Фальклорныя элементы ў кітабах



Дата канвертавання01.07.2016
Памер48.63 Kb.
Нікіценка Ігар Васільевіч(Мінск, БДУ)
Фальклорныя элементы ў кітабах.
Фальклор з’яўляецца люстэркам жыцця народа. Па сутнасці, усё, што праходзіць праз гэтае люстэрка мае невычэрпную каштоўнасць. На працягу доўгіх часоў твар нашай бацькаўшчыны шматразова змяняўся : грымелі войны, ствараліся і распадаліся дзяржавы, адбывалася шматступенчатая асіміляцыя народаў.

Гісторыя стварэння кітабаў пачынаецца з часоў ВКЛ. Літоўскія князі Гедымін, Вітаўт і інш. ахвотна запрашалі татар з Залатой Арды і Крыма, выкарыстоўваючы іх у барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. У другой палове 17 — 18 стст. у татарскім асяроддзі знікаюць племянныя адрозненні, татарскія пасяленцы ўсё часцей прымаюць беларускія прозвішчы: Кандратовічы (нашчадкі племя кунгратаў), Бараноўскія (нашчадкі роду Барын), Александровічы, Гембіцкія, Карыцкія, Канапацкія, Смольскія і інш. Татары страцілі сваю цюркскую мову (кыпчакскія гаворкі) і карысталіся беларускай ці польскай; на беларускай мове арабскім пісьмом былі напісаны татарскія кнігі — кітабы, дзе пададзены апісанні мусульманскіх абрадаў, звычаяў, а таксама легенды, паданні, усходнія казкі, павучэнні. Кітабы — каштоўнейшая крыніца па вывучэнню татарскага народа, яго этнічнай гісторыі, этнапсіхалогіі, вытокаў і шляхоў развіцця самабытнай мусульманскай культуры, яе адаптацыі у іншамоўным асяроддзі. [2, с. 235]

Сфера фальклора надзвычай шырокая і не абмяжоўваецца вядомымі традыцыйнымі жанрамі – казкамі, легендамі, анекдотамі. У гэтай працы коратка будуць апісаны найбольш распаўсюджаныя татарскія звычаі і павер’і, якія не маюць дачынення да рэлігійных тэкстаў, і з’яўляюцца самастойнымі фальклорнымі адзінкамі, так званымі фальклорнымі элементамі.

Цікавым з’яўляецца тлумачэнне сноў. У татараў наконт гэтага свае ўяўленні. Калі бачыш у сне чалавека, які трымае у руках жалеза, трэба чакаць добрых звестак, калі срэбра, то адбудуцца добрыя падеі ў жыцці, калі сніш чалавека ў ветхім адзенні, то захварэеш. Добрыя падзеі адбудуцца ў жыцці , калі сасніш верхавога, які скача, а калі ён садзіцца ў сядле, то чакай суда. Калі чужое сядло – да грошай. Калі ў сне ўбачыш цвікі, або кіпень – да грошай. Калі валасы голіш, адбудуцца трагічныя падзеі.Калі сасніш суддзю, дохтара або іншага вучонага чалавека - чакай хваробу. Будзеш шчаслівы, калі старога чалавека і доўга пражывеш,калі старых жанок сасніш. З’яўленне ў сне ваяроў- да сумных падзеяў.

Яшчэ з часоў, калі татары сяліліся ва ўсходніх стэпах, у іх захаваліся народныя прыкметы пра частага госця стэпаў – ворана. Аўтары тых кітабаў, дзе змяшчаюцца дэталевыя апісанні паводзінаў ворана і іх тлумачэнне, сцвярджаюць, что пра ворана трэба ведаць кожнаму дзеля сваёй бяспекі. Па сутнасці, жывела – прадказальнік ёсць у кожнага народа – чорны сабака ў англічан, чорны кот ў славян і інш. Функцыі ворана ў татараў больш шырокія – ён прадказальнік як добрых, так і ліхіх звестак. Галоўнае ў тлумачэнні паводзінаў ворана – гэта дзень і час, калі птушка крычыць. Калі чуеш крык ворана раніцай ў панядзелак і аўторак, то чакаюць добрыя звесткі, раніцай ў сераду – будзе бітва ( лакальнага характару – бытавыя спрэчкі, сваркі з суседзямі і маштабнага – бойка з ворагам, ваенныя дзеянні).Калі воран крычыць раніцай у чацвер, трэба сцерагчыся злодзеяў, калі ў пятніцу – атрымаеш доўгачаканае. Абавязкова адбудзецца ліха, калі воран крычыць у суботу раніцай і полудзень, у нядзелю падчас акінда і ахшама, у панядзелак у час кушлука, у аўторак небяспечным з’яўляецца крык ворана ў прамежак часу ад раніцы да акінда, у сераду прамежак полудзень-акінд, у чацвер кушлук і ахшам, у пятніцу ў аўле і ў акіндзе. Таксама важным з’яўляецца тое, якім чынам крычыць воран : ў палеце і сеўшы на зямлю крычыць – трэба сцерагчыся злодзеяў.

Асобна апісваецца рытуал сувязь галення валасоў з лазняй : нельга ісці ў лазню, пагаліўшы валасы ў суботу,нядзелю, панядзелак, аўторак, можна толькі ў сераду, чацвер, пятніцу.

Існуе прыкмета пра адрамантаванне адзежы.У нядзелю нельга рамантаваць адзенне, бо тады будуць чакаць няшчасці, рамантаваць адзенне трэба ў панядзелак, бо “адыходзіць сум і становіцца весела”.

Карысным і распаўсюджаным з’яўляецца апісанне, як гадаваць жывёлу. Кожны год ў чысты чацвер ішлі ў лес і абдзіралі ліпу. Абдертую ліпу клалі ў дупло, а з лыкам ішлі дадому,завязвалі вузлом і хавалі, а потым выносілі на вялікдзень і прамаўлялі , што завязалі вусны злому чалавеку, каб усялякая жывёла ў статку – і малая, і вялікая- давала ў тры разы больш шэрсці( па традыцыі большасць татараў займалася развядзеннем авечак).

Таксама засцерагчы скаціну дапамагала наступнае. Калі статак заставаўся нанач ў полі, то ўвечары бралі сякеру, адлічвалі дзевяць бярвёнаў ў хаце і рабілі сякерай дзірку ў дзевятым бервяне і клалі ў яе столькі каменьчыкаў, колькі галоў заначавала ў полі і казалі так : - Хай балюча будзе ваўку, мядзведзю, злому чалавеку, злодзею ад гэтых каменьчыкаў.

Важна зазначыць, што для напісання рэлігійных тэкстаў выкарыстоўвалася мова першакрыніцы – пераважна арабская. А шматлікія народныя павер’і апісваліся на беларускай мове. І часцей за ўсе мяжа паміж фальклорам і рэлігіяй заціралася, ад рэлігійнага заставалася толькі згадванне імя прарока і некаторых іншых персанажаў.

Прыкладам можна лічыць апісанне таго, што трэба пазбягаць ў пэўныя дні месяца.

Распавядаецца, што трынаццаць дзен ў месяцы нешчаслівыя. Калі у гэтыя дні народзіцца дзіцяці, то яно будзе шмат грашыць і пражыве мала, калі хто-небудзь захварэе ў гэты час, то з вялікай верагоднасцю памрэ, у гэты перыяд бачаць шмат жахлівых сноў, шмат хлусяць. У так званыя шчаслівыя дні месяца добра таргаваць, шыць новае адзенне, спраўляць вяселле, ездзіць на вялікую адлегласць. Доўгі век будзе у народжанага дзіцяці; хто ў гэты перыяд захварэе, хутка ачуняе. Знойдуцца ўсе згубленыя рэчы.І толькі ў шчаслівыя дні месяца трэба хадзіць ў лазню.

Можна зрабіць вывад, што кітабы ўключалі б у свой змест большую колькасць фальклорных элементаў, каб не іх асноўная функцыя, напраўленая на тое, каб забяспечыць рэлігійную адукаванасць татарскага насельніцтва беларускіх зямель. Праўда, існуе такое паняцце, як народна-хрысціянская проза

(аповеды, заснаваныя на народных ўяўленнях пра Бога, Ісуса Хрыста, анёлаў,

хрысціянскія святы і звязаныя з імі прыкметы, павер’і). Але на думку аўтара вылучаць па аналогіі так званую народна-мусульманскую прозу можна толькі з пэўнымі заўвагамі:

1)Трэба ўлічваць, што адносіны мусульманскага насельніцтва да рэлігіі вызначаюцца пэўным кансерватызмам, і высокаадукаваны мусульманін перш за ўсе будзе максімальна капіраваць вусна і пісьмова галоўную кнігу – Каран, але лагічна, каб пэўную частку складалі вернікі, якія павярхова былі знаёмыя з рэлігійнымі дагматамі.

2) Калі ўзяць гэтую частку вернікаў – ці былі яны здольныя без пэўнай адукацыі ствараць кітабы, ці мелі яны “маральнае” права гэта рабіць?

3)Замена рэлігійных тэрмінаў,назваў жывёл, побытавых рэчаў на блізкія беларускія адпаведнікі ў большай ступені адлюстроўвае змены, якія адбыліся ў светапоглядзе татараў пры перасяленні на беларускія землі.

Ва ўсялякім разе я буду мець рацыю, калі зазначу, што творчасць беларускіх татараў з’яўляецца ўдалым рэчышчам для фалькларыстычных даследванняў.
Гласарый:

Аўле - палудзенная малітва, полудзень.

Акіндэ, акіндэй - пасляпалудзенная малітва, пасляпалудзен­ны час.

Ахшам - вячэрняя малітва, вечар.

Кушлук - палудзенная малітва

Літаратура


1.Антонович А.К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильня, 1968

2. Шлюбскі А. Беларуская мова арабскай транскрыпцыяй. "Наш Край" 1926. №6-7


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка