Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Лукская сярэдняя школа Жлобінскага раёна” сцэнарый свята “багач”



Дата канвертавання05.01.2017
Памер52.03 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Лукская сярэдняя школа Жлобінскага раёна”



СЦЭНАРЫЙ СВЯТА

БАГАЧ”



Падрыхтавала

Хаткевіч Наталля Віктараўна,

настаўніца бел. мовы і літаратуры,

І кв. катэгорыя,

класны кіраўнік 11 класа

аг. Лукскі, 2016

Свята «Багач»

(Зала прыбрана пад вясковую хату. Развешаны саматканыя ручнікі, стаіць упрыгожаны стол, лаўка).

Вядучы – Добры дзень, шаноўныя госцi, сёння мы запрасiлi вас на свята ўраджаю «Багач». Гэта вялікае свята ў жыцці беларускай вёскі. Калісьці, калі жніво падыходзіла да канца, пакідалі нязжатую жменю жыта, потым кусцік зажыналі, перавязвалі стужкай, гаварылі замову і ўрачыста, з песнямі і жартамі, неслі дадому. Гэта і быў Багач. Яго заносілі ў двор тым, каму жадалі багацця і шчасця. Багач, згодна з павер’ем, забяспечваў ніву жытам і прыносіў у хату дастатак і шчасце.

Да азімай сяўбы прыступалі ўрачыста. У хаце ўсё мылася, чысцілася, варылі і пяклі шмат смачнага. Гаспадары чакалi i запрашалi гасцей, якiя па чарзе абыходзiлi ўсе хаты і насiлi «Багач», якi потым ставiлi на покуць, дзе ён заставаўся на цэлы год.



Вядучы – А зараз, паважаныя госцейкi, вучнi нашай школы запрашаюць вас паглядзець на гэта цудоўнае вясковае свята ўраджаю .

уваходзiць Гаспадыня, выносіць і ставіць на стол розныя стравы. За сцэнай чуюцца песні, музыка))

Гаспадыня – Васіль, дзе ты падзеўся? Ужо госці ідуць, Багач нясуць.

Гаспадар - Ужо бягу, мая Ганначка.

(Уваходзіць гаспадар. Гучыць вясёлая музыка. Малады хлопец нясе плеценую лубку з жытам і свечкай пасярэдзіне. За ім ідуць госці)

1 Хлопец (сеючы зерне) - Ідзе Багач багаты – адчыняй дзверы, хто яму рады.

Гаспадар -  Вельмі рад я Багачу. Дзверы адчыніць хачу.
1 Жнейка - Ідзе Багач чыстымі нівамі, вязе багаты ўраджай вазамі.
2 Хлопец - Прыйшоў багач – кідай рагач.
2 Жнейка - Бяры сявеньку ды сей памаленьку.
3 Хлопец - Багача на пачэсны кут адпраўляем. (1госць ставіць сявеньку на покуць)
3 Жнейка - (з паклонам) А вам шчасця - здароўя жадаем, дастатку жадаем!
3 хлопец - Дык няхай жа вам будзе чыста ў полі!
2 жнейка - Багата ў хаце!
2 хлопец - Даўгалецця і згоды!
1 Жнейка - Век гора не знаці!
Гаспадар (з паклонам) -  Дзякуй, дзякуй, што хату не абышлі!
Гаспадыня (з паклонам) -  Добрыя словы для нас знайшлі!
1 Хлопец - Дзякуй і вам, што нас добра прымаеце, можа з намi разам песню заспяваеце.
Гаспадар – А чаму б не заспяваць.

-----------------( Спяваюць песню “ Дар’я”)-----------------------

Гаспадар - А зараз, дарагія госцейкі, падыходзьце да нашага стала.
Гаспадыня -  Нашых пачастункаў паспытайце.

(Госці сядаюць за стол, частуюцца, хваляць ежу)

1 Жнейка - Няхай вам, гаспадарочкі, заўсёды шанцуе!
2 Жнейка - Няхай вам жыццё шчасце даруе!

2 хлопец - Дзякуй гаспадарам за хлеб-соль!

Гаспадыня - Нешта госцейкі засумавалі, трэба нам павесялiцца. Запрашаю ўсiх у вельмi цiкавую гульню пагуляць. А называецца гэтая гульня – “Я скачу, скачу скачу, усiх сяброў пераскачу!” (Усе гуляюць у гульню)

Гаспадыня – А можа, хто з нашых паважаных гасцей хоча паспрабаваць пагуляць разам з намi.

--------------------(Гульня “ Я скачу, скачу, скачу…”) ------------------------

3 Жнейка - А ці можна ў вас дазволу папытаць, каб у гэтай добрай хаце “Падыспань”
патанцаваць?

Гаспадар – Дазваляем.

----------------(Танец «Падыспань)----------------

3-я жнейка - Каб гаспадары і госці паразмялі свае косці, трэба польку паскакаць .

2 хлопец - Ды не толькі паскакаць, а яшчэ й прытопнуць.
У вашай хаце падмурачак няхай жа не лопне.

(Выконваецца танец.)

(Гаспадыня запрашае усiх гасцей патанчыць разам з iмi)

Гаспадары. Калі ласка, паскачыце ды нас павесяліце.

 (Усе танчаць)



-----------------(Полька з гасцямі)---------------------------

Гаспадар. Дзякуй вам, мае дарагія, што нашу хату не абмінулі, за гэта, нашы дарагiя госцейкі, зараз мы вас адорым.

(Адорваюць гасцей)

Гаспадыня -  Дорым збаночак мёду, каб салодка было на дарогу.
Гаспадар.  - А яшчэ дорым грошы, каб кожны быў прыгожы ды харошы.
Госці.  - Дзякуй, дзякуй!
3-я жнейка. - Хопіць ужо спяваць ды скакаць, пара і дадому збірацца.

1-я жнейка. I сапраўды, пара. Позна ўжо.

1 хлопец - На Багачы, на Багачы Усё навокал чыста, хоць рагачы.
2 хлопец - (з паклонам) Дай Божа гэтай хаце ніколі дрэннага не знаці!
2 Жнейка - Каб было чым засяваці, абсяваці!
3 хлопец - Ды яшчэ болей жаць, нажынаці.

3-я жнейка - Будзь ваша здароў, заставайцеся з Богам.

1 хлопец Бывайце здаровы, жывіце багата.

1-я жнейка - Будзьце жывенькі, здаровенькі.

Усе - — Здаровы бывайце і нас не забывайце, а праз год новага Багача дачакайце!

Гаспадыня - Давайце ж на развітанне прыгожую песню заспяваем.

(Усе спяваюць песню “Чаму ж мне не пець»)



Усе развітваюцца.

---------------(Песня «Чаму ж мне не пець”)-----------------------

Гаспадыня (Запрашае гасцей да стала пачаставацца) – Госцейкi мае даражэнькiя, падыходзьце да нашага стала, частуйцеся, калi ласка.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка