Да пытання аб дзейнасці езуітаў па ўкараненні тэакратычнага камунізму ў сацыяльную практыку а. І. Багдановіч



Дата канвертавання10.06.2016
Памер134.26 Kb.
ДА ПЫТАННЯ АБ ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУІТАЎ ПА ЎКАРАНЕННІ ТЭАКРАТЫЧНАГА КАМУНІЗМУ Ў САЦЫЯЛЬНУЮ ПРАКТЫКУ А. І.Багдановіч

Усім, хто вывучаў філасофію вядома пра кнігу калабрийского манаха-дамініканца Тамазо Кампанелы “Горад сонца”, у якой апісана ідэальная дзяржава, дзе ўсё грамадзяне роўныя і шчаслівыя. Яна была выдадзена ў 1623 г. і атрымала сусветную вядомасць, як узор апісання сацыяльнай утопіі. (Слова "ўтопія" перакладаецца з грэцкай мовы як "месца, якога няма", у слоўнік яно ўпісана Томасам Морам яшчэ ў 1516 г., калі той напісаў кнігу пад аналагічнай назвай. Менавіта ён і даў імя жанру ўтопіі ў навуковай і мастацкай літаратуры). Аднак не ўсім вядома, што “Горад сонца” зусім не ўтопія, а ледзь не "партрэт з натуры” дзяржавы, якая рэальна існавала ў гісторыі. Сапраўднае існаванне дзяржавы, якую апісаў Т. Кампанела, у ХVII – XVIII стагоддзях не было такім ужо вялікім сакрэтам для грамадскасці. Такая дзяржава, насамрэч, была створана ў Парагваі манахамі ордэна езуітаў.

Гісторыя гэтай дзяржавы знайшла адлюстраванне ў шматлікіх даследаваннях і публікацыях, прысвечаных месіянерскай дзейнасці каталіцкай царквы [4,11], гісторыі ордэна езуіта [1,2,5], хрысціянскаму сацыялізму [3,6,7,8,9,10]. Мэтай дадзенага артыкула з’яўляецца спроба прасачыць асноўныя этапы гісторыі гэтай дзяржавы, прааналізаваць прычыны яе ўзнікнення, прынцыпы дзяржаўнага і сацыяльна-эканамічнага ўладкавання, а таксама прычыны зыходу яе з гістарычнай арэны.

Узнікла гэта дзяржава на тэрыторыі сучаснага Парагвая. Да прыходу еўрапейцаў Парагвай засялялі напаўкачавыя плямёны індзейцаў, найбольш шматлікімі і развітымі з якіх былі плямены гуарані. Да часу прыходу іспанцаў яны не толькі не мелі ўласнай дзяржавы, але нават не ведалі адзення. Вандроўца з Баварыі Ульрых Шмідль пісаў у кнізе сваіх успамінаў: "І жанчыны, і мужчыны тут ходзяць зусім голыя, якімі стварыў іх усемагутны Бог"[11, с.12].

Плямены гуарані складалася з незлічонага мноства дробных кланаў, раскіданых па неабсяжных прасторах. Шматлікія кланы жылі ў вёсках, размешчаных па ўскраінах лясоў і па берагах рэк. Яны здабывалі сабе пражытак паляваннем рыбнай лоўляй, збіраннем мёду дзікіх пчол, першабытным земляробствам і жывелагадоўляй, сеялі маніёку, з якой гатавалі кассаву, апрацоўвалі маіс і двойчы ў год збіралі ўраджай, разводзілі курэй, гусакоў, качак, папугаяў, свінней і сабак, якіх ужывалі ў ежу. Нават вядомыя выпадкі, калі яны штучна адкормлівалі сваіх жанчын для таго каб затым выкарыстаць іх у якасці ежы. Ствараць дзяржаву ў асяроддзі гуарані было справай нялёгкай, бо качавыя плямёны, былі канібаламі, яшчэ не ведалі жалезных прылад працы, а паўшага ў бітве ворага разглядалі ў якасці ежы. [8, с. 24-26].

Трэба адзначыць, што неразвітасць і першабытнасць гуарані з аднаго боку былі перашкодай для іх цывілізацыі, а з іншага боку гэта акалічнасць з'явілася сур'ёзнай дапамогай для айцоў езуітаў. Людзі гэтыя былі, як бы, чыстым і падатлівым матэрыялам, з дапамогай якога толькі і можна было праводзіць сацыяльныя эксперыменты па пабудове камунізму, бо гуарані не ведалі яшчэ прыватнай уласнасці[7,с.103].

Першыя члены ордэна езуітаў з'яўляюцца ў Парагваі ў 1580-х г. У той час ордэн валодаў велізарнымі прывілеямі і неўзабаве стаў своеасаблівай спецслужбай Ватыкана. Першасная мэта ордэна ахова каталіцкай веры і місіянерская дзейнасць сярод язычнікаў і ерэтыкоў. Езуіты не толькі былі галоўнай зброяй каталіцкай царквы падчас контррэфармацыі, але і апантанымі місіянерамі, якія самааддана шчыравалі на ніве хрышчэння “дзікіх народаў”. У 1608г. кароль Іспаніі Філіп III (1578 – 1621гг.) папрасіў езуітаў падрыхтаваць місіі для хрышчэння індзейцаў. Апроч асветніцкай Філіп III пераследваў ўтылітарную мэту: надаць гуарані аселасць і цэнтралізацыю, каб стала прасцей засцерагаць іх ад набегаў "паулістаў" (назва паходзіць ад штата Сан Паулу, тагачаснага цэнтра рабагандлю) – разбойнікаў і паляўнічых за рабамі з суседняй партугальскай Бразіліі[11, с.14]. Спыненне гандлю рабамі, нягледзячы на шматгадовыя высілкі, аказалася зусім непасільнай задачай для іспанскай кароны.

Езуіты ж дамагліся таго, што індзейцы вялікіх абласцей Парагвая набылі бяспеку ад набегаў паўлістаў. Для гэтага яны прызвычаілі індзейцаў да аселага жыцця і перасялілі ў буйныя паселішчы, названыя рэдукцыямі. Першая рэдукцыя была заснавана ў 1609 г. Спачатку, відаць, існаваў план стварэння вялікай дзяржавы з выхадам да Атлантычнага акіяна, але гэтаму перашкодзілі набегі паўлістаў. Пачынаючы з 1640 г. езуіты ўзброілі індзейцаў і з баямі перасялілі іх у цяжкадаступны раён, абмежаваны з аднаго боку Андамі, а з іншага – парогамі рэк Парана, Ла-Плата і Уругвай. Уся гэта краіна была пакрыта сеткай рэдукцый. Ужо ў 1645г. езуіты Машэта і Каталадзіна атрымалі ад іспанскай кароны прывілей, які вызваляў валоданні таварыства Ісуса ад падначалення іспанскім каланіяльным уладам і ад выплаты дзесяціны мясцоваму біскупу. Езуіты дамагліся неўзабаве права ўзброіць індзейцаў агнястрэльнай зброяй (насуперак безумоўнай забароне, уведзенай іспанскімі ўладамі ва ўсёй Паўднёвай Амерыцы) і стварылі з гуарані моцнае войска[10, с.204].

Ідэю стварыць хрысціянска-камуністычную дзяржаву ў Парагваі прыпісваюць менавіта айцам езуітам Сымону Машэце і Катальдзіна. Айцы-ідэолагі жылі ў лясах разам з гуарані. Па некаторых звестках, гэта яны распрацавалі праект такой дзяржавы, выкарыстоўваючы ў якасці ўзору "Горад Сонца" Т. Кампанеллы. Па думцы заснавальнікаў, дзяржава стваралася для арганізацыі правільнага рэлігійнага жыцця вернікаў у духу першых хрысціян. Мэтай яго было выратаванне душы. У аснову дзяржавы былі пакладзены камуністычная гаспадарка, маёмасная роўнасць і ізаляцыя ад астатняга свету[3,с.7]. Але непасрэдную працу па стварэнні езуіцкай дзяржавы распачалі айцы езуіты Дзіего дэ Торэс і Монтохі. Першы з іх стаў плябаніям ўтворанай у 1607 г. "правінцыі" езуітаў у Парагваі [6,с.61].

Камуністычны тэакратызм, уведзены манахамі езуітамі, не з'яўляўся адлюстраваннем якой-небудзь кніжнай дактрыны, але ён моцна напамінаў некаторыя з ідэй Т. Кампанелы. Ва ўсякім разе, можна сказаць, што дзяржава, арганізаваная ў Парагваі айцамі-езуітамі, была заснаваная на шэрагу падобных ідэй, Езуіты тут выступаюць у ролі Платонаўскіх філосафаў, дэспатычных кіраўнікоў дзяржавы, якія жывуць па-манаску, але вядуць камуністычную гаспадарку. Паслядоўны і сістэматычны камунізм, на якім заснавана цэлая дзяржава – гэта сапраўды незвычайна арыгінальны і цікавы сацыяльны эксперымент. Парагвайскі досвед адыграў вялікую ролю ў гісторыі дзяржаўных устаноў Заходняй Еўропы, якая ў тую эпоху ўжо трывожна шукала новыя сацыяльна-палітычныя шляхі грамадскага развіцця[5,с.24]

У зносінах з іспанскім урадам езуіты настойліва адхілялі абвінавачванні ў тым, што стварылі ў Парагваі незалежную дзяржаву. У рэчаіснасці некаторыя абвінавачванні былі перабольшаны – напрыклад, кніга аб "парагвайскім імператары" з яго партрэтам, ці выпушчаныя быццам бы ім манеты былі падробкай ворагаў езуітаў. Але несумніўна тое, што кантраляюемая езуітамі вобласць была настолькі ізалявана ад навакольнага свету, што цалкам магла лічыцца незалежнай дзяржавай ці дамініёнам Іспаніі[10, с.208].

З 1645г. дзяржава езуітаў уваходзіць у пару свайго росквіту. Яшчэ ў 1610г. ўзнікла ідэя сяліць як хрышчоных, так і чакаючых хрышчэння індзейцаў у асобных паселішчах – "рэдукцыях" (ад ісп. reducir - ператвараць, звяртаць, прыводзіць да веры), якімі кіравалі святары ордэна [8]. Урэшце, Езуіты ўтварылі 31 рэдукцыю, з насельніцтвам ад 250 да 8 тыс. чалавек у кожнай. Іх аб'яднанне і назвалі "дзяржавай езуітаў". Рэдукцыі ўяўлялі сабою ўмацаваныя паселішчы, у кожным з якіх было толькі два айцы-езуіты – адміністратар і духаўнік. Акрамя таго, была адміністрацыя з тубыльцаў – "карэхідаў", на чале з касікам, г.зн. старэйшынай роду. На ўсе грамадскія пасады раз у год прызначаліся выбары, у якіх удзельнічала ўсё насельніцтва рэдукцыі. Частыя набегі "паўлістаў" прымусілі езуітаў да 1639 г. стварыць з індзейцаў сваё войска, – добра навучанае, узброенае стрэльбамі і кіруемае афіцэрамі-індзейцамі[4,с. 86].

Па розных падліках гэта войска налічвала каля 12 тыс. Чалавек. Яно было, відаць, вырашальнай ваеннай сілай у гэтым рэгіене. Узброенныя сілы дзяржавы езуітаў ўмешваліся ў міжусобныя войны, не раз бралі штурмам сталіцу Ассунсіён, перамагалі партугальскія войскі, вызвалілі Буэнас-Айрэс ад аблогі англічан. Падчас смуты імі быў пабіты намеснік Парагвая дон Хозе Анцекверра. У бітвах удзельнічала па некалькі тысяч гуарані, узброеных агнястрэльнай зброяй, пешых і конных. Гэта войска стала выклікаць усё большыя асцярогі іспанскаму ўраду[10,с.210].

Айцец Антоніа Сеп, які наведаў адну з найбуйнейшых рэдукцый, – Япею – знайшоў там раскошныя будынкі з каменю і дрэва. У рэдукцыі былі фабрыкі, цагельні, печы для абпалу вапны, млыны, фарбоўні, ліцейні для званоў. Меліся там таксама крамы, арсенал, турма, прадзільная для старых жанчын, аптэка, лякарня, гасцініца. Вакол дамоў гуарані было шмат садоў, плантацыі тытуню, палі пшаніцы, бабоў і гароху, рысавыя чэкі. Зрэшты, самі дамы тубыльцаў былі простымі – аднапакаёвыя хаты з трыснёгу ці з каменю без навясных дзвярэй, вокнаў і дымаходаў [9,с.45].

Прыватнай уласнасці ў дзяржаве не было, што не супярэчыла традыцыям гуарані, якія не ведалі ўласнасці. Праўда, кожнай сям'і выдаваўся невялікі асабісты ўчастак, на якім можна было працаваць не больш за тры дні ў тыдзень. Астатні час займала праца на грамадскую гаспадарку. Усё выпрацаванае змяшчалася ў грамадскія склады, адкуль усім выдавалася пароўну. Грошы ўжываліся толькі на вясельным абрадзе: жаніх "дарыў" нявесце манету, але пасля вянцу манета вярталася у агульную казну. Хоць гандаль унутры рэдукцыі адсутнічаў, аднак існаваў дзяржаўны знешні гандаль: прадукты сельскай гаспадаркі і фабрычныя вырабы сплаўляліся па Паране да акіяна і там абменьваліся на неабходныя дзяржаве рэчы. Індзейцаў у такіх вандраваннях заўсёды суправаджаў святар. За час існавання дзяржавы езуіты ўкаранілі прагрэсіўныя агратэхнічныя тэхналогіі, у выніку гуарані здолелі цалкам забяспечваць сябе прадуктамі. Сталі квітнець розныя віды рамёстваў, у тым ліку – ювелірнае, гадзіннікавае, швейнае, суднабудаўнічае: гуарані будавалі караблі нават большыя, чым будаваліся ў той час на лонданскіх верфях. Расквіталі мастацкія рамествы: ткацтва, разьба па дрэве і каменю, ганчарная справа[6, с.72].

Неабходна адзначыць, што гуарані былі надзіва таленавітымі майстрамі. Досыць было толькі паказаць ім крыж, падсвечнік, ладанку і даць матэрыял, каб яны зрабілі такі ж. І пасля заканчэння працы іх выраб нельга было адрозніць ад мадэлі, якую яны мелі перад сабой у якасці ўзору. Тым не менш айцы-езуіты часта скардзіліся на нізкае развіццё гуарані, "...ніколі не дзеючыя ў згодзе з розумам, яны павінны былі пражыць яшчэ некалькі стагоддзяў сацыяльнага дзяцінства, перш чым дасягнуць той сталасці, якая з'яўляецца неабходнай умовай поўнага ўладання свабодай" пісаў у сваім лісце езуіт Эскадон [10,с.146]. У гэтым жа лісце ён піша: "Па праўдзе і без найменьшага перабольшання, ніхто з іх не валодае вялікімі здольнасцямі, кемлівасцю і здольнасцю да разумнага сэнсу, чым мы гэта бачым ў дзяцей ў Еўропе, якія могуць чытаць, пісаць, вучацца, але, якія, тым не менш, не ў стане кіраваць сабой". Гэтыя сведчанні добра ілюструе вельмі несур'ёзнае стаўленне гуарані да асабістага ўчастку зямлі і да ўсіх формаў грамадскай уласнасці. Праца на супольнай зямлі была абавязковая для ўсіх індзейцаў, уключаючы і адміністрацыю і рамеснікаў. За працай увесь час назіралі інспектары, вылоўліваючы нядбайных, вінаватыя жорстка караліся. Участак асабістай зямлі выдаваўся індзейцу ў момант жаніцьбы. Ён не быў спадчынным, і, нават, калі пасля смерці індзейца заставаліся ўдава і дзеці, участак адыходзіў у агульны фонд, а дзеці і ўдава паступалі на ўтрыманне місіі. Працы на асабістым участку прадпісваліся і рэгуляваліся адміністрацыяй так жа, як і на грамадскіх. Ураджай з яго таксама знаходзіўся пад кантролем ва ўсіх місіях. Было вядома, што калі б над індзейцамі не было цвёрдай рукі, то яны хутка апынуліся б без усякіх сродкаў існавання[10, с.149].

Тыя, хто наведваў дзяржаву езуітаў у Парагваі аднадушна звярталі ўвагу на адрозненні ў апрацоўцы грамадскай і асабістай зямлі: у той час, як грамадскія землі былі старанна апрацаваныя, асабістыя ўчасткі здзіўлялі сваім запушчаным выглядам. Езуіты шмат разоў скардзіліся на абыякавасць індзейцаў да працы на сваім полі: яны аддавалі перавагу сцярпець любое пакаранне за дрэнна апрацаваны ўчастак і жыць на грамадскія запасы. Па некалькі разоў запар індзейцы маглі з’ядаць выдадзенае ім насенне і прыходзіць да кацыка за новым насеннем, нягледзячы на тое, што за гэта іх моцна высякуць кнутамі. Прычыну гэтага езуіты бачылі ў "дзіцячым" характары псіхікі індзейцаў. Айцец Кардзіельс пісаў у 1758 г.: "140 гадоў мы змагаемся з гэтым, але наурад ці што-небудзь палепшылася. І пакуль яны будуць валодаць толькі розумам дзіцяці, нішто ў іх жыцці не палепшыцца"[10, с. 156].

Абшчыны валодалі велізарнымі статкамі коней і быкоў, якія пасвіліся на бязмежных прасторах пампасаў. Супольныя быкі даваліся індзейцам у карыстанне для апрацоўкі сваіх участкаў. Аднак часам індзеец забіваў аднаго ці абодвух быкоў, каб у волю паесці мяса і паведамляў, што быкі згубіліся, за што разлічваўся сваёй спіною, якая вытрымлівала даволі жорсткія цялесныя каранні. І гэта нягледзячы на тое, што мяса грамадскіх быкоў раздавалася жыхарам па 2 – 3 разы ў тыдзень. У прызначаны дзень яны адпраўляліся на склад рэдукцыі, дзе кладаўшчык выклікаў кожнага па імені і выдаваў па роўнаму кавалку мяса на чалавека. Неабходна адзначыць, што ў гэтых заганах сваёй паствы была значная доля віны саміх айцоў-езуітаў. У гісторыі індзейскіх рэдукцый сустракаюцца дакументы, у якіх гаварылася аб тым, што гуарані можна даваць штосьці такое, каб яны адчувалі сябе задаволенымі, але адначасова трэба сачыць, каб у іх не з'явілася пачуццё зацікаўленасці"[10, с.167]. Толькі ў канцы свайго валадарства езуіты спрабавалі развіць у гуарані прыватную ініцыятыву, напрыклад, раздавалі скаціну ў прыватную ўласнасць. Але гісторыя не адпусціла ім дастаткова часу каб развіць у індзейцаў пачуцці дбайнага ўласніка маёмасці.

Усё жыццё рэдукцый была рэгламентавана царкоўнымі пастановамі. Былі збудаваны велічныя, багата ўпрыгожаныя храмы. Прысутнасць на набажэнствах усіх жыхароў рэдукцыі была абавязковай. Усе прычашчаліся устаноўленую колькасць разоў. Інакш кажучы, усе жыхары рэдукцыі складалі адзін прыход, прычым выконвалася дзіўная паслухмянасць духоўным айцам. Поль Лафарг у сваей працы прыводзіць сведчанні езуіта Шарлевуа, які адзначаў, што раніцай і ўвечары – да і пасля працы – усе адпраўляліся ў царкву. Цэрквы ніколі не пуставалі. У іх заўсёды прысутнічала значная колькасць прыхажан, які праводзяць свой вольны час у малітвах[5, с.27]. Прама сапраўдны рай з пункту гледжання святароў.

Індзейцы-гуарані, як ужо адзначалася, былі на дзіва таленавітымі людзьмі. Іх таленты праявіліся ў музыцы. З гэтага народа неўзабаве выраслі выдатныя музыканты, кампазітары, спевакі. Аднак музычнае мастацтва было пераважна царкоўным. Іспанскую мову і літаратуру тубыльцы ведалі дрэнна: яны навучаліся на роднай мове (езуіты стварылі азбуку мовы гуарані). У рэдукцыі Кардова была ўласная друкарня, у якой выдавалася пераважна царкоўная літаратура і жыція святых[5,с. 31]. Зрэшты, гэтыя меркаванні пра татальную царкоўнасць культуры можа быць падвергнуты сумніву, паколькі вядома, што музычныя інструменты, зробленыя гуарані, славіліся на ўсім кантыненце. Ёсць звесткі пра аркестры і танцавальныя ансамблі, якія, як вядома, у набажэнствах не ўжываліся[6,с.78].

Узровень злачыннасці ў дзяржаве езуітаў быў надзвычай нізкі. У пераважнай большасці выпадкаў пакарання абмяжоўваліся епітым'яй (малітва і пост), заўвагамі ці публічнай вымовай. Праўда, часам даводзілася ўжываць больш сур'ёзныя меры: пакаранне палкай (не больш за 25 удараў) ці турэмнае зняволенне, тэрмін якога не перавышаў 10 гадоў. Пакарання смерцю не было, хоць і ў дзяржаве гуарані здараліся забойствы. У маральным станаўленні гуарані зрабілі велізарны скачок. Канібалізм у іх асяроддзі быў цалкам ліквідаваны. Айцы дамагліся пераходу пераважна на раслінную ежу, асабліва пад часу посту. Але і мяса індзейцы даволі шырока ўжывалі ў ежу, але не сырое, а спецыяльна для гэтага прыгатаванае. На наш погляд гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы жорсткай рэгламентацыі жыцця ў рэдукцыях. Індзейцам нават забаранялася ўначы выходзіць на вуліцу, а выхад за межы рэдукцыі магчымы быў толькі па блаславенні айца-езуіта[6,с. 112].

У "Горадзе Сонца" Кампанелы сямейныя адносіны адсутнічалі, у дзяржаве ж езуітаў інстытут шлюбу існаваў, аднак ажыццяўляўся ён пад жорсткім кантролем святых айцоў. Дэмаграфічныя меры былі арыгінальнымі. Адзін з падарожнікаў па Парагваі пісаў: "Езуіты заахвочвалі раннія шлюбы Дзяўчынкі, мелі права выходзіць замуж у 14 гадоў, юнакі жаніцца – у 16. Айцы езуіты не дапускалі, каб сталыя мужчыны заставаліся халастымі, а ўсіх удаўцоў, за выключэннем зусім ужо старэчага ўзросту, схілялі да новага шлюбу. Сігнал ранішняга пад’ему давалі звычайна за паўгадзіны да моманту, калі сапраўды трэба было ўставаць”. Ці гэтыя меры, ці высокая сацыяльная абароненасць, далі дзіўны рост насельніцтва: у лепшыя часы колькасць насельніцтва езуіцкай дзяржавы складала не меней за 150 тысяч чалавек (у некаторых крыніцах гаворыцца нават аб 300 тыс. чал.) [6,с.125]. Аднак не ўсё ў гэтай справе было гладка. Вядомыя выпадкі, калі юнакі і дзяўчыны, незадаволеныя шлюбнымі парадкамі, уцякалі з рэдукцыі ў горы. Айцам каштавала вялікіх высілкаў вярнуць іх, а іх шлюбныя сувязі ўзаконіць[6,с. 128].

Аднак, "царству шчасця і дабрабыту", створанаму езуітамі не наканавана было жыць вечна. Свецкія ўлады не раз пісалі даносы і паклёпы на кіраўнікоў дзяржавы езуітаў; аднойчы справа дайшла да папскага расследавання. І наогул езуітамі ў калоніях былі вельмі незадаволены. Яшчэ ў XVII ст. езуіты былі выдалены з усіх партугальскіх уладанняў у Паўднёвай Амерыцы. А ў 1743 г. яны былі афіцыйна абвінавачаны ў нелаяльнасці да іспанскай кароны. Ды і Рым іх не жадаў цярпець іх імкненне да самастойнасці – у гэтым жа годзе ён забараніў езуітам займацца гандлем[7,с. 207].

У 1750 г. паміж Іспаніяй і Партугаліей была падпісана дамова, па якой "дзяржава" езуітаў падзялялася на іспанскую і партугальскую зоны з наступнай эвакуацыяй партугальскіх рэдукцый у іспанскія валадарствы. Гэта каля 30 тысяч чалавек і каля 1 мільёна галоў скаціны. Гэта значыць, што рэальна перасяленне ажыццявіць было вельмі складана. Фактычна гэтыя рэдукцыі аддаваліся партугальцам, якія б іх хутка знішчылі. Таму езуіты сталі пярэчыць гэтай дамове і не падпарадкаваліся загадам іспанскіх улад. З Іспаніі для выканання дамовы быў дасланы езуіт Альтамірано, якому былі дадзены шырокія паўнамоцтвы.

У 1753г. насельніцтва чатырох партугальскіх рэдукцый, адкуль сышлі езуіты, узброілася і адмовілася пераселяцца. Альтамірана піша, што іх падбухторвалі мясцовыя езуіты, якія не падпарадкаваліся загаду. Іспанцы паслалі войскі, але індзейцы разбілі іх. У 1756г. пры паўторным паходзе аб'яднаных іспанскіх і партугальскіх войскаў індзейцы былі разгромлены. У 1761г. дамова паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб перасяленні была анулявана і індзейцаў сталі вяртаць на ранейшае месца жыхарства. Але развал "дзяржавы езуітаў" ўжо было не магчыма прадухіліць – супраць езуітаў быў і Мадрыд і Лісабон.

Былы езуіт Бернардо Ібаньес напісаў правакацыйную кнігу "Езуіцкае каралеўства ў Парагваі", дзе выкрываў “падрыўную” дзейнасць езуітаў супраць іспанскай кароны. Гэтыя матэрыялы былі перададзены ўраду. У выніку ў 1767 г. дзейнасць ордэна езуітаў была забаронена ў Іспаніі і яе ўладаннях ва ўсім свеце. Езуіты паднялі мяцеж супраць іспанскай кароны. Для яго падаўлення было паслана пяцітысячнае рэгулярнае войска. У выніку разгрому дзяржавы езуітаў 85 чалавек было павешана, 664 асуджана на катаргу. Больш за 2200 езуітаў было выслана за межы іспанскіх уладанняў, у тым ліку 437 – з Парагвая. Да часу разгрому паўстання пад апекай езуітаў толькі ў Парагваі было 113 тысяч індзейцаў. Некаторы час індзейцы супраціўляліся і спрабавалі абараніць сваіх айцоў-езуітаў, але затым сталі разбягацца. "Дзяржава" была разбурана, рэдукцыі апусцелі. Канчатковы ўдар па рэштках дзяржавы езуітаў зрабіў папа Клімент XIV, які ў 1773 г. забараніў дзейнасць ордэна езуітаў[1,с.18].

Да 1835г. на землях былой "езуіцкай дзяржавы" пражывала каля 5 тыс. гуарані. Гэты народ існуе дагэтуль, як дагэтуль стаяць разваліны велічных храмаў з пышна выкананымі барэльефамі, якія напамінаюць нашчадкам пра адзін з цікавейшых сацыяльных эксперыментаў па стварэнні “царства Божага” на зямлі, які ажыццявілі езуіты ў Паўдневай Амерыцы ў ХVII – XVIII стагоддзях.

ЛІТАРАТУРА І КРЫНІЦЫ

1. Андреев А.Р. История ордена иезуитов. Иезуиты в Российской империи. XVI- начало XIX века/А.Р. Андреев . – М.: Русская панорама, 1998, – 256 с.

2 Бемер Генрих. История ордена иезуитов / Г. Бемер. – Смоленск: Русич, 2002. – 464 с.

3. Булгаков С.Н. Христианство и социализм/С.Н.Булгаков. – Новосибирск: Наука, 1991. – 386с.

4. Григулевич И.Р. Крест и меч. Католическая церковь в испанской Америке, XVI-XVIII вв./ И.Р. Григулевич. – М.: Наука,1998. – 295с.

5. Лафарг Поль. Иезуитские республики / П. Лафарг. - Спб.: Русский путь, 1904. – 81с.

6. Сомин Н.В. Государство иезуитов в Парагвае / Н.В. Сомин. – М.: «Ковчег»,2006. – 278с.

7. Сомин Н.В. Экономические категории в священном писании и церковном учение / Н.В. Сомин. – М.: «Ковчег», 2003. – 236с.

8. Светловский В.В. Коммунистическое государство иезуитов в Парагвае в XVII и XVIII ст. / В.В. Светловский – Петроград, Путь к знанию, 1924. – с.85.

9. Фийор Ян Утопия или земной рай? Первое в мире коммунистическое общество / Я. Фийор. // Истина и жизнь. – 2001. – № 4. – С.32-39.

10. Шафаревич И. Р. Социализм как явление мировой истории : в 3-х томах / И.Р.Шафаревич. – Т.2, М.: Наука, 1994. – 427с.



11. Энциклопедия «Вокруг света”.http://www.vokrugsveta. ru/telegraph/ history/210. – Дата доступа:12.10.2012.
: Files
Files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
Files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
Files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
Files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
Files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
Files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
Files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
Files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
Files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка