Ес І Беларусь: год 2007-ы biss blitz #12/07be, 5 cнежня 2007 г



Дата канвертавання15.05.2016
Памер60.99 Kb.

BISS blitz

27 лістапада 2007 г.


ЕС і Беларусь: год 2007-ы
BISS Blitz #12/07be, 5 cнежня 2007 г.

Дзяніс Мельянцоў
Год таму Еўрапейская Камісія апублікавала “non-paper” дакумент пад назвай “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі”, у якім ЕС вызначыў шэраг умоваў, пасля выканання якіх беларускі урад можа спадзявацца на развіццё паўнавартасных адносінаў з Еўрапейскім саюзам. Аднак, па прашэсці года з моманту абнародавання дакумента беларуска-еўрапейскія адносіны не зазналі якасных зменаў, а ўмовы еўрапейскага боку так і засталіся нявыкананымі.
Дакумент ЕС быў успрыняты беларускай грамадскасцю адначасова і з расчараваннем, і з аптымізмам. Расчараванне палягала ў тым, што доўгачаканы дакумент так і не стаўся паўнавартаснай стратэгіяй Еўрапейскага Саюза ў дачыненні Беларусі, і не быў скіраваны на замену кіруючага рэжыму Лукашэнкі. Строга кажучы, дакумент, прадстаўлены Еўракамісіяй, не з’яўляецца дакументам, а называецца ў справаводстве ЕС “non-paper”, то бок неафіцыйным мемарандумам, які згодна распаўсюджанай дыпламатычнай практыцы ўвогуле нельга цытаваць і публікаваць.
З іншага боку, аптымізм заключаўся ў тым, што Еўрапейскі Саюз, нарэшце, звярнуў сваю ўвагу на сітуацыю ў Беларусі і абазначыў прынцыповыя падставы свайго стаўлення да гэтай сітуацыі. Разам з гэтым, дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі ў свае рукі моцны інструмент для агітацыі і дэманстравання грамадскасці альтэрнатыўных магчымасцяў развіцця краіны.
Нагадаю, что ў тэксце дакуманта праведзена яскравая мяжа паміж “аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі”, які, паводле меркавання аўтараў гэтага дакумента, з’яўляецца бар’ерам для ўзаемавыгодных беларуска-еўрапейскіх адносінаў, і беларускім народам, які ёсць “першай ахвярай ізаляцыя, якую праводзяць беларускія ўлады”. Пры гэтым, шэраг палажэнняў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што для ўраду Лукашэнкі няма месца ў праекце “новай Беларусі”, абмаляванай аўтарамі тэксту1.
Дакумент “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі”, акрамя выгодаў ад супрацоўніцтва з ЕС, пералічвае таксама дванаццаць умоваў (павага да права выбару, права на незалежную інфармацыю і свабода СМІ, свабода аб’яднанняў, вызваленне палітзняволеных, расследванне знікненняў палітычных апанентаў рэжыму, незалежная судовая сістэма, выкананне правоў нацыянальных меншасцяў, выкананне працоўных правоў, рэалізацыя права на прадпрымальніцкую дзейнасць, забарона смяротнага пакарання, падтрымка міжнародных праваабарончых структур), пасля выканання якіх урад Беларусі будзе мець магчымасць разлічваць на дапамогу Еўрапейскага Саюза.
Па сутнасці, дакумент Еўрапейскай Камісіі ўяўляе сабой здзелку паміж ЕС і беларускім народам, згодна з якой апошні павінен пазбыцца перашкоды, якая замінае ўдзелу Беларусі ў еўрапейскіх праграмах і праектах, г. зн. ад урада А.Р. Лукашэнкі.
Натуральна, што беларускі ўрад не збіраўся выконваць азначаныя ўмовы ЕС, тым больш што аслабленне уласнай улады (у выпадку выканання ўмоў) не кампенсавалася гарантаванымі эканамічнымі бонусамі для самой улады. Не спыняючыся падрабязна на кожным з дванаццаці пунктаў, можна аднак канстатаваць, што афіцыйны Менск параігнараваў пасланне Еўрапейскага Саюза і не прыклаў ніякіх рэальных намаганняў для выпраўлення наяўнай сітуацыі. У якасці тлумачэння такіх дзеянняў можна адзначыць наступнае:


  • Еўрапейскі Саюз не з’яўлаецца стратэгічным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі, хаця ён ужо зрабіўся самым значным накірункам беларускага экспарту;

  • адносіны з Еўрапейскім саюзам усё яшчэ знаходзяцца ў ценю расійска-беларускіх стасункаў, і таму заходні вектар беларускай знешняй палітыкі варта пакуль разглядаць толькі як дапаможны інструмент для ўсходняга вектару;

  • беларускія ўлады безумоўна жадалі б палепшыць адносіны з ЕС, аднак добра ўсведамляюць, што такое паляпшэнне будзе вымагаць ад іх істотнай (калі не сказаць карэннай) трансфармацыі палітычнай і эканамічнай сістэм. Але такую цану яны зараз плаціць не гатовыя;

  • існуючы стан беларуска-еўрапейскіх адносінаў часткова задавальняе інтарэсы Менску, бо дазваляе трымаць Брусэль на адлегласці, і гарантуе неўмяшальніцтва апошняга ва “ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы”. На практыцы гэта азначае перашкоды для працы еўрапейскіх структураў у Беларусі (у прыватнасці, праваабарончых арганізацыяў), перашкоды для фінансавай і інфармацыйнай падтрымкі дэмакратычных сілаў, адсутнасць стрымліваючых фактараў для палітычных рэпрэсіяў.

Дастаткова цяжка меркаваць, наколькі рэалістычна ўспрымаюць свой дакумент самі яго аўтары, а таксама афіцыйныя асобы Еўрапейскай Камісіі, якія павінны сачыць за ягоным выкананнем. Аднак, па прашэсці года можна з упэўненасцю сцвярджаць, што дакумент Еўрапейскай Камісіі выканаў, прынамсі, некалькі функцыяў:




  • факт прыняцця такога дакумента стаў выразным сігналам для афіцыйнага Менска аб тым, што аб’яднаная Еўропа мае не толькі інтарэсы, але яшчэ і каштоўнасці, з якімі трэба лічыцца, каб пабудаваць узаемавыгодныя адносіны;

  • дакумент таксама стварыў канал камунікацыі паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам, праз які беларускія ўлады атрымалі магчымасць наладзіць дыялог са сваім заходнім суседам, і абазначыў беларускаму рэжыму пэўныя магчымасці для выхаду з міжнароднай ізаляцыі;

  • еўрапейскія структуры, нарэшце, займелі хоць нейкую паперу датычную Беларусі, на якую можна спасылацца ў рэзалюцыях і адозвах;

  • дакумент выразна прадэманстраваў беларускай дэмакратычнай супольнасці падтрымку з боку ЕС, а таксама паспрыяў стварэнню альтэрнатыўнага вобраза будучай Беларусі для насельніцтва краіны.

Нягледзячы на неафіцыйны характар дакументу Еўракамісіі (non-paper), ён шырока цытаваўся афіцыйнымі асобамі ЕС у зваротах і заявах на працягу ўсяго 2007 года. Гэтак, на прыклад, амаль кожны месяц з’яўляліся заявы Камісара па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Беніты Ферэра-Вальднэр адносна парушэння палітычных правоў грамадзян Беларусі. І кожны раз тэкст заявы ўтрымліваў спасылку на дакумент “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі”2.


Што датычыць ацэнкі выканання Беларуссю 12 умоў, то еўрапейскія чыноўнікі вельмі стрыманыя ў выказваннях. 22 лістапада на сайце офіса TACIS у Менску з’явіўся допіс пра гадавіну прыняцця дакумента. Аднак у ім няма ніякіх ацэначных меркаванняў пра яго эфектыўнасць і ступень выканання. Адзначана толькі, што дакумент прапаноўвае Беларусі поўнае партнёрства з ЕС і застаецца ў сіле3. З гэтай паліткарэктнай заявы можна зрабіць выснову аб тым, што Еўрапейская Камісія далёкая ад таго, каб станоўча ацэньваць выкананне беларускімі ўладамі умоў Еўрапейскага Саюза.
Такім чынам, дакумент “Што Еўрапейскі Саюз можа даць Беларусі” не паўплываў на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі і амаль не быў заўважаны масавай аудыторыяй беларусаў. Ён таксама не стаў асновай для пачатку дыялогу паміж кіраўніцтвам Беларусі і Еўрапейскім Саюзам.
Куды большы ўплыў на беларуска-еўрапейскія адносіны аказаў энэргетычны канфлікт з Расіяй і згортванне саюзнага будаўніцтва. Заходнія лідэры пабачылі ў гэтым магчымасць для “еўрапеізацыі” і дэмакратызацыі Беларусі, адрыву яе ад сферы расейскага ўплыву. Гэтымі інтарэсамі тлумачыцца шэраг неафіцыйных сустрэч прадстаўнікоў еўрапейскіх структураў з беларускімі чыноўнікамі, запрашэнне беларускага прадстаўніка на канферэнцыю па палітыцы суседства ў Брусэль, ініцыятывы суседніх з Беларуссю краін (на прыклад, прапанова Літвы пастаўляць нафту для беларускіх НПЗ праз Клайпедскі порт, прапанова Украіны аб пасярэдніцтве ў перамовах паміж ЕС і Беларуссю).
Разам з тым, як ужо было адзначана, для беларускага кіраўніцтва еўрапейскі вектар не з’яўляецца прыярытэтным, а ў значнай ступені служыць інструментам ціску на Расею ў вырашэнні энэргетычных і іншых пытанняў, і, часткова, выкарыстоўваецца ў якасці запаснога варыянту ў выпадку канчатковага пагаршэння стасункаў з Масквой. Асабліва апошняе актуальна ў варунках непрадказальнасці для Менску выніку прэзідэнцкіх выбараў у Расеі ў наступным годзе.
У гэтым рэчышчы варта разглядаць і пытанне з адкрыццём прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі. Падпісанне дамовы з ЕС пра адкрыццё прадстаўніцтва і ягоныя паўнамоцтвы будзе яскравым сігналам для Расеі. Аднак гэты акт будзе накладаць і пэўныя абмежаванні на свабаду прыняцця ўнутрыпалітычных рашэнняў беларускім урадам. Таму для апошняга выгадны сам працэс перамоваў з ЕС, а не іх канчатковы вынік. Менавіта таму пагадненне да гэтай пары не падпісанае.
Апускаючы нюансы, можна канстатаваць, што ў 2007 годзе намеціліся відавочныя зрухі ў бок інтэнсіфікацыі беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Аднак дакумент “Што Еўрасаюз можа даць Беларусі” да гэтых зрухаў не мае амаль ніякага дачынення.


1 http://www.nmnby.org/pub/0611/22m.html

2 http://www.delblr.ec.europa.eu/page2412.html?y=2007&m=1

3http://www.delblr.ec.europa.eu/page2412.html?y=2007&m=11&SESSID=576cc04506ba94ab22a0ba98ac069de9&template=print

: images -> stories -> documents
documents -> Biss бліц bb #28/2009BY, 02 November 2009
documents -> Маніторынг mo #03/2009BY, 10 Май 2009
documents -> Працоўныя з буйных прадпрыемстваў г. Менску
documents -> Даследаванне biss sa #04/2009BY, 01 June 2009
documents -> Беларускі фонд публічнай палітыкі ў супрацоўніцтве з Беларускім інстытутам
documents -> План дзеянняў па нармалізацыі адносін паміж беларуссю І ес
documents -> Усходняе партнёрства: незавершаны гештальт Дзяніс Мельянцоў
documents -> Калектыўная бяспека І індывідуальныя інтарэсы дзяніс Мельянцоў
documents -> Новы патрыярх І “недасканалы” праваслаўны лідэр наталка Васілевіч
documents -> Аналітычная запіска pp #02/2009BY, 02 December 2009




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка