Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы І літаратуры філіял «Інстытут мовы І літаратуры імя Якуба Коласа І Янкі Купалы»



старонка1/51
Дата канвертавання15.05.2016
Памер6.25 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   51
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ


ЦЭНТР ДАСЛЕДАВАННЯЎ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ,

МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

Філіял «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы»



СЛОЎНІК СЕННЕНШЧЫНЫ
ТОМ І

АК

Мінск


«Беларуская навука»

2013


УДК 811.161.3’282(476.5)(038)

ББК 81.2


У к л а д а л ь н і к і:


Н. М. Бунько, В. М. Курцова, Ю. В. Маліцкі,

Н. В. Сівіцкая, Т. М. Трухан


Навуковыя рэдактары


В. М. Курцова

Л. П. Кунцэвіч


Рэцэнзенты:


доктар філалагічных навук В. Д. Старычонак

кандыдат філалагічных навук В. П. Трайкоўская




Слоўнік Сенненшчыны ў 3 т. Т. 1: А–К / Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культ., мовы і літ-ры, філ. «Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы»; уклад.: Н. М. Бунько [і інш.]; рэд. В. М. Курцова, Л. П. Кунцэвіч. – Мінск : Беларус. навука, 2013.

ISBN 978-985-08-1539-2.

Слоўнік уключае рэгіянальную лексіку, сабраную пераважна на тэрыторыі Сенненскага раёна ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Мясцовая гаворка жыхароў гэтай часткі Беларусі характарызуецца шэрагам адметных моўных асаблівасцей, якія вылучаюць тэрыторыю Сенненшчыны ў складзе гаворак паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы.

Першы том складаюць словы на літары А–К.

Слоўнік разлічаны на даследчыкаў, выкладчыкаў усходнеславянскіх моў, славістаў, а таксама на фалькларыстаў, этнографаў, аматараў роднай мовы.

УДК 811.161.3’282(476.5)(038)

ББК 81.2

ISBN 978-985-08-1539-2 (Т.1)

ISBN 978-985-08-1539-5

© Філіял «Інстытут мовы і літаратуры

імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» Цэнтра

даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 2013

Слова ад рэдактара


Электронны варыянт лексікаграфічнага даведніка «Слоўнік Сенненшчыны. Т. 1. А – К» – гэта варыянт слоўніка, створанага ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі філіяла «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры для выдавецтва «Беларуская навука». У гэтай версіі, за выключэннем прадмовы, якая была скарочана, галоўным чынам у яе ілюстрацыйнай частцы, захавана будова і форма падачы слоўнага матэрыялу ў тым выглядзе, як гэта было зроблена навуковым рэдактарам В. М. Курцовай на апошнім, завяршальным этапе для друкавання рукапісу.

Пры працы над слоўнікам істотныя прапановы і слушныя заўвагі былі зроблены рэдактарам выдавецтва «Беларуская навука» Т. В. Лаўрык, за што аўтарскі калектыў вельмі ёй удзячны.



«Слоўнік Сенненшчыны» не з’яўляецца, зразумела, бездакорным выданнем, таму мы гатовы прыняць любыя заўвагі і прапановы чытачоў, каб наступныя тамы зрабіць лепшымі. У гэтым выпадку накіроўвайце свае прапановы на электронны адрас: slownik.siennienshchyna@gmail.com


Прадмова
Слоўнік гаворак Сенненшчыны – гэта рэгіянальны лексікаграфічны даведнік, складзены на аснове архіўных матэрыялаў, якія захоўваліся ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі. Гэты лексічны словазбор мае адметны навуковы статус у параўнанні з іншымі аналагічнымі лексікаграфічнамі працамі. Выбар прасторава лакалізаванай групы гаворак у складзе гаворак паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы быў прадвызначаны вынікамі іх навуковага даследавання і наступнай інтэрпрэтацыяй звестак пра іх. Здзейсненыя навукоўцамі-дыялектолагамі лінгвагеаграфічная дыферэнцыяцыя і групоўка гаворак беларускай мовы паводле рознаструктурных моўных асаблівасцей, адлюстраваных у «Дыялекталагічным атласе беларускай мовы» (ДАБМ), сведчылі, што шэраг рознаўзроўневых лінгвістычных рыс, характэрных для мясцовых гаворак, аб’ядноўваюцца ў асобныя пучкі ізаглос. Тым самым лінгвальна тэрыторыя Сенненшчыны адасабляецца ад іншых гаворак, прылеглых да іх, утвараючы асобны кампактны моўны арэал1. Гэта стала галоўным аргументам у спецыяльным навуковым даследаванні дадзеных гаворак. Навуковы інтарэс да сенненскіх гаворак тлумачыцца таксама іншымі прычынамі. Нягледзячы на спецыяльна прынятую ў 50-я гады мінулага стагоддзя праграму па вывучэнні лексічных набыткаў гаворак Беларусі2, адным з пунктаў якой з’яўлялася складанне «Слоўніка полацкіх і віцебскіх гаворак»3, такі слоўнік не быў створаны. Таму сёння, дзякуючы ўкладанню рэгіянальнага слоўніка гаворак Сенненшчыны, будзе выканана даўняя задума беларускіх мовазнаўцаў па рэалізацыі буйнога лексікаграфічнага праекта, распрацаванага ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Тагачасны план даследаваць лексічную сістэму гаворак полацка-віцебскага рэгіёна сёння ажыццёўлены часткова, паколькі навукова мэтазгодным з’яўлялася найперш вывучэнне лакальнай моўнай прасторы полацка-віцебскага рэгіёна – тэрыторыі Сенненскага раёна. Засяродзіцца на збіранні лексічнага матэрыялу з Сенненшчыны падштурхоўвалі і іншыя акалічнасці. Адзіным даведнікам, які даваў звесткі пра лексічныя адметнасці гаворак Віцебшчыны, амаль на працягу стагоддзя з’яўляўся «Віцебскі краёвы слоўнік» (1927), складзены М. І. Каспяровічам. Слоўнік М. І. Каспяровіча, хоць і ўключаў у свой склад асобныя агульнаўжывальныя ў беларускай мове словы, пераважна адлюстроўваў мясцовыя абазначальныя сродкі. Абраны, дыферэнцыяльны па сваёй сутнасці, спосаб падачы лексікі быў зроблены аўтарам згодна з прынятымі ў 20-я гады ХХ-га стагоддзя прынцыпамі ўкладання краёвых слоўнікаў. Абагульненым лексікаграфічным выданнем па дэманстрацыі лексічных набыткаў усяго Падзвіння з’яўляецца «Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны» (2012) у дзвюх частках, падрыхтаваны на кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Першая частка даведніка ўжо надрукавана. Аднак гэты віцебскі словазбор па прынцыпах укладання мала адрозніваецца ад папярэдняй лексікаграфічнай працы М. І. Каспяровіча.

Лексічнай базай «Слоўніка Сенненшчыны» з’яўляюцца матэрыялы, сабраныя ў час дыялекталагічных экспедыцый, якія праводзіліся ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Планавае штогадовае збіранне лексікі гаворак Сенненскага раёна супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі тагачаснага Інстытута мовазнаўства распачалося ў 1987 г. і працягвалася да 1990 г. У 1986 г. ладзілася спецыяльная паездка навукоўцаў у Лепельскі, Чашніцкі, Бешанковіцкі і Сенненскі раёны з мэтай удакладнення моўнай прасторы абследавання. Дзякуючы знаёмству з гаворкамі памежных суседніх раёнаў Віцебшчыны апорнай тэрыторыяй даследавання сталі гаворкі Сенненскага раёна.

Пад непасрэдным кіраўніцтвам тагачаснага загадчыка аддзела П. А. Міхайлава ў Сенненскі раён было арганізавана і праведзена 8 дыялекталагічных экспедыцый. Навуковыя экспедыцыі ладзіліся двойчы на год, вясной у сакавіку і летам у ліпені. Ажыццявіць поўнае вывучэнне лексічнай сістэмы сенненскіх гаворак не атрымалася. Па шматлікіх сацыяльна-эканамічных прычынах, якія мелі месца ў нашай краіне ў 80-я гады, палявыя выезды былі спынены. З-за гэтага не былі зроблены і спецыяльныя дыялекталагічныя экспедыцыі з мэтай праверкі наяўнай картатэкі слоўніка ці яе папаўнення новым слоўным матэрыялам.

Пастаяннымі і актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх палявых даследаванняў былі тагачасныя супрацоўнікі аддзела П. А. Міхайлаў, Н. У. Быкава, Ф. Д. Клімчук, А. А. Крывіцкі, С. Г. Лобач, Т. М. Трухан, А. І. Чабярук, І. Я. Яшкін. У некаторых выездах удзельнічалі В. М. Курцова і М. А. Ісачанкава. Гэтым экспедыцыйным атрадам былі ажыццёўлены запісы маўлення мясцовых жыхароў у многіх вёсках Сенненскага раёна, а таксама ў трох вёсках Чашніцкага раёна, прылеглых да Сенненшчыны (гл. ніжэйпададзены спіс). На аснове дыялектных запісаў была сфарміравана лексічная картатэка назапашанага словазбору. Яна стала адзінай крыніцай матэрыялаў для складання слоўніка мясцовых гаворак.

Рэгіянальны лексікаграфічны даведнік «Слоўнік Сенненшчыны» – гэта слоўнік, які характарызуецца не толькі адметным выбарам тэрыторыі даследавання беларускіх гаворак. Дадзены лексічны збор мае і іншыя асаблівасці. Пры збіранні лексікі вялікая ўвага надавалася назапашванню інфармацыі пра традыцыйную духоўную культуру мясцовага насельніцтва: запісваліся разнастайныя малыя жанры мясцовай моватворчасці – прыказкі і іншыя адметныя выслоўі, прыкметы і павер’і з каляндарных і сямейных абрадаў, прыгаворкі, жарты, дзіцячыя лічылкі, тэксты песень і інш. Рэгістрацыя пералічанай часткі лексічных набыткаў праводзілася або ў форме словаўжыванняў, г. зн. пры рэалізацыі пэўных лексічных адзінак ці сінтаксічных канструкцый у сказах, або як асобных моўных адзінак народнай моватворчасці. Выяўленне даследчыкамі пласта мясцовых слоўных багаццяў этналінгвістычнага, этнакультурнага плана было невыпадковым: яно вымагалася недастатковай рэпрэзентатыўнасцю матэрыялаў, адлюстраваных у «Лексічным атласе беларускіх народных гаворак». Спроба запоўніць нацыянальныя лакуны па адлюстраванні ў складзе лексічнай сістэмы гаворак слоў са сферы духоўнай культуры зроблена на прыкладзе гаворак Сенненшчыны. Гэтым падрыхтаваны словазбор істотна адрозніваецца ад наяўных лексікаграфічных прац, створаных паводле матэрыялаў з Віцебшчыны. Аднак назапашванне звестак этнакультурнага характару пры ажыццяўленні збіральніцкай працы не з’яўлялася спецыяльнай мэтай даследавання, таму праводзілася непаслядоўна. Увогуле ілюстрацыйная база падрыхтаванага ўдзельнікамі дыялекталагічных экспедыцый слоўнага каталога характарызуецца рознай напоўненасцю. У лексічным спісе, які меўся стаць рэестрам «Слоўніка Сенненшчыны», сустракаліся словы як з надзвычай багатай колькасцю ілюстрацый, так і такія абазначальныя сродкі, якія зусім не маюць суправаджальнага моўнага кантэксту ці маюць адзінкавыя словаўжыванні. Словы з адзінкавым словаўжываннем пры ўключэнні матэрыялаў у даведнік часам выклікалі цяжкасці не толькі ў выяўленні значэння лексемы, але і ва ўстанаўленні граматычных асаблівасцей. Іншым разам аб’ём семантыкі рэестравай адзінкі немагчыма было вызначыць дакладна з-за невыразнасці сказа, у якім выступала слова, невысокай інфарматыўнасці кантэксту. Аднак і адзінкавыя фіксацыі не былі выключаны з рэестра рэгіянальнага сенненскага лексікона, бо з улікам тых сацыяльна-моўных працэсаў, што зараз адбываюцца ў сельскім камунікатыўным асяроддзі яны, магчыма, наогул не будуць ніколі пачуты і зафіксаваны.

Лексічны архіў «Слоўніка Сенненшчыны» як крыніца матэрыялаў для складання даведніка вызначаўся пэўнымі цяжкасцямі. Так, некаторыя звесткі, якія ў адпаведнасці з лексікаграфічнай практыкай, змяшчаюцца ў слоўнікавым артыкуле, у картатэчным варыянце падаваліся абмежавана і непаслядоўна. Прынамсі, на кожнай картачцы-цытаце ў рэестравым слове быў пазначаны націскны склад і, за неістотным выключэннем, суправаджальная ілюстрацыя (ілюстрацыі). Іншая лінгвістычная інфармацыя, найперш значэнне слова, яго граматычныя характарыстыкі, а таксама функцыянальна-стылёвыя пазнакі (пры іх наяўнасці) у базавым (картатэчным) варыянце, за выняткам некаторых матэрыялаў, падрыхтаваных асобнымі аўтарамі-збіральнікамі, звычайна не падаваліся. У адрозненне ад недастатковай змястоўнай моўнай інфармацыі, пашпартызацыя звестак была вытрымана паслядоўна. У кожнай слоўнай фіксацыі адзначалася, у якім населеным пункце, у які час, ад каго і кім было запісана слова. Нягледзячы на розную ступень верыфікацыйнасці картатэчных матэрыялаў, яны давалі агульнае ўяўленне пра характар упарадкавання слоўніка.

Паводле рэестравага складу «Слоўнік Сенненшчыны» задумваўся як поўны збор мясцовай лексікі. У гэтым зборы планавалася адлюстраваць усе абазначальныя лексічныя сродкі, якімі карысталіся мясцовыя жыхары ў сваім маўленні ў 80-я гады мінулага стагоддзя. У рэестр слоўніка таксама ўваходзілі сінтаксічна звязаныя адзінкі рознага тыпу. Значная частка іх – гэта фразеалагізмы, пэўную групу ўстойлівых словазлучэнняў складаюць састаўныя тэрміны, якія маюць свае семантычныя варыянты агульнаўжывальных слоў.

У матэрыялах слоўніка змяшчалася і спецыяльная лексіка, звязаная з традыцыйнымі вытворчымі заняткамі мясцовага насельніцтва: рыбалоўствам, ткацтвам, цяслярствам, пчалярствам і інш. Але на інвентары падобных абазначальных лексічных сродкаў збіральнікі матэрыялаў спецыяльна не засяроджваліся, таму картатэка кожнага асобнага слоўнічка тэрміналагічнага характару розная па ступені яго рэпрэзентатыўнасці. Пэўную частку картатэкі склалі і лексемы, якія з’яўляюцца ў мясцовых гаворках сучаснымі запазычаннямі з рускай мовы, што адаптаваліся да фанетычнай сістэмы гаворак. У слоўнікавы рэестр былі ўключаны таксама мясцовыя воклічы і выгукі, якімі звычайна падклікаюць ці адганяюць свойскіх жывёл і птушак. Нарэшце, як адметныя рэестравыя словы ці словы, якія маюць асобнае лексічнае значэнне ў складзе мнагазначных слоў, змяшчаюцца ў сенненскім зборы зафіксаваныя найменні мясцовага ландшафту, ці мікратапонімы. Семантыка такіх слоў адлюстроўваецца звычайна наступным чынам:



КАВЯРКО́Т м. Назва мясціны.

МАЖА́ЕВА н. Назва лугу.

Такім чынам, «Слоўнік Сенненшчыны» – гэта рэгіянальны словазбор, у якім абагульняюцца і сістэматызуюцца рэальныя камунікатыўныя абазначальныя сродкі, ужывальныя ў маўленчай практыцы мясцовага насельніцтва ў канцы мінулага стагоддзя, але яго асноўны лексічны фонд складаюць традыцыйныя намінатыўныя набыткі, характэрныя для мясцовых гаворак.

Вельмі важным пытаннем, выкліканым аглядам лексічнага складу архіўнай картатэкі сенненскага словазбору, было пытанне пра форму адлюстравання загалоўнага слова. Фіксацыя на картцы-цытаце лексічнай адзінкі як складніка рэестра падказвала, што збіральнікі лексічных матэрыялаў першапачаткова меркавалі падаваць загалоўнае слова ў абагульненым, арфаграфічна адаптаваным да літаратурнай мовы выглядзе. Тым самым фанетычныя асаблівасці мясцовых гаворак, перадусім такія з’явы рэгулярнага характару, як пазіцыйнае чаргаванне зычных па звонкасці/глухасці, мяккае вымаўленне зычных перад наступным мяккім кансанантам, дысімілятыўнае аканне і некаторыя інш., у рэестравай адзінцы не адлюстроўваліся, яны захоўваліся ў прыкладах. Уніфікаваны правапісны падыход пашыраўся і на ілюстрацыйную базу. Прынамсі, такая моўная рыса, як пазіцыйная асіміляцыйная мяккасць свісцячых і некаторых іншых зычных, якая выступае ў якасці агульнабеларускай тыповай і дыферэнцыяльнай лінгвальнай адметнасці, у прыкладах, якія раскрываюць семантыку загалоўнага слова, не перадавалася. Праўда, спарадычна ў запісах мяккасць зычных захоўвалася. Так, непаслядоўна абазначаецца рэалізацыя мяккіх свісцячых з, с у становішчы перад заднеязычнымі г, к, х: гордъга Бог ізь неба ські́дъваіць; ські́нуў або н перад наступным мяккім свісцячым: баньцік. Нягледзячы на тое, што падобнымі ўжываннямі парушаецца прынцып аднастайнасці ў падачы матэрыялу ў слоўніку, зафіксаваныя напісанні не мяняліся.

Спосаб адлюстравання слоўнікавай рэестравай адзінкі ў графічна-арфаграфічных сродках літаратурнай мовы спрашчае, як вядома, карыстанне слоўнікам шырокім колам чытачоў і дазваляе выданню функцыянаваць як даведніку. Абраны прынцып увасаблення загалоўнага слова складальнікамі базавай картатэкі вытрымліваўся непаслядоўна. Пэўная непаслядоўнасць выяўлялася галоўным чынам пры перадачы ў рэестравых лексемах сінтагматычнай лабіялізацыі ненаціскных галосных гукаў. У пачатковым картатэчным варыянце ў якасці загалоўных слоў як найбольш частотныя былі зафіксаваны формы тыпу гараваць і гуруваць, гаруваць; гублюваць і габляваць; калтун і култун. У такіх выпадках было складана зразумець, які з варыянтаў прэтэндаваў на статус рэестравай адзінкі. Цяжкасці ў выбары формы загалоўнага слова мелі месца пры фіксацыі слоў з наяўнасцю прыставак з арфаграфічным д у іх складзе тыпу адведкі і атведкі, пры падачы слоў са спалучэннем зычных шн і чн, як даўгавечны і даўгавешны; малочнік і малошнік, пры адлюстраванні лексем з трансфармаванай марфемнай структурай, накшталт бургомістр і бурмі́стр, бувала і бала; рускамоўных запазычанняў.

Улічваючы адзначаныя праблемы, а таксама ступень рэпрэзентацыйнасці зыходнага лексічнага матэрыялу, складальнікі сенненскага слоўніка выпрацавалі наступныя падыходы па адлюстраванні яго рэестравага складу.

У якасці рэестравых адзінак у слоўнікавым артыкуле адлюстроўваюцца зарэгістраваныя ў рэальным гукавым абліччы формы слоў, аднак дысімілятыўнае аканне, асімілятыўная мяккасць зычных і спарадычна зафіксаванае мяккае вымаўленне няпарных цвёрдых зычных у загалоўным слове не перадаецца. Пры гэтым, калі існавала некалькі фанетычных варыянтаў з аднолькавай семантыкай, адзін з якіх адпавядае літаратурнаму эквіваленту, на першым месцы як загалоўнае слова ў рэестравым радзе выступае нарматыўны варыянт.



КЛЯСЦІ́, КЛЯ́СЦІ, КЛЯСЦЬ, КЛЯ́ЦІ незак. Праклінаць.

ЯРАВЫ́, ЕРАВЫ́, ІРАВЫ́ прым. Яравы.

Загалоўнае слова ў літаратурным абліччы падаецца і ў тых выпадках, калі ў слове звонкія зычныя знаходзяцца ў слабай фанетычнай пазіцыі, а ў моцнай яны выступаюць у вытворнай (памяншальнай) форме.



ГРУ́БКА, ГРУ́ПКА ж. Грубка. Групку нада перадзелываць. Групку таплю сянні. Неўгадава. ГРУ́БАЧКА памянш. Грубачка ета шчэ да вайны былі́, во стаялі каля печы. Багданава.

Вытрымаць паслядоўна прынцып размяшчэння на першым месцы зафіксаванай літаратурнай формы пры суіснаванні яе з паралельнымі дыялектнымі аказалася немагчымым. Таму, калі ў радзе аднакаранёвых слоў і сустракаецца літаратурны варыянт, але большасць прыкладаў з’яўляецца словаформамі з выразнымі асаблівасцямі мясцовай фанетыкі, то загалоўным словам выступае дыялектны абазначальны сродак.



КВАСО́ЛЬ, ФАСО́ЛЬ м. Фасоля.

КВАСО́ЛЬНІК м. Суп з фасолі.

КВАСО́ЛЬНІКАВЫ прым. Які адносіцца, належыць фасолі.

КВАСО́ЛЯ, ФАСО́ЛЯ ж. Фасоля.

Пры фіксацыі слова як адзінкавага, яно захоўвае зарэгістраваны маўленчы выгляд.



АБНО́ШКА ж. Абножка; пылок з кветак, які пчала прыносіць на задніх ножках.

ВАСЦЯРАГА́ЦЦА незак. Засцерагацца.

ГАРАЦКІ́ прым. Гарадскі.

ҐРУК м. Крумкач, груган.

У слоўнікавых артыкулах, у якіх загалоўнае слова мае некалькі варыянтаў, але ніводзін з іх не адпавядае нарматыўнаму, на першым месцы выступае, як правіла, лексема з найбольш характэрнымі для гаворкі асаблівасцямі.



БУЎТА́ЦЦА, БУТА́ЦЦА незак. Хістацца, кепска трымацца на нагах.

МА́ЙСЦЕР, МА́ЙСЦЯР, МА́СЦІР м. Майстар.

Калі былі занатаваны абазначальныя сродкі, якія вызначаюцца як словы з нерэгулярнымі лексікалізаванымі, інакш фармальнымі, фанетычнымі асаблівасцямі рознага тыпу, то ў слоўнікавым артыкуле яны займаюць месца пасля кадыфікаванага варыянта (пры наяўнасці). Словаформы з асаблівасцямі рэгулярнага ці іншага характару ў артыкулах такога тыпу размяшчаюцца за імі.



ГЭ́ТАКІ, ГЭ́ДАКІ, Е́ТАКІ, ГЭ́ТКІ, ГЕ́ТКІ, ГЕ́ТКІЙ, Е́ТКІ, Э́ТКІ займ. Такі, гэтакі.

Такім чынам, неаднастайнасць перадачы фанетычнага аблічча загалоўнага слова ці асаблівасці размяшчэння зафіксаваных слоў у рэестравым радзе былі накіраваны на тое, каб адлюстраваць усю складанасць тых моўных працэсаў, якія маюць месца ў сучасным вясковым маўленні.


Будова слоўніка
«Слоўнік Сенненшчыны» – гэта звычайны алфавітны словазбор. Па традыцыі, усталяванай у айчыннай лексікаграфіі, у рэестравы склад слоўніка ўключаны самастойныя і службовыя часціны мовы. Усе яны падаюцца ў асобных слоўнікавых артыкулах. Як самастойныя рэестравыя адзінкі змяшчаюцца вытворныя і невытворныя словы, за выключэннем памяншальных формаў і абазначальных сродкаў тыпу круць. Вытворныя ад загалоўнага памяншальныя формы слоў змяшчаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле.

НАДЗЕ́Л м. Надзел; мера зямельнай плошчы. Надзел – эта чатыры дзісяці́ны. Фасаўшчына. НАДЗЕ́ЛЬЧЫК памянш. Дзвінаццаць дзяцёнкаў была, і адзі́н надзельчык зямлі́. Дуброўкі.

ДРО́БНА прысл. Дробна. Гэты [наш] пулямёт дробна, а наш буйна сакочыць. Леснікова. ДРО́БНЕНЬКА памянш. Сала дробненька пакрышыць, бліны раскалаці́цьі сала ў бліны. Гарадзец.

Калі слова зафіксавана толькі ў ацэначнай, памяншальнай, форме, то яно афармляецца ў асобны артыкул.



АПУ́ШАЧКА ж. памянш. Апуха. Тапкі купі́ла з апушачкай. Нямойта.

СІВАЛЁЗЕНЬКІ прым. памянш. Сівенькі. Сівалёзенькія галубкі́ ёсць, а белых мала-мала, дзеці ўсе пуні пазлазюць, а зловяць-такі́ белага галуба. Запруддзе.

Размяшчэнне ў рэестры слоў тыпу ГЛЯДЗЬ супадае з падачай памяншальных словаформаў. Такія лексічныя сродкі падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле, з якім вытворнае слова звязана ўтваральнай асновай, калі гэтыя адносіны падмацоўваюцца словаўжываннем. Пры іх адлюстроўваецца значэнне. Калі зафіксавана толькі вытворнае слова, яно афармляецца ў асобны слоўнікавы артыкул.



ДЗВІ́НУЦЬ зак. Рушыць. Немцы дзві́нылі ны нас [партызан]. Латыгаль. ДЗВІГ. Хуценька рушыць. Вужачнічак быўлаза такая, гразка тамбукі́ дзвіг і туды. Баравікі.

КУЛІ́К выкл. Імгненна перакуліцца, паваліцца. І свіней бі́лі даўбешкай. Зачапі́лі, дзёрнулі, ён [кабан] – кулі́к, і завалі́лі. Жохава.

У рэестр уключаны словы, якія выступаюць у складзе фразеалагізмаў, а таксама зрэдку прыказак. У асобны слоўнікавы артыкул словы-кампаненты ўстойлівых словазлучэнняў і парэмій вылучаюцца пераважна ў тым выпадку, калі яны ўжо не функцыянуюць ці не зарэгістраваны як самастойныя лексічныя адзінкі. Словы, якія ў якасці кампанентаў уваходзяць у склад сінтаксічна звязаных канструкцый як загалоўныя, звычайна захоўваюць свой кантэкстуальны выгляд. У асобных выпадках іх пачатковая форма ўзнаўляецца па фармальных прыкметах.



ДЫБЫ́ мн. ◊ НА ДЫБЫ́. На заднія ногі (стаць, падняцца і да т. п.). На дыбы конь стаў. Мянюцева.

АХО́ТА, ВАХО́ТА ж. ◊ ПРЫЙСЦІ́ Ў АХО́ТУ (У ВАХО́ТУ). Бегаць; знаходзіцца ў стане цечкі (пра карову). Карова прыйшла ў ахоту, нада спускаць быка. Карова прыйшла ў вахоту. Нямойта, Парэчча. ◊ У ВАХО́ЦЕ. Тое ж. Карова ў вахоце – трэбуець букоў. Гарадзец.

Уключаныя ў склад рэестра словы з прыказак з’яўляюцца эквівалентамі апорнага слова-кампанента ў зафіксаванай афарыстычнай форме.



МАРТО́К м. Сакавік. □ Марток – не скідай парток. Багданава.

Сенненскі словазбор характарызуецца адсутнасцю адсылак пры словах з тоесным і блізкім значэннем, пры варыянтах слова. Таму загалоўныя словы, якія маюць аднолькавае значэнне, але адрозніваюцца складам сваіх асобных марфем, у рэестры размяшчаюцца па-рознаму. Калі семантычна аднолькавыя словы ў алфавітным парадку ідуць адно за адным, то ў першай па алфавіце лексеме ўказваецца яе значэнне. У наступным слове, семантычным адпаведніку папярэдняй лексічнай адзінкі, ужываецца запіс «Тое ж». У выпадку, калі ўнутрыалфавітны парадак істотна адрозніваецца ў параўнанні з першай па размяшчэнні аднакаранёвай рэестравай лексемай (аддалены ад яе), значэнне слова паўтараецца.



АБО́РКІ мн. Аборы; вяроўкі з пянькі ці канапель. Драліся лыкі ў лясу, пад ніз – суконку, аборкамі ўкруцюць. Леснікова.

АБО́РЫ мн. Тое ж. Аборы ві́лі с пянькі́, каноплі. Леснікова.

КО́ПАНКА ж. Сажалка. У копънцы лён мачылі. Гарадок.

КО́ПАНЫ дзеепрым. Выкапаны. У копънъй сажълцы мачылі лён. Гарадок.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   51


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка