Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер450.85 Kb.
  1   2   3


ДЗЯРЖАЎНАЯ НАВУКОВАЯ ЎСТАНОВА

«ІНСТЫТУТ ГІСТОРЫІ

НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АКАДЭМІІ НАВУК БЕЛАРУСІ»

УДК [94(476) + 316.343-058.12-055.2(476)(091)]“17/18”


АНОФРАНКА

Наталля Васільеўна

Жанчыны дваранскага саслоўя Беларусі

ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.:

сацыяльна-прававы статус, удзел у грамадскім жыцці

АЎТАРЭФЕРАТ

дысертацыі на саісканне вучонай ступені

кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.02 – айчынная гісторыя

Мінск 2012

Праца выканана ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі

Навуковы кіраўнік – Яноўская Валянціна Васільеўна,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт,

загадчык аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Афіцыйныя апаненты: Галенчанка Георгій Якаўлевіч,

доктар гістарычных навук, дацэнт, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі


Гардзіенка Наталля Сяргееўна,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры паліталогіі прыватнай установы адукацыі “Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва”


Апаніруючая арганізацыя – установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”
Абарона адбудзецца 19 снежня 2012 г. у 14.00 на пасяджэнні савета Д 01.40.01 па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені доктара гістарычных навук пры Інстытуце гісторыі НАН Беларусі па адрасе: 220072, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1; е-mail: ii@history.by; тэл. 284-18-70.
З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (вул. Сурганава, 15).

Аўтарэферат разасланы ____ лістапада 2012 г.


Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый М.Г. Жылінскі



УВОДЗІНЫ

Са зменай дзяржаўнай прыналежнасці беларускіх зямель у выніку далучэння іх да Расійскай імперыі пачаўся працэс інтэграцыі насельніцтва ў новае грамадскае і прававое поле. У першую чаргу ў гэты працэс было ўцягнута прывілеяванае саслоўе былой Рэчы Паспалітай. У айчыннай гістарыяграфіі асноўная ўвага засяроджвалася на мужчынскай частцы саслоўя. У той жа час прадстаўніцы вышэйшага саслоўя беларускіх зямель, якія мелі правы і прывілеі, маглі валодаць значнай маёмасцю як у Рэчы Паспалітай, так і ў Расійскай імперыі, засталіся па-за межамі навуковага аналізу. Такая аднабаковасць скрадвае паўнавартасную аб’ектыўную ацэнку сацыяльна-палітычных працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.

Распаўсюджванне новага прававога поля і ўключэнне прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у склад расійскага дваранства, якое мела адрозныя ад шляхты Рэчы Паспалітай правы, прывілеі і абавязкі ў адносінах да дзяржавы і манарха, паўплывала на мадыфікацыю гэтай сацыяльнай групы. Вылучэнне шляхоў інтэграцыі жаночай часткі саслоўя і надзялення іх грамадзянскімі правамі, што пераважна датычыліся сферы шлюбна-сямейных узаемаадносін, спрыяе больш выразнаму адлюстраванню асноўных напрамкаў саслоўнай мадэрнізацыі і ўніфікацыі шлюбна-сямейнага заканадаўства ў Расійскай імперыі, а таксама вызначэнню іх рэгіянальных асаблівасцяў у Беларусі.

Даследаванне сістэмы дваранскай жаночай адукацыі ў Беларусі дазваляе не толькі вылучыць перыяды і асноўныя формы яе развіцця, але і выявіць запатрабаванні як з боку грамадства, так і з боку імперскай улады да жанчыны-дваранкі, паказаць, як жаночая адукацыя на беларускіх землях стала сферай супрацьстаяння грамадства і ўрада Расійскай імперыі, а таксама акрэсліць паступовае пераўтварэнне дваранскай жаночай адукацыі ў інструмент імперскай палітыкі.

Новая сістэма дзяржаўнага кіравання, палітычныя падзеі, якія адбываліся на беларускіх землях (вайна 1812 г. і паўстанне 1830–1831 гг.), палітыка ўраду Расійскай імперыі ў адносінах да беларускага дваранства выклікалі з’яўленне розных форм грамадскай і палітычнай актыўнасці жанчын. Іх аналіз дае магчымасць не толькі паказаць дваранак у якасці ўдзельніц грамадскага жыцця, але і выявіць адносіны да палітычнай актыўнасці жанчын дзяржаўнай улады і грамадскасці. Гэта ў сваю чаргу значна ўзбагачае вывучэнне грамадскіх і палітычных працэсаў у канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. новымі фактамі, крыніцамі і інтэрпрэтацыямі.

Увядзенне жаночага фактару ў разгляд тагачасных падзей спрыяе комплекснаму аналізу гістарычных рэалій і асаблівасцяў развіцця беларускага грамадства ў сувязі з геапалітычнымі зменамі адзначанага перыяду, дае магчымасць адказваць на выклікі з боку сучаснай замежнай гістарыяграфіі. У рэчышчы дзяржаўнай палітыкі гендарнай роўнасці паказ грамадска-палітычнай актыўнасці жанчын у гістарычнай рэтраспектыве спрыяе актуалізацыі ролі жанчын у сучасным беларускім грамадстве.


АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ПРАЦЫ

Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі. Дысертацыя выканана ў рамках навукова-даследчай тэмы “ Гісторыя Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст.: праблемы айчыннай і замежнай гістарыяграфіі”, што распрацоўвалася ў межах дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў “Даследаванне гісторыі, мастацтва, фальклору, этнакультурных традыцый Беларусі ў кантэксце славянскіх культур, еўрапейскай цывілізацыі, глабальнага развіцця і этнаканфесійных працэсаў у сучасным свеце” (Гісторыя і культура) (тэрмін выканання – 2001–2005 гг.), зацверджанай пастановай Прэзідыўма Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі № 89 ад 29 верасня 2003 г., у межах тэмы “Славянская гістарыяграфія ХІХ – пачатку ХХІ ст.: метадалогія, вопыт, праблемы беларускай гісторыі” па дзяржаўнай комплекснай праграме навуковых даследаванняў “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры” (тэрмін выканання: 2006–2010 гг.), прынятай Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь 17 мая 2005 г. (пастанова № 512), у межах тэмы “Палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і канфесійнае развіццё Беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст.” па дзяржаўнай праграме навуковых даследаванняў “Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі” (тэрмін выканання 2011 – 2015 гг.), прынятай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 9 чэрвеня 2010 г. (пастанова №886). Тэма дысертацыі “Жанчыны ў грамадскім жыцці Беларусі ў ХІХ ст.” зацверджана на пасяджэнні Вучонага Савета Інстытута гісторыі НАН Беларусі (пратакол № 4 ад 31.05.2001 г.); удакладнена на пасяджэнні Вучонага Савета Інстытута гісторыі НАН Беларусі (пратакол № 3 ад 22.03.2012 г.) у фармулёўцы “Жанчыны дваранскага саслоўя Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.: сацыяльна-прававы статус, удзел у грамадскім жыцці”.

Мэта і задачы даследавання. Мэта даследавання – выяўленне механізмаў рэгулявання прававога статусу дваранак беларускіх зямель і фактараў, якія абумовілі змяненне іх ролі ў грамадскім і палітычным жыцці. Для яе дасягнення пастаўлены наступныя задачы:

  • паказаць шляхі інтэграцыі прадстаўніц вышэйшага саслоўя былой Рэчы Паспалітай у склад дваранства Расійскай імперыі;

  • выявіць агульныя тэндэнцыі развіцця шлюбна-сямейнай сферы ў Расійскай імперыі і яе рэгіянальныя асаблівасці на беларускіх землях;

  • адлюстраваць узаемазалежнасць развіцця сістэмы жаночай адукацыі і зменаў у сацыяльным статусе дваранак пад уздзеяннем грамадскіх запатрабаванняў і дзяржаўнай палітыкі;

  • раскрыць прычыны і формы праяўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці прадстаўніц дваранскага саслоўя беларускіх зямель.

Аб’ектам дысертацыйнай працы з’яўляецца сацыяльна-палітычнае развіццё беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст.; прадметам – сацыяльна-прававы статус і ўмовы праяўлення грамадскай актыўнасці прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. Выбар прадмета даследавання абумоўлены неабходнасцю аб’ектыўнага і дакладнага адлюстравання тых змен, якія адбыліся ў сацыяльным і палітычным жыцці беларускіх зямель у выніку іх далучэння да Расійскай імперыі, што немагчыма без высвятлення ролі прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у гэтых працэсах.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону:

  1. Інтэграцыя прадстаўніц вышэйшага саслоўя былой Рэчы Паспалітай у склад дваранства Расійскай імперыі адбывалася ў асноўным апасрэдавана: праз мужчынскую частку саслоўя. Выключэнне складалі ўдовы, што валодалі вялікай зямельнай маёмасцю. Мужчыны (бацька ці муж) з’яўляліся фактычна адзінай крыніцай набілітацыі жанчын. У складзе дваранскага саслоўя жанчыны рабіліся носьбітамі індывідуальных дваранскіх правоў і прывілеяў, якія не перадаваліся ні мужу, ні дзецям. Не з’яўляючыся крыніцай набілітацыі, яны не маглі актыўна ўздзейнічаць на працэс упарадкавання дваранскага саслоўя.

  2. У выніку ўключэння грамадства беларускіх зямель у расійскае прававое поле, якое абапіралася на іншыя шлюбныя традыцыі, а таксама ўніфікацыі правоў жанчын па ўзоры цэнтральных расійскіх губерняў, адбыліся змены: 1) у правілах заключэння і скасавання шлюбных адносінаў; 2) у рэгуляванні асабістых і маёмасных адносін сужэнцаў, у тым ліку ў спадчынных правах дваранак. Гэтыя пераўтварэнні аслаблялі маёмасную і прававую абароненасць прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у шлюбе і пасля яго скасавання ў параўнанні з XVIII ст.

Праяўленнем рэгіянальных асаблівасцяў у шлюбна-сямейнай сферы было распаўсюджанне розных мадэляў шлюбных саюзаў (праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх) і спецыфічнае рэгуляванне міжканфесійных шлюбаў. Пачынаючы з 1830-х гадоў у гэтай сферы выразна праяўляецца тэндэнцыя да агульнаімперскай уніфікацыі з наданнем прыярытэтных правоў таму з сужэнцаў, які належаў да праваслаўнай царквы.

  1. Развіццё сістэмы жаночай адукацыі адбывалася пад уздзеяннем патрабаванняў грамадства і адукацыйнай палітыкі дзяржавы. У залежнасці ад ступені ўплыву гэтых фактараў у развіцці жаночай адукацыі можна вылучыць два якасна розныя этапы. Характэрнай рысай першага этапу (канец XVIII – 1831 г.) з’яўляецца ўдасканаленне форм жаночай адукацыі, што ўзніклі ў часы Рэчы Паспалітай. Фарміраванне ў грамадскай свядомасці новага жаночага стэрэатыпу “маці – першая выхавацелька дзяцей” выклікала змены ў змесце жаночай адукацыі: адмаўленне ад залішняй франкаманіі і празмернай арыентацыі на свецкае жыццё. Дзяржаўная ўлада ў гэты перыяд да жаночай адукацыі ставілася індыферэнтна. Другі этап (1831 г. – сярэдзіна ХІХ ст.) характарызаваўся актыўным умяшальніцтвам дзяржаўнай улады ў сферу жаночай адукацыі. Гэта праявілася ў выцясненні са сферы жаночай адукацыі і выхавання каталіцкіх ордэнаў, русіфікацыі зместу навучальных праграм, адкрыцці жаночых навучальных устаноў новага тыпу. Дзяржаўная ўлада замацоўвала за жанчынай выхаваўчыя функцыі. Яна павінна была перадаваць імперскі патрыятызм не толькі сваім дзецям, але і ўвогуле маладому пакаленню. Дваранства беларускіх зямель было адхілена ад актыўнага ўплыву на развіццё жаночай адукацыі. У той жа час захоўваўся іх пасіўны ўплыў (гэтаму спрыяў камерцыйны характар большасці навучальных устаноў і хатняй адукацыі), што замаруджвала працэс русіфікацыі сістэмы жаночай адукацыі.

  2. Асноўнай прычынай актывізацыі і вызначэння форм праяўлення палітычнай актыўнасці з боку прадстаўніц вышэйшага саслоўя з’яўлялася змяненне палітычнай сітуацыі на беларускіх землях пад уплывам геапалітычных пераўтварэнняў канца XVIII ст. і ваенна-палітычных падзей. З канца XVIII ст. да паўстання 1830–1831 гг. пераважалі пасіўныя формы пратэсту супраць падзелаў Рэчы Паспалітай: распаўсюджванне “старапольскіх традыцый” і польскай мовы праз свецкія салоны, наведванне лекцый прафесараў Віленскага ўніверсітэту, аказанне маральнай і матэрыяльнай падтрымкі ўдзельнікам тайных студэнцкіх таварыстваў. Вайна 1812 г. не выклікала заўважнай актывізацыі палітычнай дзейнасці дваранак, але яскрава выявіла іх падвоеную ролю ў палітычным жыцці: а) у якасці аб’екта палітычнага ўздзеяння (як з боку расійскага ўраду, так і напалеонаўскай адміністрацыі), б) як актыўных ўдзельніц падзей.

Значны ўздым палітычнай актыўнасці жанчын назіраўся ў час паўстання 1830 – 1831 гг.: дваранкі выконвалі ролю сувязных, інфарматарак, захоўвалі зброю, бралі ўдзел у паўстанцкіх атрадах. Рэпрэсіўная палітыка царскага ўраду, фарміраванне эмігранцкіх асяродкаў пасля паразы паўстання спрыялі ўзнікненню новых канспірацыйных форм праяўлення палітычнай актыўнасці жанчын (перавоз, захоўванне, распаўсюджанне нелегальнай літаратуры; падтрымка эмісараў; удзел у тайнай палітычнай арганізацыі), уцягненню ў сферу палітыкі прадстаўніц сярэдняга і збяднелага дваранства. Незалежна ад палітычнай сітуацыі на працягу ўсяго даследуемага перыяду нязменнай формай праяўлення грамадскай актыўнасці быў удзел дваранак у дабрачынных акцыях і ініцыятывах.

Асабісты ўклад саіскальніка. Дыскртацыя з’яўляецца аўтарскай самастойна выкананай працай. Праведзены аўтарам комплексны аналіз выяўленых тэматычных крыніц дае падставы для значнага дапаўнення праблемнага поля сацыяльнай і палітычнай гісторыі Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. Упершыню ў працы раскрыта спецыфіка інтэграцыі жаночай часткі вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі. Выяўлены рэгіянальныя асаблівасці развіцця шлюбна-сямейнай сферы на беларускіх землях у сувязі са зменамі ў шлюбна-сямейным заканадаўстве і канфесійнай палітыкай ураду Расійскай імперыі, паказаны змяненні ў шлюбна-сямейным статусе дваранак беларускіх зямель. Вылучаны два перыяды фарміравання сістэмы жаночай адукацыі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст., выяўлены іх характэрныя рысы і тэндэнцыі развіцця. Вызначаны і прааналізаваны прычыны і формы грамадска-палітычнай актыўнасці дваранак.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Вынікі даследавання прайшлі апрабацыю на 12 навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку: 1) рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Этнічныя супольнасці ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” (Мінск, 6–7 снежня 2001 г.); 2) навукова-практычнай канферэнцыя “Гісторыя, якой няма ў падручніках” (Мінск, 27 красавіка 2002 г.); 3) міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных “Молодежь в науке” (Минск, 14–18 ноября 2005 г.); 4) міжнароднай навуковай канферэнцыі “Праблемы метадалогіі даследавання гісторыі” (Мінск, 26–27 кастрычника 2006 г.); 5) рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі “Гістарыяграфія гісторыі Беларусі, новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША” (Мінск, 28 сакавіка 2008 г.); 6) міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыя “Мінск і мінчане: 10 стагоддзяў гісторыі (Да 510-годдзя атрымання Менскам магдэбургскага права)” (Мінск, 4–5 верасня 2010 г.); 7) юбілейнай XX міжнароднай навуковай канферэнцыі “Історія релігій в Україні” (Львов, 13–15 мая 2010 г.); 8) рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі “Палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і этнакультурныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў XIX – пачатку XX ст. Да 150-годдзя скасавання прыгоннага права ў Расійскай імперыі” (Мінск, 4 сакавіка 2011 г.); 9) міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыя “Мінск і мінчане: 10 стагоддзяў гісторыі, сацыяльныя структуры і паўсядзённасць” (Мінск 15–16 верасня 2011 г.); 10) VII міжнароднай навуковай канферэнцыі “Знакамітыя мінчане ХІХ – ХХ стст. Постаці і роля жанчын у грамадскім жыцці Мінска і Міншчыны ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя” (Мінск, 26 красавіка 2012 г.); 11) навуковым семінары: “Гісторыя выдавецкай дзейнасці Польшчы і Беларусі ў XVI – ХІХ ст.” (Мінск, 18 кастрычніка 2002 г.); 12) навуковым круглым столе “Палітычная гісторыя Беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст.: тэарэтычныя падыходы і прынцыпы перыядызацыі” (Мінск, 27 верасня 2011  г.).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі. Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыі прадстаўлены ў 16 публікацыях, сярод іх: 1 раздзел у калектыўнай манаграфіі (аб’ёмам 2,1 друкаванага аркуша); 4 артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках, рэкамендаваных ВАК Беларусі для публікацыі вынікаў даследаванняў, выкананых пры напісанні кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыйных прац (агульным аб’ёмам 2 друкаванага аркуша); 2 артыкулы ў замежных выданнях (агульным аб’ёмам 1 друкаваны аркуш); 9 – у іншых навуковых зборніках і матэрыялах канферэнцый (4,3 друкаваных аркуша). Агульны аб’ём апублікаваных прац складае 9,4 друкаваных аркушаў.

Структура і аб’ём дысертацыі. Логіка пабудовы структуры дысертацыі зыходзіць з мэты і задач даследавання, якія, ў сваю чаргу, абумоўлены сутнасцю паняцця сацыяльна-прававы статус (сукупнасць правоў і абавязкаў, якія юрыдычна замацоўваюць становішча індывіда ў яго ўзаемадзеянні з іншымі людзьмі, грамадствам і дзяржавай). У першай главе зроблены гістарыяграфічны аналіз прац айчынных і замежных гісторыкаў, правазнаўцаў, што дало магчымасць акрэсліць недаследаваныя або слаба распрацаваныя праблемы. Другая глава прысвечана праблеме інтэграцыі прадстаўніц вышэйшага саслоўя былой Рэчы Паспалітай у грамадства Расійскай імперыі. Разгледжаны механізм рэгулявання іх саслоўнага і прававога статусу. У трэцяй главе паказаны генезіс жаночай адукацыі на працягу канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. пад уздзеяннем грамадскіх запатрабаванняў і дзяржаўнай палітыкі. У чацвёртай главе раскрыты прычыны і формы праяўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці дваранак, механізм рэгулявання гэтай актыўнасці з боку дзяржавы.

Дысертацыя складаецца з уводзін, агульнай характарыстыкі працы, чатырох глаў, заключэння, спіса выкарыстаных крыніц і чатырох дадаткаў. Агульны аб’ём працы складае 146 старонак: тэкст дысертацыі – 113 старонак; спіс выкарыстаных крыніц – 29 старонак і ўключае 341 пазіцый, у тым ліку 16 публікацый аўтара; дадаткі – 4 старонкі.


АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ПРАЦЫ

Праблема змены ў прававым статусе і грамадска-палітычнай актыўнасці прадстаўніц дваранскага саслоўя беларускіх зямель (канец XVIII – першая палова ХІХ ст.) не з’яўлялася асобным прадметам даследавання як у айчыннай, так і ў замежнай гістарыяграфіі. Таму ў раздзеле 1.1 “Гістарыяграфія праблемы” першай главы “Гістарыяграфія, крыніцы і метады даследавання” вылучаны і прааналізаваны асобныя складнікі тэмы, якія знайшлі адлюстраванне ў даследаваннях ХІХ – пачатку ХХІ ст.: рэгуляванне саслоўных правоў дваранак, прававое становішча жанчын у шлюбна-сямейнай сферы, развіццё дваранскай жаночай адукацыі, удзел жанчын у грамадска-палітычным жыцці.

Прававое становішча прадстаўніц дваранскага саслоўя ў Расійскай імперыі ў першай палове ХІХ ст. не атрымала комплекснага даследавання ні ў беларускай, ні ў расійскай гістарыяграфіі. Пастаноўка і частковае вырашэнне праблемы зроблена сучасным расійскім правазнаўцам А. Карамышавым, які на падставе аналізу прававых актаў ХІХ ст. адзначыў некаторыя асаблівасці прававога статусу прадстаўніц дваранскага саслоўя Расійскай імперыі і нераўнапраўе паміж жанчынамі і мужчынамі ў межах саслоўя1. Гэта спецыфіка, нягледзячы на актыўнае вывучэнне дваранства / шляхты ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст., не знайшла адлюстраванне ў беларускай гістарыяграфіі2.

Больш актыўна распрацоўвалася праблема прававога становішча жанчыны ў шлюбна-сямейнай сферы. Свецкія і царкоўныя дарэвалюцыйныя правазнаўцы звярталіся да правілаў заключэння і скасавання шлюбаў, узаемных правоў і абавязкаў сужэнцаў, падпарадкаванасці жонак мужам і адначасовай маёмаснай аўтаноміі сужэнцаў3. Пры гістарыяграфічным аналізе прац расійскіх правазнаўцаў ХІХ ст. бачна, што асноўны акцэнт рабіўся на развіцці шлюбна-сямейнай сферы ў вялікарускіх губернях, а таксама на шлюбных нормах праваслаўнай царквы, якія ляглі ў аснову дзяржаўнага заканадаўства. Спецыфікай работ сучасных расійскіх гісторыкаў, якія звяртаюцца да праблемы становішча жанчыны ў рускай дваранскай сям’і ў ХІХ ст., з’яўляецца адсутнасць генетычнай сувязі з дарэвалюцыйнымі даследаваннямі, а таксама тое, што распрацоўка праблемы адбываецца ў межах гісторыі штодзённасці, гістарычнай антрапалогіі і гісторыі жанчын4. Пры такім падыходзе галоўным чынам выкарыстоўваюцца суб’ектыўныя гістарычныя крыніцы: мемуары, эпісталярыі, дзённікі, літаратурныя творы. У выніку, у працах расійскіх даследчыкаў асноўная ўвага надаецца эмацыйнаму стану жанчын, іх унутранаму свету, пануючым у дваранскай супольнасці традыцыям і стэрэатыпам.

У беларускай гістарыяграфіі па праблеме шлюбна-сямейных адносін у шляхецкім асяродку ў першай палове ХІХ ст. і становішчы жанчыны ў сям’і варта адзначыць публікацыю С. Словік. Яна вызначыла мэты арганізацыі новай шляхецкай сямейнай пары. Праблему выбару шлюбнага партнёра даследчыца разгледзела ў сувязі з тэрытарыяльным, маёмасным і канфесійным крытэрыямі. Пры разглядзе праблемы мезальянсаў у шляхецкім асяродку і міжканфесійных шлюбах былі пададзены статыстычныя звесткі5. Таксама праблемы развіцця шлюбна-сямейнай сферы і статуса дваранак разглядаюцца ў кантэксце іншых навуковых праблем. Даследуючы канфесійную палітыку царскага ўраду на беларуска-літоўскіх землях на працягу 1772–1860 гг., А. Філатава закранала праблему міжканфесійных шлюбаў6. Разглядаючы ролю дваранства ў развіцці культуры беларуска-літоўскіх зямель у канцы XVIII – першай палове ХІХ ст., С. Амелька звярнуўся да прававой культуры міжасабовых адносін у дваранскай сям’і, зрабіў спробу вызначыць ролю жанчыны ў сям’і7.

Пытанні дваранскай жаночай адукацыі ў Расійскай імперыі актуалізавалі расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі. А. Ліхачова адзначыла, што станаўленне сістэмы жаночай адукацыі ў першай палове ХІХ ст. было звязана з патрэбамі расійскага грамадства і дзяржавы. Хоць асобна развіццё жаночай адукацыі на беларускіх землях не разглядалася, але ў манаграфіі змешчаны спасылкі на шырокае кола крыніц, якія датычыліся заходніх губерняў8. У манаграфіі Г. Кіпрыяновіча прааналізавана афіцыйная пазіцыя ўрада Расійскай імперыі ў дачыненні да жаночай адукацыі на беларускіх землях, дадзена палітычная ацэнка праведзеных пераўтварэнняў9. Сучасныя расійскія гісторыкі, як і ў выпадку даследавання шлюбна-сямейнай сферы, у асноўным актыўнае выкарыстоўваюць мемуары, дзённікі і эпісталярныя крыніцы10. Самай папулярнай тэмай, якая разглядаецца расійскімі навукоўцамі, з’яўляецца заснаванне і развіццё жаночых казённых навучальных устаноў і іх уплыў на становішча дваранак у расійскім грамадстве. Аднак дзейнасць такіх навучальных устаноў на беларускіх землях расійскія даследчыкі не разглядаюць.

Цесная сувязь грамадскіх і палітычных працэсаў на беларускіх землях і ў Царстве Польскім у першай палове ХІХ ст. дыктуе неабходнасць улічваць напрацоўкі польскай гістарыяграфіі па жаночай адукацыі. Польскія даследчыкі разглядалі развіццё жаночай адукацыі як у сувязі з патрэбамі польскага грамадства (тэрыторыя Царства Польскага), так і ў сувязі з палітыкай Расійскай імперыі, і праз гэтую прызму спрабавалі паказаць жанчыну як прадукт адукацыі, непасрэдную ўдзельніцу выхаваўчага і адукацыйнага працэсаў11. Да тэмы развіцця жаночай адукацыі ў беларуска-літоўскіх губернях звярталіся толькі асобныя польскія даследчыкі. Так, І. Залеская-Станкевіч разгледзела дзейнасць жаночых прыватных пансіёнаў у Вільні з 1795 па 1830 гг.12 Л. Заштаўт засяродзіў увагу на дзейнасці жаночых навучальных устаноў пры каталіцкіх манастырах на беларускіх землях з 1832 г. і да моманту іх ліквідацыі13.

У беларускай гістарыяграфіі праблема адукацыі і выхавання дваранак беларускіх зямель у ХІХ ст. пададзена ў пазітывісцкім ключы, што абумоўлена слабой распрацаванасцю тэмы і неабходнасцю ўвядзення ў навуковы зварот эмпірычнага матэрыялу14. Сярод асобных напрамкаў жаночай адукацыі першай паловы ХІХ ст. даследчыкі вылучаюць хатнюю. Гэта праблема была паднятая ў даследаванні С. Амелькі15. Да развіцця навучальных устаноў пры жаночых каталіцкіх манастырах і ўзорных пансіёнаў на беларускіх землях звярталася С. Куль-Сяльверстава16.

У сучаснай расійскай гістарыяграфіі да праблемы ўдзелу жанчын у грамадскім жыцці звярнуўся П. Шчарбінін. Аўтар паказаў удзел дваранак у патрыятычных дабрачынных таварыствах і “дамскіх камітэтах” у час вайны 1812 г., вызначыў прычыны адсутнасці дабрачынных жаночых ініцыятыў і арганізацый у вялікарускіх губернях у міжваенны час17. У адрозненне ад дабрачыннай дзейнасці дваранак вялікарускіх губерняў, якая насіла патрыятычны характар, на беларускіх землях, паводле высноў расійскай даследчыцы В. Кульпановіч, жаночая дабрачыннасць ля сваіх вытокаў мела філантропію, магчымасць самавыражэння і самарэалізацыі18. Беларускі гісторык С. Амелька таксама адзначыў апалітычны характар дабрачыннасці дваранак беларускіх зямель19.

Праблема палітычнай актыўнасці дваранак канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. у Расійскай імперыі распрацоўвалася польскай гістарыяграфіяй. Шэраг навуковых публікацый прысвечаны ўдзелу прадстаўніц вышэйшага саслоўя Герцагства Варшаўскага і Царства Польскага у палітычных падзеях і працэсах канца XVIII – першай паловы ХІХ ст.20 Польскія гісторыкі даследавалі праблему “жаночага патрыятызму”, ролю жанчыны ў грамадскай дзейнасці, яе грамадскую пазіцыю, праблему эмансіпацыі21. Асаблівая ўвага звярталася на ўдзел жанчын у паўстанні 1830–1831 гг. у Царстве Польскім. Гэтаму пытанню прысвечана манаграфія А. Бараньскай22.

У беларускай гістарыяграфіі праблема ўдзелу дваранак у палітычных працэсах і падзеях канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. практычна не даследавалася.

Такім чынам, аналіз прац айчыннай і замежнай гістарыяграфіі паказаў, што дваранкі беларускіх зямель у канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. не з’яўляліся прадметам даследавання ў рамках сацыяльна-палітычнай гісторыі. Інтэграцыя прадстаўніц вышэйшага саслоўя былой Рэчы Паспалітай у грамадства Расійскай імперыі, рэгуляванне іх саслоўнага і сацыяльнага статусу, развіццё жаночай дваранскай адукацыі і яе ўплыў на палажэнне жанчыны ў грамадстве, грамадская і палітычная актыўнасць дваранак не знайшлі глыбокага і ўсебаковага разгляду.

У раздзеле 1.2 “Крыніцы і метады даследавання” раскрываецца спецыфіка дакументальнай базы дысертацыйнай працы. У даследаванні былі выкарыстаны дакументальныя крыніцы, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (фонд 136, фонд 295, фонд 320, фонд 1297, фонд 1430, фонд 2001); Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (г. Гродна) (фонд 1, фонд 2, фонд 6); Аддзеле рукапісаў Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі (г. Санкт-Пецярбург) (фонд 629, 152); Расійскім Дзяржаўным гістарычным архіве (г. Санкт-Пецярбург) (фонд 1266, фонд 733), Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie (імянныя фонды – Тызенгаўзаў, Ганны Васовіч, Патоцкіх з Яблоні; масонскі архіў; збор матэрыялаў Мінскага кола Варшаўскага таварыства апекі над здабыткамі мінуўшчыны). Выкарыстаны комплекс крыніц складаюць: а) дакументальныя крыніцы (дакументы афіцыйнага справаводства, судова-следчая дакументацыя, заканадаўчыя акты); б) наратыўныя (апавядальныя) крыніцы.

Дакументы афіцыйнага справаводства (распараджальныя, справаздачныя, прасіцельныя дакументы і дзелавая перапіска) і судова-следчыя дакументы (прашэнні, дакументы допытаў, распараджэнні на заключэнне следчых органаў) далі магчымасць прасачыць змены ў палітыцы расійскага ўраду ў адносінах да жаночай адукацыі і жаночай палітычнай актыўнасці, разгледзець праблемы сферы шлюбна-сямейных адносін. Аналіз прасіцельнай дакументацыі дазволіў выявіць праблемы, якія дваранкі імкнуліся вырашыць пры дапамозе афіцыйных устаноў. Спецыфікай гэтых дакументаў з’яўляецца тое, што яны прадстаўлены ад самага ніжэйшага да самага вышэйшага ўзроўню расійскай адміністрацыі. Корпус заканадаўчых дакументаў у асноўным прадстаўлены апублікаванымі крыніцамі – “Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.”, “Свод законов гражданских Российской империи” – “Законы гражданские” і “Уставы духовных дел иностранных исповеданий”, “Закон пра шлюб” (“Prawo o małżeństwie”); распараджэннямі імператараў, Св. Сінода і Сената. Гэтыя дакументы дапамаглі выявіць механізмы рэгулявання прававога статусу дваранак, іх правоў і абавязкаў у сямейнай сферы. Іншыя апублікаваныя крыніцы змяшчаюцца ў зборніках дакументаў і датычацца жаночай адукацыі і дабрачыннай дзейнасці. Корпус наратыўных дакументаў прадстаўлены мемуарамі, успамінамі і эпісталярнымі крыніцамі. Пры выкарыстанні гэтых крыніц асноўная ўвага звярталася на адносіны жанчын да грамадска-палітычных пераўтварэнняў і падзей, а таксама на апісанне іх удзелу ў грамадска-палітычным жыцці.



Метады даследавання. Дысертацыйнае даследаванне праведзена ў рамках тэорыі мадэрнізацыі. У беларускай гістарыяграфіі існуе агульнапрыняты падыход разгляду мадэрнізацыі ў якасці працэсу пераходу да індустрыяльнага грамадства, які ўяўляе сабой комплексную з’яву і закранае ўсе сферы жыцця грамадства – эканамічную, сацыяльную, палітыка-прававую, культурную. З ёй звязаны працэсы індустрыялізацыі, фарміравання іерархічнай сацыяльнай структуры грамадства, станаўлення нацыі, змен у менталітэце насельніцтва. Менавіта гэтыя змены абумовілі сутнасць трансфармацыі прававога статусу і грамадска-палітычнай актыўнасці дваранак пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі. Дысертацыйная праца базіруецца на вядучых прынцыпах гістарычнага пазнання: гістарызме, сістэмнасці і аб’ектыўнасці. Логіка-тэарэтычную базу даследавання склалі асноўныя прыёмы навукова-пазнавальнай дзейнасці – апісанне, аналіз, сінтэз, параўнанне. У працэсе вырашэння даследчых задач выкарыстаны як агульнанавуковыя, так і спецыяльна-гістарычныя метады (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны). Спецыфіка базы крыніц даследавання выклікала неабходнасць прымянення агрэгатыўнага метаду (збор разрозненных фактаў з крыніц розных тыпаў і гатункаў) і казуальнага метаду (дэталёвы разгляд рэдкіх, нетыповых унікальных з’яў).

Другая глава “Рэгуляванне прававога статусу прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларускіх зямель” прысвечана аналізу прававога становішча прадстаўніц вышэйшага саслоўя ў выніку змены дзяржаўнай прыналежнасці беларускіх зямель. Разглядаюцца меры расійскага ўраду, якія датычыліся іх саслоўных правоў, а таксама рэгуляванне іх правоў у шлюбна-сямейнай сферы. Раздзел 2.1 “Інтэграцыя прадстаўніц вышэйшага саслоўя беларускіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі” прысвечаны выяўленню спосабаў інтэграцыі прадстаўніц вышэйшага саслоўя ў склад расійскага дваранства ў выніку далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі. На падставе аналізу прававых дакументаў, якія рэгулявалі саслоўны статус дваранак (“Грамата на правы, вольнасці і перавагі высакароднага расійскага дваранства” 1785 г. і інш.) былі вызначаны асноўныя спосабы набілітацыі жанчын. Выяўлены выпадкі, калі дзяржава брала на сябе функцыі гаранта і абаронцы дваранскага статусу жанчын. Устаноўлены крыніцы, да якіх звярталіся жанчыны пры жаданні даказаць свае дваранскія правы і прывілеі. Разгледжаны канкрэтныя выпадкі, калі жанчыны імкнуліся даказаць сваё дваранства.

У раздзеле 2.2 “Заканадаўства ў пытаннях заключэння і скасавання шлюбаў” прааналізаваны працэс уніфікацыі шлюбна-сямейнага заканадаўства Расійскай імперыі. Пры разглядзе ўмоў заключэння шлюбаў для прадстаўнікоў праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай канфесій выяўлены і прааналізаваны тыя правілы, якія былі замацаваны ў заканадаўстве насуперак рэлігійным канонам. Гэта датычылася ўніфікацыі ўзросту шлюбнага паўналецця і абавязковасці бацькоўскага ці апякунскага бласлаўлення на шлюб. У сувязі з гэтым была выяўлена найбольш актуальная праблема для жанчын пры заключэнні шлюбаў – абмежаванне свабоднага волевыяўлення пры выбары шлюбнага партнёра, якое абмяжоўвалася бацькамі / апекунамі, вайсковым начальствам, а часам імператарам. Устаноўлены выпадкі, калі дваранкі імкнуліся выкарыстаць права дзяржаўнай улады (праз ваеннае начальства ці грамадзянскую адміністрацыю) на прымус мужчын да шлюбу. Разводныя справы знаходзіліся ў юрысдыкцыі царквы. Правілы разводаў у розных хрысціянскіх канфесіях адрозніваліся, што адлюстроўвала спецыфіку беларускіх зямель з традыцыйным шматканфесійным складам насельніцтва (у тым ліку і дваранскага саслоўя). У сувязі з разводамі былі прааналізаваны тыя падставы для скасавання шлюбаў, якія фігуравалі ў зваротах прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій да царкоўных улад і да свецкай адміністрацыі, а таксама да імператара Расійскай імперыі. Разгледжаны незаконныя спосабы спынення шлюбных адносін сярод прадстаўнікоў дваранства на беларускіх землях, выяўлена спецыфіка паводзін мужчын і жанчын. У сувязі з пануючым становішчам праваслаўнай царквы і яе правам празелітызму выяўлены стратэгіі некаторых прадстаўнікоў дваранскага саслоўя у шлюбна-сямейных канфліктах – пераходы ў праваслаўнае веравызнанне ці абвінавачванне шлюбнага партнёра (або бацькоў) у варожым стаўленні да праваслаўнай царквы.

У раздзеле 2.3 “Рэгуляванне змешаных шлюбаў на беларускіх землях” асобна разгледжаны змены ў сферы шлюбна-сямейных адносін, якія датычыліся рэгулявання міжканфесійных шлюбаў на беларускіх землях. Прааналізаваны заканадаўчыя акты, якія рэгулявалі такія шлюбы на беларускіх землях – артыкулы Статута ВКЛ і 10 параграф Трактата 1768 г., а таксама ўмовы дзейнасці гэтых правілаў пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі. Выяўлена неакрэсленасць правілаў рэгулявання шлюбаў паміж праваслаўнымі і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій, розніца ў тлумачэнні гэтых правілаў праваслаўнымі святарамі, ўвядзенне практыкі браць падпіску з бацькоў адносна праваслаўнага веравызнання дзяцей у змешаных шлюбах. Пасля кадыфікацыі правілаў заключэння шлюбаў прадстаўнікоў праваслаўнага веравызнання з прадстаўнікамі іншых канфесій у 1832 г., разглядаліся выпадкі парушэнняў гэтых правілаў з боку дваранства беларускіх зямель і тыя меры, якія прымаў урад Расійскай імперыі ў выпадку выяўлення парушэнняў. Разгляд шлюбаў паміж католікамі і пратэстантамі, заканадаўчае афармленне правілаў іх заключэння і скасавання выявіў індыферэнтнае стаўленне расійскага ўраду да гэтай праблемы.

Раздзел 2.4 “Прававая рэгламентацыя асабістых і маёмасных адносін сужэнцаў” прысвечаны разгляду асабістых і маёмасных правоў і абавязкаў сужэнцаў у шлюбе, іх юрыдычнаму афармленню пасля далучэння беларуска-літоўскіх зямель да Расійскай імперыі. Выяўлена асаблівасць беларускіх зямель, якая заключалася ў рэгуляванні шлюбна-сямейных адносін артыкуламі Статута ВКЛ і адначасовым разбурэнні ўрадам Расійскай імперыі таго падмурку, на якім традыцыйна будаваліся сямейныя адносіны ў вышэйшым саслоўі беларускіх зямель. Устаноўлена, што ў канфліктных сітуацыях, разлічваючы на станоўчае рашэнне, дваранства (у тым ліку жанчыны) апелявалі не да норм Статута ВКЛ, а да расійскіх правілаў. Былі разгледжаны змены ў маёмасных правах жанчын у шлюбе і ступень іх абароненасці пасля заканчэння шлюбу (смерць сужэнца або развод). Выяўлены прычыны, якія вымушалі жанчын, нават у выпадках шлюбнай здрады сужэнца ці ў выпадках, калі сужэнец заводзіў іншую сям’ю, пазбягаць разводаў і патрабаваць ад дзяржаўнай улады вяртання мужа ў прымусовым парадку. Асобна разгледжана праблема жаночай спадчыны ў адпаведнасці са Статутам ВКЛ і палітызацыі гэтай праблемы ў 1830-х гг., што ў канчатковым выглядзе прывяло да ўніфікацыі жаночых спадчынных правоў па ўзоры вялікарускіх губерняў і адмене дзеяння Статута ВКЛ у заходніх губернях.

У трэцяй главе “Сістэма жаночай адукацыі: грамадскія запатрабаванні і дзяржаўная палітыка” вылучаны і ахарактарызаваны два этапы ў развіцці сферы жаночай адукацыі на беларускіх землях. Прааналізаваны змены ў змесце жаночай адукацыі і яе формах пад уздзеяннем грамадскіх патрабаванняў і палітычнай зацікаўленасці расійскага ўраду. У раздзеле 3.1 “Жаночае выхаванне і адукацыя з канца XVIII ст. да 1831 г.” прааналізаваны формы жаночай адукацыі, якія з’явіліся яшчэ ў Рэчы Паспалітай: хатняя адукацыя, прыватныя жаночыя пансіёны і навучальныя ўстановы пры каталіцкіх жаночых ордэнах. Выяўлены прычыны папулярнасці і распаўсюджання навучальных устаноў пры жаночых каталіцкіх ордэнах сярод дваранства, а таксама далейшае распаўсюджанне прыватных жаночых пансіёнаў. Паказаны змены адносін да жаночай адукацыі ў дваранскім асяродку і з’яўленне новых патрабаванняў да яе зместу. Выяўлена прысутнасць грамадскай дыскусіі адносна ролі дваранкі – “маці – першая выхавацелька дзяцей”. У раздзеле 3.2 “Змены ў жаночай адукацыі з 1831 г. да сярэдзіны ХІХ ст.” галоўная ўвага была засяроджана на зменах у сферы жаночай адукацыі ў выніку актыўнага ўмяшальніцтва дзяржаўнай улады пасля паўстання 1830–1831 гг. Разгледжаны меры расійскага ўраду, накіраваныя на кантроль за навучальнымі праграмамі розных жаночых адукацыйных устаноў, увядзенне ў навучальныя праграмы рускай мовы, рускай славеснасці, рускай гісторыі, праверка настаўнікаў (у тым ліку і хатніх) на прафесійную кваліфікацыю, а таксама на прадмет палітычнай добранадзейнасці. Прааналізаваны працэс паэтапнага выцяснення з адукацыйнай сферы жаночых каталіцкіх ордэнаў, які прывёў да стварэння на беларускіх землях поўнасцю свецкай сістэмы жаночай дваранскай адукацыі. Разгледжаны спробы расійскай адміністрацыі ў накірунку задавальнення попыту сярэдняга і беднага дваранства на танную жаночую адукацыю праз адкрыццё новых жаночых навучальных устаноў (узорных пансіёнаў і казённых жаночых навучальных устаноў), якія павінны былі выхоўваць маладых дваранак у адданасці расійскаму трону і рыхтаваць палітычна добранадзейныя кадры настаўніц і гувернантак. Прааналізаваны механізм размеркавання і прыёму дачок дваран і чыноўнікаў на льготнае або бясплатнае навучанне ў інстытуты высакародных дзяўчын.



Чацвёртая глава “Удзел прадстаўніц дваранскага саслоўя у грамадскім жыцці” прысвечана разгляду праблем, звязаных з палітычнай актыўнасцю дваранак і формамі яе праяўлення. Прааналізавана грамадская актыўнасць дваранак, якая праяўлялася ў сферы дабрачыннасці і была дазволена расійскім урадам. У раздзеле 4.1 “Формы праяўлення палітычнай актыўнасці жанчын” даецца аналіз тых форм палітычнай актыўнасці дваранак беларускіх зямель, якія ўзніклі пасля далучэння тэрыторыі да Расійскай імперыі. У часы кіравання Аляксандра І гэта: публічны дэмарш; захаванне памяці пра Рэч Паспалітую ў маёнтках; распаўсюджанне ў жаночых салонах польскай мовы і “старапольскіх традыцый”; наведванне лекцый папулярных прафесараў Віленскага ўніверсітэту; аказанне маральнай і матэрыяльнай падтрымкі ўдзельнікам тайных студэнцкіх таварыстваў. Асобна разгледжана стаўленне дваранак беларускіх зямель да Аляксандра І і Напалеона напярэдадні і ў час вайны 1812 г., прасочаны формы праяўлення сімпатый і падтрымкі. У ходзе даследавання выяўлена падвоеная роля дваранак беларускіх зямель у палітычным жыцці: па-першае, яны выступалі ў якасці аб’екта палітычнага ўздзеяння як з боку расійскага ўраду, так і з боку напалеонаўскай адміністрацыі; па-другое, з’яўляліся актыўнымі ўдзельніцамі палітычных падзей. У сувязі з паўстаннем 1830–1831 гг. вызначаны формы ўдзелу дваранак у паўстанні: сувязь з мужамі і сваякамі паўстанцамі, перадача паўстанцам харчавання, захаванне зброі, распаўсюджванне і перадача інфармацыі, удзел у паўстанцкіх атрадах. Прааналізавана рэакцыя ўраду Расійскай імперыі ў адносінах да жанчын, якія ў той ці іншай ступені былі звязаны з паўстаннем. Як сведчаць архіўныя матэрыялы, пасля паўстання 1830–1831 гг. дваранкі сталі праяўляць большую палітычную актыўнасць, што было звязана з рэпрэсіўнай палітыкай царскага ўраду, а таксама са стварэннем эмігранцкіх цэнтраў. Выяўлены новыя формы палітычнай актыўнасці, якія насілі ў асноўным канспіратыўны характар: перавоз з-за мяжы, захоўванне і распаўсюджванне нелегальнай літаратуры; падтрымка эмісараў; удзел у палітычнай арганізацыі. Пасля паўстання 1830–1831 гг. дваранкі праяўлялі салідарнасць і аказвалі маральную і матэрыяльную падтрымку зняволеным паўстанцам і арыштаваным членаў тайных арганізацый, індывідуальныя дэмаршы змяніліся калектыўнымі. Таксама ў раздзеле прааналізаваны змены ў стаўленні да жаночай палітычнай актыўнасці з боку ўраду Мікалая І. Выяўлена тэндэнцыя ўраўнавання мужчын і жанчын у адказнасці за палітычныя злачынствы. У раздзеле 4.2 “Дабрачынная дзейнасць дваранак беларускіх зямель” паказана станаўленне грамадскай дабрачыннасці на беларускіх землях і яе асаблівасці ў параўнанні з польскімі землямі і вялікарускімі губернямі. Выяўлена асноўная прычына распаўсюджання дабрачыннасці сярод дваранак беларускіх зямель, а таксама далучэнне да дабрачыннай дзейнасці арыстакратак, прадстаўніц заможнага, сярэдняга і збяднелага дваранства. У ходзе даследавання вылучаны два віды жаночай дабрачыннасці: калектыўная і індывідуальная. У рамках калектыўнай дабрачыннасці разгледжаны такія формы як дабрачынныя сцэнічныя выступленні, удзел у дабрачынных таварыствах у якасці членаў і ахвярадаўцаў. Прааналізаваны праявы і маштаб індывідуальнай дабрачыннасці. Выяўлены змены ў стаўленні расійскай адміністрацыі да дабрачынных ініцыятыў.
: nfiles
nfiles -> У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў
nfiles -> Магалінскі ігар Уладзіміравіч
nfiles -> Праграма свята “Ганненскі кірмаш”
nfiles -> План мерапрыемстваў, прысвечаных Году культуры
nfiles -> Дзяржаўная навуковая ўстанова «інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук беларусі»
nfiles -> На базе сш №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам І праблемамі І спланаваць сваю далейшую дзейнасць
nfiles -> За здаровы лад жыцця падлеткі І дарослыя выдатная каманда
nfiles -> Гушчынскі Ігар Генадзьевіч
nfiles -> Зябко Андрэй Аляксандравіч


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка