Этнічная тэрыторыя І дзяржаўныя межы беларусаў



Дата канвертавання15.05.2016
Памер94.21 Kb.

powerpluswatermarkobject287715


Дубінін

Дз. Ул.


ЭТНІЧНАЯ ТЭРЫТОРЫЯ І ДЗЯРЖАЎНЫЯ МЕЖЫ БЕЛАРУСАЎ
2011г.

БДПУ


Европа: актуальные проблемы этнокультуры.

Артыкул


Этналогія Беларусі

ЭТНІЧНАЯ ТЭРЫТОРЫЯ І ДЗЯРЖАЎНЫЯ МЕЖЫ БЕЛАРУСАЎ
Дубінін Дз. Ул.
г. Мінск, БДПУ
Вывучаючы праблемы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці нельга абысціся без аналізу таго, як вырашалася тэрытарыяльнае пытанне, бо тэрыторыя – гэта адна з асноўных прыкмет незалежнай дзяржавы.

Наяўнасць этнiчнай тэрыторыi дазваляе народу захаваць сябе як этнас, адчуваць сябе гаспадаром на ўласнай зямлi, дае магчымасць будаваць сваю суверэнную дзяржаву, развiваць нацыянальную культуру.

Да ХХ стагоддзя беларусы не мелі нацыянальнай дзяржавы, межы якой бы супадалі з іх этнічнай тэрыторыяй. Пад апошняй мы разумеем тэрыторыю кампактнага рассялення пэўнага этнасу, з якой цесна звязаны яго этнагенез і этнічная гісторыя, дзе на працягу стагоддзяў складваецца пад уздзеяннем прыродна-геаграфічнага асяроддзя пэўны тып гаспадарчай дзейнасці людзей, іх матэрыяльная і духоўная культура, мова, звычаі, традыцыі, нормы маралі, звычаёвае права, своеасаблівасці характару, псіхічнага складу.

Трэба таксама адзначыць, што этнічная тэрыторыя ўяўляе сабой пэўнае экалагічнае асяроддзе, якое ўплывае на нацыянальны менталітэт і антрапалагічныя рысы. Яе стабільнасць залежыць ад дзяржаўнай самастойнасці і ўмоў міжнароднага жыцця. У выніку гістарычных катаклізмаў, міграцыі, асіміляцыі, інтэграцыі, каланізацыі межы этнічнай тэрыторыі могуць змяняцца.

Вызначэнне этнічных межаў патрабуе ўсебаковага этнагеаграфічнага і параўнальнага этналінгвістычнага аналізу, уліку цэлага комплексу вызначальных прыкмет. У некаторых выпадках этнiчныя межы могуць супадаць з прыроднымi рубяжамi — горнымi ланцугамi, водападзеламi, рэдканаселенымi ляснымi масiвамi, воднымi перашкодамi. Аднак часцей за ўсё этнiчнае сумежжа ўяўляе сабой пераходны міжэтнічны варыянт народнай культуры, дзе культурныя элементы ўзаемадзейнічаюць і пранікаюць адзін у другі ва ўмовах супольнага пражывання суседніх народаў.

Параўноўваючы сучасны абрыс терыторыі краіны з тымі межамі, якія адлюстраваны на палітычных картах рознага кшталту, даследчыкі вызначаюць сем умоўных рыс: Літоўскае сумежжа. Лівонскую, Пскоўскую ці Пскоўска-Ноўгарадскую межы, Смаленскі край. Северскую старану. Палескую ускраіну і Падляшскі рубеж. Менавіта на гэтых сямі гранях нашай тэрыторыі і сфарміраваліся пазнейшыя дзяржаўныя межы Беларусі. [ 2, 6].

Этнічная тэрыторыя беларусаў у розныя часы акрэслівалася неадназначна.

У другой палове ХІ-ХІІІ стагоддзі, калі Кіеўская русь ужо не ўяўляла сабой адзінага цэлага, землі Беларусі уваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, Пінскага, Новагародскага і часткова Смаленскага, Чарнігаўскага, Кіеўскага ды Уладзіміра-Валынскага княстваў.

У сярэдзіне ХІІІ-ХІV стагоддзі ўсе землі Беларусі паступова ўвайшлі ў склад поліэтнічнай феадальнай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, ядром якога была летапісная Літва, што займала тэрыторыю паміж Нёманам і Віліяй з цэнтрам ў Навагрудку. Гэта садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі Беларусі, у яе склад якой уваходзілі Полацкая, Віцебская, Новагародская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мціслаўскае ды іншыя княствы.

У сярэдзіне ХV стагоддзя этнічныя беларускія землі прыкладна ў тры разы перавышалі літоўскія. Стасункі агульнай тэрыторыі Аўкштайціі, Жемайціі і Усходнеславянскіх зямель Вялікага княства на працягу XI - XVI стагоддзяў былі наступныя : 1:2,5: ( у сярэдзіне XIV стагоддзя), 1:12 ( у перыяд максімальнага пашырэння дзяржаўных межаў), 1:7 ( у сярэдзіне XVI стагоддзя)

У складзе Рэчы Паспалітай сама назва Беларусь ужывалася як правінцыяльная для абазначэння Верхняга Падзвіння і Падняпроўя. На гістарычнай карце Польшчы 1740 года тэрыторыя сучаснай Беларусі пазначалася пад назвай Літоўская Русь. На карце 1750 года Т. Маера ўпершыню Белай Руссю названа амаль уся сучасная тэрыторыя ад Заходняга Буга ў кірунку на поўдзень ад Брэста да Верхняга Падзвіння.

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІІІ стагоддзя ўся тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Расійскай імперыі. Царскі ўрад ніколі не разглядаў гэту тэрыторыю як асобную гістарычна сфарміраваную этнічную адзінку, не ўлічваў этнічных межаў пры правядзенні тэрытарыяльна-адміністрацыйных падзелаў далучаных зямель. У афіцыйных дакументах яны называліся Заходняй Руссю, Заходнім ці Паўночна-Заходнім краем. У гэты перыяд, як і раней, не было ўспрыняцця беларускай зямлі як нечага адзінага, цэласнага.

Адзначым, што першым, хто зрабіў спробу вызначыць беларускія этнічныя межы, быў чэшскі славіст П. Шафарык. Крытэрыям вызначэння беларускіх этнічных межаў у яго выступала мова. На падставе матэрыялаў, якія былі прадстаўлены яму П. Кепенам, А. Бадзянскім, З. Даленгам-Хадакоўскім, і сабраных ім самім, П Шафарык склаў карту рассялення славянскіх народаў. На гэтай карце ім была акрэслена тэрыторыя, дзе пражываюць беларусы. У гэтую тэрыторыю ўваходзіла пяць заходніх губерняў: Мінская, Магілёўская, большая частка Віцебскай і Гродзенскай, часткова Віленская. На поўначы мяжа рассялення беларусаў даходзіла да Люцына, уключаючы Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы; на захадзе да Бельска, на ўсходзе, поўдні і паўночным захадзе яна была праведзена па былых рубяжах Вялікага княства Літоўскага.

У канцы першай паловы ХІХ стагоддзя па ініцыятыве рускага акадэміка П. Кепена распараджэннем Св. Сінода і Дэпартамента іншаземных веравызнанняў ва ўсе царкоўныя прыходы былі разасланы спецыяльныя бланкі. Святары царкоўных прыходаў у гэтыя бланкі павінны былі занесці звесткі, у тым ліку і аб этнічнай прыналежнасці сваіх прыхажан. Негледзячы на значныя недахопы, паводле прыходскіх спісаў 1857г. усяго ў пяці заходніх губернях ўдзельная вага беларусаў склала: у Віленскай— 17,4%, у Віцебскай 62,4% , у Гродзенскай – 3,3%, у Мінскай – 65,1%, у Магілёўскай губерні – 84,2%.

Паводле прыходскіх спісаў беларуская этнічная тэрыторыя ахоплівала таксама частку Чарнігаўскай і палову Смаленскай губерняў. Адносна колькаснага вызначэння, то на Чарнігаўшчыне беларусы пражывалі ў 116 населеных пунктах, а на Смаленшчыне беларусы займалі яе заходнюю частку, складаючы большасць насельніцтва ў сямі паветах. Усяго, у Смаленскай губерні, пражывала 46,7% беларусаў. [1,224].

У 1863 годзе выходзіць першы спецыяльны этнаграфічны атлас “Этнаграфічны атлас заходнерускіх губерняў і суседніх абласцей”, у якім змешчаны звесткі пра этнічны склад і размяшчэнне насельніцтва Беларусі. Гэты атлас быў выдадзены Р.Ф. Эркертам і складаў 6 карт. Тэкставы матэрыял да яго быў змешчаны у асобнай кнізе “ Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі” ( 1864г.).

Этнічную тэрыторыю беларусаў Эркерт акрэсліваў ад Беластока і Аўгустава на захад да Рослаўля і Веліжа на ўсходзе. Этнічную мяжу з Расіяй на поўначы ён праводзіў ад Вялікіх Лук крыху на поўдзень ад Апочкі, а з Украінай мяжа праходзіла па лініі Пружаны — Бяроза – Іванава і далей па сучаснай беларуска-украінскай граніцы. Смаленскую губерню і паўночна-заходнюю частку Калужскай Эркерт называў пераходнымі этнічнымі тэрыторыямі, з-за таго, што іх жыхары “ не далучаюць сябе да Вялікай Расіі”.

Адзначым, што статыстычныя матэрыялы, на падставе якіх былі складзены карты першага этнаграфічнага атласа Беларусі, няпоўныя і не заўсёды адлюстроўвалі рэальную этнічную сітуацыю. У прыватнасці, мноства беларусаў-католікаў было залічана паводле канфесійнага прынцыпу да палякаў, а частка праваслаўных беларусаў – да рускіх.

У 1864 г. выходзіць яшчэ адзін этнаграфічны атлас “Атлас народанасялення Заходне-Рускага краю па веравызнаннях”, складзены А.Ф. Рыціхам. У сваіх працах А.Ф. Рыціх дае больш рознабаковую характарыстыку славянскім народам і дыферэнцыруе іх паводле этнаграфічных і лінгвістычных прыкмет.

Этнічную тэрыторыю беларусаў ён акрэслівае на захад і поўдзень ад Сувалак, на захад ад Аўгустава і Беластока і далей па рэках Нараў, Ясельда, Прыпяць да яе ўпадзення ў Дняпро, далей мяжа, ішла ўверх па Дняпры, супадаючы на паўднёва-заходнім участку з сучаснай беларускай дзяржаўнай граніцай, на захад ад Навазыбкава і Суража на Вязьму, Белы, на поўдзень ад Вялікіх Лук, Апочкі на Люцын, на поўнач ад Дзвінска на Свянцяны.

А.Ф. Рыціх ўключае ў этнічную тэрыторыю беларусаў Віленскі край, Беласточчыну , паўднёвую ускраіну Латгаліі, большую частку Смаленшчыны. [4, 417].

У 1897 годзе быў праведзены першы Усеагульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі. Паводле моўнай прыкметы беларусы склалі ў Віленскай губерні — 56,0%, у Віцебскай – 52,9%, у Гродзенскай – 44,0%, у Мінскай – 76,0%, у Магілёўскай – 82, 4%. Згодна гэтага перапісу беларускае насельніцтва пражывала і на сумежных з вышэйназванымі губернямі тэрыторыях. Так, у Чарнігаўскай губерні пражывала 6,6% беларусаў, у Ковенскай губерні – 16,8% , у Курляндскай – 12,3%, у Смаленскай – 6,6% ( значна менш чым у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.).

У другой паловы ХІХ стагоддзя беларуская этнічная тэрыторыя па моўнаму крытэрыю значна змянілася. Яна пашырылася на поўдні і паўднёвым захадзе, дзе ў час перапісу 1897г. насельніцтва Пінскага, большасці Пружанскага і каля паловы Кобрынскага паветаў сваёй роднай мовай назвалі беларускую. У той жа час большая колькасць насельніцтва Смаленшчыны пераняла рускую мову.

Такім чынам, у канцы ХІХ— пачатку ХХ стагоддзя на аснове этналігвістычных і краязнаўча-геаграфічных даследаванняў былі больш дэталёва вызначаны энічныя межы Беларусі.

У 1903г. на аснове вывучэння фальклору беларусаў, побыту мясцовага карэннага насельніцтва, яго мовы Я. Ф Карскі складае этнаграфічную карту, дзе вызначае тэрыторыю, на якой пераважна пражываюць беларусы. У адпаведнасцю з гэтай картай большасць беларускага насельніцтва пражывала ў наступных паветах Расійскай імперыіі: Арлоўская губерня – Бранскі, Трубчэўскі; Віленская губерня – Ашмянскі, Віленскі, Вілейскі, Дзісенскі, Лідскі, Свянцянскі, Трокскі; Віцебская губерня – Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дзвінскі, Дрысенскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі; Гродзенская губерня – Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Пружанскі, Слонімскі, Сакольскі; Калужская губерня -- Жыздрэнскі, Масальскі; Ковенская губерня – Новаалександраўскі; Курляндская губерня—Ілукшцэскі; Магілёўская губерны – Аршанскі, Быхаўскі, Гомельскі, Горацкі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Рагачоўскі, Сенненскі, Чавускі, Чэрыкаўскі; Мінская губерня—Мінскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі; Пскоўская губерня – Апочацкі, Велікалуцкі, Таропецкі; Смаленская губерня – Дарагабужскі, Ельнінскі, Красненскі, Парэцкі, Рослаўскі, Смаленскі; Сувальская губерня – Аўгустоўскі, Сейненскі; Цверская губерня – Асташкаўскі, Зубцоўскі, Ржэўскі; Чарнігаўская губерня – Гараднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Ноўгарад-Северскі, Старадубскі. Такім чынам, складзеная Я. Ф. Карскім, этнаграфічная карта (1903г.) пашырала этнаграфічную тэрыторыю Беларусі на захад да Ноўгарад-Северскага, Бранска і Ржэва. Трэба падкрэсліць, што ў сваіх даследаваннях Я.Ф. Карскі карыстаўся лінгвістычнымі адметнасцямі і ўсе спрэчныя пытанні вырашаў не на карысць беларускаму этнасу. Навуковец не уключыў, напрыклад, Брэсцкі і Кобрынскі паветы Гродзенскай губерні, якія спрадвеку былі беларускімі.

Ягоны сучаснік М.В. Доўнар-Запольскі улічыў ўсе фактары – ад моўных да гісторыка-этнічных, і стварыў новую карту рассялення беларусаў, дакладна вызначыўшы іх этнічную тэрыторыю. Ён пашырыў эітнічныя межы Беларусі на Паўднёвым Захадзе да Заходняга Палесся. Уся Берасцейшына была ўключана ў абшар пражывання беларусаў.

Этнаграфічная карта, складзеная М.В. Доўнар-Запольскім, з’явілася асновай карты Беларускай Народнай Рэспублікі 1918года, якая мелася “абняць, дзе жыве і мае лічбовую перавагу беларускі народ, а менавіта Магілёўшчыну, беларускія часці Меншчыны, Віленшчыны, Горадзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны, і сумежныя часткі беларускіх губерняў, заселеных беларусамі” [3,107].

Гэтыя межы былі дакладна вызначаны на карце Беларускай народнай Рэспублікі, якая была выдадзена ў 1918 годзе і прапанавана Надзвычайнай камісіяй БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі.Такім чынам межы БНР былі вызначаны, паводле этнаграфічнага прынцыпу, але падзеі таго часу не далі магчымасці на справе сцвердзіць яе самастойнасць.

1 студзеня 1919 года была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў складзе пяці губерняў: Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай з часткамі пагранічных тэрыторый населеных пераважна беларусамі. Менавіта такімі былі: у Ковенскай губерні – частка Новаалександраўскага павета; у Віленскай – Вілейскій павет, часткі Ашмянскага і Свянцянскага паветаў; у Чарнігаўскай – Аўгустаўскі, Мглінскі, Новазыбкаўскі, Суражскі паветы.

Як бачым, БССР уключала ў сябе амаль усю тую ж тэрыторыю, што і БНР, акрамя аддадзенай Літве Віленскай губерні, хоць літоўцы ў ёй на той час складалі не больш як 15—18 % насельніцтва, а ў самой Вільні менш за 1% .[5, 8].

У сувязі з узмацненнем міжнароднага напружання, БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў была аб’яднана з Літоўскай ССР у адзіную рэспубліку – Літоўска-Беларускую ССР; Магілёўская, Віцебская і Смаленская губерні былі далучаны да РСФСР.

Пасля вызвалення часткі беларусаў ад інтэрвентаў БССР была адноўлена ў складзе 6 паветаў Мінскай губерні. Заходняя Беларусь, паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921года, адышла да Польшчы.

У 1924 годзе ў склад БССР ўваходзяць 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай, і Смаленскай губерняў, а ў 1926г. – Рэчыцкі і Гомельскі паветы, якія былі пераважна населены беларусамі.

У верасні 1939года Заходняя Беларусь была уз’яднана з БССР, а пазней горад Вільня з прылеглай тэрыторыяй і частка прыгранічных раёнаў БССР перайшлі да Літвы.

У жніўні 1945 года Польскай Народнай Рэспубліцы былі перададзены 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з горадам Беласток і тры раёны Брэсцкай вобласці. У выніку чаго сучасная тэрыторыя Беларусі складае 207,6 тысяч квадратных кіламетраў.

Апошняе “ўдакладненне” мяжы адбылося ў 1950 годзе, калі на карысць Польшчы быў перададзены яшчэ шэраг беларускіх вёсак.



На працягу стагоддзяў шмат разоў мяняліся абрысы межаў нашай краіны: і не толькі паводле этнічных прыкмет, а і па палітычных або нават ваенна – палітычных матывах.
Літаратура

  1. Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т.4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ ст.) / М. Біч, В. Яноўская, С. Рудовіч і інш. – Мінск., Экаперспектыва, 2005. – 519с.

  2. Казлоў Л. Цітоў А. Беларусь на сямі рубежах. – Мінск . 1993.

  3. Мазец В. Межы БНР . / Спадчына. 1993. №2 – С.107.

  4. Народная культура Беларусі: Эцыкл. Давед. / Пад агул. Рэд. В.С. Цітова. – Мінск., БелЭн , 2002 – 432с.

  5. Юхо Я. Фарміраванне тэрыторыі беларусаў./ Спадчына 1991 №6.— С.8




: bitstream -> doc -> 3372
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка