Дасягненні І недахопы ў развіцці гісторыка-прававой навукі беларусі т.І. Доўнар



Дата канвертавання30.06.2016
Памер265.77 Kb.
ДАСЯГНЕННІ І НЕДАХОПЫ Ў РАЗВІЦЦІ ГІСТОРЫКА-ПРАВАВОЙ НАВУКІ БЕЛАРУСІ

Т.І. Доўнар

Амаль усе папярэднія даследчыкі гісторыі дзяржавы і права Беларусі перш за ўсё звярталі ўвагу на недастатковую распрацаванасць і заблытанасць шматлікіх пытанняў дзяржаўна-прававога развіцця беларускага народа, а многія з іх спыняліся на асноўных прычынах такога становішча (М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі, У. Ігнатоўскі, У. Пічэта, Я. Юхо і інш.).

У свой час Я. Юхо падкрэсліваў, што для належнага развіцця прававой навукі неабходны пэўныя ўмовы і падставы, а ў першую чаргу дзяржаўная стабільнасць, пераемнасць і традыцыяналізм у праве. Аднак за апошнія 200 гадоў прававая сістэма ў Беларусі змянялася тройчы: спачатку даволі дасканалае заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, палітыка-эканамічным цэнтрам якога былі беларускія землі, было заменена расійскім, затым расійскае – савецкім, і нарэшце, савецкае – беларускім нацыянальным заканадаўствам [1, c. 281]. Усё гэта аказала значны ўплыў на эвалюцыю права і перашкаджала развіццю айчыннай гісторыка-прававой навукі, тым больш, што на пэўных гістарычных этапах кіруючыя вярхі тых дзяржаў, у склад якіх уваходзілі беларускія землі, не толькі не былі зацікаўлены ў даследаваннях гісторыі беларускага народа, але і забаранялі іх.

Увогуле на працягу стагоддзяў на фарміраванне і развіццё айчыннай прававой сістэмы і адпаведна – гісторыка-прававой навукі ўплывалі шматлікія фактары: сацыяльна-эканамічныя, палітычныя, ідэалагічныя і інш. У тым ліку значны ўплыў на эвалюцыю беларускай дзяржаўнасці і яе гістарычную навуку аказаў рэлігійны фактар. Так, у старажытны перыяд, калі ў беларускіх княствах на змену паганству прыйшла хрысціянская рэлігія візантыйскага накірунку, быў рэзка зменены менталітэт народу. З канца ХIV ст. на беларускіх землях прымусовым шляхам уводзіцца заходні кірунак хрысціянства – каталіцызм, што стала падставай для абвастрэння рэлігійнай сітуацыі. Затым у другой палове ХVI ст. у перыяд Рэфармацыі ўзнікае моцная плынь пратэстантызму, а ў канцы стагоддзя вынікам здаровай ідэі аб’яднання праваслаўнай і каталіцкай цэркваў стала ўзнікненне яшчэ адной царквы – уніяцкай [2, с. 37 – 38]. У сувязі з гэтым рэлігійнае супрацьстаянне ўзмацняецца і пачынае ўсё больш ўплываць на грамадскія і палітычныя працэсы, нягледзячы на тое, што Статут 1588 года заканадаўча замацаваў прынцыпы верацярпімасці і свабоды хрысціянскага веравызнання. Менавіта рэлігійна-канфесійныя праблемы, складанасці дзяржаўнага развіцця і нацыянальнага станаўлення абумовілі значную тэалагізацыю айчыннай гісторыі ў феадальны перыяд, што было характэрным як для самых старажытных мысліцеляў Беларусі (Е. Полацкай, К. Тураўскага і інш.), так і для філосафаў і мысліцеляў ХVI – ХVIII стагоддзяў (М. Сматрыцкага, С. Буднага, братоў Зізаніяў, А. Алізароўскага і шмат іншых).

Падставы ж развіцця айчыннай прававой навукі, у тым ліку гісторыка-прававой, закладваліся з далёкай старажытнасці найбольш адукаванымі людзьмі – мысліцелямі, літапісцамі, дзяржаўнымі дзеячамі, а таксама язычніцкімі і потым хрысціянскімі святарамі. У поле іх зроку з мэтай удасканалення грамадскіх адносін перш за ўсё было асэнсаванне жыццёвых рэалій. Менавіта з гэтай прычыны разам з навуковымі даследаваннямі тагачасных праблем грамадскага і дзяржаўнага жыцця яны спрабавалі філасофскі асэнаваць гістарычнае мінулае і заглянуць у перспектыву. Увогуле першыя веды аб мінулым з’явіліся разам з летапіснымі творамі, у якіх адначасова рабілася пэўная спроба аналізу парэдняга дзяржаўна-прававога развіцця і спраектавання будучага.

Таксама і ў далейшым гістарычная навука была цесна звязана з сацыяльна-палітычнымі і эканамічнымі жыццёвымі рэаліямі і знаходзілася пад уплывам агульных тэндэнцый развіцця дзяржаўнасці. Так, працэс аб’яднання старажытных зямляў і княстваў у складзе Вялікага Княства Літоўскага прывёў да паступовай уніфікацыі права і з’яўлення агульнадзяржаўнага (агульназемскага) заканадаўства, а затым – да яго сістэматызацыі, значнай падставай чаго з’явіліся прававыя дасягненні старажытных беларускіх княстваў, у тым ліку ў сферы палітыка-прававой думкі. Эпоха Адраджэння і Рэфармацыі высвеціла новае кола айчынных мысліцеляў, якія ў асноўным знаходзіліся пад уплывам філасофскіх і палітыка-прававых праблем Заходняй Еўропы. У гэты перыяд знакамітыя беларускія мысліцелі (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, А. Валовіч, Л. Сапега, М. Радзівіл Чорны і інш.) на падставе абагульнення папярэдніх прававых набыткаў рабілі спробу распрацоўкі новай прававой тэорыі, ставячы галоўнай мэтай – удасканаленне існуючых грамадскіх адносін і выпрацоўку больш дасканалых законаў, што ў рэшце і прывяло да сістэматызацыі права і стварэння вельмі дасканалых для свайго часу зводаў законаў – Статутаў 1529, 1566, 1588 гадоў.

Перад тварам пераменаў тэарэтычная думка заўсёды шукае філасофскія і ідэалагічныя арыенціры, якія б аказалі дапамогу ў навуковым асэнсаванні жыццёвых рэалій. Каб вырашаць канкрэтныя праблемы дзяржаўнага жыцця, патрэбны былі веды мінулага і глыбокае разуменне такіх асноватворных паняццяў, як дзяржава, права, грамадства. Менавіта такія беларускія мысліцелі, як Ф. Скарына, А. Волан, А. Алізароўскі, Л. Зізаній, П. Скарга, М. Сматрыцкі, В. Цяпінскі, П. Гезка, М. Чаховіц, С. Будны і інш., на падставе сістэмнага аналізу дзяржаўна-прававога жыцця і дасягненняў еўрапейскай палітыка-прававой думкі выпрацоўвалі ўласнае разуменне паняцця, сутнасці, функцый і значэння дзяржавы і права. Творы гэтых мысліцелей сведчаць аб высокім узроўні айчыннай прававой думкі, а некаторыя з іх (напрыклад, кніга А.Волана “Аб палітычнай свабодзе” ) і зараз гучаць актуальна [3, с.75]. У гэтых творах у пэўнай ступені закраналіся і пытанні айчыннага гісторыка-прававога развіцця.

Перыяду знаходжання беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай былі таксама характэрны пэўныя дасягненні ў прававым развіцці (напрыклад, распрацоўка нарматыўных актаў больш значнай якасці і прагрэсіўнага зместу, у тым ліку законаў несумненнага канстытуцыйнага характару), а таксама актывізацыя гісторыка-прававых даследаванняў. Аднак большасць тагачасных айчынных правазнаўцаў і гісторыкаў знаходзілася пад польскім уплывам, а польскія гісторыкі ўвогуле разглядалі беларускія землі як частку ўласнай тэрыторыі. Адпаведна гэтаму паланізацыйны працэс аказаў значны ўплыў на гістарычную і гісторыка-прававую навуку.

Пасля далучэння Беларусі да Расіі на падставе хуткага пераходу на расійскі дзяржаўны лад і заканадаўства адбываюцца новыя змены ў светапоглядзе беларускага грамадства і народным менталітэце. У гэты перыяд айчынная палітыка-прававая думка пэўны час у большасці засяроджваецца ў Віленскім ўніверсітэце. Да моманту яго закрыцця выкладчыкі (з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы) закраналі шматлікія прававыя праблемы, у тым ліку звязаныя з мінулым беларускага народа, аб чым сведчаць кнігі І.С. Анацэвіча, М.К. Баброўскага, І.М. Даніловіча, І. Лялевеля, Т. Чацкага, Ю.А. Ярашэвіча і інш. [2, с.35]. Увогуле этапу расійскага перыяду гісторыі характэрны адступленне ад набыткаў папярэдняга прагрэсіўнага накірунку дзяржаўна-прававога развіцця і актыўная русіфікатарская палітыка: забарона беларускай мовы і назвы “Беларусь”, адмена дзеяння Статута 1588 года, забарона ўніяцкай царквы, так званы “разбор шляхты”, калі значная яе колькасць была пазбаўлена дваранскай годнасці і шмат іншае. Усё гэта не магло не паўплываць негатыўна на становішча гісторыка-прававой навукі Беларусі.

У той жа час шматлікія навукоўцы (М.П. Дашкевіч, Р.В. Дземчанка, А. Каравіцкі, М.І. Кастамараў, М.В. Каяловіч, I.I. Лапо, Ф.I. Леантовіч, М.К. Любаўскі, М.А. Максімейка, I.А. Маліноўскі, Т. Нарбут, М.Ф. Уладзімірскі-Буданаў, Ю.А. Ярашэвіч, М.М. Ясінскі і інш.) ў кантэксце даследавання т.зв. “Литовско-Русского государства” непасрэдна разглядалі або закраналі некаторыя аспекты беларускай гісторыі. Самай значнай іх заслугай стала апублікаванне шматлікага гістарычнага дакументальна-прававога матэрыялу. Асабліва трэба адзначыць уклад у гэту справу І.М. Даніловіча, які выявіў і апублікаваў шэраг дакументаў і помнікаў права, у тым ліку тэкста Судзебніка 1468 і аднаго са спісаў Статута 1529 г., а таксама апублікаванне збора дакументаў «Скарбніца грамат…» (Вільня, 1860—1862), у якім былі змешчаны вытрымкі ці апісанне каля 2500 розных крыніц па гісторыі дзяржавы і права Беларусі і Літвы [2, с. 35]. У 1814 г. І. Даніловіч пачаў выкладаць у Віленскім універсітэце мясцовае (г.зн. беларуска-літоўскае) права. Ён марыў аб адраджэнні беларуска-літоўскай дзяржавы і мовы Статутаў. У сваіх творах навукоўцы давалі характарыстыку папярэдніх прававых набыткаў, аналізавалі гістарычнае развіццё асобных галін і інстытутаў права, вышэйшых і мясцовых органаў кіравання Вялікага Княства Літоўскага, асабліва звярталі ўвагу на органы ўлады, у тым ліку на дзейнасць сойма і павятовых соймікаў і г.д. Менавіта творы гэтых навукоўцаў сталі значнай ступенькай у фарміраванні айчыннай гісторыка-прававой навукі, хоць погляды навукоўцаў шмат у чым розніліся і ў большасці знаходзіліся пад уплывам афіцыйнай канцэпцыі расійскай гісторыі.

У пачатку другой паловы ХIХ ст. у сувязі з абвастрэннем сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў Расійскай імперыі і спробамі рэфармавання грамадскага і дзяржаўнага ладу ў беларускім грамадстве ў русле супраціўлення самаўладдзю ўзмацняюцца антырасійскія настроі і ўсё больш пашыраюцца думкі аб самабытнасці беларускага народа і яго праве на самавызначэнне. Аб гэтым сведчылі народныя паўстанні, выказванні беларускіх дзеячоў, у тым ліку К. Каліноўскага, адлюстраваныя ў першай беларускай газеце “Мужыцкая праўда”, а некалькі пазней – стварэнне шэрагу беларускіх суполак і нацыянальных арганізацый.

Аднак толькі ў канцы ХIХ пачатку ХХ ст. з’яўляюцца навукоўцы, якія знаходзяцца пад непасрэдным уплывам беларускага нацыянальна-адраджэнскага руху. Адбываецца значны ўсплекс айчыннай палітыка-прававой думкі і павелічэнне цікавасці да ўласнай гісторыі. Так, у газетах “Минский листок”, “Виленский вестник” у канцы ХIХ ст. з’яўляюцца гістарычныя навуковыя працы і рэцэнзіі М.В. Доўнар-Запольскага і іншых навукоўцаў і беларускіх дзеячоў. Менавіта ў гэты перыяд упершыню М.В. Доўнар-Запольскі ў даследаванні “Беларускае мінулае” (1888) стварыў асноўнае ядро канцэпцыі гістарычнага развіцця беларускага народа, паставіў праблему неабходнасці нацыянальнага адраджэння Беларусі. У 1893 – 1895 гг. ён зрабіў практычныя захады да стварэння “Беларускага гуртка” і аб’яднання даследчыкаў і аматараў беларушчыны [5, с. 272 – 273]. Паступова многія беларускія дзеячы і пісьменнікі (браты Луцкевічы, Цётка, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш.) усё больш пачынаюць акцэнтаваць увагу на самабытнасць беларускага народа і яго гістарычна абумоўленым імкненні да самастойнасці і самавызначэння. Асабліва актывізуюцца гістарычныя публікацыі ў перыяд спробы рэалізацыі самавызначэння і ўзнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасля ўстанаўлення савецкай улады ўся прававая навука знаходзілася пад уплывам марксісцка-ленінскай ідэалогіі, што значна перашкаджала яе развіццю. Таксама ў Беларускай ССР, ўзнікненне якой непасрэдна звязана з намаганнямі дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху, беларускія гісторыкі і дзяржаўныя дзеячы (У.М. Ігнатоўскі, З.Х. Жылуновіч і інш.), якія першымі сталі займацца айчыннай гісторыяй, перш за ўсё распрацоўвалі гісторыю бальшавіцкіх арганізацый, асвятлялі з класавых пазіцый падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і г.д. Аднак пры гэтым яны закраналі некаторыя праблемныя пытанні беларускага нацыянальнага руху, утварэння БССР, удзелу БССР у стварэнні СССР і інш. У гэты перыяд У.М. Ігнатоўскі становіцца адным з самых знакамітых даследчыкаў айчыннай гісторыі. Як адзначаюць навукоўцы, ён у сваім “Кароткім нарысе гісторыі Беларусі” (1919) паглыбіў, канцэпцыю нацыянальнай гісторыі В. Ластоўскага, вызваліўшыся ад расійскага і польскага ўплыву на яе і ўвёўшы яе перыядызацыю згодна прынцыпу дзяржаўнасці беларускіх зямель, якой потым дзесяцігоддзямі прытрымліваліся многія даследчыкі [4, с. 239].

Развіццю беларускай савецкай юрыдычнай навукі і цікавасці да гісторыі беларускага народа садзейнічала адкрыццё у 1921 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да сярэдзіны 1920-х гадоў на юрыдычным факультэце працавала ўжо 12 прафесараў (У.І. Пічэта, С.Я. Вольфсан, А.В.Гарбуноў, М.О. Грэдзінгер, В.Н. Дурдзянеўскі, М.В. Доўнар-Запольскі, С.Я. Кацэнбоген, Н.Н. Краўчанка, Н.А. Прыляжаяў, В.Н. Перцаў, В.Н. Шыраяў, Б.В. Чрэдзін, а таксама шэраг дацэнтаў і асістэнтаў – А.М. Арцымовіч, Ф.І. Гаўзэ, Н.А. Каноплін і інш., якія ў кантэксце даследаванняў тагачасных прававых праблем закраналі і гісторыка-прававыя пытанні [2, с. 36]. Аднак у цэлым навуковыя даследаванні 1920 – 1930-х гадоў былі адказам на пытанні, якія ставіла ў той час практыка савецкага дзяржаўнага будаўніцтва.

Выкладчыкі БДУ прынялі ўдзел у адкрыцці ў 1922 г. Інстытута беларускай культуры, у якой была створана камісія па савецкаму будаўніцтву (пераўтвораная потым у прававую секцыю). Менавіта ў Інбелкульце пачалася праца па складанню новай юрыдычнай тэрміналогіі і выданні нарматыўных актаў на беларускай мове. У 1929 г. выдаецца праца М.М. Гуткоўскага “Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919 – 1928 гг.”, якая паклала пачатак сістэматызацыі заканадаўства рэспублікі. Вялікая заслуга М.М. Гуткоўскага ў тым, што ён першым звярнуў увагу і выдаў працу па беларускай юрыдычнай тэрміналогіі. Патрэбна адзначыць, што амаль да 1924 года нарматыўныя акты ўрада і адміністрацыйныя распараджэнні выдаваліся на рускай мове, хоць ужо ў сярэдзіне 1923 года нарматыўна-прававыя акты ЦВК і СНК СССР сталі друкавацца і на мовах саюзных рэспублік, у тым ліку на беларускай мове. Рэдактарам афіцыйнага выдання саюзных законаў на беларускай мове стаў пісьменнік Міхась Чарот.

Працягваў навуковыя даследаванні М.В. Доўнар-Запольскі, які ў сваіх публікацыях закранаў шматлікія пытанні гісторыі дзяржаўна-прававога развіцця беларускага народа. Ён стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнай гісторыяграфіі. Аднак працы М.В. Доўнар-Запольскага ў 1930-я гады былі аб’яўлены буржуазна-нацыяналістычнымі і доўгі час замоўчваліся. Прадстаўленая да друку ў 1926 г. яго знакамітая кніга “Гісторыя Беларусі”, была надрукавана толькі ў 1994 г. У ёй навуковец паслядоўна разгледзеў гістарычнае развіццё беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да пачатку 1920-х гадоў. Многія палажэнні яго работы непасрэдна прысвечаны дзяржаўна-прававым пытанням, у тым ліку гісторыі органаў улады і кіравання, судовых органаў, помнікам права і інш.

Характэрнай тэндэнцыяй навуковых даследаванняў 1920-х гадоў стала павелічэнне цікавасці да беларускай гісторыі. У гэты перыяд у сферы прававых даследаванняў адметнай з’явай сталі “Запіскі аддзела гуманітарных навук. Працы кафедры сучаснага права” Інбелкульта збор артыкулаў па дзяржаўнаму, адміністрацыйнаму, крымінальнаму, цывільнаму, зямельнаму, працэсуальнаму праву, а таксама па гістарычнаму развіццю беларускай дзяржаўнасці (1929). Большасць публікацый Н.А. Бонч-Асмалоўскага, Е.А. Вішнеўскага, М.В. Грэдзінгера, Ф.І. Гаўзэ, Н.М. Гуткоўкага, М.А. Канапліна, Г.Я. Парэчына, В.М. Шыраева і іншых навукоўцаў была прысвечана развіццю тагачаснага савецкага заканадаўства, аднак некаторыя публікацыі закраналі, або непасрэдна тычыліся гісторыка-прававых праблем. Так, у адной з буйнейшых работ Р.Я. Парэчына “Наша Канстытуцыя” (1927) давалася ўласнае разуменне асноўных этапаў развіцця беларускай дзяржаўнасці з 1917 па 1927 гады [4, с. 246]. У яго навуковым артыкуле “Ідэя беларускай дзяржаўнасці перад утварэннем Савецкай Беларусі” закраналася пытанне гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, гаварылася аб фарміраванні беларускай нацыі і поглядах дзекабрыстаў, А. Герцана, М. Бакуніна, К. Каліноўскага і інш., сцвяржалася, што беларускія землі не з’яўляюцца “рускімі” і яны да 1794 г. не былі ў складзе Расіі.

Значная заслуга ў тым, што гісторыя дзяржавы і права беларускага народа займала пэўнае месца ў даследаваннях навукоўцаў БДУ і Інбелкульта, належыць першаму рэктару БДУ У.І. Пічэце. Ён выдаў больш за 130 навуковых прац, у якіх закраналіся і пытанні прававой гісторыі Беларусі. У 1922 г. ён надрукаваў у Маскве “Введение в русскую историю”, дзе даваўся кароткі агляд першакрыніц і гістарычнай літаратуры не толькі па расійскай гісторыі, але па гісторыі Беларусі і Ўкраіны. Навукоўцы адзначаюць, што ўвогуле “доўгі час гэта кніга была справачным дапаможнікам для пачынаючых вывучаць рускую гісторыю” [4, с. 234]. У сваіх публікацыях У. Пічэта звяртаў увагу на розныя аспекты гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва на праблемныя пытанні землеўладання і землекарыстання, пры гэтым ён адмовіўся ад тэрміна “літоўска-руская дзяржава” і замяніў яго на “Літоўска-Беларуская дзяржава, а пазней увогуле стаў карыстацца толькі назвай “Вялікае княства Літоўскае” [7, с. 509]. Летам 1918 г. ён прачытаў ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве першы курс гісторыі Беларусі для ВНУ пад назвай “Гісторыя беларускага народа” [4, с. 237]. Беларускія даследчыкі да гэтага часу карыстаюцца яго публікацыямі. Сярод яго вучняў было шмат даследчыкаў з розных еўрапейскіх краін і такіх знакамітых беларускіх вучоных як К.І. Кернажыцкі, М.М. Улашчык, А.В. Бурдзейка, Т.І. Забела, Д.А. Дудкоў, В.Д. Дружчыц і інш., якія распрацоўвалі мала даследаваныя і праблемныя пытанні гістарычнага развіцця Беларусі. Напрыклад, у 1920-я гады прафесар В.Д. Дружчыц напісаў вельмі значныя працы па гісторыі магдэбургскага права, у якіх амаль адным з першых звярнуў ўвагу на тое, што беларускія гарады цалкам не запазычвалі нямецкае і польскае права, а на падставе выпрацаванага стагоддзямі ўласнага гарадскога права толькі прыстасоўвалі яго да новых сацыяльна-эканамічных адносін. Яго вучань і паслядоўнік Т.І. Забела першым з беларускіх гісторыкаў даследаваў становішча прыгоннага сялянства, адзначаючы ролю Статута 1588 г. ва ўмацаванні прыгонніцкіх адносін і г.д. Увогуле многія навукоўцы 1920-х гадоў, гісторыкі і правазнаўцы, закладвалі асновы айчыннай гісторыка-прававой навукі і зрабілі вельмі шмат для яе наступнага развіцця.

Істотнае значэнне ў гэтым кірунку мела адкрыццё на базе Інбелкульта (паводле пастановы ЦВК і СНК БССР ад 13 кастрычніка 1928 года 1 студзеня 1929 года) Беларускай Акадэміі навук. Правадзейнымі членамі яе сталі вядомыя вучоныя і дзеячы культуры. У тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, З.Х. Жылуновіч, В.Ю. Ластоўскі, Я.Ю. Лёсік, У.І. Пічэта і інш. У яе складзе была створана кафедра савецкага будаўніцтва і права, на базе якой у 1931 г. ствараецца (як самастойная адзінка Акадэміі навук) Інстытут савецкага будаўніцтва і права. Менавіта ў гэты перыяд вельмі актыўную навуковую і педагагічную дзейнасць у сферы права праводзяць Ф.І. Гаўзэ, М.В. Грэдзінгер, Б.В. Грэдзін, М.М. Гуткоўкі, Г.С. Гурвіч, М.В. Доўнар-Запольскі, Г.Е. Парэчын, М.Б. Кроль, М.А. Канаплін, І.Т. Цітоў і інш. Многія з іх непасрэдна распрацоўваюць, ці закранаюць ў сваіх публікацыях, пытанні прававой гісторыі Беларусі [6, с. 28].

Пазней у 1935 годзе на базе аб’яднання Інстытута савецкага будаўніцтва і права з Інстытутам філасофіі АН БССР быў створаны Інстытут філасофіі і права АН БССР. Аднак ужо ў пачатку 1930-я гадоў яшчэ больш ўзмацнілася абсалютызацыя класавых падыходаў і ідэалагізацыя гістарычных даследаванняў. Навукоўцы папалі пад жорсткі ідэалагічны кантроль, мусілі пісаць амаль што пад дыктоўку партыйна-дзяржаўных структур. Многія з іх былі абвінавачваны ў “фальсіфікацыі” гісторыі, падмене яе буржуазна-нацыяналістычнай тэорыяй аб самабытнасці беларускага народа і яго цягаценні да Захаду. У сувязі з разгортваннем барацьбы з “нацынал-дэмакратызмам” былі рэпрэсіраваны З.Х. Жылуновіч, Я.Ю. Лёсік, У.І. Пічэта. М.М. Шчакаціхін, Б.І. Эпімах-Шыпіла і інш. Таксама беспадстаўна былі рэпрэсіраваны іншыя навукоўцы, у тым ліку акадэмікі-гісторыкі У.І. Пічэта, П.В. Горын, С.Ю. Матулайціс, Е.І. Рыўлін, В.А. Сербента, В.В. Шчарбакоў, бо перш за ўсё гісторыкаў абвінавачвалі ў “нацдэмаўшчыне”. Першы прэзідэнт АН БССР У.М. Ігнатоўскі ў 1931 г. скочыў жыццё самагубствам. Больш за 140 супрацоўнікаў АН БССР было рэпрэсіраваны. Пад рэпрэсіі папалі і многія выкладчыкі юрыдычнага факультэта (М.М. Гуткоўскі, В.Д. Друшчыц, Р.Я. Парэчын і інш.). У сувязі з гэтым навуковыя даследаванні ў сферы гісторыі Беларусі скарачаюцца. На некалькі дзясяцігоддзяў была адбіта ахвота ў гістарычных даследаваннях. Акрамя таго, беларуская савецкая навука панесла вельмі цяжкі ўрон у перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Патрэбна адзначыць, што ў замежжы навуковыя даследаванні беларускай гісторыі працягваліся. Перш за ўсё ў эміграцыі сталі даследчыкамі і папулярызатарамі гісторыі свайго народа дзеячы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і стваральнікі БНР (К. Езавітаў, П. Крачэўскі, В. Ластоўскі, А. Луцкевіч, А. Цвікевіч і інш.). У 1919 годзе А. Луцкевіч у Парыжы, А. Цвікевіч ў Берліне, Я. Варонка ў Коўне апублікавалі гісторыка-палітычныя нарысы пра Беларусь, у якіх вытокі беларускай дзяржаўнасці выводзілі з Полацкага, Турава-Пінскага і іншых беларускіх княстваў, а таксама з ВКЛ, якая трактавалася як аўтаномная частка Рэчы Паспалітай пасля Люблінскай уніі 1569 года. У гэтых публікацыях гаварылася аб станаўленні беларускай ідэі і гістарычным імкненні беларусаў да адбудовы сваёй дзяржаўнасці. Так, у працы А. Цвікевіча “Беларусь: палітычны нарыс” (1919) разглядаўся працэс станаўленне беларускай ідэі і рэальны стан вызваленчага руху. Праца Я. Варонкі была прысвечана беларускаму нацыянальнаму руху (Коўна, 1920), К. Езавітава – узаемаадносінам беларусаў і палякаў і адраджэнню Беларусі (Коўна, 1919), новая праца А. Цвікевіча – гісторыі беларускага пытання (1921) і г.д. [9, с. 28]. Увогуле навукоўцы знаёмілі еўрапейскія навуковыя і палітычныя колы з гісторыяй і тагачасным становішчам беларускага народа, заяўлялі аб яго дзяржаўна-палітычных правах. У 1922 г. была надрукавана манаграфія А.Цвікевіча “Погляд П. Бяссонава на беларускую справу”, ідэі якой знайшлі потым адлюстраванне ў яго кнізе ”Западноруссизм” (1929), напісанай пасля вяртання ў БССР [9, с. 28]. Адначасова зараджаўся і новы кірунак гістарычнай навукі – гісторыя беларускай эміграцыі. У 1926 г. у Празе быў выдадзены зборнік ”Замежная Беларусь”, у якім была змешчана першая публікацыя дакументаў і матэрыялаў па гісторыі беларускай эміграцыі.

У пазнейшы перыяд беларускія навукоўцы ў замежжы звярталіся да праблем больш складаных і кардынальных, у тым ліку адносна вытокаў дзяржаўнасці беларускага народа, аб беларускім нацыянальным характары Вялікага Княства Літоўскага, гісторыі нацыянальнага руху, адраджэнні беларускай дзяржаўнасці і інш. Яны акцэнтавалі ўвагу на замоўчванне ці скажэнне гісторыі ў БССР, на наяўнасць рэпрэсіўнай палітыкі ў СССР і г.д. Аднак у БССР публікацыі эмігранцкіх аўтараў былі доўгі час недаступнымі чытачу і падаваліся як “фальсіфікацыя буржуазных нацыяналістаў”.

Прававыя і гістарычныя даследаванні ў Беларускай ССР паступова ўзнаўляюцца ў пасляваенны перыд. На больш значную ўвагу да гісторыі дзяржавы і права паўплывалі рашэнні ХХ з’езда КПСС і наступіўшы у выніку гэтага перыяд так званай “хрушчоўскай адлігі”. Навукоўцы-гісторыкі атрымалі крыху больш доступу да архіўных матэрыялаў. Вынікам стала з’яўленне больш грунтоўных гістарычных публікацый (Н.В. Каменскай, І.С. Краўчанкі, І.М. Ігнаценкі і інш.), аднак у асноўным па гістарычных праблемах і ў кантэксце агульных тагачасных савецкіх уяўленняў. Больш за ўсё навуковых даследаванняў было прысвечана цяжкаму становішчу сялян у дарэвалюцыйны перыяд і іх класавай барацьбе. Значная ўвага надавалася Вялікай Айчыннай вайне і партызанскаму руху. Аднак і ў гэтым аспекце некаторыя пытанні не закраналіся (дзейнасць калабарацыяністаў, Арміі Краёвай і інш.).

Актывізацыі гісторыка-прававых даследаванняў у БССР у пасляваенны перыяд садзейнічала пераўтварэнне ў 1954 г. Мінскага юрыдычнага інстытута ў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Акрамя гэтага, адпаведна тэндэнцыі пашырэння правоў рэспублік з канца 1950-х гадоў значна актывізуецца законатворчасць у БССР. Прымаецца шэраг новых нарматыўна-прававых актаў, у тым ліку кодэксаў – КК, КПК, ГК, ГПК і інш., у распрацоўцы якіх прымаюць удзел і беларускія навукоўцы. У сувязі з гэтым пачынаецца больш актыўнае развіццё айчыннай прававой і гісторыка-прававой навукі. У гэты перыяд у рэспубліцы быў пакладзены пачатак новаму кірунку гісторыка-прававой навукі – гісторыі дзяржавы і права Беларускай ССР. Друкуюцца кнігі С.П. Маргунскага («Государственное строительство Белорусской ССР на первом этапе ее развития» (1953) і «Государственное строительство БССР в годы восстановления народного хозяйства (1921 – 1925)» (1966), а таксама іншых навукоўцаў.

У 1958 і 1969 г.г. з удзелам навукоўцаў юрыдычнага факультэта (Ю.П. Броўка, М.В. Сторажаў, І.А. Юхо і інш.) былі выдадзены «Очерки по истории государства и права БССР» у двух частках. Пазней у 1970 і 1976 гг. надрукаваны два тамы «Истории государства и права Белорусской ССР» (С.П. Маргунскі, І.І. Пацяружа, В.М. Арцёмава, Ю.П. Броўка, М.В. Сторажаў, У.І. Семянкоў, У.І. Шабайлаў, Я.А. Юхо і інш.). Выкананне гэтай буйной навуковай працы стала магчымым, дзякуючы супрацоўніцтву навукоўцаў АН БССР, БДУ і Мінскай вышэйшай школы МВД СССР. Нягледзячы на агульныя рамкі савецкага падыходу, навукоўцы на падставе абагульнення шматлікага дакументальна-прававога матэрыялу паказалі характэрныя рысы і асаблівасці дзяржаўна-прававога развіцця БССР у разгледжаны перыяд.

Таксама ў межах агульнага савецкага падыходу ў 1960-1980-я гады ў БССР распрацоўваўваюцца асобныя пытанні гісторыі дзяржавы і права Беларусі, асабліва адносна першых гадоў савецкай улады. Так, былі выдадзены працы: А.С.Фарфеля «Борьба народных масс против контрреволю­ционной юстиции временного правительства» (1969); А.А. Галаўко «Деятельность Советов Белоруссии по осуществлению экономической политики в деревне в 1927—1936 годах» (1968); Л.А. Прыходзькі «Государственно-правовое руково­дство коллективизацией сельского хозяйства Белоруссии» (1972); С.П. Маргунскага і Л.І. Кукрэш «Интернациональное и национальное в государственном строительстве Белоруссии (1917-1920)» (1978); І.І. Марціновіч «История суда в БССР» (1961), «Адвокатура в БССР» (1973); В.А. Крыталевіча “Административно-территориальное устройство БССР» (1966), «Формирование сельского поселения нового типа» (1977), «Рождение Белорусской Советской Республики» (1975, 1979) і інш. Друкуюцца таксама даследаванні, прысвечаныя гісторыі арганізацыйнай структуры і дзейнасці цэнтральных органаў улады і кіравання Беларускай ССР (М.А. Слабодчыкаў “Совет Народных Коміссаров БССР в 1926-1936 гг.” (1977), А.Т. Шырокаў “ЦІК Белорусской ССР в 1919-1936 гг.” (1979), міжнароднай дзейнасці рэспублікі (Ю.П. Броўка «Международная правосубъектность БССР» (1967) і «Белорус­ская ССР — суверенный участник международного общения» (1974) і г.д.

Патрэбна адзначыць, што ў той час толькі некаторыя працы прысвячаюцца дасавецкаму перыяду гісторыі Беларусі. Асабліва патрэбна адзначыць навуковыя артыкулы Я.А. Юхо і яго першую манаграфію «Правовое положение населения Белоруссии в XVI в.” (1978), якая была прысвечана гісторыі дзяржавы і права Беларусі феадальнага перыяду. Таксама ў шэрагу артыкулаў С.Ф. Сокала разглядаліся пытанні гісторыі айчыннай палітыка-прававой думкі. Гэтая тэма была працягнута ў яго кнігах: «Социологическая и правовая мысль в Белоруссии во второй половине XVI в.» (1974) і «Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первая половина XVII вв.» (1984).

Толькі на этапе якасна новага развіцця дзяржаўнасці Беларусі, які пачаўся ў 90-я гады мінулага стагоддзя, пачалася заканамерная актывізацыя навуковых даследаванняў, прычым без прадузятасці і ідэалагізаванай накіраванасці, што прывяло да з’яўлення новых, вельмі цікавых навуковых прац і запаўнення істотных прабелаў ў айчыннай гісторыі. У гэты перыяд Я.А. Юхо па многіх праблемных пытаннях айчыннай гісторыі выказвае і абгрунтоўвае самастойныя думкі, якія шмат у чым супярэчаць папярэднім афіцыйным поглядам савецкай гістарычнай навукі, што служыць падставай для зацікаўленасці іншых даследчыкаў [8]. Значным навуковым дасягненнем з’явіліся яго кнігі “Крыніцы беларуска-літоўскага права” (1991) і “Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі” (1992). Пазней важнай навуковай падзеяй стала выданне манаграфіі Я.А. Юхо “Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі” (1999), дзе быў дадзены кароткі агляд і крытычная ацэнка навуковых публікацый па гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Па яго ініцыятыве у сааўтарстве з Р.А. Васілевічам і Т.І. Доўнар была выдадзена кніга ”Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі” (2001), у якой на падставе дакументальна-прававога матэрыялу паслядоўна разглядалася паэтапнае зараджэнне і развіццё канстытуцыйнага права Беларусі. Важным было тое, што ў ёй ўтрымліваліся вытрымкi з нарматыўна-прававых актаў дасавецкага і савецкага перыядаў, а таксама з канстытуцыйнага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь. Кнiга з’явілася першай спробай выкласцi ў храналагiчным парадку працэс развiцця айчыннага канстытуцыйнага права. У гэты ж перыяд быў пакладзены пачатак стварэнню шматтомнай працы «Гісторыя дзяржаўнасці і права Беларусі са старажытных часоў да сучаснасці” (Я.А. Юхо, С.А. Падокшын, С.Ф. Сокал, Т.І. Доўнар, Г.В. Дзербіна, В.А. Круталевіч і інш.).

У канцы ХХ ст. пад кіраўніцтвам прафесара Я.А.Юхо сфарміравалася сапраўдная навуковая гісторыка-прававая школа Беларусі [8, с. 136]. Беларускія гісторыкі права (А.Ф. Вішнеўскі, І.У. Вішнеўская, Л.Л. Голубева, Г.В. Дзербіна, Т.І. Доўнар, Ю.П. Доўнар, І.А. Саракавік, М.У. Сільчанка, С.Ф. Сокал, М.Ф. Чудакоў, В.А. Шаўкапляс і інш.) распрацоўваюць разнастайныя пытанні айчыннай гісторыі, у тым ліку ў сферы гісторыі канстытуцыйнага, грамадзянскага, крымінальнага, сямейнага права, развіцця палітыка-прававой думкі і інш. Яны публікуюць навуковыя артыкулы, манаграфіі і вучэбныя дапаможнікі па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, прымаюць актыўны удзел у перавыданні помнікаў феадальнага права, у тым ліку Статута 1588 г. (1989), Статута 1566 г. (2003 г.), а таксама ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы шэрага энцыклапедычных выданняў – “Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік” (1989), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік» (1995), “Асветнікі зямлі беларускай” (2003), “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі у 6 т.” (1993 – 2004), “Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 т.” (2005 – 2006) і інш.

У гэты перыяд пачынае больш актыўна распрацоўвацца праблема гісторыі філасофскай і палітыка-прававой думкі Беларусі, чаму прысвячаюць свае працы С.А. Падокшын, С.Ф. Сокал, І.У. Вішнеўская, В.Ф. Шалькевіч і інш. Друкуюцца кнігі В.А. Круталевіча «На путях национального самоопределения. БНР-БССР-РБ» (1995), «История Беларуси: Становление национальной державности» (1999); В.А. Шаўкапляс «Карательный аппарат России во второй половине XIX века» (1994); Т.І. Доўнар «Краткий очерк истории государства и права Республики Беларусь (послеоктябрьский период)» (1997), «Грамадзянскае права феадальнай Беларусі XV—XVI» (1997); Г.В.Дзербінай «Права i сям'я Беларусі эпохі рэнесансу» (1997); А.Ф.Вішнеўскага “Очерки истории государства и права Республики Беларусь (1917 – 1995 гг.) (1995)”; А.Ф. Вішнеўскага, І.А. Саракавіка “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі“ (1997) і інш.

Дапаўняльны імпульс гісторыка-прававым даследаванням быў дадзены навукоўцамі Гродненскага, Полацкага, Гомельскага, Барановіцкага універсітэтаў, іншых юрыдычных навучальных устаноў, створаных у канцы ХХ – пачатку ХХI стагоддзяў. Напрыклад, у Гродне М.У. Сільчанка і І.А. Басюк апублікавалі кнігу «Беларуская дзяржаўнасць» (1997), Н.В. Місарэвіч «Магдэбургскае права на Беларусі» (2003) і г.д.

З моманта стварэння ў БДУ факультэта міжнародных адносін важным накірункам гісторыка-прававых даследаванняў стала распрацоўка гісторыі знешняй палітыкі Беларусі дасавецкага перыяду. Так, выходзяць вучэбныя дапаможнікі В.Е. Снапкоўскага “Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі” в двух частях (2003, 2004), у якіх зроблена спроба сістэмнага выкладання матэрыялу па гісторыі айчыннай знешняй палітыкі і дыпламатыі, пачынаючы ад старажытных беларускіх княстваў да канца ХVIII ст.

У пачатку ХХI ст. навуковая гісторыка-прававая школа Беларусі працягвала актыўна развівацца. Аб гэтым сведчаць новыя кнігі А.Ф. Вішнеўскага “Палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы (1917 – 1953 гг.) “ (2002), “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (2003, 2005) і інш., у якіх раскрываліся асаблівасці гістарычнага развіцця беларускай дзяржаўнасці на пэўных яе этапах. Друкуе шэраг кніг Т.І. Доўнар: «Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў ХV-ХVI стагоддзях» (2001), “Канстытуцыйнае права Беларусі феадальнага перыяду (па Статутах ВКЛ) (2001); «Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду» (2001); «Гісторыя дзяржавы і права Беларусі» (2007), у якіх разглядаюцца пытанні гісторыі беларускай дзяржаўнасці і эвалюцыі права, у тым ліку адносна развіцця важнейшых інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права, сістэматызацыі заканадаўства і інш. Выходзяць з друку іншыя манаграфіі і навучальныя дапаможнікі, у тым ліку кнігі: Л.Л. ГолубевайНаследственное право феодальной Беларуси (по законодательству Великого княжества Литовского)” (2002); І.У. Вішнеўскай “Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі” (2004); Ю.П. Доўнар “Судовая рэформа ХVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім ” (2007) і інш. У 2004 г. была надрукавана. хрэстаматыя па гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі ХVI–ХVIII ст. (Т.І. Доўнар, Ю.П. Доўнар, Л.Л. Голубева). Працягваліся даследаванні шматаспектнай праблемы гісторыі магдэбургскага права ў Беларусі, чаму была прысвечана работа гісторыка С.П. Стрэнкоўскага «Прывілеі і вольнасці беларускіх гарадоў з нямецкім правам у канцы ХIV – канцы ХVIII стст.” (2008). Увогуле многія беларускія гісторыкі ў сваіх працах заканамерна закраналі пытанні гісторыі права (П.І. Брыгадзін, П.А. Лойка, В.Л. Насевіч, Г.В. Штыхаў, Г.Н. Сагановіч і інш.).

Несумненным дасягненнем навуковай гісторыка-прававой школы Беларусі на пачатку ХХI ст. стала абарона шэрагу дысертацый па розных аспектах айчыннай гісторыі дзяржавы і права. Напрыклад, пад кіраўніцтвам прафесара Т.І. Доўнар былі абаронены кандыдацкія дысертацыі: М.Ю. ЮрачкінымГородская реформа и становление городского самоуправления в Беларуси во второй половине ХIХ – начале ХХ вв.” (2002); В.В. Калядой “Вайсковае закандаўства ВКЛ ў ХVI ст.” (2010); Ю.І. Ковалевскай “Кодификация гражданского законодательства БССР в 60-е годы ХХ века” (2011), А.І. Адамюком “Становление и развитие военной юстиции в Беларуси в 1917 – 2012 гг.” (2012).

Працягвалася распрацоўка гісторыі прававога рэгуляванне становішча царквы ў дзяржаве. Так, у 2007 г. была абаронена кандыдацкая дысертацыя М.Г. Шукан на тэму “Правовое положение имущества православной церкви в ВКЛ в конце ХVI – первой половине ХVII вв.”, а ў 2014 г. – А.П. Грахоцкім Прававое становішча рускай праваслаўнай і рымска-каталіцкай цэркваў на беларускіх землях (1863 – 1905 гг.)”.

Актывізаваліся даследаванні гісторыі беларускага канстытуцыяналізму (Р.А. Васілевіч, Т.І. Доўнар, А.А. Радаман, М.Ф. Чудакоў). Так, станаўленню і развіццю канстытуцыйнага працэса ў Беларусі былі прысвечаны доктарская дысертацыя і манаграфіі М.Ф. Чудакова (2006 і інш.). Апошняй публікацыяй у гэтым накірунку стала выданне Р.А. Васілевічам кнігі «Проекты конституции Республики Беларусь: поиск оптимальной модели (1990 – 1994 г.) (2014), падрыхтаванай ў сувязі з двадцацігоддзем прыняцця Канстытуцыі незалежнай беларускай дзяржавы, у якой прадстаўлены праекты Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што рыхтаваліся і разглядаліся Вярхоўным Саветам нашай дзяржавы ў 1990 – 1994 гадах з кароткай характарыстыкай і каметарыямі аўтара. Гэтыя праекты дазваляюць асэнсаваць, як змянялася пазіцыя распрацоўшчыкаў праекта будучай Канстытутцыі, а таксама Вярхоўнага Савета, яго Канстытуцыйнай камісіі адносна палажэнняў Канстытуцыі (прававога статуса грамадзян, іх правоў, свабодаў і абавязкаў, сістэмы дзяржаўнай улады, формы кіравання і інш.).

Значным дасягненнем гісторыка-прававой навукі Беларусі стала публікацыя кнігі І.А. Саракавіка ”Станаўленне і равіццё юрыдычнай навукі і адукацыі ў Беларусі” (2013), якая была прысвечана пытанням зараджэння юрыдычнай навукі і адукацыі перыяду ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і пачатковаму перыяду савецкай дзяржаўнасці. Аўтар знаёміць чытача з юрыдычнымі адукацыйнымі ўстановамі, якія існавалі на той час, а таксама з шэрагам знакамітых айчынных і замежных мысліцеляў – юрыстаў і гісторыкаў права і іх навуковымі дасягненнямі.

Развіццю айчыннай гісторыка-прававой навукі садзейнічаюць таксама сустэчы і абмен вопытам з навукоўцамі іншых краін. Неабходна адзначыць, што праблемы гісторыка-прававой навукі пачалі сістэматычна абмяркоўвацца ў Беларусі на штогодніх рэспубліканскіх і міжнародных навуковых і навукова-практычных канферэнцыях. Напрыклад, праблемы гістарычнага развіцця беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай прававой сістэмы разглядаліся на міжнародных навуковых канферэнцыях, прысвечаных 420-годдзю Статута 1588 года (2008) і 480-годдзю Статута 1529 г. (2009 г.), якія былі арганізаваны юрыдычным факультэтам БДУ. Міждународныя канферэнцыі 2007 – 2008 гг., арганізаваныя Беларускім інстытутам правазнаўства, якія былі прысвечаны гісторыі парламентарызма, прававым і палітычным інстытутам Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, праходзілі з удзелам беларускіх і польскіх навукоўцаў. У 2011 г на юрыдычным факультэце БДУ адбылася спецыяльная міжнародная канферэнцыя “Праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі”, прысвечаная навуковай творчасці і педагагічнай дзейнасці прафесара І.А. Юхо і яго ўкладу ў развіццё навукі гісторыі дзяржавы і права Беларусі.

Аднак, нягледзячы на пэўныя дасягненні і з’яўленне шэрагу маладых навукоўцаў – гісторыкаў права, сучаснае становішча айчыннай гісторыка-прававой навукі далёка да належнага ўзроўню. Перш за ўсё таму, што вельмі многія пытанні застаюцца мала даследаванымі. Так, нягледзячы на пэўную распрацоўку праблемы мінулага царкоўна-рэлігійнага жыцця беларускага народа, пытанні узаемаадносін царквы і дзяржавы, узаемадзеяння рэлігійных канфесій застаюцца актуальнымі і патрабуюць далейшай значнай увагі навукоўцаў. Гэта тычыцца і праблемы гістарычных крыніц беларускага права, а таксама прававога становішча насельніцтва, тым больш, што незадаволенасць сялянства было тым актыўным фактарам, які значна ўплываў на ўвесь гістарычны працэс. Таксама патрэбна надаць значную ўвагу гісторыі зямельных рэформаў у Беларусі, якія амаль не паляпшалі становішча насельніцтва, што прыводзіла да сацыяльных выбухаў, паўстанняў і рэвалюцый. Менавіта таму сялянскае пытанне, зямельныя рэформы і іншыя звязаныя з гэтым праблемы застаюцца актуальнымі. Таксама патрабуюць належнай увагі гісторыя нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі, бо нацыянальныя рухі са складаным характарам іх ідэалогій з’яўляліся і з’яўляюцца зараз важкімі і моцнымі фактарамі ўздзеяння на ход гісторычнага развіцця [2, с. 38]. Актуальнымі застаюцца пытанні эвалюцыі палітычных інстытутаў, судовых органаў, гісторыя беларускага канстытуцыяналізму і парламентарызму, якія можна разглядаць ў кантэксце праблемы ўзнікнення ВКЛ і ролі ў гэтай дзяржаве беларускага этнаса і культуры беларускага народа, а таксама пытанні гісторыі магдэбургскага права ў Беларусі як спецыфікі спалучэння мясцовых і агульнадзяржаўных інтарэсаў, гісторыя айчыннай прававой думкі, эвалюцыі асобных інстытутаў і галін права, у тым ліку развіццё вайсковага заканадаўства. Застаецца мала даследаванай праблема ўзаемадзеяння прававой культуры Беларусі з заходнееўрапейскай і сусветнай культурай, пытанні гісторыяграфіі гісторыка-прававой навукі і шмат іншае. Увогуле існуе неабходнасць больш сістэмнага даследавання ўсіх накірункаў айчыннай гісторыі дзяржавы і права, што стане падставай для больш дакладных уяўленняў аб гістарычнай эвалюцыі нацыянальнай дзяржаўнасці.

Аднак, пакуль яшчэ гэтаму перашкаджаюць пэўныя аб ‘ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны і перш за ўсё – наяўнасць нязначнай колькасці гісторыкаў права, асабліва ў параўнанні з іншымі дзяржавамі. Акрамя таго, не спрыяе развіццю гісторыка-прававой навукі адсутнасць акадэмічнага цэнтра па вывучэнні гісторыі дзяржавы і права Беларусі, а таксама спецыяльных кафедраў у вышэйшых навучальных юрыдычных установах і інш. Той факт, што ў НАН Беларусі няма акадэміка-юрыста і хаця б аднаго член-карэспандэнта ў сферы гісторыка-прававой навукі, наводзіць на думкі аб спецыфічных адносінах да прававой навукі. Калі зараз мы жывем у суверэннай дзяржаве, да чаго ішлі доўгі час, то павінны ўсялякімі сродкамі клапаціцца аб аўтарытэце нацыянальнай дзяржаўнасці, чаму, несумненна, будзе садзейнічаць павелічэнне колькасці навуковых кадраў, асабліва вышэйшай кваліфікацыі – дактароў навук, а таксама належная каардынацыя ў сферы гісторыка-прававых даследаванняў. У сучасны момант вельмі патрэбна, каб па кожным напрамку гісторыка-прававой навукі і перыядам гістарычнага развіцця дзяржаўнасці Беларусі былі спецыялісты самай вышэйшай кваліфікацыі, якія б ажыцяўлялі кіраўніцтва падрыхтоўкай навуковых кадраў і займаліся каардынацыяй навуковых даследаванняў. Тым больш, што зараз у Рэспубліцы Беларусь існуе ўжо некалькі вышэйшых юрыдычных навучальных устаноў, у якіх адбываюцца даследаванні ў сферы гісторыі права.

На наш погляд, будзе спрыяць развіццю прававой навукі і пэўнае ўдасканаленне работу ВАК Рэспублікі Беларусь, а для гэтага неабходна на самой справе перадаць Вучоным Саветам ВНУ права прысуджаць навуковыя ступені і званні, як гэта існуе ў многіх дзяржавах свету. Фактычна існуе пэўны недавер да вядучых вучоных – членаў Вучоных Саветаў па абароне дысертацый. Таксама патрэбна сказаць аб існуючым патрабаванні абавязковай практычнай накіраванасці навуковых даследаванняў. Зразумела, практычная накіраванасць павінна мець месца, аднак не па ўсіх жа навуковых накірунках, тым больш у сферы гісторыка-прававой навукі. Гістарычныя навукі існуюць перш за ўсё для таго, каб не паўтараць памылкі мінулага, каб чалавечая цывілізацыя ў сваім развіцці пастаянна не наступала на адны і тыя ж граблі. Як правільна падкрэслівалі знакамітыя мінулыя навукоўцы, гісторыя вучыць, а хто не жадае вучыцца, яна іх карае. Таму і адносіны да гэтай навукі павінны быць асаблівымі. Тым больш, што павага да мінулага, ушанаванне знакамітых навукоўцаў і дзяржаўных асобаў, з’яўляецца важкай падставай распрацоўкі належнай дзяржаўнай ідэалогіі і будзе значна садзейнічаць выхаванню сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны

У цэлым жа гісторыка-прававая навука Беларусі, нягледзячы на значныя недахопы, працягвае развівацца. Тыя дасягненні, якія маюць месца, несумненна, стануць падставай для далейшых даследаванняў і больш дакладных уяўленняў аб гістарычнай эвалюцыі беларускай дзяржаўнасці і перспектывах айчыннага дзяржаўна-прававога развіцця.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ:

1. Юхо, Я.А. Юрыдычная школа // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. – Т.6. Ч.2. – Мінск : БелЭн, 2003. – 616 с.

2. Доўнар, Т. І. Асаблівасці і праблемы гісторыі дзяржавы і права Беларусі / Т.І. Доўнар // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 4. Правазнаўства. 2012. № 2 (128) . – С. 33 – 38.

3. Доўнар, Т.І. Андрэй Волан (Валян) – беларускі філосаф і правазнаўца ХVI стагоддзя // Юстыцыя Беларусі. 2012, № 8. – С. 75 – 77.

4. Саракавік, І.А. Станаўленне і развіццё юрыдычнай навукі і адукацыі ў Беларусі. – Мінск : Выдавецтва “Перасвет”, 2013. – 324 с.

5. Камінскі, М. Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т .3. – Мінск : БелЭн, 1996. – 527 с.

6. Довнар, Т. И. Историко-правовая наука Беларуси: проблемы и перспективы / Доўнар Т.І. // Право и демократия: сб. науч. тр. Вып. 20. / редкол.: В.Н. Бибило (гл. ред.) [и др.] – Минск : БГУ, 2009. – С. 5 – 31.

7. Вернігораў, У. Пічэта Ўладзімір Іванавіч / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т .5. – Мінск : БелЭн, 1999. – 592 с.



8. Доўнар, Т.І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў працах прафесара БДУ І.А. Юхо // Веснік БДУ. Серыя 3. Права, 2011, № 3. – С. 132 – 137.

9. Сяргеева, Г. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях беларускай эміграцыі / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 3. – Мінск : БелЭн, 1996. – С. 2.
: bitstream -> 123456789 -> 110394
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка