ЕЎразійскі эканамічны саюз як інфармацыйная прастора для інтэграцыі



Дата канвертавання19.05.2016
Памер76.07 Kb.


Сяргей Венідзіктаў

Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў

Рэспублікі Беларусь
ЕЎРАЗІЙСКІ ЭКАНАМІЧНЫ САЮЗ

ЯК ІНФАРМАЦЫЙНАЯ ПРАСТОРА ДЛЯ ІНТЭГРАЦЫІ
Станаўленне Еўразійскага эканамічнага саюза, які з пачаткам 2015г. уступіў у стадыю трансфармацыі з палітычнага праекту ў эканамічную рэальнасць, як і любога іншага інтэграцыйнага аб’яднання, мае патрэбу ў мэтанакіраваным інфармацыйным суправаджэнні. Заканамерна, што прымаемыя на вышэйшым узроўні палітычныя рашэнні, арыентаваныя на развіццё гандлю, турыстычных, будаўнічых, сельскагаспадарчых і іншых паслуг, адзінага рынку медыцынскіх вырабаў, нафты, газу і электраэнергіі, а таксама фінансавага рынку Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі і Расіі, вызначаюць змест вядучых нацыянальных СМІ краін-удзельніц ЕАЭС. Але паралельна разгортваецца стыхійны працэс узаемадзеяння медыясфер дзяржаў і рэгіёнаў, які ў перспектыве здольны прывесці да фарміравання адзінай інфармацыйнай прасторы саюза. Апошняя ва ўмовах глабалізацыі і інфарматызацыі сусветнай палітыкі становіцца вядучым фактарам і найважнейшым індыкатарам эфектыўнасці інтэграцыйных працэсаў.

Еўразійская інфармацыйная прастора мае пад сабой досыць магутны культурны базіс, які застаўся ў спадчыну ад савецкай эпохі і цяпер утварае спрыяльную глебу для стварэння з дапамогай СМІ прывабнага вобразу ЕАЭС – разам з устойлівай ідэнтычнасцю “саюзнага” грамадзяніна і настальгіяй старэйшага і сярэдняга пакаленняў (стаўленнем да распаду СССР як да “найвялікшай геапалітычнай катастрофы ХХ стагоддзя”). У гэты шэраг варта паставіць таксама адсутнасць на інтэгруемай тэрыторыі моўных бар’ераў, шырокае распаўсюджванне рускамоўных медыя, сталую практыку міждзяржаўнага вяшчання (ТРК “Мир”, спадарожнікавы канал Саюза Беларусі і Расіі “ТРА”) і стабільную аўдыторную цікавасць да падзей у дзяржавах былога СССР. З іншага боку, эканамічны фармат еўразійскай інтэграцыі для значнай часткі насельніцтва не з’яўляецца дастаткова зразумелым і адчувальным, а выгоды, якія нясе новае аб’яднанне, накіраваныя на доўгатэрміновую перспектыву. Да суб’ектыўных фактараў, якія перашкаджаюць стварэнню адзінай інфармацыйнай прасторы, мы аднясем несфармаванасць ў свядомасці грамадзян ўспрымання Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі і Расіі як краін, звязаных новым тыпам палітыка-эканамічных адносін, а таксама дэфармаванае ўяўленне аб Еўразійскім праекце як аб спробе рэанімацыі СССР у рынкавым фармаце ў процівагу росту ўплыву Еўрапейскага саюза.

Шмат у чым названыя супярэчнасці звязваюцца з непаслядоўнай пазіцыяй СМІ саюзных дзяржаў. З улікам таго, што Беларусь стала першай краінай, якая трымае старшынство ў ЕАЭС, рэспубліка непазбежна сутыкнецца з задачай выпрацоўкі стратэгіі інфармацыйнай інтэграцыі.

У гэтай сувязі дарэчы весці размову аб двух напрамках ўзаемадзеяння медыясфер саюзных дзяржаў: інтэграцыі “зверху”, якая вызначаецца ў асноўным палітычнымі рашэннямі, і інтэграцыі “знізу”, што адлюстроўвае пошук кропак сутыкнення ў лакальных структурах, арганізацыях грамадзянскай супольнасці. І калі першы напрамак звязаны з дзейнасцю агульнанацыянальных і міждзяржаўных медыяструктур, то другі ў большай ступені залежыць ад удзелу рэгіянальных СМІ, а таксама ад характару абмеркавання пытанняў інтэграцыі ў інтэрнэт-прасторы.

Інфармацыйная інтэграцыя “зверху” ўяўляецца нам задачай хутчэй палітычнай, чым медыйнай: краіны-члены ЕАЭС валодаюць магутным дзяржаўным рэсурсам рэгулявання дзейнасці вядучых СМІ, вызначэння вяшчальнай і рэдакцыйнай палітыкі і актуалізацыі прыярытэтнай інфармацыі пры фарміраванні парадку дня. Інтэграцыя “знізу” адлюстроўвае стыхійны медыякантэкст міждзяржаўных палітычных працэсаў і з’яўляецца больш карэктным крытэрыем ацэнкі іх эфектыўнасці, бо яна не падпадае пад уплыў палітычных рознагалоссяў, не мае жорсткай заканадаўчай рэгламентацыі і адлюстроўвае рэальныя патрэбы грамадзян.

Ва ўмовах паскоранага развіцця інтэграцыйных працэсаў адзначаецца тэндэнцыя да аб’яднання вышэйназваных накірункаў. Напрыклад, падчас 12 прэс-туру прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ ў канцы 2014г. Беларусь наведалі больш за 100 журналістаў з 50 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якіх цікавілі ў тым ліку пытанні еўразійскай інтэграцыі. Падобнае ўключэнне ў дыскурс рэгіянальных СМІ праблематыкі ЕАЭС уяўляецца задачай, якая патрабуе аператыўнага рашэння, бо ў цяперашні час гэты магутны рэсурс выкарыстоўваецца недастаткова эфектыўна. Праведзены намі аналіз паказаў, што ў Рэспубліцы Беларусь лакальныя медыяструктуры часцей абмяжоўваюцца сухой рэтрансляцыяй афіцыйнай інфармацыі, не звяртаючыся да яе асэнсавання з улікам патрэб рэгіянальнай аўдыторыі. Як вынік, у апошняй фарміруецца пазіцыя дыстанцыравання ад палітычных рашэнняў цэнтра, замацоўваецца неразуменне выгады інтэграцыйных працэсаў з пункту гледжання надзённых праблем і патрэб. ЕАЭС застаецца “малапрыкметным” утварэннем для беларусаў яшчэ і з той прычыны, што рэспубліка на працягу двух дзесяцігоддзяў актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі міждзяржаўных праектаў ва ўсходнім напрамку, таму апошнія падзеі на “інтэграцыйным фронце” нясуць мала прынцыпова новай інфармацыі.

У публічнай свядомасці імідж еўразійскіх інтэграцыйных праектаў успрымаецца скрозь прызму іміджу Расіі – нефармальнага лідэра аб’яднанняў, які складваецца пад уплывам антырасійскай інфармацыйнай кампаніі, што актыўна праводзіцца Захадам на рубяжы 2014–2015 гг. У такіх умовах любая супярэчлівая інфармацыя можа стварыць перадумовы для інфармацыйнай агрэсіі. Паказальны прыклад адносіцца да канца 2014г., калі завяршалася падрыхтоўка да “запуску” ЕАЭС. На саміце ЕАЭС і АДКБ (23 снежня 2014г.) Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка выступіў з крытыкай у адрас журналістаў, якія свядома абвастраюць супярэчнасці паміж СМІ і еўразійскай супольнасцю, што ў праўладнай расійскай газеце “Ведомости” было названа “абструкцыяй расійскім журналістам”. Пасыл быў імгненна падхоплены заходнімі СМІ: вядучыя выданні выйшлі з катэгарычнымі загалоўкамі, якія паказвалі на бесперспектыўнасць еўразійскай інтэграцыі (“ЕАЭС: мёртвы саюз?” – Руская служба Deutsche Welle, “Еўразійскае адзінства пад пагрозай, нягледзячы на пашырэнне блока” – Financial Times, “Саміт ЕАЭС пачынаецца з дэманстрацыі раз’яднанасці” – Euronews і інш.). Французская газета Le Monde ў адным з першых выпускаў 2015г. прыводзіць параўнанне ЕАЭС і Еўрасаюза, які стаў узорам для еўразійскай інтэграцыі: адзначаецца, што на долю Расіі прыпадае 85% насельніцтва і 80% валавога ўнутранага прадукту саюза, у той час як ЕС складаецца з параўнальна роўных дзяржаў. Таксама ў матэрыяле падвяргаецца сумневу праграмная грунтоўнасць новага аб’яднання (праект ЕС выношваўся больш за 40 гадоў, ЕАЭС – не больш за 5 гадоў) і г. д.

Безумоўна, падобная танальнасць паведамленняў у замежнай прэсе мае пад сабой падставы: у другой палове 2014г. эканамічныя адносіны Беларусі з Расіяй абвастрыліся на фоне сустрэчных санкцый, якія ўвяла Расія супраць заходніх краін. Масква абвінаваціла Мінск у пастаўках еўрапейскіх тавараў, якія падпадаюць пад харчовае эмбарга, і спыніла імпарт прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў; Беларусь аднавіла мытны кантроль на мяжы з РФ. У гэтай сувязі ўзнікае неадназначнае пытанне: ці можна казаць аб выпрацоўцы адзінай інфармацыйнай стратэгіі ва ўмовах існавання ў рамках інтэграцыйных праектаў эканамічных супярэчнасцей, якія маюць палітычныя падставы? Бо агульныя перспектывы ЕАЭС ацэньваюцца неадназначна не толькі заходнімі медыя, але і аўтарытэтнымі інфармацыйнымі рэсурсамі саюза (танальнасць паведамленняў нярэдка насцярожананая і занепакоеная).

На наш погляд, першараднай задачай з’яўляецца ліквідацыя дэфіцыту аб’ектыўнай інфармацыі, якая закранае розныя аспекты інтэграцыі і падаецца ў адаптаваным для ўспрымання масавай аўдыторыяй выглядзе. Для гэтага неабходна пашырэнне прысутнасці ў рэгіянальным дыскурсе СМІ інфармацыі міжнароднага характару, а таксама адлюстраванне ў медыяпаведамленнях узаемадзеяння рэгіёнаў саюзных краін. Другі актуальны напрамак заключаецца ў стварэнні станоўчага іміджу інтэграцыйных аб’яднанняў. Гэта непазбежна прывядзе да актуалізацыі ролі міждзяржаўных медыя – ТРК “Саюз” і ТРК “Мир”, у перспектыве – да рэалізацыі праектаў грамадскага вяшчання ЕАЭС. З улікам таго, што саюз пазіцыянуецца як аб’яднанне хутчэй эканамічнае, чым палітычнае, у яго рамках цалкам можа быць рэалізавана заходняя мадэль грамадскага вяшчання. Нарэшце, найбольш аператыўным напрамкам аптымізацыі інфармацыйнай прасторы з’яўляецца пашырэнне прысутнасці інтэграцыйных праектаў у інтэрнэт-кантэнце. У якасці прыкладу прывядзем “Еўразійскі камунікацыйны цэнтр”, створаны інфармацыйным агенцтвам “Россия сегодня” і паліталагічным цэнтрам “Север – Юг” [1]. У межах работы па ўзмацненні інфармацыйнай падтрымкі еўразійскай інтэграцыі цэнтр ажыццяўляе ўзаемадзеянне з расійскай і замежнай экспертнай супольнасцю, а таксама з прадстаўнікамі СМІ: праводзіць круглыя сталы, відэамасты і прэс-мерапрыемствы па тэме інтэграцыі, рэалізуе камунікацыйныя і інфармацыйныя праграмы і г. д.

Фарміраванне інфармацыйнай прасторы ЕАЭС адбываецца ў парадаксальных ўмовах недастатковага разумення, але лаяльнага стаўлення насельніцтва краін-удзельніц да аб’яднання рынкаў. Праведзенае ў 2014г. даследаванне пазіцыі расійскага грамадства адносна інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай эканамічнай прасторы паказала, што 70% апытаных станоўча ўспрымаюць праект ЕАЭС. Узровень падтрымкі ЕАЭС у Казахстане складае па розных дадзеных ад 55% (даследаванне пазіцыі інтэрнэт-карыстальнікаў) да 85% (дадзеныя Казахстанскага інстытута стратэгічных даследаванняў). Аднак каля 7% рэспандэнтаў выказалі асцярогу адносна траплення ў палітычную залежнасць ад Расіі (нягледзячы на адсутнасць у саюзе палітычных інстытутаў і парытэтны механізм прыняцця рашэнняў) [3]. Незалежнае даследаванне, праведзенае ў Беларусі, сведчыць, што большая частка насельніцтва рэспублікі падтрымлівае “інтэграцыю на Усход”: 44,4% ацэньваюць членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе станоўча, 31,5% – абыякава, 18,1% – адмоўна (6% не змаглі вызначыцца з адказам) [2]. Экспрэс-апытанні насельніцтва, праведзеныя журналістамі, сведчаць аб скажоным ўспрыманні беларусамі сутнасці еўразійскай інтэграцыі (распаўсюджаныя пазіцыі “ЕАЭС – гэта спроба аднавіць СССР”, “ЕАЭС ствараецца для ўзаемнай падтрымкі ва ўмовах крызісу”, “ЕАЭС – складаная і незразумелая палітычная з’ява”). На наш погляд, такія неадназначныя пазіцыі паказваюць на наяўнасць прабелаў у інфармацыйным забеспячэнні станаўлення ЕАЭС.

У кантэксце праблемы еўразійскай інтэграцыі ўзнікае пытанне самаідэнтыфікацыі: паняцце “еўразіец” чужое для масавай свядомасці (для параўнання, намінацыя “еўрапеец” для насельніцтва Еўрасаюза з’яўляецца звыклай). Замацаванне ў грамадскім дыскурсе паняцця еўразійскай грамадзянскасці будзе сведчаннем пераходу інтэграцыі з навуковага і палітычнага ўзроўню ў сферу рэальнасці, у тым ліку інфармацыйнай. У перспектыве мы можам казаць аб праявах ўзмацнення зваротнай сувязі ў сістэме інтэграцыйных утварэнняў, пры якой інфармацыйная інтэграцыя стварае базу для развіцця нефармальных сувязей на узроўнях ад рэгіянальнага да нацыянальнага, а далей гэтыя сувязі становяцца падставай для паглыблення інстытуцыйнага ўзаемадзеяння.
Літаратура

1. Евразийский коммуникационный центр [Электронный ресурс]. – 2015. – Режим доступа: http://eurasiancenter.ru. – Дата доступа: 04.01.2015.

2. Чуть дальше от России // НИСЭПИ: Независимый институт социально-экономических и политических исследований [Электронный ресурс]. – 2015. – Режим доступа: http://www.iiseps.org/analitica/821. – Дата доступа: 04.01.2015.

3. 70 процентов россиян поддерживают Евразийский экономический союз // Интернет-портал СНГ [Электронный ресурс]. – 2015. – Режим доступа: http://www.e-cis.info/news.php?id=9789. – Дата доступа: 04.01.2015.




: bitstream -> 123456789 -> 110891
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка