Фальклор: традыцыі І сучаснасць



Дата канвертавання19.07.2016
Памер69.24 Kb.
І.В. Казакова (Беларусь, Мінск)
ФАЛЬКЛОР: ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ
Сярод абставін, у якіх развіваецца сёння цікавасць да фальклору, значную ролю адыгрывае адносна новы статус фактаў традыцыйнай народнай культуры – статус культурнай спадчыны. У значэнні помнікаў айчыннай і сусветнай гісторыі і культуры яны ўключаны ў сістэму разнастайнай навукова-даследчай, культурна-асветніцкай, выхаваўчай дзейнасці.

Глыбокае і ўсебаковае вывучэнне фальклору – найпершага і найглыбейшага самавыяўлення народнай душы – дае магчымасці для даследавання вытокаў нацыянальнай самасвядомасці, што дапамагае больш аб’ектыўна ацэньваць сваю гісторыю і правільна арыентавацца ў сучасных этнічных працэсах. Усё багацце гістарычнага вопыту народа ўвасоблена ў фальклоры.

Сучасныя сілы глабалізацыі ўсё больш настойваюць на стандартах модульных рашэнняў для ўсіх народаў, у той час як поспех устойлівага культурнага развіцця прадугледжвае ўлік своеасаблівасцей кожнай краіны і кожнага народа. Кожны этнас мае свае этапы фарміравання, кансалідацыі, развіцця, але не заўсёды паступальнага характару: часам заняпад змяняецца адраджэннем, трансфармацыяй лепшых традыцый і росквітам культуры. Кожны з гэтых этапаў адбіваецца ў народным жыцці, адлюстроўваецца ў гістарычнай памяці, этнічнай свядомасці і псіхалогіі, фіксуюцца ў фальклоры.

Традыцыі народнай культуры, аб’ядноўваючы ў сваіх законах якасці кансерватыўнасці і пастаяннага аб’наўлення, выбудоўваюцца ў гістарычна шматслойную і разам з тым цэласную сістэму, у якой мінулы вопыт пры неабходнасці можа быць запатрабаваны і адноўлены. Традыцыі не знікаюць, яны захоўваюць сваю жыццёвую сілу на ўзроўні этнічнага светапогляду і свядомасці, адраджаючыся ў былых або іншых формах пры новых спрыяльных умовах.

Зварот да фальклорнай спадчыны дапаможа вырашыць адно з вострых пытанняў чалавечага жыцця: пераадоленне сілы адчужэння, раз'яднанасці быцця чалавека ў сучасным свеце, сфарміраваць правільны здаровы светапогляд маладога пакалення.

Сучасная сацыякультурная сітуацыя, якая характарызуецца вострымі праблемамі ў сферы міжнацыянальных адносін, нестабільнасцю эканомікі, працэсамі этнічнай асіміляцыі, спараджае тэндэнцыі маргінальнасці і дэструкцыі асобы, што абумоўлівае неабходнасць пошуку эфектыўных механізмаў сацыяльнай адукацыі, педагагічнага мадэліравання спосабаў карэкцыі, кампенсацыі і развіцця сродкамі этнакультурнага выхавання. Фальклор можа выкарыстоўвацца ў якасці своеасаблівай закадзіраванай мадэлі сацыялізацыі асобы, уваходу чалавека ў навакольнае асяроддзе і гарманізацыі яго з гэтым светам. Фарміраванне чалавека немагчыма без развіцця духоўнай сферы, праявамі якой з'яўляюцца народная культура кожнага канкрэтнага этнасу і агульначалавечыя духоўныя каштоўнасці.

Па-першае, ва ўсе часы фальклор назапашваў і нёс у народ ідэалогію гуманізму, пашаны да чалавека. Па-другое, сярод каштоўнасцяў чалавека фальклор перш-наперш вылучаў і апяваў працалюбства, здольнасць працаваць сумленна, шчыра і плённа. Па-трэцяе, вуснамоўная народная традыцыя – паэзія і проза – выказвалі і прывівалі слухачам любоў да роднай зямлі, да прыроды, да свету, створанага для чалавека. Чацвёртае, фальклор заўсёды нёс і нясе ў сабе магутны маральна-этычны патэнцыял, апяваючы высокапаэтычныя адносіны паміж людзьмі ў сям'і, сяброўстве, з суседзямі, у грамадстве ў цэлым, асуджаючы людскія заганы: ляноту, баязліваць, хцівасць, жорсткасць, агрэсіўнасць, п'янства, пагардлівыя адносіны да чалавека і інш. Пятае, вусная народная паэзія і проза адлюстроўвае прыгажосць роднай мовы і любоў творцаў да яе, выхоўвае тонкі эстэтычны густ у слухача і чытача. Шостае, асобныя фальклорныя жанры – казкі, легенды, паданні, загадкі, прыказкі і прымаўкі і інш. – выхоўваюць у падрастаючага пакалення патрыятызм, даюць веды ў галіне прыродазнаўства і гісторыі роднага краю, даводзяць да свядомасці дзяцей і падлеткаў каштоўнасці чалавечай годнасці і сацыяльнай вартасці. І нарэшце, сёмае, галоўнае – фальклор з'яўляецца падмуркам нацыянальнай культуры. З яго бяруць пачатак мова, літаратура, уся сапраўдная мастацкая культура.

Сучасная прагрэсіўная культура імкнецца да мадэлі ідэальнай цывілізацыі, заснаванай на антрапапрыроднай гармоніі і гарманічным этнакультурным поліцэнтрызме. Сёння сучасная навука ў самых розных сферах усё часцей звяртаецца да старажытных перыядаў гісторыі чалавецтва, да фальклору – вобразнай інтэрпрэтацыі вопыту пакаленняў, сістэмы ведаў, непасрэдна звязанай з маральным і інтэлектуальным патэнцыялам нацыі.

Зварот да народнай культуры садзейнічае фарміраванню і маральнага, і фізічнага здароўя грамадства. У фальклоры, як у любой інфармацыйна-эмацыянальнай моўнай сістэме, разам працуюць законы мовы, логіка-аналітычнага асэнсавання рэчаіснасці і эмацыянальна-пачуццёвага ўключэння. У гэтым сэнсе фальклор можа быць ідэальным падмуркам для развіцця ўсіх органаў пачуццяў, памяці, увагі, волі, а таксама базай для фарміравання культурна-эстэтычнага ўспрымання як свайго народа, так і іншых этнасаў.

Многія даследчыкі лічаць традыцыйны песенны фальклор той сістэмай, якая дазваляе гарманізаваць адносіны чалавечай асобы з навакольным светам, прычым абапіраючыся не на розум, а на эмацыянальнае, пачуццёвае ўспрыманне. Менавіта ў песенным фальклоры мы маем унікальны прыклад цэласнага светапогляду і светаадчування, якое прымаецца душою чалавека і вельмі станоўча на яе ўплывае.

Носьбіты народнай песеннай культуры пераканальна гавораць пра тое, што песня лечыць і душу і цела, дапамагае выканаць любую цяжкую або манатонную працу, уздымае настрой, дорыць надзею на лепшае, аб'ядноўвае людзей. Калі мы, аб’яднаныя песняй, танцам, агульнай мелодыяй, размеркаваннем на галасы, дотыкамі ў карагодзе або нават проста позіркамі, складаем адзінае цэлае, адбываецца поўнае раскрыццё чалавечай душы, імкненне насустрач адзін аднаму. Замкнутасць, сарамлівасць, агрэсіўнасць паступова пераходзяць у процілеглыя рысы характару. Нянавісць, скандальнасць, зласлівасць таму і разбуральныя, што яны не ўпісваюцца ў касмічны рытм сусвету, гармонію чалавека з самім сабой, іншымі людзьмі, усім навакольным светам. Гэтыя адмоўныя рысы на падсвядомым узроўні ламаюцца гармоніяй спеву, размеранай прыгажосцю народных мелодый. На фізіялагічным узроўні ўсе негатыўныя эмоцыі, якія з’яўляюцца вынікам адмоўных рыс асобы, выклікаюць затрымку дыхання, парушаюць яго рытм, што вельмі дрэнна адбіваецца на самадчуванні чалавека. Ланцуговае дыханне, якое практыкуецца на занятках песенным фальклорам, не толькі вучыць бесперапыннасці гука, але і павялічвае даўжыню выдыху, глыбіню і паўнату ўдоху, якія ўзрастаюць у залежнасці ад выкарыстання ніжняга, брушнога тыпа дыхання.

Сучасныя медыкі сёння шмат гавораць пра велізарнае значэнне правільнасці дыхання для здароўя чалавека. Калі чалавек не дыхае глыбока, тады ён не забяспечвае тканкі свайго арганізму дастатковай колькасцю кісларода, што замаруджвае метабалізм у клетках органаў. Урачы гавораць, што чалавек не жыве поўным жыццём, калі ён не дыхае не толькі на поўныя грудзі, але і жыватом. Калі мы спяваем, тады прымушаем дыяфрагму быць больш актыўнай у дыхальных рухах, тым самым разнявольваем сябе, здымаем блокі зажатасці, няўпэўненасці, што забяспечвае нам большую ступень свабоды, дазваляе самавыражацца з большай паўнатой. Увесь арганізм чалавека – галава, рукі, ногі, кроў – усё да самай апошняй клеткі ўступае ва ўзаемадзеянне, калі чалавек спявае. Усе працэсы ў арганізме ідуць хутчэй, ён абнаўляецца, аздараўліваецца.

Практычныя заняткі песенным фальклорам унікальна ўплываюць на ўвесь арганізм чалавека. Аднаўленне свабоднага дыхання, якое часта заблакіравана ў чалавеку рознымі страхамі і абмежаваннямі ў праяўленні пачуццяў, падчас выканання народных песень адбываецца несвядома і праяўляецца не толькі ў паказчыках свабоды дыхання, але і ў паляпшэнні агульнага самаадчування, у змяненні поглядаў на праблемы, якія раней здаваліся чалавеку небяспечнымі і невырашальнымі. Часцей за ўсё падчас выканання песні чалавек усміхаецца. Ад гэтага і гук, і выраз твару становіцца светлымі, чыстымі, свабоднымі. У хуткім часе знешняя ўсмешка становіцца ўсмешкай унутранай, і з ёй мы ўжо пачынаем глядзець на людзей і свет. Рускія даследчыкі ўстанавілі, што людзі, якія два разы на тыдзень займаюцца песенным фальклорам, значна менш падвяргаюцца розным захворванням.

Беларускі народ па праве можа ганарыцца сваёй багатай песеннай спадчынай, дзе ярка адлюстраваліся высакародныя ідэалы, прага да плённай працы, маральная чысціня душы, здольнасць да глыбокіх пачуццяў, практычная і філасофская мудрасць, любоў да роднага краю і ўсё тое лепшае, чым і дзеля чаго жыве чалавек. Нездарма кажуць, што песня – гэта душа народа. І гэта сапраўды так. Вясёлыя і сумныя, лірычныя і жартоўныя, абрадавыя і пазаабрадавыя, заўсёды мілагучныя, прыгожыя, поўныя вялікага хараства і шчырасці, беларускі песні – гэта велізарная найкаштоўнейшая энцыклапедыя жыцця нашага народа.

Народныя песні спяваліся ў час каляндарных і сямейных абрадаў, у час працы і адпачынку, з любой нагоды і проста «для душы». Нашы продкі віталі песняй і надыход вясны, і з'яўленне на свет новага чалавека, скардзіліся, выказвалі свае мары, надзеі, пажаданні, дзякавалі Богу за кожнае імгненне жыцця.

Фальклорныя песні – гэта пакінутая нам у спадчыну ад продкаў натуральная сістэма, якая забяспечвае здаровую ўзаемадзейнасць чалавека з навакольным светам, з іншымі людзьмі, з самім сабою. У навуковых даследаваннях неаднойчы выказвалася ідэя жывучасці старажытных народных песень і іх тэрапеўтычнага ўздзеяння на чалавека. Гэта і цялесная тэрапія, пазбаўленне ад саматычных хвароб, якія ў эпоху Антычнасці і сярэднявечным Кітаі лячылі музыкай і вакалам, спецыяльнымі вібрацыйнымі практыкаваннямі. Гэта і выкарыстанне розных аспектаў народнага мастацтва з мэтай пазбаўлення ад хвароб душэўных або для пашырэння межаў самапазнання, самаўсведамлення.

Сёння вельмі сур'ёзна трэба ставіцца да сітуацыі страты фізічнага і псіхічнага здароўя дзіцей ужо ў раннім узросце пад уплывам розных адмоўных фактараў: спадчынных хвароб, праблем у сям'і, дрэннай экалогіі і г.д. У апошнія часы выкарыстоўваецца т. зв. інтэрактыўны падыход, калі для самаразвіцця чалавека або дзеля дасягнення канкрэтных тэрапеўтычных ці псіхатэрапеўтычных мэт выкарыстоўваюцца розныя віды мастацтва: танец, музыка, тэатр, выяўленчае мастацтва і г.д. У гэтым сэнсе фальклорная спадчына – невычэрпная крыніца натхнення асобы, яе творчага і гарманічнага развіцця, станоўчай арыентацыі ў грамадстве і сусвеце.

Ужо ў сілу аб’ектыўнай мэтазгоднасці жыццёвага зместу народных культурных традыцый, іх адраджэнне ў сучасным культурным працэсе ўяўляецца не толькі магчымым, але і неабходным. У сувязі з гэтым паўстае шэраг задач, рашэнне якіх кладзецца сур’ёзнай адказнасцю на наша грамадства ў цэлым, і ў першую чаргу на ўсе ўстановы і арганізацыі, звязаныя з выхаваўчым, адукацыйным працэсам і культурай.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка