Філалагічны факультэт змястоўна – фармальная адметнасць чарадзейнай казкі


ГЛАВА 2. Вывучэнне жанравай спецыфікі чарадзейнай казкі на аснове вобразнай сістэмы магічных рэчаў



старонка2/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.92 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 2. Вывучэнне жанравай спецыфікі чарадзейнай казкі на аснове вобразнай сістэмы магічных рэчаў
Большасць названых у першай главе даследчыкаў у той ці іншай ступені звярталіся да функцыі магічнай рэчы ў казцы, але ні адзін не даследаваў яе генезіс і функцыі ў поўным аб’ёме. Ёсць глыбокія даследаванні, прысвечаныя іншым адметным вобразным сістэмам чарадзейнай казкі – сістэме герояў, персанажаў, сістэме чароўных памочнікаў (напрыклад, працы М. Новікава “Вобразы ўсходнеславянскай народнай казкі”, Е. Меляцінскага “Герой чарадзейнай казкі”, У. Пропа “Гістарычныя карані чарадзейнай казкі” і іншыя). Магічным жа рэчам даследчыкі надавалі намнога менш увагі. Напрыклад, беларускі фалькларыст К. Кабашнікаў у сваім артыкуле “Чарадзейныя казкі” (у кнізе “Народная проза”) шмат увагі аддае разгляду вобразаў чароўных памочнікаў героя, тыпаў ворагаў героя, а аб магічных рэчах гаворыць вельмі мала, коратка адзначаючы іх ролю ў сюжэце казкі, ці ўвогуле між іншым. Атрымліваецца, што сістэма магічных рэчаў, можна сказаць, – найменш вывучаная з вобразных сістэм чарадзейнай казкі, прытым, што магічныя рэчы з’яўляюцца вельмі яскравымі прыкладамі адметнасці чарадзейнай казкі як жанру. Дадзенае даследаванне ёсць спроба далейшай распрацоўкі вывучэння асаблівасцей магічных прадметаў у казцы, магічных прадметаў як прыкладаў адметнасці чарадзейнай казкі.

Наша даследаванне грунтуецца на вывучэнні казкі адразу з двух яе ўзаемазалежных бакоў – змястоўнага і фармальнага, гэта значыць фальклорна-мастацкага і моўнага. Мастацкія адметнасці чарадзейнай казкі як жанру, семантыка казачных вобразаў і мова казкі ёсць два непарыўна звязаныя адзін з адным бакі казкі, якія суадносяцца паміж сабой як змест казкі і яе форма. Вывучэнне казкі на фалькларыстычнай і літаратуразнаўчай аснове і вывучэнне казкі на лінгвістычнай аснове разам дапамагаюць вызначыць фармальны і змястоўны бакі спецыфікі ўнутрыказачнага светабачання, а тым самым – адметнасць чарадзейнай казкі як жанру. Тое, што змест і форма казкі непарыўна ўзаемазвязаны, само сабой зразумела – сэнс казкі, семантыка казачных вобразаў і ўсіх астатніх складнікаў выяўляюцца ў слове. Тым самым слова, мова, якою напісана казка, нясе на сабе адбітак казачнага светабачання, таксама адлюстроўвае адметнасць казкі. Таму вывучэнне адной сістэмы вобразаў – сістэмы магічных рэчаў – адразу з пункту гледжання паэтыкі і мовы дапамагае больш глыбокаму разуменню асаблівасцей казкі.

Чарадзейная казка як жанр мае шэраг адметных рыс, многія з якіх мы назвалі ва ўступнай частцы. На гэтых асноўных рысах грунтуецца казачная карціна свету, казачнае светаўспрыманне, якія выяўляюцца праз канкрэтныя матывы, сюжэты і вобразы. Вобразы магічных рэчаў таксама маюць своеасаблівую казачную семантыку, якую мы і спрабуем вылучыць і даследаваць у дадзенай рабоце. Асаблівасці вобразаў магічных рэчаў як адлюстраванне жанравай адметнасці чарадзейнай казкі можна вылучыць, па-першае, зыходзячы з агульных спецыфічных рыс казкі. Гэтыя рысы спецыфічныя таму, што адрозніваюць казку ад іншых фальклорных жанраў. Некаторыя з гэтых жа рыс, а таксама і іншыя можна вылучыць і пры супастаўленні фальклорнай казкі з творамі мастацкай літаратуры. І асобную групу асаблівасцей атрымліваем пры параўнанні казкі з жанрамі літаратуры, найбольш да казкі блізкімі, – найперш з літаратурнай казкай і фэнтэзі. Усе групы асаблівасцей (тыя, якія тычацца выбранага намі аб’екта даследавання – магічных рэчаў) мы і выкарыстоўваем як матэрыял для выяўлення адметнасці чарадзейнай казкі на прыкладзе вобразаў магічных рэчаў.

Адпаведна таму, як казачны свет існуе паводле сваіх законаў, мае свае спецыфічныя рысы, так і ўнутраказачная моўная прастора (ці моўны кантэкст) таксама мае свае спецыфічныя ўласцівасці, дзейнічае паводле сваіх законаў, бо яна разлічана на тое, каб адлюстроўваць казачную рэчаіснасць і казачныя ўяўленні. У сучасным мовазнаўстве амаль агульнапрынятай з’яўляецца думка, што мова чарадзейнай казкі і ўвогуле фальклору – гэта звычайная дыялектная мова, і ўсе яе асаблівасці з’яўляюцца рысамі адпаведнага дыялекту. Мы ж прытрымліваемся думкі, што мова чарадзейнай казкі (і многіх іншых жанраў фальклору, кожнага паасобку) вызначаецца некаторымі спецыфічнымі рысамі, якія адрозніваюць яе ад разнавіднасцей мовы ўсіх іншых сфер ужывання. Таму для асаблівасцей мовы разглядаемага фальклорнага жанру мы і ўводзім спецыяльны тэрмін “унутрыказачная моўная прастора” (ці “моўны кантэкст”). Пад гэтым тэрмінам мы маем на ўвазе спецыфіку мовы казкі, звязаную са спецыфікай самога жанру чарадзейнай казкі, з асаблівасцямі казачнай семантыкі.

Адрозненне казачнай моўнай прасторы ад агульнапрынятай (г.зн. моўнай прасторы літаратурнай мовы і дыялектаў, а таксама гутарковай мовы, на якой размаўляюць людзі ў паўсядзённым жыцці) выяўляецца найбольш на лексічным, семантычным, марфалагічным і сінтаксічным узроўнях. Можна з упэўненасцю сказаць, што ў казках існуюць свае ўнутрыказачныя антонімы, сінонімы, полісемічныя словы, свае тэрміны; паміж словамі ў казках нярэдка ўзнікаюць спецыфічна казачныя сінтаксічныя сувязі; казачныя лексемы маюць свае асаблівыя казачныя значэнні і ў адпаведнасці з імі валодаюць асаблівай спалучальнасцю. Спецыфічных моўных асаблівасцей у жанру чарадзейнай казкі шмат, на самых розных узроўнях. Амаль для кожнага больш-менш распаўсюджанага казачнага матыву характэрны свае сталыя моўныя звароты, свае лексемы і канструкцыі. Кожны з важнейшых элементаў жанру – персанажаў, чароўных месцаў, магічных істот і г.д. – мае набор звязаных з ім спецыфічных моўных рыс. У рабоце мы спынімся толькі на асаблівасцях мовы чарадзейнай казкі, звязаных з лексемамі са значэннем магічнай рэчы і кантэкстам, у якім яны ўжываюцца.

ЧАСТКА ІІ.

ЗМЯСТОЎНАЯ (ФАЛЬКЛОРНА-МАСТАЦКАЯ) АДМЕТНАСЦЬ ЧАРАДЗЕЙНАЙ КАЗКІ
ГЛАВА 3. Уласна казачныя асаблівасці магічных рэчаў як прыклад адметнасці жанру чарадзейнай казкі
Уласна казачную групу адметных рыс чарадзейнай казкі на прыкладзе магічных рэчаў мы вызначаем паводле ўнутранай спецыфікі разглядаемага жанру, тых агульных прыкмет, якія можна лічыць асновай казачнага светабачання, асновай жанру ў самым агульным плане. Гэтыя рысы наступныя:


  • казачнае светабачанне шмат у чым грунтуецца на міфалагічным;

  • прысутнасць у казках архетыповых і сімвалічных вобразаў, пабудаванасць казкі паводле пэўнай структуры;

  • пэўная суаднесенасць з гістарычнымі рэаліямі (у казках згадваюцца розныя рэальна існаваўшыя з’явы; магчымасць таго, што фантастычныя вобразы казак таксама нейкім чынам можна суаднесці з рэальнасцю);

  • у казках, магчыма, у закадзіраваным выглядзе знайшлі адлюстраванне веды і светабачанне старажытных людзей (мы прытрымліваемся шырока распаўсюджанай у сучаснай навуцы тэорыі, што казкі складаліся як сродак навучання моладзі, перадачы інфармацыі, назапашаных ведаў пра акаляючы свет, чалавека, маральныя нормы, духоўныя каштоўнасці і г.д.);

  • цьмянасць, недагаворанасць і схематызм вобразаў.

Паколькі наша даследаванне грунтуецца канкрэтна на вобразах магічных прадметаў як прыкладу адметнасці жанру, то трэба таксама адзначыць і тыя асноўныя рысы, якімі вызначаецца функцыянаванне дадзеных вобразаў у структуры разглядаемага жанру:

- наяўнасць магічных прадметаў – адна з вызначальных рыс чарадзейнай казкі як жанру, сама схема, паводле якой пабудавана казка, у многім прадвызначае наяўнасць магічнага прадмета (такую наяўнасць прадвызначаюць першапачатковая нястача ў казцы, другая функцыя дарыльшчыка, ліквідацыя першапачатковай нястачы);

- для чарадзейных казак характэрна вялікая колькасць і разнастайнасць магічных рэчаў;

- галоўнае ў вобразах магічных рэчаў – іх роля (мэта) ў сюжэце і функцыя;

- схематызм вобразаў магічных рэчаў, адсутнасць у казках апісання іх знешняга вобліку.

Грунтуючыся на гэтых асноўных прыкметах жанру чарадзейнай казкі і вобразаў магічных рэчаў у ім, мы вылучылі наступныя уласна казачныя асаблівасці, якія тычацца магічных рэчаў:



  1. Вялікая колькасць і разнастайнасць магічных рэчаў, а таксама важнасць іх функцый і магчымая суаднесенасць з гістарычнымі рэаліямі вымагаюць падрабязнай класіфікацыі магічных рэчаў, якая праводзіцца намі паводле некалькіх аснаванняў.

  2. Магчымасць таго, што магічныя рэчы з’яўляюцца адлюстраваннем у казцы існаваўшых у часы складання казак фетышыстскіх уяўленняў ці іх рэшткаў (грунтуецца на суаднесенасці тэкстаў казак з гістарычнымі рэаліямі і з светабачаннем старажытных людзей).

  3. Сімвалізм у сістэме функцый магічных прадметаў (у аснове гэтага назірання – сімвалізм вобразаў казкі, казка як крыніца ведаў і светабачання людзей і вызначальная роля функцыі магічнай рэчы).

  4. Суадносіны функцый магічных рэчаў з рэальнымі прадметамі, якія з’яўляюцца аналагамі магічных па назвах (грунтуемся на адсутнасці апісання знешняга вобліку рэчы ў казках, на цьмянасці і схематызме вобразаў у казках).

  5. Магчымае паходжанне вобразаў магічных рэчаў у казках ад рэальна існаваўшых прадметаў і з’яў (на аснове суаднесенасці казак з гістарычнымі рэаліямі і з ведамі старажытных людзей).



Раздзел 3.1. Прынцыпы класіфікацыі магічных рэчаў у чарадзейных казках
У чарадзейных казках сустракаецца вялікая колькасць магічных рэчаў – яны ёсць практычна ў кожнай казцы. Разнастайнасць гэтых рэчаў агромністая. Магічныя рэчы маюць вялікае значэнне для развіцця сюжэта, у іх ёсць некалькі мэт у сюжэце, але праяўляюцца гэтыя мэты з дапамогай значнай колькасці функцый, якія могуць выконваць рэчы ў казках. Акрамя таго, і атрымаць магічную рэч герой можа рознымі шляхамі. Усе гэтыя акалічнасці і яшчэ некаторыя іншыя вымагаюць падрабязнай класіфікацыі магічных рэчаў. Але, наколькі нам вядома, спроб падобнай класіфікацыі сярод даследчыкаў пакуль не было. У прадстаўленай працы мы прапануем некалькі класіфікацый магічных рэчаў – паводле розных параметраў:



  1. Прадметна-тэматычная класіфікацыя. Яна праводзіцца на падставе ўмоўнага знешняга выгляду і прызначэння магічных прадметаў, зыходзячы з іх назваў. Звяртаем увагу на тое, што гэта класіфікацыя – па прыналежнасці назваў магічных рэчаў да якой-небудзь тэматычнай группы рэчаў – бытавых аналагаў магічных. Прадметна-тэматычная класіфікацыя не ўлічвае ўласна магічных прымет казачных аб’ектаў, а праводзіцца так, як быццам гэта звычайныя рэчы. Такім чынам, у прадстаўленай класіфікацыі вылучаюцца наступныя групы магічных прадметаў:

а) прадметы быту і інтэр’еру, напрыклад: дзверы, дыван-самалёт, клубочак, люстэрка, стол і г.д.;

б) прылады працы: красіўцо, крамянец і губкі шматок; сякерка; медная трубачка і малаточак; іголка і г.д. Чамусьці менавіта сярод рэчаў-прылад працы часцей за ўсё сустракаюцца такія, якія выконваюць сваю магічную функцыю разам з іншымі прадметамі;

в) вопратка і ўкрасы: жалезныя боты, вірмяк-ненавідзец, капялюш, мундзір, пярсцёнак і г.д.;

г) прадметы мастацтва: гуслі, дудачка, кніга, скрыпка і г.д.;

д) зброя і збруя: дубінка, шабля, шашка-самарубка, сядло, узда і г.д.;

е) рэчы арганічнага паходжання. Яны падзяляюцца на тры групы: рэчывы; ежа, садавіна; часткі цела чалавека і жывёл: вада; яблык, жалезны хлеб; клык, звярынае малако і г.д.;

ж) рэчы з выключна магічнымі функцыямі: сярэбранае блюдачка (сподак), наліўны яблычак; шар;

з) у асобную групу трэба вылучыць рэчы, якія немагчыма ўключыць ні ў адну з вышэй прыведзеных груп: рог вілкі, палка, жалезны кій.


2. Наступная класіфікацыя – генезісная – праводзіцца паводле крыніцы і спосабу атрымання рэчы героем, паводле таго, адкуль герой можа атрымаць магічную рэч:

- у падарунак;

- можа знайсці рэч сам;

- атрымаць рэч у якасці платы за службу;

- атрымаць як трафей у баі;

- у выніку абмену з іншымі персанажамі;

- у выніку падману іншых персанажаў – набыць хітрасцю;

- у спадчыну ад бацькоў.


3. Трэцяя класіфікацыя – функцыянальная – грунтуецца на функцыях, якія выконваюць магічныя рэчы ў казках. У гэтай класіфікацыі – па ўздзеянню, якое аказваюць магічныя рэчы на знешнюю рэчаіснасць – мы вылучаем наступныя функцыі магічных рэчаў:

а) трансфігуратыўная – функцыя змены, ператварэння фізічнага стану персанажаў. Віды такога змянення ў казках сустракаюцца самыя розныя: вяртанне жыцця, вяртанне маладосці, вылечванне ад хвароб, наданне вялікай фізічнай моцы і інш. Падобную функцыю выконваюць такія рэчы, як: жывая і мёртвая, прыкрасная, сільная і бяссільная вада; яблыкі розных гатункаў; капялюш-невідзімка, мундзір, хустачка і іншыя;

б) дэструктыўная – функцыя знішчэння розных матэрыяльных з’яў, здзяйснення забойстваў і гвалту. Гэтую функцыю выконвае, зразумела, разнастайная зброя, а таксама асобныя віды яблыкаў і хустачак;

в) крэатыўная – процілеглая дэструктыўнай – функцыя стварэння разнастайных матэрыяльных аб’ектаў. Сюды адносяцца такія рэчы, як медная трубачка і малаточак; красіўцо, крамянец і губкі шматок; сякерка; столік; абрус-самабор; грабёнка; шкатулачка і іншыя;

г) локусная функцыя назіраецца тады, калі магічная рэч з’яўляецца месцам жыхарства нейкай чарадзейнай істоты: шар, бутэлька;

д) гіпнатычная функцыя – магічная рэч мае здольнасць прымушаць персанажаў рабіць нешта: гуслі, сабачка (прымушаюць скакаць);

е) інфарматыўная – функцыя захоўвання ці перадачы інфармацыі. Яе выконваюць: дудачка; пузырок, які напаўняецца крывёю падчас смерці героя і, такім чынам, паведамляе аб гэтым яго бацькам; люстэрка; сярэбранае блюдачка і наліўны яблычак; кніга і іншыя;

ж) транспартацыйная – функцыя перамяшчэння ў прасторы: дыван-самалёт, боты-скараходы; ступа, качарга і памяло Бабы-Югі; лятучы карабель;

з) валюнтатыўная функцыя праяўляецца тады, калі магічная рэч з’яўляецца сродкам кіравання іншымі магічнымі рэчамі, працэсамі і істотамі: сядло, пярсцёнак, дзверы, палка;

і) хранатопаметрычная – функцыя вымярэння прасторы і часу. Яе выконваюць жалезныя боты, жалезны кій і жалезны хлеб;

к) геданістычная, ці забаўляльная, функцыя. Яе выконваюць, напрыклад, самаграйныя гуслі.
4. Наступная класіфікацыя – экзаморфная – грунтуецца на знешніх прыметах магічнасці. Магічныя рэчы могуць мець у сваім знешнім выглядзе нейкія рысы, якія ўказваюць на іх незвычайнасць, а могуць і не мець. Такім чынам, паводле названай якасці рэчы дзеляцца на дзве групы:

а) рэчы, якія не маюць у сваім выглядзе прымет магічнасці;

б) рэчы, якія іх маюць. У другой групе вылучаюцца такія параметры:

- сапсаванасць рэчы: парваны кашалёк, парваная кніга, іржавая шабля, іржавае сядло. Чаму магічныя рэчы ў казках часта бываюць сапсаванымі? Наконт гэтага ў нас ёсць два меркаванні: ці гэта ўказанне на тое, што названыя рэчы вельмі старыя; ці – паколькі ў іх знешнім выглядзе нешта адсутнічае, нейкая састаўная дэталь, – то тут, магчыма, маецца на ўвазе наступнае: каб рэч набыла нейкаю нябачную, магічную ўласцівасць, яе трэба пазбавіць некаторай бачнай ўласцівасці. Калі так, то, можа, тут крыецца падказка, як трэба рабіць магічныя рэчы – нейкім чынам спецыяльна сапсаваць звычайную рэч;

- незвычайны колер: чорныя яблыкі, залатыя яблыкі;

- сюды ж можна аднесці і прымету магічнай непадзельнасці пэўнай рэчы з іншымі рэчамі – выпадкі, калі некалькі прадметаў (два ці тры) выконваюць магічную функцыю толькі разам: красіўцо, крамянец і губкі шматок; тапарок і малаток; крэмень і мысат; сярэбраны сподачак і наліўны яблычак і іншыя.


5. Асобасна-комплексная класіфікацыя праводзіцца паводле таго, дзейнічае прадмет незалежна ад іншых прадметаў, ва ўзаемадзеянні з іншымі прадметамі, ці ў комплексе з імі. На гэтай падставе можна вылучыць рэчы:

- адзінкавыя рэчы, якія выконваюць сваю функцыю ў адзіночку (самаграйныя гуслі, капялюш-невідзімка, хустачка, дыван-самалёт і іншыя);

- рэчы, якія выконваюць сваю функцыю асобна, але яны семантычна недастатковыя без выкарыстання іншых прадметаў (мёртвая вада – толькі зжыўляе цела, выконвае як бы пераходную функцыю для ажыўлення жывой вадой). Тут ёсць дзве рэчы, дзве функцыі, дзейнічаюць яны ў розныя моманты, неадначасова, але ўзаемазалежна;

- комплексы рэчаў, якія выконваюць адну функцыю і толькі разам (красіўцо, крамянец і губкі шматок – разам ствараюць для героя войска; сярэбраны сподачак і наліўны яблычак, дзейнічаючы строга разам і адначасова, здольны паказваць герою любыя месцы і з’явы).


6. Мэтавая класіфікацыя ўлічвае прызначэнне, мэту магічнага прадмета ў сюжэце казкі. Разам з функцыянальнай, гэтая класіфікацыя адлюстроўвае найбольш важную з’яву, звязаную з магічнымі прадметамі ў казках. Мэты чароўных прадметаў у сюжэце могуць быць наступныя:

- дапамагаць герою (розныя віды хустачак, сякерка, нож і карты, рушнічок, палка, прыкрасная вада і іншыя);

- перашкаджаць, шкодзіць герою (дзверы);

- дапамагаць ворагу героя (кніга чараўніка; ступа, качарга і памяло Бабы-Югі);

- замяняць сабой героя ці яго ворага, замяшчаць іх вобразы (дудачка, якая вырастае на магіле забітай дзяўчыны і спявае яе голасам; яблыня, ложак і кубкі з вадою, у якія ператвараюцца змяіхі, каб забіць героя);

- замяшчаць сабой іншыя элементы сюжэта, іншыя вобразы: царства (клубочкі, у якія скатваюцца залатое, срэбранае і меднае царствы), караблі (іх магчыма “убраць” у хустачку), чароўных памочнікаў (якія знаходзяцца ў палцы і выходзяць пры стуканні ёю аб зямлю) і г.д.


7. І, нарэшце, апошняя класіфікацыя – вербальна-магічная – грунтуецца на тым, ці патрэбна для актывізацыі магічнай рэчы вымаўляць пэўныя словы-замовы. Адпаведна вылучаюцца дзве групы магічных рэчаў:

- рэчы, для якіх патрэбны словы-заклінанні: дыван-самалёт (“Нясі, дыване!” + напрамак), столік (“Столік, столік, адчыніся, дай нам піці-есці, што на свеце ёсць!”), сярэбраны сподачак і наліўны яблычак (“Кацісь, кацісь, наліўное яблачка, па сярэбранаму блюдачку, паказвай мне палкі на палях, караблі на марах, і з гор высаты, з нябес красаты!”);

- рэчы, для якіх непатрэбны словы-заклінанні.

Раздзел 3.2. Магічныя рэчы як праяўленне фетышысцкіх уяўленняў
Фетышызм – форма першабытных вераванняў людзей, якая ўяўляе сабой пакланенне прадметам на падставе надання ім звышнатуральных якасцей і функцый. Пры гэтым такі прадмет не суадносіўся з якой-небудзь вышэйшай істотай (богам, духам) і не характарызаваўся анімізмам (наяўнасцю душы, адушаўлёнасцю). Проста ва ўяўленні людзей нейкі пэўны прадмет валодаў магічнымі функцыямі сам па сабе. Прадметам маглі надавацца магічныя якасці, напрыклад, на падставе таго, што ён нечым адрозніваўся ад свайго класа прадметаў, нечым выклікаў у чалавека здзіўленне. Ці на падставе таго, што чалавеку шанцавала, калі пры ім быў адпаведны прадмет, і чалавек звязаў з ім удачу.

Адносна фетышызму даследчыкі пішуць: “У першабытных людзей асаблівае значэнне мела шанаванне разнастайных прадметаў, якія павінны былі прыносіць удачу і адводзіць небяспеку. Гэтая форма рэлігійных вераванняў атрымала назву “фетышызм”. <...> Фетышам мог стаць любы прадмет, які ўразіў уяўленне чалавека: камень незвычайнай формы, кавалак дрэва, зуб выкапнёвай жывёліны, ювелірнае ўпрыгажэнне. Гэтаму прадмету прыпісваліся неўласцівыя яму якасці (здольнасць вылечваць ад хвароб, аберагаць ад небяспекі, дапамагаць на паляванні). <...> Гаворачы аб шырокай распаўсюджанасці фетышызму, неабходна падкрэсліць, што змест гэтай сістэмы вераванняў з цягам часу істотна змяніўся. <...> У глыбокай старажытнасці людзі не надзялялі выбраныя імі прадметы чалавечымі якасцямі, не адухаўлялі і тым больш не абагаўлялі іх. Сутнасць першабытнага фетышызму заключалася ў тым, што чалавек бачыў у прадметах, якія ўразілі яго ўяўленне, якасці, якія не выяўляліся ў іх пры дапамозе звычайных органаў пачуцця” [31, с. 32-33].

Параўнаем гэтыя звесткі з тым, што мы ведаем аб магічных прадметах у казках. Гэта прадметы, якім надаюцца звышнатуральныя якасці, магічныя функцыі. Быць магічным у казцы можа любы прадмет (у казках усе прадметы магічныя, мы маем на ўвазе, што магічныя прадметы могуць суадносіцца па назвах з любымі рэальнымі прадметамі). У казках адсутнічае апісанне знешняга выгляду чароўных рэчаў, але некаторым з іх надаюцца эпітэты, якія падкрэсліваюць толькі адну незвычайную рысу такога прадмета – колер (чорныя яблыкі), сапсаванасць рэчы (дзіравы кашалёк). Гэта, як бачым, суадносіцца з інфармацыяй аб тым, што фетышам магла зрабіцца рэч, якая вызначалася нейкай незвычайнай рысай. Фетышамі лічыліся такія прадметы, якія прыносілі чалавеку нешта добрае – удачу, здароўе, поспех у пэўнай справе. І асноўная мэта магічных рэчаў у сюжэце казкі – дапамагаць герою. Рэчаў, якія шкодзяць герою, якія герой не можа выкарыстаць дзеля сваіх мэт, у казках амаль не існуе (фактычна, у беларускіх казках мы знайшлі толькі дзве такія рэчы – дзверы і кніга чараўніка). Далей: у казках няма ніякіх прыкмет таго, што рэчы магічныя, таму што звязаны з вышэйшай істотай. Яны магічныя самі па сабе. Няма і прыкмет адушаўлёнасці магічных рэчаў.

Можна зрабіць выснову, што ўласцівасці і прызначэнне магічных рэчаў у казках шмат у чым падобныя да рыс фетышаў. Значыць, у чарадзейных казках мог знайсці адлюстраванне такі кампанент светабачання старажытных людзей, як фетышызм. Калі гэта так, то такая прыкмета можа сведчыць аб глыбокай старажытнасці казачных сюжэтаў, паколькі ў вобразах казачных прадметаў адлюстраваны фетышызм у сваіх ранніх праявах.

Што тычыцца адсутнасці адушаўлёнасці ў магічных прадметаў народных казак, то тут можна зрабіць наступныя заўвагі. У беларускіх чарадзейных казках няма прадметаў, якія б валодалі сваім розумам, маглі б размаўляць і г.д. Ёсць толькі рэчы, якія з’яўляюцца месцам жыхарства чарадзейных істот (паветраны шар, у якім жыве чорт), ці ў якіх жыве душа забітага чалавека (дудачка, скрыпка). А вось ў літаратурных казках і фэнтэзі адушаўлёнасць прадметаў сустракаецца даволі часта. Успомнім, напрыклад, люстэрка з казкі А. Пушкіна “Аб мёртвай царэўне і сямі асілках” [30] – яно размаўляла, было здольна выносіць асабістыя меркаванні. У рамане Г.Л. Олдзі “Шлях меча” [25] дзейнічаюць як персанажы мечы, надзеленыя розумам. Пярсцёнак Усеўладдзя ў кнізе Дж.Р.Р. Толкіена “Уладар Пярсцёнкаў” [38] валодаў асабістай воляй і зачаткамі розуму.

Раздзел 3.3. Сімвалізм у сістэме функцый магічных рэчаў чарадзейных казак
Для фальклору ў цэлым і для чарадзейнай казкі, у тым ліку, характэрны сімвалізм. Тут выкарыстоўваюцца вобразы-сімвалы, паняцці і дзеянні, якія маюць пэўны сімвалічны сэнс. Некаторыя даследчыкі гавораць пра сімвалічны код розных жанраў фальклору, у тым ліку, і чарадзейнай казкі. У чарадзейнай казцы могуць быць зашыфраваны ў пераасэнсаваным згодна з казачным светаўспрыманнем выглядзе розныя рэальныя працэсы, з’явы і веды людзей пра іх.

Пры стварэнні класіфікацыі магічных рэчаў па функцыях мы звярнулі ўвагу на своеасаблівы глабальны характар гэтых функцый. Дзеянні магічных рэчаў тычацца такіх катэгорый, што з’яўляюцца асновай працэсаў, якімі вызначаецца існаванне чалавека і Сусвету. Атрымліваецца, што функцыі магічных прадметаў як сістэмы з’яўляюцца сімвалічным адлюстраваннем галоўных працэсаў ў жыцці чалавека і існаванні свету. Звернемся да прыкладаў.



  • крэатыўная і дэструктыўная функцыі адлюстроўваюць, можна сказаць, галоўныя працэсы ў Сусвеце – працэс стварэння і працэс разбурэння. Усё ў свеце калі-небудзь як-небудзь ствараецца і калі-небудзь знішчаецца;

  • функцыя трансфігурацыі тычыцца ўсіх змен, якія могуць адбывацца з фізічным станам чалавека (прычым у казках амаль усе гэтыя змены бінарныя – ёсць функцыя і процілегласць гэтай функцыі) – наданнне маладосці і старасці (выконваюць: яблыкі, хустачка), надзяленне хваробай і вылечванне ад хваробы (яблыкі двух сартоў – адны вырошчваюць рогі на галовах у людзей, другія рогі знішчаюць), ператварэнне людзей у жывёл і жывёл адваротным чынам у людзей (узда), наданне вялікай фізічнай моцы і адбіранне моцы (моцная і слабая вада) і г.д.;

  • гіпнатычная і геданістычная функцыі звязаны з пачуццямі і воляй людзей: рэчы з гіпнатычнай функцыяй выклікаюць пачуцці без згоды чалавека і прымушаюць яго рабіць нешта без яго згоды (сабачка), а рэчы з геданістычнай функцыяй выклікаюць нейкія добрыя пачуцці з дазволу чалавека, пры яго жаданні выкарыстаць гэтыя рэчы (самаграйныя гуслі);

  • інфарматыўная функцыя забяспечвае захоўванне і перадачу інфармацыі – з’яву вельмі важную на ўсіх узроўнях існавання свету: ад захоўвання генетычнай інфармацыі ў малекулах ДНК да жыццядзейнасці чалавека;

  • транспартацыйная функцыя звязана з перамяшчэннем ў прасторы, без чаго нельга абыйсціся і ў рэальным жыцці;

  • хранатопаметрычная функцыя – функцыя вымярэння прасторы і часу, таксама надзвычай важная з’ява для жыцця людзей, звязаная да таго ж з будовай Сусвету і працэсамі, што ў ім адбываюцца;

  • валюнтатыўная функцыя забяспечвае кантроль над рознымі з’явамі і працэсамі, кіраванне імі, без чаго чалавеку ў яго жыццядзейнасці ніяк не абыйсціся;

  • локусная функцыя звязвае жывых істот з месцам іх жыхарства, што, зразумела, таксама з’яўляецца фундаментальнай з’явай жыцця свету: усе жывыя істоты маюць пэўнае месца жыхарства.



Раздзел 3.4. Суадносіны функцый і характарыстык магічных рэчаў з рэальнымі прадметамі – аналагамі магічных па назвах
Знешні выгляд магічных рэчаў у казках ніколі не апісаны. Па гэтай прычыне нельга вызначыць, ці разумееца пад прадметам, абазначаным пэўнай назвай, прадмет, што выглядае як рэальны з гэтай жа назвай, ці дадзеная магічная рэч выглядае неяк інакш і яе воблік не супадае з яе рэальным аналагам – аналагам па назве. Але ў той жа час, калі параўноўваць народную казку з мастацкай літаратурай, то атрымліваецца, што спецыфіка казкі ў тым, што ў ёй назвы магічных прадметаў у большасці выпадкаў суадносяцца з рэальнымі прадметамі, як бы адлюстроўваюць рэчыўны свет тых эпох, у якія ствараліся казкі. У беларускіх казках хіба толькі паветраны шар нельга супаставіць з рэальным прадметам, астатнія – шкатулачкі, яблыкі, мундзіры, капелюшы, кнігі, дудачкі, грабёнкі, шаблі і г.д. – адпавядаюць па назвах (але толькі па назвах!) рэальным прадметам. У літаратуры ж магічныя прадметы часта не маюць аналагаў у жыцці, як напрыклад, фіал Галадрыэлі з “Уладара пярсцёнкаў” Дж.Р.Р. Толкіена [38], філасофскі камень з “Гары Потера” Дж.K. Ролінг [33], жазло і дыскі Мішакаль з “Драконаў Асенніх Прыцемкаў” М. Уэйс і Т. Хікмэн [40], эйнджыл з цыкла “Меч ісціны” Т. Гудкайнда [9] і іншыя.

Але вернемся да народных казак. Функцыі і характарыстыкі магічных рэчаў у чарадзейных казках вельмі часта таксама нельга суаднесці з функцыямі і характарыстыкамі адпаведных рэальных прадметаў. Але не заўсёды. Ёсць у казках і такія прадметы, якія можна пэўным чынам суаднесці са звычайнымі, існуючымі ў рэальнасці. Такім чынам, усе магічныя рэчы ў чарадзейных казках можна разбіць на дзве групы:



  1. Магічныя рэчы, якія па сваіх функцыях і характарыстыках не супадаюць з адпаведнымі рэальнымі прадметамі. Напрыклад:

  • медная трубачка і малаточак – чароўныя рэчы, здольныя стварыць для свайго ўладальніка войска. Рэальныя рэчы з такімі ж назвамі наўрад ці маюць якое-небудзь дачыненне да стварэння войскаў;

  • ступа Бабы-Югі – здольна лётаць у паветры, выконвае транспартацыйную функцыю – дапамагае сваёй уладальніцы перамяшчацца ў прасторы. Звычайная ступа для палётаў не прызначана, перамяшчацца на ёй нельга;

  • пярсцёнак – рэч, якая дапамагае герою застацца ў жывых, калі ён кідаецца ў кацёл з кіпенем з мэтай вярнуць сабе маладосць. Пярсцёнак выконвае валюнтатыўную функцыю – кантролю над магічным працэсам. Рэальныя пярсцёнкі такімі магчымасцямі не валодаюць і ніякімі працэсамі кіраваць не здольныя.




  1. Магічныя рэчы, якія па некаторых сваіх функцыях і характарыстыках часткова супадаюць са сваімі рэальнымі аналагамі. Напрыклад:

  • узда. Рэальна: яе надзяюць на каня, каб кіраваць ім, падпарадкоўваць яго сваёй волі. Казачна: яна ператварае чалавека ў каня, каб падпарадкаваць яго волі гаспадара ўзды;

  • шабля – разбуральны прадмет, які выкарыстоўваецца для забойства жывых істот (як ў рэальным жыцці, так і ў казках);

  • сядло – спецыяльная сядло, якім трэба сядлаць чароўнага каня. Паколькі ў казках выкарыстоўваецца дзеяслоў “сядлаць” (“Ідзі, Ванька, бяры сядло іржавае... Ну, Ванька, быстрэй сядлай мяне...” (ІІ, с.138)), то можна гаварыць пра суадноснасць функцый казачнага сядла са звычайным;

  • сякерка – магічная прылада працы, з дапамогай якой можна зрабіць любую пабудову. Звычайная сякера таксама можа выкарыстоўвацца пры будаўніцтве;

  • кашалёк – магічная рэч, у якой ці з дапамогай якой невядома адкуль з’яўляюцца грошы. Звычайныя кашалькі таксама звязаны з грашыма.

Раздзел 3.5. Магчымае паходжанне вобразаў магічных рэчаў ад рэальна існаваўшых прадметаў і з’яў
Асобнага разгляду патрабуе пытанне генезісу вобразаў магічных рэчаў, асновы, на якой яны з’явіліся. Адной з асаблівасцей жанру чарадзейнай казкі з’яўляецца тое, што яе змест абумоўлены рэальнымі і гістарычнымі працэсамі і з’явамі, але яны знайшлі ў ёй адлюстраванне ў своеасаблівым выглядзе, пераасансаваным з дапамогай фантазіі, казачнай фантастычнасці. К. Кабашнікаў піша пра гэта: “...можам канстатаваць гістарычную абумоўленасць мастацкай выдумкі чарадзейных казак, яе сувязь з жыццём, сацыяльнымі інстытутамі і светапоглядам стваральнікаў народнай паэзіі на ранніх этапах развіцця грамадства” [16, с. 170]. Шмат увагі надаваў гэтай асаблівасці казак У. Проп – аўтар працы “Гістарычныя карані чарадзейнай казкі”. Пісаў ён аб дадзенай з’яве і ў сваёй “Рускай казцы”: “Тое, што ўяўляецца нам чыстай фантастыкай, бярэ пачатак ў рэчаіснасці. <...> Гэта рэчаіснасць далёкага мінулага, змешаная з фантазіяй, якая, у сваю чаргу, таксама тлумачыцца праз нейкія рэаліі. Памылковыя ўяўленні не нараджаюцца самі сабой, незалежна ад рэальнасці. Яны заўсёды могуць быць растлумачаны той рэчаіснасцю, якая іх нарадзіла...” [29, с. 278]

Адсюль вынікае, што і вобразы магічных рэчаў у казках таксама – не плод мастацкай выдумкі, а нейкім чынам пераасэнсаваныя факты рэчаіснасці. Можна вылучыць некалькі асноў, на падставе якіх маглі з’явіцца ў казках магічныя рэчы.

Нельга выключаць тое, што ў нашых далёкіх продкаў маглі існаваць тэхналогіі і здольнасці, якія пазней страціліся, – менавіта яны і адлюстраваны ў казках. Напрыклад, клубочак, што паказвае герою дарогу. Адкуль мог узяцца такі вобраз? Магчыма, у старажытных славян існаваў нейкі своеасаблівы компас, які і замацаваны ў казках у выглядзе клубочка.

З больш верагоднага магчыма, што магічныя рэчы – алегарычна пераасэнсаваныя рэальныя рэчы і з’явы. Узяць, для прыкладу, той жа клубочак. Рускія вучоныя (В. Дзёмін, А. Нізоўскі) сцвярджаюць, што на нейкім этапе развіцця ў славян існавала вузялковае пісьмо. На гэтай падставе можна меркаваць, што клубочак – зматаная нітка з вузялковым пісьмом, якім напісана-растлумачана, як знайсці дарогу.

Вобразы магічных рэчаў маглі таксама з’яўляцца праз наданне звычайным рэчам магічных функцый ці пераасэнсаванне іх функцый як магічных. Пра гэта таксама пісаў У. Проп: ”Чалавек у меншай ступені заўважае свае намаганні і ў большай – працу прылады. Так атрымліваецца канцэпцыя, што прылада працуе не ад прыкладзеных намаганняў (чым больш дасканалая прылада, тым менш намаганні), а ў выніку ўласцівых ёй чарадзейных якасцей. Атрымліваецца ўяўленне аб прыладзе, працуючай без чалавека, за чалавека” [28, с.194].

У казках могуць быць паказаны таксама і рэчы, якія сапраўды ўжываліся ў магічных абрадах і рытуалах, шаманскіх і рэлігійных дзеяннях.




: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Беларускіх чарадзейных казках
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Семантыка вобразаў героя І антыгероя ў чароўных казках пра крышталёвую гару
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна С. В. Сістэмнасць кампанентаў змястоўнай структуры рэчыўных вобразаў
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна Славяна напрамкі І падыходы ў даследаванні чарадзейнай казкі
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Славяна Шамякіна рэчаіснасны кампанент у структуры вобразаў-локусаў беларускіх чарадзейных казак
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Матыў крышталёвай гары ў ЕЎрапейскай казцы
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Да пытання аб семантыцы вобразаў казачных коней, атрыманых героем ад бацькі-нябожчыка


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка