Дары Артабана (сцэнка на Божае Нараджэнне)



Дата канвертавання01.07.2016
Памер101.5 Kb.
Дары Артабана (сцэнка на Божае Нараджэнне).
Вядучы:

У дні караля Ірада, у беднай пячоры каля Бэтлеема нарадзіўся Хрыстуc, доўгачаканы Месія Ізраэля, Збаўца свету. Прадказваючы Яго нараджэнне, на ўсходзе ўзышла яркая зорка. Яна ззяла настолькі незвычайным святлом, што яе не маглі не заўважыць мудрацы ўсходняй краіны, якія кожную ноч назіралі за рухам свяцілаў на небе. Яны таксама заўважылі, што яна рухаецца ў бок Юдэі, старажытнай зямлі, прарокі якой з даўніх часоў прадказвалі, што аднойчы там народзіцца Вялікі Кароль, пасланы ад Бога для збаўлення людзей. Мудрацы-астраномы зразумелі, што новае свяціла – гэта Божы знак, значыць, прыйшоў час і Кароль нарадзіўся. І вырашылі яны пайсці ў Юдэю, каб пакланіцца нованароджанаму Каралю і Збаўцы свету і прынесці яму свае дары. Мудрацы-астраномы прызначылі час і месца сустрэчы і пачалі збіраць караваны, каб у прызначаны дзень адправіцца ў шлях. Быў сярод іх і Артабан, чалавек мудры, хоць і не багаты. Ён шанаваў Бога і ўсё жыццё шукаў Праўду. Прадаў Артабан усю сваю маёмасць, на атрыманыя грошы купіў тры каштоўныя камяні, каб паскласці іх каля ног Караля. Ён лічыў, гэтыя камяні павінны прынесці шчасце нованароджанаму Збаўцы.


Дзеянне першае.

(Дом Артабана)


(адкрываецца заслона; на сцэне Артабан і двое яго сяброў, яны сядзяць за сталом і вядуць развітальную гутарку)
Першы сябар:

Дарма, напэўна, Артабан,

Сваю маёмасць ты растраціў,

На небе зорка – раптам ўсё падман?’

І з-за падману ўсё ты страціў.
Другі сябар:

Не, пачакай, ён мудры чалавек,

І кожнай зоркі ведае значэнне,

Раз Артабан задумаў усё так,

То поспех будзе без сумнення!
Артабан:

Што словы тут кідаеце дарэмна?

Размовы неразумна больш цягнуць.

Даў знак Ўсявышні – гэта зразумела,

І ці ж магу не верыць я Яму?

Мяне у шлях далёкі зорка кліча,

Каб пакланіцца Збаўцы, Каралю,

Ці шчасце гэтае манетамі палічыш?

А гэты дар я прынясу Яму.
(пляскае ў далоні. Слуга прыносіць у куфэрку тры каштоўныя камяні: сапфір, рубін і пярліну)
Артабан: (паказваючы кожны камень асобна)

Сапфір – нябёс блакітная часцінка,

Сляза нябеснай чысціні,

Нібыта святасці іскрынка

І светлай Божай дабрыні.

А вось рубін – чырвоны водсвет сонца,

Цудоўных фарбаў пераліў,

Рабрынкі гладкія прыгожа

Ў адну, як формула, спляліся.

Пярліна – белая пяшчота,

Усмешка Божага святла!

Ўсе камяні занесці прагну

Для Збаўцы нашага Хрыста!

Першы сябар:

Што ж, Артабан, твая святая вера

Ўсялякай годна пахвалы,


Другі сябар:

Няхай дасць Бог ў шляху табе быць першым,

Каб Збаўцу чым хутчэй убачыў ты.
(Развітваюцца, абдымаюцца. Сябры ідуць у адзін бок, Артабан і яго слуга ў іншы. Заслона закрываецца)

Дзеянне другое.

(Дом хворага габрэя)

Вядучы:

Да месца збора патрэбна было ехаць некалькі дзён. Артабан вельмі баяўся спазніцца. Днём было нясцерпна горача. А ноччу ветрык навяваў прахалоду і над галавой, нібы вялікая лампада, плыла зорка, паказваючы шлях. “Вось ён – знак Божы”, - гаварыў сам сабе Артабан. Аднойчы зорка спынілася над беднай хатай. Артабан вырашыў зазірнуць у гэты дом, тым больш што ён і яго караван патрабавалі адпачынку. Але ў гэтым доме яго чакаў зусім не адпачынак – хворы чалавек ляжаў на ложку і паміраў. Не было каму яму дапамагчы. Давялося Артабану заняцца яго лячэннем, бо Мудрэц ведаў сакрэты аздараўлення.
(Бедны пакой. На ложку ляжыць хворы чалавек і стогне. Побач стаяць Артабан і яго слуга).
Артабан:

О, Божа мой, скажы, што мне рабіць?

І ворагу не зычу я такога,

Павінен я да Збаўцы паспяшыць,

А чалавек у муках страшных стогне.

Я не магу сустрэчу прапусціць,

Спазніцца не магу ніяк,

І кінуць не магу сяброў маіх,

Хутчэй, хутчэй у шлях!
Хворы: (стогне)

О Міласцівы Божа! Піць!


Артабан: (слузе)

Вады і лекаў дай маіх хутчэй,

Ад іх павінна стаць лягчэй паволі.
Слуга: Вы ж загадалі запрагаць каней.
Артабан: (з жалем)

Мы застаёмся, так заўгодна Богу.


(Слуга дае лекі паміраючаму. Абодва яны схіляюцца над ложкам хворага)
Слуга:

О пане, гэта ж ліхаманка,

Няхутка ачуняе хворы той,

Тут дзень-другі пры ім правесці варта,

Але ж вярнуцца прыйдзецца дамоў!
Артабан:

Я разумею, але што рабіць?

Ісці да Збаўцы без спагады ў сэрцы?

Заварвай зёлкі, будзем мы лячыць,

Хоць і душа за зоркаю імкнецца.
(Зноў схіляюцца над хворым, даючы яму лекі. Хворы ачуняў, яму ўжо відавочна лягчэй)
Хворы:

О, хто ты, добры чалавек?

Цябе сам Саваоф паслаў мне ў суцяшэнне,

Я за цябе маліцца буду век,

Ты падарыў мне ацаленне!

Я параўнаць сябе мог з Ёвам,

А зараз я зусім здаровы!
(спрабуе падняцца з ложка)
Ад гаспадаркі дзе мае ключы?
Артабан: (стрымліваючы яго)

Ды ты ж зусім слабы, маўчы!


Хворы:

О не! Здаровы я! Як адудзячыць вам?

Я золата не маю, сыне,

Ды за цябе маліцца буду ўсцяж

Да Яхвэ, хай свяціцца Яго імя!
Артабан: (усхвалявана)

Дык ты, стары, габрэй?

Скажы, скажы хутчэй!
Хворы:

Так, о мой пане, я габрэй.

Мой род ідзе ад Абрагама,

Але ж чаму сумуеш, пане?


Артабан:

Прычына смутку ёсць ў мяне,

Сустрэчу важную я прапусціў,

І зараз у далёкую зямлю

Адзін павінен я ісці.
Хворы:

Дазволь старому мне пытанне,

Куды спяшыць ты мусіш, пане?
Артабан:

Свяціла дзіўнае я бачыў на усходзе,

Яно вясёлкай ззяла над зямлёй,

Я зразумеў – Бог споўніў Свае словы,

Паслаў Месію ў свет, што збавіць ад грахоў.

Шлях зорка паказала у Юдэю,

І я пайшоў, даверыўшыся ёй,

Ён нарадзіўся пасярод габрэяў,

Ды дзе? – не ведаю, о сябра мой!
Хворы:

Прадказвалі Месію ўсе прарокі,

Бог даў табе знаменне з вышыні,

У кнігах нашых напісана многа,

Пра Збаўцу, да якога крочыш ты.

Я бачу сэрца вернага імкненне,

І зорка будзе зноў табе гарэць,

Ідзі хутчэй, без ўсякага сумнення

У горад Юды, званы Бэтлеем.
Артабан:

О, дзякуй, сябра, за такую вестку!

Ну што ж, спяшаймася хутчэй!

Хворы:


За ўсё я ўдзячны Пану свайму Богу,

Цябе паслаў, каб стала мне лягчэй!


(Артабан і яго слуга бяруць рэчы і сыходзяць, хворы габрэй махае ім. Заслона зачыняецца)

Дзеянне трэцяе.

(Дарога)

Вядучы:


Доўга ішоў Артабан, і зноў перад ім рухалася зорка, як верны знак Божы, яна паказвала шлях. Але дарога была нялёгкай. Караван Артабана праходзіў праз вялізныя распаленыя сонцам пустыні і квітнеючыя прахалодай аазісы, падарожнікам трапляліся вялікія і малыя гарады, на сваім шляху яны сустракалі мноства розных людзей. Артабан яшчэ не траціў надзеі, што дагоніць караван сваіх сяброў. Да ўсіх, каго сустракаў, ён звяртаўся з пытаннем: Ці не праходзіў тут караван з усходу? Але, на жаль, каравану не было. Артабан быў моцна стомлены, сілы ўжо пакідалі яго.
(Сцэна іграецца перад закрытай заслонай)
Артабан:

О, гэты шлях! Адна тут таямніца,

Ці хопіць сілаў нам прайсці яго?

О сябра, дай вады напіцца,

Скажы, ты, можа, бачыў мудрацоў?

Напэўна, я спазніўся… як мне цяжка!

І вы не сустракалі караван?

А вы?.. Ну, добра, час не будзем траціць,

Наперад хутка пойдзе Артабан!
(У знямозе Артабан падае на рукі слугі)

Слуга:


Ў шляху стаміліся Вы моцна,

І сілы крочыць больш у Вас няма.


Артабан:

Ах, каб нас хтосьці да заходу сонца

Згадзіўся ў якой карчме прыняць!
Слуга:

Ды грошай ў нас няма, мой пан,

Магчыма, Вам рубін прадаць?

Далей ісці няма нам як –

І коні стомленыя, ды і мы – ніяк.

Артабан (пасля пакутлівых сумненняў)

Прадам! Нішто не варта ў свеце,

Сустрэчы з Богам, Каралём

Мы адпачнём, і са спакоем ў сэрцы

Працягваць будзем шлях. Дзе ж рынак камянёў?


(Сыходзяць. Заслона)
Вядучы:

Артабан прадаў першы свой камень, на гэтыя грошы ён зняў гасцініцу, дзе мог падмацаваць свае сілы, пакарміць коней і слуг. І праз некалькі дзён караван зноў адправіўся ў шлях. Канешне, Артабан ужо не спадзяваўся дагнаць сваіх сяброў, каб разам з імі працягнуць падарожжа. Але Ён цяпер ведаў дакладна, дзе нарадзіўся Кароль, і быў поўны надзеі, што аднойшы схіліцца перад Ім і прынясе яму два каштоўныя камяні, якія ў яго засталіся. Удзень Артабан арыентаваўся па сонцы, а ноччу на небе ўзыходзіла яркая зорка, і гэта ўмацоўвала Артабана ва ўпэўненасці, што яго караван ідзе ў правільным кірунку. Вось і яшчэ адзін горад сустрэўся на шляху Артабана. Што чакае яго тут?



Дзеянне чацвёртае.

(Усходні горад)

Артабан ідзе па вуліцы, насустрач яму жаўнеры, яны вядуць звязаную дзяўчыну.
Дзяўчына:

О людзі добрыя! О Божа дарагі!

Памёр мой бацька, за яго даўгі

Мяне на рынак хочуць зацягнуць,

І зараз у рабыні прададуць!

Я да Цябе ўсклікаю, Божа!

Пашлі таго, хто дапаможа!
(Бачыць Артабана, кідаецца да яго)

О, змілуйся над беднай, пане,

Я вас не ведаю, але да вас ўсклікаю!

Я бачу, годны погляд ваш і добры…


Жаўнер: (спрабуе адарваць дзяўчыну ад Артабана і штурхае яе наперад)

Ідзі, стаць ужо даволі!

І ты ідзі сваёй дарогай,

Тут спачувальных надта многа!


Артабан:

Шкада цябе, ды чым дапамагчы?


Дзяўчына:

Калі б заклад унесці б тут змагчы…

О, не марудзьце, бо і ў Вас, напэўна,

Дачка такая ёсць у доме

Бог адудзячыць вам бязмерна,

І ёй пашле калісьці дапамогу.


Артабан: (паказваючы ёй камень сапфір)

Вось тое, што пакуль я маю,

Я гэты камень для Хрыста бярог,

Але табе адмовіць я не ў стане,

Няхай суддзёй мне будзе Бог!
Артабан: (жаўнеру)

Табе загадваю дзяўчыну адпусціць,

Я буду выкуп за яе плаціць!
(Дае жаўнерам сапфір, тыя ўважліва яго разглядаюць, яшчэ не верачы, што гэта каштоўны камень. Урэшце бяруць, адпускаюць дзяўчыну і сыходзяць)

Артабан:


Ідзі, дзіця, і заставайся з Богам!

Няхай Ён сцеражэ цябе ад злога!

Не мог не даць табе я дапамогі,

Відаць, было так Усявышняму заўгодна!


Дзяўчына:

Якое шчасце! Я на волі!

О пане мой, я так удзячна Вам!

Але чаму вы ў смутку і трывозе?


Артабан:

Іду да Караля,

Па зорках шлях я вылічыў таемны,

І зараз я спяшу на пакланенне

Яму – Месію, Збаўцы ўсяго свету…

Але, ужо другі я дар патраціў,

І гэта мне прадказвае няўдачу.

Але ці лёс змагу я падмануць?

Няўжо нядобрым шляхам я іду?

Дзяўчына:

О пане, не сумуй, Бог не пакіне!

Ён выканае вашы мары ўсе,

Шчаслівым будзе шляху завяршэнне.
Артабан:

Як цешаць словы, мілая, твае.

Мне дастаткова слоў тваіх, каб я не сумняваўся.

Бо у мяне апошні дар застаўся. Бывай!


(Артабан сыходзіць. Дзяўчына махае яму ўслед. Заслона.)
Дзеянне пятае.

(Бэтлеем)
Вядучы:

Нарэшце падарожнікі дасягнулі канца свайго шляху – перад Артабанам распасціраўся старажытны Бэтлеем, у якім калісьці жыў Давід, кароль Ізраэля, а зараз нарадзіўся новы Кароль – Збаўца свету. Артабан ужо прадчуваў салодкі момант жаданай сустрэчы і думаў, як Ён паднясе Каралю апошняе, што ў яго засталося – каштоўную пярліну. Але ў які дом пастукацца, каб даведацца, дзе нарадзіўся Кароль? Артабан вырашыў зайсці ў самы першы дом, які стаяў на ўскрайку горада.


(Артабан і яго слуга стукаюцца ў дом, дзверы адчыняе маладая жанчына з дзіцём на руках)
Жанчына:

Хто стукае у дзверы гэтак позна?

Шаноўны пане, мы Вам рады, просім,

Мой дом заўжды прымае падарожных,

У доме госць – для нас узнагарода.

Гасціннасці нас вучыць Усявышні,

Бо для яго ніхто з нас тут не лішні.
Артабан:

Дзякуй, добрая гаспадыня!

Доўгі шлях мы ўжо пераадолелі,

Крыху мы адпачнём, а ледзь займецца ранак,

Адразу ў шлях мы выправімся зноў!
(Стук у дзверы, гучны і настойлівы: адчыніце! Згодна з загадам караля! У дом урываюцца жаўнеры, яны штосьці шукаюць па ўсім доме, урэшце бачаць жанчыну з дзіцём і спрабуюць адняць у яе дзіця. Артабан становіцца паміж жанчынай і жаўнерамі)
Жаўнер:

Ты, бачна, іншаземец, і не чуў,

Кароль наш Ірад загадаў да ранку

Забіць ўсіх Бэтлеемскіх немаўлят,

Вось, хлопчыкі, каму да двух гадоў,

Памерці мусяць ўсе да аднаго!


Артабан: Вазьмі каштоўную пярліну, браце,

Пакінь дзіця для маці дарагое,

Не будзь падобны ты да ката,

Інакш сумленне не зазнае больш спакою!


Салдат: (у разгубленасці)

А як жа мне з загадам быць?

Цяпер мяне могуць забіць!
Артабан:

Баішся караля? А Бога не баішся?

Вазьмі пярліну, не чапай хлапчынку!

І духу тут твайго няхай не стане!..


(Жаўнер выхоплівае пярліну з рукі Артабана і хутка выходзіць)
Жанчына: (з удзячнасцю кідаецца збавіцелю ў ногі)

О мой пане! Як мне адудзячыць Вам?

Ад жаху, як ад холаду, я стыну!

Такую ласку аказалі нам,

Уратавалі жыцці мне і сыну!
Артабан:

Не трэба, ўстань. На ўсё ёсць воля Бога.

Я ў гэты дом пастукаў нездарма,

Спяшаўся ўбачыць Збаўцу, Караля,

Які пазбавіць нас пакутаў многіх.

З краёў далёкіх да Яго спяшаўся,

І зорка ясная мне асвятляла шлях,

Тры камяні хацеў Яму прынесці ў дар,

Ды гэта у мяне не атрымалася…

Што прынясу цяпер я Каралю?

З чым я прыйду Месіі пакланіцца?

Жабрак – пакінуў я сяброў, маёнтак свой,

І вось няўдачы мушу пакарыцца.
Голас з неба:

О, Артабан, ты не сумуй дарма.

На небе ты убачыш Караля,

Прыняў твае дары Ён.

Вядучы: Усё, што мы добрага зрабілі ў нашым жыцці, ніколі не прападзе марна. Усё тое дабро, якое мы зрабілі для іншых людзей, мы зрабілі для Бога. Усё, што мы аддалі патрабуючым, чым мы шчодра падзяліліся з бліжнімі, прымае Пан Бог. І Ён жа аддасць нам яшчэ ў больш поўнай меры, таму што хто раздае, той атрымлівае, хто траціць скарбы дзеля Бога на зямлі, той збірае іх на нябёсах, і хто шукае Хрыста, заўсёды знаходзіць любоў!
Сустрэча гэтая прызначана ў нябёсах –

Усіх, хто жыў для Бога і людзей,

Не прагнуў за дабро узнагароды,

Усю сваю надзею меў ў Хрысце!


(На сцэну выходзяць Марыя з Дзіцяткам і Юзаф. Артабан схіляецца перад Хрыстом)
Марыя:

О Пане мой, якую радасць Ты даў мне. Вось Немаўля найчысцейшае, абмытае спрадвечнымі нябёсамі. Маё дзіця, мой сынок і Кароль, гэта цуд. Нікому не адчуць такога. Можаце падысці бліжэй (уваходзяць усе, хто раней з’яўляўся на сцэне). Я пакажу вам Яго. Кожны раз, калі я адкрываю Яго светлы Тварык, я нібы наноў нараджаюся, і доўга не магу зразумець, як гэты цуд мог стацца. Вось Сын Пана нашага, не бойцеся, глядзіце!


(Усе спяваюць песню).
Вядучы: (звяртаючыся да залы)

З Божым Нараджэннем, дарагія дзеці! З Божым Нараджэннем, браты і сёстры!
: images -> stories -> files -> credo -> teatr
teatr -> Знойдзеныя мары … аповед пра Божае Нараджэнне, якое працягваецца Героі
teatr -> К вифлеему не очень далеко” “Да Бэтлеема не вельмі далёка” Лектар 1
teatr -> Калі мы бачылі Цябе, Пане?
teatr -> У цэнтра сцэны крыж. Голас Пана Езуса з укрыцця. Постаці прыходзяць з разных месцаў касцёла Ціхая музыка
teatr -> Батлейка без слоў – музычная батлейка Час каля 20 хвілін Героі
teatr -> Цемра, фанаграмма –гадзіннік, мелодыя – amomentLost Адвэнт – чаканне Голас аўтара
teatr -> Батлейка з нашых часоў музычная батлейка Героі: Юзаф
teatr -> Дакраніся да міласэрнасці (цэлебрацыя для моладзі) І. Уступ




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка