Да старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Васілевіча Р. А



Дата канвертавання15.05.2016
Памер104.92 Kb.
Да старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь,

Васілевіча Р.А.,

220016, г. Менск, вул. К.Маркса, 32,

    тэл. (017) 227 80 12


Грамадзяніна Рэспублікі Беларусь,

Аляксея Лапіцкага,

50 год Кастрычніка 8А-30,

222160, г. Жодзіна, Менскай вобласьці,

Т/ф.: 8 (1775) 34970,

Маб. 8 (029) 6849822


Канстытуцыйная скарга
Неабходнасьць прыняцьця канстытуцыйных правак у артыкулы

33 (Свабода слова, думкі і перакананьняў …),

31 (Свабода веравызнаньня),

63 (Выключэньні з абмежаваньня правоў

у надзвычайных сытуацыях),

23 (Дапушчальныя ўмовы абмежаваньня правоў і свабодаў) Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прывядзеньня Асноўнага Закону краіны ў адпаведнасьць з прынятымі Беларусьсю для абавязковага і безумоўнага выкананьня палажэньнямі Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.



І. Маю неабходнасьць паставіць перад Вамі наступную праблему, якая зьвязаная з неадпаведнасьцю палажэньняў дзейснай Канстытуцыі РБ міжнародным нормам права, абавязковым для Беларусі як Краіны-Ўдзельніцы Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (ад 1966г.).
Дадзеныя абставіны наўпрост зьвязаныя з тымі магчымасьцямі, абмежаваньнямі і перашкодамі ў рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў, якія я як грамадзянін Беларусі і адпаведны суб’ект права сустракаю ў штодзёным жыцьці, у грамадзка-палітычнай дзейнасьці.

Закладзеныя ў Асноўным Законе розначытаньні і неадпаведнасьці з агульна прызнанымі міжнароднымі прынцыпамі і нормамі права, адлюстраванымі ў Міжнародных канвэнцыях і дамовах, а таксама грубыя і прынцыповыя памылкі, на маю думку, неправамерна абмяжоўваюць мае правы і свабоды, як правы й свабоды мноства маіх суайчыннікаў, грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, як мне бачыцца, падрываецца вартасьць і дзейснасьць Асноўнага Закону Рэспублікі Беларусь, аказваецца нэгатыўны ўплыў на ўзровень спэцыялізаваных законаў і судавытворчае практыкі ў галіне агульнапрызнаных правоў і свабодаў асобы, дэструктыўнае ўзьдзеяньне на імідж маёй краіны ...
Таму, прашу ўважліва аднесьціся да ніжэй пазначанага і прыняць неабходныя захады для тэрміновага і дзейснага выпраўленьня сытуацыі.
Такім чынам, прапаную зьвярнуць увагу на тое, як у параўнаньні з палажэньнямі Міжнароднага Пакту ў Кантсытуцыі РБ адлюстраваныя:

1) неад’емнае права грамадзянаў на СВАБОДУ ДУМКІ, СУМЛЕНЬНЯ І РЭЛІГІІ,

а таксама

2) межы дапушчальных абмежаваньняў для агульна прызнаных грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў.


ІІ. Для гэтага неабходна прааналізаваць артыкулы 18, 19, 4(2), 5(1) Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулы 31, 33, 23, 63 Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь.
А. ПРАВА НА СВАБОДУ ДУМКІ, СУМЛЕНЬНЯ І РЭЛІГІІ,

выкладзенае ў арт. 18 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей МПГПП альбо Міжнародны Пакт) тычыцца права на “свабоду мець альбо прымаць рэлігію ці перакананьні па ўласным выбары ды свабоду вызнаваць сваю рэлігію й перакананьні як адзінаасобна, гэтак і супольна зь іншымі, публічным альбо прыватным чынам …”.

Дадаткова ў артыкуле 19 МПГПП вызначаецца права на “свабоднае выказваньне свайго меркаваньня”. “Гэтае права ўлучае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці сродкамі друку, ці мастацкіх формаў выказваньня, ці іншымі спосабамі па свайму выбару.”
Пры гэтым, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дадзенае палажэньне фактычна падзяляецца на дзьве часткі:

1) права на свабоду рэлігіі (веравызнаньня), выкладзенае ў артыкуле 31;

2) права на “свабоду поглядаў, перакананьняў і іхнае свабоднае выказваньне”, выкладзенае ў артыкуле 33 Асноўнага Закону.

А права на свабоду рэлігіі ў Канстытуцыі выкладзена ў адпаведнасьці з падобнай часткаю артыкула 18 Міжнароднага Пакту.


Аднак, вельмі важны для дэмакратызацыі грамадзтва артыкул 33 Канстытуцыі РБ, якім фактычна прапісанае права на свабоду слова (свабоднае выказваньне меркаваньняў) – выкладзены ў відавочна скарочаным выглядзе. Акрамя таго, ён не адлюстроўвае сэнсу міжнароднай нормы, зь якой гэтае права, пры напісаньні адпаведніка ў Канстытуцыі РБ было адасоблена вылучана.

Так, у параўнаньні з правам на свабоду рэлігіі (арт. 31 Канстытуцыі), права на свабоду меркаваньняў і поглядаў (арт. 33 Канстытуцыі) губляе прапісаную ў Міжнародным Пакце свабоду “мець альбо прымаць … перакананьні па ўласным выбары і свабоду вызнаваць … перакананьні як аднаасобна, гэтак і супольна зь іншымі, публічным альбо прыватным чынам …”, альбо як прапісана ў арт. 31 Канстытуцыі РБ “выказваць і распаўсюджваць перакананьні” (натуральна, у дадзеным выпадку – не зьвязаныя зь рэлігіяй).


І, у выніку, атрымліваецца так, што артыкулам 33 Канстытуцыі РБ “кожнаму гарантуецца свабода меркаваньняў, перакананьняў і іхнае свабоднае выказваньне.”

Але пры гэтым, тут цалкам зьнікла значная для дадзенага права магчымасьць “вызнаваць перакананьні як аднаасобна, гэтак і супольна зь іншымі, публічным альбо прыватным чынам” (!?) А таксама – фармулёўка, у якой дакладна прадстаўляюцца больш шырокія магчымасьці, а менавіта – “выказваць i распаўсюджваць перакананьнi” “асабiста альбо супольна зь iншымi”.

Такім чынам, дадзеная ў арт. 31 магчымасьць “выказваць і распаўсюджваць” рэлігійныя перакананьні, для “свабоды слова” (у арт. 33) выглядае, чамусьці, зусім сьціпла й зводзіцца да магчымасьці проста “свабодна выказваць” уласныя меркаваньні … (!?)
Гэткая розьніца ў фармулёўках у дачыненьні да роўных па статусе асноўных грамадзянскіх правоў (права на свабоду рэлігіі і права на свабоду перакананьняў) пры вызначэньні ступеняў свабоды і шырыні іх публічнага выкарыстаньня, не садзейнічае ў аднаабразным прачытаньні і выкарыстаньні дадзеных нормаў права на практыцы.
І сапраўды, відавочна, што тут узьнікае недапушчальная для Закона верагоднасьць зусім адвольнага тлумачэньня сэнсу фармулёўкі – “свабоднае выказваньне”.

Пры гэтым, у МПГПП усё на гэты конт дакдладна прапісана і “свабоднае выказваньне меркаваньняў” азначае тут свабоду распаўсюджваць уласныя меркаваньні, а менавіта

“… распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова альбо сродкамі друку ці мастацкіх формаў выказваньня, ці іншымі спосабамі па ўласным выбары” (арт. 19 (2) МПГПП).

Таму, тут (у арт. 33 Канстытуцыі РБ) у гэтай частцы назіраецца значнае і прынцыповае розначытаньне зь міжнародным стандартам права.
Такім чынам, можна канстатаваць, што нават пры параўнаньні двух артыкулаў Канстытуцыі РБ (арт. 31 і арт. 33), якія тычацца адной міжнароднай нормы, прапісанай у арт. 18 МПГПП – тут можна ўбачыць відавочны адыход ад аднаабразнасьці напісаньня адной і той жа юрыдычнай фармулёўкі.

Гэта для праўных дакумэнтаў узроўню Закона, тым больш Асноўнага Закона Беларусі, не можа лічыцца прыймальным.


І ўрэшце, самым важным бачыцца тое, што пасьля падзелу адной міжнароднай нормы права на дзьве пазначаныя вышэй часткі (арт.31 і арт.33), у Канстытуцыі РБ “права на свабоду поглядаў, перакананьняў i iх свабоднае выказваньне”, раптам, згубіла свой статус імпэратыўнай нормы jus cogens, у дачыненьні да якой не дапускаюцца адступленьні, нават, пры ўвядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне (!?).

Гэта вынікае з артыкулу 63 Асноўнага Закону, у якім утрымліваецца пералік тых правоў (арт. 24, арт.25 (3), арт. 26, 31 Канстытуцыі), якія нельга абмяжоўваць у самых надзвычайных абставінах.

Аднак, у Міжнародным Пакце разглядаемы намі артыкул 18, які рэгулюе “права на свабоду рэлігіі” і “права на свабоду перакананьняў” – цалкам адносіцца да падобнай, неабмяжоўваемай у падобных абставінах катэгорыі нормаў права.
Кампэтэнтную падтрымку прыведзенаму заключэньню можна занайсьці наўпрост у адпаведных дакумэнтах ААН.

Напрыклад, у “Заўвагах агульнага парадку, прынятых Камітэтам па правах чалавека ААН у адпаведнасьці з п.4 арт. 40 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 19 траўня 1989 году”, зробленых ва ўводзінах да дакумэнту CCPR/C/21/Rev.1, прысутнічае наўпростае падцьверджаньне правільнасьці прыведзенага вышэй меркаваньня.

Так, у гэтым афіцыйным дакумэнце Камітэту па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, наўпрост адрасаваным дзяржавам-удзельніцам з мэтаю “садзеяньня ў далейшым выкарыстаньні імі Пакту”, адносна арт. 18 Міжнароднага Пакту адзначаецца літаральна наступнае:

… права на свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі (улучае свабоду перакананьняў), прадугледжанае ў пункце 1 артыкулу 18, ёсьць даволі шырокім і глыбокім; яно ахоплівае свабоду думкі па ўсіх пытаньнях, а таксама погляды чалавека і адданасьць рэлігіі альбо перакананьням, вызнаваемым як адзінаасобна, гэтак і супольна зь іншымі. Камітэт зьвяртае ўвагу дзяржаваў-удзельніцаў на тое, што свабода думкі і свабода сумленьня абараняюцца ў гэткай жа ступені, як і свабода рэлігіі і перакананьняў. Аб асноватворным характары гэтых свабодаў сьведчыць і той факт, што ў адпаведнасьці з пунктам 2 артыкула 4 Пакту нават у пэрыяд надзвычайнага становішча не дапускаецца ніякіх адхіленьняў ад гэтай нормы.”
ПАДСУМАВАНЬНЕ
Такім чынам, можна зрабіць выснову аб тым, што дзейсная Беларуская Канстытуцыя ў гэтай частцы неадпавядае палажэньням Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. А права на «свабоду слова і … сумленьня » (свабоднае выказваньне і распаўсюд меркаваньняў … перакананьняў) у палажэньнях Канстытуцыі РБ (33; 63) неправамерна губляе неабходную для нормы права аднаабразнасьць і канкрэтыку, пазбаўляецца статусу jus cogens і ў парушэньне арт. 4 (2) і арт.5* Міжнароднага Пакту атрымлівае цалкам неабгрунтаваныя і недапушчальныя дадатковыя абмежаваньні.
У дадзеным выпадку, відавочна, мае месца парушэньне прынцыпу Pacta sund Servanda Венскай Канвэнцыі аб абавязковасьці для Краінаў-Удзельніцаў палажэньняў падпісаных імі міжнродных дамоваў.
Пасьля прыведзенай аргумэнтацыі, думаецца, падобная сур’ёзная і непрыемная выснова не выглядае нейкай суб’ектыўнай ацэнкаю, а наўпрост вынікае з таго фактычнага матэрыялу, які прадстаўляецца тут у выглядзе палажэньняў дзейсных міжнародных дакумэнтаў і Беларускай Канстытуцыі …
Б. АСОБНАЕ СУР’ЁЗНАЕ ПЫТАНЬНЕ КАНСТЫТУЦЫІ РБ – НЕДАПУШЧАЛЬНАЕ ПАШЫРЭНЬНЕ МЕЖАЎ АБМЕЖАВАНЬНЯ ПРАВА НА СВАБОДУ СЛОВА …
Нельга не адзначыць, яшчэ адну вельмі сур’ёзную акалічнасьць у кантэксьце разглядаемай у арт. 33 Канстытуцыі РБ нормы права.

Так, пры параўнаньні Міжнароднага Пакту і Канстытуцыі РБ было даволі проста заўважыць, што “свабода слова” альбо права на “свабоду перакананьняў” тут, страціўшы свой пачатковы статус нормы jus cogens, атрымала звычайны, больш жорсткі характар абмежаваньняў, рэгулюемы палажэньнем артыкулу 23 Асноўнага Закону.

Аднак пры гэтым, у апошнім, аказваецца, адсутнічае такі вызначаны міжнародным правам крытэр дапушчальнасьці абмежаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў, як “неабходнасьць у дэмакратычным грамадзтве”.

Так, уводзімае дзяржаваю абмежаваньне мусіць мець законныя мэты і быць сувымеральным, абсалютна абгрунтаваным з пункту гледжаньня ягонай “неабходнасьці ў дэмакратычным грамадзтве”. Гэты крытэр адразу звужае шкалу верагодных непрадказальных і неправамерных абмежаваньняў пры рэалізацыі дадзеных правам кожнаму грамадзяніну правоў і свабодаў.

І гэта ёсьць міжнародным стандартам – прызнаным у якасьці абавязковай нормы для ўсіх Краінаў-Удзельніцаў высокага міжнароднага пагадненьня, Міжнароднага Пакту.

ТАМУ, у дадзеным кантэксьце прыходзіцца зрабіць яшчэ адну даволі сумную выснову і канстатаваць наяўнасьць у палажэньнях дзейснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь недапушчальна распашыраных рамак абмежаваньняў у дачыненьні да ўсіх прапісаных у Міжнародным Пакце грамадзянскіх і палітычных правоў.

Абсалютна зразумела, што памер абмежаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў без уліку дадзенага крытэру – значна большы за той, які вызначаны міжнародным правам і дамоваю, падпісанай Рэспублікай Беларусь.



І гэта ёсьць – сур’ёзным адхіленьнем ад міжнароднага стандарту ў Беларускім Асноўным Законе.
Відавочна, што пакуль не будуць выпраўленыя адзначаныя неадпаведнасьці ў дзейснай Канстытуцыі РБ, якія ёсьць наўпростым парушэньнем арт. 5 (1) Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, аўтарытэт Рэспублікі Беларусь як дабрасумленнага міжнароднага партнэра і дэмакратычна арыентаванай краіны будзе пад вялікім пытаньнем.

Нагадаю, што гэтая норма права вызначае, што ніводны суб'ект права ня можа прымаць дзеяньні, «скіраваныя на зьнішчэньне любых правоў ці свабодаў, прызнаных у сапраўдным Пакце, ці на абмежаваньне іх у большым памеры, чым прадугледжваецца ў сапраўдным Пакце.”



ІІІ. ПРАПАНОВЫ НЕАБХОДНЫХ КАНСТЫТУЦЫЙНЫХ ПРАВАК
У сувязі з вышэй пазначанымі памылкамі, адхіленьнямі і сэнсоўнымі неадпаведнасьцямі Канстытуцыйных палажэньняў Міжнародным Стандартам права ў галіне Правоў Чалавека, выкладзеным у Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах,

зьвяртаю Вашу ўвагу на неабходнасьць іх неадкладнага і безумоўнага выпраўленьня і



ПРАШУ Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь вынесьці адпаведнае матываванае рашэньне (заключэньне) і распачаць працэдуру ўнясеньня неабходных правак у Асноўны Закон Беларусі.

Адносна фармулёвак – у выпадку захаваньня ў далейшым існуючага ў Канстытуцыі РБ падзелу вызначанай артыкулам 18 Міжнароднага Пакту нормы права, на свабоду веравызнаньня (арт. 31 Канстытуцыі РБ) і на свабоду перакананьняў (арт. 33 Канстытуцыі РБ),



лічу неабходным і ПРАШУ:

1) да пераліку артыкулаў, якія ўтрымліваюць апісаньне правоў, што не падлягаюць абмежаваньням у надзвычайных сытуацыях (у арт. 63 Канстытуцыі РБ),

дадаць артыкул 33 Канстытуцыі РБ;

а таксама,

2) у артыкул 23 Канстытуцыі РБ, дзе прыводзяцца законныя крытэры абмежаваньня правоў і свабодаў, дадаць норму, якая патрабуе, каб уводзімае дзяржаваю абмежаваньне грамадзянскага альбо палітычнага права было, пры гэтым, «неабходным у дэмакратычным грамадзтве»;

3) зрабіць аднаабразнымі фармулёўкі ў артыкулах 33 і 31, якія тычацца права “свабодна выказваць” альбо “меркаваньні і перакананьні” (у арт. 33), альбо “перакананьні, зьвязаныя з адносінамі да рэлігіі” (у арт. 31) – прапісаць дакладна, што гэтае права (у арт. 33) прадугледжвае “свабоду распаўсюджваць” адпаведную “інфармацыю і ідэі вусна, пісьмова ці праз сродкі друку, а таксама праз мастацкія формы выказваньня ці іншымі спосабамі на ўласны выбар”.
Дадаткова, варта падкрэсьліць – кожны з грамадзянаў у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў ёсьць асобным, паўнавартасным суб’ектам міжнароднага права.

Ягоныя ўзаемадачыненьні з уласнай краінаю таксама знаходзяцца ў рэчышчы і пад аховаю агульнапрызнаных міжнародных нормаў права, адлюстраваных у выпрацаваным і падпісаным краінамі-ўдзельніцамі Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.



Таму, было б цалкам лягічным, абгрунтаваным і правамерным, зрабіць кожнага грамадзяніна Беларусі правамоцным суб’ектам Канстытуцыйнага звароту ці скаргі па пытаньнях, зьвязаных з адпаведнымі праблемамі ўсяго спэктру вызначаных міжнародным правам неад’емных грамадзянскіх і палітычных правоў.
У сувязі з гэтым,

дадаткова настойліва ПРАШУ Канстытуцыйны Суд

4) вырашыць пытаньне па ўвядзеньні інстытуту “прыватнае канстытуцыйнае скаргі” з наданьнем кожнаму грамадзяніну права наўпрост зьвяртацца ў Канстытуцыйны Суд Беларусі для атрыманьня адпаведных паўнамоцных рашэньняў па пытаньнях у галіне Правоў Чалавека.

18.09.2007г. ____________________ Аляксей Лапіцкі
: wp-content -> uploads -> 2008
2008 -> Торстэн Гэрбст (Германія). У сваёй прэзентацыі ён закране аспекты ўжывання лінгвістычных сродкаў у міжнародных перамовах, міжкультурнай камунікацыі, грамадскіх кампаніях І pr-тэхналогіях, а таксама адкажа на ўсе Вашы пытанні
2008 -> Людзі не пайшлі на фальшывыя выбары
2008 -> №1/цвк-я у менскую аблсаную пракуратуру
2008 -> №1/PryvSkarha Менскі гарадзкі суд
2008 -> №3/цвк-я Старшыні цвк рб
2008 -> “Адукацыйныя праграмы па правах чалавека: еўрапейскі і беларускі досвед”
2008 -> Kаhстытуцыя рэспублiкi беларусь
2008 -> Міжнародны адукацыйны семінар «Навучанне дэмакратыі ў штодзённасці»
2008 -> Паважаны Аляксандар Уладзіміравіч
2008 -> Сообщение №780/1997, Лапцевич против Беларуси




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка