Білет №7 Культура Беларусі ў другой палове XVIII ст



Дата канвертавання26.06.2016
Памер35.97 Kb.
Білет № 7


  1. Культура Беларусі ў другой палове XVIII ст.




  1. На развіццё асветы і навукі значны ўплыў аказала распаўсюджванне ідэі Асветніцтва, якія пачынаюць пранікаць з Еўропы на тэрыторыю Беларусі ў другой палове XVIII ст. Асветніцтва абвяшчала перавагу асветы, навукі, розуму ў жыцці асобы, грамадства, дзяржавы, а грамадскім ідэалам бачыла разумнага адукаванага чалавека.

Адбыліся змены ў школьнай адукацыі. У 1773 г. была створана Адукацыйная камісія (установа накшталт міністэрства адукацыі), якая за 20 гадоў сваёй дзейнасці адкрыла на тэрыгорыі Беларусі 20 школ сярэдняй ступені і каля 200 пачатковых школ. Сярод іх навучэнцаў 30 % складалі сялянскія дзеці. Сістэма адукацыі стала больш даступнай і атрымала свецкі характар. Замест лацінскай мовы ў школах уводзілася польская. Кіраўніцтва справай асветы перайшло з рук царкоўных устаноў да дзяржаўных органаў.

Новай з’явай у развіцці адукацыі было стварэнне першых прафесійных навучальных устаноў. Так, дзякуючы намаганням вядомага гродзенскага мецэната Антонія Тызенгаўза, у Гародні і Паставах пачалі дзейнічаць медыцынская, акушэрская, ветэрынарная, фінансавая, чарцёжная і рысавальная школы. Па прапанове Адукацыйнай камісіі была адкрыта медыцынская школа ў Гародні. Пры школе працаваў шпіталь, анатамічны кабінет, заалагічны сад, музей, бібліятэка. Былі падрыхтаваны тры выпускі ўрачоў. Кіраўнік медыцынскай школы француз Жан Эмапуэль Жылібер заснаваў таксама батанічны сад.

Пашырэнню ідэй Асветніцтва садзейнічаў праваслаўны царкоўны і грамадскі дзеяч Георгій Каніскі. Бога ён лічыў першапрычынай усяго існуючага і разам з тым паважліва адносіўся да поглядаў Каперніка і Галілея. Збіраў архіўныя крыніцы па гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі. Актыўна выступаў супраць усеўладдзя магнатаў у Рэчы Паспалітай і абараняў правы дысідэнтаў — шляхты некаталіцкага веравызнання. Яго прамова перад каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім у абарону дысідэнтаў была перакладзена на еўрапейскія мовы як узор верацярпімасці.

Шырокае распаўсюджанне ў Беларусі набылі ідэі фізіякратаў — французскіх буржуазных эканамістаў, якія прызнавалі зямлю і земляробства адзінай крыніцай багацця, а сельскагаснадарчую працу — адзінай вытворчай працай. Прыхільнікам гэтых поглядаў у Беларусі быў ураджэнец Берасцейшчыны Міхаіл Карповіч, які адным з першых у ВКЛ пачаў крытыкаваць прыгоннае права.

Еўрапейскую папулярнасць сваімі працамі здабыў філосаф-асветнік Саламон Майман, які нарадзіўся паблізу мястэчка Мір (цяперашні Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці), першапачатковую адукацыю атрымаў у яўрэйскай школе, а потым у Германіі. Ён з’яўляецца першым каментатарам і крытыкам вядомага нямецкага філосафа Імануіла Канта.

Ураджэнец Піншчыны вядомы польскі паэт Адам Нарушэвіч па прапанове караля Рэчы Паспалітай падрыхтаваў «Гісторыю польскага народа».

Значны ўклад у развіццё навукі ўнёс ураджэнец Гродзеншчыны рэктар Галоўнай школы ВКЛ (так з 1781 г. называлася Віленская езуіцкая акадэмія), вучоны-прыродазнавец і астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі. Ён вывучаў Меркурый, вызначыў дакладныя каардынаты шматлікіх населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі. Быў абраны членам-карэспандэнтам Парыжскай акадэміі навук і Лонданскага астранамічнага таварыства.

У 1776 г. выйшла ў свет першая перыядычная газета на тэрыторыі сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (на польскай мове).

2. У XVIII ст. на першы план у развіцці мастацтва выйшла музыка, якая заняла пануючае становішча ў палацах і замках магнатаў. Найбольш папулярным музычным творам у шляхты стала опера на сюжэт з жыцця шляхты ці сялян. Так, ініцыятарам стварэння адной з опер стаў віленскі ва- явода Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы па сваёй мянушцы Пане Каханку. Еўрапейскую славу набыў у гэты перыяд Слонімскі прыгонны тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Агінскі быў незвычайна разнастайнай і таленавітай асобай: оперным кампазітарам, музыкантам-віртуозам, паэтам. Тэатр Агінскага быў празваны «сядзібай музаў». У ім умяшчалася 2500 гледачоў, адбываліся грандыёзныя прадстаўленні на сцэне, памеры якой дазвалялі заязджаць на яе на конях, а частка сцэны ўяўляла сабой басейн для водных прадстаўленняў.

«Паўночнымі Афінамі» называлі маёнтак Залессе (цяперашні Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), што належаў Міхалу Клеафасу Агінскаму. Ён спалучаў тэатральную дзейнасць з дзяржаўнай, быў актыўным удзельнікам паўстання 1794 г, накіраванага супраць падзелаў Рэчы Паспалітай, і неўзабаве стаў аўтарам славутага паланэза «Развітанне з Радзімай».

Найбольшую вядомасць набылі прыватнаўласніцкія тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку. Папулярнымі былі творы гаспадыні Нясвіжа пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Яе п’есы былі ўвасабленнем стылю ракако, які тэатралізаваў побыт.

У архітэктуры ў канцы XVIII ст. на змену барока прыходзіць класіцызм. Сярод помнікаў, для якіх харакгэрна спалучэнне элементаў гэтых стыляў, вызначаецца палацава-паркавы ансамбль Сапегаў у Ружанах.



У жывапісе пераважалі прадстаўнікі Віленскай мастацкай школы — выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Францішак Смуглевіч і Ян Рустэм, якім належыць шэраг карцін на гістарычную тэматыку, у т. л. прысвечаных асобе Т. Касцюшкі. Папулярным заставаўся партрэтны жанр. Былі створаны партрэты Міхала Казіміра Агінскага і апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.


: biskupcy -> library
library -> Білет №10 Барацьба з агрэсіяй крыжакоў у xiii—xiv стст. Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г
library -> Умацаванне велікакняжацкай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім у першай палове XIV ст. Паходжанне назвы княства
library -> 1. Дзяржаўны лад вкл характарызаваўся цэнтралізацыяй улады ў руках вялікага князя. Вышэйшай асобай у дзяржаве быў вялікі князь
library -> Білет №14 Утварэнне беларускай народнасці. Паходжанне назвы «Белая Русь»
library -> 1. Змены ў дзяржаўным ладзе Вялікага Княства Літоу скага ў XV — першай палове XVI ст. Умацаванне ўлады князя ў дзяржаве
library -> Білет №15 Культура Беларусі ў XIV — першай палове XVI ст
library -> Білет №13 Развіццё гарадоў на тэрыторыі Беларусі ў XIV — сярэдзіне XVI ст. Магдэбургскае права
library -> Білет №1 Унутрыпалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага ў першай палове XVI ст
library -> Білет №6 Культура Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст
library -> Білет №4 Беларусь у час войнаў другой паловы XVII — першай паловы XVIII ст




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка