Беларускія землі ў перыяд станаўлення І развіцця буржуазнага грамадства ў складзе Расійскай імперыі



старонка1/2
Дата канвертавання28.06.2016
Памер388.4 Kb.
  1   2
Блок 5.

Беларускія землі ў перыяд станаўлення і развіцця буржуазнага грамадства ў складзе Расійскай імперыі (др.пал. XIX – пач. XX стст.)
Пытанне 28. Развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIX ст.

Пытанне 29. Паўстанне1863 – 1864 гг. на тэрыторыі Беларусі: прычыны, ход, вынікі.

Пытанне 30. Асаблівасці развіцця беларускага этнасу. Фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі і яе адлюстраванне ў грамадска-палітычным руху другой паловы XIX – пачатку XX ст. ст.

Пытанне 31. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх губерняў ў 1900 – 1914 гг. Сталыпінскія рэформы.

Пытанне 32. Грамадска-палітычнае жыццё Расійскай імперыі у канцы XIX − пачатку XX стст. і ўдзел у ім беларускага насельніцтва. Агульнарасійскія палітычныя партыі.

Пытанне 33. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 – 1907 гг. на тэрыторыі Беларусі.

Пытанне 34. Першая сусветная вайна і Беларусь. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. на тэрыторыі Беларусі.
Пытанне 28. Развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці на тэрыторыі Беларусі ў другой палове XIX ст.

Сельская гаспадарка.

Памешчыцкая гаспадарка. Пасля рэформы 1861 г. частка памешчыкаў працягвала весці сваю гаспадарку па-старому. У першыя парэформенныя дзесяцігоддзі найбольшае распаўсюджанне ў Магілёўскай і Віцебскай губернях атрымалі адпрацоўкі. Адпрацоўкі, гэта калі малазямельныя сяляне былі вымушаны працаваць на пана за арэнду памешчыцкіх палёў, пашы, сенажацей і за натуральныя або грашовыя пазыкі. Адпрацоўкі (у аснове сваёй дарэформенная паншчына) ажыццяўляліся прымітыўнымі метадамі земляробства і традыцыйнымі прыладамі працы – драўлянай сахой і бараной, сярпом і касой і ўжо толькі па гэтай прычыне былі стратнымі для памешчыцкай гаспадаркі. Важным фактарам стратнасці было і тое, што сяляне, якія знаходзіліся на адпрацоўках, не былі зацікаўлены ў дабраякаснай працы, а прымусіць іх рэпрэсіямі памешчык ўжо не меў права. Усё гэта асуджала памешчыцкую гаспадарку на заняпад. Неабходна адзначыць, што такія памешчыкі хутка разараліся і вымушаны былі прадаваць свае маёнткі сельскай буржуазіі, новай грамадскай праслойцы, што зарадзілася пасля рэформы 1861 г. На 1913 год 2/3 памешчыкаў заклалі свае маёнткі ў банках, а закладзены ў банку маёнтак часцей за ўсё не выкупаўся сваім гаспадаром.

Прыблізна 1/3 памешчыкаў здолела перайсці да капіталістычнай сістэмы гаспадарання. Гэтая сістэма пераважала ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях. Яна заключалася ў найме памешчыкамі ў свае гаспадаркі пастаянных або часовых работнікаў якія апрацоўвалі зямлю інвентаром уладальніка. Такія гаспадаркі паступова набывалі гандлёвы, прадпрымальніцкі характар. Тут уводзілі шматпольныя севазвароты, разводзілі пародзістую жывёлу, выкарыстоўвалі мінеральныя ўгнаенні і палепшаныя прылады працы (жалезныя плугі, бароны), а пазней – розныя сельскагаспадарчыя машыны. Падобнымі новаўвядзеннямі карысталіся на сваіх землях і заможныя прадпрымальныя сяляне. Па прымяненні машын у сельскай гаспадарцы Беларусь стаяла на першым месцы у Расійскай імперыі.



Сялянская гаспадарка. Пераважная большасць сялян вяла гаспадарку на надзелах, атрыманых пасля рэформы. Малазямелле і беззямелле было сапраўдным бедствам для большасці сялянства. Малазямельнымі лічыліся сяляне, ў каторых было да 5 дзесяцін зямлі на двор (десяціна гэта 1,09 га). Такі надзел зямлі не забяспечваў пражытачны мінімум сялянскай сямьі і малазямельныя сяляне арандавалі ворыўную зямлю у памешчыка, за што як і раней неслі адпрацовачныя павіннасці або сплачвалі грашыма. Такіх сялян у Беларусі было 60%.

Серадняком лічыўся той, хто меў ад 5 да 15 дзесяцін зямлі. Серадняк ўжо мог весці больш менш самастойную гаспадарку але такіх гаспадарак ў Беларусі было каля 30%

Сяляне, якія мелі надзелы звыш 15 дзесяцін зямлі, лічыліся заможнымі і маглі вырошчваць прадукцыю на продаж і пашыраць сваю гаспадарку. Праўда, такіх сялянскіх гаспадарак было 10 % ад агульнай колькасці.

У сярэднім на ўсе павіннасці падаткі паборы ійшло ў розныя гады ад 60 да 90% агульнай прадукцыі атрыманай з сялянскага надзела.



Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі. У 1860 – 1870-я гг. сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавалася на вытворчасці збожжа: жыта, аўса, ячменю. Аднак у 1880-я гг. яго вытворчасць як рыначнай культуры стала ў Беларусі нявыгаднай таму, што рынкі Заходняй Еўропы запоўніла больш таннае і якаснае збожжа з Амерыкі, што выклікала рэзкае (удвая і больш) падзенне цэн на яго. Гэта зрабіла прадукцыю беларускіх вытворцаў неканкурэнтаздольнай на еўрапейскім рынку.

Сельская гаспадарка Беларусі пераарыентавалася на малочна-мясную жывёлагадоўлю, якая ў тых умовах магла забяспечыць высокія прыбыткі. У 1883 – 1900 гг. пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася ўдвая. З’явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандская, цірольская, сіментальская) і фермы па іх гадоўлі. Малако перараблялі на масла і сыр на масларобчых і сыраварных заводах. Беларусь разам з прыбалтыйскімі губернямі стала раёнам, які спецыялізаваўся на вытворчасці малочных прадуктаў.

Другім важным відам капіталістычнага прадпрымальніцтва стала вінакурэнне. Асноўнай сыравінай для вырабу спірту было спачатку збожжа, потым – бульба. Таму яе пасевы выраслі больш як утрая. У пачатку XX ст. на Беларусь прыходзілася амаль 17 % усёй плошчы, занятай бульбай у еўрапейскай частцы Расійскай імперыі.

Рэформа 1861 г. вызначыла марудны «прускі» шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. На гэтым шляху сельская гаспадарка Беларусі запаволена перарастала ў капіталістычную пры захаванні доўгі час галоўнага феадальнага перажытку – памешчыцкага землеўладання.



Прамысловасць.

Станаўленне фабрычнай вытворчасці. Вызваленне з-пад памешчыцкага прыгону сялянства стварыла рынак свабоднай рабочай сілы. За кошт беззямельных і малазямельных сялян, якія пакідалі вёску, а таксама збяднелых рамеснікаў папаўняўся рабочы клас. Грошы за зямлю, атрыманыя памешчыкамі ў выніку выкупной аперацыі, сталі асновай капіталу, выкарыстанага для стварэння і пашырэння прадпрымальніцтва. Будаўніцтва чыгунак абумовіла хуткі рост рынку збыту прамысловай прадукцыі. Такім чынам, свабодныя рабочыя рукі, наяўнасць капіталу і рынку стваралі ўмовы для паступовага станаўлення капіталізму. Капіталізм уяўляў сабой грамадскі лад, заснаваны на прыватнай уласнасці, таварна-грашовых адносінах, выкарыстанні вольнанаёмнай рабочай сілы. У парэформенныя гады аб’ём прамысловай вытворчасці ўзрос у 37 разоў, а колькасць рабочых – у 9.

Пры усім гэтым ў Беларусі пераважалі дробныя і сярэднія фабрыкі і заводы з колькасцю рабочых да 50 чалавек. Буйных прадпрыемстваў, дзе працавала 500 рабочых і болей, было вельмі мала. У 1900 г. іх налічвалася ўсяго 9.

Іншай асаблівасцю прамысловасці Беларусі была яе прывязанасць да сельскай мясцовасці. У 1900 г. 2/3 фабрык і заводаў знаходзіліся ў мястэчках і памешчыцкіх маёнтках. Але найбольш буйныя фабрыкі і заводы размяшчаліся ў гарадах.

Прамысловасць Беларусі спецыялізавалася на апрацоўцы прадукцыі мясцовай сельскай гаспадаркі, лясной і мінеральнай сыравіны. Найбольш развітымі былі галіны, звязаныя з перапрацоўкай прадуктаў земляробства (мукамольная, ільняная, вінакурная), жывёлагадоўлі (гарбарная, шарсцяная, суконная), лясной гаспадаркі (запалкавая, папяровая), а таксама вытворчасці будаўнічых матэрыялаў (шкла, цэглы). Менавіта яны прыносілі прадпрымальнікам высокія прыбыткі, таму што былі забяспечаны таннай сыравінай і не патрабавалі вялікіх капіталаў

Вядучая роля сярод галін вытворчасці належала вінакурэнню. Беларусь была адным з галоўных раёнаў вінакурэння Расійскай імперыі. У 1890 г. у пяці заходніх губернях дзейнічалі 18 % вінакурных заводаў краіны.

Хуткімі тэмпамі развівалася дрэваапрацоўчая прамысловасць. У пачатку XX ст. беларускія прадпрыемствы давалі 24 % агульнарасійскай вытворчасці дубовых шпал, амаль 28 % — фанеры, прыкладна 49 % — запалак.

Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі размяшчалася галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Найбуйнейшай у галіне была Добрушская папяровая фабрыка – адна з самых перадавых у Расіі па тэхнічнай аснашчанасці.

Найбуйнейшым са шклозаводаў быў завод «Неман» у Лідскім павеце, які пачаў выпуск прадукцыі ў 1875 г. У пачатку XX ст. прадпрыемствы Беларусі давалі 55 % аконнага шкла, што выраблялася ў Расіі.

Найбольш значным прадпрыемствам у галіне тэкстыльнай, ільняной прамысловасці была льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» ў Віцебску пабудаваная ў 1900 г.

Рост гарадоў. Змены ў складзе гарадскога насельніцтва. У сярэдзіне XIX ст. у Беларусі налічвалася 42 гарады, а доля гараджан складала 10 % ад усяго насельніцтва Беларусі. Агульная колькасць гараджан на працягу другой паловы XIX ст. вырасла ў 2,2 раза і склала ў 1897 г. 655 тыс. чалавек. Яна павялічвалася за кошт шляхты, абеззямеленага сялянства і выселеных з сельскіх паселішчаў яўрэяў. Па тэмпах росту гарадскога насельніцтва Беларусь адставала ад цэнтральных губерняў Еўрапейскай Расіі.

Гарады Беларусі былі пераважна невялікімі. У канцы XIX ст. толькі два з іх Мінск і Віцебск мелі ад 50 да 100 тыс., а сем гарадоў — ад 20 да 50 тыс. жыхароў. У 1913 г. колькасць насельніцтва Мінска стала 116 тыс., а Віцебска – 103 тыс. чалавек.

У другой палове XIX – пачатку XX ст. у абліччы беларускіх гарадоў адбыліся прыкметныя змены. У значныя прамысловыя цэнтры ператварыліся Мінск, Гомель, Пінск, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Барысаў. Яны ўдвая, а то і болей павялічылі свае тэрыторыі. Тут былі пабудаваны фабрыкі і заводы, на ўскраінах з’явіліся рабочыя пасёлкі.

Характэрнымі для беларускіх губерняў былі мястэчкі — населеныя пункты, якія займалі прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай. У канцы XIX ст. іх налічвалася ў Беларусі каля 320, і ў іх пражывала 680 тыс. чалавек. Пераважалі дробныя мястэчкі – да 2 тыс. жыхароў, але каля 100 мястэчак мелі насельніцтва ад 2 да 5 тыс. чалавек.

Рост гарадоў суправаджаўся зменай іх сацыяльнай структуры. Да канца XIX ст. сярод гараджан вылучаліся буржуазія і наёмныя рабочыя. У склад гарадской буржуазіі ўваходзілі прамыслоўцы, заможныя рамеснікі, купцы, фінансісты.

Своеасаблівым быў нацыянальны склад гарадскога насельніцтва, у якім паводле перапісу 1897 г. пераважалі яўрэі. Беларусаў сярод гарадскіх жыхароў было толькі 14,5 %. Удзельная вага яўрэйскага насельніцтва мястэчак даходзіла да 60 – 80 %. Яўрэі пераважалі сярод рабочых дробна-капіталістычнай і рамеснай вытворчасці, гандлю і бытавога абслугоўвання. Гандлёва-прамысловая буржуазія ў краі ў асноўным была прадстаўлена таксама яўрэйскімі купцамі і прамыслоўцамі. У буйной прамысловасці і на чыгунцы былі заняты пераважна беларусы.



Будаўніцтва чыгунак. Развіццё гаспадаркі ў Беларусі непасрэдна залежала ад узроўню развіцця шляхоў зносін. Аднак рачныя і шашэйныя шляхі зносін не задавальнялі патрэб капіталістычнага рынку. Яму ў найбольшай ступені адпавядаў у той час чыгуначны транспарт. Першая чыгунка – участак Пецярбургска-Варшаўскай магістралі – прайшла праз Беларусь у 1862 годзе. У 1860-я гады была пабудавана Рыга-Арлоўская магістраль. У 1870-я гады – Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская магістралі. У 1880-я Палеская, а ў 1902 годзе – Пецярбургска-Адэскай чыгунка. Пасля пабудовы усіх гэтых магістраляў іх даўжыня на тэрыторыі Беларусі склала 3000 км. Чыгуначная сетка на тэрыторыі Беларусі была адной з самых густых у Расійскай імперыі.

Развіццё гандлю. Значныя зрухі ў апошняй трэці XIX — пачатку XX ст. адбыліся ў гандлі. Паступова страчвалі сваю ролю кірмашы, якія праводзіліся перыядычна. На змену ім прыходзіў пастаянны гандаль праз крамы. На яго долю ў канцы XIX ст. прыпадала 95 % усяго ўнутранага гандлёвага абароту гарадоў.
Пытанне 29. Паўстанне 1863 – 1864 гг. на тэрыторыі Беларусі: прычыны, ход, вынікі.

У Беларусі ў гэты час аграрна-сялянскае пытанне абвастрылася за кошт руха, які прывёў да паўстання 1863 – 1864 гг. У гэтым руху выявіліся дзве палітычныя групоўкі: "белыя" і "чырвоныя". Белыя выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. і тое, не ўласнымі сіламі, а з дапамогай краін Захаду. "Чырвоныя" выказваліся за самастойнае паўстанне, якое павінна было перамагчы само, без замежнай дапамогі. Чырвоныя падзяляліся на правых і левых. Правыя (умеранныя) чырвоныя выказваліся за аднаўленне Польшчы, за бясплатнае надзяленне сялян невялікімі зямельнымі надзеламі (каля 4 га), за пабудаву рэспубліканскага ладу, нацыянальнае пытанне ў межах РП замоўчвалі. Левыя чырвоныя (радыкалы) выказваліся за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу ўсёй зямлі сялянам, за пабудову справядлівага (магчыма сацыялістычнага) грамадства, за самавызначэнне народаў якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Да Левых чырвоных адносіўся і лідэр паўстання ў Беларусі Канстанцін Каліноўскі.

Канстанцін Каліноўскі віднейшы прадстаўнік Беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Ён першы ў гісторыі паставіў пытанне аб стварэнні беларускай нацыянальнай дзяржавы і адраджэння беларускай мовы, акрамя таго ён быў за поўную ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і за пабудову справядлівага грамадства "дзе няма паноў і ўсе роўныя". Сваю палітычную праграму ён выклаў у сямі нумарах газеты "Мужыцкай праўды".

У цэлым, мэты паўстання былі чужыя сялянству, тым не менш, многія сяляне прымалі ўдзел у паўстанні і, трэба думаць, удзельнічалі яны ў ім дзякуючы агітатарскай працы Каліноўскага.

Для падрыхтоўкі і кіравання паўстаннем у Варшаве ў 1862 г. быў створаны Цэнтральны нацыянальны камітэт (ЦНК), а ў Вільні Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК), фармальна падначалены ЦНК. Старшынёй апошняга з кастрычніка 1862 г. быў К. Каліноўскі.

Паўстанне пачалося ў Польшчы 23 студзеня 1863 г. ЛПК падтрымаў яго, 1 лютага ён абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і абнародаваў праграму, якая, прадугледжвала перадачу сялянам бясплатна зямельных надзелаў, якімі яны да гэтага карысталіся. Але ў сакавіку ЦНК, дзе ўладу да рук прыбралі "белыя", адхіліў ад улады ЛПК і замяніў яго Аддзелам па кіраўніцтву правінцыямі Літвы на чале з памешчыкам Якубам Гейштарам. Каліноўскі быў накіраваны камісарам паўстання ў Гродзенскую губерню.

ЦНК пад кіраўніцтвам Белых загубіў справу паўстання, таму што разлічваў не на свае сілы, як урад чырвоных, а ў першую чаргу на дапамогу Захаду. Прадстаўнікі Белых адправіліся ў Францыю і Англію дзе пачалі весці перамовы аб тым, каб гэтыя краіны пачалі вайну з Расіяй і адваявалі ў яе для Польшчы свабоду. Асноўная задача, якую ставіў ЦНК перад паўстанцкімі атрадамі ў Беларусі і Польшчы, гэта як-небудзь пратрымацца да англафранцузскага ўтаржэння. Такая тактыка не прадугледжвала актыўных наступальных дзеянняў таму ўсе зручныя моманты для развіцця і, магчыма, перамогі паўстання былі ўпушчаны. Царызм атрымаў час, каб арганізаваць адпор паўстанцам. А Англічане і Французы нават і не падумалі пачынаць вайну з Расіяй.

У Беларусі, галоўным чынам у заходніх губернях, пачалі стварацца атрады з ліку дробнай шляхты, рамеснікаў, часткі сялян, а таксама студэнтаў, вучняў, афіцэраў, якія пакінулі армію. Агульнага плана дзеянняў не было. Большасць сялян з-за абмежаванасці праграмы ЦНК і антыпольскай прапаганды расійскіх улад устрымалася ад паўстання. Усяго ў Беларусі ў першай палове 1863 г. адбылася 46 баёў паўстанцаў з расійскай арміяй, дзве трэціх з іх зафіксаваны на Гродзеншчыне і Віленшчыне. У чэрвені 1863 г., пасля арышту многіх членаў Аддзела па кіраўніцтву правінцыямі Літвы, на чале паўстання зноў стаў К. Каліноўскі, які ўтварыў падпольны ўрад – Беларуска-Літоўскі Чырвоны Жонд, але было ўжо позна.

Неабходна адзначыць, што на падаўленне паўстання значны уплыў аказаў віленскі генерал губернатар Мікіта Мікалаевіч Мураўёў. Пад час паўстання царскі ўрад надзяліў яго дыктатарскімі паўнамоцтвамі. У гісторыю Беларусі ён ўвайшоў пад прозвішчам Мураўёў Вешальнік, хаця смертнаму пакаранню ён падверг параўнальна не многа ўдзельнікаў паўстання. Дзякуючы яго дзейнасці ўжо восенню 1863 г. узброеная барацьба ў Беларусі спынілася, а ў 1864 г. былі разгромлены і апошнія атрады ў Польшчы. 10 сакавіка 1864 г. К. Каліноўскага пакаралі смерцю ў Вільні. У Беларусі і ў Літве было абвешчана надзвычайнае становішча, 128 удзельнікаў паўстання пакараны смерцю, каля 13 тыс. асуджаны на катаргу і высылку ў Сібір.

Вынікі паўстання для Беларусі былі неадназначныя: зачынены Горы-Горацкі сельскагаспадарчы інстытут, адзінае ВНУ ў Беларусі; амаль усе рэформы царскага ўрада, скіраваныя на дэмакратызацыю грамадства, прайшлі тут са значным спазненнем. Тым не менш паўстанне прынесла і пэўную карысць. Умовы вызваленя сялян на тэрыторыі Беларусі сталі значна лягчэйшымі чым у астатняй РІ, выкупныя плацяжы для сялян беларускіх губерняў былі зніжаны на 20 %, , было загадана мясцовым памешчыкам тэрмінова заключыць са сваімі сялянамі выкупныя здзелкі і вярнуць зямельныя адрэзкі, беззямельныя сяляне былі надзелены надзеламі зямлі ў 3 дзесяціны з дзяржаўных маёмасцяў. Такім чынам, сяляне, атрымаўшы, значныя паслабленні пры выкупе сваёй зямлі ўстрымаліся ад удзелу ў паўстанні.



Пытанне 30. Асаблівасці развіцця беларускага этнасу. Фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі і яе адлюстраванне ў грамадска-палітычным руху другой паловы XIX – пачатку XX ст. ст.

Тэрыторыя і насельніцтва Беларусі. Нацыя – гэта супольнасць людзей, што склалася гістарычна, для якіх характэрны сталае пражыванне на адной тэрыторыі, агульнасць гаспадарчага жыцця, адна літаратурная мова, і нацыянальная самасвядомасць.

Нацыі фарміруюцца ў буржуазную эпоху. У адрозненне ад расійскай і заходнееўрапейскіх, беларуская нацыя фарміравалася ва ўмовах адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці.

Агульнасць тэрыторыі. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Расійскай імперыі беларускія землі ўваходзілі ў склад Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў.

Насельніцтва Беларусі, згодна з усерасійскім перапісам 1897 г., населеніе налічвала 6,7 млн чалавек. Па нацыянальным складзе яны падзяляліся наступным чынам: 65,6 % насельніцтва Беларусі з'яўляліся беларусамі, 14,6 % — яўрэямі, 6 % — рускімі, 5,2 % — палякамі, 4,6 % — украінцамі. Увядзенне мяжы яўрэйскай аселасці абумовіла штучную перанаселенасць яўрэямі гарадоў і мястэчак Беларусі, колькасную перавагу іх сярод гарадскога пралетарыяту, рамеснікаў і гандлёва-прамысловай буржуазіі. Урадавая палітыка перасялення ў Беларусь рускіх памешчыкаў і чыноўнікаў у другой палове XIX ст. прывяла да павелічэння тут колькасці рускіх. Найбольш палякаў пражывала ў Гродзенскай і Віленскай губернях.

Характэрнай асаблівасцю беларускага этнасу з’яўлялася тое, што больш за 90 % беларусаў жыло ў сельскай мясцовасці і займалася сельскай гаспадаркай.

Па канфесійным складзе сярод насельніцтва беларускіх губерняў у 1897 г. пераважалі праваслаўныя, якіх налічвалася каля 2/3.

У сацыяльную структуру беларускага грамадства ўваходзілі буржуазія, дваранства, інтэлігенцыя, рабочыя і сяляне. Буржуазія, што ва ўсім свеце, як правіла, выступала лідэрам нацыянальных рухаў, адрознівалася ў Беларусі сваёй слабасцю. Буржуазія ў беларускіх губернях па этнічнай прыналежнасці з'яўлялася яўрэйскай рускай, польскай і толькі часткова беларускай. Асноўныя капіталы краю знаходзіліся ў руках польскіх і рускіх памешчыкаў яўрэйскіх купцоў і прамыслоўцаў. Мясцовая нацыянальная буржуазія не ўсведамляла свайго адзінства і абыякава ці нават варожа ставілася да беларускага нацыянальнага руху.

У склад інтэлігенцыі ў Беларусі ўваходзілі дзеячы культуры, вучоныя, работнікі адукацыі, медыцыны і тэхнічнай сферы, а таксама чыноўнікі, служачыя, ваенныя, духавенства. У нацыянальным складзе інтэлігенцыі краю пераважалі рускія і беларусы, у меншай ступені былі прадстаўлены палякі.

Уласна беларуская нацыянальная інтэлігенцыя з вялікімі цяжкасцямі фарміравалася ў 1880 – 1890-я гг. з асяроддзя пераважна каталіцкай шляхты, сялян, мяшчан. Яна была нешматлікай і недастаткова арганізаванай.

Рабочы клас у Беларусі фарміраваўся з ліку беззямельнага збяднелага сялянства, яўрэйскай гарадской беднаты, рамеснікаў. У пачатку XX ст. колькасць пастаянных наёмных рабочых склала больш за 400 тыс. чалавек. Знайсці працу на прамысловых прадпрыемствах Беларусі было вельмі складана. Таму беларусы шукалі лепшай долі за межамі свайго краю: у Расіі, на Амерыканскім кантыненце. У 1897 г. у Мінску Магілёве, Гродне, Гомелі, Віцебску пражывала 41 тыс. беларусаў, у той час як у Пецярбургу іх колькасць даходзіла да 66,5 тыс. чалавек, Адэсе — 16,9 тыс., Маскве — 15,9 тыс. чалавек.

У беларускім грамадстве колькасная большасць належала сялянству, якое складалася пераважна з прадстаўнікоў карэннага этнасу. Мільёны сялян ледзь зводзілі канцы з канцамі, каля 9 % іх не мелі сваёй зямлі.

Агульнасць гаспадарчага жыцця. Агульнасць гаспадарчага жыцця з’яўляецца адной з прыкмет фарміравання нацыі. Павелічэнне колькасці фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у прамысловасці, пераарыентацыя памешчыцкіх гаспадарак на продаж сваёй прадукцыі, развіццё гандлю і чыгуначнае будаўніцтва спрыялі стварэнню на тэрыторыі Беларусі адзінага эканамічнага рэгіёна. Пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязяў паміж рознымі часткамі Беларусі садзейнічала аб’яднання прадстаўнікоў карэннага этнасу ў Нацыю Выезд Беларусаў за межы радзімы на работу або вучобу дазваляў ім знаёміцца з побытам і культурай іншых народаў, дапамагаў усведамляць свае этнічныя адметнасці.

Развіццё беларускай літаратурнай мовы. У пачатку XIX ст. адбывалася адраджэнне беларускай літаратурнай мовы. На момант першага ўсеагульнага перапісу Расійскай імперыі існаванне беларускай мовы прызнавалася расійскай афіцыйнай уладай. Значная частка насельніцтва Беларусі ў перапісе назвала беларускую мову сваёй роднай.

У адраджэнні Беларускай мовы ключавую ролю адыграў паэт Францішак Багушэвіч. Ён першым з беларускіх дзеячоў культуры адзначыў самастойнасць беларускай мовы і роўнасць яе з усімі іншымі мовамі. Ф. Багушэвіч заклікаў да адраджэння беларускай мовы як асновы нацыі: «...мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. ...Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам... Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю...» Пры друкаванні беларускіх выданняў выкарыстоўвалася пераважна лацінка. Так выдавался творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, газета «Мужыцкая праўда». У канцы XIX ст. лацінку паступова пачала выцясняць кірыліца.

У пачатку XX ст. з'явіліся легальныя беларуска-моўныя выданні, сярод іх – газета «Наша ніва». Аўтары, якія друкаваліся ў гэтай газеце, – Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч (Цётка) – унеслі значны ўклад у фарміраванне беларускай літаратурнай мовы.

Нацыянальная самасвядомасць. Нацыянальная самасвядомасць — гэта сукупнасць ідэй, уяўленняў перакананняў вераванняў у якіх народ (этнас) асэнсоўвае сябе як нацыянальную супольнасць і ўсведамляе гістарычныя карані свайго паходжання.

Аб фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці сведчылі адносіны жыхароў Беларусі да мовы. Паводле перапісу 1897 г. беларускую мову прызналі роднай 60 % настаўнікаў 40 % чыноўнікаў 29 % паштова-тэлеграфных служачых, 20 % работнікаў медыцынскіх устаноў.

Знешняй формай праяўлення нацыянальнай самасвядомасці з’яўляецца назва народа. Назва Беларусь з’явілася на карце Расійскай імперыі яшчэ ў канцы 18 ст. праўда датычылася яна толькі усходняй паловы Беларусі. Цэнтральную і Заходнюю Беларусь нярэдка называлі Літвой, а яе насельніцтва Літвінамі. Аднак у канцы XIX – пачатку XX ст. тэрмін «Беларусь» і назва «беларусы» замацаваліся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Частка насельніцтва Беларусі называла сябе «тутэйшыя». У некаторых мясцовасцях існавалі рэгіянальныя назвы, якія адносіліся да значных тэрыторый: «палешукі» — для ўсяго Палесся, «пінчукі», «брашчане» — для яго асобных частак. Тым не менш, перапіс 1897 г. засведчыў, што большасць жыхароў Беларусі ўжо засвоіла назву «беларусы» і трымалася яе.

Такім чынам, другая палова XIX — пачатак XX ст. сталі вырашальным этапам працэсу фарміравання беларускай нацыі. Яе станаўленне адбывалася ў складзе Расійскай імперыі, урад якой быў зацікаўлены ў тэрытарыяльным адзінстве дзяржавы і аслабленні ў ёй нацыянальных рухаў.



Афармленне беларускай нацыянальнай ідэі. Нацыя – гэта супольнасць людзей, аб'яднаных не толькі тэрыторыяй пражывання, літаратурнай мовай і культурай, але і агульнай ідэяй. Разам з паступовым фарміраваннем беларускай нацыі зараджалася беларуская нацыянальная ідэя – уяўленні, у якіх прадстаўнікі інтэлігенцыі выражалі разуменне беларусаў як самастойнай і самабытнай супольнасці людзей і іх жыццёва важныя інтарэсы. У межах нацыянальнай ідэі фармуляваліся мэты і задачы беларускага народа на розных этапах гістарычнага развіцця. Сутнасцю нацыянальнай ідэі з’яўлялася ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці.

Беларуская нацыянальная ідэя вырасла з літвінскай ідэі аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага, якая аформілася ў першай палове XIX ст. Каля яе вытокаў стаялі прафесары Віленскага універсітэта Міхаіл Баброўскі і Ігнат Даніловіч. Рэвалюцыянер-дэмакрат К. Каліноўскі выказаў думку пра стварэнне дэмакратычнай дзяржавы. Ён лічыў, што беларускія і літоўскія землі ў часы існавання ВКЛ мелі сваю самастойную дзяржаўнасць, і марыў аб яе адраджэнні.

Тэарэтычнае абгрунтаванне існавання самастойнага беларускага этнасу ўпершыню распрацавалі беларускія народнікі ў Пецярбургу. У часопісе «Гомон» яны пераконвалі, што ў беларускага народа ёсць свае інтарэсы, што Беларусь як краіна мае свае прыкметы: мову, тып мыслення, культуру. Беларускія студэнты-гоманаўцы выступалі супраць поглядаў на беларускі народ «як на нейкі матэрыял для ўсемагчымых эксперыментаў» і разглядалі яго «як жывую народнасць, здольную самастойна распараджацца сабой». У сувязі з гэтым заяўлялася аб законных правах беларускага народа на самастойнае і раўнапраўнае становішча ў «агульнай славянскай сям’і». Гоманаўцы марылі пра аўтаномію свайго краю ў складзе сацыялістычнай федэратыўнай Расіі.

У 1905 г. гоманаўскую ідэю аб аўтаноміі Беларусі ў складзе дэмакратычнай і федэратыўнай Расіі падтрымалі прыхільнікі БСГ. Кожны народ, які ўваходзіў у склад Расіі, паводле праграмы БСГ, мусіў мець свой парламент, выбіраць сабе чыноўнікаў, гаварыць і пісаць на сваёй мове.

Значную ролю ў фарміраванні беларускай ідэі і абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў адыграла газета «Наша ніва». Газета выступала супраць афіцыйнай царскай палітыкі, скіраванай на раскол беларускага народа паводле веравызнання на «рускіх» і «палякаў». А. I. Луцкевіч адзначаў што, «пакуль касцёл і царква не зробяцца ў Беларусі беларускімі, народ наш заўсягды будзе дзяліцца на дзве часткі». Рэдактарам «Нашай нівы» з 1914 г. быў Я. Купала.

Роля «Нашай нівы» ў развіцці культуры Беларусі і згуртаванні нацыянальнай інтэлігенцыі. У 1906 – 1915 гг. у Вільні выходзіла легальная беларуская штотыднёвая «Наша ніва». Яе выданнем кіравалі лідэры Беларускай сацыялістычнай грамады браты Іван і Антон Луцкевічы. Да 1912 г. газета друкавалася кірыліцай і лацінкай, пазней – толькі кірыліцай. «Наша ніва» арыентавалася пераважна на сялянства і сельскую інтэлігенцыю, дробных служачых і рабочых.

Гістарычны дакумент. У артыкуле, які адкрываў першы нумар газеты, адзначалася: «Не думайце, што мы хочам служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу». Газета абвяшчала, што будзе «старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць, хто яны ёсць, – зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі сваё права...»

Сваю першачарговую і галоўную задачу «Наша ніва» бачыла ў барацьбе за прызнанне факта існавання беларускага народа, за яго раўнапраўнасць з іншымі народамі. Шмат увагі газета надавала тэарэтычнаму абгрунтаванню права беларускага народа на захаванне і развіццё сваей мовы і нацыянальнай культуры.

Для многіх тысяч беларусаў «Наша ніва» стала першай газетай, прачытанай імі. Паступова расла папулярнасць выдання, мацнелі яго сувязі з народам. Газета мела сотні карэспандэнтаў ва ўсіх кутках Беларусі. Так, за 1910 г. яна апублікавала 666 карэспандэнцый з 321 населенага пункта Беларусі і з 14 — паза межамі краю. Газета даходзіла нават да беларусаў, якія пераехалі ў Амерыку. «Наша ніва» ператварылася ў збіральніцу літаратурных талентаў. У яе асяродку выраслі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас, з ёй супрацоўнічалі Максім Багдановіч, Алесь Гарун, Змітрок Бядуля.

Газета была цэлай эпохай у беларускім адраджэнні пачатку XX ст. і дала гэтаму перыяду гісторыі Беларусі сваю назву — «нашаніўскі». Публікацыі «Нашай нівы» пабуджалі мясцовую інтэлігенцыю шукаць адказ на пытанне: дык хто ж такія беларусы? У гэтых пошуках паволі выспявала беларуская нацыянальная ідэя.



: Files
Files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
Files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
Files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
Files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
Files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
Files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
Files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
Files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
Files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі


  1   2


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка