Беліцкая дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа Сенненскага раёна



Дата канвертавання15.05.2016
Памер131.5 Kb.

Праект маршрута распрацаваны вучнямі УА “Беліцкая дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа Сенненскага раёна”

Кіраўнік праекта Абушкевіч Аляксандр Уладзіміравіч
Мэта паходу:

Вывучэнне сучаснага стану помнікаў гісторыі, збор легенд і паданняў, звязаных з наведанымі вёскамі, прыцягненне цікавасці да вывучэння гісторыі роднага краю.




Схема маршрута


Паход можна арганізоўваць як пешшу, так і на веласіпедах.

Агульная працягласць- 70 км

Тэрмін- 2-3 дні


Спіс помнікаў гісторыі і прыроды, прапануемых для пахода:


  1. Гарадзішча ранняга жалезнага веку каля в.Ст.Беліца

  2. Курганны могільнік каля в.Маргойцы

  3. Палацавы комплекс Свяцкіх у в.Полымя

  4. Рэканструкцыя старажытнага капішча ва ўрочышчы Бачарова

  5. Рэшткі старажытнага гарадзішча каля в.Высокі Гарадзец

  6. Рэшткі манастыра каля в. Манастыр, в.Няклюдава

  7. Камень каля в.Вароніна

  8. Месца легендарнага горада Кублішчын

Наш праект турыстычнага паходу мы звязалі з легендамі роднага краю, бо нішто так не раскрывае багацце душы народа, як яго вусная творчасць. Сувязь народа і гісторыі адчуваецца менавіта ў фальклоры, які ўвабраў у сябе ўсё лепшае, што створана народам. У ім праяўляецца кемлівасць і дасціпнасць простага беларуса, яго прага да пазнання рэчаіснасці. У ім у іншасказальнай форме захавана сама гісторыя, толькі трэба ўмець слухаць, умець спасцігаць таямнічыя словы, што даносяцца да нас з сівых стагоддзяў.

Мы мяркуем, што дадзены праект зацікавіць усіх аматараў гісторыі. Маршрут не з’яўляецца складаным для праходжання, пагэтаму яго можна выкарыстаць і пачынаючым турыстам.

Этнаграфічная выстава


Сваё падарожжа мы мусім пачаць ад парога беларускай хаткі. У ёй беларус нараджаўся, тут ён адыходзіў у лепшы свет. Усё жыццё было звязана з хатай, якая для кожнага была цэнтрам яго Сувету. Усе рэчы мелі свой, для кожнага асобны, сэнс і размяшчаліся ў строгім, ніколі не парушным парадку.

У этнаграфічным музеі, што месціцца ў сценах Беліцкай сярэдняй школы , можна пабачыць рэчы, якія налічваюць ужо не адно стагоддзе. Гэта звычайна рэчы з паўсядзённага жыцця беларусаў. Тут можна сустрэць і маслабойку, і пралку, і гліняныя збаны, і ступу для атрымання алею, і начынне для прання, і многае іншае.

Таксама тут ёсць экспанаты звязаныя з творчым жыццём – сцены аздоблены вырабленымі мясцовымі майстрамі габелены,

льняныя ручнікі. Прытым, ёсць прыклады і асобнага, так званага, сенненскага строю.

Значэнне гэтага музея ў тым, што ён вучыць школьнікаў паважаць гісторыю сваіх продкаў і наглядна паказвае іх прыродны розум і вынаходлівасць.



Гарадзішча
Наступным пунктам нашага падарожжа стане гарадзішча ранняга жалезнага веку, што месціцца каля вёскі Старая Беліца на шашы, што злучае раённы цэнтр і шашу Орша-Лепель.

З археалагічнага пункту погляду яно не ўяўляе вялікай цікавасці- гэта абарончае гарадзішча, людзі на ім толькі хаваліся пад час небяспекі ( у доказ гэтаму служаць захаваныя рэшткі абарончага вала). Пагэтаму культурнага слою на ім амаль няма. Хаця ёсць сведчанні, што ў пачатку мінулага стагоддзя на гэтым гарадзішчы быў знойдзены шчыт. Але ў народнай памяці аб гарадзішча склалася легенда.

Калісьці на гарадзішчы была вялікая цагляная царква. Яна велічна ўзвышалася над мясцовасцю, ствараючы ўражанне палёту. Людзі, што жылі тады казалі: “жывем пад Богам”. Ніхто не ведае, колькі так працягвалася, але калісьці з’явіўся ў царкве малады поп. Усе заганы роду чалавечага, напэўна, увабраў ён у сабе. Гуляў поп ,як кажуць, налева і направа, ні ў чым не ведаў меры. І за такія яго выкрунтасы, прагневаўся Бог на яго і наслаў шаленства.

А ў царкоўных сховішчах, яшчэ з французскай вайны, захоўваліся вялікія запасы пораху. Шалёны поп спусціўся ў сховішчы, падпаліў кнот- і уся царква ўзляцела на паветра. З той пары, пасярод гарадзішча захавалася вялікая яміна.

Так гэта было ці не, мы зараз ужо не даведаемся, але як сведчаць некаторыя мясцовыя жыхары, на гарадзішчы і сапраўды час ад часу трапляюцца цагліны, якія не падобны да сучасных, а зроблены з гліны.

Зараз гарадзішча ўяўляе сабой парослае хмызнякамі і дрэвамі ўзвышша. Калісьці мясцовыя ўлады сачылі за тым, каб яно не зарастала, зараз гэтага няма. Яшчэ на гарадзішчы была ўстаноўлена памятная таблічка, якая гаварыла аб тым, што гэта помнік гісторыі, але і гэтай таблічкі зараз таксама няма.

Кіруючы па дарозе да наступнага пункта нашага падарожжа, мусім лічыць, варта звярнуць увагу на невялічкае ўзвышшы, што знаходзіцца непадалёку ад аўтобуснага прыпынку, па праваму баку. Зараз на гэтым пагорку стаіць звычайная хата. Калі верыць мясцовым жыхарам на гэтым месцы размяшчаўся французскі шпіталь, а каля яго салдацкія могілкі. Як сведчаць мясцовыя жыхары, калі гаспадар хаты капаў пограб, то выкапаў труну, у якой знайшоў шкілет ў салдацкім мундзіры. Што далей было невядома, але з той пары, на гэтым пагорку зямлю глыбока капаць баяцца.

Курганны могільнік
Далей наш шлях будзе ляжаць у ваколіцы вёсці Маргойцы. Тут размясціліся старажытныя пахаванні нашых продкаў.

Курганы даволі распаўсюджаны па ўсёй Беларусі. У нашым краі гэтых пахаванняў асабліва многа ў раёне вёсак Клімавічы, Нямойта, Ціміразева. У народзе такія узгоркі маюць розную назву- капцы, французскія альбо шведскія могільнікі, сопкі. У нашай мясцовасці часта гэтыя курганы яшчэ могуць называць прускімі могільнікамі. Вядома, што ў некаторых з такіх курганаў людзі знаходзілі рэшткі зброі- ружжы, саблі. Магчыма, што частка з іх і сапраўды магла з’яўляцца пахаваннямі іншаземных салдат, але ў большасці выпадкаў гэта сведкі значна глыбокай даўніны. Вучоныя адносяць дадзеныя пахаванні нашай мясцовасці да часоў славянскай каланізацыі гэтых мясцін.

Вядома, што раскопкамі курганаў на тэрыторыі Сенненскага раёна ў пачатку мінулага стагоддзя актыўна займаўся вядомы беларускі краязнаўца, археолаг- Е.Р.Раманаў. Менавіта ён праводзіў раскопкі гэтых курганаў, і па яго сведчаннях, ён знайшоў тут вельмі цікавыя рэчы- апрача прадметаў быту- арабскія дынары, датаваныя Х ст, што можа гаварыць аб тым, што славяне з’явіліся ў нашым краі вельмі і вельмі даўно.

Зараз курганы знаходзяцца ў лесе і знайсці іх не так ужо проста, хаця ўсе мясцовыя жыхары добра ведаюць іх месцазнаходжанне.


Капішча
Не выбіваецца з гэтага храналагічнага раду і наступны наш пункт наведвання- старажытнае капішча, што ва ўрочышчы Бачарова.

Капішча- месца малення і ахвярапрынашэнняў усходніх славян і суседніх народаў. Часцей за ўсё яны ўстанаўліваліся ў гонар Перуна.

На капішчы ва ўрочышчы Бачарова сапраўды ёсць вялізны дуб- дрэва Перуна. На камянях, што ўстаноўлены тут выбіты старажытныя сімвалы. Вядома, што падобныя камяні знаходзілі каля вёскі Пярэспа.

Калі прысутнічаеш тут сапраўды адчуваеш пэўную сакральнасць і незвычайнасць гэтага месца. Да гэтага можна дадаць сведчанні людзей, быццам пры спробе фатаграфавання камянёў альбо тэхніка адмаўлялася працаваць, альбо пачынаў раптам ісці дождж і г.д.

Вядома, што гэтае капішча штогод наведваюць так званыя “неапаганцы”- то бісеру нізаўку павесяць на ідала, то пакінуць пасля сябе сляды вогнішчаў. На дрэве, што стаіць пасярод капішча ў момант наведвання віселі анучкі, а само дрэва было перавязана скураным раменьчыкам. Як бы ні было, але месца вельмі цікавае.
Высокі Гарадзец
Далей наш маршрут пойдзе ўжо за межы Сенненскага раёна. Тут ўжо значна лепш пачынаеш разумець, што ў паход трэба выбірацца не пешшу, а на веласіпедах. Наступным нашым пунктам стане вёска Высокі Гарадзец. І не толькі таму, што гэта радзіма выдатнага беларускага пісьменніка, аўтара рамана “Вязьмо” Міхася Зарэцкага, а таму, што тут ёсць аб’ект які нас цікавіць- рэшткі старажытнага гарадзішча. Але, на жаль, знайсці гэтыя самыя рэшткі аказалася вельмі і вельмі складана. Можна толькі гіпатэтычна ўтанавіць, дзе яны могуць знаходзіцца. Але тое, што гарадзішча тут павінна быць нам гаворыць легенда.

У ХІІ- ХІІІ стагоддзях гэтыя землі належылі князям Лукомскім, тым, што валодалі Лукомлем. Цесна было князям у іх невялічкім горадзе, пагэтаму шукалі яны сабе новых мясцін. Вось у такіх пошуках і ўпадабалі сабе князі гэтую мясцовасць. Пабудавалі сабе тут драўляны замак і кожнае лета сюды прыязджалі – стварылі сабе летнюю рэзідэнцыю. А пасля вакол замка пачалі жыць людзі, вось так і ўтварылася вёска Высокі Гарадзец. Хутчэй за ўсё легенда недалёка ад праўды, на гэта ў сваёй кнізе ўказваў Анікіевіч, чые заслугі ў гісторыі раёну не змерклі да нашай пары.

На беразе ракі Усвейка, непадалёку ад вёскі месціцца невялікае ўзвышша, якое на наш погляд і магло быць месцам летняй рэзідэнцыі.

Яшчэ Высокі Гарадзец прыцягнуў нас тым, што дзесьці ў яго ваколіцах знаходзіцца адзін з камянёў вядомых у гісторыі як Барысавы камяні. Высокагарадзецкі камень быў знойдзены Я.Р.Раманавым і ім жа апісаны.

Згодна з ім на камяні быў дрэннабачны надпіс ХІІ стагоддзя і высечаны крыж. Камень уяўляў сабой глыбу чырвонага граніту квадратнай формы з няправільнымі вугламі. На той момант уцалела частка надпісу- “рабу своему Борису”. Раманаў адносіў надпіс на камні да часоў князя Васіля-Рагвалода Барысавіча ( 1171 г.).

Пра камень хадзіла паданне, быццам пад ім жыў кравец, які мог шыць усё, што ні пажадаеш. Але аднойчы адзін з наведвальнікаў вырашыў пасмяяцца над ім і заказаў яму сшыць “ні тое, ні сёе”. Пасля гэтага пра краўца ніхто нічога не чуў.

Зараз месцазнаходжання камня ўстанавіць нельга. Магчыма ён стаў ахвяраў барацьбы з рэлігіяй, а магчыма знаходзіцца ў фундаменце якого- небудзь будынка.
Няклюдава, Манастыр
Потым, выйшаўшы на дарогу кіруем у бок Рыдамля. Вось тут перад намі паўстае выбар- альбо пайсці далей па дарозе да Серкавіц, а потым ужо да Манастыра, альбо па прасёлкавай дарозе да Няклюдава, а потым зноў жа да Манастыра ( не рэкамендуецца пачынаючым турыстам).

Няклюдава і Манастыр утвараюць для нас своеасаблівы дуумвірат- калісьці ў гэтых вёсках размяшчаліся манастыры- у Няклюдаве мужчынскі, у Манастыры- жаночы. На жаль, ракавыя 60-я гг. прайшлі касой па культавых збудаваннях нашых продкаў. Манастыр у Няклюдаве, заснаваны ў сяр.ХІХ ст. быў зруйнаваны і да нашага часу не захавалася ні яго планіроўкі, ні знешняга выгляду.

Крыху больш пашанцавала царкве ў в.Манастыр. Да 90-х гг. яна стаяла без даху, амаль зруйнаваная, але зараз актыўна адбудоўваецца. І як і сто год таму, тут зноў пачне дзейнічаць манастыр.

З працы Анікіевіча вядома, што ў Няклюдаўскім манастыры было тры царквы- дзве мураваныя і адна драўляная. Менавіта ў драўлянай царкве знаходзілася асабліва шануемая сярод мясцовага насельніцтва ікона святых Барыса і Глеба.

З манастыром у Няклюдаве звязана наступная легенда. У манастыры калісьці знаходзілася ікона святых Барыса і Глеба, якую знайшоў у лесе селянін з Янова ( суседняя з Няклюдавым вёска) Машэўскі. Спачатку селянін забраў яе сабе дамой, але пасля таго як яму прыснілася нейкае “особае сновиденіе”, на месцы, дзе ён знайшоў ікону Машэўскі пабудаваў часоўню. Пасля часоўня была перабудавана і ў ёй час ад часу адбываліся службы. Калі царква прыйшла ў непрыгоднасць сяляне пабудавалі на яе месцы другую, а затым і трэцюю. Калі маёнтак перайшоў ва ўладанне пана Ляшко, той зрабіў для іконы пазалочаную рызу. Пазней гэтую ікону забраў сабе Няклюдаўскі поп, аднак пасля гэтага ў яго прапаў зрок. Калі ж ён аднёс ікону назад- хвароба знікла. З тых пор было усталявана свята іконы- 2 мая і 24 ліпеня. Як верылі прыхаджанне - ікона дапамагае пры хваробах вачэй. У святочныя дні да іконы прыходзіла да васьмі тысяч чалавек.

Дзе зараз знаходзіцца гэтая ікона, і ці змагла яна ўвогуле ўцалець невядома. Магчыма яна паўтарыла лёс Няклюдаўскага манастыра, а магчыма знаходзіцца ў музеях.



Чортаў камень
А потым мы накіруемся да адзінага ў нашым падарожжы помніка прыроды, хаця з якога боку паглядзець, бо яго можна прылічыць і да гістарычнага, таму што з’яўляецца ён сведкам эпохі ледавікоўя.

Мы зноў вернемся на тэрыторыю раёна, а дакладней да вёскі Вароніна, што знаходзіцца непадалёку ад Расна.

Паблізу вёскі Вароніна знаходзіцца Чортаў Камень, альбо як яго завуць мясцовыя жыхары- Кравец. Даўжыня камянюкі- 10.2 метры, шырыня- 6, а вышыня- 4 метры. Больш яго ў Беларусі толькі адзін камень. Паводле адной з легенд, у балоце, што побач, жылі чэрці, якія жах як любілі жартаваць над падгуляўшымі мужыкамі. Завядуць іх бывала ў балота да каменя, а мужыкі думалі, што дабраліся да ўласнай печы. Распранецца такі небарака і ляжа спаць на камні. А калі прачнецца, ніяк не можа зразумець, як ён сюды трапіў, а жартаўлівыя чэрці рачогуць сабе ў хмызняках. Не ведаем, праўда гэта ці не, але пад час наведвання, ніякіх дзівос не адбылося.

Пра камень захавалася яшчэ і такое паданне. Адзін умелы кравец так узганарыўся сваім майстэрствам, што вырашыў працягваць сваю працу нават у Вялікдзень. Бог пакараў яго, ператварыўшы ў камень, які з той пары ўсе завуць кравец.



Кублішчын (-а) (Кублінка)
Наступны пункт нашага падарожжа мала вядомы. Упершыню пра яго стала вядома з усё той жа працы Анікіевіча- “Сенненскій уезд Могілёвской губерніи”. Згодна з аўтарам даволі часта па берагах ракі Палонка можна было знайсці мноства гліняных аскепкаў, парэшткі больш- менш гладкіх і абпаленых камянёў, або бліжэй да вады- жалезныя рэшткі ( па мясцоваму скварні)- хучтэй за ўсё тут маецца на ўвазе крыца.

Калі гэта было сапраўды так, то можна гаварыць аб існаванні на гэтым месцы калі не горада, то гарадзішча, і хутчэй усяго жалезнага веку. Вось якую легенду даносіць Анікіевіч.

На гэтым месцы існаваў вялізны горад- Кублішчына, які цягнуўся на адлегласць 20 з лішнім вёрстаў, ад мястэчка Абальцы і вёскі Саколіна да горада Сянно, які на той час быў для Кублішчына толькі сянным рынкам, і ад гэтага атрымаўшага сваю назву. У горадзе была вялікая колькасць цэркваў. Па легендзе рака Палонка была ў тыя часы судаходнаю. Але горад быў калісьці зруйнаваны прусамі, а Палонка ператварылася ў маленькую рачулку ад упаўшых у ваду дрэў пад час моцнай буры. Жыхары горада перасяліліся ў суседнія з горадам вёскі- Буй, Абальцы, Сянно. А царкоўныя званы былі ўтоплены ў Палонцы.

У доказ гэтай легендзе Анікіевіч адзначае вялікую колькасць курганаў у дадзенай мясцовасці ( што і сапраўды так). Таксама Анікіевіч указвае, што акрамя прусакоў у народнай памяці захавалася імя?, або назва? іншага знішчальніка горада- “Рэпнін” або “Раплін”.

Верыць легендзе ці не- справа кожнага асобная. Але ў беларускай гісторыі вядома вялікая колькасць гарадоў, якія узгадваюцца ў летапісах, але месцазнаходжанне якіх не ўстаноўлена. Магчыма легендарны Кублішчын адзін з такіх гарадоў, і ён яшчэ чакае часу свайго адраджэння, хаця б толькі ў гісторыі.

Назва горада таксама не з’яўляецца нейкай дзіўнай- на Беларусі, на Віцебшчыне назва Кублішчын і падобныя да яе сустракаюцца часта. Паходзіць назва ад слова “кубел, кублік”, вядомае як у беларускай так і ў польскай, і літоўскай мовах- азначае яно невялікі бачонак, кадку. Магчыма, што паходжанне назвы горада звязана з гандлёвай дзейнасцю, альбо пайшло ад роду заняткаў насельніцтва.

Ад вёскі Клімавічы рухаемся да Глебаўска. Потым рушым на Новую Беліцу. І вось тут сутыкаемся з вельмі прыгожым краявідам. З вышыні 251,5 метраў адкрываецца від на вёску Полымя і яе наваколле. Адразу ўспамінаеш, што менавіта тут пачынаецца Аршанскае ўзвышша, што і дае такі кантраст. Нездарма Полымя мае гістарычныю назву Беліца- вёска на балоце. Калі паглядзець з гэтай кропкі, сапраўды ўбачыш, што Полымя знаходзіцца ў вялікай нізіне, з усіх бакоў абкружанай пагоркамі.
Сядзіба Свяцкіх
Ад Новай Беліцы кіруем да цэнтра Полымя. Тут наш паход будзе завяршацца. Але спярша трэба засяродзіць увагу на самым буйным гістарычным помніку раёна- сядзібе паноў Свяцкіх.

Гэта сядзіба была пабудавана ў сярэдзіне ХІХ ст. сучасны стан сядзібы з’яўляецца яскравым прыкладам варварскіх адносін да помніка, які знаходзіцца пад абаронай дзяржавы. Калісьці ў гэтай сядзібе бывалі вядомыя а Беларусі людзі- мастак Ваньковіч, і асабліва вядомы, беларускі песняр Янка Купала. У пач.90-х гадоў пачалі рэканструкцыю сядзібы, але ў выніку гэта прывяло да яе амаль поўнага разбурэння. Зараз ад былога дома больш- менш захаваўся флігель. Нядрэнна захаваліся таксама і гаспадарчыя пабудовы- будынак былога спіртзавода, былой малочнай, будынак зернесховішча. На цаглінах з якіх пабудаваны будынкі стаіць кляймо- К. S. (Казімір Свяцкі).

Ёсць паданне, згодна з якім ад дома праз парк і вёску ў бок вёскі Мянюцева пракладзены падземны ход, быццам бы па яму ў 1917 годзе панам удалося перавезці большую частку сваёй маёмасці. А яшчэ ёсць паданне, што скляпенні дома вельмі вялікія, іх ніхто не прайшоў да канца, і што многія скарбы гаспадароў захаваны ў іх.

Але нам здаецца, што чым спадзявацца на гэтыя скарбы, лепш спадзявацца, што калі- небудзь будзе звернута ўвага на сядзібу Свяцкіх і яна будзе адноўлена.

Палац Свяцкіх меў багатую гісторыю. На жаль, нейкіх падрабязнасцей аб даўніх часах не захавалася. За выключэннем хіба што перыяду, пачынаючы з пачатку 19 ст. Беліца ўжо належыла тады сям’і роду Свяцкіх, герба “Слепаўрон” з мянушкай Давойна. Разам з закупленымі ў сяр. 19 ст. Крупкамі і Хужцом Казіміру Свяцкаму належыла кала 15 тыс. гектараў ворнай зямлі, выганаў, лугоў і лясоў, дасканала апрацаваных і дагледжаных. Яго жонка была з роду Ваньковічаў. Беліца перайшла і да пачатку Першай сусветнай належыла Каралю Свяцкаму (памёр у 1929), які праславіўся як гаспадарнік, грамадскі дзеяч і дзеяч культуры.

Свяцкія жылі ў мураваным невялікім палацы, які быў пабудаваны ў пачатку 19ст. Пазней, аднак, ён быў перабудаваны, а ў канцы 19 ст. - павялічаны. У сваім першапачатковым выглядзе абрыс будынка быў строга сіметрычным - у плане падоўжаны прамавугольнік. Будынак узводзілі на высокіх сутарэннях з абчэсанага камня. Аднапавярховы, ён толькі ў высунатай рызалітам сярэдняй частцы быў падвышаны яшчэ на адзін паверх, у галоўным фасадзе сярэдні рызаліт меў на першым паверсе трысценны порцік з галоўнымі дзвярыма і двума вокнамі з паўкруглым завяршэннем, флянкованы па баках парамі тасканскіх паўкалонаў. Верхні паверх - першапачаткова з трыма, потым - толькі з двума вокнамі спераду і па адным у бакавых сценах, аддзелены ад першага выступаючым карнізам, замыкаў трохвугольны шчыт з гербавым картушам уладароў. На абодвух канцах фасада выступалі двухасявыя рызаліты, аднапавярховыя, апраўленыя лізэнамі па вуглах яны мелі завяршэнні ў выглядзе трохвугольных франтонаў з круглымі дахавымі вокнамі. Фасад з боку сада быў сфарміраваны падобна да галоўнага. Толькі яго сярэдняя частка атрымала тут выгляд двухпавярховага паўкруга рызаліту. Усе вокны, акрамя размешчаных у сярэднім рызаліце, мелі прамавугольную форму. Палац быў пакрыты не вельмі высокім, гладкім, двухсільным дахам над рызалітам і бакавымі - двухсхільным над сярэднім садовым - у выглядзе прыплюснутага паўкупала; першапачаткова - чарапічны, а пасля- пакрыты бляхай.

У 1907-11гг. да левага крыла К.Свяцкі дабудаваў двухпавярховую васьмівугольную вежу, звязаную з корпусам палаца пры дапамозе кароткага пераходу. Звонку ёй быў нададзены значна багацейшы выгляд. Увесь першы паверх быў пакрыты рустам. Акрамя таго, гэтую частку будынка ўзбагацілі порцікам з двума невялікімі калонамі і падтрымліваючымі яго высокімі сходамі, якія вялі прама ў сад. Верхняя частка расчленена вертыкальнымі вуглавымі лізэнамі, атрымала завяршэнне высокіх прамавугольных вокнаў у выглядзе трохвугольных налічнікаў. Васьміскатны, вельмі сплюшчаны дах схаваны за невялікім выступам, з агароджай. Вежа - работа познаньскага архітэктара Уладзіслава Мячкоўскага, змяшчала на першым паверсе пральню, ванны пакой, на другім - разбярную майстэрню Станіслава Свяцкага. Хто праектаваў астатнюю пабудову - невядома. Першапачатковае размяшчэнне пакояў у выніку розных перабудоў урэшце згубіліся. Нязменнай засталася, галоўным чынам, двухпавярховая сярэдняя частка. У франтонавым рызаліце яна размяшчала сені, за імі - прыхожая з камінам, аздобленым мармурам, злева, і сходамі ў правым куце. З правага боку прыхожай быў таксама ўваход у прадстаўнічую сталовую, налева - у будуар гаспадыні дома. Абодва гэтыя пакоі захавалі праўдападобнасць сваёй першапачатковай формы, гэтак жа як і высунатая рызалітам з боку сада ніжняя авальная зала. Яна выкарыстоўвалася як галоўны салон, альбо як зала для баляў. Усіх памяшканняў розных памераў у будынку было 18.

Сядзіба Свяцкіх будзе апошнім пунктам нашага падарожжа. Пад час яго мы пастараліся ў храналагічным парадку прасачыць гісторыю нашага краю. Дадзены маршрут можна разбіць на больш дробны-сядзібна-паркавы комплекс Свяцкіх заслугоўвае на наш погляд асобнай экскурсіі. Мясцовасць па якой пралягаў наш маршрут прадастаўляе магчымасць праводзіць экскурсіі звязаныя са славутымі людзьмі Беларусі- В.Ваньковічам, Я.Купалам, М.Зарэцкім.






: e107 files -> public
public -> Дадатак 3 праграма правядзення дыстанцыйнага семінара-практыкума для настаўнікаў беларускай мовы І літаратуры “Арганізацыя І суправаджэнне навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў”
public -> Аб устанаўленні формы даведкі аб засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі
public -> Дзяржаўная ўстанова адукацыі Выканала вучаніца 9 класа Пятрова Дар’я Міхайлаўна Кіраўнік настаўнік беларускай мовы і літаратуры
public -> Намінацыя “Сельскія населеныя пункты” Справаздача па выніках даследванняў дэмаграфіі знікаючай вёскі Івоні
public -> Папячыцельскага савета на 2015/2016 навучальны год № п/п Тэма Месяц
public -> Сенненскі раённы выканаўчы камітэт
public -> Праграма вывучэння пытання “Аб дзейнасці адміністрацыі, калектыву педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па ўкараненні ў адукацыйны працэс новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”
public -> Урок беларускай мовы у 4 класе па "Па краіне роднай мовы"
public -> Студзёнкаўская дссш




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка