўленьнiкi i службiсы ФСБ-КГБ.

Адбываецца мэтанакiраванае выцясьненьне беларусаў з усiх кiруючых пасадаў. Асаблiва - у сiстэме ўлады.

У пэрспэктыве яны павiнны быць выцесьненыя з улады (цi зьнiшчаныя) усе да аднаго, i апошнiм (пасьля зрабленьня “справы”) расейцы лiквiдуюць Лукашэнку.

Адсутнасьць беларускай нацыянальнай сьведамасьцi ў галовах беларускай рэжымнай (калянiяльнай) адмiнiстрацыi не дазваляе iм убачыць i зразумець, што iх чакае наперадзе. Некаторыя спадзяюцца русiфiкавацца i выжыць. Гэта, выдома, iлюзiя. Усё ўжо было ў 30-х. I ўсё можа паўтарыцца, калi расейцам удасца цалкам забраць Беларусь. Пуцiны паказалi, на што здольныя, але яшчэ не раскрылiся да канца.

Адносiны да беларусаў з боку рэжыму, яго спэцатрадаў, мiлiцыi, адмiнiстрацыi i ахоўнiкаў цалкам - палiтычна i лягiчна - абумоўленыя. Гэта ёсьць дачыненьнi з акупаваным насельнiцтвам на акупаванай тэрыторыi. У рускiх, як i ў фашыстаў, варварскiя ўяўленьнi пра такiя адносiны: акупаванае насельнiцтва ня мае нiякiх правоў, з акупаванымi людзьмi можна абыходзiцца, як з жывёлай, бо ўсе яны - “ворагi Расеi”. Гэтак яны паводзяць сябе ў Чачэнii. Гэтак яны ставяцца i да вольных беларусаў.

АМАПы, “спэцназы” ды жаўнеры ўнутранага войска дзейнiчаюць, як карныя атрады на акупаванай зямлi, карыстаюцца ўседазволенасьцю, поўнай беспакаранасьцю; у часе карнай апэрацыi не нясуць нiякай адказнасьцi за свае злачынныя дзеяньнi, зьбiцьцё i катаваньнi нявiнных людзей.

Для беларусаў, як i для чачэнцаў, рускiмi ўжо даўно падрыхтаваная сiстэма пацыфiкацыi народу, фiльтрацыйных лягераў i рэпрэсiяў. Упершыню яе хацелi маштабна выпрабаваць увосень 1996г., калi рэжым вiсеў на валаску. Гэтыя пляны выкрыла тады газэта “Свабода” (яшчэ тая беларуская “Свабода” I. Гермянчука.) Тады беларусы ўпершыню даведалiся пра падрыхтаваныя для iх фiльтрацыйныя лягеры, ангары, стадыёны, браневiкi, пра сабак i “зондэркаманды” спэцназу ды АМАПу.

Сёлета, на Дзень Незалежнасьцi 25 Сакавiка, Лукашэнка i Пуцiн правялi ў Менску прэвентыўныя манэўры апэратыўных сiлаў гэтай сiстэмы, адпрацоўвалi прыёмы пацыфiкацыi: захопу людзей, прымяненьня да iх фiзычнай сiлы, узаемадзеяньня карных баявых адзiнак i штабоў, разьмяшчэньне i сартыроўка захопленых, фiльтрацыя ў ангарах, фiксацыя i дакумэнтацыя беларусаў (усiх здымалi на стужку i дакумэнтавалi пад асобным нумарам).

Гэтыя абразьлiвыя гульнi акупацыйнага рэжыму, усё гэтае саманадзьмуваньне выглядаюць нiкчэмнымi перад народнай сiлай. Але вялiкая беларуская сiла яшчэ не прачнулася. Яшчэ ня ўсе беларусы адвыклi баяцца.

З акупацыйным рэжымам трэба змагацца.Змагацца ўсiмi сродкамi.

Iншага выхаду няма. Альбо нас вынiшчаць варвары, альбо мы абаронiм свабоду i незалежнасьць Беларусi i - пераможам. I памятайма, нашае яднаньне - гэта БЕЛАРУСКАЯ САЛIДАРНАСЬЦЬ. Беларусы павiнны падтрымлiваць адзiн аднаго ў змаганьнi з акупацыйным рэжымам, у абароне свабоды i незалежнасьцi нашай Айчыны.

Азiраючыся на крывавае ХХ-е стагоддзе, бачым, што гэта была эпоха жудасных сусьветных войнаў, таталiтарызму i татальнага злачынства злачынных спэцслужбаў, якiя вынiшчылi больш, чым войны - дзясяткi мiльёнаў людзей i цэлыя народы. Беларусь не пасьпела зрабiць высновы з сваёй паднявольнай гiсторыi i таму цяпер змушана перажываць яе нанава iзноў, ужо як пранойны фарс, ганебны для ўсёй нацыi, гэтак яшчэ й неўсьвядомлены ёй да канца.



Зянон ПАЗЬНЯК

Файл падрыхтаваны Раманам Салаўянам.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка