Цудоўны тут край: бары, пушчы шумяць. Шмат дзічы. І птушак спеў звонкі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер104.46 Kb.
Цудоўны тут край: бары, пушчы шумяць.

Шмат дзічы. І птушак спеў звонкі.

Крыніцы шапочуць, азёры блішчаць,

А ноччу ў іх – месяц і зоркі.

Апанас Цыхун.

Прынямонне… Мясцін роўных па прыгажосці мала дзе знойдзецца на зямлі. Гродзенскі раён… Далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і старажытныя палацы. Азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя сядзібы, і поўня ў азёрнай вадзе, і музыка нашай пявучай мовы, і нашы пяшчотныя песні. І, галоўнае, гасцінны, добры, працавіты і таленавіты народ.

На вуліцах нашых вёсак, востра адчуваецца, што сувязь часоў непарыўна: мінуўшчына нараджае сучаснасць, сучаснасць – будучыню. Спалучаюць звяно гэтай сувязі – помнікі архітэктуры, што ўвабралі талент і працу пакаленняў. І да сённяшняга дня цяпло таленавітых і цярплівых рук вяскоўцаў, якія захоўвалі і адраджалі святыні, берагуць сцены старажытных збудаванняў. Калі чалавек зацікаўлены спыніцца, няспешліва ўгледзіцца ў іх аблічча – падзеляцца старыя сцены тайнамі стагоддзяў.

Ціхая прыгажосць нашага дзівоснага края – края незлічоных багаццяў – палёй і лясоў, рэк і азер, вялікіх палацаў і сядзіб, дзе жылі нашы продкі, «дубоў – асілкаў», якія квартуюць тайны курганоў», дзе «Нёмана плешчуцца хвалі», і дзе гучыць мелагучная матчына мова, не пакінуць Вас абыякавымі.

Прыемных Вам прагулак і дзіўных адкрыццяў!
Звяртаем Вашу ўвагу, што экскурсіі праводзяцца па папярэдні заяўках.

Даведкі па тэлефонах:

(8-0152) 723-541 Блашчаніца Юлія Іванаўна, дырэктар Гродзенскага раённага метадычнага цэнтра;

(8-0152) 745-580 Рамановіч Наталля Іосіфаўна, галоўны спецыяліст аддзела культуры;
«Прывабным маршрутам Гродна-Сапоцкін”
г.Гродна – в.Навумавічы – г.п.Сапоцкін

Помнікі, як і людзі, маюць сваю гісторыю, свой лес. Яны будаваліся і шанаваліся, разбураліся і аднаўляліся, а найчасцей гінулі ў ваенных ліхалеццях. Так гістарычна склалася, што практычна ўся тэрыторыя Гродзенскага раёна можа лічыцца тэматычным ваенна-гістарычным паркам. Памяць аб Першай і Другой сусветных войнах берагуць фартыфікацыйныя збудаванні 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна і Гродзенскай крэпасці, трымаўшыя абарону. Вас бузумоўна зацікавіць іх баявое мінулае.

Запрашаем Вас здзейсніць экскурсію на адзін з самых вялікіх крэпасных аб’ектаў, ацаніць яго ўнікальнасць, веліч і моц - форт № ІІ каля вёскі Навумавічы. Форт будаваўся ў 1913-1915 г. Баявыя дзеянні адбываліся ў лютым і жніўні-верасні 1915 года. Драматычную і трагічную гісторыю Вам паведамяць работнікі Раціцкага цэнтра культуры і вольнага часу, прадставіўшы рэканструкцыю падзей “Дорога памяти”.

У паездку можна ўзяць з сабой кветкі – форт у гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся месцам масавага растрэла ваеннапалонных і мірных жыхароў.

Праехаўшы дзесятак кіламетраў па дарозе на Аўгустоўскі канал Вы трапіце ў Сапоцкінскі край – гэта памежжа культур, абрадаў, звычаяў. Месца скрыжавання праваслаўя і каталіцтва. Месца, дзе адначасова гучыць некалькі моў.

У гэтай мясцовасці Вам безумоўна захочацца дакрануцца да таемства творчасці. Абавязкова прыміце ўдзел у майстар-класе па роспісу пісанак, які з Вамі правядуць супрацоўнікі Сапоцкінскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Забягаючы наперад хочаца паведаміць, што тэхналогія прыгатавання фарбаў у г.п.Сапоцкін перадавалася з пакалення ў пакаленне. Фарбу рыхтавалі заранеў з настою альховай кары і ржавага жалеза. Яйкі з нанесеным васковым узорам апускалі ў фарбавальнік. Насычанасць афарбоўкі залежыла ад часу вытрымкі і канцэнтрацыі адвару. Найбольш папулярным было аздабленне яек з дапамогай шпількі – палачкі з цвічком. Плешку цвічка мачалі ў растоплены воск і на паверхні яйка атрымлівалася кропка ці выцягнутая кропелька. Распаўсюджаны узор, які атрымліваўся з кропелек – круг-разетка - размяшчаўся па цэнтры яйка. Свабодныя плошчы запаўнялі паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі.

Смела бярыце ў рукі “шпільку” і паспрабуйце свае сілы!

Загляніце ў музейны пакой “Сялянская хата”, дзе акцеры фальклорна-абрадавага ансамбля “Рэха мінулага” ў нацыянальных беларускіх касцюмах правядуць старадаўнія рытуалы, гульні, конкурсы. А як цудоўна і мелагучна гучаць “матуліны песні”, выслаўляючы прыгажосць і традыцыі славянскіх народаў!

У ваколіцах Сапоцкіна, знаходзіцца не менш 70 жалезабетонных умацаванняў - гэта ДОТы франтальнага дзеяння, флангавыя ДОТы, назіральныя ДОТы, бетонна-каменныя ДОТы і палявыя заводы, бліндажы розных відаў, бетонныя канструкцыі незакончаных умацаванняў або невядомага прызначэння 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна, які з’яўляўся часткай сістэмы ўмацаваных раёнаў, якія будаваліся на заходняй граніцы СССР у 1940 – 1941 гг. Часткова недабудаваныя, некаторыя ўзарваныя немцамі. На многіх захаваліся ўмяціны ад снарадаў, куль і асколкаў, смазка тых гадоў. Шматлікія доўгатэрміновыя ўмацаванні з’яўляюца брацкімі магіламі савецкіх салдат.

Як гавораць, лепш адзін раз убачыць…
Кошт правядзення экскурсіі супрацоўнікамі Сапоцкінскага цэнтра культуры і вольнага часу для адной групы – 200 000 рублёў;

Кошт 1 білета для індывідуальнага наведвання: для дарослых - 15 000 рублёў, для дзіцей - 10 000 рублёў

Даведкі па тэлефонах: (8-0152) 992-485, моб.8029-7893755

Фалейчык Наталля Міхайлаўна, в.а.дырэктара Сапоцкінскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Гісторыка-культурны турыстычны маршрут

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”


г.Гродна- аг.Індура – аг.Адэльск
А ці ведаеце вы, што ў вясковым абіходзе, у так званым “чырвоным кутку” у беларусаў замест абразоў нярэдка вісеў проста ручнік. Да таго ж, калі нараджалася дзіця, яго абвівалі ў гэты дзіўны засцярог, рукі маладых звязвалі, сімвалізуючы абарону. А ўзоры вышытых ручнікоў – гэта зашыфраваная аповесць аб жыцці народа, аб прыродзе і людзях.

Гульнева-пазнавальная праграма “Матчын ручнік” у выкананні ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання Індурскага цэнтра культуры і вольнага часу “Чароўны куфэрак” пазнаёміць вас з відамі ручнікоў гэтай мясцовасці, раскажа пра іх ужыванне ў сялянскім побыце і значэнні ў сучасным жыцці.

Не адмовім сабе ў задавальненні праехаць на поўдзень ад Гродна, каб паглядзець у весцы Індура старажытнае гарадзішча.

Археолагі прыйшлі да высновы, што ў ХІ-ХІІІ стагоддзях тут непадалек ад р.Індурка на высокім мысе быў феадальны замак. Ен меў тры абарончых валы. Унутраная амаль круглая пляцоўка была ўмацавана валам вышыней у 2 метры, а перад ім быў даволі глыбокі роў. Другая пляцоўка – знешняя, мела авальную форму і таксама была абнесена валам, вышыня якога дасягала 3м. Знайдзеныя падчас раскопак разнастайныя прылады працы, зброя і прадметы рыштунку воіна, кераміка, упрыгожанні, блізкія да знаходак, якія выяўлены ў Гродне на Замкавай гары. Раней яго называлі “Гарой крулевай Боны”.

У цэнтры вескі на пагорку стаіць велічны касцел Прасвятой Тройцы, які быў узведзены ў 1815 годзе намаганнямі ксяндза Радзевіча, а ў 1904г. рэканструяваны і пашыраны архітэктарам У.Срокам. Храм вытрыманы ў стылі ампір. Яго галоўны фасад мае магутны чатырохкалонны порцік з вялікім паўцыркульным праемам. Сцены аздабляе дарычны антаблементі і пілястры. Інтэр’ер храма мае тры алтары, выкананыя ў стылі позняга класіцызму.

Тут жа, у цэнтры вескі стаіць мураваная Свята-Аляксандра-Неўская царква. Яна была пабудавана на ахвяраванні мясцовага памешчыка А.Казлоўскага ў 1881 годзе па праекту губернскага архітэктара І.Калянкевіча. Ім жа быў выкананы і праект іканастаса. Храм вытрыманы ў рэтраспектыўна рускім стылі. Адметнасцю яго з’яўляецца змешчанае на апсідзе вялікае мастацкае пано на евангельскі сюжэт.

Кошт правядзення экскурсіі супрацоўнікамі Індурскага цэнтра культуры і вольнага часу для адной групы – 150 000 рублёў;

Кошт 1 білета для індывідульнага наведвання: для дарослых – 15 000 рублёў, для дзіцей - 10 000 рублёў.

Даведкі па тэлефонах: (8-0152) 962-795, моб.8029-268394 Давыдзік Алена Іосіфаўна, дырэктар Індурскага цэнтра культуры і вольнага часу;
На самым ускрайку Гродзенскага раёна ў кіламетрах пяці ад беларуска-польскай мяжы знаходзіцца мястэчка Адэльск. Мястэчку яшчэ ў 1546 годдзе было прадастаўлена Магдэбурскае права і статус города. Пазней гэта быў самы маленькі горад Расійскай імперыі. У Адэльску быў свой цагляны завод, барочная сінагога і да нядаўняга часу помнік драўлянага дойлідства – ветраны млын. Манументальная на знешні выгляд пабудова з дапамогай доўгага бруса-рычага магла разварочвацца па ветры вакол цэнтральнага слупа-апоры на магутнай крыжавіне ў аснове.

Захавалася шмат старажытных дамоў – драўляна -каменных: з дроў і цэмента, якія нідзе болей у Беларусі не сустракаюцца.

Адэльск – радзіма архіепіскапа Тадевуша Кандрусевіча, мітрапаліта Мінска-Магілеўскай архіепархіі;

Тайнамі народнага драўлянага дойлідства падзеліцца касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1пал.18ст.), дзе знаходзіцца цудадзейсная ікона Святога Антонія і грае арган.

У 2010 годзе на скрыжаванні вуліц Школьнай і Рыначнай устаноўлены помнік Святому Антонію Падуанскаму.

Жывапіснае мястэчка Адэльск здаўна славіцца выдатнымі і таленавітымі людзьмі. Адным з такіх дзеячаў, які праславіў свой родны куточак, з’яўляецца Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч, выдатны творца, музыкант, рэстаўратар і майстар. Вынікам яго шматгадовай працы стала адкрыццё на базе Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці музейнага пакою драўляных музычных інструментаў.

У музеі прадстаўлена больш за 100 вырабаў майстра: Гарадзенскія трубы, флейта Пана, двайныя флейты, жалейкі, паляўнічыя рагі, трэмбіты, трашчоткі, старадаўні бубен, дудачкі. Асаблівую цікавасць прыцягвае да сябе дудка з янтарнага дрэва, якому ўжо болей 300 гадоў. Унікальная калекцыя драўляных акарын ў выглядзе птушак і рыб - адзіная ў Еўропе. Да кожнага інструмента майстар старанна падбірае розныя пароды дрэў: клен, акацыю, ясень, чаромху, сасну, дуб, рабіну, чорны бэз і нават індыйскі бамбук. І толькі яму зразумела, як і з якога дрэва можна зрабіць той ці іншы інструмент, і яшчэ колькі год гэты матэрыял трэба высушваць.

Пабываўшы ў музеі Мар’яна Антонавіча, можна азнаёміцца з шматлікімі драўлянымі музычнымі інструментамі, якія здаўна вядомы на Беларусі, не толькі пабачыць, але і пачуць іх чароўнае гучанне, бо Мар’ян Антонавіч з’яўляецца выдатным музыкантам.

Яшчэ ў адным куточку народнай творчасці Вы зможаце пабачыць старадаўнія сталярныя прылады працы, а таксама скульптуры з дрэва, зробленыя рукамі Мар’яна Антонавіча.

Што лепш за ўсё адлюстроўвае самабытную культуру Беларусі? Канешне, народная творчасць і традыцыйныя рамествы.

Звярніце ўвагу на калекцыю рушнікоў са старажытнымі беларускімі арнаментамі, якую стварыла мясцовая майстрыха Наталля Мікалаеўна Кавалькова. Наведаўшы гэты куточак народнай творчасці, Вы зможаце азнаеміцца з вышыванымі вырабамі майстрых гэтага рэгіёна, прыняць удзел у майстар-класе і асвоіць асновы вышыўкі гладдзю і крастом, традыцыйныя тэхнікі шматнітковага і падвойнага ткацтва на старажытных кроснах (пач.20 ст.), якія падаравала Цэнтру жыхарка Адэльска Т.А.Шупіцкая.

А аматараў фотоздымкаў чакае фотавыстава «Адэльск: учора и сення» і прэзентацыя “Маленькі куточак Радзімы - Адэльск”.

Кошт правядзення экскурсіі супрацоўнікамі Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці для адной групы – 200 000 рублёў;

Кошт 1 білета для індывідуальнага наведвання: для дарослых - 15 000

рублёў, для дзіцей - 10 000 рублёў.

Экскурсія праводзіцца па папярэдняй заяўцы.

Даведкі па тэлефонах: (8-0152) 963-420, моб.8029-27827949

Раткоўская Лілія Антонаўна, дырэктар Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці;


Пешаходная экскурсія па аграгарадку Парэчча

«Пра цябе Парэчча слава нясецца…»
У 30 км. на поўнач ад Гродна сярод лясоў на беразе возера Малочнае знаходзіцца мястэчка Парэчча. Яго перасякае знакамітая чыгуначная лінія Санкт-Пецярбург – Варшава, пабудаваная царом ў 1862 годдзе. Першыя ў Беларусі чыгуначны вакзал і дэпо, будынкі якіх служыць па прызначэнню і цяпер, першы прыстанцыйны парк, першыя дамы для чыгуначнікаў былі пабудаваны ў Парэччы. А было так. У 1852г. імператар Мікалай І выдаў указ аб пракладцы чыгуначнай дарогі Санкт-Пецярбург- Варшава. На гэта было выдаткавана 85 мільенаў рублеў срэбрам. Вось тады і ўзвялі вакзал у Парэччы. Большы, чым у самім Гродна.

Станцыя Парэчча адыграла вялікую ролю ў падрыхтоўцы паўстання К.Каліноўскага, які, верагодна, неаднойчы бываў тут. Па чыгунцы, праз Парэчча, паўстанцы забяспечваліся зброяй.

А ў нашы дні старадаўні парэцкі вакзал стаў сапраўднай пляцоўкай для кінематаграфістаў. Тут былі зняты такія вядомыя карціны , як “Зімародак”, “Мяне завуць Арлекіна”, “Двое на востраве слез”, “Атрад”.

Паселак Парэчча двойчы за сваю гісторыю быў нават раенным цэнтрам. Гісторыя Парэчча адыходзіць у глыбокую даўніну. Яшчэ ў 1660г. згадвалася, што тут заснаваў маентак гродзенскі віцэ-аканом Юзаф Недзялкоўскі. Аднак народныя паданні сведчаць пра тое, што за два стагоддзі да Недзялкоўскага ў гэтых мясцінах любіў паляваць на зуброў князь вялікі літоўскі Вітаўт. Менавіта ен, з прычыны надта ўдалага палявання, аддаў загад пасадзіць тут некалькі дубкоў. Да нашых дзен дажыў толькі адзін. Гэта быў самы вялізны волат ў Гродзенскай пушчы. У ахопе ледзь не восем метраў. Ля яго любілі спыняцца пад час палявання і абедаць польскія каралі. У прыватнасці, Жыгімонт Аўгуст. У дубе ўтварылася дупло, у якім маглі схавацца ад непагадзі некалькі чалавек. На жаль, два гады таму яго не стала.

Перад будынкам вакзала – помнік загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне 170 воінам , якія аддалі жыцце за вызваленне Парэчча ад акупантаў у ліпені 1944г.

Пра мястэчка Парэчча пісалі ў свой час такія вядомыя энцыклапедысты, як Бракгаўз і Эфрон. Правадзейны член Геаграфічнага таварыства Міхаіл Маліноўскі сярод сямі выдатнейшых весак Беларусі на першае месца ставіць Парэчча Гродзенскага раена: “ Штосьці есць кранальнае ў Парэччы, нейкая асаблівая адмецінка праглядваецца ў ім”.

Але адкуль назва – Парэчча? Есць дзве версіі. Паводле адной у гэтых мясцінах шмат дзікай чырвонай парэчкі. Паводле другой, што азеры тутэйшыя Белае, Малочнае, Зарубіцкае і Лож былі злучаны паміж сабой рэчкай. І вось і пайшло – па рэчцы!

І трэці цуд – гэта мініральная вада ў санаторыіі “Парэчча”, якая стаіць ў адным шэрагу з “ Баржомі” і “Есентукі”, і якая ставіць на ногі без аперацый, уколаў і таблетак цяжкахворых.

Вам ужо захацелася хоць на некалькі гадзін апынуцца ў Парэччы?

Тады вандраванне па Парэччы з Вамі працягнуць супрацоўнікі цэнтра культуры і вольгнага часу. Наперадзе Вас чакаюць легендарнае возера Малочнае, Гара Чортава Парэцкая – выключнае для свайго рода ўтварэнняў у Беларусі, сустрэча з таленавітымі ткачыхамі, разам з якімі Вы зможаце дакрануцца да прыгожых тканых дываноў і ручнікоў.

Экскурсія праводзіцца па папярэдняй заяўцы.

Даведкі па тэлефонах: (8-0152) 993-885, моб.8029-1607414

Казмярчук Ларыса Рыгораўна, дырэктар Парэцкага цэнтра культуры і вольнага часу

Кошт 1 білета для дарослых - 10 000 рублёў.

Кошт 1 дзіцячага білета - 7 000 рублёў.
Шчыра запрашаем Вас!
: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка