Ці многа патрэбна старому каню? Наскубся і спутаны стаў ля агню



Дата канвертавання17.06.2016
Памер83.42 Kb.
Начлег

Ці многа патрэбна старому каню?


Наскубся і спутаны стаў ля агню.
Касцёр дагарае, і прысак ачах,
Мільгае агеньчык у цьмяных вачах,
На доўгую грыву раса асядае,
I нават чуваць, як трава маладая
З зямлі прабіваецца, цёплай і волкай,
I пахне сасоннік празрыстаю смолкай.
Курыцца туман над палянай лясною,
I дрэмлецца добра у лесе вясною.
На цёплым кажусе, на першым начлезе
Мне сніцца — лясун на алешыну лезе,
Трымае ў руках сукаватую палку
I з возера кліча дадому русалку.
У лёгкім тумане, пад месяцам сінім,
Яна азываецца крыкам гусіным,
На бераг выходзіць, расчэсвае косы,
А з іх, нібы ягады, падаюць росы.
Скаціліся кроплі, як дзве журавіны,
На белыя грудзі суседскай дзяўчыны,
I голас знаёмы я чую спрасоння,
Што піць паскакалі да возера коні.
Я вочы расплюшчыў — пад дзікаю грушай
Даспелыя косы начлежніца сушыць.
— Каму ты шаптаў і ўсміхаўся спрасоння? —
Пытае яна і глядзіць з-пад далоні.

1959

Ласіны след

На досвітку па хрусткай стыні,
Паміж алешын і асін,
Страсаючы рагамі іней,
Брыдуць мацёрыя ласі

I ловяць мяккімі губамі


Тугія парасткі альхі.
Над пасівелымі гарбамі
Ляціць слупамі снег сухі.

На досвітку у лесе ціха,


Курыцца сіняя імгла,
Але ўстрывожана ласіха
Угору вушы падняла.

I, прыхінуўшыся да вецця,


Глядзіць за снежныя валы,
Здалёк чуваць, як свішча вецер
У варанёныя ствалы.

I лес, і снег у чыстых зорах,


У срэбных пацерках кусты,
Але ласіха чуе шорах,
I скрып, і пах за тры вярсты.

Завея замяла дарогі...


Якочуць недзе ганчакі,
Закінуў лось на спіну рогі,
Бяжыць ласіха ў хмызнякі.

Праз буралом і крутаяры,


Шарпак ламаючы таўсты,
Яны ў гушчар ляцяць у пары
I ў кроў збіваюць капыты.

Гарачы след у змроку тоне.


З густое снежнае імглы
Шуміць шалёная пагоня,
I свішча вецер у ствалы.

Дыміцца сцежка колкім снегам,


Клубамі сцелецца гання...
Азваўся лес тужлівым рэхам,
I ўсё замерла. Цішыня.

Адразу стала пуста ў лесе,


Смала іскрыцца на кары,
I толькі след на стылым снезе
Гарыць палоскаю зары.

1962

Хмель


Гудзе у вербах жоўты чмель,
I млее ўсё ў ліпнёвым звоне,
Шуміць званец, і горкі хмель
Хвалюе кроў і б’е у скроні.

З табою мы ў спякотны дзень


Прытулку лепшага не мелі, —
Забеглі пад шырокі цень
I тут ад шчасця анямелі.

На цёплай маладой траве


Мы прыпыніліся пад хмелем,
Шумеў званец, і ў галаве
Званочкі сінія звінелі.

Гады сплывалі ў забыццё,


I рэкі нашыя змялелі,
А мы з табой на ўсё жыццё
У летні поўдзень ахмялелі.

1964

Лясы, лясы...

Падсочаны лес,
Як падсечаны лёс,
Моліць ратунку
Ў зямлі і ў нябёс,
Хоць і не верыць
Збавенню і цуду
I не чакае
Адмены прысуду.
Мечаны доўгімі
Шрамамі лес
Сцішыўся, сохне,
А кожны парэз,
Быццам крывёй,
Заплывае жывіцай,
Гоячы раны,
Каб зноў ажывіцца.
Але падпісан
Смяротны прысуд,
Хвоі гудуць,
Як парожні сасуд.
Горда смяротнікі
Ўзнялі галовы,
Мабыць, гавораць
Апошняе слова.
Тут не туманяцца
Росныя ранкі,
Чэзне багун,
Нават сохнуць паганкі.
Капаюць слёзы
З глыбокай насечкі —
Сосны смалой
Аплываюць, як свечкі,
Хоць і парэзы
Не ўсе адбалелі,
Кроны ад смагі
Даўно пабялелі,
Голле пакрыла
Смяротная плесня.
Страшна і ўдзень
У асуджаным лесе.
Больш ён зялёным
Не ўкрыецца пылам —
Хутка свістаць тут
Сякерам і пілам,
Хутка лаўжы
Затрашчаць на агні,
Стануць, як помнікі,
Белыя пні.
Чуеце? Ноччу
На ўсе галасы
Стогнуць і просяць ратунку
Лясы.

1970

Пралескі


Дурманілі ядловец і смала,
I на таполях клейкія пупышкі,
I ты набгом бярозавік піла
З халоднай запацелае гладышкі.

Па кроплі сок, салодкі і густы,


Сцякаў на мох і леташнія трэскі.
Ад радасці аж закрычала ты:
«Глядзі, пралескі! Першыя пралескі!»

Я з іх у росах, буйных, нібы ртуць,


Хацеў табе букецік скласці.
«Не трэба, не чапай. Няхай растуць
Другім на радасць, некаму на шчасце».

З таемнай красавіцкае глушы


Нас клікалі зязюлі ў пералескі,
А ў поўным запацелым гладышы
Твае сінелі вочы, як пралескі.

[1970—1977]

СОСНЫ
Не спіцца ноччу соснам,

Іх шэпту не суняць:

Маўчаць, відаць, ім млосна,

Таму шумяць, шумяць.
Гайдаюцца уранні

Пад сонцам цэлы дзень,

І на траве, як здані,

Іх мітусіцца цень.


Трывожыць іх часамі

Няўмольны звон пілы,

Іх вострымі насамі

Выстукваюць дзятлы.


Узімку ці вясною

Суровы чалавек

Укленчыць пад сасною,

Каб скараціць ёй век.


Залочаныя струны

Замоўкнуць у бары:

Цымбалы або труны

З іх зробяць сталяры.


У ціхі час і грозны

Іх шэпту не суняць.

Пакуль жывыя,сосны

Шумяць, шумяць, шумяць.


1997

СЦЮЖА
Прадыхаю ў шыбіне вочка,

Зірну на блакітны мароз:

Трашчыць на марозе сарочка,

Як ветразь завейных пагроз.
Вось-вось завіруха завые

І сцежкі усе замяце,

Вандроўнікі, быццам сляпыя,

Саб’юцца на трэцяй вярсце.


Ад сцюжы душа ледзянее,

Завея гудзе і гудзе…

За верай прыходзіць надзея,

Любоў да любові вядзе.


Ні сцюжа, ні горкая доля

Маю не астудзяць душу,

І ў дзікай стыхіі ніколі

Я літасці не папрашу.


Лепш рынуся ў шал крутаверці,

Нягодам пайду напралом,

Бо лепш незламаным памерці,

Чым жыць з перабітым крылом.


1996

АДЛІГА


Пра сонечныя першыя адлігі

Па прызбе зазванілі капяжы,

Набраклыя патрушчаныя крыгі

Пабліскваюць на кожным віражы.


За сіняю празрыстаю смугою

Паволі асядае цёплы снег.

Ільдзінкі, быццам бомы пад дугою,

Звіняць і падаюць са стрэх.


Забулькалі на ўзгорках ручаінкі,

То ззяюць, то хаваюцца у цень,

І мяты леташняй чаінкі

У хвалях ловіць сонечны прамень.


А блікі хваляў плавалі па столі, —

Знікалі і з’яўляліся яны,

Чакала сэрца цеплыні і волі

Чароўнае блікітнае вясны.


Неспадзявана страціла адліга

Іскрыстасць сакавіцкага святла…

У змроку недачытаная кніга

Упала на падлогу са стала…


Я прычакаю ясную адлігу

І пах вільготнай баразны,

Няскончаную дачытаю кнігу

І дагукаюся вясны.


1997

СНЕГ І СНЕГ…


Ляціць, ляціць ласкавы снег

Аднолькава на стрэхі і на поле,

І на сумленне, і на грэх,

І на няволю, і на волю.


Застудзіць заінелыя сады

І вербы сонныя старыя,

І жах чарнобыльскай бяды

Нябачным саванам накрые,


Ляціць, ляціць ласкавы снег,

Ляціць і засцілае зоры,

А прыйдзе час, з палёў і стрэх

Рачулкамі сплыве у мора.


Расінкі замільгаюць на траве,

Сады захмеляць белым цветам.

Душа ад сцюжы ажыве

Вясною і ласкавым летам.


30/І/1998

ЗІМОВЫ СУМ


І дзень і ноч шалее завіруха,

Па шыбы вокны замяла,

У коміне галосіць вецер глуха, —

Ні выйсці, і ні выехаць з сяла.


Іскрысты снег на сонцы слепіць вочы,

Рыпіць пад палазамі і ступой,

Блакітам адлівае сярод ночы.

Мільгаюць зоры, ціша і спакой.


Пабеленыя снегам аканіцы,

Між трэшчын тлеюць рысачкі святла.

Такою мне мая Радзіма сніцца,

Дзе ўсе шляхі завея замяла.


Такою любаю з далёкіх дзён

Яна прыходзіць у чароўны сон:

Чым снег і завіруха, і зіма,

Здаецца, прыгажэйшага няма.


1995

НАЧЛЕЖНЫЯ НОЧЫ


Адпелі начлежныя зорныя ночы,

Даўно дагарэлі кастры,

І толькі сава апантана рагоча

Ды плача жаўна да зары.


Пранізліва жаласны вецер засвішча,

Жывое іскрынкі нідзе не відно,

Даўно асакой зарасло папялішча,

І песні замоўклі даўно.


Не чутна, як тупаюць сытыя коні,

Як путы звіняць і звіняць…

А я паўтараю: “Літоўскай пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць”.


Прыпомніў начлегі —

сляза затуманіла вочы,

І сэрца заныла, відаць, нездарма:

Сава, як даўней, апантана рагоча,

Начлежнай паэзіі толькі няма.
1999— 2000

ВЕРАСНЁВАЕ


Па верасе верасень скача

Блакітным і дробным дажджом,

І верыцца: прыйдзе удача

У кожную хату і дом.


Па колкай запыленай пожні

Павольна, як прывід і цень,

Нарэшце адыдзе апошні

Далёкі ад радасці дзень,


Змяшаны з крывёю і потам,

Слязьмі і разводдзямі рэк,

З багатым на ўсё умалотам

Наступны спяшаецца век.


Зямля і душа маладзее,

Хоць дожджык імжыць і імжыць.

І ў непагадзь нам без надзеі —

Ні думаць, ні марыць, ні жыць.


24/ІХ/2000

Завея
Стукае, грукае ў шыбы завея,

Белага свету даўно не відно,

Неба сівее, пушча сівее,

Месяц і зоркі патухлі даўно.
Раніцай сцежку не знойдзеш у полі,

Не адшукаешь учорашні след,

Белыя здані у наваколлі

Кружацца, як ашалелы балет.


Мушу ісці. Ні завея, ні сцюжа

Не спыняць, калі неабходна ісці,

Пакуль не зламаны, адважны і дужы,

Пакуль неабходны камусьці ў жыцці.

1996г.

Вераснёвы цвет
І верасень яшчэ зялёны,

Трава замглёная ледзь-ледзь,

Павольна сонечныя клёны

Чаканяць золата і медзь.


Замоўкла ўсё, як таямніца,

І патанула ў цішыню,

Гарчанкай позняй дыміцца

Іскрынка дальняга агню.


У голым полі — анікога,

Буяе верасовы цвет,

І пасівелая дарога

Вядзе кудысьці ў белы свет.


Стаю адзін на раздарожжы,

Праводжу жураўліны клін,

І зачароўвае прыгожы

Куст кармазынавых калін.


За лістам ліст ляціць на плечы,

Запахла водарам раллі…

Вясну і новыя сустрэчы

І мне прарочаць жураўлі.



[2002]
: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Пакінуць след на зямлі
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка