Deus caritas est



старонка3/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.5 Mb.
1   2   3   4

27. Трэба прызнаць, што прадстаўнікі Касцёла вельмі павольна разумелі, што праблема справядлівай структуры грамадства паўстала ў новай форме. Аднак былі і некаторыя піянеры: адным з іх быў, напрыклад, біскуп Кетэлер з Майнца († 1877). Як адказ на канкрэтныя праблемы ўзніклі таксама колы, таварыствы, саюзы, федэрацыі, а перад усім новыя законныя супольнасці, якія ў ХІХ стагоддзі выйшлі насустрач беднасці, хваробам і сітуацыям, звязаным з недахопам адукацыі. У 1891 годзе разам з энцыклікай Леона XIII Rerum novarum гэта праблема знайшла адлюстраванне ў папскім навучанні. Затым, у 1931 годзе, выйшла энцыкліка Пія ХІ Quadragesimo anno. Благаслаўлёны папа Ян XXIII апублікаваў у 1961 годзе энцыкліку Mater et Magistra, у той час як Павел VI у энцыкліцы Populorum progressio (1967г.) і ў апостальскім лісце Octogesima adveniens (1971г.) звярнуў асаблівую ўвагу на сацыяльную праблему, якая ў той час была вельмі актуальнай у Лацінскай Амерыцы. Мой вялікі папярэднік Ян Павел ІІ пакінуў нам трылогію сацыяльных энцыклік: Laborem exercens (1981г.), Sollicitudo rei socialis (1987г.) i ўрэшце Centesimus annus (1991г.). Такім чынам, сутыкаючыся з новымі сітуацыямі і праблемамі, каталіцкае сацыяльнае вучэнне развівалася і было цалкам прадстаўлена ў Compendium socialis Ecclesiae doctrina, выдадзеным у 2004 годзе Папскай Радай Iustitia et Pax. Марксізм бачыў у сусветнай рэвалюцыі і ў яе падрыхтоўцы панацэю ад сацыяльнай праблемы: праз рэвалюцыю, а затым праз калектывізацыю сродкаў вытворчасці, як сцвярджала гэта дактрына, усё адразу павінна было функцыяніраваць інакш. Гэтая ілюзія развеялася. У сучаснай цяжкой сітуацыі, якая выклікана ў асноўным глабалізацыяй эканомікі, сацыяльнае вучэнне Касцёла стала асноўным знакам, які прапануе слушныя напрамкі нават па-за межамі Касцёла: гэтыя напрамкі перад абліччам паступовага развіцця павінны рэалізавацца ў дыялогу з усімі, хто сапраўды клапоціцца пра чалавека і свет, у якім ён жыве.


28. Каб дакладней вызначыць адносіны паміж неабходнай актыўнасцю на карысць справядлівасці і дабрачыннай паслугі, трэба разгледзець дзве асноўныя існуючыя сітуацыі:


a) Усталяванне справядлівага ладу ў грамадстве і краіне з’яўляецца галоўным заданнем палітыкі. Як некалі казаў св. Аўгустын: „Remota itaque iustitia quid sunt regna nisi magna latrocinia (дзяржава, якая не кіруецца справядлівасцю, ператвараецца ў банду злачынцаў)”18. Да асноўнай структуры хрысціянства належыць адрозненне таго, што належыць цэзару, ад таго, што належыць Богу (пар. Мц 22, 21), а менавіта, адрозненне паміж дзяржавай і Касцёлам ці, як кажа Другі Ватыканскі Сабор, аўтаномія часовых рэчаў19. Дзяржава не можа навязваць рэлігіі, але павінна гарантаваць яе свабоду і спакой паміж вызнаўцамі розных рэлігій; у сваю чаргу Касцёл як грамадскае выяўленне хрысціянскай веры мае сваю незалежнасць і на падставе веры жыве як супольнасць, якую дзяржава павінна паважаць. Абедзве сферы падзелены, але застаюцца заўсёды ва ўзаемнай сувязі.
Справядлівасць – гэта мэта, а таму таксама і ўнутраная мера кожнай палітыкі. Палітыка з’яўляецца нечым большым, чым звычайнай прыладай для вызначэння правілаў грамадскага жыцця: яе крыніца і мэта знаходзяцца менавіта ў справядлівасці, а яна мае этычную натуру. Таму дзяржава непазбежна сутыкаецца з пытаннем: як рэалізаваць справядлівасць тут і цяпер? Гэтае пытанне прадбачыць яшчэ больш радыкальнае пытанне: што такое справядлівасць? Дадзеная праблема датычыць практычнага розуму; аднак, каб розум мог слушна дзейнічаць, яго трэба ўвесь час ачышчаць, таму што ён ніколі не можа быць цалкам вольны ад небяспекі пэўнай этычнай слепаты, якая выклікана перавагай інтарэсаў і ўлады, што яго асляпляе.
Тут палітыка і вера сустракаюцца. Зразумела, вера мае сваю адмысловую натуру як спатканне з жывым Богам – спатканне, якое адчыняе перад намі новыя гарызонты, якія пераўзыходзяць межы, уласцівыя розуму. Адначасова аднак, яна з’яўляецца для гэтага розуму ачышчальнай сілай. Зыходзячы з Божай перспектывы, яна вызваляе розум ад слепаты і тым самым дапамагае яму быць сабой. Вера дазваляе розуму лепш выконваць яго заданне і лепш бачыць тое, што яму ўласціва. Менавіта тут ёсць месца для каталіцкага сацыяльнага вучэння: яно не мае намеру перадаваць Касцёлу дзяржаўную ўладу. Не імкнецца таксама навязваць тым, хто не падзяляе веры, перспектыў і спосабу паводзінаў, якія ёй належаць. Яно проста хоча ўдзельнічаць у ачышчэнні розуму і несці дапамогу, каб тое, што справядлівае, магло тут і цяпер быць успрынята, а пасля рэалізавана.
Сацыяльнае вучэнне Касцёла прыводзіць аргументы, зыходзячы з розуму і натуральнага права, іншымі словамі, з таго, што ўласціва натуры кожнай чалавечай асобы. Ведае, што заданне Касцёла не ў тым, каб само гэтае вучэнне мела палітычнае значэнне: яно хоча служыць фарміраванню сумлення ў палітыцы і ўплываць на тое, каб расла чуллівасць да сапраўдных патрабаванняў справядлівасці і гатоўнасці адпаведна дзейнічаць, нават тады, калі гэта супярэчыць асабістай карысці. Гэта азначае, што будаванне справядлівага грамадскага і дзяржаўнага ладу, дзякуючы якому кожнаму было б дадзена тое, што яму належыць, з’яўляецца асноўным заданнем, якое кожнае пакаленне павінна нанова ажыццяўляць. Паколькі тут размова ідзе аб палітычным заданні, то яно не можа быць непасрэднай місіяй Касцёла. Аднак, улічваючы, што гэта таксама найбольш важнае заданне чалавека, Касцёл павінен праз ачышчэнне розуму і этычную фармацыю саўдзельнічаць у тым, каб патрабаванні справядлівасці сталі зразумелымі і палітычна магчымымі.
Касцёл не можа і не павінен распачынаць палітычную барацьбу, каб пабудаваць як мага больш справядлівае грамадства. Ён не можа і не павінен займаць месца дзяржавы. Але ён таксама не можа і не павінен заставацца ў баку ад барацьбы за справядлівасць. Касцёл павінен удзельнічаць у ёй, маючы разумную аргументацыю, і абуджаць духоўныя сілы, без якіх справядлівасць, якая заўсёды патрабуе вырачэнняў, не можа ўсталявацца і развівацца. Будаванне справядлівага грамадства не можа быць справай Касцёла, але палітыкі. Касцёл глыбока зацікаўлены ў будаванні справядлівасці праз асвячэнне розуму і адкрыццё волі на патрабаванні дабра.
б) Любоў – caritas – заўсёды будзе неабходнай, нават у самым справядлівым грамадстве. Няма такога справядлівага дзяржаўнага ладу, у якім паслуга любові была б непатрэбнай. Хто спрабуе вызваліцца ад любові, будзе гатовы вызваліцца і ад самога чалавека. Заўсёды будзе існаваць цярпенне, якое патрабуе суцяшэння і дапамогі. Заўсёды будзе самотнасць. Заўсёды будуць сітуацыі матэрыяльнай патрэбы, у якіх неабходна дапамога ў духу канкрэтнай любові да бліжняга20. Дзяржава, якая хоча ўсё забяспечыць, якая ўсё прымае на сябе, у выніку ператвараецца ў бюракратычную інстанцыю, якая не можа забяспечыць самых істотных рэчаў, якіх церпячы чалавек, кожны чалавек, патрабуе: прысвячэння, поўнага асабістай любові. Нам не патрэбна дзяржава, якая ўсё ўсталёўвае і пануе над усім, але дзяржава, якая адпаведна прынцыпу дапамогі шчыра прызнае і падтрымлівае ініцыятывы розных сацыяльных сілаў, што спалучаюць у сабе валанцёрства і блізкасць да людзей, якія патрабуюць дапамогі. Касцёл – гэта адна з такіх жывых сіл: у ім пульсуе дынамізм любові, натхнёнай Духам Хрыста. Гэтая любоў дае людзям не толькі матэрыяльную дапамогу, але таксама адпачынак і клопат аб душы, дапамогу часта больш важную, чым матэрыяльная падтрымка. Меркаванні, паводле якіх справядлівыя сацыяльныя структуры будуць выконваць справы дабрачыннасці, фактычна маскіруюць матэрыялістычную канцэпцыю чалавека: меркаванне, што чалавек павінен жыць “адным хлебам” (пар. Мц 4, 4, пар. Дрг 8, 3) – перакананне, якое прыніжае чалавека і не прызнае ўсяго таго, што выключна чалавечае.

29. Такім чынам, мы можам цяпер больш дакладна акрэсліць у жыцці Касцёла сувязь паміж прысвячэннем на карысць справядлівай арганізацыі дзяржавы і грамадства з аднаго боку, і грамадска арганізаванай супольнай дабрачыннай дзейнасцю з іншага. Ужо падкрэслівалася, што стварэнне справядлівых структур не з’яўляецца непасрэдным заданнем Касцёла, але належыць да сферы палітыкі, г. зн. да сферы адказнага ўжывання розуму. Заданне Касцёла тут ускоснае, заключаецца ва ўдзеле ў ачышчэнні розуму і абуджэнні тых маральных сіл, без якіх справядлівыя структуры не могуць быць створаны, а таксама не могуць далей дзейнічаць.


Непасрэдны абавязак працаваць на карысць справядлівага грамадскага ладу належыць свецкім вернікам. Як грамадзяне дзяржавы яны пакліканы да асабістага ўдзелу ў грамадскім жыцці. Таму не могуць адмовіцца ад удзелу “ў шматлікіх эканамічных, сацыяльных, заканадаўчых, адміністратыўных і культурных сферах, якія арганічным чынам служаць узрастанню агульнага дабра”21. Місія свецкіх вернікаў заключаецца ў правільным фарміраванні грамадскага жыцця, у павазе яго законнай аўтаноміі і ў супрацоўніцтве з іншымі грамадзянамі згодна з іх кампетэнцыяй і адказнасцю22. Хаця спецыфічныя выяўленні касцёльнай caritas ніколі нельга блытаць з дзейнасцю дзяржавы, застаецца слушным тое, што дабрачыннасць павінна ажыўляць само існаванне свецкіх вернікаў, а таксама іх палітычную актыўнасць, якая трактуецца як “грамадская любоў”23.
Дабрачынныя арганізацыі Касцёла ўтвараюць яго opus proprium, адпаведнае яму заданне, у якім ён супрацоўнічае не як дадатковы партнёр, але як суб’ект з непасрэднай адказнасцю, робячы тое, што належыць да яго натуры. Касцёл ніколі не можа быць вызвалены ад здзяйснення caritas як арганізаванай дзейнасці веруючых, і, наадварот, ніколі не будзе такой сітуацыі, калі caritas кожнага асобнага хрысціяніна будзе непатрэбнай, таму што ў дадатак да справядлівасці чалавек патрабуе і заўсёды будзе патрабаваць любові.

Шматлікія структуры дабрачыннай дзейнасці ў сацыяльным кантэксце сучаснасці


30. Перад тым, як вызначыць спецыфічны профіль эклезіяльнай дзейнасці ў служэнні чалавеку, я хацеў бы цяпер разгледзець агульную сітуацыю ў барацьбе за справядлівасць і любоў у свеце.
a) Сродкі масавай інфармацыі зрабілі сёння нашу планету меншай, хутка збліжаючы розных людзей і розныя культуры. Хоць гэта “знаходжанне разам” часам нараджае непаразуменні і канфлікты, аднак магчымасць непасрэдна ведаць аб патрэбах іншых заклікае нас удзельнічаць у іх сітуацыях і цяжкасцях. Нягледзячы на вялікія дасягненні ў навуцы і тэхналогіі мы кожны дзень даведваемся, як шмат існуе ў свеце цярпення з-за розных відаў беднасці як матэрыяльнай, так і духоўнай. Сучаснасць патрабуе новай гатоўнасці выходзіць насустрач бліжняму, які знаходзіцца ў патрэбе. Ужо Другі Ватыканскі Сабор выразна падкрэсліваў гэта: “Сёння праз лепшыя сродкі камунікацыі адлегласці паміж народамі амаль сцерліся (...), дабрачынная дзейнасць можа і павінна (...) ахопліваць усіх без выключэння людзей і ўсе патрэбы”24.
З іншага боку, і тут мы бачым адзін з аспектаў працэса глабалізацыі, які абуджае да дзейнасці і заахвочвае сучаснасць рабіць даступнымі для нас шматлікія сродкі для аказвання гуманітарнай дапамогі нашым братам і сёстрам, якія знаходзяцца ў патрэбе, стварае сапраўдныя і сучасныя сістэмы размеркавання ежы і вопраткі, а таксама дае магчымасць прапанаваць жыллё і апеку. Клопат аб бліжнім выходзіць па-за межы нацыянальных супольнасцяў і паступова пашырае свае межы на ўвесь свет. Другі Ватыканскі Сабор слушна заўважыў: “Сярод знакаў нашых часоў ёсць адзін, які сапраўды варта адзначыць, – гэта ўзрастаючае няўхільнае пачуццё салідарнасці ўсіх народаў”25. Дзяржаўныя інстытуцыі і гуманітарныя арганізацыі падтрымліваюць ініцыятывы, мэта якіх – салідарнасць, у асноўным за кошт субсідый, змяншэння падаткаў ці праз значныя інвестыцыі. Такім чынам салідарнасць, якую выяўляе свецкае грамадства, значна перавышае тую, якую праяўляюць адзінкі.
б) У гэтай сітуацыі ўзніклі і развіліся новыя формы супрацоўніцтва дзяржаўных і касцёльных інстанцый, якія прынеслі плён. Касцёльныя інстанцыі з празрыстасцю іх учынкаў і вернасцю абавязку сведчання аб любові могуць таксама даваць хрысціянскае натхненне свецкім інстанцыям, спрыяючы ўзаемнай каардынацыі, якая паспрыяе эфектыўнасці дабрачыннай паслугі26. Так сфармаваліся ў гэтым кантэксце шматлікія арганізацыі з дабрачыннымі або філантрапічнымі мэтамі, якія імкнуцца вырашыць сацыяльныя і палітычныя праблемы сучаснасці ў гуманітарным аспекце. Важнай з’явай у нашыя часы з’яўляецца ўзнікненне і пашырэнне розных форм валанцёрства, якое праяўляецца ў шматлікіх паслугах27. Прагну выказаць сваю ўдзячнасць і прызнанне ўсім, хто якім-небудзь чынам удзельнічае у гэтай дзейнасці. Гэтая шырокая актыўнасць для маладых людзей становіцца школай жыцця і вучыць салідарнасці, гатоўнасці прапанаваць не толькі штосьці матэрыяльнае, але і саміх сябе. Антыкультуры смерці, якая праяўляецца, напрыклад, у наркотыках, супрацьпастаўляецца любоў, якая не шукае сваіх інтарэсаў, але праяўляе сябе як культура жыцця праз саму гатоўнасць “загубіць сябе” (пар. Лк 17, 33 і наст.) дзеля іншага.
У самім каталіцкім Касцёле і ў іншых Касцёлах і касцёльных супольнасцях з’явіліся таксама новыя формы дабрачыннай дзейнасці і аднавіліся старыя формы, атрымліваючы новае жыццё і энергію. Гэта формы, у якіх часта можна спалучаць евангелізацыю і ўчынкі міласэрнасці. Хачу выразна пацвердзіць тое, што мой вялікі папярэднік Ян Павел ІІ сказаў у сваёй энцыкліцы Sollicitudo rei socialis28, абвяшчаючы гатоўнасць каталіцкага Касцёла супрацоўнічаць з дабрачыннымі арганізацыямі гэтых Касцёлаў і супольнасцяў, бо мы ўсе маем тую ж самую асноўную матывацыю і маем перад вачыма адну мэту: сапраўдны гуманізм той, які прызнае ў чалавеку вобраз Бога і прагне дапамагаць яму рэалізаваць жыццё, адпаведнае гэтай годнасці. Энцыкліка Ut unum sint яшчэ раз падкрэсліла, што каб свет стаў лепшым, неабходна, каб хрысціяне прамаўлялі адным голасам і дзейнічалі на карысць “павагі да правоў і патрэбаў усіх, асабліва бедных, прыніжаных і безабаронных”29. Я хацеў бы выказаць маю радасць з таго факту, што гэтае жаданне знайшло ў свеце шырокі водгук у шматлікіх ініцыятывах.

Уласцівая форма дабрачыннай дзейнасці Касцёла


31. Павелічэнне колькасці шматлікіх арганізацый, якія служаць чалавеку, адказваючы на яго патрэбы, у асноўным тлумачыцца тым, што наказ любові да бліжняга запісаны Стварыцелем у саму натуру чалавека. Такое павелічэнне з’яўляецца таксама вынікам прысутнасці ў свеце хрысціянства, якое зноў і зноў аднаўляе і здзяйсняе гэты наказ, які часта занядбоўваўся ў гісторыі. Рэформа язычніцтва, якую спрабаваў правесці Юліян Апастат, з’яўляецца толькі пачатковым прыкладам гэтага. У гэтым сэнсе сіла хрысціянства выходзіць далёка па-за межы хрысціянскай веры. Таму вельмі важна, каб дабрачынная дзейнасць Касцёла надалей яснела сваім бляскам і не растварылася ў звычайнай арганізацыі дапамогі, становячыся толькі адной з яе форм. Якія ж асноўныя элементы ствараюць сутнасць хрысціянскай і касцёльнай caritas?
a) Як паказвае прыклад добрага самараніна з прыпавесці, хрысціянская caritas з’яўляецца, перш за ўсё, адказам на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычаны, голыя апрануты, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г. д. Дабрачынныя арганізацыі Касцёла, пачынаючы ад Сaritas (на дыяцэзіяльным, нацыянальным і міжнародным узроўні), павінны зрабіць усё магчымае, каб былі адпаведныя сродкі і, у першую чаргу, каб былі людзі, здольныя выконваць такую працу. Асобы, якія служаць церпячым, павінны быць прафесійна кампетэнтнымі: яны павінны быць адпаведна навучаны, што і як рабіць, і гатовыя да далейшай апекі. Прафесійная кампетэнцыя з’яўляецца першасным і асноўным патрабаваннем, але толькі яе недастаткова. Бо справа датычыць людзей, а чалавек заўсёды патрабуе нечага большага, чым тэхнічна правільнай апекі. Яны патрабуюць чалавечнасці. Патрабуюць сардэчнай увагі. Тыя, хто дзейнічае ў дабрачынных арганізацыях Касцёла, павінны адзначацца тым, што не абмяжоўваюцца дакладным выкананнем таго, што патрэбна ў дадзены момант, але ўсім сэрцам прысвячаюць сябе другому так, каб ён пазнаў багацце іх чалавечнасці. Таму такім працаўнікам акрамя прафесійнай падрыхтоўкі патрэбна таксама, і перш за ўсё, “фармацыя сэрца”: трэба весці іх да такога спаткання з Богам у Хрысце, якое абуджала б у іх любоў і адчыняла іхнія сэрцы на іншага, так, каб любоў да бліжняга не была ўжо для іх наказам, дадзеным звонку, але вынікам іх веры, якая дзейнічае праз любоў (пар. Гал 5, 6).
б) Хрысціянская дабрачынная дзейнасць павінна быць незалежнай ад партый і ідэалогій. Яна не з’яўляецца спосабам ідэалагічнай перамены свету і не служыць сусветным стратэгіям, але з’яўляецца здзяйсненнем тут і цяпер любові, якой чалавек заўсёды патрабуе. У сучаснасці, асабліва пачынаючы ад XIX стагоддзя, дамініруюць розныя віды філасофіі прагрэсу, найбольш радыкальнай формай якіх з’яўляецца марксізм. Часткай марксістскай стратэгіі з’яўляецца тэорыя збяднення: хто ў сітуацыі несправялівай улады, сцвярджае яна, дапамагае чалавеку справамі дабрачыннасці, той, фактычна, служыць існуючай сістэме несправядлівасці і забяспечвае тое, што яна, прынамсі, да пэўнай ступені выглядае талерантнай. Гэта ў сваю чаргу спыняе рэвалюцыйны патэнцыял і, такім чынам, блакіруе барацьбу за лепшы свет. Таму дабрачыннасць адкідваецца і атакуецца як сродак захавання стану рэчаў. Фактычна, гэта не чалавечая філасофія. Сучасныя людзі прысвечаны молаху будучыні, будучыні, рэальны надыход якой застаецца сумніўным. Ніхто не можа зрабіць свет больш чалавечным, хвілёва адмаўляючыся ад чалавечых паводзінаў. Мы робім свой уклад у паляпшэнне свету толькі тады, калі асабіста чынім дабро цяпер з поўным адданнем і ўсюды, дзе толькі можам, незалежна ад партыйных стратэгій і праграм. Хрысціянская праграма – праграма добрага самараніна, праграма Езуса – гэта “сэрца, якое бачыць”. Такое сэрца бачыць, дзе патрэбна любоў, і дзейнічае адпаведна. Зразумела, калі дабрачынная дзейнасць здзяйсняецца Касцёлам як супольная ініцыятыва, са спантаннасцю адзінак павінна быць спалучана таксама планаванне, прадбачанне і супрацоўніцтва з іншымі падобнымі арганізацыямі.
в) Акрамя гэтага caritas не можа быць сродкам для таго, што сёння называецца празелітызмам. Любоў з’яўляецца бескарыслівай; не здзяйсняецца для дасягнення іншых мэтаў30. Гэта не азначае, што дабрачынная дзейнасць павінна, так бы мовіць, пакінуць Бога і Хрыста збоку. Зноў справа датычыць усяго чалавека. Часта найбольшай прычынай цярпення з’яўляецца менавіта адсутнасць Бога. Той, хто практыкуе caritas ад імя Касцёла, ніколі не будзе старацца навязаць іншым веру Касцёла. Ён ведае, што любоў у яе чыстасці і бескарыслівасці з’яўляецца найлепшым сведчаннем аб Богу, у якога мы верым і які заклікае нас да любові. Хрысціянін ведае, калі ёсць час для апавядання аб Богу, а калі слушна будзе замаўчаць і дазволіць гаварыць адной любові. Ён ведае, што Бог ёсць любоў (пар. 1 Ян 4, 8), і што Ён становіцца прысутным менавіта тады, калі мы не чынім нічога, а толькі любім. Ён ведае, вяртаючыся да папярэдніх пытанняў, што пагарда любові з’яўляецца пагардай Бога і чалавека, з’яўляецца спробай дзейнічаць без Бога. Адпаведна найлепшая абарона Бога і чалавека змяшчаецца менавіта ў любові. Заданнем дабрачынных арганізацый Касцёла з’яўляецца ўмацаванне гэтага пераканання ў свядомасці іх членаў так, каб праз іх дзейнасць, а таксама праз іх словы, маўчанне і прыклад, яны ператвараліся ў верагодных сведкаў Хрыста.

Адказныя за дабрачынную дзейнасць Касцёла


32. Урэшце, мы павінны зноў звярнуць увагу на адказных за дабрачынную дзейнасць Касцёла. Ужо з папярэдніх разважанняў стала бачна, што сапраўдным суб’ектам розных каталіцкіх арганізацый, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, з’яўляецца сам Касцёл – пры гэтым на ўсіх узроўнях, пачынаючы ад парафіі, праз мясцовыя Касцёлы аж да паўсюднага Касцёла. Таму слушным было ўстанаўленне маім паважаным папярэднікам Паўлам VI Папскай Рады Cor unum, як установы Апостальскай Сталіцы, адказнай за падтрымку супрацоўніцтва паміж арганізацыямі і каардынацыю дабрачыннай дзейнасці каталіцкага Касцёла. Згодна з біскупскай структурай Касцёла біскупы, як пераемнікі Апосталаў, першыя адказваюць у кожным мясцовым Касцёле за выкананне праграмы, указанай у Дзеях Апосталаў (пар. 2, 42-44): Касцёл як Божая сям’я павінен сёння быць, як і ўчора, месцам узаемнай дапамогі і адначасова месцам гатоўнасці служыць усім, хто патрабуе дапамогі, нават тым, хто застаецца па-за яго межамі. Падчас літургіі пасвячэння ў біскупы акту кансэкрацыі папярэднічае некалькі пытанняў да кандыдата, у якіх выяўляюцца істотныя элементы яго паслугі і нагадваюцца звязаныя з ёй абавязкі. У гэтым кантэксце той, хто прымае пасвячэнне, выразна абяцае, што ў імя Пана будзе гасцінны і міласэрны да бедных і ўсіх, хто патрабуе суцяшэння і дапамогі31. Кодэкс Кананічнага Права у канонах, якія датычаць біскупскага служэння, не ўзгадвае выразна caritas як адмысловую сферу біскупскай дзейнасці, але агульна кажа аб адказнасці біскупа за каардынацыю розных спраў апостальства з адпаведным захаваннем іх уласнага характару32. Апошнім часам, аднак, Directorium pastoralis Episcoporum ministerii больш паглыбіў канкрэтныя пытанні наконт абавязку caritas як істотнага задання Касцёла і біскупа ў яго дыяцэзіі33 і падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць з’яўляецца дзейнасцю, уласцівай Касцёлу, і што таксама, як паслуга Слова і Сакрамэнтаў, яна з самага пачатку належыць да сутнасці яго першаснай місіі34.

33. Калі гаворка ідзе аб супрацоўніках, якія практычна займаюцца дабрачыннай дзейнасцю ў Касцёле, то істотнае ўжо было зазначана: яны не павінны кіравацца ідэямі паляпшэння свету, але павінны кіравацца верай, якая дзейнічае праз любоў (пар. Гал 5, 6). Гэта павінны быць асобы, да якіх, перш за ўсё, дакранулася любоў Хрыста, і сэрцы якіх Хрыстус здабыў сваёй любоўю, абуджаючы ў іх любоў да бліжняга. Крытэрыем, які натхняе іх дзейнасць, павінен быць выраз з Другога паслання да Карынцянаў: “Любоў Хрыста ахапіла нас” (5, 14). Усведамленне таго, што ў Ім сам Бог ахвяраваў сябе за нас аж да смерці, павінна схіляць нас да таго, каб мы не жылі для саміх сябе, але для Яго, і разам з Ім – для іншых. Хто любіць Хрыста, той любіць Касцёл і прагне, каб Касцёл усё больш быў праяўленнем і прыладай любові, якая выпраменьвае з Яго. Супрацоўнік кожнай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі прагне працаваць з Касцёлам і адпаведна з біскупам, каб любоў Бога пашыралася ў свеце. Праз свой удзел у практыкаванні любові Касцёла ён хоча быць сведкам Бога і Хрыста і менавіта таму хоча бескарысліва чыніць дабро людзям.


34. Унутраная адкрытасць на паўсюднае вымярэнне Касцёла накіроўвае працаўніка на адпаведную сумесную дзейнасць з падобнымі арганізацыямі, выходзячы насустрач розным патрэбам, але гэта павінна адбывацца з павагаю да адметнай накіраванасці гэтага служэння, якога Хрыстус чакае ад сваіх вучняў. Св. Павел у сваім гімне любові (пар. 1 Кар 13) навучае, што caritas заўсёды з’яўляецца нечым большым, чым звычайная дзейнасць: “Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці” (1 Кар 13, 3). Гэты гімн павінен быць Magna Carta усёй касцёльнай паслугі; у ім сабраны ўсе разважанні на тэму любові, якія я прапанаваў у гэтай энцыкліцы. Практычная дзейнасць заўсёды будзе недастатковай, пакуль не будзе відавочная ў ёй любоў да чалавека, любоў, якая жыве сустрэчай з Хрыстом. Глыбокі асабісты ўдзел у патрэбе і цярпенні іншага такім чынам становіцца асабістым дарам: каб дар не прыніжаў іншага, я павінен даваць яму не толькі тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, але і самога сябе, я павінен асабіста прысутнічаць у маім дары.


35. Гэты адпаведны спосаб служэння робіць таго, хто служыць, пакорным. Ён не ўзвышаецца над іншым, у якім бы дрэнным стане той не быў. Хрыстус заняў апошняе месца на свеце – крыж – і менавіта з той радыкальнай пакорай адкупіў нас і заўсёды нам дапамагае. Хто дапамагае, разумее, што менавіта такім чынам і яму даецца дапамога. Тое, што ён можа дапамагаць, не яго ўласная заслуга, не падстава для гонару. Гэты абавязак з’яўляецца ласкай. Чым больш мы аддаем сябе на карысць іншых, тым глыбей разумеем і прымаем словы Хрыста: “Мы нікчэмныя слугі” (Лк 17, 10). Разумеем, што дзейнічаем не з прычыны нашай перавагі ці большай эфектыўнасці, але таму, што Пан учыніў нас здольнымі так паступаць. Часам празмернасць патрэбаў і ўласныя абмежаваныя магчымасці могуць спакушаць нас роспаччу. Але менавіта тады нам дапаможа ўсведамленне, што канчаткова мы з’яўляемся толькі прыладай у руках Пана; разуменне гэтага вызваліць нас ад меркавання, што толькі мы асабіста адказваем за будаванне лепшага свету. У пакоры мы будзем чыніць тое, што для нас магчыма, і ў пакоры даверым Пану ўсё астатняе. Гэта Бог валодае светам, а не мы. Мы служым Яму настолькі, наколькі можам, і пакуль Ён дае нам сілы. Рабіць, абапіраючыся на ўласныя сілы, усё, што можам, з’яўляецца абавязкам добрага, заўсёды актыўнага слугі Езуса Хрыста: “Любоў Хрыста ахапіла нас” (2 Кар 5, 14).




1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка