Дзякуй за будучыню!



Дата канвертавання18.12.2016
Памер33.43 Kb.
Дзякуй за будучыню!
Бялынічане і госці райцэнтра ўрачыста адзначылі 65-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта свята, якое з’яўляецца ўвасабленнем мужнасці, патрыятызму і стойкасці савецкага народа, — адно з самых галоўных і значных у нашым календары. І дарослыя, і дзеці заўсёды сустракаюць яго з вялікай радасцю і ўдзячнасцю людзям, якія склалі свае галовы дзеля таго, каб будучыя пакаленні жылі пад мірным небам.

Мерапрыемствы з нагоды юбілею пачаліся яшчэ задоўга да 9 Мая. Для ўсіх жыхароў раёна праводзіўся гала-канцэрт IV рэгіянальнага фестывалю песні “Залатая мелодыя”, лёгкаатлетычны крос на прызы газеты “Советская Белоруссия”. Не засталіся без увагі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Іх наведвала кіраўніцтва раёна і ўручала юбілейныя медалі і каштоўныя падарункі.

З узнагароджвання пачалася і асноўная частка святкавання. 9 Мая а дзевятай гадзіне раніцы ў зале пасяджэнняў аддзела адукацыі райвыканкама медалі з рук старшыні райвыканкама Аляксандра Вароніна атрымалі яшчэ15 ветэранаў. Гэтыя былыя байцы, а цяпер звычайныя бабулі і дзядулі, нягледзячы на састарэлы ўзрост і слабае здароўе, знайшлі ў сабе сілы прыняць удзел у святкаванні Дня Перамогі.

Бліжэй да 10 гадзін раніцы на плошчы Леніна пачалі збірацца людзі, неабыякавыя да гісторыі роднага краю. Са шчырымі ўсмешкамі на тварах і букетамі кветак у руках, яны прыйшлі, каб аддаць даніну памяці, выказаць удзячнасць воінам, якім давялося прайсці праз горан Другой сусветнай вайны. Святочнаму настрою ў поўнай меры адпавядала і надвор’е. Яно выдалася вельмі цёплым і сонечным.

Калона, якая расцягнулася прыблізна на паўкіламетра, была ўпрыгожана транспарантамі, рознакаляровымі паветранымі шарамі, чырвонымі цюльпанамі і гваздзікамі. На працягу ўсяго шэсця яго ўдзельнікаў шчыра віталі вучні школ Бялынічаў, якія выстраіліся паабапал дарогі. Удзячныя нашчадкі ўсклалі кветкі да брацкай магілы на Алеі Герояў.

Мітынг, прысвечаны 65-годдзю Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, аб’яўляецца адкрытым. Слова прадастаўляецца старшыні райвыканкама Аляксандру Вароніну.

— Удзел у Вялікай Айчыннай вайне прымалі больш за дзесяць тысяч жыхароў нашага раёна, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. — Нашы землякі мужна змагаліся ў падполлі, ваявалі ў партызанскіх атрадах, на франтах. І ўсюды яны праявілі сябе вельмі дастойна. Аб чым яскрава сведчаць ордэны і медалі, шматлікія Падзячныя пісьмы родным салдатаў і афіцэраў. На жаль, вельмі многія з іх склалі свае галовы ў схватцы з ворагам. А таму светлае свята Перамогі нельга аддзяліць ад пачуцця смутку.

Мінутай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто аддаў свае жыцці ў барацьбе з ворагам, хто стаў ахвярай фашысцкіх катаў.

Сваімі ўспамінамі аб святкаванні Дня Перамогі ў далёкім 1945 годзе падзяліўся сын Героя Савецкага Саюза Барыса Хігрына. Нягледзячы на тое, што Роберт Барысавіч жыве ў Маскве, ён заўсёды выкарыстоўвае магчымасць, каб наведаць мясціны, дзе ваяваў і загінуў яго бацька.

На свяце таксама прысутнічалі родныя Герояў Савецкага Саюза Мікалая Кітаева і Іосіфа Свідзінскага. Сын, дачка і ўнукі Іосіфа Вікенцьевіча завіталі ў Бялынічы невыпадкова. Падчас мітынгу адбылося ўрачыстае адкрыццё бюста Героя Савецкага Саюза Іосіфа Свідзінскага. Гэтую ганаровую місію даверылі старшыні райвыканкама Аляксандру Вароніну, начальніку галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Раісе Лычкоўскай, а таксама дзецям Героя — Леаніду Свідзінскаму і Алене Баранавай.

— Вельмі прыемна, што памяць аб маім бацьку жыве ў сэрцах бялынічан, — расчулена зазначыў Леанід Іосіфавіч. – Ён гэтага заслугоўвае. Я вельмі ўдзячны раённай уладзе за тое, што мяне запрасілі на свята. І, канешне ж, хочацца сказаць дзякуй усім жыхарам Прыдруцкага краю, якія сабралі сродкі на выраб бюста. Раней мне не даводзілася бываць на Бялыніцкай зямлі, затое зараз я буду наведвацца сюды кожны год.

Апроч бюста, памяць нашага Героя-земляка ўвекавечана і ў паэтычных радках. Напярэдадні 65-годдзя Вялікай Перамогі мясцовы паэт Уладзімір Серыкаў напісаў верш “Герою Савецкага Саюза Іосіфу Свідзінскаму”, у якім распавёў аб поздвігах земляка.

Верш да 65-годдзя Перамогі напісаў і паэт-зямляк Алег Пліндоў. Алег Назаравіч прадэкламаваў яго перад удзельнікамі свята.

Шмат цёплых слоў у адрас ветэранаў прагучала на мітынгу і ад маладога пакалення, якое прадстаўляла вучаніца СШ № 2, пераможца рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове Юля Сімаковіч. Яна заверыла ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, што моладзь будзе дастойна працягваць найлепшыя традыцыі дзядоў і прадзедаў, якія кавалі Перамогу.

Не абышлося на свяце і без паходнага стала. Ветэраны атрымалі магчымасць сустрэцца з былымі сябрамі, успомніць гады ваеннага ліхалецця і, канешне ж, узняць франтавыя сто грамаў.

Арганічнай часткай урачыстасцяў сталі святочны канцэрт, спартыўныя спаборніцтвы.

— На свята мы прыйшлі ўсёй сям’ёй, — зазначае бялынічанка Юлія Міхадзёнак. – Гулянне ўдалося на славу.

Апагеем жа святкавання Дня Перамогі стаў феерверк, які знамянуе сабой шчаслівае жыццё.


Іна КАРАЛЁНАК («Зара над Друццю», 12.05.2010г.)
: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка