Фальклорны кампанент у творчасці м. Багдановіча І б. Лесьмяна



Дата канвертавання02.07.2016
Памер78.16 Kb.
Анапрэенка Н.Я.

БДУ, Мінск
ФАЛЬКЛОРНЫ КАМПАНЕНТ

У ТВОРЧАСЦІ М. БАГДАНОВІЧА І Б. ЛЕСЬМЯНА
Фальклор з'яўляецца невычэрпнай крыніцай спазнання духоўнага жыцця народа, адным з найважнейшых сродкаў узбагачэння літаратуры і творчасці многіх пісьменнікаў. Вусная народная творчасць – не толькі від мастацтва, але і ёмішча разнастайных народных ведаў пра свет і чалавека, паказчык узроўню і стану культуры на розных этапах сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства. Згодна меркаванням беларускага літаратуразнаўцы В. Максімовіча, фальклор «станавіўся пэўнай умоўнай формай, з дапамогай якой адкрывалася магчымасць выявіць сутнасць рэальнасці («гістарычнага сягоння»), надаць твору філасофскую скіраванасць, напоўніць яго адмысловай сэнсавай ідыяматыкай» [7, с. 26]. Акрамя гэтага, выкарыстанне пісьменнікамі міфафальклорных традыцый давала магчымасць падступіцца да раскрыцця нацыянальнага феномену, акрэсліць яго асноваўтваральныя, вызначальныя параметры, адвечны маральна-этычны імператыў.

Пачатак ХХ ст. – перыяд фарміравання новых духоўных каштоўнасцей – характарызуецца актыўным зваротам да ўзораў народнага мастацтва. Адметнай рысай тагачаснага літаратурнага працэсу было адраджэнне агульнакультурнага інтарэсу да міфафальклорных традыцый, абумоўленае як уплывам мадэрнізму, так і напружаным рытмам самой эпохі (непрыняцце творчай асобай буржуазнага свету як антыэстэтычнага, усведамленне крызісу буржуазнай культуры як крызісу цывілізацыі ў цэлым).

У фарміраванні творчай індывідуальнасці беларускага паэта Максіма Багдановіча (1891 – 1917) і польскага паэта Баляслава Лесьмяна (1878 – 1937) значную ролю адыграла народнапаэтычная творчасць. Можна весці размову пра тое, што абодвум творцам уласціва фальклорна-міфалагічнае мысленне. Пытанне аб спецыфіцы рэалізацыі фальклорных матываў у кантэксце мастацкіх светаў М. Багдановіча і Б. Лесьмяна мае прынцыповае значэнне для цэласнага, глыбіннага аналізу іх творчай спадчыны. Падставы для правядзення тыпалагічных паралелей паміж творчасцю Лесьмяна і Багдановіча на адзначаную тэматыку абумоўлены: сацыякультурнай сітуацыяй у тагачасным паэтам грамадстве, светапоглядам і грамадска-эстэтычнымі інтарэсамі аўтараў, дыялектыкай традыцый і наватарствам ў іх дзейнасці.

М. Багдановіч складваўся як самабытны паэт найперш ў тых вершах, якія ён напаўняў вобразамі з народных вераванняў. У зборніку «Вянок» (1913) фальклор «зацверджаны як адна з крыніц творчасці, аснова матываў і вобразаў, адметнага стылю, а ў цэлым – нацыянальнай самабытнасці мастацкага слова. Адначасова выяўлены розныя ўзроўні фалькларызму: ад наследавання пэўных мастацкіх узораў да спасціжэння філасофска-эстэтычнай глыбіні творчасці» [2, с. 118]. Паэт змалку быў знаёмы са шматлікімі героямі беларускай міфалогіі па фальклорных запісах і этнаграфічных даследаваннях. Гэтыя міфалагічныя істоты «ажываюць» у фантастычным свеце прыроды «зачараванага царства», дзе ярка і пластычна праявілася народнае светаадчуванне, адухоўленае лірычнай думкай паэта (цыкл «У зачарованым царстве»). Беларускі крытык Р. Бярозкін заўважыў, што зварот Багдановіча да народна-міфалагічных вобразаў з'яўляецца спробай «угледзецца у неразгаданае аблічча роднага краю» [3, с. 38].

Наследаванне і паэтычная інтэрпрэтацыя народнай песеннай творчасці ляжаць у аснове цыкла «Згукі бацькаўшчыны», дзе захоўваецца вобразны і рытміка-інтанацыйны лад фальклорнай першаасновы. «Аўтар настройваецца на рытміку беларускай народнай песні, ужываецца ў вобразы паэтычнага фальклору сваёй радзімы, дзе ўсё падпарадкавана своеасабліваму ладу, задушэўнай напоўненасці гучання радка. Праз увесь цыкл праходзіць ідэя духоўнага адраджэння нацыі, вяртання да родных вытокаў» – справядліва адзначыла Т. Ганчарова-Цынкевіч [4, с. 35].

Вершы так званага беларускага складу (цыкл «На ціхім Дунаі», 1915-1916) – узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-народную паэтыку. Зацікаўленасць Багдановіча вуснай народнай творчасцю іншых краін праявілася ў яго мастацкай інтэрпрэтацыі ўкраінскіх, рускіх, сербскіх, скандынаўскіх, іспанскіх, японскіх народных песень на беларускай мове.

Значную нагрузку ў творах Багдановіча нясуць на сабе эпітэты фальклорнага паходжання (напрыклад, шэрая зязюля («Не кувай ты, шэрая зязюля»), месяц залаты («Кінь вечны плач свой аб старонцы»), белы дзень («Не блішчыць у час змяркання»), сонца краснае («Ціхі вечар, знікнула спякота») і інш.). Паэт выкарыстоўвае звычайныя, нават кананізаваныя слоўныя вобразы, але ў непаўторным кантэксце. Слоўна-паэтычныя сродкі ягонай лірыкі сваімі вытокамі ўзыходзяць у беларускую народную творчасць, вызначаюцца непасрэднай фальклорна-паэтычнай прастатой і жыццёвасцю.

Багдановіч-крытык таксама ўзнімаў праблемы неабходнасці творчай арыентацыі беларускай паэзіі на міфафальклорную спадчыну. Гэтай праблеме прысвечаны яго артыкул «Забыты шлях» (1915), дзе галоўны акцэнт зроблены на развіцці нацыянальных асноў літаратуры. На думку паэта, здзяйсняцца падобная мэта павінна «шляхам творчай вучобы ў народа» [8, с. 478], не адмаўляючы пры гэтым вопыт сусветнага мастацтва. Беларускі даследчык Т. Зарэмба звярнула ўвагу, што эстэтычную платформу Багдановіча сімвалічна адлюстроўваюць яго псеўданімы – Максім-Крыніца і Максім-Кніжнік: «фалькларэма крыніца сімвалічна перадае ідэю роднаснага адзінства паэта з культурнай спадчынай беларускага народа, псеўданім Кніжнік адсылае да аўтарытэту прыгожага пісьменства. Наяўнасць двух сэнсава розных псеўданімаў сведчыць, што ў індывідуальнай свядомасці паэта суіснавалі два генератара тэкстаў: адзін заснаваны на літаратурнай традыцыі, другі – на фальклорнай» [6, с. 145]. Беларускі пісьменнік намагаўся ўвасобіць прынцып спалучэння народных і агульначалавечых здабыткаў.

Такім чынам, асэнсоўваючы адметнасць асобнага лёсу і цэлага народа, Багдановіч звяртаецца да нацыянальных каранёў. Свой край ён успрымае праз міфы, народныя песні, паданні, бо ў іх, як і ў беларускай прыродзе, увасоблена душа народа. На думку паэта, адрадзіць былую веліч роднай краіны, абудзіць нацыянальную самасвядомасць немагчыма без ажыўлення старадаўняй спадчыны, бо менавіта тут знаходзяцца вытокі самабытнай гісторыі беларусаў, адметнасць іх светапогляду і духоўнай культуры. «Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў – свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага» – звяртаўся да простых людзей Максім-Крыніца [1, с. 127].

Паэзія аднаго з найбольш арыгінальных польскіх лірыкаў ХХ ст. Б. Лесьмяна дае чытачу цікавы ўзор творчага ўзаемадзеяння народнай, фальклорнай і літаратурнай традыцый. Фактарамі, якія абумовілі зварот Лесьмяна да народных вераванняў былі эстэтыка сімвалізму і распрацаваны паэтам «міф першабытнага чалавека», для якога характэрны перш за ўсё метафізічны спосаб мыслення. Арыгінальнасць польскага мастака слова заключалася ў спробе спалучыць матывы першабытнасці з матывамі вяртання да прыроды, натуральнасці і непасрэднасці. «Мадэль фальклорнага твора была для Б. Лесьмяна своеасаблівай матрыцай, скрозь якую праступала слова «jak zaklęcia lub «mantra». Апеляванне да народнага твора як да глыбіннай памяці першасвету, першаслова (дзе менавіта адсутнічае прорва паміж чалавекам і светам), уласна, і было тым цэнтрам, да якога сыходзіліся мастацкія і эстэтычныя пошукі паэта» – слушна адзначае ўкраінскі навукоўца Т. Дабрушына [5, с. 87]. «Міф вяртання да прыроды» або «міф паэта як чалавека першабытнага» найбольш яскрава праявіўся ў яго творах, заснаваных на міфафальклорных традыцыях.

Лесьмян глыбока вывучаў нацыянальны, еўрапейскі і экзатычны фальклор, і гэтая зацікаўленасць мела значны ўплыў на яго арыгінальную творчасць. У народных гаворках, песнях і побыце, вясковым пейзажы Лесьмян шукаў тэмы і мову, якія арыгінальна «пераламляў» у сваіх вершах. Народнасць паэта праяўлялася не ў цікавасці да асобных матываў, а ў захапленні баладнасцю, логікай казкі. Польскі даследчык М. Главіньскі пісаў: «Фальклор быў для Лесьмяна матэрыялам, з якога ён ствараў уласны светапогляд. Лесьмян запазычваў у народа стыль мыслення, спосаб уяўлення, бо ў іх захавалася непасрэднасць успрыняцця жыцця» [9, с. 56].

Фальклорны кампанент у творчасці польскага мастака слова выяўляе сябе перш за ўсё праз стварэнне аўтарам сістэмы казачных вобразаў, як запазычаных з народных павер'яў (Васіліса Прамудрая, русалка і інш.), так і выдуманых ім самім (Знікомак, Палудніцы, Снітрупак, Снігробак, Срэбронь, Тапелец і інш.). З'яўленне дзіўных, незвычайных істот у паэзіі Лесьмяна можна інтэрпрэтаваць як рэакцыю паэта на тагачаснае навакольнае асяроддзе і грамадскія ўмовы (пачуцці песімізму, нігілізму, расчаравання ў чалавеку, жаданне схавацца ў сваім унутраным свеце). З іншага боку, фантастычныя вобразы – незразумелыя, вычварныя – увасабляюць унутраны, цёмны свет чалавечай натуры, схаваныя чалавечыя страхі.

Сувязь Лесьмяна з фальклорнай традыцыяй несумненна, аднак фальклорныя матывы прадстаюць перад чытачом часам настолькі трансфармаванымі ў яго паэтычным свеце, што мастацкі вынік з'яўляецца вельмі далёкім ад першакрыніцы. Лесьмян запазычваў у народа стыль мыслення, спосаб уяўлення, бо ў іх захавалася непасрэднасць успрыняцця жыцця, аднак для паэта фальклор быў перш за ўсё матэрыялам, з якога ён ствараў уласны светапогляд.

Аналіз паэзіі М. Багдановіча і Б. Лесьмяна паказвае, што яны выдатна валодалі фальклорным матэрыялам і ўмела выкарыстоўвалі асаблівасці розных жанраў народнай творчасці для надання яскравасці і вобразнасці сваім творам. Тыпалагічныя сыходжанні ў творчасці Багдановіча і Лесьмяна прасочваюцца на ўзроўні стварэння паэтычных вобразаў і надання ім пэўных мастацка-эстэтычных функцый. Аднак на ідэйным узроўні беларускі пясняр ставіў іншую задачу. Багдановічу належыць выключная роля ў духоўнай гісторыі і культуры беларускага народа як носьбіта ідэі нацыянальнага ўзвышэння – ён актыўна звяртаецца да ўзнаўлення і ўваскрашэння нацыянальнай памяці.

Выкарыстанне міфафальклорных матываў адыгрывала важную ролю ў мастацкім даследаванні рэальнага гістарычнага жыцця і вызначэнні месца чалавека ў ім, спрыяла ўвасабленню найбольш агульных заканамернасцей і канфліктаў грамадскага развіцця. Але народная традыцыя і для Лесьмяна, і для Багдановіча – нешта большае, чым адна са шматлікіх крыніц, што насычае іх творчасць. Звяртаючыся да народных паданняў і легенд, яны не толькі пераказваюць, але і літаратурна апрацоўваюць іх унутраны, ідэйны змест для вырашэння сваіх мастацкіх задач. Часам паэты на сюжэтную канву народнага твора накладваюць новы ўзор, надаюць псіхалагічна насычаны змест сваім творам, а сюжэт або асобны вобраз, трансфармаваныя аўтарскім «я», набываюць зусім іншую афарбоўку.

Падобнае запазычанне давала абодвум майстрам слова магчымасць яднання з самымі глыбіннымі пластамі народнай культуры, асаблівасцямі народнага светапогляду і эстэтыкі. У сваіх вершах, фантастычных, міфічных, казачных, яны прадставілі асабістую жыццёвую філасофію, стварыўшы, кожны па-свойму, ўласны паэтычны свет, багаты незвычайнай фантазіяй, фантастычны і рэальны адначасова. Кожны творца імкнуўся перадаць уласную мастацка-паэтычную, эстэтычную канцэпцыю, выкарыстоўваючы вобразы і сюжэты славянскай міфалогіі і фальклору.


Літаратура

  1. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 3. Публіцыстыка, лісты, летапіс жыцця і творчасці. – Мн.: Навука і тэхніка, 1995. – 461 с.

  2. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1 – Мн.: БелЭН, 2005. – 768 с.

  3. Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра Максіма Багдановіча – Мн.: Народная асвета, 1986. – 176 с.

  4. Ганчарова-Цынкевіч Т.У. Цыкл вершаў Максіма Багдановіча “Згукі бацькаўшчыны”: Некаторыя аспекты фальклорных традыцый. // Роднае слова. – 2009. – № 4. – С. 35.

  5. Добрушина Т. Болеслав Лесьмяна: Україна «у тексті» // Слово і Час. – 2006. – № 2. – С. 84-87.

  6. Зарэмба Т. Фалькларызм загаловачных комплексаў у творчасці М. Багдановічаі А. Разанава // Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: Зб. арт. – Мн.: Бестпрынт, 2004 – 283 с.

  7. Максімовіч В. Беларускі мадэрнізм: Эстэтычная самаіндэнтыфікацыя літаратуры пачатку ХХ ст. – Мн.: БДУ, 2001. – 228 с.

  8. Мушынскі М.І. Навуковая і літаратурна-крытычная спадчына М. Багдановіча // Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 600 с.

  9. Głowiński M. Zaświat przedstawiony: Szkice o poezji Bolesława Leśmiana. – Warszawa: PIW, 1981. – 332 s.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка