Бешанковіцкая црб аддзел маркетынгу



Дата канвертавання15.05.2016
Памер129.44 Kb.





Бешанковіцкая ЦРБ

Аддзел маркетынгу


(да 130-годдзя Янкі Маўра)

2013

Абсталяванне: аформлена выстава, прысвечаная юбіляру;



выказванні пра Янку Маўра і яго творчасць.

“Я належу да таго пакалення людзей, чыё дзяцінства кнігі Янкі Маўра поўнілі шчаслівым жыватворным захапленнем ад нечаканых адкрыццяў і пазнання незнаёмага дзівоснага свету. Божа мой, ты чытаў, ты забываў усё на свеце…”

А. Васілевіч.

“Гэта арыгінальны і багаты па сваіх творчых здольнасцях, па сваёй універсальнай эрудыцыі чалавек …”

А. Якімовіч.

“Ён – нязменны капітан на караблі нашай дзіцячай літаратуры. Кожны з нас можа пацвердзіць: Маўравы творы вытрымалі выпрабаванне ветрамі і штормамі часу.”

У. Ягоўдзік.

“ Сярод старэйшых – найстарэйшы.

Між маладымі – малады.

Між працавітых – самы першы.

Яго не згорбілі гады……”

С. Шушкевіч.



Бібліятэкар 1: Янка Маўр – агульнапрызнаны “бацька” беларускай дзіцячай літаратуры. Анатоль Вялюгін назваў яго сваім “любімым пісьменнікам, які ў дзяцінстве выдаў бясплатны білет для падарожжа вакол свету.”
Бібліятэкар 2: Янка Маўр (сапраўднае імя Іван Міхайлавіч Фёдараў), нарадзіўся 10 мая 1883 года у горадзе Лібава (цяпер горад Ліепая, Латвія) у сям’і сталяра. Жыццё не песціла будучага пісьменніка, бацька памёр рана.

Дзяцінства хлопчык правёў на радзіме маці – у вёсцы Лебянішкі. Малому Янку пашанцавала ў адным: у яго была добрая маці, відаць, рамантычная па натуры, з багатай прыроднай фантазіяй. Збіраючы жабрацкія кавалкі, працуючы на людзей падзёншчыцай, яна марыла аб лепшай долі для сына. Гэту лепшую долю, думала яна, дасць навука.


Бібліятэкар 1: І маці першая з усёй вёскі паслала свайго Янку ў пачатковую школу – за трыццаць пяць вёрст ад дому. Для апошняй у вёсцы бяднячкі гэта быў немалы подзвіг.

Пасля сканчэння пачатковай школы Маўру ўдалося паступіць у Ковенскае рамеснае вучылішча. Хоць “удалося” тут – не тое слова. Зрабіла гэта зноў жа яго маці нечалавечымі, можна сказаць, намаганнямі.





Бібліятэкар 2: Трэба сказаць, вучоба ў рамесным вучылішчы – самыя цікавыя старонкі з біяграфіі пісьменніка. Тут упершыню ён пачынае захапляцца мастацкай літаратурай. Прачытанае зрабіла сваю справу – Янка гадамі марыў, каб самому накіравацца ў вялікае падарожжа – па слядах герояў любімых твораў Жуля Верна, Майна Рыда, Фенімора Купера. Але ўсе яго юнацкія мары і планы, вядома, разбіліся аб суровую рэчаіснасць.

Бібліятэкар 1: У чэрвені 1899 года Янка атрымоўвае дыплом падмайстра, які, аднак, нічога не даў юнаку: працы ён так і не знайшоў. І застаўся падмайстар Іван Фёдараў такім жа самым жабраком, якім быў да вучылішча.

У гэтам жа годзе жаданне вучыцца прывяло яго у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Вальнадумства і “сумненні ў рэлігіі” сталі прычынай выключэння з апошняга, выпускнога класа. Аднак пасведчанне настаўніка пачатковай школы ён усёж такі атрымаў, здаўшы у 1903 годзе экстэрнам экзамены за семінарскі курс.


Бібліятэкар 2: Настаўнічаць пачаў у мястэчку Новае Месца Панявежскага павета, затым у сяле Бытча Барысаўскага павета.

Яго былы вучань пісьменнік Аляксандр Міронаў у кнізе “Дзед Маўр” узгадваў, што на ўроках іх любімага настаўніка нібы ажывалі старонкі гісторыі. Падобнае адбывалася і на занятках геаграфіі: “Не геаграфічную карту бачылі мы ў тыя незабыўныя хвіліны ўрокаў, - пісаў Аляксандр Міронаў, - а ўвесь зямны шар: мацерыкі, акіяны, моры. Мы былі ўпэўнены, што наш настаўнік геаграфіі Іван Міхайлавіч усё, што расказваў нам, сам калісьці перажыў і ўбачыў”. Спецыяльна для гістарычннага гуртка настаўнік напісаў навукова – фантастычныя нарысы пра паходжанне чалавека і чытаў іх вучням.

З часам Іван Міхайлавіч становіцца энцыклапедычна адукаваным педагогам. На мове эсперанта (штучная міжнародная мова) вядзе перапіску з чужаземцамі, прымае ўдзел у міжнародных з’ездах эсперантыстаў і такім чынам здабывае патрэбныя свежыя матэрыялы для школьных падарожжаў.
Бібліятэкар 1: У канцы 1924 года пачаў выходзіць часопіс “Беларускі піянер”. Стаяла сур’ёзнае пытанне аб аўтарах. Іх шукалі сярод піянерважатых, настаўнікаў, пісьменнікаў.

Так атрымалася, што мастак Анатоль Тычына, які прымаў удзел у афармленні часопіса, выкладаў маляванне ў 25–й школе г. Мінска, дзе ў той час працаваў Іван Міхайлавіч Фёдараў.

Мастак параіў Алесю Якімовічу (рэдактару часопіса) звярнуцца да калегі па працы: “Вельмі цікавы ён і настаўнік, і чалавек. Свае прадметы – гісторыю і геаграфію – ведае не горш за якога прафесара. Ён можа быць вам карысны”.

Бібліятэкар 2: Алесь Якімовіч расказвае: “Я запрасіў Івана Міхайлавіча ў рэдакцыю. Праз некаторы час да мяне зайшоў новы чалавек. Немалады, салідны з выгляду, у акулярах. Паліто і капялюш яго, відаць, былі мала маладзейшыя за свайго гаспадара. І такі самы добра пацёрты цёмна-рыжы партфель у руках. Крыху здзіўлена паглядаючы на мяне, наведавальнік спытаўся: - Дык ты і ёсць сам рэдактар піянерскага часопіса?”

У канцы лета 1926 года Фёдараў прынёс свой рукапіс.

І зноў са слоў Алеся Якімовіча : ”Я прачытаў загаловак “Чалавек ідзе”. Ого, аўтар з густам! Назва з пэўнай інтрыгай. Ды і прозвішча над загалоўкам нейкае дзіўнае: Янка Маўр. Не Фёдараў, з якім я нядаўна сустракаўся, а Маўр…. Гэта не тое, што псеўданімы маладнякоўцаў – Чарот, Крапіва, Пушча, Дудар….”
Бібліятэкар 1: Аповесць “Чалавек ідзе” Фёдараў меркаваў выдаць пад уласным прозвішчам і імем, але не зрабіў гэтага, каб не дубліраваць імя і прозвішча вядомага рускага першадрукара Івана Фёдарава. Давялося шукаць псеўданім. Па словам самаго пісьменніка, зрабіць гэта было вельмі няпроста: першае слова Янка нібы само на вусны папрасілася, а вось другое… . Прыйшлося перабраць дзесяткі варыянтаў – і нечакана прыгадалася фраза Шылера, у якой было слова Маўр. Сам пісьменнік тлумачыў, што ў даўніну маўрамі называлі насельнікаў Паўночнай Афрыкі.

Іншага псеўданіма цяпер не ўяўляеш, да таго ж у ім аказаліся закладзены дзве асноўныя тэмы будучай творчасці Янкі Маўра: родная Беларусь і жыццё ў далёкіх краінах свету.


Бібліятэкар 2: Звернімся да аповесці “Чалавек ідзе”. У гэтым творы аўтар зазірнуў у глыбіні стагоддзяў, звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека, калі той яшчэ нічога не ўмеў, не валодаў агнём, не ўмеў смяяцца, ні плакаць. Ні гаварыць. Аповесць насычана ведамі аб жывёльным, раслінным свеце. У аснову сюжэта пакладзены сам працэс развіцця чалавека пакутлівы і драматычны, напоўнены барацьбой за сваё жыццё, шлях доўгага назапашвання жыццёвага вопыту.

Вось паслухайце: “Раптам ля ўвахода раздаўся грозны рык ільва. Людзі шарахнуліся ў кут і скамянелі. Але Ра (так аўтар назваў аднога с хлопцаў) ўхапіў палаючую галіну і смела кінуўся ўперад. Леў неяк жаласна піснуў і знік у цемры. Людзям адлегла ад сэрца, і на тварах іх засвяціўся першы смех. Гэта засмяяўся Чалавек – Пераможца.”

Такімі аптымістычнымі радкамі заканчвае Маўр сваю аповесць.
Бібліятэкар 1: Услед за “падарожжам” у глыбіні вякоў пачаліся “падарожжы” Маўра па вялікай карце свету: на Вогненную Зямлю і Новую Гвінею, у Інданезію, Кітай, Цэйлон, Неапаль. Адна за адной выходзяць у свет аповесці “Украіне райскай птушкі” (1926), “Сын вады” (1927), “Амок” (1930).

Аўтар расказваў юным чытачам аб жыцці каланіяльных і замежных народаў. Там, за межамі сваёй краіны, дзеці бачылі парушаныя прынцыпы справядлівасці і свабоды.

Наогул сваім гуманістычным пафасам творы Янкі Маўра сугучны з нашым часам. Хоць, здаецца, зараз няма каланіяльных краін, але праблема правоў чалавека, чалавечнасці, паважлівых, дружалюбных адносін паміж народамі і краінамі ў наш час выключна актуальная.
Бібліятэкар 2: Выклячна актуальная і праблема дзяцінства. У цэнтры апавяданняў Маўра, як правіла, маленькі герой, які на сабе зазнаў жахі капіталістычнаму свету, яго лёсам, як цацкай, гуляюць аматары нажывы і вострых адчуванняў. Возьмем напрыклад вобраз маленькага Тубі з Цэйлона (апавяданне “Слёзы Тубі”), ён загінуў дзеля таго, каб багатая англічанка ледзі Сміт магла пачапіць сабе на грудзі лішнюю дарагую жамчужыну.

А ўспомнім індыйскага хлопчыка Сідры, які стаў жывой прынадай для драпежніка (апавяданне “Жывая прынада”).


Бібліятэкар 1: Больш познія творы Янкі Маўра расказваюць пра дзяцінства, абяздоленае вайной (”Максімка”, “Завошта?”). А вось апавяданне “Васька Жукаў”, дзе герой – унук вядомага чэхаўскага Ванькі Жукава, расказвае нам пра шчаслівае савецкае дзяцінства.
Бібліятэкар 2: Любімым творам самаго аўтара стала аповесць “Палескія рабінзоны”. У ёй паказана, што і пад небам Беларусі , у яе далёкіх і блізкіх кутках, ёсць свая незаўважаная яшчэ рамантыка: “Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”.

У цэнтры аповесці – два героі, хлопцы-студэнты. За кароткі час яны, як і героі Ж. Верна паўтараюць шлях, пройдзены да іх чалавецтвам: здабываюць агонь, бяззбройныя палююць на звяроў, робяць элементарныя прылады з каменняў.

Для вастрыні сюжэту у аповесці паказаны і бандыты.

Калі гэты твор вас зацікавіў – прачытайце.


Віктарына “У свеце жывёл”

  1. Па наступных маўраўскіх апісаннях пазнайце жыхароў лесу:

А) “Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыраннымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай”? (Дзік)

Б) “Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву вытыркала ўверх і млява варушылася”? (Змяя)

В) “Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер шкуры – руды, з белымі плямамі…

Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака – канец хваста, які заўсёды бывае чорным”? (Гарнастай)

Г) “Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца…

Гэты “нехта” быў велічынёю з шапку. Яно неяк смешна і нязграбна прыстасоўвалася, каб хвастом выкапаць у зямлі ямку, і была так занята сваёю справай, што нічога не заўважала навакол”? (Чарапаха)

Д) “Над галавой іх нехта ціхенька праляцеў і ўчапіўся за суседнюю бярозу… яна значна адрозніваецца ад вавёркі. Удзень звычайна сядзіць у сваім гняздзе”? (Ляцяга, або вавёрка)


  1. “Крэк-крэк”, - пачуўся недзе голас.

  • І ён тут! – здзівіўся Мірон. – Да гэтага часу я чуў яго толькі ў жыце.

  • Гэта, мусіць, падарожны, - аўтарытэтна сказаў Віктар. – відаць, толькі што прыйшоў з Афрыкі.

  • Як гэта”прыйшоў”? – здзівіўся Мірон.

  • Ды прыпёр пехатою, і ўсё.

  • З Афрыкі?

  • Але.

Мірон зарагатаў.

  • Ты не рагачы, я кажу сур’ёзна. Сам у кнізе чытаў. Яны дрэнна лятаюць і не любяць ляцець. Таму і лічаць за лепшае ісці і тады толькі падымаюцца, калі на дарозе вада ці іншая перашкода.

Мірон павінен быў паверыць, але доўга яшчэ смяяўся з гэтага дзіўнага пешахода”. Пра якую птушку вядуць размову сябры і хто з іх мае рацыю? (Пра драча. Віктар.)

  1. “…хлопцы заўважылі, як у вадзе шмыгнула нешта цёмнае. Не паспелі прыглядзецца, як каля берага паказалася бліскучая цёмна-бурая круглая галава з белай плямай на носе. У роце незнаёмы “злодзей” трымаў рыбіну.

  • …Ах, паганая! Яна ўсю нашу рыбу зжарэ! Тым болей што яна часта адгрызае толькі спіну, а рэшту кідае.

  • Будзем тады лавіць яе разам з рыбай, - прапанаваў Мірон.

  • Ну не, брат, яна не такая дурная. Яе толькі ў пастку можна злавіць, ды і то трэба паставіць каля нары. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Аднаго разу чатыры чалавекі па чарзе пільнавалі яе шэсць тыдняў і не маглі злавіць”. Што гэта быў за “злодзей”? (Выдра)

  1. “На палянцы білася некалькі пар, ды так, што толькі пер’е ляцела ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары, чорны, з белымі палоскамі на крылах. Навакол, па галінах, сядзелі рабыя самкі і глядзелі на гэтае спаборніцтва, якое адбывалася выключна дзеля іх.

Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць сябе перад красунямі”. За баталіямі якіх птушак назіралі юнакі? (Бой цецерукоў).

Бібліятэкар 1: У пасляваенны час Янка Маўр накіроўвае свой позірк і ў мінулае і ў будучае. Гэта і аўтабіяграфічная аповесць “Шлях з цемры” і аповесць “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”, прысвечаная праблеме міжпланетных падарожжаў.

З чаго ж пачаліся цікавыя падарожжы Святланы і Святазара…

(інсцэніроўка урыўка з пачатку аповесці)
Дзеючыя асобы:

Стары вучоны Пётр Трафімавіч Цылякоўскі (Дзед);

Яго дачка Ніна Пятроўна (Маці);

Святлана і Светазар (дзеці Ніны Пятроўны).


(У пакоі у крэсле-качалцы сядзіць дзед, побач на падлозе, прыціснуўшыся адно да аднога, стаіўшы дыханне, Святлана і Святазар слухаюць яго як зачараваныя.)
Дзед: Фантазія – вялікая сіла! Без фантазіі самы светлы розум быў бы сляпы. Чалавек бачыў бы толькі тое, што ў яго перад вачыма. А “на крылах фантазіі” можна перанесціся і туды, куды ўжо зусім нельга трапіць, - у самую сярэдзіну Зямлі, на Сонца, а то проста ў будучае ці мінулае.

Ёсць вельмі многа кніг, дзе гаворыцца аб такіх падарожжах.



Святлана: Гэта кніга Жуля Верна “Падарожжа да цэнтра Зямлі”. Мы чыталі.

Светазар: І яшчэ мы чыталі кнігу Герберта Уэлса “Машына часу”.

Дзед: Ну і што, паверылі вы, што так было ў сапраўднасці?

Святлана: Не. Але чытаць усё роўна было цікава. Вельмі цікава.

Дзед: На жаль, тыя кнігі, пра якія мы гаворым, пісаліся вельмі даўно, калі навука і думаць не магла аб тым, што сёння ведаеце хоць бы вы самі. Напрыклад, нікому тады не магло б прыйсці у галаву, што для так званых фантастычных падарожжаў можна скарыстаць энергію самой фантазіі. І не ў казцы, а ў сапраўднасці.

Святлана і Светазар (разам, здзіўлена): У сапраўднасці?!

Дзед: Так, у сапраўднасці. Нам дапаможа энергія, якая вылучаецца ў працэсе работы нашага мозгу. Я ўжо даўно займаюся гэтым пытаннем і спадзяюся зрабіць вам машыну для падарожжаў.

Светазар: Я паляцеў бы або на Месяц або на Сонца.

Святлана: А я спачатку аб’ехала б увесь наш Саюз.

Дзед: Так, так. Добра, добра. Бачу я, фантазіраваць вы ўмееце. Зараз паглядзім, якую энергію мае ваша фантазія.

(Ён устаў з крэсла, падышоў да шафы і ўзяў нейкую рэч з цыферблатам. Падышоў да ўнукаў, прыклаў прыладу да галавы спачатку адному, а потым другому. Потым весела сказаў:)

Дзед: Вельмі добра! Гаручага хопіць на якія хочаце падарожжы.

Пачакайце, я вам нешта пакажу.



(Дзед некуды выйшаў, а вярнуўся з маленькай чырвонай машынай падобнай і на аўтабіль, і на падводную лодку, і на самалёт, бо збоку былі маленькія крылы, як у птушкі, якая нарыхтавалася ўзляцець. У нізе ледзь вызначаліся маленькія колы. Спераду быў невялікі прапелер з адхіленымі назад лопасцямі. Ззаду таксама быў не то прапелер, не то вентылятар. Па баках было напісана “ФЦ – 1”).

Дзед: Ну, светлячкі, прымайце сваю машыну.(Зайшла маці)

Маці: Ці варта было турбавацца дзеля такой цацкі? Яна ж, мусіць, і дорага каштуе. Замест яе лепш было б веласіпеды ім купіць. А гэтую штуку і не скарыстаеш ніяк…

Дзед: Эх, маці! Не скарыстаеш! А ты ўжо забылася, як сама калісьці скарыстоўвала нават перавернутае крэсла для падарожжаў па ўсім свеце? І, здаецца, было ўпэўнена, што гэта ёсць сапраўднасць.

Маці: Дык то была дзіцячая фантазія.

Дзед: Вось мы і скарыстаем гэтую дзіцячую фантазію. Толькі не так, як ты калісці, а па-навуковаму. (Сказала і пайшла)

Святлана: А што азначаюць літары “ФЦ”.

Дзед: (смеючыся) Гэта фабрычная марка. Чытайце так: “Фантамабіль Цылякоўскага”. А цяпер сядайце у свой фантамабіль. На галаву надзеньце гэтыя шлемы. Рухаць машыну будзе ваша фантазія.

Светазар: А вы самі, дзядуню, ездзілі на такой машыне?

Дзед: (рассмяяўся) Правільнае пытанне. Але на яго ёсць вельмі просты адказ: у сталага чалавека, а тым больш у такога старога, як я, фантазія зусім не тая, што ў дзяцей. Ці магла б, скажам, цяпер ваша маці, як вы чулі, фантазіраваць, як у дзяцінстве, ездзіць па ўсім свеце на перавернутым крэсле? Не, на нашай фантазіі далека не паедзеш, а вось на вашай… націскайце кнопку – і ў дарогу! (пачуўся ціхі гул, як пры ўключэнні радыёпрыёмніка).
Бібліятэкар 2: У якіх краінах, на якіх планетах пабывалі дзеці, вы сябры зможаце прачытаць на старонках аповесці.

Цікава, што аўтар у займальнай форме падае нам навуковыя звесткі: тэмпература паверхні Меркурыя +4130, на Нептуне -1800 і гэтак далей.



Бібліятэкар 1: Шмат цікавых твораў напісаў Янка Маўр. А яшчэ надзвычайна вялікая яго заслуга, як рэдактара кнігі “Ніколі не забудзем” (1948 г.), кнігі унікальнай, напісанай беларускімі дзецьмі – сведкамі Вялікай Айчыннай вайны.

Да апошніх сваіх дзён, а памёр Маўр 3 жніўня 1971 года, ён не страціў сувязей з літаратурай і са сваім удзячным юным чытачом. Прысуджэнне яму ў 1972 годзе (пасмяротна) Дзяржаўнай прэміі БССР засведчыла высокае грамадскае прызнанне.


Бібліятэкар 2: Еўдакія Лось “Памяці Янкі Маўра”
Паміраюць палесскія рабінзоны

Першапраходцы і адкрывальнікі,

Спрадвечныя, нібы ў пушчы бізоны,

Скарбаў нашых стваральнікі і ратавальнікі…

Яны нам вочы на свет адчынялі,

Вабілі далеччу, фарбамі, гукамі,

Каб ляталі, угору нас падкідалі,

Каб грэліся, птушанят на далонях хукалі…

Вучылі: свет – не гушкі-гулюшкі,

Дужыя трэба мору і сушы…

У краіну райскай птушкі

Адлятаюць высокія душы.


Выкарыстаная літаратура:


  1. Гісторыя беларускай Савецкай літаратуры [Тэкст]. Ч. 1 : [вучэб. дапаможнік для філал. фак. ун-тэў] / С. А. Андраюх [і інш.]. – пад рэд. І. Я. Навуменкі [і інш.]. – Мн.: Вышэйшая школа, 1981. – 382 с., іл.




  1. Гурэвіч, Э. С. Янка Маўр [Тэкст] : нарыс жыцця і творчасці / Э. С. Гурэвіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1983. – 207 с., іл. [1] л. партр.




  1. Маўр, Я. Збор твораў [Тэкст]. У 4 т. Т. 1 / Я. Маўр. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. – 384 с., іл.




  1. Маўр, Я. Чалавек ідзе [Тэкст]: аповесці і апавяданні : для сярэд і ст. шк. узросту / Я. Маўр; [аўт. прадм. А. Я. Якімовіч; маст. Н. Э. Калядэнка]. – Мінск : Юнацтва, 1989. – 268 с., іл. [1] л. партр. – (Школьная бібліятэка).




  1. Садовская, Л. Его называли белорусским Жюлем Верном [Текст] : литературный час к 130-летию со дня рождения Янки Мавра / Л. Садовская, Н. Хацкевич // отмечаем знаменательную дату / ред.-сост. Л. В. Нестерович. – Минск, 2012. – С. 39 – 48.




  1. Яфімова, М. Дзіцячых сэрцаў уладар… [Тэкст] : да 125-годдзя Янкі Маўра / М. Яфімовіч // Роднае слова. – 2008. – № 5. – С. 3 – 4.




: sites -> default -> files
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 1 Перыядызацыя гісторыі Гісторыя
files -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
files -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
files -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
files -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
files -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
files -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
files -> Удой на карову (кг) Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе (гр.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка