Дубіна Ганна Аляксандраўна



Дата канвертавання01.07.2016
Памер62.99 Kb.
Дубіна Ганна Аляксандраўна

БДУ, Мінск


ЭСЭ ЯК ДОНАР ЖАНРАВА-СТЫЛЁВЫХ РЫСАЎ
Нягледзечы на тое, што эсэ заняло сталую пазіцыю ў пісьменніцкай творчасці, ніхто нават з пісьменнікаў эсэістаў не можа даць вычапальнай трактоўкі гэтай літаратурнай з’явы. Пэўна, і з прычыны таго, што самое эсэ не прэтэндуе на вычарпальную тэму. «Эсэ ўжо болей як чатырыста год, але і па сёння дакладна ніхто не ведае, што гэта такое. Таму пра эсэ заўсёды можна казаць, што яно ёсць, але ніколі нельга сказаць, чым яно ёсць» [1, с.90].

У выніку апытання 32 беларускіх чытачоў, сярод якіх навучэнцы Філфака БДУ, Беларускага калегіюма і Лінгвістычнага універсітэта, высветлілася, што эсэ – самастойны літаратурны жанр, які валодае шэрагам канстантных (суб’ектыўнасць, эмацыянальнасць, адлюстраванне працэсу «жывога мыслення», філасофскі змест, абмежаваны памер, вольнасць кампазіцыі) і дапаможных (публіцыстычнасць, лірычнасць, вольнасць кампазіцыі, апавядальнасць і інш.) жанраўтваральных прыкметаў.

Спецыфічнай адзнакай жанру эсэ з’яўляецца яго памежнасць, што і пацвердзілася падчас апытання. Эсэ стаіць на памежжы філасофскай і мастацкай літаратуры. Да эсэ ў розныя часы звярталіся паэты, пісьменнікі, філосафы (М. Мантэнь, Ф. Бэкан, Б. Шоу, Дж. Оруэл, У. Эка, Ж.П. Сартр, М. Кундэра, У. Караткевіч, В. Казько, М.Стральцоў, В.Акудовіч...), у эсэ фактычна раўнапраўнае значэнне маюць і філасофскі змест, і мастацкія вартасці. У адносінах аб’ёму і функцый эсэ мяжуе з філасофскім трактатам, навуковым і публіцыстычным артыкуламі, лірычнай імпрэсіяй, нарысам, апавяданнем (з якімі нярэдка бытаюць гэты жанр), на што ўказваюць дапаможныя жанраўтваральныя рысы, а таксама эмацыянальнасць і філасофскі змест. Невыпадкова ў заходняй літаратурнай практыцы ўзніклі віды эсэ – навуковае, тэхнічнае, публіцыстычнае, лірычнае і інш. У рэчышчы мастацкай літаратуры эсэ стаіць асобна ад усіх літаратурных родаў. Адносячы эсэ, напрыклад, да эпасу мы забываемся пра такія вызначальныя рысы жанра як эмацыянальнасць і суб’ектыўнасць, што характэрныя найперш для лірыкі. Акрамя таго пра асаблівы статус эсэ сведчыць ягоная ўласцівасць дапаўняць жанравае вызначэнне твора: напісаны праз злучок прыдомак -эсэ – сталая з’ява ў літаратуры. Цікава, што менавіта памежны жанр аказаўся найбольш прыдатным аднаму з пачынальнікаў беларускага эсэ І. Абдзіраловічу, каб у мастацкай форме асэнсаваць беларускую сітуацыю «паміж».

Займаючы асобную пазіцыю ў рода-жанравай сістэме, эсэ можа пранікаць у іншыя жанры і ў іх кантэксце мадыфікавацца ў своеасаблівую літаратурную канструкцыю, пэўную мадэль выражэння мыслення, не пабаюся паўтарыць словы аднаго з апытаных, адметную атмасферу твора. У такім выпадку мы будзем мець справу з эсэйнасцю – літаратурнай з’явай, вытворнай ад эсэ. Таму прапаноўваю размяжоўваць паняцці эсэ – як самастойны жанр, які валодае шэрагам канстантных і дапаможных рысаў, і эсэйнасць – засваенне жанрава-стылёвых рысаў эсэ іншымі жанрамі.

У дадзенай працы нас цікавіць менавіта эсэйнасць, мажлівасць эсэ выступаць донарам жанрава-стылёвых рыс. Фактар, які спрыяе пранікненню эсэ ў іншыя жанры – гэта наяўнасць агульных рысаў у жанра-донара і жанра-рэцыпіента (напрыклад, суб’ектыўнасць у лірычных жанраў, апавядальнасць, разважлівасць інтанацыі – у эпічных і інш. рысы). У беларускай літаратуры да гэтага далучаецца асаблівасць нацыянальнай літаратурнай традыцыі: і па сёняшні дзень літаратура выразна ўсведамляе і дэкларуе адказнасць за фармаванне нацыі, а пісьменнік, безумоўна, з’яўляецца галоўным носьбітам сацыяльнай адказнасці. Таму для твораў беларускай літаратуры характэрны ўзмоцнены суб’ектыўны пачатак, высокая ступень праяўлення аўтарскага «я», у тым ліку па пытаннях і праблемах, якія не маюць і аб’ектыўна не могуць мець адназначнага адказу і вырашэння. Да эсэйнасці скіроўвае і другая адзнака беларускай літаратуры – яе рэфлектыўнасць. Варта адзначыць, што гэта фактары, якія толькі спрыяюць узнікненню эсэйнасці ў творы. Нараджаецца ж эсэйнасць там, дзе мы назіраем некалькі прынцыпова важных жанраўтваральных прыкметаў, якіх будзе дастаткова, каб казаць пра гэтую літаратурную мадэль.

Пры аналізе непасрэдна твораў беларускай літаратуры можна вылучыць тры ўзроўні эсэйнасці: эсэйнасць як аўтарская ўстаноўка, іманентная і фрагментарная эсэйнасць.

У першым выпадку жанраўтваральныя рысы эсэ цалкам накладаюцца на ўсю мастацкую структуру твора. У беларускай літаратурнай практыцы жанрам-рэцыпіентам выступае аповесць ці раман. Аўтар усведамляе, што творчы матэрыял патрабуе раманнай формы (аповесці), але спосабам мастацкай рэалізацыі абіраецца эсэ. Адпаведна жанр твора вызначаецца як раман-эсэ ці аповесць-эсэ. Амаль усе беларускія творы, напісаныя ў гэтым рэчышчы, прысвечаны як правіла якой-небудзь выбітнай асобе ( раманы-эсэ А.Лойкі «Францыск-Скарына, або Сонца Маладзіковае» і «Як агонь, як вада...» (Я.Купалу), аповесці-эсэ М. Лужаніна «Колас расказвае пра сябе», В. Куляшовай «Лясному рэху праўду раскажу...» (А.Куляшову), М. Стральцова «Загадка Багдановіча», В. Карамазава «Антон» і «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (мастакам Антону Бархаткову і Бялыніцкаму-Бірулю)). У цэнтры твора – творчая асоба, інтэрпрэтацыя дзейнасці якой не можа быць пададзена адназначна, таму эсэ асабліва прыдатнае для рэалізацыі аўтарскай задумы.

Пры іманентнай эсэйнасці аўтар не ўсведамляе гэтага, але творчая задача не паказаць праблему, а асэнсаваць яе. Таму твор пры жанравым вызначэнні хоць і не носіць дадатка «эсэ», але мае поўнае права называцца ім. У эпасе прыкладам могуць паслужыць апавяданні «Смаленне вепрука» М. Стральцова (якое ў рэшце рэшт пераўтварылася ў эпітафію апавяданню) і «Гуртавое» Я. Брыля (дзе аўтар перадае сваё разуменне паўнаты жыцця), якія з’яўляюцца па сутнасці эсэ. Што тычыцца лірычных жанраў, то верш адначасова быць эсэ не можа, бо ў ім дамінуюць хутчэй лірычныя перажыванні, чым мысленне. Але калі адбываецца рацыяналізацыя пачуцця і пачынаюць пераважаць рысы эсэ, то верш трансфармуецца ў своеасаблівыя лірычныя формы. Форма верлібра, нярэдка насычаная філасофскім зместам і разважлівасцю інтанацыі, спрыяе пранікненню ў яе эсэ. Такімі верлібрамі-эсэ з’яўляюцца «Паслухаем і другі бок» А. Вярцінскага, «Унтэр дэн Ліндэн» А. Хадановіча, «Экалогія», «Гравюры Скарыны», «Трактат аб паэзіі», «Гэта зямля – нічым не прыкметная» М.Танка і інш. А. Разанаў вынаходзіць сваю форму – вершаказы, дзе ў аснову амаль кожнага кладзецца праблема знаходжання сэнсу сімвалу («Дуб», «Дождж») [5]. Варта адзначыць, што філасофская думка або розныя падыходы для ілюстравання праблемы – гэта яшчэ не эсэ, бо эсэ ўзнікае там, дзе ёсць працэс мыслення, і праблема адпаведна асэнсоўваецца, а не дэкларуецца.

Эсэйнай можа быць і паэма, у чым пераконвае «Ода магчымасцям мірнага жыцця, або штрых да партрэта Васіля Быкава» А. Вярцінскага, дзе эсэйнасць відавочная і на ўзроўні эсэ як структуры: у аснове твора эсэйнае ядро («магчымасці мірнага жыцця») – праблема, якая з’яўляецца адпраўным і цэнтральным пунктам мыслення, думку ж працягваюць і разгаліноўваюць эсэйныя вузлы – паняцці, мікратэмы, якія патрабуюць аўтарскага асэнсавання, якія правакуюць аўтара на разважанне, своеасаблівыя каталізатары мысленчага працэсу (напрыклад, пасля тэзы «Вайна, уласна кажучы, пакідае нам адну магчымасць – ваяваць!» Вярцінскі пачынае асэнсоўваць, што значыць «ваяваць», а пасля зноў вяртаецца да «магчымасцей мірнага жыцця») [2]. Да гэтай далучаюцца таксама паэмы А. Разанава – «Паэма Рэха», «Паэма запаленых свечак», «Паэма рыбіны», «Гліна», «Камень» і інш. Зноў жа, гэтыя паэмы напісаныя свабодным вершам, які скіроўвае да эсэйнасці.

Фрагментарная эсэйнасць праяўляецца, як правіла, у такіх сюжэтных адступленнях, дзе выразна пачынае гучаць аўтарскае “я”. Улічваючы наяўнасць у аповесці «Рэвізія» Федарэнкі дзьвюх мастацкіх умоўнасцяў, дзе герой адначасова з’яўляецца і аўтарам твора пра сябе, эсэйнымі будуць і развагі герояў пра адказнасць літаратара за беларускае слова, асэнсаванне па сутнасці элітарнасці беларускай мовы і культуры. У паэме «Сымон-музыка» Я. Колас у лірычных адступленнях разважае пра праблему мастака і грамадства, што таксама дазваляе гаварыць нам пра эсэйнасць. Н. Гілевіч у рамане ў вершах «Родныя дзеці» такія адступленні нават вылучае фармальна («Адступленне першае – патэтычнае», «Адступленне другое – іранічнае», «Адступленне чацвёртае – у гонар маці» і інш.), што ўказвае на жаданне аўтара рознабакова асэнсаваць праблему [3]. У вершы, як ужо адзначалася, дамінуе лірычны пачатак, таму калі мы і сустракаем у ім эсэйнасць, то толькі ў фрагментарным выглядзе. Бо хоць эмацыйнасць і часам лірычнасць з’яўляюцца жанраўтварыльнымі для эсэ, перавага ў ім аддаецца ўсё ж на карысць рацыянальных працэсаў. Тым не менш у вершы М.Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы...» за лірычным флёрам імкненне героя да мыслення відавочнае.



У эпоху, пазначанаю смерцю аўтара і нараджэннем чытача, пэўна, варта было б вылучыць альтэрнатыўную кандэнсаваную форму эсэйнасці. Гутарка ідзе пра такі выпадак, калі твор мастацтва спараджае эсэйнасць, але ўжо ў мысленні ўспрымальніка гэтага твора. У літаратуры гэта перш за ўсё жанр мініяцюр. Але эсэйнасць у сваім шырокім разуменні атмасферы твора можа пакідаць межы літаратуры і дастасоўвацца да іншых відаў мастацтва. Эсэйнасць «Антона» В.Карамазава дапаўняецца змешчанымі ў выданні творамі галоўнага героя-мастака і фотаздымкамі з ягонага жыцця [4]. І чым як не геніяльнымі беларускімі эсэ, на думку філосафа В.Акудовіча, ёсць «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча і паланез «Развітанне з Радзімай» Міхаіла Клеафаса Агінскага? Натуральна, такі аналіз запатрабуе спецыфічных прыёмаў і інструментаў, адпаведных матэрыяльнай прыродзе аб’екта даследавання (музыка, жывапіс і інш.), аднак прапанаваная ў гэтай рабоце методыка вылучэння структурных элементаў і ўзроўняў засваення элементаў эсэ, хочацца спадзявацца, можа быць адпаведнай і прадуктыўнай у далейшых даследаваннях.
Літаратура

  1. Акудовіч В. Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексіяў. Мн., 2006

  2. Вярцінскі А. Хлопчык глядзіць...: выбр. вершы і паэмы. Мн., 1992.

  3. Гілевіч Н. Родныя дзеці. Мн., 2001.

  4. Карамазаў В. Антон: аповесць-эсэ ў стылі рэтра. Мн., 2005.

  5. Разанаў А. Танец з вужакамі: выбранае. Мн., 1999.







: bitstream -> 123456789 -> 40775
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка