Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да цт?



Дата канвертавання15.05.2016
Памер61.91 Kb.
Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да ЦТ?
Правядзенне ўступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі заўсёды ў цэнтры ўвагі не толькі абітурыентаў, але і тых, хто ўскосна мае дачыненне да гэтай працэдуры. Зразумела, што да апошніх можна аднесці настаўнікаў, рэпетытараў і бацькоў абітурыентаў. Аналізуючы публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і звароты ў наш адрас па ўказанай праблеме, можна дыферэнцыраваць аўтараў па прычынах іх зацікаўленасці і ступені дасведчанасці.

Трэба адзначыць, што за час правядзення ўступных іспытаў у форме цэнтралізаванага тэсціравання значна змяніўся як змест публікацый (зваротаў), так і склад іх аўтараў. Калі гадоў сем-восем таму назад аўтары розных зваротаў не разумелі, як гэта можна за дзве-тры гадзіны рашыць (адказаць на пытанні) ад трыццаці да шасцідзесяці тэставых заданняў альбо чаму канчатковы вынік тэсціравання па вучэбным прадмеце не заўсёды карэлюецца са школьнай адзнакай, то цяпер пытанні носяць, як кажуць, больш вытанчаны характар.

Бывае, што асобныя рэпетытары праз розныя заўвагі і прапановы свядома падштурхоўваюць нас да змены тыпу і зместу тэставых заданняў.

Не крывячы душой, скажу, што такія прапановы накіраваны на нейкую “рафінаваную” ўніфікацыю заданняў, на іх абсалютнае спрашчэнне і алгарытмізацыю. У якасці абгрунтавання сваіх заўваг гэтыя аўтары прыводзяць наступны аргумент: быццам бы неабходна прывесці тэставыя заданні ў адпаведнасць з вучэбнымі праграмамі. Вядома, калі б мы заўсёды ўлічвалі гэтыя прапановы, то прывабнасць рэпетытараў сярод абітурыентаў значна ўзрасла б, дзякуючы іх дасведчанасці.

Вось да прыкладу вядомы выпадак, калі падчас цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы абітурыентам патрэбна было вызначыць прычыны блізарукасці чалавека. Без падрабязнасцей адзначым, што дадзеная задача адпавядае раздзелу фізікі “Лінзы. Пабудова адлюстраванняў у лінзах”. Карацей кажучы, хрусталік вока – тая ж выпуклая лінза. Таму прырода праламлення прамянёў у хрусталіку вока такая ж, як і ў выпуклай лінзе. Між тым вядомы рэпетытар па фізіцы праз усе сродкі масавай інфармацыі з папрокам сцвярджаў, што “… гэта задача не адпавядае праграме ўступных іспытаў, так як у адпаведным раздзеле фізікі аб аптычнай сістэме вока і дэфектах зроку наконт гэтага адсутнічае якая-небудзь інфармацыя”. Вось дык аргумент!

Калі кіравацца такім падыходам, то кола заданняў па фізіцы на тэсціраванні будзе абмяжоўвацца вядомымі задачамі з трубамі А і Б, па якіх вада напаўняе басейн. А вось вызначыць на практыцы, колькі гарадскі трубаправод “губляе” вады ў сетках з прычыны няякаснай альбо састарэлай водазапорнай арматуры, выпускнік нашай школы не зможа: заданне ж не тыповае.

Сярод гэтай групы аўтараў можна вылучыць тых, хто зусім не абгрунтавана падштурхоўвае нас да замены тэрмінаў у задачах. Так, у задачы В1 па фізіцы ў 2012 годзе гэты ж рэпетытар крытыкуе нас: “Что еще за “ведущая звездочка” в задаче? Очевидно, речь идет о ведущей шестерне или о зубчатой передаче?”


Задание В1.

Диаметр велосипедного колеса d = 66 см, число зубьев ведущей звездочки N1 = 44, ведомой — N2 = 14 (см. рис.). Если велосипедист равномерно крутит педали с частотой  = 82 , то модуль скорости υ велосипеда равен … .



Гэтая заўвага і здзівіла нас, і збянтэжыла. Той, хто хоць раз у дзяцінстве гойсаў на веласіпедзе, добра ведае, што ў зубчатай передачы выкарыстоўваецца шасцярня, а ў цапной – звёздачка. Дзе ж у веласіпедзе тая шасцярня?

Гэтых аўтараў зваротаў умоўна можна аднесці да першай групы.

Асобныя з іх надзялілі сябе безальтэрнатыўным правам ацэнкі тэставых заданняў. Іншы раз іх допісы даходзяць да нас ва ўльтыматыўнай форме: маўляў, не адрэагуеце – арганізуем абмеркаванне нашых прапаноў у сацыяльных сетках.

Зазначу, што ў аснову многіх праграм міжнародных даследаванняў у галіне адукацыі, у тым ліку і PISA, пакладзены прынцып выяўлення ўзроўню сфарміраванай кампетэнтнасці ў навучэнцаў. Пры гэтым дапускаецца, што кампетэнтнасць праяўляецца ў сітуацыі прымянення ведаў і ўменняў пры рашэнні задач, якія адрозніваюцца ад тых, якія яны засвоілі раней. Толькі такі выпускнік будзе запатрабаваны ў сучасным грамадстве.

На самай справе выпускнік школы можа добра ведаць, як вылічыць плошчу прамавугольніка, але не падлічыць, колькі патрэбна шпалераў, паркету ці ламінату для ўласнай кватэры падчас яе рамонту.

Да другой групы аўтараў можна аднесці асобных настаўнікаў школ.

Вось характэрны зварот адной школьнай настаўніцы англійскай мовы, якая праз свой блог у Internet на ўсю краіну задае рытарычнае пытанне: “Должен ли учитель готовить школьников к сдаче ЦТ?”

Калі вельмі коратка, без аргументаў, то, канешне, – не. У гэтым і патрэбы няма.

Аднак аўтар “адкрытага” звароту не толькі не бачыць нічога агульнага паміж зместам школьнай адукацыі і заданнямі, якія выносяцца на цэнтралізаванае тэсціраванне, але і абураецца, што настаўніку не рэкамендуецца “готовить учеников к сдаче ЦТ по материалам ЦТ или РТ” (?!).

Калісьці ўказаны аўтар не атрымала нашай падтрымкі падчас своеасаблівай дапамогі наведвальнікам (абітурыентам) свайго блога ў Internet, дзе яна размяшчала адказы на заданні рэпетыцыйнага тэсціравання па англійскай мове.

Заўважу, што тэставымі заданнямі гэтая настаўніца завалодала ў парушэнне дзеючага заканадаўства аб аўтарскім праве, а яе адказы да заданняў тэста папярэднічалі графіка рэпетыцыйнага тэсціравання.

Мэта быццам добрая – дапамагчы выпускнікам школы ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Але давайце ўявім такую сітуацыю: настаўнік у час кантрольнай работы на ўроку разам з умовамі задач раздае іх рашэнні і адказы. Якая карысць ад такой “мядзведжай паслугі”?

Настаўнік замежнай мовы з улікам сваіх функцыянальных абавязкаў і ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы павінен вучыць школьнікаў веданню лексічных адзінак, устойлівых спалучэнняў, уменню ўспрымаць і разумець вуснае маўленне на слых, авалодваць гэтай мовай і навыкамі камунікацыі. Падрыхтоўка ж да цэнтралізаванага тэсціравання і не павінна быць “прописана в программе”, аб чым патрабуе гэты аўтар. Паспяхова ж выкананыя выпускнікамі школы тэставыя заданні прадэманструюць “… практическое овладение им иностранным языком”. Гэта і будзе сведчыць аб добрай падрыхтоўцы школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання.

Да трэцяй групы аўтараў зваротаў я аднёс бы тых, хто дае ацэнку ролі тэстаў у адукацыйным працэсе. Тут можна вылучыць аналітыкаў тэставых матэрыялаў па двум накірункам.

Першыя лічаць, што праблемы, якія найчасцей мы адзначаем у школьнай адукацыі, у пэўнай ступені з’явіліся з пачаткам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання.

Не збіраюся ў каторы раз пераконваць гэтых аўтараў у памылковасці іх погляду. Зазначу толькі, што асноўная прычына такіх сцвярджэнняў у тым, што іх прыхільнікі атаясамліваюць цэнтралізаванае тэсціраванне, дзе галоўнае – зрабіць адбор з ліку найлепш падрыхтаваных абітурыентаў, з выніковай атэстацыяй выпускнікоў школ.

Другія, наадварот, ўсхваляюць тыя тэсты, у якіх прысутнічаюць арыгінальныя задачы чацвёртага і пятага ўзроўняў складанасці. Гэта, як правіла, выкладчыкі гімназій і ліцэяў. Як сцвярджаюць апошнія, змест і ўзровень складанасці задач тэстаў матывуюць выпускнікоў на адпаведную падрыхтоўку.

Наяўнасць у тэстах заданняў, арыентаваных толькі на сярэднестатыстычнага абітурыента, прыводзіць да зніжэння ўзроўню патрабаванняў да вучняў у час навучання ў профільных класах гімназій і ліцэяў.

Прывяду характэрны прыклад з задачай В 10 па фізіцы з тэстаў 2012 года. Нагадаю чытачам, што гэта задача з раздзела “Электрамагнітная індукцыя” і адносіцца да павышанага ўзроўню складанасці.



В10

Проволочное кольцо радиуса r = 4,0 см и массой m = 98,6 мг, изготовленное из проводника сопротивлением R = 0,40 Ом, находится в неоднородном магнитном поле, проекция индукции которого на ось Ox имеет вид Bx = kx, где k = 4,0 , х – координата. В направлении оси Ox кольцу ударом сообщили скорость, модуль которой υ0 = 4,0 . Если плоскость кольца во время движения была перпендикулярна оси Ох, то до остановки кольцо прошло расстояние s, равное … см.

Адразу пасля заканчэння ўступных іспытаў у сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў Internet, рэпетытары ініцыявалі шматлікія звароты з папрокамі ў наш бок, што дадзеная задача быццам бы не адпавядае вучэбнай праграме, адсутнічаюць рашэнні і г. д. (на самай справе задача адпавядала праграме і мела рашэнні).

У час дыскусіі абсалютная большасць настаўнікаў і навукоўцаў далі станоўчую ацэнку гэтай задачы.

Разам з тым у 2013 годзе мы крыху знізілі ўзровень складанасці задач субтэста В і са здзіўленнем выявілі: выкладчыкі фізікі скардзяцца на тое, што нават выпускнікі профільных класаў па фізіцы бягучага года не лічаць магчымым выконваць заданні з больш высокім узроўнем іх складанасці. Маўляў, “навошта іх рашаць, калі на тэсціраванні такіх заданняў не будзе”.

У час сустрэч са школьнымі настаўнікамі заўважыў, што апошнія вельмі пільна сочаць за зместам і формай тэставых заданняў і старанна іх аналізуюць. Калі два-тры гады запар у тэстах адсутнічаюць заданні па асобных раздзелах, настаўнік на ўроках паціху згортвае з імі актыўную працу.



Вось такі ўскосны ўплыў тэставых заданняў на змест школьнай адукацыі.
М. Фяськоў



: testing -> articles
articles -> Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
articles -> Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "
articles -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
articles -> Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?
articles -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
articles -> Хто ў шоку ад pisa?
articles -> Працаваць на тэстамі далей
articles -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання
articles -> Рэпліка Як правільна выбраць партытуру да эфектыўнага ўроку ?




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка