Да 10-годдзя кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта актуальныя праблемы



старонка1/12
Дата канвертавання15.05.2016
Памер2.48 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12



Да 10-годдзя кафедры тэорыі літаратуры

Белдзяржуніверсітэта


АКТУАЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ

ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ І ФАЛЬКЛОРУ

Працы членаў кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта

Пад навуковай рэдакцыяй В.П. Рагойшы

МІНСК

Бестпрынт



2004

УДК


ББК
Навуковы рэдактар: В.П. Рагойша

Р э ц э н з е н т ы:

доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык аддзела

тэорыі літаратуры НАН Беларусі М.А. Тычына;


кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДПУ імя М. Танка М.Ф. Шаўлоўская

Рэкамендавана да друку кафедрай тэорыі літаратуры

Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Актуальныя праблемы тэорыі літаратуры і фальклору: Працы членаў кафедры тэорыі літаратуры БДУ. / Пад навук. рэд. В.П. Рагойшы. Уклад.: Т.А. Марозава. – Мн.: Бестпрынт, 2004. – 168 с.
ISBN
Зборнік выдаецца з нагоды 10-годдзя кафедры тэорыі літаратуры БДУ. Ён змяшчае працы выкладчыкаў, выпускнікоў, сённяшніх аспірантаў і суіскальнікаў кафедры і прысвечаны актуальным праблемам тэорыі літаратуры і фалькларыстыкі.

Выданне прызначаецца спецыялістам у галіне літаратуразнаўства і фалькларыстыкі, а таксама ўсім, каго цікавяць тэарэтычныя праблемы сучаснай літаратуразнаўчай і фалькларыстычнай навукі.


УДК

ББК
ISBN




І
ПЫТАННІ ТЭОРЫІ ЛІТАРАТУРЫ

Вячаслаў Пятровіч Рагойша,

доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры
Тэорыя літаратуры ў БДУ: ад першых напрацовак

да сістэмных даследаванняў
Ні адзін сур’ёзны гісторык літаратуры не можа зусім абысціся без распрацоўкі ці хаця б закранання пытанняў тэарэтыка-літаратурных. У БДУ з першых гадоў яго існавання, побач з вывучэннем гісторый айчыннай, рускай і замежных літаратур, пачалося даследаванне асобных праблем тэорыі літаратуры. Так, маскоўскі беларусазнавец М.Я. Янчук (1856 – 1921), якога з першых дзён арганізацыі нашага універсітэта запрасілі на пасаду прафесара кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі, не абышоўся без распрацоўкі асобных праблем тэорыі літаратуры ў сваіх даследаваннях, у прыватнасці, у “Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры: Старадаўні перыяд” (1922). Разам з тым універсітэцкія вучоныя пісалі (і пішуць) працы, цалкам прысвечаныя пэўным праблемам тэорыі літаратуры. Скажам, тагачасны загадчык той жа кафедры прафесар І.І. Замоцін (1873 – 1942) выдаў такія грунтоўныя тэарэтыка-літаратурныя даследаванні, як “Некрасов-художник” (1923), “На переломе: Схема литературных исканий ХІХ – ХХ вв.” (1927) і інш.

Увогуле, літаральна ўсе навукоўцы, якія сабраліся ў 20-х гг. ХХ ст. на “замоцінскай кафедры”, гарнуліся да распрацоўкі тэарэтыка-літаратурных праблем. Так, пяру прафесара А.М. Вазнясенскага (1888 – 1966) належаць даследаванні “Паэтыка М.Багдановіча” (1926), “Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры” (1927), “Традиции «формальных» (эстетических) учений в науке о литературе” (1927). Прафесар Я.І. Барычэўскі цалкам прысвяціў сябе вывучэнню пытанняў агульнай паэтыкі (“Паэтыка літаратурных жанраў” – 1927; “Тэорыя санету” – 1927; “Паэтыка: Курс для завочнага педфаку” – 1929). Прафесар кафедры і дэкан педфака (з 1926) М.М. Піятуховіч (1891 – 1937) пытанням тэорыі літаратуры адводзіў належнае месца ў сваіх даследаваннях па гісторыі беларускай літаратуры (“Францыск Скарына і яго дзейнасць” – 1926; “Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы” – 1927; “Нарысы гісторыі беларускай літаратуры. Частка 1” – 1928 і інш.). За сваімі літаратурнымі настаўнікамі цягнуўся і асістэнт кафедры (з 1928) А.А. Бабарэка (1899 – 1938), які трывалы тэарэтычны фундамент падводзіў пад свае грунтоўныя літаратурна-крытычныя публікацыі (“Вясну радзіла восень (Да пытання аб кірунках у сучаснай беларускай літаратуры)” – 1925; “Пералом у станаўленні натуральнай культуры ў творчасці З. Бядулі” – 1928 і інш.).

Аднак надыйшлі змрочныя часы, і не толькі для універсітэцкага літаратуразнаўства, але і для ўсёй беларускай нацыянальнай культуры. У самым канцы 20-х – 30-я гг. ХХ ст. жорсткія сталінскія рэпрэсіі прайшліся па сотнях студэнтаў і выкладчыкаў БДУ. Вядучыя літаратуразнаўцы універсітэта спачатку былі ашальмаваныя ў друку (гл.: Бухаркін В. Літаратуразнаўцы з Б.Дз.У. //Маладняк. 1929. №№ 11, 12; Бэндэ Л. На літаратурным фронце //Чырвоная змена. 1929. 15 верасня і інш.). Пасля іх арыштавалі, выслалі за межы БССР, а некаторых расстралялі. У 1931 г. педфак БДУ быў ліквідаваны – па сутнасці, на “ідэалагічным” факультэце не было каго вучыць і не было каму вучыць. На яго базе – а пасля “зачысткі” засталася ўсяго купка ацалелых ад арышту выкладчыкаў і студэнтаў – узнік Вышэйшы педагагічны інстытут (сённяшні Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка).

Толькі ў 1939 г. БДУ зноў пачаў рыхтаваць філолагаў, гэтым разам – на спецыяльна арганізаваным філалагічным факультэце. Спакваля пачало ажываць ва універсітэце і літаратуразнаўства. Ды грымнула вайна…

БДУ аднавіў сваю працу толькі ў верасні 1943 г. на станцыі Сходня, пад Масквой. У тым жа годзе была арганізавана і кафедра беларускай мовы і літаратуры, якую ўзначаліў, вярнуўшыся з армейскага шпіталя, і якой кіраваў ажно да 1969 г. дацэнт, пазней (з 1957) прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі М.Р. Ларчанка (1907 – 1981). Як вучоны М.Р. Ларчанка цікавіўся, галоўным чынам, двумя тэарэтыка-літаратурнымі праблемамі: станаўленне ў беларускай літаратуры ХІХ ст. рэалістычнага метаду (гэтаму была прысвечана яго доктарская дысертацыя, абароненая ў 1956 г. у Маскве і выдадзеная пасля ў двух кнігах, – “На шляхах да рэалізма”, 1958 і “Па шляху рэалізма”, 1959) і беларуска-іншаславянскія літаратурныя ўзаемасувязі (“Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове ХІХ стагоддзя”, 1958; “Славянская супольнасць”, 1963; “Яднанне братніх літаратур”, 1974 і інш.). З лёгкай рукі вучонага даследаванне розных форм міжлітаратурных сувязей набыло значнае пашырэнне як у БДУ, так і ў рэспубліцы ў цэлым. Ларчанкаўская традыцыя кампаратывісцкіх даследаванняў прынесла (і дагэтуль прыносіць) адчувальны плён у выглядзе дысертацый кандыдацкіх (“Адам Міцкевіч і беларуская літаратура” А.А. Лойкі, 1956; “Янка Купала – майстар мастацкага перакладу” С.Х. Александровіча, 1958; “Украінска-беларускія літаратурныя сувязі пачатку ХХ ст.” Т.В. Кабржыцкай, 1970; “І. Тургенеў і Жорж Санд: Праблемы ідэйна-мастацкай своеасаблівасці” Т.В. Кавалёвай, 1973; “Максім Танк і польская літаратура” А.Л. Вераб’я, 1978; “Аркадзь Куляшоў – перакладчык” М.П. Кенькі, 1978; “Станаўленне класічных асноў беларускай паэзіі: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч і творчасць А.С. Пушкіна” А.А. Шалемавай, 1981; “Творчасць Адама Кіркора: ад рамантызму да пазітывізму” І.М. Запрудскага, 2000 і інш.) і доктарскіх (“Беларуская паэзія ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад” В.П. Рагойшы, 1993; “Беларуская літаратура ХХ стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння” І.А. Чароты, 1998; “Польскамоўная паэзія Беларусі ХУІ – ХУІІ ст.” С.В. Кавалёва, 2002; “Мастацкі метад Яна Баршчэўскага” М.В. Хаустовіча, 2003), асобных манаграфій (“Старонкі братняй дружбы” С.Х. Александровіча, 1960; “Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія” – 1977, “Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян” – 1978 Н.С. Гілевіча; “Карані дружбы” Т.В. Кабржыцкай і В.П. Рагойшы, 1976; “Пераклаў Якуб Колас…” – 1972, “І нясе яна дар…: Беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах” – 1977, “Проблемы перевода с близкородственных языков” – 1980, “Кантакты” – 1982, “І адгукнецца слова ў слове…” – 1992 В.П. Рагойшы; “Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20-х – 30-х гадоў” А.Л. Вераб’я, 1990 і інш.), у правядзенні на філфаку рэгулярных канферэнцый “Тыпалогія і ўзаемадзеянне славянскіх моў і літаратур” (1967 – 1982), “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай” (з 1992) і інш.

Члены кафедры беларускай літаратуры, якая забяспечвала ў свой час выкладанне не толькі гісторыі беларускай літаратуры, але і тэорыі літаратуры, беларускага фальклору, літаратуры народаў СССР, заўсёды ў той ці іншай ступені звярталіся да розных праблем тэарэтыка-літаратурных. Іх цікавілі пытанні жанрава-стылявой адметнасці асобных пісьменнікаў і беларускай літаратуры ў цэлым (доктарскія дысертацыі І.Я. Навуменкі “Канцэпцыя чалавека ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа (Духоўны воблік героя)”, 1969; А.А. Лойкі “Максім Багдановіч і праблемы развіцця беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя”, 1969; С.Х. Александровіча “Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст.”, 1971; кандыдацкія дысертацыі У.А. Навумовіча “Проза “Маладняка”, 1974; Т.І. Шамякінай “Асноўныя стылёвыя напрамкі сучаснай беларускай прозы”, 1975; У.Г. Кароткага “Творчасць Мялеція Сматрыцкага”, 1884; С.В. Кавалёва “Героіка-эпічная паэзія Беларусі канца ХУІ ст.”, 1991; П.І. Навуменкі “Проза Кандрата Крапівы”, 1991; А.А. Пашкевіча “Феномен узвышэнства ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, 1998; У.В. Рагойшы “Паэзія Алеся Гаруна ў кантэксце беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя”, 1998; У.Ю.Верынай “Беларуская авангардная паэзія 80 – 90-х гадоў”, 2002; даследаванні прафесара Д.Я. Бугаёва пра М. Гарэцкага, У. Дубоўку, І. Мележа, В. Быкава і інш.; “Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. У 2-х ч.” – Выд. 2-е, 1989 А.А. Лойкі), паэтыка вуснай народнай творчасці (“Паэтыка беларускай народнай лірыкі” – 1975, “Паэтыка беларускіх загадак” – 1976 Н.С. Гілевіча, “Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі” Л.К. Тарасюк, 1985) і мастацкай літаратуры (“Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша” В.П. Рагойшы, 1968), вершазнаўства (“Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка” – 1979, “Паэтычны слоўнік” – Выд. 2, 1987 В.П. Рагойшы), сістэматызацыі літаратурнага працэсу (складзеныя на кафедры вучэбныя праграмы па гісторыі беларускай літаратуры дарэвалюцыйнага і савецкага часу, дзіцячай літаратуры) і інш. Увага літаратуразнаўцаў да праблем тэорыі літаратуры засталася і пасля таго, як у 1993 г. кафедра беларускай літаратуры падзялілася на дзве навуковыя адзінкі – кафедру гісторыі беларускай літаратуры і кафедру літаратуры ХХ стагоддзя. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць тэматыка доктарскіх дысертацый загадчыка (з 1999 г.) кафедры беларускай літаратуры ХХ стагоддзя прафесара Л.Д. Сіньковай “Беларуская проза ХХ стагоддзя: Дынаміка жанравых структур” (1996), прафесара кафедры А.І. Бельскага “Пейзаж у беларускай паэзіі (эвалюцыя, паэтыка, сістэма вобразаў)” (1998), былога дацэнта кафедры, цяпер прарэктара Акадэміі мастацтваў В.А. Максімовіча “Тэндэнцыі мадэрнізму ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.” (2001), дацэнта кафедры А.А. Пашкевіча “Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў прозе беларускага замежжа” (2002).

З першых пасляваенных гадоў свой лёс з БДУ звязаў прафесар, загадчык кафедры рускай літаратуры (у 1951 – 1960 гг.) І.В. Гутараў (1906 – 1967). Ён займаўся ў асноўным праблемамі тэарэтыка-літаратурнымі (“Поэтическое мастерство В.В. Маяковского”, 1950; “Философско-эстетические взгляды А.С. Пушкина”, 1957), напісаў адны з першых у савецкім літаратуразнаўстве вучэбных дапаможнікаў па ўводзінах у літаратуразнаўства («Введение в литературоведение», 1954; «Вопросы литературоведения», 1958; «Основы советского литературоведения», 1967). Побач з І.В. Гутаравым і ўслед за ім да розных пытанняў тэорыі літаратуры звярнуліся і некаторыя іншыя вучоныя кафедры рускай літаратуры: прафесары Ф.І. Куляшоў (у прыватнасці, у «Лекциях по истории русской литературы конца ХІХ – начала ХХ вв», т. 1-2, 1976, 1980), С.А. Лысенка (доктарская дысертацыя «Стилевые течения в драматургии 20-х – 30-х годов: Романтика. Гротеск», 1990), І.П. Кахно (яго цікавілі праблемы станаўлення савецкай літаратурна-мастацкай крытыкі), С.Н. Чубакоў (асноўныя працы яго прысвечаны даследаванню праблемы вайны і міру ў творчасці Л. Талстога), дацэнты У.С. Карабан і Л.Л. Кароткая (яны склалі «Хрестоматию по введению в литературоведение», – Выд. 2, 1973), В.А. Захарава, Р.М. Кавалёва, В.Д. Літвінка і Р.І. Яраслаўцава (працы па фалькларыстыцы), Н.В. Галаўко (“Литературно-эстетические взгляды поэтов «Искры», 1972), А.М. Андрэеў, І.І. Шпакоўскі, Т.В. Алешка і інш. Вядомасць набылі працы прафесара (а ў 1969 – 1998 гг. загадчыка) кафедры П.І. Ткачова, прысвечаныя разгляду гістарычных і тэарэтычных праблем памфлетнай творчасці (манаграфіі «Иду на «вы»: Заметки о памфлете», 1975; «Границы жанра», 1977; «Сатиры злой звенящая строка: Природа смеха в памфлете», 1980). Моцная тэарэтычная “падкладка” адчуваецца ў многіх працах кафедры рускай літаратуры і цяпер, ажно да апошніх доктарскіх дысертацый (“Динамика стилевых течений в русской прозе второй половины 1980 – 90-х годов» Г.Л. Няфагінай, 1999; “Концепция личности в творчестве Ф.М. Достоевского” А.А. Станюты, 1999; “Комедия в русской драматургии 1980 – 90-х годов (жанровая динамика и типология)» С.Я. Ганчаровай-Грабоўскай, 2000; “Русская постмодернистская литература: типология, поэтика, концептосфера” І.С. Скарапанавай, 2003).

Не маглі абысці пытанні тэорыі літаратуры і вучоныя кафедры замежнай літаратуры – і пры стварэнні адпаведных вучэбных дапаможнікаў, і пры напісанні дысертацый (доктарская дысертацыя загадчыка кафедры замежнай літаратуры І.В. Шаблоўскай «Проза еўрапейскіх сацыялістычных краін 60-х – 70-х гадоў пра другую сусветную вайну: Агульнае і своеасаблівае», 1988; кандыдацкія дысертацыі С.Д. Малюковіч «Станаўленне рэалізму ў творчасці Ю.Крашэўскага», 1984; Г.В. Сінілы «Традыцыі філасофскай лірыкі Гёльдэрліна ў паэзіі ГДР», 1984; Е.А. Лявонавай «Проза ГДР 50-х – 60-х гг. аб другой сусветнай вайне: Пытанні жанру і стылю», 1985; А.С. Шаўчэнкі «Паэтыка балад І.Бэхера», 1989 і інш.).

Такім чынам, да сярэдзіны 90-х гг. ХХ ст. на філфаку БДУ склаліся ўсе ўмовы, каб у сістэме навучальнага працэсу вылучыць асобную кафедру, асноўным клопатам якой былі б спецыяльнае вывучэнне і выкладанне тэарэтыка-літаратурных дысцыплін. (Дарэчы, годам раней на факультэце былі створаны кафедры беларусазнаўства і славянскіх літаратур, якія таксама надаюць пэўную ўвагу пытанням тэорыі літаратуры). Кафедра тэорыі літаратуры пачала функцыяніраваць з 1 верасня 1994 года ў складзе дзевяці чалавек: аднаго доктара навук, прафесара, загадчыка кафедры – В.П. Рагойша, пяці дацэнтаў – А.М. Андрэеў, Р.М. Кавалёва, А.В. Карасёва, М.П. Кенька, Т.І. Шамякіна, аднаго старшага выкладчыка – П.П. Ткачова, двух выкладчыкаў – І.У. Ківель, В.В. Прыёмка і аднаго лабаранта 2-й катэгорыі з вышэйшай адукацыяй (з 1996 г. гэту пасаду займае С.І. Крылова). Стварылася яна на базе кафедраў беларускай, рускай літаратур і беларусістыкі. Адразу пачала забяспечваць выкладанне на ўсіх аддзяленнях філфака курсаў “Уводзіны ў літаратуразнаўства”, “Тэорыя літаратуры”, “Фальклор”, “Міфалогія”, “Гісторыя і тэорыя сусветнай культуры”. Апрача гэтага, члены кафедры сталі кіраваць напісаннем курсавых і дыпломных прац, праводзіць семінарскія заняткі, чытаць спецкурсы. З 1995 г. пры кафедры адкрыта аспірантура, з 1997 г. – магістратура, у якія прымаюцца адзін-два выпускнікі філфака ў год.

Актыўны навуковы працэс на кафедры пачаўся з абароны ў канцы 1994 г. кандыдацкай дысертацы В.В. Прыёмкі “Вясельныя песні Піншчыны” (навук. кір. Р.М. Кавалёва). У 1998 г. у Маскве доктарскую дысертацыю “Цэласны аналіз літаратурнага твора” па спецыяльнасці “тэорыя літаратуры” абараніў сённяшні прафесар кафедры А.М. Андрэеў. На кафедры падрыхтавана і рэкамендавана да абароны доктарская дысертацыя Т.І. Шамякінай “Беларуская класічная літаратурная традыцыя і міфалогія” (навук. кансультант В.П. Рагойша; з 2000/2001 навучальнага года Т.І. Шамякіна стала загадваць кафедрай беларускай лінгвістыкі і міфалогіі). Вучоныя кафедры сталі грунтоўна асэнсоўваць тэарэтычныя аспекты развіцця беларускага прыгожага пісьменства, вывучаць асобныя пытанні тэорыі літаратуры (цэласнасць мастацкага твора, вершаванне, літаратурная вобразатворчасць і г.д.), даследаваць усходнеславянскую міжлітаратурную супольнасць ХХ стагоддзя і інш. На кафедры пачала весціся навуковая праца як на ўзроўні выкладчыкаў, так і студэнтаў. Кожны год супрацоўнікі кафедры ўдзельнічаюць у розных міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, публікуюць па некалькі дзесяткаў артыкулаў. З пачатку арганізацыі кафедры кожны раз на традыцыйных міжнародных канферэнцыях “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай” пачалі працаваць асобныя секцыі па праблемах тэорыі літаратуры. Што да штогодніх студэнцкіх канферэнцый, то на іх пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры ладзяцца абавязковыя секцыі фалькларыстыкі і тэорыі літаратуры. У 1997 г. кафедра з’яўлялася асноўным арганізатарам канферэнцыі “Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай”. На кафедры ў 1996 г. сумесна з Інстытутам літаратуры імя Я.Купалы НАН Беларусі быў праведзены “круглы стол” "Актуальныя праблемы літаратуразнаўства". Штогод даклады студэнтаў, якія пішуцца пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры, адзначаюцца рознымі рэспубліканскімі і універсітэцкімі ўзнагародамі. У 1998 годзе студэнт-пяцікурснік (пазней – аспірант кафедры) А. Дуброўскі за навуковую працу “Паэтыка Рыгора Барадуліна” атрымаў Дыплом імя У.І. Пічэты (навук. кір. В.П.Рагойша). Пры кафедры працуе (пад кіраўніцтвам Р.М. Кавалёвай) студэнтцкая навуковая фальклорная лабараторыя, якая штогод заваёўвае гранты ў агульнауніверсітэцкіх навуковых конкурсах. Яе члены падрыхтавалі і выдалі сем выпускаў фальклорных матэрыялаў, зарыентаваных на вучэбную фальклорную практыку. Кафедра распрацавала рабочыя і тыпавыя планы па асобных прадметах (тэорыя літаратуры, міфалогія, гісторыя і тэорыя сусветнай культуры). З 2001 г. супрацоўнікі кафедры на спецыяльнасці “Беларуская філалогія” вядуць разлічаны на тры гады факультатыў “Прыкладное літаратуразнаўства”, забяспечыўшы яго спецыяльна распрацаванай і выдадзенай у 2003 г. праграмай.

За перыяд свайго адносна нядоўгага існавання кафедра тэорыі літаратуры распрацавала дзве калектыўныя навукова-даследчыя тэмы, у якіх былі задзейнічаны ўсе супрацоўнікі кафедры і некаторыя аспіранты. Першая тэма – “Тэарэтычныя праблемы развіцця беларускага пісьменства і культуры” (1995 – 2000 гг). Мэтай работы з’яўляўся аналіз працэсу ўваходжання беларускага прыгожага пісьменства ў еўрапейскі, найперш славянскі, духоўны кантэкст, выяўленне суадносін міфа і беларускай літаратуры, раскрыццё тыпалогіі ўсходнеславянскай абрадавай паэзіі, разгляд праблем рэалізму ў беларускай і суседніх славянскіх літаратурах, вывучэнне характару існавання беларускага верша ва ўсходнеславянскім і шырэй – еўрапейскім кантэксце, даследаваннне галоўных праблем беларуска-іншанацыянальнага мастацкага ўзаемаперакладу. Фактычным матэрыялам для даследавання паслужылі беларуская міфалогія, вусна-паэтычная творчасць, творчасць вядучых беларускіх пісьменнікаў (Я. Купала, Я. Колас, К. Чорны, В. Быкаў, Р. Барадулін і інш.). У выніку распрацоўкі тэмы паказана месца і роля беларускай міфалогіі, абрадавай паэзіі, мастацкай паэзіі і прозы ў нацыянальным і славянскім мастацкім кантэксце, прааналізаваны праблемы беларуска-іншанацыянальнага мастацкага ўзаемаперакладу. Вынікі работы апрабіраваны на 48-мі міжнародных і 23-х рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, знайшлі месца ў 76-ці артыкулах, у трох абароненых дысертацыях (двух доктарскіх і адной кандыдацкай), у трох манаграфіях А.М. Андрэева (“Целостный анализ литературного произведения» – 1996, “Культурология” – 1998, “Психика и сознание” –2000), замацаваны ў зацверджанай Міністэрствам адукацыі РБ тыпавой праграме па “Тэорыі літаратуры” (для філфакаў ВНУ, склад. Т.І. Шамякіна і А.М. Андрэеў) і ў рэкамендаванай Мінадукацыі РБ праграме “Беларуская літаратура. УІІІ – ХІ класы. Праграма для сярэдняй школы з паглыбленым і профільным вывучэннем беларускай літаратуры, ліцэяў і гімназій” (склад. В.П. Рагойша, Т.І. Шамякіна і інш., пад рэд В.П. Рагойшы), у пяці выпусках “Метадычных указанняў і ілюстрацыйнага матэрыялу для правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта” (1995 – 2000, пад рэд. Р.М. Кавалёвай), выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе ў Белдзяржуніверсітэце, іншых ВНУ і сярэдніх школах.

Другая калектыўная тэма – “Усходнеславянская міжлітаратурная супольнасць ХХ стагоддзя” (1998 – 2000). Яна прысвечана вызначэнню сутнасці, тыпалагічных рыс і асноўных функцый усходнеславянскай міжлітаратурнай супольнасці ХХ стагоддзя, даследаванню шляхоў, форм, асобных этапаў уваходжання ў гэту супольнасць беларускай мастацкай літаратуры, раскрыццю тыпалогіі ўсходнеславянскай міфалогіі і фальклору, вывучэнню ўмоў, функцый і практыкі беларуска-рускага і беларуска-ўкраінскага мастацкага ўзаемаперакладу. Усходнеславянскія літаратуры ўпершыню разглядаюцца як асобая форма міжлітаратурных супольнасцей. У выніку распрацоўкі тэмы паказана месца беларускай міфалогіі, фальклору і мастацкай літаратуры ва ўсходнеславянскай міжлітаратурнай супольнасці ХХ стагоддзя, выяўлены агульнаўсходнеславянскія і некаторыя спецыфічныя рысы беларускага прыгожага пісьменства. Вынікі работы апрабіраваны на 18-ці міжнародных і 10-ці рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях, знайшлі месца ў 24-х публікацыях, у зборніку “Восточнославянский фольклор: Поиски новых подходов” (2000), у кнізе Т.І. Шамякінай “Міфалогія Беларусі: Нарысы” (2000), выкарыстоўваюцца ў навучальным працэсе ў Белдзяржуніверсітэце, некаторых іншых ВНУ рэспублікі і сярэдніх школах.



З 2001 года кафедра пачала распрацоўку (разлічаную на 2001 – 2005 гг.) двух новых тэм – “Тыпалогія сродкаў мастацкага выяўлення ў мастацкай літаратуры і фальклоры” і “Асаблівасці паэтыкі сучаснай беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу”. Другая тэма выконваецца ў адпаведнасці з Дзяржзаказам па тэме “Паэтыка мастацкай літаратуры. Віды і жанры”, якая курыруецца НАН Беларусі (Інстытут літаратуры імя Я. Купалы). У мінулыя тры гады праводзілася ўдакладненне сучаснай сістэмы літаратуразнаўчых паняццяў, што тычацца ўсіх трох родаў літаратуры (эпас, лірыка, драма), мастацкага перакладу і фальклору, вывучалася мастацкая спецыфіка беларускага і рускага народнага эпасу ў кантэксце славянскай вусна-народнай творчасці. Разам з тым даследаваліся сродкі мастацкага выяўлення ў класічнай і сучаснай мастацкай літаратуры, перакладзе і фальклоры. Зроблена паспяховая спроба ўдакладніць паняційны аппарат і тэрміналогію сучаснага літаратуразнаўства. Належная ўвага надавалася распрацоўцы пытанняў філасофіі літаратуры, метадалогіі літаратуразнаўчых даследаванняў, асаблівасцей паэтыкі беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнага літаратурнага працэсу, тыпалогіі літаратурных жанраў, міфалагічных, фальклорных, біблейскіх традыцый у літаратуры і інш. Вынікі даследаванняў увасобіліся ў выступаленнях на шматлікіх навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню (ад універсітэцкіх да міжнародных), у дзесятках публікацый (у перыёдыцы, навуковых зборніках, зборніках матэрыялаў канферэнцый, энцыклапедычных выданнях і інш.), у двух выпусках навуковага зборніка (сумесна з кафедрай беларускай міфалогіі і лінгвістыкі) “Міфалогія — фальклор — літаратура” (2002; 2003; пад рэд. В.П. Рагойшы), у зборніку навуковых прац аспірантаў і студэнтаў кафедры “Свет славянскага фальклору” (2001; пад рэд. Р.М. Кавалёвай), у дапрацаванай і зацверджанай Мінадукацыі РБ “Праграме па беларускай літаратуры для 8 – 11 класаў школ з паглыбленым вывучэннем літаратуры, ліцэяў і гімназій” (2003; пад рэд. В.П. Рагойшы), у падручніках па беларускай літаратуры для 9-га класа агульнаадукацыйнай школы (2001) і для 10-га класа школ з паглыбленым вывучэннем беларускай літаратуры (2001; пад рэд. В.П. Рагойшы). Апрача гэтага, выйшлі манаграфіі А.М. Андрэева “Методология литературоведения” (Мн.: БДУ, 2001), Т.А. Івахненка “Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў: Семантыка. Вобразны лад. Кампазіцыя” (Мн.: РІВШ БДУ, 2002), вучэбны дапаможнік В.П. Рагойшы “Тэорыя літаратуры ў тэрмінах” (Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2001), яго курс лекцый “Уводзіны ў літаратуразнаўства: Вершаванне” (Мн.: БДУ, 2002), “На шляху да Парнаса: Даведнік маладога літаратара” (Мн.: Маст. літаратура, 2003). Да 60-годдзя загадчыка кафедры бібліятэка БДУ выдала даведнік “Рагойша Вячаслаў Пятровіч: Біябібліяграфічны паказальнік” (Уклад. Л.І. Тамашэўская; Мн.: БДУ, 2002). За 2001 – першую палову 2004 гг. шэсць аспірантаў кафедры абаранілі кандыдацкія дысертацыі: Т.А. Івахненка (“Паэтыка беларускіх абрадавых песень перыядаў каляндарных пераходаў”, 2001; навук. кір. Р.М. Кавалёва), І.Л. Шаўлякова (“Тэорыя літаратурных тропаў: Метафара і сімвал (генезіс, эвалюцыя, тэндэнцыі развіцця)”, 2001; навук. кір. Т.І. Шамякіна), Н.В. Дзянісава (“Праблема аўтарскага перакладу прозы ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, 2002; навук. кір. В.П. Рагойша), С.Ю. Лебедзеў (“Структура вобраза апаведача. На матэрыяле малой прозы”, 2003; навук. кір. А.М. Андрэеў), А.У. Дуброўскі (“Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша”, 2003; навук. кір. В.П. Рагойша) і В.А. Смірнова (“Аповедныя структуры ўсходнеславянскай літаратуры ХІ – ХІІІ стагоддзяў”, 2004; навук. кір. Т.І. Шамякіна). Яшчэ адна дысертацыя ў 2003 г. рэкамендавана да абароны (І.Б. Лапцёнак. “Творчая індывідуальнасць Язэпа Семяжона-перакладчыка”, навук. кір. В.П. Рагойша).

Значную работу супрацоўнікі кафедры праводзяць таксама ў галіне навукова-метадычнай і арганізацыйнай дзейнасці. Яны з’яўляюцца членамі розных навуковых і навукова-метадычных камісій, вучоных саветаў, саветаў па абароне дысертацый, членамі рэдкалегій навуковых і навукова-метадычных выданняў і інш. У адзінстве і разнастайнасці навуковых інтарэсаў кафедра тэорыі літаратуры працягвае плённыя традыцыі сваіх слынных папярэднікаў – прафесароў І.І. Замоціна, Я.І. Барычэўскага, А.М. Вазнясенскага, М.Р. Ларчанкі і інш.



Анатолий Николаевич Андреев,

доктор филологических наук, профессор
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> В. П. Рагойша беларускае вершаванне
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Класіка І сучаснасць украінская літаратура І ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Літаратуразнаўства як навука. Эстэтыка літаратуры. Паэтыка
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Актуальныя праблемы тэорыі літаратуры і фальклору Працы членаў кафедры
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Змест Ад аўтара
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> 1. літаратуразнаўства як навука сістэма ведаў пра літаратуру
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> Беларускія вяснянкі ў запісах Р. Р. Шырмы: узроўні аналізу


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка