Фарміраванне базісу для ажыццяўлення крымінальна-прававых даследаванняў у бсср на пачатковым этапе яе існавання



Дата канвертавання15.05.2016
Памер64.67 Kb.
ФАРМІРАВАННЕ БАЗІСУ ДЛЯ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ КРЫМІНАЛЬНА-ПРАВАВЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ У БССР НА ПАЧАТКОВЫМ ЭТАПЕ ЯЕ ІСНАВАННЯ (1919 – 1929 ГГ.)

С.А. Гур’еў

Падчас знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі з палітычных прычын на яе тэрыторыі вышэйшая адукацыя была згорнута, адпаведна на беларускіх землях не існавала спецыяльных навуковых устаноў па вывучэнні пытанняў злачыннасці і пакарання, а рэдкія крымінальна-прававыя даследаванні не былі сістэматычнымі.

Пасля абвяшчэння ў 1919 г. беларускай савецкай дзяржаўнасці ў рэспубліцы з’явіліся нарматворчыя функцыі, якія патрабавалі наяўнасці адпаведнага заканатворчага апарату і штату спецыялістаў-прававедаў, у тым ліку і навукоўцаў. Перад вучонымі-юрыстамі стаяла першачарговая задача падрыхтоўкі неабходных праектаў законаў, якія прымаліся органамі ўлады і кіравання. Нацыянальнае заканадаўства ў цэлым паўтарала расійскае, але з улікам канстытуцыйных прынцыпаў размежавання саюзнай і рэспубліканскай кампетэнцыі ў БССР паступова ўзнікала ўсё большая патрэба ва ўласных крымінальна-прававых распрацоўках.

5 студзеня 1919 г. утварыўся Наркамат юстыцыі БССР (НКЮ), якому ў далейшым належала вялікая роля ва ўзнікненні і развіцці ўласнага беларускага савецкага заканадаўства, крымінальнага ў прыватнасці. Створаны пры НКЮ Заканадаўча-кадыфікацыйны аддзел папярэдне разглядаў праекты заканадаўчых актаў наркаматаў і іншых цэнтральных устаноў і ведамстваў, накіроўваў ім свае меркаванні, ведаў апублікаваннем і кадыфікацыяй законаў, складаннем і рэдагаваннем збораў дэкрэтаў і ўсякага роду даведнікаў па савецкім заканадаўстве. Як сведчаць архіўныя дадзеныя, пры распрацоўцы крымінальнага заканадаўства, яго змяненняў і дапаўненняў, Заканадаўча-кадыфікацыйны аддзел старанна вывучаў і арыентаваўся на практыку РСФСР і УССР, праводзячы параўнальны аналіз крымінальнага заканадаўства згаданых саюзных рэспублік [10].

У пачатковы перыяд існавання БССР значную дапамогу юрыдычнымі навуковымі кадрамі ёй аказвалі іншыя савецкія рэспублікі, асабліва РСФСР, навуковы і кадравы патэнцыял якой быў нашмат большы. Найбольш вядомымі навукоўцамі, пераехаўшымі з РСФСР для працы ў БССР і дапамагаўшымі ў навучанні беларускіх прававедаў былі прафесар В.М. Шыраеў і прафесар А.К. Ленц. Напрыклад, В.М. Шыраеў у сваіх працах даследаваў такія асноўныя крымінальныя законы, як «Асноўныя пачаткі крымінальнага заканадаўства СССР і саюзных рэспублік», Крымінальны кодэкс БССР 1928 г. [12; 13]. А.К. Ленц свае асноўныя даследаванні прысвяціў прычынам злачыннасці [9].

Тым не менш, БССР адчувала вострую неабходнасць у падрыхтоўцы ўласных прававедаў, фарміраванні ўмоў для будучых навуковых даследаванняў, у тым ліку стварэнні навуковых кадраў і школ, а таксама спецыяльнага заканадаўчага цэнтру, здольнага да распрацоўкі ўласнага крымінальнага заканадаўства, а таксама і вырашэння арганізацыйных і іншых пытанняў.

Менавіта стварэнне рэспубліканскага заканадаўства побач з саюзным стала адной з падстаў развіцця беларускай прававой навукі і ўзнікнення юрыдычных навуковых устаноў, у тым ліку і першага ў гісторыі Беларусі юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Адкрыццё ў 1921 г. БДУ, які складаўся з трох факультэтаў – рабочага, медыцынскага і грамадскіх навук, а ў апошнім функцыянавала прававое аддзяленне, стала самым важным фактарам развіцця айчыннай юрыдычнай навукі [7, с. 3]. Акрамя таго, у адкрытым у 1922 г. Інстытуце беларускай культуры была створана камісія па савецкаму будаўніцтву (пераўтвораная потым у прававую секцыю), у якой прымалі ўдзел і юрысты – выкладчыкі БДУ, неўзабаве па ўказанні ЦВК БССР Інстытут узяў на сябе функцыі вядучай навуковай арганізацыі па даследаванню прычын злачыннасці. На базе Інстытута беларускай культуры 1 студзеня 1929 г. была створана Беларуская Акадэмія навук, што з’явілася пачаткам новага этапу ў развіцці айчыннай навукі [4, с. 236].

У гэты перыяд наданне афіцыйнага статуса беларускай мове патрабавала выдання на ёй рэспубліканскіх законаў, што ў сваю чаргу рабіла актуальным пытанне распрацоўкі беларускамоўнай юрыдычнай тэрміналогіі. Беларускай прававой навуке давялося ўсяго за некалькі гадоў прайсці шлях па стварэнні ўласнай юрыдычнай тэрміналогіі, у адрозненне ад расійскай навукі, якая карысталася багатым назапашаным дарэвалюцыйным тэрміналагічным досведам, што на наш погляд, з’яўляецца найбольш важным дасягненнем айчыннай навукі крымінальнага права на пачатку 1920-х гг. Буйны ўклад у стварэнне і распрацоўку беларускай юрыдычнай тэрміналогіі, у тым ліку і крымінальнай, унёс Ф.І. Гаўзэ [3].

З прычыны вельмі шырокай праватворчасці беларускай савецкай улады ў паслярэвалюцыйны перыяд яшчэ адным актуальным для беларускіх навукоўцаў пытаннем з’явілася сістэматызацыя савецкіх заканадаўчых актаў. Найбольш плённае у гэтай сферы даследаванне пад назвай «Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919-1928 гг.» належала М.М. Гуткоўскаму [5]. Даследаванне было выдадзена згодна пастановы Савета Народных Камісараў БССР ад 28 лістапада 1928 г. У паказальніку было больш за 4000 законаў і ведамасных актаў, што сведчыць аб наяўнасці вялікага нарматыўнага матэрыялу за невялікі час існавання Беларускай ССР. Класіфікацыя дапаўнялася алфавітна-прадметным паказальнікам, які налічваў 1300 назваў [8, с. 182]. Акрамя таго, у артыкуле «Утварэнне законаў БССР» М.М. Гуткоўскі ў адпаведнасці з асаблівасцямі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, федэратыўных адносін вызначыў этапы ў развіцці заканадаўства БССР, даваў характарыстыку найбольш грамадска значных законаў за 1919 - 1928 гг., якія ў тым ліку насілі крымінальна-прававы характар [6].

Ключавой рысай беларускай прававой навукі была вялікая інтэнсіўнасць і хуткасць яе фарміравання, бо такога выбуховага росту навуковых даследаванняў не ведала ні дарэвалюцыйная Беларусь, ні савецкая Расія, навука якой наадварот збяднела пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пацвержаннем сказанага з’явіўся імклівы рост колькасці айчынных юрыстаў-даследчыкаў, з’яўленне спецыялізаваных перыядычных выданняў, навуковых гурткоў, секцый і таварыстваў і інш.

Так, архіўныя дадзеныя сведчаць аб наяўнасці спецыяльнай юрыдычнай секцыі ў складзе навуковага таварыства пры БДУ, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні крымінальнага права [11]. Аналітычныя і статыстычныя матэрыялы, звязаныя з барацьбой са злачыннасцю, друкаваліся ў такіх перыядычных выданнях, як «Штотыднёвік савецкай юстыцыі» і «Бюлетэнь аддзела кіравання Гомельскага губвыканкама» [2, 1]. Адметнай з’явай у сферы тагачасных прававых даследаванняў з’явіліся «Запіскі аддзела гуманітарных навук. Працы кафедры сучаснага права» – збор артыкулаў па розных галінах юрыдычнай навукі, у тым ліку і крымінальнай, якія выйшлі ў БДУ ў 1929 г. [7, с. 4]. З утварэннем Беларускай Акадэміі навук там пачаў выдавацца збор навуковых артыкулаў «Запіскі Беларускай Акадэміі Навук».

Варта адзначыць, што пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў навуцы паступава стаў пераважаць дагматычны метад даследавання, што негатыўна адбівалася на агульным стане навукі. Тым не менш, у пачатковы перыяд існавання БССР колькасць навукоўцаў-прававедаў і колькасць іх публікацый павялічвалася. Сярод беларускіх навукоўцаў у гэты перыяд варта адзначыць даследаванні I. Барышава, А. Быкава, С. Вольфсана, М. Гельфера, В. Гінзбурга, С.М. Гофмана, М.О. Грэдзінгера, Ф. Жукава, Г. Казлова, С. Канарскага, С.3. Кацэнбогена, Е. Левіна, М. Разенблюма, С. Рахманіна, В. Сарака, А. Скабалана, С. Слупскага, А.Б. Ураблеўскага, Б.С. Уцеўскага, М. Хаўкіна, П. Цыніта, Е.Г. Шырвіндта і інш.

Такім чынам, нягледзячы на некаторыя негатыўныя наступствы Кастрычніцкай рэвалюцыі і панаванне камуністычнай ідэалогіі, ужо ў першае дзесяцігоддзе пасля абвяшчэння БССР адбылося імклівае станаўленне разгалінаванай сістэмы інстытутаў, накіраваных на стварэнне заканадаўства, ажыццяўленне навуковых даследаванняў і адукацыю ў галіне крымінальнага права, была створана і фармалізавана беларускамоўная юрыдычная тэрміналогія, ажыццеўлена сістэматызацыя заканадаўства БССР, у тым ліку ў крымінальна-прававой сферы, што сфарміравала істотны падмурак і спрыяльныя ўмовы для пашырэння навуковых даследаванняў і ўзнікнення беларускай навуковай школы крымінальнага права.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ:

1. Борьба с преступностью // Бюллетень отдела управления Гомельского губисполкома. – Гомель. – 1923. – № 2. – С. 4 – 5.

2. Борьба с преступностью в Белоруссии // Еженедельник советской юстиции. – 1924. – № 9. – С. 4 – 5.

3. Гаўзэ, Ф. І. Да пытання аб беларускай юрыдычнай тэрміналогіі.— «Весці НКЮ», 1927, № 1.

4. Гісторыя Беларусі / рэдкалегія : М. Касцюк (галоўны рэдактар) і інш. Т. 5 : Беларусь у 1917 – 1945 гг. / А. Вабішчэвіч і інш. – 615 с.

5. Гуткоўскі, М.М. Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі за 1919 –1928 гг. з алфавітна-прадметным паказчыкам і спісам чынных на 1 студзеня 1929 г. законаў / МН.: Выд. Кіраўніцтва спраў СНК, 1929. – 264 с.

6. Гуткоўскі, М.М. Утварэнне законаў у БССР.— Запіскі аддзелу гуманітарныіх навук. Працы катэдры сучаснага права, т. 1. Мінск :Беларуская Акадэмія Навук, 1929. С. 212 – 228.

7. Доўнар, Т.І. Зараджэнне айчыннай гісторыка-прававой навукі і яе развіццё ў Беларускім дзяржаўным універсітэце / Т.І. Доўнар // Веснік БДУ. Серыя 3. Права, 2010. – № 3 . – С. 3 – 9.

8. Інстытут беларускай культуры / АН Беларусі, Ін-т гісторыі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1993. – 255 с.

9. Ленц, А.К. Криминальные психопаты (социопаты) / Рабочий суд. – 1927. 64 с.

10. Перечень статей Уголовного кодекса и проект изменений и дополнений к ним (1924 г.) // Национальный архив Республики Беларусь. – Фонд 99. Министерство юстиции РБ. – Оп. 2. – Ед. хр. 218. – Л. 1 – 33.

11. Проект изменений и дополнений Уголовно-процессуального кодекса, проект Особой части Уголовного кодекса БССР (1926 г.) // Национальный архив Республики Беларусь. – Фонд 99. Министерство юстиции РБ. – Оп. 2. – Ед. хр. 323. – Л. 1 – 16.



12. Ширяев, В.Н. Основные начала уголовного законодательства СССР и союзных республик. Минск, 1926. – 18 с.

13. Шыраеў, В.М. Крымінальны кодэкс БССР. – Мінск : Друк. Бел. Акад. навук, 1928. – 35 с.
: bitstream -> 123456789 -> 110405
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка