Дзе памяць сэрца ходзіць басанож”…



Дата канвертавання30.06.2016
Памер106.69 Kb.
Дзе памяць сэрца ходзіць басанож”…

Сустрэча-успамін

Афармленне

1. Кніжная выстаўка “ Эдуарду Зубрыцкаму прысвячаецца”\ да 70-годдзя з дня нараджэння/

Цытата: Зямля бацькоў, зямля дзядоў і прадзедаў,

Над роснай нівай зораў перазвон,

Ты мне навекі ў спадчыну аддадзена,

І ў жылах моц твая і твой агонь.

2. Побач з выстаўкай -партрэт паэта і “Журлівіца” \паэтычны вобраз, прыдуманая аўтарам птушка\. І словы :

Знаю пэўна: свет не здзівіцца,

Як ніколі не здзіўляўся ён.

Папрашу адно Журлівіцу,

Каб з нябёс не апускалася.

3. Выстаўка кніг гасцей “У нас у гасцях”.


Добры дзень, паважаныя сябры! Добры дзень, паважаныя госці ! У гэтай зале ўсіх нас сабраў юбілей : 17 красавіка споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння паэта Эдуарда Іосіфавіча Зубрыцкага
Чытальнік:


Вядучы: 17 красавіка 1942 года было наканавана з’явіцца на свет Эдуарду Зубрыцкаму – чацвёртаму сыну Язэпа Антонавіча і Ядвігі Адольфаўны з в. Шклянцы Докшыцкага раёна. Нарадзіўся будучы паэт у сялянскай сям’і.

Падчас нямецкай блакады бацька з іншымі аднавяскоўцамі трапіў у палон і быў вывезены ў Германію, адкуль вярнуўся дахаты праз год пасля заканчэння вайны. Да таго ж часу маці адна вяла гаспадарку, як магла гадавала чатырох неслухаў.

Эдуард вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, а дзесяцігодку скончыў у Бярозках. Захапляўся беларускай літаратурай, размаўляў толькі на мове бацькоў і спрабаваў пісаць вершы.

Вядучы: Першыя яго вершы былі надрукаваны ў 1960 годзе ў Бягомльскай раённай газеце “Савецкі патрыёт” і часопісе “Маладосць”. З такім “важкім” багажом ён паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна. Яго “хроснымі бацькамі” былі выкладчыкі Ніл Гілевіч і Алег Лойка.

Потым былі вершы ў газетах “Звязда”, “Чырвоная змена”, “ЛіМ”, часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Работніца і сялянка”, “Беларусь”. А праз некаторы час, калі малады паэт ужо адслужыў у арміі, папулярны часопіс “Маладосць” пры садзейнічанні пісьменніка Міхася Стральцова надрукаваў студэнцкую аповесць “Суэма”. Далёкія, незваротныя дні студэнцтва, першае шчымлівае каханне… Аб усім гэтым цёпла, задушэўна піша аўтар у сваім творы.



Вядучы: “Лекцыі…на філфаку БДУ былі займальнымі і карыснымі. Гэта быў час сустрэч з сапраўднымі пісьменнікамі: Я. Янішчыц, Ю Голубам, А. Разанавым, Э. Зубрыцкім”, - успамінае пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Якое сузор’е імёнаў. Яны сталі гонарам беларускай літаратуры. У БДУ тады выйшаў калектыўны зборнік “Натхненне”, дзе надрукавалі іх вершы. У 1975 г. выйшаў першы паэтычны зборнік паэта “Блакітныя казкі”. Ужо з першага зборніка ў вершах пачынае гучаць тэма роднага краю.
Чытальнік \бярэ ў рукі кнігу\

Радзіма

Мне ўсё дорага тут, знаёма –

Я па роднай іду зямлі.

На рачных сітняговых поймах

Заяц печы свае запаліў.
Туманамі дымяць лагчыны,

Вось, здаецца, успыхнуць агнём

Там, дзе сосен цыбатых вяршыні

Золак сіні абняў крылом.


Сіні золак, стары знаёмы,

На мяне сыпане расой.

І, як некалі, зноўку стома

Будзе побач ісці са мной.


І якія б шляхі не схадзіў я -

Усё адно прывядуць сюды…

Пачынаецца там Радзіма,

Дзе маленства прайшлі гады.



\У кн.: Зубрыцкі Э. Блакітныя казкі. Мн., 1975. С. 6\

Вядучы: Пасля заканчэння БДУ, працаваў настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Чашніках і Асвеі, потым жыццёвая сцяжына прывяла ў Верхнядзвінск, у раённую газету “Дзвінская праўда”.

Вядучы: Здавалася, аўтар паглыбіцца ў творчасць, але на вялікі жаль, голас яго чамусьці замоўк, можа закруцілі віры паўночнай ракі-чараўніцы ў Верхнядзвінску. І гэта зацятае, магчыма вымушанае маўчанне доўжылася каля сарака гадоў. Былыя калегі ўжо і не спадзяваліся ўбачыць радкі хлопца з хітраватым позіркам і звонкім смехам. Надта глыбока, ледзь не з галавой, акунуўся ён у вірлівы калаўротны клопат газеты-раёнкі. А гады ішлі-ляцелі, надзялялі паэта-маўчуна, як і кожнага з нас, сівізной, атулялі хатняй цішынёй і сямейнай утульнасцю. Музу замяніла жонка Ніна Масееўна, якой прысвечаны гэтыя радкі:

Чытальнік: У лугах чабаровых світае,

У барку ельнік спеліць тугу.

Даганяю цябе, даганяю,

І дагнаць, і знайсці не магу.

Коліць пальцы сівая ажына,

Халадок між чырвоных рабін.

І чытаю свяшчэннае “Ні – на”

У сузор’ях дарог і сцяжын.



Вядучы: Вершаваныя радкі замянілі родныя дзеці, унукі, якіх ён бязмерна любіў. Услухайцеся ў гэтыя радкі, пранізаныя пяшчотай і ласкай:

Чытальнік: Мой унучак Ілля,

Мой маленькі прарок,

Недасяжны ў сваёй чысціні,

Я з табою наноў

Вывучаю урок

Чалавечай зямной дабрыні…



Вядучы: Наступныя радкі прысвечаны другому ўнуку:

Чытальнік: Свет увесь у крыніцах вачэй.

Тым крыніцам бруіцца святлом

На шляхах, што шырэй і шырэй,

Што навекі абраны жыццём.

І ў святле тым,

У промнях надзей

Табе крочыць, унук мой Арцём…
Вядучы: Жыццё ішло добра ўезджанай калейкай. Ды і тая калясніца-шаляніца, у якую запрэжаны гады, нарэшце перасекла вядомы для ўсіх экватар, і чалавек выйшаў на бестэрміновы адпачынак. Адчула душа, што чагосьці не хапае, - дні, як колы, круцяцца ўхаластую. Трэба чымсьці заняцца, падставіць яшчэ не слабае плячо пад важкую ношку. Успомнілася, відно студэнцтва, паседжанні літаб’яднання, вершы, і здарылася так, рука пацягнулася да пяра і сталі з’яўляцца радкі. Такім чынам, Эдуард Зубрыцкі вярнуўся да вершаў. З чым жа ён вярнуўся ў паэзію? Жыццёвы вопыт, які прыйшоў у такім узросце, дазволіў яму акрыліць сваю Музу, падрыхтаваў яго да чарговага, больш высокага, узлёту. Паэт значна пашырыў жанравы дыяпазон. Апрача вершаў ён напісаў балады, кароткія паэмы.

Вядучы: Эдуард Зубрыцкі па-добраму здзіўляе сваёй пладавітасцю. Пачынаючы з 2001 года ён выпусціў у свет наступныя кніжкі вершаў: “Птушка з водсветам заранкі”, “Мне б хоць кропельку неба”, “Рабінавыя астравы”. “Журлівіца”, “След чмяля”, “Прычашчэнне”, “Сцяблінка баравая”. Уся спадчына паэта складае 12 зборнікаў. Як бачна, працуе паэт плённа і напружана, нібы спяшаецца нагнаць упушчанае за гады свайго незразумелага для многіх калег маўчання.
Вядучы: Эдуард Зубрыцкі ніколі не пакідаў сваю малую радзіму, натхняўся мілымі сэрцу крыніцамі, бацькоўскай хатай і залацістымі нівамі, да якіх ён, чалавек балючай памяці і трывожных успамінаў, пранёс вялікую, непаўторную любоў і простую зямную ўдзячнасць. Адна з тэм яго вершаў родная вёска Шклянцы, блізкія людзі… Лёс роднай вёскі, лёс родных, землякоў і самога паэта звязаныя непарушна назаўсёды.
Чытальнік: /гучыць верш “За бацькоўскім сталом”/

Калі дождж асенні

Шуміць і шуміць аднастайна ля вокан,

Мне заўсёды карціць,

Мяне цягне заўсёды туды,

Дзе ля Шклянскіх аселіц,

Ля роднае хаты пад бокам,

Бы ў дзяцінстве далёкім

Прызыўна гудуць правады.

Там ставок невялікі

У гаме флатылій гусіных,

Свецяць днём і ўначы там

Агні беластвольных бяроз.

Тут, у матчынай хаце

Збярэцца пад вечар гасціна

І на сэрцах бацькоў

Адзіноты старэчай растане мароз.

Як нідзе і ніколі,

Спакойна мне дома і ўтульна,

Быццам рэчанька Поня,

Размова няспешна плыве.

І прычуецца раптам,

Як яблыні ціха да вокнаў прытуляцца,

Асцярожна прыйшоўшы з узмежкаў

Па стылай асенняй траве.

Сэнс жыцця пазнаю,

Што ёсць вышай на свеце

Найвышэйшае мудрасці

Нашых бацькоў і дзядоў.

Толькі хай жа яна

І далей мне аддана пасвеціць,

Асвятляючы далеч пражытых

І яшчэ не пражытых гадоў…

Мне спакойна і ўтульна.

Нібыта ў маленстве калісьці

За бацькоўскім сталом,

Дзе ёсць месца для шчырых гасцей.

…Лісце падае з дрэў.

Над стаўком анямелае лісце

Быццам вырай здарожаных дзікіх гусей…



/У кн.: Зубрыцкі Э. Мне б хоць кропельку неба…Мн., 2005. С. 70/.
Вядучы: Родная вёска жыла ў сэрцы паэта заўсёды, як самы дарагі ўспамін. У наступным вершы гучаць боль, трывога, бо мінаюць гады, вымірае родная вёска. Яна жыве толькі ва ўспамінах і вершах Э. Зубрыцкага.
Чытальнік: /гучыць верш “А ў Шклянцах маіх”/.

А ў Шклянцах маіх

Цішыня-цішыня,

А ў Шклянцах маіх

Ні світанку, ні дня.

А ў Шклянцах маіх,

Толькі цёмная ноч.

А ў Шклянцах маіх,

Век імчыцца наўзбоч.

А ў Шклянцах маіх,

Сонца ў вокнах няма.

А ў Шклянцах маіх

Векавечыць зіма.

/У кн. Зубрыцкі Э. Журлівіца Мн., 2006. С. 46/
Вядучы: Мы бачым, як прывязаны Э. Зубрыцкі да роднай зямлі, якія гэта моцныя карані. Гэта жывіла яго паэзію - родная зямля, бацькоўская хата і ўся Беларусь. Яго хвалявала гісторыя Беларусі і яе заўтрашні дзень. У сваіх вершах паэт часта звяртаецца да будучых пакаленняў. Верш, які зараз прагучыць, прысвечаны брату Лёню
Чытальнік: Асыпаецца пух таполевы

Пух таполевы на траве…

Птушаняты, узлятаем кволымі

А дужэем у сіняве.

Мы пакуль што, як тыя лебедзі,-

Крылы дужыя, востры зрок.

І ў кожнага з нас-суседзі,

І ў кожнага з нас-дружок.

Прыязджаем дамоў не часта,

Усё па свеце і ў золь, і ў гром,

А не знаем, журботнай чайкаю

Села старасць на бацькаў дом.

А не знаем, даўно асела

Срэбра часу ў вянкі прысад.

Цішыня над жальбой аселіц,

Цішынёю захутан сад.

Не прызнаюць цябе дубровы,

Як раней, не прызнае гай.

…Вечны ў сэрцы матчыны словы

“Прыязджай, сынок, прыязджай”…


Вядучы: Шчымлівы верш, у якім так многа сказана. Родны брат паэта, Леанід Іосіфавіч Зубрыцкі, сёння ў нас у гасцях. Вітаем яго. Раскажыце, калі ласка,

1. Якім вам помніцца брат?

2. Лірычны герой яго вершаў і сам Эдуард Іосіфавіч –наколькі яны супадалі?

3. Прачытайце любімы верш брата.



/Музычны падарунак/.
Вядучы: У многіх творах паэта гучыць філасофская развага пра ўсё чалавецтва, пра лёс роднай прыроды, пра мінулае і сучаснае.

Чытальнік: /бярэ з выстаўкі кнігу/

Ранак

Ранак сіні, ранак звонкі,

Ветлы цешыцца прамень.

Добры дзень, мая старонка,

Краю родны, добры дзень !

Завітаю, прывітаю

Шчырым словам землякоў,

Хоць пакуль яшчэ не знаю,

Што не ўсіх спаткаю зноў.

Хто навечна ў ад’ездзе,

Там, дзе сцішыўся лясок,

Хто ад роднай хаты недзе

Як у полі каласок.

Сцежка ў травах за пагоркам,

Стыне дзятлава сасна.

Незнаёмая вавёрка

Цішу слухае адна.

Прыхінуся, пакланюся,

Запаволю цяжкі крок.

О каб ты сюды –малюся-

На хвілінку, на дзянёк.

/У кн. : Зубрыцкі Э. Восень над вогнішчам. Мн., 2011. С. 218/.
Вядучы: Адзін са зборнікаў вершаў называецца “Журлівіца”.Я спачатку палезла ў слоўнік –хто гэта ? А адказ знайшла ў вершах. Гэта незвычайная блакітная птушка, якую прыдумаў паэт. Магчыма, у ёй часцінка яго сэрца, яго таемных мар…Не запытаемся.

Не адкажа. Але вось яна, побач з намі. І няхай гучаць вершы.



Журлівіца

Чытальнік: Знаю пэўна, свет не здзівіцца,

Як ніколі не здзіўляўся ён.

Папрашу адно Журлівіцу,

Каб з нябёс не апускалася.

Не кружыла па-над плёсамі,

Над лясамі і над нівамі,

Дзе жыве мой след закошаны,

Дзе калісьці быў шчаслівы я.

Хай падумаюць: зблудзіўся я.

Хай падумаюць: вярнуўся я.

Дзе азёры лебядзіныя

Сінім небам ахінуліся.

І пакуль мой сад у квецені,

Не журыся ж ты, Журлівіца :

Не тваім крылом замецены

След над чыстымі крыніцамі.


Вядучы: Паэзія Э. Зубрыцкага зацікавіла настаўніка музыкі Верхнядзвінскай СШ № 2 Аляксандра Марозава. Бібліятэка Верхнядзвінскай СШ № 2 выпусціла зборнік “ Айчыны светлы лік” :цыкл песень на словы Э. Зубрыцкага. Паслухайце, калі ласка, у выкананні……………

песню на словы Э. Зубрыцкага ………



\Гучыць песня на словы Э. Зубрыцкага.\
Вядучы: Э. Зубрыцкі пісаў паэмы, балады. У яго ёсць аповесць-тэтралогія “Суэма”. Яна друкавалася ў часопісе “Маладосць”, выйшла асобнай кнігай у зборніку і дала яму назву.
Вядучы На нашай выстаўцы прадстаўлены кнігі Э. Зубрыцкага “Блакітныя казкі”, Мне б хоць кропельку неба”, “Сцяблінка баравая”, “ Журлівіца”, “Рабінавыя астравы”, “Прычашчэнне”, “След чмяля”, “ Суэма”. У 2011 годзе ў бібліятэцы Саюза пісьменнікаў Беларусі выйшла кніга выбраных твораў Э.Зубрыцкага “Восень над вогнішчам”.

Леанід Іосіфавіч пазнаёміць нас з гэтай кнігай.

/Слова Зубрыцкаму Л. І.\
Вядучы Гэта кніга выйшла , калі Эдуарда Іосіфавіча ўжо не было з намі… . Ён раптоўна памёр. Гэта было 5 мая 2008 года…

Я на споведзь да часу прыйшоў,

Толькі хіба ён скажа, дзе ісціна.

Можа, у тым,

Што ў згодзе з Душой

Век пражыў свой

І ў непагадзь выстаяў…

Чытальнік: І пакуль я іду па зямлі,

І пакуль мае дыхаюць грудзі

Мне вялікае права далі

Быць Паэтам і неба, і людзі.

Хоць ссівела мая галава-

Не астыла душа, не астыне.

Мне чуваць у зямных галасах :

Дараваная Богам мне сіла.

І на той, на апошняй мяжы,

Дзе спыняюцца годы і рэкі,

Я скажу, што нічым не зграшыў,

Быў адно на зямлі чалавекам.

Што пусціў, быццам птушку, у свет

Я любоўю спавітае слова.

Што ніколі не здрадзіў Паэт,

Ні сабе, і ні людзям, ні Богу…



Паэты адчыняюць насцеж перад намі сваю душу, каб мы напоўніліся любоўю, дабрынёй, жыццёвай сілай.

Вядучы: Эдуард Зубрыцкі – паэт ад неба і зямлі, ад родных ніў сваіх і хат, ад продкаў і нашчадкаў сваіх. І ўсё на гэтай зямлі, пад гэтым небам было дорага і блізка яму. І пра ўсё гэта ён пісаў так, што хочацца перачытваць душэўныя, трывожныя. Напоўненыя радасцю і болем ягоныя паэтычныя радкі.
: blocks -> scenarii
scenarii -> Школьнікам аб праваслаўнай веры” (прэзентацыя кнігі Ф. А. Палачаніна) Бібл
scenarii -> Франтавікі, надзеньце ордэны
scenarii -> Бульбяны банкет. 1-ы вядучы
scenarii -> Героямі не нараджаюцца, імі становяцца
scenarii -> Памяці” гартаючы старонкі
scenarii -> Літаратурна-музычная кампазіцыя “Жыві, роднае слова”
scenarii -> У тыле ворага патрыятычная гадзіна 1-ы вядучы: Добры дзень, паважаныя госцІ! 2-і вядучы
scenarii -> Над Белай Руссю белы бусел
scenarii -> Дзецям вайны прысвячаецца …
scenarii -> Падрыхтоўка да ўрока памяці: падрыхтоўка слайд шоу з фотаздымкамі мемарыяла “Хатынь”, “Шунеўка”, помнікамі на месцы спаленых вёсак




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка