Дзівацтвы Магнатаў



Дата канвертавання21.06.2016
Памер42.36 Kb.
Дзівацтвы Магнатаў

«Індывідуялісты» таго часу, пра якіх схільныя да пісання дыярыушаў людзі ахвотна натавалі асабістыя ўражанні і пагалоскі, былі «дзівакамі». Такая мяккая назва абыходзіла праўду, бо «дзівакі» у большасці сваёй належалі да кола вельмі заможных фамілій.



Яскравы прыклад таго – Марцін Міхал Радзівіл, уладальнік Бельска і «розных іншых добр», які ў сталым узросце жыў паблізу Брэста ў Чарняўчыцах. Князь атрымаў выдатную еўрапейскую адукацыю, меў схільнасці да навук, займаўся хіміяй і, вядома, алхіміяй, але здзівіў сваіх сучаснікаў зусім не адкрыццём эліксіра маладосці ці штучнага золата. Першае, чым ён уразіў сваякоў і ўсё насельніцтва Вялікага княства, быў пераход у іудзейства. Князь Марцін, дзякуючы навуковым схільнасцям, абгрунтаваў гэты ўчынак філасофскі, вывучыў яўрэйскую мову і прымаў на дваровыя пасады выключна яўрэяў. Адначасна ён, падобна князям Усходу, завёў гарэм, для якога за грошы пастаўлялі выкрадзеных у бацькоў прыгожых дзяўчат. У гарэме, як і належыць, панавала няроўнасць, было, так мовіць, два класы: першы складалі «дамы>, якія мелі добрае ўтрыманне, другі лічыўся «падрыхтоўчым». Дзяўчаты гэтай катэгорыі зваліся «кадзеткамі», і не шмат на Беларусі страчалася жабракоў, якія жылі і апраналіся горш за чарняўчыцкіх «кадзетак». Жаніўся пан Марцін Міхал двойчы; першая жонка памерла, другую разам з дзецьмі ён трымаў у брудзе і голадзе. Часам находзілі на князя такія прыступы лютасці, што ён браў прыклад з вялікіх гняўліўцаў мінуўшчыны: як Іван Грозны забіў свайго сына, так пан Марцін змалаціў свайго, Юзафа Мікалая,- той на ўсё жыццё застаўся гарбатым.
Самай прыбліжанай асобай Марціна з'яўляўся нехта Збароўскі, які па загаду князя без сумніву паліў двары і забіваў людзей. Брэсцкі ваяводскі суд прыгаварыў яго да пакарання смерцю, але не мог выканаць гэты вырак, бо Радзівіл свайго вернага найміта не выдаваў. Нарэшце брэсцкі староста Грабоўскі, якога асабісты Радзівілаў кат прылюдна паабяцаў забіць, сабраў сваіх родзічаў, падпільнаваў Збароўскага, схапіў і адвёз у Петрыкаў, дзе даўні прысуд да смерці быў выкананы.
Шкадуючы грошай на жонку, дзяцей і «кадзетак», пан Марцін не скупіўся на незвычайныя забавы. Так, па яго жаданні ў Чарняўчыцах выкапалі вялізную сажалку, пабудавалі два караблі - «купецкі» і «пірацкі», і на вачах запрошаных гледачоў адбылася “марская бітва”, накшталт той, што часцяком здараліся ў Міжземным моры. «Піраты» ўзялі «купцоў» на абардаж - і гледачы маглі пераканацца, колькі гэта каштуе крыві.
Магчыма «дзівацтвы» князя Радзівіла цярпелі б і надалей, бо не ён адзін трымаў гарэм, здзекаваўся з жонкі, біў дзяцей, дазваляў бойлам катаваць людзей, паліць сялянскія двары, марнаваць грошы на рознае глупства. Але пан Марцін перайшоў усялякую меру калі дазволіў сабе арыштаваць, збіць да паўсмерці і павезці пад вартай у Вільню клецкага ксяндза Сузіну. Абражаны такой непавагай да касцёла, віленскі біскуп дамагаўся ад караля смерці для Радзівіла. Сваякі князя, не жадаючы сеймавага скандалу і плямы на род, вынайшлі больш памяркоўнае рашэнне - абвясцілі Марціна хворым, што было праўдай, і ўзялі над ім апякунства. Апякунамі сталіся Юры Радзівіл, ваявода наваградскі, і Геранім Радзівіл, харунжы літоўскі. У Марціна аднялі маёнткі і ўсё багацце, жонцы і дзецям прызначылі ўтрыманне, а самога князя адвезлі ў Слуцкі замак, дзе ён пражыў дзесяць гадоў у даволі жорсткіх умовах: напачатку яго трымалі ў зачыненай каморы, а калі дазволілі прагульвацца па замкавым двары, дык наперадзе і ззаду ішлі дужыя вартаўнікі. Незайздросны, трэба прызнаць, лёс.
Князь Геранім, які апекаваў звар'яцелага сваяка, таксама лічыўся дзіваком. 3 мноства ягоных «дзівацтваў» сучаснікі, як паказальнае, адзначалі, напрыклад, такое. Неяк князь, зірнуўшы ў акно, убачыў каля замкавай брамы гайдука без занятку. Князь гукнуў яго і запытаўся, чаго ён бадзяецца па двары. Той, на сваю бяду, захацеў падлабуніцца. «Таму, ваша мосць,- адказаў ён,- што хочацца заўсёды быць на вачах князя для якой справы». «Калі хочацца,- пагадзіўся Геранім,- дык будзеш на вачах кожны дзень!» - і загадаў павесіць гайдука на варотах.
Геранім Радзівіл з'яўляўся адным з найбагацейшых магнатаў на Беларусі. Толькі пяхоты ён трымаў 6 тысяч чалавек, а яшчэ меў атрады казакаў і гарнізоны ва ўсіх сваіх мястэчках і замках. Падаткаў дзяржаве пан Геранім не плаціў ані капейкі, даводзячы, што на час вайны выставіць усю сваю армію, што была большай за дазволенае рэгулярнае войска Вялікага княства. У адрозненне ад Марціна, які ператварыў свой двор у Чарняўчыцах у прытулак яўрэеў, Геранім свой слуцкі двор «анямечыў», усіх афіцэраў запрасіў з Курляндыі. Для немцаў князь пабудаваў у Слуцку кірху, і службы там ішлі на нямецкай мове. Пасля падарожжа ў Парыж асабістую ахову ён арганізаваў па ўзору французскіх мушкецёраў, нават форму салдаты мелі тую ж самую. А каб яны выглядалі сапраўднымі мушкецёрамі, а можа і лепш за французскіх, пан Геранім адабраў па вёсках Случчыны тры сотні самых рослых і дужых хлопцаў. Тыя выбранцы потым атрымалі зямлю ў наваколлі Слуцка, так што і па сённяшні дзень у гэтым краі жывуць нашчадкі мушкецёрскага палка.
Як і Марцін, Геранім цаніў жаночую прыгажосць і трымаў вялікі гарэм, але сваіх «дам» і «кадзетак»голадам не марыў. Жаніўся ён тройчы, усе тры жонкі збеглі ад яго, бо тыднямі трымаў пад замком, і тыя бачылі людзей толькі праз закратаваныя вокны. Любімай пацехай Гераніма Радзівіла было паляванне; князь ставіўся да яго з вялікай сур'ёзнасцю, здабыча натавалася ў спецыяльным рэестры; дзякуючы гэтаму мы маем магчымасць даведацца, што толькі за два месяцы забілі ў слуцкіх лясах 26 мядзведзяў, 5 дзікоў, 15 ласёў, 106 ваўкоў. А ўжо розная драбяза і не лічылася.
Геранім быў высокага росту, лысы, заікаўся, ніхто ніколі не бачыў усмешкі на яго твары. Па модзе веку трымаў дваровы тэатр; адных толькі сцэнічных прылад мелася дзесяць вазоў. Дарэчы, у Слонімскім тэатры гетмана Міхала Агінскага сцэна дазваляла паказваць конныя атакі, што іншым разам і паказвалі.
Уласцівая князю жорсткасць асабліва выявілася пры задушэнні Крычаўскага паўстання 1741-1744 гадоў. Кіраўнікоў выступлення - Івана Карпача, Стэся Бачко, Васіля Ветра, Івана Труса, Навума Буяна, Васіля Пачаёнка, Васіля Косціна - суд па загаду князя прызначыў пасадзіць на палі (на калы). Смерць гэтая была жахлівай, бо вопытны кат так рабіў, што чалавек мог яшчэ суткі жыць, працяты колам наскрозь і пакрысе на ім асядаючы. Некалькі ўдзельнікаў паўстання павесілі, іншым адсеклі галовы, мноства шэрангавых атрымала пакаранне розгамі каля ганебнага слупа. Водцу паўстанцаў Васілю Вашчылу, войту вёскі Селішчы, удалося збегчы на Украіну, дзе ён памёр, пакуль вялося расследаванне яго паходжання і падданства.
: Files
Files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
Files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
Files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
Files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
Files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
Files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
Files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
Files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
Files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка