Фалькларыстыка замовы Практычны дапаможнік



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.76 Mb.
  1   2   3


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны»



ФАЛЬКЛАРЫСТЫКА
Замовы
Практычны дапаможнік

для студэнтаў спецыяльнасці

1-21 05 01 «Беларуская філалогія»

Гомель


ГДУ імя Ф. Скарыны

2011


УДК 398.9

ББК 82.3(4Беи)-413

В 99

Рэцэнзенты:

кафедра беларускай культуры і фалькларыстыкі ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»;

канд.філалаг.навук, А. У. Партнова-Шахоўская
Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам установы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» 2011 года, пратакол №
Вяргеенка, С.А.

В 99 Фалькларыстыка : Замовы : практычны дапаможнік для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01»Беларуская філалогія» / С. А. Вяргеенка; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2011. – 48 с.

ISBN 978-985-439-547-0
У практычным дапаможніку разглядаюцца тэарэтычныя пытанні, звязаныя з гістарыяграфіяй замоўнага жанру, а таксама з асэнсаваннем катэгорыі “матыў” у філалагічнай навуцы. Для замацавання матэрыялу прадстаўлены прыкладныя кантрольныя пытанні і тэставыя заданні. У дадатку змешчаны ўзоры замоў розных функцыянальна-тэматычных груп. Замоўныя тэксты пададзены з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі, а таксама прапануюцца некаторыя каментарыі інфарматараў.

Практычны дапаможнік будзе карысным не толькі для навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, але і для ўсіх тых, хто неабыякавы да праблемы захавання традыцыйнай духоўнай культуры.


УДК 398.9

ББК 82.3(4Беи)-413
ISBN 978-985-439-547-0 © Вяргеенка, С. А., 2011

© УА «Гомельскі дзяржыўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны», 2011

ЗМЕСТ


Уводзіны

4

1. Гістарыяграфія замоўнага жанру………………………………

4

Прыкладныя кантрольныя пытанні і заданні……………………………

20

2. Асэнсаванне катэгорыі «матыў» у філалагічнай навуцы………….

25

Прыкладныя кантрольныя пытанні і заданні……………………...

37

Дадатак………………………………………………………………

39


Уводзіны
Замовы – адзін з самых архаічных жанраў абрадавага фальклору, таму належная ўвага засяроджваецца на гэтым жанры пры выкладанні курса «Фалькларыстыка» для студэнтаў-першакурснікаў філалагічнага факультэта. На занятках, прысвечаных вывучэнню замоў, выкладчык удакладняе асноўныя тэрміналагічныя паняцці (функцыянальная група, міжфункцыянальны матыў, замоўны матыў, субматыў, мікраматыў і інш.), акрэслівае праблему аб’ёму паняцця «замоўны матыў», вызначае функцыі замоўных матываў, іх структуру і семантыку структурных кампанентаў, сістэму вобразнасці.

Прапанаванае выданне мае на мэце дапамагчы студэнтам пазнаёміцца з гістарыяграфіяй замоўнага жанру, разабрацца ў асаблівасцях замоўнага матыву, навучыцца аналізаваць замовы, у тым ліку рабіць структурна-функцыянальны аналіз замоўных матываў. У адрозненні ад іншых выданняў, у прапаваным дапаможніку «ўвязаны» тэарэтычныя звесткі з практычнымі пытаннямі. Практычны дапаможнік складаецца з двух тэарэтычных раздзелаў, якія завяршаюцца спісам выкарыстаных крыніц і прыкладнымі кантрольнымі пытаннямі і заданнямі, а таксама з Дадатку, у якім прыведзены ўзоры запісу замоўных тэкстаў розных функцыянальна-тэматычных груп.


1. Гістарыяграфія замоўнага жанру
Сістэматычнае вывучэнне замоў (аднаго з найбольш архаічных жанраў беларускай вуснай народнай творчасці) пачынаецца з канца ХІХ стагоддзя. У гісторыі збірання, публікацыі і тэарэтычнага аэнсавання твораў замоўнага жанру можна вылучыць некалькі перыядаў (за аснову перыядызацыі аўтарам прыняты гады выхаду ў свет найбольш значных выданняў): 1890–1916 гг.; 1917–1962 гг.; 1963–1989 гг.; з 1990 г. і па сённяшні дзень.

На працягу першага перыяду асноўнымі напрамкамі вывучэння замоў з’яўляліся збор фактычнага матэрыялу, спробы растлумачыць важнасць выкарыстання замоў у розных жыццёвых сітуацыях, а таксама вырашэнне пытанняў, звязаных з класіфікацыяй і тэарэтычным асэнсаваннем твораў замоўнага жанру. У гэтай сувязі, каштоўнасць уяўляюць працы Е. Раманава [1], П. Шэйна [2], М. Доўнар-Запольскага [3], А. Багдановіча [4], Я. Карскага [5].

Заслугоўвае ўвагі артыкул М. Доўнар-Запольскага «Чародейство в Северо-Западном крае в ХVІІ–ХVІІІ вв. Историко-этнографический этюд» [3], у якім аўтар звязвае развіццё жанру замовы непасрэдна з інтэлектуальным і маральна-этычным станам грамадства ХVІІ–ХVІІІ стст. і пераканаўча сцвярджае, што вера ў нячыстую сілу была шырока распаўсюджана сярод прадстаўнікоў розных сацыяльных груп. Даследчык, падкрэсліваючы важнасць разумення замоў як магіі дзеяння і слова («… усе гэтыя дзеянні і сродкі не заўсёды маглі паспяхова дзейнічаць самі па сабе; патрэбны былі яшчэ якія-небудзь таемныя словы, загаворы» [3, с. 70]), характарызуючы сітуацыі іх выкарыстання, адзначае, што для насылання хваробы або для вылечвання чалавека прымяняліся разнастайныя прадметы і рэчывы: «Нярэдка вада, піва, віно, нават раса служылі для чаравання, даваліся таксама чары ў ежы» [3, с. 68]. Каштоўнасць дадзенага гісторыка-этнаграфічнага эцюда заключаецца менавіта ў тым, што М. Доўнар-Запольскі прыводзіць апісанні рэальна-акцыянальнай часткі чарадзейнага дзейства, пры якім выкарыстоўвалі не толькі пэўныя прадметы-артэфакты, але і магію слова, і скіравана яно было ў асноўным на прычыненне шкоды чалавеку ці яго гаспадарцы: «…адна служанка паказала, што яе вучыла чарадзейка, прадучы воўну, гаварыць: «як гэтае верацяно кружыцца, няхай скот і авечкі выкруцяцца з дома майго гаспадара, каб стаў пустой»« [3, с. 71]. Жанравыя межы эцюда, а таксама аб’ектыўныя прычыны, па якіх тэксты замоў амаль не захаваліся («формул замоў захавалася ў працэсах няшмат, бо яны складалі тайну чараўнікоў і несліся імі на касцёр» [3, с. 70]), не дазволілі М. Доўнар-Запольскаму прадставіць значны фактычны матэрыял, тым больш зрабіць яго аналіз.

У калекцыі замоў, якая апублікавана Е. Раманавым у 5-м выпуску «Беларускага зборніка» [1] і з’яўляецца найбольш поўнай у дарэвалюцыйнай фалькларыстыцы (налічвае 824 адзінкі), пераважаюць лекавыя замовы (502 адзінкі – 60,92 %). Менавіта ў гэтым выданні аўтар упершыню ўводзіць у навуковы ўжытак запісы, зробленыя на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны (варта нагадаць, што з 1962 года тэрыторыя вобласці не падвяргалася адміністрацыйным зменам), якія складаюць 33 % ад агульнай колькасці замоўных тэкстаў і маюць для даследчыкаў фальклору бясспрэчную навуковую каштоўнасць. Е. Раманаў не аналізуе фактычны матэрыял, аднак гаворыць аб тым, што «яны (замовы – С.В.) яшчэ чакаюць свайго спецыяльнага даследчыка» [1, с. VIII]. Слушнай з’яўляецца заўвага Г. Барташэвіч адносна таго, што тэксты замоў пададзены з улікам іх тэматычнай разнастайнасці і функцыянальнай прызначанасці, аднак недахопам зборніка даследчыца лічыць тое, што аўтар «не вылучае буйныя раздзелы, а падае матэрыял суцэльным патокам, аб’ядноўваючы шматлікія варыянты ў гнёзды» [6, с. 15].

У другім томе «Материалов для изучения…» [2], выдадзеным у 1893 г. П. Шэйнам, замоўныя тэксты змешчаны ў асобным раздзеле і пададзены з каментарыямі інфарматараў, што павялічвае несумненную вартасць названай працы. Як і ў папярэднім выданні, тэксты замоў не падзелены на асобныя функцыянальна-тэматычныя групы, хаця ў іх размяшчэнні прасочваецца стройная логіка: аўтар аб’ядноўвае замовы, прызначаныя ад аднолькавых захворванняў, а таксама тэксты гаспадарчай і сямейна-бытавой тэматыкі. Раздзел складаецца з 73 тэкстаў (з якіх 14 запісаны на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны – у Рэчыцкім і Гомельскім паветах, а таксама ў г. Рагачове). У прадстаўленым зборы найбольшая колькасць лекавых замоў – 48 (11 з іх запісаны на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны: ад крывацёку, ад укусу змей (па 2 тэксты), супраць «урокаў», «крыксаў», «ад зубнога болю», «колікі», «ад скулы», «ад перапою» (па 1 тэксце)), што дае нам магчымасць для параўнання сучасных запісаў з матэрыяламі ХІХ ст. з пункту гледжання ступені захаванасці матываў, іх персанажнага, прэдыкатнага і акалічнаснага кампанентаў. Збор, апублікаваны П. Шэйнам, прадстаўлены таксама замовамі ад нячыстай сілы – 15 (сярод якіх на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны 2 тэксты «Ад залому»), гаспадарчымі – 8 (сярод якіх на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны 1 тэкст «Ад червей»), сацыяльна-бытавымі – 2. Адметнасцю названага выдання можна лічыць наяўнасць партрэтных характарыстык некаторых носьбітаў, што дазваляе дакладней уявіць той асяродак, у якім карысталіся гэтымі творамі вуснай народнай творчасці. Варта адзначыць, што ў вышэйназваным выданні фактычны матэрыял прадстаўлены без яго асэнсавання.

А. Багдановіч, у адрозненне ад папярэднікаў, у працы «Пережитки древняго миросозерцания у белоруссовъ: этнографический очерк» [4] аналізаваў замоўныя тэксты з пункту гледжання адлюстравання ў іх міфалагічнага светапогляду нашых продкаў. Так, напрыклад, паводле народных вераванняў, на твары таго чалавека, хто непаважліва адносіўся да агню, з’яўляецца хвароба «вогнік», і вылечыць яе можна было з дапамогай агню і слоў адпаведнай замовы [4, с. 15–16]. Пры пазбаўленні дзіцяці ад «начніц» таксама выкарыстоўвалі агонь і прамаўлялі замову. А. Багдановіч звяртае асаблівую ўвагу на «фетышызм слова», адзначаючы пры гэтым, што «магічная сіла слова можа быць механічна перададзена іншым прадметам…» [4, с. 37]. Бясспрэчную цікавасць уяўляюць прыведзеныя аўтарам прыклады лекавых замоў (у тым ліку тыя, што нагаворваюцца на ваду) і адпаведных дзеянняў, якія павінны былі «даць чытачу больш поўнае разуменне аб «фетышызме слова»« [4, с. 38]. Даследчык прыводзіць таксама некалькі тэкстаў іншых функцыянальна-тэматычных груп, напрыклад, замовы, каб пазбавіцца ад хлеўніка, для паспяховага палявання.

Спробу манаграфічнага вывучэння твораў замоўнага жанру здзейсніў Я. Карскі ў працы «Белорусы» (т. 3, 1916) [5]. Аўтар адзначае, што «перавага павінна быць аддадзена тым творам, у якіх адзнак старажытнага светасузірання большасць», а паколькі на пачатковым этапе развіцця чалавек «меў непасрэдныя адносіны да розных сіл і з’яў прыроды і імкнуўся так ці інакш накіроўваць іх да сваёй карысці», то «такое светасузіранне выражаецца ў замовах» [5, с. 172–173]. Шмат трапных назіранняў было зроблена даследчыкам у галіне ўзаемасувязей фальклору розных народаў. Напрыклад, быў праведзены параўнальны аналіз беларускіх, нямецкіх, чэшскіх, вялікарускіх, асіра-вавілонскіх замоў. Я. Карскі аналізуе і класіфікуе замовы, вылучаючы 8 груп: «каханне, шлюб, здароўе і хваробы, прыватны побыт, промыслы і заняткі, адносіны грамадскія, адносіны да прыроды, адносіны да звышнатуральных істот» [5, с. 183–184] – і больш падрабязна спыняецца на лекавых замовах: ад ліхаманкі, крывацёку, сурокаў, зубнога болю, пры родах. У працы даследчык аналізуе таксама і асаблівасці мастацкай формы, і адметнасці архітэктонікі замоў. Я. Карскі адным з першых у беларускай фалькларыстыцы паставіў пытанне аб неабходнасці падыходу да замовы не толькі як да сугестыўнага, але і эстэтычнага жанру, звярнуў увагу на характар паэтычнай вобразнасці, адзначыўшы вядучую ролю метафар, параўнанняў і сімвалаў у паэтыцы замовы.

Такім чынам, для першага перыяду ў гісторыі збірання і вывучэння замоў (1890–1916) характэрна інтэнсіўнасць працэсу назапашвання і публікацыі твораў замоўнага жанру. Была зроблена спроба класіфікацыі і характарыстыкі замоў і як фальклорнага жанру, і як сродку народнай медыцыны. Аднак неабходна адзначыць, што замоўныя тэксты, запісаныя на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны, у вышэйадзначаных працах сустракаюцца спарадычна, а ў тэарэтычных даследаваннях праблема замоўнага матыву не закраналася.

На працягу другога перыяду амаль не ажыццяўляўся збор твораў замоўнага жанру. Перыяд так званага «навуковага зацішша» у гістарыяграфіі замоўнага жанру, як падкрэслівае Г. Барташэвіч, можна растлумачыць неадназначным стаўленнем да замоў з боку афіцыйнай царквы і ўлады: «… у розныя перыяды з замовамі як з’явай звычаёвага і духоўнага жыцця народа вялася жорсткая барацьба. Распачатая афіцыйнай рэлігіяй, яна не прынесла жаданых вынікаў. Адбыўся адваротны працэс: замовы пад уплывам хрысціянскай ідэалогіі прыстасоўвалі новыя паняцці да язычніцкай асновы» [7, с. 12]. Далей даследчыца слушна сцвярджае: «Прыгадаем выкараненне замоў на Беларусі ў 30-я і пасляваенныя гады, шквал абвінавачванняў, якія мяжуюць з палітычнымі даносамі, што нанесла вялікі ўдар не толькі па вывучэнню гэтага важнага пласта народнай фальклорна-звычаёвай культуры, але і па захаванню, зберажэнню яго ў бытавой практыцы… цэлыя дзесяцігоддзі, перадваенныя і пасляваенныя, дзякуючы вульгарна-сацыялагічнай крытыцы былі перыядамі вынішчэння навуковай думкі ў гэтай галіне» [7, с. 12].

У згаданы перыяд убачыла свет толькі адна праца, якая заслугоўвае асобнай увагі – гэта праца А. Шлюбскага «Матэр’ялы для вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» [8] (1927). У аснову яе даследчык паклаў цікавую падборку замоўных тэкстаў, запісаных, паводле выказвання аўтара, «за невялікімі выключэннямі (якія ўсюды адзначаны), … маёй уласнай рукой» на тэрыторыі Паўночна-Заходняй часткі Беларусі [8, с. 1]. Несумненнай заслугай аўтара з’яўляецца зробленая ім класіфікацыя «беларускай народнай творчасці, якая адсутнічае ў папярэдніх фальклёрных выданнях» [8, с. 9]. У пачатку раздзела, прысвечанага замовам, даследчык аналізуе вынікі работы папярэдніх збіральнікаў і прыводзіць геаграфічны паказальнік месцаў, дзе раней былі запісаны замоўныя тэксты, а таксама адзначае тыя раёны, у якіх ён асабіста запісваў матэрыял. А. Шлюбскі дае некаторыя партрэтныя характарыстыкі знахарам і прыводзіць меркаванні сялян аб іх. Збор складаецца з 35 тэкстаў, сярод якіх лекавых – 28 (пераважная большасць), гаспадарчых – 3, ад укусу змяі – 2, прысушка – 1, «закляцце схаваным грошам» – 1, аднак, як і ў работах папярэднікаў, у гэтай працы не вылучаны асобныя функцыянальна-тэматычныя групы, аналіз матываў не праводзіўся.

Трэці перыяд у вывучэнні замоў прадстаўлены працамі К. Кабашнікава [9], М. Грынблата [10], М. Янкоўскага [11], П. Ахрыменкі [12], якія з’явіліся ў 60–70-я гады ХХ стагоддзя і характарызуюцца навукова-метадычным падыходам у асэнсаванні замоўнага жанру. Аўтары ў сваіх артыкулах звяртаюць увагу на архаічнасць паходжання замоў, даюць ім азначэнне і вылучаюць асноўныя тэматычныя групы: замовы ад хвароб (у тым ліку ад хвароб хатняй жывёлы, а таксама прафілактычныя); замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю; любоўныя замовы («прысушкі» і «адсушкі»); замовы, «якія адлюстравалі становішча чалавека ў класавым грамадстве» [9, с. 37]. Пэўная ўвага засяроджваецца на адлюстраванні міфалагічных уяўленняў беларусаў-палешукоў, а таксама аналізуюцца сродкі мастацкай выразнасці.

Што датычыць кампазіцыі замоўных тэкстаў, то даследчыкамі прапануюцца наступныя структурныя кампаненты: уступ – у выглядзе «часцей за ўсё малітвы або звароту да сіл прыроды» [9, с. 39] (П. Ахрыменка прапануе гэтую кампазіцыйную частку называць «уводзінамі-малітвай хрысціянскага характару» [12, с. 70]); зачын, «у якім апісваецца месца дзеяння або яго пачатак»; асноўную частку, у якой звычайна прысутнічае «або дыялог, або апісанне цудаў, якія робяць святыя ці бог, або малюнак выгнання хваробы», і закрэпку [9, с. 39–40], якая аб’ядноўваецца П. Ахрыменкам з зааміньваннем [12, с. 70]. М. Грынблат вылучае наступныя кампаненты кампазіцыі: «зачын; заклінальная формула, што часта пачынаецца са звароту да сіл прыроды, дэманалагічных істот або да бога; адсыланне хваробы; заключная частка – замыканне» [10, с. 95]. Сістэматычны збор замоў на тэрыторыі Гомельшчыны на працягу апошніх дзесяцігоддзяў пераконвае ў спрэчнасці выказванняў даследчыкаў аб тым, што «замовы з’яўляюцца творчасцю далёкага мінулага. Як фальклорны жанр яны памёрлі разам са старым бытам, калі прыгнечаны, забіты, непісьменны селянін не ведаў іншых сродкаў уздзеяння на навакольны свет. Толькі ў некаторых дзіцячых гульнях можна заўважыць іх водгукі…» [9, с. 40].

Канец ХХ–пачатак ХХІ стагоддзя – чацвёрты перыяд, які характарызуецца адраджэннем цікавасці да жанру замоў. На працягу трох апошніх дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя (70–90-я гады) айчыннымі і замежнымі фалькларыстамі ажыццяўляўся актыўны збор твораў замоўнага жанру на тэрыторыі Беларусі, што знайшло адлюстраванне ў значных даследаваннях, якія закранаюць шматлікія пытанні тэарэтычнага і практычнага характару. Па сутнасці, пачаткам чацвёртага, аднаго з найбольш значных і выніковых перыядаў вывучэння і публікацыі беларускіх замоў, з’явілася манаграфія Г. Барташэвіч «Магічнае слова: Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў» (1990). Даследчыца ў гэтай працы, якая ўяўляе бясспрэчную цікавасць, раскрывае стан вывучанасці замоўнага жанру расійскімі вучонымі і адзначае, што «ў розныя часы розныя даследчыкі зазначалі нявывучанасць пэўных аспектаў праблемы» [6, с. 7] у тым ліку і «ў дачыненні да беларускага матэрыялу розныя праблемы, звязаныя з прыродай, генезісам, сістэматызацыяй замоў, іх паэтычнымі асаблівасцямі, амаль не ставіліся» [6, с. 11]. Тым не менш, аўтар манаграфіі, падкрэсліваючы, што беларускія вучоныя прытрымліваюцца традыцыйнага тэматычна-функцыянальнага прынцыпу, характарызуючы іх спробы сістэматызацыі і класіфікацыі замоў, прапануе ўласную класіфікацыю, якую можна прыняць за аснову, у залежнасці ад прызначэння замоў, у дастасаванасці да рэгіёна:

«І. Замовы гаспадарчага характару, куды ўваходзяць замовы пры паляванні, пры лоўлі рыбы, пры развядзенні пчол, пры сельскагаспадарчых работах («звароты да ніўкі»), пры першым выгане жывёлы на пашу, для захавання статку, пры пажары, пры пабудове хаты.

ІІ. Ахоўныя замовы ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў: ад перуна, ад дамавога, ад хлеўніка, ад лесавіка, ад ведзьмы, чараўнікоў, ад залому, ад нячыстай сілы, «нарадкі», «стацця», «падвею».

ІІІ. Ахоўныя замовы ад звяроў: ад гадзюкі, ад ваўкоў, сабакі, ад шалу.

ІV. Замовы ад хвароб, куды ўваходзяць таксама прафілактычныя, звязаныя з родамі.

V. Любоўныя замовы ўключаюць прысушкі і адсушкі.

VІ. Замовы сацыяльнага зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія, ад «урагоў»)» [6, с. 15–16].

Асобны раздзел манаграфіі Г. Барташэвіч прысвячае аналізу сродкаў мастацкай выразнасці (мастацка-вобразнай сістэме) і светапогляднай асновы замоўнага слова.

Упершыню ў нацыянальнай фалькларыстыцы Г. Барташэвіч на старонках манаграфіі аналізуе некаторыя замоўныя матывы ў сувязі з адлюстраваннем у іх міфалагічнага светапогляду нашага старажытнага продка-творцы, падкрэсліваючы пры гэтым архаічны характар паходжання асобных матываў. З пункту гледжання адлюстравання міфалагічных уяўленняў у замоўным тэксце аўтар засяроджвае ўвагу і на шырокім коле дзеючых асоб, сярод якіх, на яе думку, асобнай гаворкі заслугоўвае асоба заклінальніка, «роля якога бывае пасіўнай і актыўнай» [6, с. 122]. Падкрэслю, што ў прапанаваным даследаванні гэты персанаж разглядаецца ў якасці адной з частак замоўнага матыву.

Самым грунтоўным і змястоўным на сённяшні дзень з’яўляецца акадэмічны том «Замовы» (1992), у якім прадстаўлена шырокая геаграфія бытавання замоў на тэрыторыі Беларусі. Аналіз распаўсюджанасці твораў замоўнага жанру засведчыў, што 983 тэксты (а гэта 72,81 % ад усёй колькасці) запісаны на тэрыторыі сучаснай Гомельшчыны (сюды ўваходзяць і паветы, якія раней знаходзіліся на тэрыторыі іншых губерняў, напрыклад, г. Гомель, Гомельскі і Рагачоўскі паветы адносіліся да Магілёўскай губерні, Мазырскі і Рэчыцкі – да Мінскай губерні, а Уваравіцкі раён выдзяляўся асобна ў Гомельскай вобласці са снежня 1926 па красавік 1962 года). Каштоўнасць зборніка заключаецца ў тым, што яго змест склалі больш за тысячу тэкстаў, як узятых з дарэвалюцыйных выданняў (у большай ступені з «Беларускага зборніка» Е. Раманава), так і сучасных запісаў замоў. Несумненнай вартасцю названай працы з’яўляецца той факт, што разам з агульнатэарэтычнымі палажэннямі, даследчыца шмат увагі ўдзяляе характарыстыцы і аналізу замоў розных тэматычных груп, у тым ліку і лекавых, кожная з якіх «дае вельмі цікавы матэрыял для характарыстыкі асаблівасцей светапогляду і асаблівасцей мастацкага ўвасаблення адпаведных уяўленняў, ... а кожны замоўны матыў можа стаць прадметам спецыяльнага даследавання» [7, с. 16].

У зборніку «Магія слова чароўнага» (1995) прадстаўлена калекцыя замоўных тэкстаў, запісаных у розных рэгіёнах Беларусі, у асноўным у Магілёўскай вобласці. Аўтары-ўкладальнікі прапанавалі ўласную класіфікацыю замоў, паводле якой магічныя тэксты падзелены на наступныя групы: «1. Замовы ахоўнага характару; 2. Лячэнне хвароб стрэсавага характару; 3. Фізічнае здароўе чалавека; 4. Лячэнне дзіцячых хвароб; 5. Чалавек і яго гаспадарка» [13, с. 269]. Дадзеная класіфікацыя ўяўляецца не зусім дакладнай, бо групы 2, 3, 4 лагічна аб’яднаць у адну тэматычную групу лекавых замоў, і няпоўнай па прычыне адсутнасці цэлага пласта замоў сацыяльнай і сямейна-бытавой тэматыкі. Станоўчым з’яўляецца факт дакладнай пашпартызацыі запісаных твораў, што павялічвае навуковую каштоўнасць аналізуемага выдання. Вартасцю дадзенага зборніка з’яўляецца таксама наяўнасць слоўніка састарэлых слоў, дзе, у прыватнасці, тлумачацца назвы некаторых захворванняў, што дазваляе супаставіць іх у розных рэгіёнах Беларусі.

Зборнік «Таямніцы замоўнага слова» [14], выдадзены ў 1997 годзе, склалі сучасныя запісы замоўных тэкстаў Гомельшчыны, сабраныя падчас палявых экспедыцый студэнтамі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны. Гэтае выданне адметнае тым, што мае рэгіянальны характар, дапаўняе і ўзбагачае акадэмічны том значнай колькасцю новых фактычных запісаў (больш за 700 тэкстаў) і пабудаваны па аналагічным прынцыпе класіфікацыі матэрыялу.

У 2000 годзе ўбачыла свет літаратурна-мастацкае выданне «Замовы» [15], у якое ўвайшлі творы розных функцыянальна-тэматычных груп, пераважна лекавых. У прадмове да выдання, аўтар-укладальнік Н. Гілевіч адзначаў, што «да нядаўняга часу наша навука ігнаравала гэты род фальклору, што было і неразумна, і несправядліва. Замовы ў найбольшай меры захавалі ў сабе асаблівасці як першабытнага светапогляду, так і самай старажытнай на зямлі паэзіі і, вядома ж, заслугоўваюць нашу шчырую ўвагу» [15, с. 4]. Дадзеная кніга разлічана на самае шырокае кола чытачоў, аднак, на жаль, тэксты пададзены без пашпартызацыі, што не дазваляе прааналізаваць геаграфію зробленых запісаў, а таксама адсутнічае навуковы аналіз замоў.

Сярод апошніх выдадзеных збораў замоўных тэкстаў варта адзначыць зборнік «Замовы» (укладальнікі У. Васілевіч, Л. Салавей) [16]. Збор складаецца з замоўных тэкстаў розных тэматычных груп, аб’яднаных аўтарамі ў раздзелы, што адпавядаюць «этапам жыцця чалавека, яго дашлюбнага юнацтва, калі ўзнікаюць праблемы фармавання шлюбных пар, ствараюцца сем’і, пераадольваюцца цяжкасці ўзаемаадносін у сям’і паміж сужонкамі» [16, с. 8]. Лекавыя замовы прадстаўлены значнай колькасцю тэкстаў (звыш тысячы), многія з якіх пададзены з рытуальным кампанентам, што павялічвае вартасць выдання. Як адзначае ва ўступным артыкуле Л. Салавей, «гэтая акалічнасць (фіксацыя магічнага рытуалу цалкам – С.В.) добра паказвае, што ўмелае, вынаходлівае выкарыстанне слова ў рэальнасці не меней прадумана і лагічна спалучалася з адпаведнымі прадметамі і дзеяннямі, прыстасоўвалася да розных умоў» [16, с. 4].

Замоўную творчасць аналізуе Л. Салавей у артыкуле «Замовы ў працах беларускіх нарадазнаўцаў» [17]. Разглядаючы праблемы методыкі збору і даследавання замоў папярэднікамі, аўтар справядліва падкрэслівае важнасць такога моманту, як вывучэнне замоў у кантэксце іх сувязі з рытуаламі. Можна пагадзіцца з даследчыцай і адносна «не зусім прадуктыўнага погляду на замову» як на вуснапаэтычны тэкст: «Замова шмат траціць, вырваная з кантэксту ўсяго замоўнага рытуалу, іншы раз становіцца нават нечытэльная» [17, с. 334]. Слушнай уяўляецца яе заўвага наконт таго, каб у зборніках замоўнай творчасці змяшчаліся і нарысы пра саміх носьбітаў, бо такая інфармацыя, што грунтуецца на ўласных назіраннях, веданні абставін, дазваляе больш дасканала асэнсаваць функцыянальнасць замоў і іх месца ў абрадавай практыцы людзей. Адсюль зыходзіць справядлівасць сцвярджэння фалькларысткі адносна паспешлівасці некаторых экспедыцыйных запісаў, калі «...ад пачатку не было ўстаноўкі на вывучэнне ўсёй рытуальнай атмасферы замоўнай дзейнасці, а патрэбны былі толькі тэксты замоў» [17, с. 335]. Аднак, іншы раз і маючы пэўную мэтавую ўстаноўку ў час экспедыцый, не заўсёды можна атрымаць належныя ўласныя назіранні, што тлумачыцца аб’ектыўнымі прычынамі: бояззю інфарматара страціць сілу магічнага ўздзеяння пры агучванні рытуальных дзеянняў, нежаданнем дзяліцца са староннімі людзьмі сакрэтамі лекавання. У гэтай сувязі справядліва адзначае А. Буянок, што «…пры збіранні замоў і пры рабоце з інфарматарамі-знахарамі атрыманая інфармацыя ў большасці выпадкаў застаецца няпоўнай, запіс вядзецца па-за сітуацыйным кантэкстам, па-за канкрэтным локусам, толькі ў вербальнай плоскасці» [18, с. 17]. Вывучэнне магічнай традыцыі – надзвычай сур’ёзная і адказная справа. На праблему цяжкасці запісу твораў замоўнага жанру звярталі ўвагу даследчыкі розных пакаленняў. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі Е. Раманаў лічыў, што яго поспеху ў збіранні замоў садзейнічала тое, «што большая частка іх (знахараў – С.В.), дзякуючы майму знаёмству са знахарскімі прыёмамі лекавання і з замовамі, бачыла мяне як свайго калегу, наймацнейшага чарадзея, і нават … Сатанііла, які выйшаў з пекла, дзеля ўлаўлівання грэшных душ чалавечых» [1, с. VII].

Даследаванню ўсходнеславянскіх замоў з пункту гледжання этналінгвістыкі прысвечана манаграфія І. Жылінскай «Усходнеславянскія замовы: прастора, час, колер» [19]. У якасці фактычнага матэрыялу аўтар выкарыстала тэксты рускай, беларускай і ў меншай колькасці ўкраінскай традыцыі. Даследчыца прааналізавала працы вядомых вучоных, якія прапаноўвалі свае варыянты дэфініцыі замоў, і дала сваё азначэнне жанру: замова – «тэкст, які зафіксаваны ў словах, падмацаваны «магічнымі» асаблівасцямі запамінання (рытмам, паралелізмам усіх відаў, гукавымі асацыяцыямі і г.д.) і «магічным» рытуалам; тэкст, які фарміруецца стагоддзямі (а ў найглыбінных сімвалах і структурах – тысячагоддзямі), які ўвабраў у сябе элементы дзвюх культур – язычніцтва і хрысціянства» [19, с. 12]. У кампазіцыйным плане І. Жылінская вылучае і характарызуе «ядро замовы, якое абавязковае, і элементы абрамлення, якія могуць адсутнічаць, – малітоўны ўступ, зачын, закрэпка, малітоўнае заключэнне» [19, с. 13]. Асноўную частку манаграфіі аўтар прысвячае даследаванню катэгорый прасторы і часу, а таксама сімволіцы колеру ў беларускіх і рускіх замовах.

Да беларускага матэрыялу звярталіся таксама і замежныя фалькларысты. Несумненную цікавасць выклікае манаграфія расійскага фалькларыста У. Кляуса «Сюжетика заговорных текстов славян в сравнительном изучении. К постановке проблемы», у якой аўтар даследуе замовы ва ўсходнеславянскім кантэксце, а таксама разглядае «невялікае кола пытанняў, якія звязаны з замоўнай сюжэтыкай» [20, с. 151]. Нельга не пагадзіцца з высновай даследчыка аб тым, што «важнейшым элементам апавядальнасці магічных тэкстаў з’яўляецца дзеянне, прычым незалежна, выражана яно або не выражана якімі-небудзь дзеяслоўнымі формамі…» [20, с. 7]. У. Кляус удзяляе пільную ўвагу праблеме сюжэтапабудовы, у якой вылучае наступныя элементы: «дзеянне, суб’ект дзеяння (мы называем яго персанажам), месца дзеяння ў самым шырокім сэнсе» [20, с. 7]. Аўтар слушна зазначае, што «паняцце сюжэта, праблемы сюжэтаўтварэння, якія распрацоўваюцца ў навуцы аб фальклоры ўжо другое стагоддзе, пакуль яшчэ не атрымалі свайго канчатковага і адназначнага рашэння…» [20, с. 11], тым не менш, на аснове аналізу вялікай колькасці замоўных тэкстаў дае асабістае вызначэнне паняццям «замоўны сюжэт», «замоўная сюжэтная сітуацыя», «замоўны матыў». Заслугоўвае ўвагі і прапанаваная У. Кляусам класіфікацыя і характарыстыка сюжэтных тэм, якія аўтар прапануе аб’яднаць у дзве вялікія групы, што адрозніваюцца накіраванасцю дзеяння: група А – знішчэнне каго- або чаго-небудзь, група В – стварэнне, зберажэнне, выкарыстанне [20, с. 14]. У межах сюжэтнай тэмы даследчык раскрывае семантыку асноўнага дзеяння, дае характарыстыку персанажам і вобразам, локусам і г.д., што дае магчымасць для больш глыбокага вывучэння зместу замоў, а таксама для аналізу замоўных матываў.

Значную частку манаграфіі У. Кляус прысвячае сюжэтным складаемым. Ён адзначае, што дзеянні персанажаў з’явіліся галоўным, але не адзіным крытэрыем класіфікацыі сюжэта ў сістэме [20, с. 78]. Можна пагадзіцца і з перакананнем даследчыка ў тым, што «з пункту гледжання апавядальнасці замоўных тэкстаў, акрамя дзеянняў, значным элементам сюжэтнай структуры з’яўляецца персанажны рад, набор локусаў дзеянняў і аб’ектна-прадметная напоўненасць замоўнага свету, іх атрыбутыўнасць» [20, с. 79]. Аўтар прапанаваў класіфікацыю персанажаў, што сустрэліся ў «Паказальніку» сюжэтаў і сюжэтных сітуацый, паводле якой дзеючыя асобы падзелены на некалькі груп: персанажы хрысціянскай міфалогіі, язычніцкай міфалогіі, захворванні, прадстаўнікі фауны, флоры, нябесныя целы, стыхіі, з’явы прыроды, прадметы, персанажы рэальнага свету [20, с. 79].

Зробленыя на тэрыторыі Гомельшчыны сучасныя запісы твораў замоўнага жанру пацвярджаюць думку даследчыка аб тым, што «адной з характэрных асаблівасцей дадзенай групы (персанажаў язычніцкай міфалогіі, захворванняў – С.В.) з’яўляецца тое, што многія з іх выступаюць не толькі суб’ектамі дзеянняў, але і аб’ектамі. Гэта, напрыклад, шматлікія захворванні» [20, с. 82]. Суадносячы групу хрысціянскіх і язычніцкіх персанажаў, аўтар выказвае меркаванне аб універсальнасці мужчынскіх і жаночых персанажаў, што, магчыма, было звязана з «іх эвалюцыйнай суаднесенасцю» [20, с. 83].

Найбольшую ўвагу У. Кляус надае характарыстыцы «заговаривающего» як рэальнага персанажа замоўных тэкстаў. Абапіраючыся на тэксты замоў, запісаныя на тэрыторыі Усходняй Сібіры і Забайкалля, ён прыходзіць да высновы, што «…вобраз таго, хто замаўляе, складаецца з характарыстык трох відаў: 1) дзеянні замаўляльніка; 2) якасці, характэрныя для замаўляльніка; 3) якасці аб’ектаў, якія належаць замаўляльніку. Найбольш шматлікі першы від характарыстык…» [20, с. 84–85]. Аналізуючы другі від характарыстык, даследчык знаходзіць у таго, хто замаўляе, як чалавечыя якасці, так і рысы міфалагічных істот [20, с. 86].

Нельга не звярнуць увагу таксама на створаны У. Кляусам «Паказальнік сюжэтаў і сюжэтных сітуацый замоўных тэкстаў усходніх і паўднёвых славян» [21], у якім даследчык сістэматызаваў вялікі корпус замоў усходніх і паўднёвых славян і вылучыў сюжэты і сюжэтныя сітуацыі, прапанаваў паказальнік сюжэтных тэм і падабенстваў, асобны паказальнік персанажаў, іх канстантаў і атрыбутаў, а таксама прадметаў і локусаў. Названы паказальнік карысны для даследчыкаў тым, што ў ім закладзены асновы для параўнання замоўных тэкстаў розных народаў, вызначэння агульнасцей і адметнасцей.

Аснову калектыўнай працы расійскіх даследчыкаў «Полесские заговоры (в записях 1970–1990 гг.)» (2003) [22] склалі матэрыялы этналінгвістычных экспедыцый (яны праводзіліся на тэрыторыі руска-беларуска-ўкраінскага Палесся пад кіраўніцтвам М. Талстога), што захоўваюцца ў Палескім архіве Інстытута славяназнаўства РАН. Акрэсліваючы прынцыпы гэтага выдання, Т. Агапкіна найперш засяроджвае ўвагу на пытанні межаў замоўнага жанру. Яна называе некаторыя сучасныя публікацыі замоў, у якія ўключаны «практычна ўвесь корпус заклінальна-магічных тэкстаў (паўсядзённа-побытавых, рытуальна-аказіянальных, гаспадарчых, этыкетных, лекавых і г. д.)» [22, с. 10]. Зборнікі «Замовы» (Г. А. Барташэвіч; Мінск, 1992) і «Таямніцы замоўнага слова» (уклад. І. Ф. Штэйнера, В. С. Новак; Гомель, 1998), лічыць аўтар, «арыентаваны на класічную замову як жанр з эпічна-апавядальнымі элементамі» [22, с. 10]. Даследчыца крытыкуе некаторыя публікацыі замоўнага фальклору за тое, што побач з сучаснымі запісамі аўтары-складальнікі імкнуцца часткова перадрукоўваць тэксты, апублікаваныя ў мінулых стагоддзях, што ў выніку стварае «храналагічна размыты вобраз той ці іншай рэгіянальнай замоўнай традыцыі, якая не зусім адпавядае рэчаіснасці» [22, с. 11]. Аднак неабходна падкрэсліць, што такія працы маюць вялікае навуковае значэнне, бо ў даследчыка ёсць магчымасць прасачыць геаграфію распаўсюджанасці замоў, а таксама акрэсліць рысы творчага працэсу праз стан захаванасці твораў гэтага фальклорнага жанру ў памяці інфарматараў.

Бясспрэчнай каштоўнасцю зборніка «Полесские заговоры» можна лічыць тое, што тэксты замоў падаюцца разам з «рытуальным кантэкстам» – дзеяннямі, якія інфарматары адрасуюць непасрэдна «пацыенту», а таксама з дэманстрацыяй таго, якім чынам «магічныя практыкі прагнастычнага характару» павінны забяспечыць правільны выбар спосабаў лячэння. Тым самым аўтары падкрэсліваюць, што замоўнае слова – «найбольш важная, але не адзіная складаючая рытуалу замаўлення» [22, с. 12–13], што замова ўяўляе сабой сінкрэтычны вербальна-акцыянальна-рэальны комплекс.

Малюючы партрэт народнага знахара, Т. Агапкіна робіць важныя высновы. Па-першае, «... побач з жаночай традыцыяй замаўлення, на Палессі бытавала і мужчынская...»; па-другое, «паралельна з вуснай традыцыяй існавала і працягвае існаваць традыцыя рукапісных зборнікаў замоў, якія захоўваюць, перадаюць у спадчыну, дапаўняюць, а таксама актыўна выкарыстоўваюць – прычым не толькі для захавання (для памяці) тэкстаў, але і ў практыцы, што дзейнічае...», па-трэцяе, «на Палессі... валоданне замовамі было адначасова і прафесіяй, і масавым побытавым навыкам...», па-чацвёртае, «перадача прафесійных ведаў і майстэрства ажыццяўлялася як у спадчыну, так і іншым шляхам...» [22, с. 13–14].

Каштоўнасць выданню надаюць невялікія аналітычныя навуковыя прадмовы да прэзентуемых функцыянальна-тэматычных груп, каментарыі да асобных тэкстаў, дзе тлумачацца дыялектная лексіка і рытуальны кантэкст, фармулёўкі сюжэтаў і матываў, геаграфія іх распаўсюджання ў межах усходнеславянскага кантынуума.

З апошніх публікацый можна адзначыць манаграфію Т. Заўялавай «Балто-славянский заговорный текст» (2006), у якой аўтар аналізуе структуру і семантыку замоўнага тэксту. На думку даследчыцы, «замова – гэта не толькі пэўным чынам структураваны тэкст, лінгвістычны аналіз якога дазваляе ў многім прыадчыніць покрыў таямніцы, якая хаваецца ў самой структуры моўнай сістэмы, … але і адметны свет уяўленняў і вобразаў, вывучэнне якіх можа дапоўніць нашы веды аб міфалагічнай карціне свету ў народным светапоглядзе» [23, с. 5].

Некаторыя сучасныя даследаванні замоў адрозніваюцца шматпланавасцю падыходаў. Напрыклад, разам з асэнсаваннем тэарэтычных праблем жанру заўважаюцца і кірункі паглыбленага вывучэння мясцовай традыцыі, з аднаго боку, і асэнсавання міфарытуальнай семантыкі асобных вобразаў, з другога. У 2009 годзе выйшла ў свет манаграфія А. Ненадаўца «Міфалогія маіх продкаў», у якой даследчык у асобным раздзеле прааналізаваў міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з вобразам вады ў замовах, а таксама падкрэсліў, што асобныя матывы ў замовах («матыў нейкай цудоўнай агароджы» …, «матыў пералічэння ўсіх мясцін» і інш.) «вынікаюць з ходу думак, такога асацыятыўна-практычнага мыслення, калі ў самой аснове замовы супастаўляецца не абстрактная сімволіка, нейкая малазразумелая метафарычная ўмоўнасць, а акцэнт робіцца на якасныя характарыстыкі (уласцівасці) прадметнага свету» [24, с. 111]. Даследчык прысвяціў асобны раздзел у манаграфіі «Чароўныя змеі» вобразу змяі ў замоўным жанры [25], а таксама прааналізаваў вобразы агню, дрэў і камянёў у замовах. Да твораў замоўнага жанру (розных тэматычных груп) звяртаецца А. Ненадавец у манаграфіях «Сілаю слова. Чорная і белая магія» (2002), «Праклятыя словам» (2006). Аўтар прыводзіць тэксты лекавых замоў і акцэнтуе ўвагу на аспекце практычнага выкарыстання магічных тэкстаў у жыцці людзей. Даследчык лічыць неабходным пры аналізе мастацкага тэксту ўлічваць «рытуальныя дзеянні знахара ці варажбіта, паводзіны хворага чалавека» [26, с. 6], таму што ў дачыненні да працэсу лекавання гэтыя дзеянні адыгрываюць важную ролю: «Нічога нельга было парушыць у спрадвечна заведзеным радзе, бо тады пра ніякае сур’ёзнае вылячэнне ўжо і гаворка ўвогуле не вялася» [26, с. 7]. Манаграфія «Праклятыя словам» з’яўляецца працягам папярэдняй і ў большай ступені закранае пытанні асэнсавання і выкарыстання магічных тэкстаў у розных жыццёвых сітуацыях, калі трэба было магічнымі словамі і дзеяннямі зняць з людзей (жывёлы) насланыя праклёны, «абмежаваць іх уздзеянне» [27, с. 43]. Аўтар засяроджвае ўвагу на «магіі, якая часта спалучалася ў нашых папярэднікаў з чорнаю варажбою і чараўніцтвам» [27, с. 9] і праклёнах. Як адзначае А. Ненадавец, «у гэтай працы, пакуль што, мы ўпершыню згадваем іх, але далей будзем аналізаваць вельмі падрабязна, на аснове шматлікіх прыкладаў, зафіксаваных у розных мясцінах Беларусі» [27, с. 9].

На вывучэнні паэтыкі беларускіх замоў, іх вобразнага свету і гукавой арганізацыі замоўных тэкстаў сканцэнтравала ўвагу М. Кудрашова [28]. Некалькі прац прысвечана даследаванню непасрэдна замоўных матываў. Так, А. Тапаркоў вызначае месца матыву «Цудоўнага апранання» ў рускіх замовах і адзначае, што «найбольш разгорнутыя і маляўнічыя версіі матыву характэрны для замоў, якія закліканы ўздзейнічаць на ўладу і суддзяў. Сустракаецца ён і ў іншых функцыянальна-тэматычных групах магічных тэкстаў… Цікава, што ў замовах медыцынскай скіраванасці ён амаль невядомы» [29, с. 143]. Матыў «Міфалагічны цэнтр» з’яўляецца аб’ектам аналізу ў артыкуле Т. Агапкінай «Сюжэтны склад усходнеславянскіх замоў (матыў міфалагічнага цэнтра)». Аўтар даследуе геаграфію распаўсюджанасці матыву, характар яго функцыянальнасці (наяўнасць гэтага матыву ў розных функцыянальных групах), структуру, пад якой разумеюцца «асноўныя варыянты развіцця падзей» [30, с. 248]. Асноўная ўвага ў артыкуле скіравана на вылучэнне і аналіз локусаў і аб’ектаў, што выступаюць у якасці міфалагічнага цэнтра з адмысловым наборам персанажаў, дзеянняў і падзей. Матыў «Міфалагічны цэнтр» цікавы для даследчыцы найперш таму, што ў ім апісваецца «шлях суб’екта замовы да культавага месца хрысціянскага, язычніцкага або змешанага тыпу … дзеля набыцця здароўя, вылечвання, абароны, дзе маецца магчымасць для здзяйснення нейкіх дзеянняў … або звароту да сакральнай асобы…» [30, с. 277].

Такім чынам, даследаванне замоў на сучасным этапе развіцця фалькларыстыкі характарызуецца актыўным пошукам новых ракурсаў бачання класічных праблем, перш за ўсё жанравай паэтыкі. Беларускі матэрыял усё больш прыцягвае ўвагу як айчынных, так і расійскіх фалькларыстаў. У сінхронных зборах замоў лекавыя заўсёды колькасна пераважалі. Тая ж самая карціна назіраецца і ў сучасных запісах Гомельшчыны. А гэта значыць, што лекавыя замовы – той масіў тэкстаў, у якіх захоўваецца вялікі аб’ём старажытных матываў. Іх неабходна не толькі сістэматызаваць і класіфікаваць, што, безумоўна, з’яўляецца першым крокам на шляху іх вывучэння, але і даследаваць матывы з пункту гледжання іх структуры і функцыянальнасці. Асобныя працы, прысвечаныя вывучэнню замоўных матываў беларускіх лекавых замоў, адсутнічаюць.


: DocLib10 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D0%BE-%D0%BC%D0%B5%D1%82%D0%BE%D0%B4%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B5%20%D0%BC%D0%B0%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B8%D0%B0%D0%BB%D1%8B%20%D0%BA%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80 -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Хрэстаматыя вучэбны дапаможнік
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> А. М. Палуян Беларуская мова (Прафесійная лексіка)
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” А. А. Кастрыца прыкметы І павер’І
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны” В. С. Новак, А. А. Кастрыца
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B9%20%D0%BA%D1%83%D0%BB%D1%8C%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B%20%D0%B8%20%D1%84%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D0%BA%D0%BB%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%B8%D0%BA%D0%B8 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка