Эвалюцыя падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў



Дата канвертавання18.06.2016
Памер105.37 Kb.


Таццяна Дасаева

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
ЭВАЛЮЦЫЯ ПАДРЫХТОЎКІ

ЖУРНАЛІСТАЎ-МІЖНАРОДНІКАЎ
Падрыхтоўка прафесійных журналістаў-міжнароднікаў пачалася на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1998 г. Сёлета адбудзецца 18-ты выпуск. Заўважым, што Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – адзіная навучальная ўстанова, дзе рыхтуюць спецыялістаў у галіне міжнароднай журналістыкі, нягледзячы на наяўнасць у ВНУ Рэспублікі Беларусь факультэтаў і аддзяленняў журналістыкі.

Выхаваць журналіста-міжнародніка – азначае сфарміраваць у ім здольнасць да аналізу, ацэнкі і крытычнага ўспрымання інфармацыі. І зрабіць гэта зараз можна толькі з выкарыстаннем інавацыйных падыходаў да журналісцкай адукацыі, якія здольны напоўніць яе новым зместам, формамі і метадамі, што адпавядаюць патрабаванням часу [1, с. 8]. Якаснае абнаўленне падрыхтоўкі журналістаў увогуле і журналістаў-міжнароднікаў у прыватнасці неабходна ажыццяўляць на аснове нацыянальных традыцый у гэтай сферы з улікам сусветнага вопыту і выкарыстаннем найноўшых дасягненняў у тэхналогіях навучання.

Паводле меркавання старшыні Беларускага саюза журналістаў А.І. Лемяшонка, “сёння журналісту-міжнародніку неабходна глыбока вывучаць эканамічную, палітычную, сацыяльную геаграфію і геапалітыку. Важна акцэнтавацца на такіх момантах, як разуменне журналістамі знешнеэканамічнай палітыкі краіны, перадача імі ў медыятэкстах з пазіцый нацыянальных інтарэсаў сутнасці падзей, якія адбываюцца. Неабходнасць такога падыходу асабліва актуальная для падрыхтоўкі спецыялістаў інфармацыйна-медыйнага комплексу Беларусі, які абавязаны асвоіць новую інавацыйную якасць зносін з аўдыторыяй, каб беларускі народ і дзяржава маглі пераадолець выклікі ХХΙ стагоддзя” [2, с. 5].

Зараз у свеце адбываюцца кардынальныя геапалітычныя, эканамічныя і грамадскія змены, якія абумоўліваюць і трансфармацыю СМІ. Роля міжнароднай інфармацыі ў жыцці соцыуму ўвесь час узрастае. Гэта надзвычай актуальна і для Беларусі. Міжнародная інфармацыя беларускіх СМІ шматпланавая і разнастайная. Задача беларускіх журналістаў-міжнароднікаў дапамагаць людзям арыентавацца ў складаных сучасных сацыяльна-палітычных абставінах і вялікім аб’ёме інфармацыі. Ад іх прафесіяналізму залежыць развіццё міжнароднага сегменту беларускай журналістыкі, які “садзейнічае фарміраванню адзінай падзейнай і інфармацыйнай прасторы” [2, с. 3]. Міжнародныя сувязі Рэспублікі Беларусь пашыраюцца. Зараз наша краіна падтрымлівае дыпламатычныя зносіны з 174 краінамі. Менавіта журналісты-міжнароднікі адлюстроўваюць шматвектарнасць палітыкі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе супрацоўніцтва з рознымі краінамі свету. З утварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза асаблівая роля ва ўсебаковым асвятленні інтэграцыйных працэсаў належыць міжнародным сегментам нацыянальнай журналістыкі краін-ўдзельніц, у тым ліку і Беларусі.

Важнае месца ў адукацыйным працэсе факультэта журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ належыць журналісцкай навуцы. У рэчышчы інавацыйных падыходаў да падрыхтоўкі спецыялістаў кваліфікацыі “журналіст-міжнароднік” працуе і кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры. На яе базе з 2012 г. праводзіцца ўжо Пятая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Матэрыялы дакладаў і паведамленняў удзельнікаў медыяфорумаў выдаюцца асобнымі зборнікамі, якія карыстаюцца попытам у студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выкладчыкаў журналісцкіх дысцыплін, практыкаў СМІ.

Канферэнцыі вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, значнасцю ўзнятых праблем, якія хвалююць навукоўцаў вышэйшых навучальных устаноў і медыясупольнасць не толькі Беларусі, а і краін бліжняга і дальняга замежжа. Важна, што ў дыскусіях, якія ўзнікаюць на медыяфорумах, акрэсліваюцца шляхі мадэрнізацыі сістэмы падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. Падчас правядзення канферэнцый кафедрай замежнай журналістыкі і літаратуры мы наладзілі творчыя кантакты з мэтай супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў і журналісцкай адукацыі з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава, Санкт-Пецербургскім дзяржаўным універнсітэтам, Белгарадскім дзяржаўным нацыянальным даследчым інстытутам, Уральскім федэральным універсітэтам (г. Екацярынбург), Ніжнегародскім дзяржаўным універсітэтам імя М. І. Лабачэўскага, Байкальскім дзяржаўным універсітэтам эканомікі і права (г. Іркуцк).

За апошнія гады ў сувязі з пераходам на чатырохгадовае навучанне і мадэрнізацыяй вучэбнага працэсу, якая патрабуе больш эфектыўнай падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў, у вучэбным плане спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная” з’явіўся шэраг новых дысцыплін: “Міжнародныя адносіны і СМІ”, “Сусветная рэкламная індустрыя”, “Міжнародная праблематыка ў СМІ Рэспублікі Беларусь”, “Міжнародная эканоміка і СМІ”, “Міжнародная журналістыка і палітыка”, “Міжнародная журналістыка і эканоміка”, “Сучасная практыка айчынных і замежных аўдыявізуальных СМІ” і інш.

Павялічылася колькасць новых вучэбных курсаў па выбары. Сярод іх, напрыклад, “Міжнародная спартыўная журналістыка”, “Эвалюцыя еўрапейскай медыйна-інфармацыйнай прасторы”. З’явілася спецыялізаваныя курсы па профілі “Асвятленне дзейнасці міжнародных арганізацый у беларускай прэсе”, “Рэгіянальнае эканамічнае супрацоўніцтва як частка сусветных эканамічных працэсаў глабалізацыі”, “Адлюстраванне ў беларускай прэсе глабальных і рэгіянальных канфліктаў сусвтнай палітыкі” і інш. Гэты працэс будзе працягвацца. Ён звязаны яшчэ з адной акалічнасцю. Кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры курыруе навучанне групы замежных студэнтаў па спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная”. Раней у нас навучаліся пераважна студэнты з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Зараз навучаюцца грамадзяне Японіі, Нігерыі, Эквадора, Афганістана, а таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, Казахстана, Туркменістана, Кыргыстана. У сувязі з гэтым разам з засваеннем вопыту замежнай журналістыкі праз вывучэнне дысцыплін “Тэорыя і практыка замежнай журналістыкі”, “Інфраструктура і тэхналогіі замежных СМІ”, “Сусветныя інфармацыйныя агенцтвы” ўзнікла неабходнасць звярнуцца да вопыту постсавецкай журналістыкі. Гэта будзе магчымым, напрыклад, пры распрацоўцы новых спецкурсаў у напрамку “краіназнаўства” (“страноведения”) і інш.

У вучэбным плане чатырохгадовай падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў, акрамя курсавых прац па “Асновах творчай дзейнасці журналіста-міжнародніка”, “Гісторыі замежнай журналістыкі”, дысцыплінах спецыялізацыі, з’явілася курсавая па “Тэорыі і практыцы замежнай журналістыкі”. Што тычыцца тэматыкі курсавых і дыпломных прац, то яны пастаянна абнаўляюцца, з улікам новых рэалій у міжнароднай сферы

Ёсць і іншыя змены. Напрыклад, па пяцігадовым вучэбным плане студэнты спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная” здавалі Дзяржаўны экзамен па “Гісторыі замежнай журналістыкі” (з уключэннем пытанняў па іншых спецыяльнасцях). Тэматыка дыпломных прац таксама была звязана з гэтай дысцыплінай і дысцыплінамі спецыялізацыі. Пасля чатырох гадоў навучання (у 2016/2017 н.г.) журналісты-міжнароднікі будуць здаваць Дзяржаўны экзамен па білетах з пытаннямі па дысцыплінах “Асновы міжнароднай журналістыкі”, “Асновы творчай дзейнасці журналіста-міжнародніка” і “Тэорыя і практыка замежнай журналістыкі”. Адпаведна і тэматыка дыпломных прац будзе ўтрымліваць больш шырокі спектр праблем, у тым ліку і тэарэтычных.

Важным кампанентам вучэбнага працэсу па падрыхтоўцы журналістаў-міжнароднікаў з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва. Яно ажыццяўляецца ў межах пагаднення паміж Хэнаньскім універсітэтам (КНР) і Беларускім дзяржаўным унівесітэтам (узаемаабмен выкладчыкамі, студэнтамі), міжнародных праграм, ажыццяўляемых Інстытутам журналістыкі БДУ (стажыроўкі выкладчыкаў і студэнтаў у Швецыі, Германіі, удзел у тэматычных семінарах, якія праводзяць замежныя журналісты ў Інстытуце журналістыкі).

Міжнароднае супрацоўніцтва з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы праводзяць журналісты-практыкі, дацэнты кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Б.Л. Залескі і М.А. Валькоўскі, якія на працягу некалькіх гадоў ажыццяўляюць інфармацыйна-інтэграцыйныя праекты: “Регионы России – в Республике Беларусь” (2009), “Беларусь – Россия: сотрудничество регионов” (2010), “Таможенный союз: взаимодействие регионов. Взгляд из России” (2012), “Единое экономическое пространство: интеграция регионов” (2013), “Беларусь – Россия: дипломатия городов” (2013), “Евразийский экономический союз: региональный аспект” (2014), “Евразийский экономический союз: взаимодействие городов” (2015), “Взаимодействие регионов: Союзное государство – локомотив евразийской интеграции” (2016). Гэтыя праекты напрамую звязаны з вучэбнымі дысцыплінамі “Міжнародная праблематыка СМІ Рэспублікі Беларусь” і “Міжнародная эканоміка і СМІ”, якія чытаюць студэнтам спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная” Б.Л. Залескі і М.А. Валькоўскі. Такі падыход дазваляе на вучэбна-адукацыйным узроўні арганічна спалучаць тэорыю і практыку міжнароднай журналістыкі.

Прафесрска-выклаладчыцкі састаў кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры БДУ фарміруе навуковую школу міжнароднай журналістыкі. Заснавальнік кафедры доктар гістарычных навук, прафесар І.І. Сачанка падрыхтаваў 17 кандыдатаў навук, з іх 15 – грамадзяне замежных краін.

25 лютага 2015 г. М.А. Валькоўскі паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю “СМИ в контексте стратегического партнерства Беларуси и Китая” па спецыяльнасці 10.01.10 – журналістыка. Неабходна адзначыць, што дысертацыя абаронена па профілі кафедры. У прыватнасці, у ёй дадзена тэарэтычнае абгрунтаванне працэсаў развіцця міжнароднай эканамічнай журналістыкі. М.А. Валькоўскі паспяхова спалучае выкладчыцкую і навуковую дзейнасць з практычнай журналістыкай. Свае навуковыя дасягненні і журналісцкі вопыт укараняе ў вучэбны працэс падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў.

Надаецца вялікая ўвага падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. На сучасным этапе на кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры навучаюцца тры аспіранты, адзін суіскальнік і адзін магістрант. Пад кіраўніцтвам прафесара І.І. Сачанкі грамадзянін Ірака Абдулах Хасан завяршыў напісанне кандыдацкай дысертацыі “Антиоккупационная деятельность СМИ Ирака 2003-2011 гг.”. Паспяхова працуюць над кандыдацкімі дысертацыямі аспіранты В.А. Коршун, Е.Ю. Алейнік, В.А. Пярвунін.

Усе выкладчыкі кафедры ўдзельнічаюць у арганізацыі навукова-даследчай і навукова-метадычнай працы. Вынікі іх даследаванняў увасоблены ў матэрыялах навукова-практычных канферэнцый. За апошнія гады значна павялічылася колькасць навуковых публікацый (у тым ліку ў замежных выданнях) супрацоўнікаў кафедры. У прыватнасці, шэраг кніг, падрыхтаваных дацэнтам Б.Л. Залескім, выдадзены ў Германіі Нямецкай Нацыянальнай Бібліятэкай і ўключаны ў Нямецкі Кніжны Каталог. Гэта “Журналистика глобального сообщества. Теория и практика” (2012), “От журналистики – к инноватике. Теория и практика” (2012), “Журналистика партнерства. Теория и практика” (2013), “Журналистика региональных сообществ. Теория и практика” (2013), “Международные отношения и медиа. Взгляд из Беларуси” (2014), “Реальная многовекторность. Беларусь в системе внешних связей” (2015), “Беларусь – Китай: грани партнерства. Хроника взаимодействия” (2015), “Формула баланса. Принцип многовекторности во внешней политике” (2016).

Выйшлі вучэбна-метадычныя дапаможнікі: Конеў Я.Ф., Сачанка І.І., Дасаева Т.М. “Теория и практика зарубежной журналистики” (2012), Залескі Б.Л. “Белорусская международная журналистика: особенности, тенденции, перспективы” (2014).

У 2016 г. калектыў кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры прыступіў да выканання чацвёртага раздзела кафедральнай навуковай тэмы “Трансфармацыя журналістыкі СНД на этапе станаўлення ўзаемадзеяння Еўразійскага эканамічнага і Еўрапейскага саюзаў ва ўмовах глабалізацыі сусветнай інфармацыйнай і камунікацыйнай прасторы” (2013-2017) – “Інавацыйныя аспекты падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў у краінах СНД”. Вынікі гэтага даследавання дазволяць нам выкарыстаць вопыт ВНУ на постсавецкай прасторы ў падрыхтоўцы журналістаў-міжнароднікаў.

Па-ранейшаму перспектыўным напрамкам дзейнасці кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры з’яўляецца студэнцкая навукова-даследчая праца. Студэнты спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная” штогод удзельнічаюць у студэнцкіх навуковых канферэнцыях Інстытута журналістыкі БДУ і агульнаўніверсітэцкіх канферэнцыях, а таксама ў Міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, якія праводзіць кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры. Лепшыя даклады друкуюцца ў зборніках. Да таго ж, з’явілася магчымасць асобныя матэрыялы студэнтаў друкаваць у замежных выданнях.

Падрыхтоўка журналісцкіх кадраў у Інстытуце журналістыкі БДУ ажыццяўляецца ў спалучэнні тэорыі і практыкі. На кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры працуюць вопытныя журналісты-практыкі, прадстаўнікі вядучых СМІ Рэспублікі Беларусь. Яны выкладаюць дысцыпліны спецыялізацыі, журналісцкае майстэрства, кіруюць выпускам вучэбных газет, знаёмяць студэнтаў са спецыфікай працы журналістаў-міжнароднікаў у друкаваных, аўдыявізуальных і электронных СМІ. Гэта дацэнт Н.Я. Гальпяровіч – Галоўны дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання радыё “Беларусь” – выдатны знаўца гісторыі і культуры Беларусі, журналіст, паэт, празаік, нарысіст; дацэнт Б.Л. Залескі, які працаваў у газетах “Вячэрні Мінск”, “Звязда”, “Союз предпринимателей”; дацэнт М.А. Валькоўскі – намеснік галоўнага рэдактара газеты “Рэспубліка”; старшы выкладчык Л.М. Лахманенка, які працаваў загадчыкам аддзела міжнароднага жыцця ў газеце “Звязда”, і з пераходам у штатныя супрацоўнікі кафедры не перапыніў журналісцкую дзейнасць; старшы выкладчык У.А. Здановіч, былы намеснік галоўнага рэдактара “Звязды”, цяпер галоўны рэдактар часопіса “Наш спорт”. Да выкладчыцкай працы мы далучаем і маладых журналістаў-практыкаў (нашых выпускнікоў): Я.Ю. Алейніка і В.А. Пярвуніна (працуюць у газеце “Аргументы и факты”), В.А. Коршун (працуе на канале СТБ)

Журналісты-практыкі аказваюць значную дапамогу ў арганізацыі вучэбна-азнаямляльнай і вытворчай практыкі студэнтаў спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная”, пашырэнні і абнаўленні базы практыкі, умацаванні сувязяў з працадаўцамі, размеркаванні выпускнікоў.

Выпускнікі спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная” паспяхова працуюць карэспандэнтамі аддзелаў міжнароднага жыцця, аглядальнікамі па пытаннях сусветнай палітыкі і эканомікі ў рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў, інфармацыйных агенцтвах, на замежным вяшчанні тэле- і радыёканалаў. У прыватнасці, спецыяльнымі карэспандэнтамі ў аддзеле палітыкі і міжнароднага жыцця газеты “Звязда”, карэспандэнтамі службы інфармацыі вяшчання на канале СТБ, рэдактарамі аддзела замежных навін АТН канала Беларусь 1, каментатарамі, рэдактарамі на радыё “Беларусь”, тэлеканалах “Мір”, “Беларусь 24”, у аддзеле інфармацыі ІНТЕРПАЛ МУС РБ і інш. Відавочна, што спецыялісты ў сферы міжнароднай журналістыкі запатрабаваныя.

У нас шмат задум, рэалізацыя якіх звязана з далейшым удасканаленнем падрыхтоўкі журналістаў-міжнароднікаў. Мы плануем адкрыць філіял кафедры на базе адной з рэдакцый беларускіх СМІ, і мяркуем надалей штогод праводзіць Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў і журналісцкай адукацыі, забяспечваць студэнтаў вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі па спецыяльнасці “Журналістыка міжнародная”, пашыраць напрамкі спецыялізацыі праз распрацоўкі новых спецкурсаў, будзем прапаноўваць уключыць ў вучэбны план журналістаў-міжнароднікаў вывучэнне яшчэ адной замежнай мовы, працягваць працу па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі, далучаць да выкладчыцкай працы нашых выпускнікоў пасля заканчэння магістратуры, аспірантуры і многая іншае.

Укараненне ў вучэбны працэс факультэта журналістыкі Інстытута журналістыкі БДУ адукацыйнага стандарта новага пакалення па спецыяльнасці 1-23 01 09 – Журналістыка міжнародная з улікам пераходу на чатырохгадовае навучанне дазваляе ажыццявіць комплексную мадэрнізацыю вучэбнага працэсу, замацаваць інавацыйныя падыходы ў падрыхтоўцы журналістаў-міжнароднікаў.


Літаратура

1. Дасаева Т.Н. Инновационные аспекты подготовки журналистов-международников // Дасаева Т.Н., Залесский Б.Л. – Народная асвета. – 2011. – № 12. – С. 6–9.



2. Международная журналистика – 2013: глобализация и регионализация информационного пространства: материалы Второй Междунар. научн.-практ. конф., 20 февр. 2013 г., Минск / под общ. ред. Т.Н. Дасаевой, сост. Б.Л. Залесский. – Минск: Изд. центр БГУ, 2013. – 308 с.



: bitstream -> 123456789 -> 147785
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка