Чорны Кузьма Насцечка



старонка1/4
Дата канвертавання06.07.2016
Памер488.22 Kb.
  1   2   3   4
Чорны Кузьма

Насцечка

1

Нейк раптам усе пачалі заўважаць высокага старога чалавека. Ен часта відзён быў на тых вуліцах, што ляжаць каля гарадскога рынку. Гэты чалавек хадзіў павольна, быццам аб нечым раздумваючы, цвёрда апіраўся на выгнутую з маладога дубка палку, і заўсёды здавалася, што ён гэта не так сабе ходзіць, а мае нейкую справу. Раней яго не заўважалі. Вельмі можа быць, што ён толькі нядаўна стаў жыць тут.



Была восень. Надвор'е стаяла мокрае, і вецер найчасцей павяваў ужо холадам. Стары чалавек заўсёды хадзіў адзеты ў паношанае цёмнае паліто, на яго быццам караткаватае, з цёплым каўняром. У яго была зусім сівая, маленькая, нізка падстрыжаная бародка і такія ж сівыя выбіваліся з-пад суконнай шапкі валасы каля вушэй. Лоб яго быў высокі, нос арліны і вочы, нягледзячы на старасць, ясныя. Відаць было, што ён ад старасці не вельмі ўжо моцны, але і ў паходцы яго, і ў выразе твару было нешта цвёрдае. Здавалася, што чалавек гэты нечым ганарыцца. Не то што ён быў горды перад людзьмі. Не. Наадварот. 3 выгляду ён быў ветлівы да ўсіх.

Адзін раз ён убачыў, як конь не мог зрушыць з месца цяжкі воз з дрывамі і фурманшчык біў каня пугаўём па шыі і жываце.

Стары чалавек адразу падбег да фурманшчыка і моцна сказаў:

— Якое ж у цябе сэрца, калі ты не шкадуеш жывёлы?.. Ды і сам сабе ты гэтым горш зробіш, калі змарнуеш каня. Чаго стаіце? — Тут ён павярнуўся тварам да натоўпу.— Ты там, маладзейшы, падштурхні воз плячом, яго абы з месца зрушыць...

Маладзейшы падштурхнуў воз плячом, і конь лёгка пайшоў. Стары чалавек рушыў у сваю дарогу, і на твары яго доўга трымалася ўсмешка. Здавалася, што гэты чалавек добра ведае, што ён сам варт на свеце.

На вуліцы яго бачылі кожны дзень па некалькі разоў. Зранку ён ішоў з накрытым газетай кошыкам. Удзень ішоў з пустымі рукамі, але таксама, як і зранку, здавалася, што ён некуды спяшаецца. А перад вечарам, на змроку дня, ішоў вельмі павольна, пастукваў дубовай палкай па тратуары; часам спыняўся і стаяў на адным месцы, гледзячы на якое-небудзь дрэва або на гурт вясёлых дзяцей. Пасля, быццам адумаўшыся, ішоў далей, даходзіў да якога-небудзь завулка і варочаўся назад, робячы па тратуары сваю праходку.

Аднойчы на тым самым тратуары гулялі дзеці. Хоць, калі сказаць праўду,— гэта была не зусім гульня. Каля зялёнай брамы ў заросшым дрэвамі двары стаялі тры дзяўчынкі, і каля іх пакручваўся, на галавы дзве вышэйшы за кожную з іх, хлапчук. Ен быў высокі ростам, яму ўжо магло быць год чатырнаццаць. Дзяўчаткам было год па трынаццаць кожнай.

Адзеты ён быў не то што лепш за тых дзяўчатак, з якімі бесперапынна зачэпваўся, але на ім усё ляжала нейк гладчэй, спрытней, дасціпней. Ен быў у высокіх боціках з блішчастымі мяккімі халяўкамі, на паліто каўнерык з нейкага шэранькага звярка. Ніводнай мінуты ён не мог устаяць на месцы. Ен усё круціўся на адной назе і за кожным паваротам даваў у галаву каторай-небудзь дзяўчынцы пстрычку. I кожны раз дзяўчаткі хорам крычалі яму:

— Серж, мы цябе не чапаем. Пусці, нам трэба ісці.

— Ідзіце,— гаварыў Серж, і калі дзяўчаткі, узяўшыся пад рукі, ішлі, ён зноў даваў каторай-небудзь з іх пстрычку ў галаву, і яны адступалі на ранейшае месца.

I ў гэты момант у вачах яго свяцілася гэтулькі самаздаволення, гэтулькі ўцехі з самога сябе, што здавалася — гэты маладзенькі францік зараз заплюе вочы ўсяму свету : «Эй вы, бачыце, які я спрытны і харошы. А вы ўсе перада мной нейкія пачвары і больш нічога».

— Пусці, нам трэба ісці,— запішчалі дзяўчаткі.

— Ідзіце,— сказаў Серж.

Дзяўчаткі пайшлі, але Серж у момант вока перакруціўся на адной назе і даў самай меншай дзяўчынцы такую пстрычку ў лоб, што тая крыкнула і моцна заплакала.

— Ен жа адзін, а нас трое,— крыкнула самая большая,— чаго мы будзем яго баяцца?

Самая меншая не пакідала плакаць. Серж падбег да самай большай з гнеўным крыкам:

— Вы не будзеце мяне баяцца?

I намерыўся ўжо даць пстрычку ў галаву болыпай, але тая яго так пхнула ад сябе, што ён хіснуўся з тратуара і ўпаў на адно калена ў лужыну. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Серж усхапіўся на ногі і тут жа ўбачыў, што яго калена і прыгожая халяўка ўся ў гразі. Поўны злосці, ён дагнаў дзяўчатак і з усяго размаху пхнуў у плечы самую большую, а пасля і самую меншую. Яны абедзве ўпалі на тратуар, і меншая так далася тварам аб мокрую асфальтавую пліту, што з носа і дзёснаў у яе пацякла кроў. Убачыўшы гэта, Серж спалохаўся, але, каб не паказаць віду, закрычаў:

— Вось табе, цяпер будзеш памятаць.

I кінуўся ўцякаць дадому, але ў гэты час нечая моцная рука хапіла яго за плячо, і над яго галавой прагучаў басавіты голас:

— Ах ты, хуліган, што гэта ты нарабіў?

Серж падняў угару вочы і ўбачыў, што яго трымае той самы стары і высокі чалавек, якога ён прывык кожны дзень бачыць на гэтай вуліцы.

— Пусці! — закрычаў Серж, ірвануўшыся з усёй сілы.

— Не, ты раней скажаш, як ты завешся і з якой ты школы, тады я цябе пушчу,— адказаў стары чалавек.

— Ен завецца Серж, а вучыцца разам з намі: у дваццатай школе,— запішчалі дзяўчаткі.

— Ідзі, хуліган,— гнеўна сказаў стары чалавек, пускаючы Сержа.

Дзяўчаткі павялі сваю скрываўленую сяброўку да яе дома, а Серж, з паважным выглядам нявіннага пакутніка, паволі адышоўся ад старога чалавека на некалькі крокаў і засвістаў. Стары чалавек моўчкі паківаў галавой і хацеў ужо ісці, але Серж раптам крыкнуў яму:

— Стары чорт! Ты вечарам стаіш на вуліцы і на месяц глядзіш, як дурань. Ты думаеш, я цябе баюся?

I Серж пабег, азіраючыся, а стары чалавек доўга стаяў і ківаў галавой. Пасля ён паволі пайшоў тратуарам, звыкла сабе накульгваючы на левую нагу і пастукваючы палкай па мокрых асфальтавых плітах. Ён дайшоў да чыгуначнага пераезда. Шлагбаум быў спушчаны. Стары чалавек астаўся чакаць, пакуль пройдзе поезд. Бадай што ўжо зусім змеркла. Асенні вецер гнаў па небе разарваныя хмары, ён ачышчаў ад іх неба, і ўвесь захад рабіўся ясны. Сонца зайшло, але над горадам яшчэ не патухлі яго апошнія водбліскі. Стары чалавек азірнуўся навокал сябе, і на вачах яго бліснулі слёзы. Поезд прайшоў, шлагбаум падняўся, стары чалавек перайшоў цераз рэйкі і ўвайшоў у глухі завулак. Тут ён пайшоў шпарчэй, выпрастаўся, здаваўся яшчэ вышэйшы ростам. Ен паспрабаваў нешта спяваць сабе пад нос ціхенька і аднастайна. Голас у яго быў вельмі нізкі.

У канцы завулка стаяў трохпавярховы вялікі стары дом. У ім было многа дзвярэй і акон. Тынк на яго сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Цяпер у вокнах гэтага дома свяціліся агні і з сярэдзіны чулася музыка. Чалавек увайшоў у адчыненыя дзверы цёмнага калідора і скрыўся там. Ен ні разу не азірнуўся і не бачыў, што Серж увесь час ішоў назіркам следам за ім, хаваючыся за сцены і платы, каб лепш падгледзець, куды гэты стары пойдзе. Серж тады толькі для віду адбегся ад чалавека, а пасля вярнуўся і пайшоў следам за ім. I цяпер ён радасна глядзеў, у які дом увайшоў ненавісны яму стары чалавек. Серж глядзеў у цёмны калідор трохпавярховага дома з вялікім самазадавальненнем і пачаў высвістваць нейкую вясёлую песеньку. Стары чалавек нават і не падазраваў нічога гэтага.

II

Якраз каля таго часу, калі на вуліцах відзён стаў высокі стары чалавек, у дваццатай школе з'явілася новая вучаніца Насця Закрэўская. Ей ішоў трынаццаты год, і вучылася яна ў пятым класе. Раней у гэтай школе яна ніколі не вучылася, і калі прыйшла з пачатку восені запісацца ў пяты клас, то сказала, што толькі нядаўна пераехала жыць у гэты горад.



Насця, ці як пасля ўсе ў школе яе пачалі зваць Насцечка, была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсця; ной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі, а калі стала халадней — пачала надзяваць на кофтачку чорнае ватовае паліто з простым бобрыкавым каўнерыкам і вузенькім суконным паяском.

Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць на двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды,— ці то ў калідоры, ці то на двары. Яна мела прывычку часта гаварыць: «Ой, дзевачкі!» Часамі, бегучы, спатыкнецца і ўпадзе, і тады закрычыць:

— Ой, дзевачкі, я так далася каленам.

Вучылася яна вельмі добра. Яна старалася вучыцца. Нешта дні праз два пасля здарэння на вуліцы паміж Сержам і старым чалавекам, у пятым класе вучні рабілі арыфметычныя прыклады. Адзін прыклад асабліва здаўся цяжкім бадай што ўсяму класу. Насця Закрэўская стаяла ля класнай дошкі, ціснула ў пальцах крэйду, глядзела на слупок выпісаных ёю на дошцы лічбаў і думала. Нешта ў яе тут не выходзіла. Дзеці глядзелі ў свае сшыткі. Настаўніца сказала да ўсяго класа:

— Хто зрабіў прыклад?

— Я,— абазвалася адразу некалькі галасоў. Абазваўся таксама і Серж.

— Правільна робіць прыклад Насця? — запытала настаўніца.

— Правільна,— пачуўся голас.

— Не, няправільна! — крыкнуў Серж.

— Адзін кажа «правільна», другі — «няправільна»,— сказала настаўніца.— А ты, Насця, рабі да канца так, як пачала.

— Яна няправільна робіць! — закрычаў Серж.— Я ўжо зрабіў і ведаю. Я выйду за яе зраблю, яна не зробіць.

— Цябе не выклікалі да дошкі, ты і сядзі,— пакрыўдзілася Насця.— Я сама без цябе зраблю.

— Ты не зробіш! — аж падскочыў Серж.

— Дзеці, ціха! — моцна сказала настаўніца.

— Яна толькі будзе час траціць і не зробіць, а я зраблю! — ужо зусім крыкнуў Серж.

Зняважаная Насця злосна глянула на Сержа і зачырванелася. Серж кпліва на яе глядзеў з гордым выглядам ад таго, што ён больш ведае за Насцю.

— Сядзі, Серж, на месцы і маўчы. Ты перашкаджаеш Насці і ўсім,— сказала настаўніца.

У Сержа была такая натура, што ён прывык лічыць сябе лепшым і разумнейшым за ўсіх на свеце. Ен з такой пагардай глянуў на настаўніцу і пасля на Насцю, што настаўніца адчула ў душы прыкрасць. У Сержавым позірку было штосьці ўжо не дзіцячае. Здавалася, што на настаўніцу глядзіць дарослы чалавек, але па-дзіцячаму распешчаны і свавольны. Настаўніца на гэты раз змаўчала і перавяла вочы на Насцю, якая ў гэты час шпарка пісала на дошцы лічбы. У знак пратэсту супроць таго, што яму больш не аддаюць увагі, Серж скамячыў кавалачак паперы, пажаваў яе і пстрыкнуў пальцамі гэтыя мокрыя жовіны ў акно. Настаўніца ўстала са свайго месца і падышла да Сержа. Грозна яна сказала яму:

Калі ты не пакінеш хуліганіць, я табе зараз загадаю выйсці з класа.

— Што, хіба я хуліганю? — сказаў Серж і зрабіў нявінныя, ягнячыя вочы.— Я зрабіў прыклад.

— Калі зрабіў, дык нашто сваволіць?

— Я зрабіла,— сказала Насця.

Настаўніца паглядзела на дошку і запытала ў класа:

— Правільна яна зрабіла?

— Правільна,— сказалі галасы.

— Няправільна,— сказалі другія галасы.

— Серж, правільна яна зрабіла? — запытала настаўніца.

— Не — самаўпэўнена адказаў Серж.

— Ідзі зрабі правільна.

3 паважным выглядам Серж выйшаў да дошкі і пачаў пісаць лічбы па-свойму. Але неўзабаве ён заблытаўся, падбег да свайго месца і ўзяў свой сшытак.

— А ты цяпер нанава зрабі,— сказала настаўніца.

— Я ўжо зрабіў, нашто мне другі раз рабіць?

I ён перапісаў на дошку тое, што было ў яго сшытку. Настаўніца дала некалькі пытанняў, дзеці на іх адказалі і раптам зразумелі ўсе. Насця дагэтуль стаяла каля дошкі збянтэжаная, думаючы, што, можа, гэта ў яе няправільна, а ў Сержа правільна. А цяпер яна радасна паглядзела на Сержа.

— У Насці правільна,— крычаў увесь клас.

У гэты час зазвінеў званок, але настаўніца яшчэ паспела сказаць Сержу:

— Ты не прывыкаеш працаваць, а думаеш, што ты больш і лепш за ўсіх ведаеш. Ты няправільна зрабіў, а Насця правільна. А ты самаўпэўнена зневажаў яе. А калі я сказала табе, каб ты сядзеў ціха, ты і мяне пачаў зневажаць і ўвесь клас сваім хуліганствам.

Настаўніца выйшла, і Серж, каб паказаць перад усімі, што ён усё ж такі праў, пусціў ёй услед працяглы свіст.

Прайшоў яшчэ адзін урок, і Серж увесь гэты час сядзеў злосны і надзьмуты. Яму было непрыемна, што выйшла не па яго, што ўвесь клас спачувае Насці, а не яму, што Насця трымае сябе весела і радасна, што яна са шчаслівым і гордым бляскам у вачах некалькі разоў паглядзела на яго. I ў дадатак яшчэ настаўніца назвала яго ўчынак з жованай паперай хуліганствам.

Заняткі ў школе скончыліся. Дзеці пайшлі дадому. Серж падпільнаваў Насцю на тратуары і заляпіў ёй гразёю твар. Назаўтра Насця паскардзілася настаўніцы, і перад усім класам настаўніца прабірала Сержа. I адразу пасля гэтага Насця пачала заўважаць, што Серж стаў яе ворагам. Ен стараўся, каб яна адчувала на сабе яго помсту. Ен не хацеў спакойна прапусціць яе каля сябе. Ен ёй даваў пстрычкі, шчыпаў за шыю, біў кулакамі ў плечы. Стала так, што Насця баялася выходзіць са школы пасля заняткаў: яна ведала, што недзе за вуглом яе чакае Серж. I перад тым як ісці дадому, яна пачала выглядаць з калідора, чакаючы, каб хто-небудзь з дарослых быў паблізу, каб было ў каго папрасіць абароны. Так прайшло дні чатыры.

На чацвёртым дні, перад самым вечарам, Серж стаяў на вуліцы, раздумваючы, куды яму пайсці. Раптам ён убачыў Насцю. Можа, ён гэтым разам і не зачапіў бы яе, каб не Насцін выгляд. Занадта ўжо яна была ў гэты момант вясёлая, смелая і самаўпэўненая. Яшчэ здалёк яна заўважыла Сержа, і вочы яе заблішчалі. За апошнія дні Серж прывык да таго, што яна, пры кожным спатканні, палахліва хавалася або ўцякала ад яго, а гэта так смела ішла. Узбуджаны настрой зноў апанаваў Сержам. Гэты момант у яго душы стаў падобен да таго моманту, калі некалькі дзён таму назад высокі стары чалавек хапіў яго за плячо, баронячы ад яго трох дзяўчатак. I горш за ўсё было тое, што цяпер на тратуары Насця смела і заўзята пагразіла яму пальцам. Гэта ўсё вельмі выразна гаварыла Сержу, што Насця так хоча сказаць яму: «Я цябе не баюся, я лепшая і разумнейшая за цябе, а ты хуліган, і такім цябе не толькі я, але і ўсе лічаць. I я цябе не баюся». I гэтулькі было ў Насціных вачах пагарды да яго, што ён не вытрымаў. Як гэта яна, гэтая нейкая Насця, можа так зневажаць яго? Даволі таго, што ўжо і ў школе тады яна ўзяла верх над ім, што спачуванне ўсяго класа было на яе старане і яна быццам нейкім героем была ў тую мінуту, калі іш-ла ад дошкі на сваё месца пасля арыфметычнага прыкладу. А звыш усяго, яшчэ і настаўніца прабрала яго. Усе гэтыя крыўды выплылі раптам наверх душы і пачалі кіраваць яго ўчынкамі.

Серж грозна падбег да Насці і загарадзіў ёй дарогу. Ен ужо нарыхтаваў кулак, каб штурхануць Насцю пад бок, і ў Насціным твары адбылася момантная змена. Страх і баязлівасць засвяціліся ў яе вачах. Яна шпарка адступіла на крок ад Сержа і бездапаможна азірнулася. Але, мусіць, яна, азірнуўшыся, убачыла нейкі свой паратунак, бо зноў смела зірнула на Сержа і нават крыкнула яму:

— Пусці, хуліган! Серж не зводзіў з Насці вачэй і нічога навокал сябе не бачыў. Ен падняў кулак над Насцяй, і ў той жа момант моцная рука, якраз як некалькі дзён таму назад, хапіла яго за плячо. Ен шпарка ўскінуў угару вочы і жахнуўся: над ім стаяў той самы высокі стары.

— Дык выходзіць, што ты кожны дзень на паляванні бываеш? Ах, гадзюк пракляты,— сказаў стары чалавек і злосна адштурхнуў ад сябе Сержа.

Серж адляцеў убок і ўскочыў у двор вялікага дома. У той момант, калі чалавек трымаў яго за плячо, ён бачыў, як Насця стаяла перад ім упэўненая ў сабе, вясёлая і смелая. Выглянуўшы цяпер з-за вугла, Серж бачыў, што Насця была ўжо далёка. Стары чалавек ішоў за ёю, а не побач яе, і цяжка было ўгадаць, ці гэта яны разам ідуць, ці гэта яны проста выпадкова сышліся на вуліцы і нават не ведаюць адно аднаго.

Якія няўдачы і якая ганьба спасціглі Сержа за апошні час. А да гэтага ён не прывык.

Яму заўсёды ўсё ўдавалася, і заўсёды ён меў тое, што толькі захоча. Бацька яго быў даволі буйны работнік у горадзе, і многа людзей яго ведала. Ен быў заўсёды вельмі заняты працай, можна сказаць, што ён працаваў з цямна да цямна. Нават і ў выхадныя дні ён часта бываў заняты. А калі ў яго была вольная часіна, ён садзіўся ў машыну, браў з сабой свайго адзінага сына Сержа і выязджаў за горад адпачыць на прыродзе. Больш ён свайго Сержа бадай што і не бачыў. Ен прыходзіў з працы позна, калі Серж ужо спаў, а ўставаў тады, калі Серж быў ужо ў школе. Улетку ж Серж са сваёй маці жыў у вёсцы, а бацька аставаўся адзін у горадзе.

Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам, але бывала так, што бацька адным якім-небудзь учынкам у адзін момант разбураў усё тое, чаго дамагалася маці. Сержу часамі ўздумаецца тыя дзвесце крокаў, якія аддзялялі яго кватэру ад школы, не прайсці пяшком так, як усе дзеці, а праехаць у бацькавай машыне. Маці скажа, што гэтага не трэба, што ніхто з дзяцей у школу не едзе ў машыне. А Серж пачынае плакаць і крычаць. Тады бацька, каб адчапіцца, скажа шафёру завезці яго. I Серж тады гаворыць, што бацька лепшы за маці, што бацька добры, а маці злая, і з выглядам гордага начальніка над усімі людзьмі вылазіць з машыны каля школы, тады, калі ўсе дзеці стаяць навакол і глядзяць на яго. I Серж думае, што ён лепшы за ўсіх, за ўсіх разумней, ды і мае права мець ва ўсім над усімі перавагу. I пакрысе ў ім укаранілася ўпэўненасць, што ён нейкая выдатная асоба, а ўсе перад ім нічога не варты. I калі часамі ў яго была якая-небудзь няўдача, ён злаваў і стараўся спагнаць злосць на кім-небудзь, замест таго каб самому, сваімі сіламі, паправіць справу.

Ен хацеў, каб кожнае яго слова было законам для ўсіх, а калі хто пярэчыў яму, ён аж кіпеў ад злосці і пагражаў, што паскардзіцца свайму бацьку. А бацька яго, як ён думаў, мае права і павінен зрабіць усё, што яму, Сержу, захочацца.

Серж доўга стаяў за вуглом, раздумваючы аб сваёй няшчаснай асобе. Усялякія смелыя планы складаліся ў яго галаве. Ен павінен паказаць сябе перад усімі імі. А ўсе яны — гэта былі: Насця і, перш за ўсё, той невядомы высокі стары чалавек, які, як здань, заўсёды з'яўляецца перад ім на вуліцы і ўмешваецца ў яго справы. Выбух злосці да гэтага старога апанаваў Сержам. I што такое гэтая нейкая Насця? Што яна варта перад ім, перад Сержам? Нейкая драбяза. Чым яна такая выдатная? Вось дык гераіня! Ен хацеў не так перад ёю, як перад усім класам, паказаць сябе, а выйшла так, што быццам гэта не ён разумнейшы і важнейшы перад усімі, а яна. Яна спакойна і вытрымана працавала каля дошкі і ўзяла верх над ім, а ён сваім крыкам і самаўпэўненасцю дайшоў да таго, што яго абсмяялі. Ен пакажа ім усім — і старому, і Насці, і настаўніцы,— што яны нічога не варты перад ім, а ён мае права распараджацца ўсім светам.

Вось ад гэтага ўсяго і мучыўся Серж, стоячы за вуглом. Свет яму не быў мілы. Надыходзіў вечар, а ён усё стаяў. Выйшаўшы пасля на вуліцу, ён убачыў на тратуары свайго аднакласніка — белабрысага Мішку. Гэты Мішка вельмі ўзрадаваўся, калі апынуўся каля Сержа. Шырока расцягнуўшы ад усмешкі твар, ён сказаў:

— Я думаў, што ты дадому ўцёк, а ты тут быў. Што ты тут так доўга рабіў?

— А ты раней мяне бачыў?

— Дзіва што бачыў. Я вунь там ішоў, як гэты стары трос цябе за плячо.

I Мішка пляснуў сябе па халяве тоўстым скруткам тэлефоннага шнура.

— Дзе ты гэты шнур узяў? — хрыплым голасам абазваўся Серж, каб абы перавесці гаворку на што-небудзь іншае. Гэта ж вельмі дрэнныя справы, што яго ганьбу бачылі і на вуліцы людзі.

– Гэты стары зноў тут ходзіць,— не пакідаў свае гаворкі белабрысы Мішка.— Толькі што ён у тым завулку ў краме купляў яблыкі...

— Адрэж мне палавіну гэтага шнура.

— Хітранькі. А што ты мне дасі за гэта?

Сержу ніякага шнура не трэба было. Яму абы-што гаварыць. Яны паволі ўжо ішлі тратуарам. Мішка кпліва і хітра паглядаў на Сержа, і таму гэта было горш за ўсё. Ен ведаў, што назаўтра Мішка на ўсю школу разнясе навіну, што яго на вуліцы трэслі за плячо. Ды каб жа толькі трэслі. Гэта было б яшчэ нічога. Але Мішка не такі хлопец, каб сказаць так, як яно было сапраўды. Ен у дзесяць разоў яшчэ ад сябе дадасць таго, чаго зусім не было. Ен будзе расказваць, што гэты стары круціў яго за вушы, цягаў за валасы. I расказваць будзе са страшэнным рогатам, а гледзячы на яго, і ўсе будуць рагатаць. Такой ганьбы і няславы Серж не можа вытрымаць.

Яны дайшлі ўжо да чыгуначнага пераезда.

— Вунь ён! — гукнуў белабрысы Мішка.

Серж азірнуўся. За крокаў трыста ад сябе, у святле вулічнай лямпы, ён убачыў высокага старога. Той паволі сабе ішоў і еў яблык.

— Хадзем хутчэй, каб ён нас не дагнаў,— прагаварыў Серж.

— Дык сыдзі ўбок, калі ты яго баішся,— кпліва сказаў Мішка і зарагатаў.

Сержа як падмыла кіпнем. Ен тузануў Мішку за руку і прашаптаў яму:

— Я ведаю, дзе ён жыве. Хадзем, ты толькі мне кавалак гэтага шнура дасі.

Серж ужо ведаў, што ён будзе рабіць. Мішка заўтра будзе расказваць пра яго як пра героя, як пра смельчака, а не як пра баязліўца, якога трэслі за плячо. Белабрысы Мішка хоць і шкадаваў шнура, хоць і не ведаў, што будзе рабіць Серж, але вельмі ахвотна пайшоў са сваім паплечнікам, адчуваючы, што тут можа быць нешта для яго цікавае.

— Што ты будзеш рабіць? — запытаў Мішка.

— Я перапну шнуром у дзвярах, каб ён упаў,— растлумачыў Серж.— Ты адарвеш мне кавалак шнура.

Калі яны дайшлі да вядомага Сержу дома, Мішка сам узяўся наладжваць справу. 3 трухлявай дошкі ў плоце ён дастаў цвік і ўбіў яго ў вушак заўсёды адчыненых калідорных дзвярэй. Пасля ржавай бляшкай перапілаваў шнур. Серж вырваў кавалак шнура з Мішкавых рук: яму хацелася самому дзейнічаць, а то гэта ж будзе Мішкава геройства, а не яго. Ен завязаў за цвік адным канцом шнур, а другі канец ужо сам Мішка працягнуў за вугал дома. Удвух яны схаваліся там. Шнур ляжаў на зямлі, і хто ішоў у калідор ці з калідора, то або ступаў на яго, або пераступаў. Найбольш пераступалі, бо на ўваходзе ў калідор стаяла вада ад дажджоў. Лужына была неглыбокая, але кожны стараўся абысці яе бокам, паўз сцяну. Мінут дзесяць Серж з белабрысым Мішкам чакалі за вуглом, стуліўшыся, як шчанюкі, і, нарэшце, убачылі, як стары чалавек варочаўся са свайго шпацыру. Ен падышоў да адчыненых калідорных дзвярэй, паглядзеў на цёмнае акно ў сцяне побач з дзвярыма і прагуў сам сабе пад нос:

— У акне цёмна, малая недзе забавілася. Што ж такое, што яна яшчэ не прыйшла?

I ступіў цераз лужыну ў калідор, але ў той жа момант Серж з Мішкам нацягнулі шнур. Чалавек усім размахам нагі вытнуўся аб яго і ўпаў у самых дзвярах. Ногі яго паехалі назад на двор, і нагамі і жыватом ён апынуўся ў вадзе. Пакуль ён устаў, прайшло, можа, мінуты дзве, і ў гэты момант Серж, не могучы стрымаць свае радасці, зарагатаў за вуглом. Стары ўзняўся на ногі, а Серж, забыўшыся на ўсё, не пакідаў рагатаць і пасля, следам за Мішкам, кінуўся бегчы. Але ў гэты момант з-за рога вуліцы ў завулак завярнуўся аўтамабіль і асвяціў двух хуліганаў фарамі. У яркім святле Серж перабег вуліцу, а стары чалавек глядзеў на яго і пазнаў яго. Пасля гэтага чалавек, стогнучы і асцепваючыся ад вады, увайшоў у калідор, дастаў з кішэні ключ і доўга бразгаў ім, пакуль адамкнуў дзверы ў свой пакой. Ен засвяціў над сталом электрычную лямпачку і пачаў скідаць з сябе мокрае паліто. I ўсё гуў сам сабе пад нос:

— Дзе ж гэта малая так загулялася, дзе ж гэта яна дагэтуль?

Пакуль ён пераадзеўся ў сухое, пакуль паставіў грэць чайнік, каб гарачым чаем сагрэцца пасля халоднай вады, у якую ён упаў праз Сержа, стары чалавек адчуў холад ва ўсім целе. Стаўшы плячом да печы, ён стараўся абагрэцца. Яго пачала хіліць дрымота, у касцях стала ламаць, ён прылёг на пасцель і нацягнуў на галаву коўдру. Праз некалькі мінут ён спаў, не прычакаўшы чаю.

Чайнік закіпаў. Звінючы шум ішоў ад яго. Лямпачка гарэла над сталом і асвятляла гэты невялікі пакойчык. Тут было ўтульна, і ўтульнасць гэтую павялічвала да-мавітае шыпенне чайніка. Стол быў засланы цыратай, чатыры крэслы стаялі навокал стала. Пры сцяне, напроці дзвярэй, стаяла канапка, і на ёй ляжала падушка, а на падушцы згорненая коўдра і прасцірадла,— можна здагадацца, што ўночы на канапцы робяць пасцель і спяць. А каля печы, у цямнейшым куце, стаяў ложак, і на ім цяпер спаў стары гаспадар гэтага пакоя. Каля ложка былі вузенькія дзверы, цяпер адчыненыя, і лямпачка кідала туды святло. Гэта была невялікая куханька: асвятляўся рог пліты і столік з талеркамі і іншай пасудай. Ляжала там яшчэ на падлозе бярэмя дроў. А тут, на стале, ляжалі кнігі і сшыткі, два алоўкі, ліст паперы з няскончаным рысункам. Была яшчэ і этажэрка з будзільнікам і таксама з кнігамі.




  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка