Філалагічны факультэт змястоўна – фармальная адметнасць чарадзейнай казкі


ГЛАВА 4. Спецыфіка магічных рэчаў у народнай чарадзейнай казцы ў параўнанні з мастацкай літаратурай



старонка3/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.92 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 4. Спецыфіка магічных рэчаў у народнай чарадзейнай казцы ў параўнанні з мастацкай літаратурай
У папярэдняй главе мы разглядалі асаблівасці вобразаў магічных рэчаў, звязаныя з унутранай спецыфікай чарадзейнай казкі як адметнага жанру фальклору. Аснова для разгляду была наступная: у чарадзейнай казцы ёсць пэўныя рысы, на аснове якіх будуецца казачны свет, і асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад іншых жанраў фальклору, а сістэма магічных рэчаў як адна з вобразных сістэм казкі нясе ў сабе канкрэтныя прыклады гэтых асаблівасцей.

Яшчэ адну групу адметнасцей чарадзейнай казкі, звязаную з магічнымі рэчамі, можна вылучыць, калі параўнаць казку з іншымі відамі мастацтва слова, дзе таксама прысутнічаюць магічныя рэчы. Такім матэрыялам для параўнання служаць асобныя жанры мастацкай літаратуры – перш за ўсё літаратурная казка і фэнтэзі. З дапамогай супастаўлення функцыянавання вобразаў магічных рэчаў у гэтых жанрах літаратуры і ў казцы можна высветліць, якімі спецыфічнымі рысамі вызначаюцца казачныя чароўныя рэчы ў параўнанні са сваімі літаратурнымі аналагамі. Зразумела, каб вызначыць асаблівасці нейкай з’явы, трэба яе параўнаць з іншай, у нечым супастаўнай з ёю.

Акрамя таго, магічныя рэчы складаюць рэчыўны свет чарадзейнай казкі, бо іншыя прадметы, акрамя магічных, у ёй, як правіла, не сустракаюцца. Значыць, на гэтай аснове рэчыўны свет казкі, як прыкладу калектыўнай творчасці, можна параўнаць з рэчыўным светам мастацкай літаратуры ў цэлым, як прыкладу індывідуальнай творчасці. Такім чынам, у дадзенай главе мы будзем параўноўваць чарадзейную казку з мастацкай літаратурай па двух параметрах:


  1. Рэчыўны свет чарадзейнай казкі ў параўнанні з рэчыўным светам мастацкай літаратуры.

  2. Магічныя прадметы чарадзейнай казкі ў параўнанні з магічнымі прадметамі мастацкай літаратуры.



Раздзел 4.1. Спецыфіка рэчыўнага свету чарадзейнай казкі ў параўнанні з рэчыўным светам мастацкай літаратуры
У творах прыгожага пісьменства прысутнічае шмат рэчаў: упамінанне разнастайных рэчаў, апісанне іх, уключэнне ў сюжэт – звычайная з’ява для літаратуры. “Мастацтва выяўляе свет у яго фізічных, канкрэтна-прадметных формах, мастак – сузіральнік рэчаў, носьбіт рэчыўных інтэнцый часу, здольны да іх увасаблення. Ступень прывязанасці да рэчыўнага свету розная – у прозе і паэзіі, у літаратуры розных эпох, у пісьменнікаў разнастайных напрамкаў, але ўласна рэчыўнасць у літаратуры знішчыць нельга” [15, с. 253]. Але ў большасці літаратурных напрамкаў і жанраў гэта звычайныя, немагічныя рэчы. Нават у літаратурнай казцы і фэнтэзі, дзе важную ролю адыгрываюць магічныя рэчы, заўсёды прысутнічаюць таксама і рэчы звычайныя.

Зусім іншая карціна назіраецца ў народных чарадзейных казках. Тут дзейнічаюць толькі магічныя рэчы. Сустракаюцца адзінкавыя выпадкі ўпамінання рэчаў, якія не выконваюць ніякай магічнай функцыі, але яны настолькі рэдкія, што іх можна лічыць выключэннем, дапаўненнем, унесеным у казкі захавальнікамі і апавядальнікамі казак нядаўніх часоў. Такія выпадкі, па сутнасці, з’яўляюцца парушэннямі законаў жанру, таму што не звязаны з абавязковымі элементамі структуры сюжэта і надаюць свету казкі канкрэтнасць і індывідуалізаванасць. Названая вышэй акалічнасць – наяўнасць у народных чарадзейных казках толькі магічных прадметаў – з’яўляецца важнай асаблівасцю, якая адрознівае рэчыўны свет казкі ад прадметнага свету мастацкай літаратуры. На базе такой асноўнай агульнай адметнасці можна вылучыць і больш дробныя асаблівасці рэчыўнага свету казкі.

Для параўнання казачных прадметаў з літаратурнымі прывядзём спачатку цытату аб рэчыўным свеце літаратуры: “Характар прадметаарыентаванасці... не менш за слова і раней, чым сюжэт і герой, гаворыць чытачу аб індывідуальнасці аўтара. <...> Мастацкія прадметы – гэта тыя свядомасныя рэаліі, з якіх складаецца апісаны свет літаратурнага твора...” [15, с. 254]

Супаставім з гэтым тэзісам прадметы чарадзейных казак:



  1. Казачныя прадметы нічога не гавораць аб індывідуальнасці аўтара, таму што народная казка з’яўляецца жанрам калектыўнай вуснай народнай творчасці. Рэчы ў казках з’яўляюцца кампанентам структуры сюжэта, канкрэтным запаўненнем схемы, паводле якой пабудаваны казкі.

  2. Казачныя рэчы не суадносяцца ці толькі часткова суадносяцца з свядомаснымі рэаліямі.

  3. Казачныя рэчы характарызуюць не ўвесь свет твора, а толькі адну яго частку – іншасвет (у другім выпадку слова “свет” выкарыстана ў больш вузкім значэнні, азначае не свет твора як сістэму, а наяўнасць у казачнай мадэлі сусвету дзвюх частак – “нашага” свету і іншасвету). Магічныя прадметы дзейнічаюць менавіта ў іншасвеце, апісваюць яго.



Раздзел 4.2. Роля магічнага прадмета ў сюжэце чарадзейнай казкі ў параўнанні з роляй прадметаў у мастацкай літаратуры
Нагадаем яшчэ раз пра ролю, якую адыгрываюць магічныя прадметы ў сюжэце чарадзейнай казкі. У ёй, як правіла, прысутнічаюць толькі тыя вобразы, дзеянні і г.д., якія маюць значэнне для развіцця сюжэта. Магічныя прадметы, як і большасць пераменных састаўляючых казкі, звязаны з канкрэтнымі праяўленнямі абавязковых структурных элементаў сюжэта, якія У. Проп назваў “функцыямі”. Чароўныя рэчы непасрэдна звязаны па сэнсе з некалькімі з гэтых функцый. Такім чынам, рэчы ў казках з’яўляюцца сюжэтабудаўнічым кампанентам. Калі яны ёсць у казцы (а яны прысутнічаюць у большасці казак), то маюць значэнне для развіцця сюжэта.

У мастацкай літаратуры сітуацыя іншая. Прадметы ў ёй вельмі рэдка выступаюць у ролі сюжэтабудаўнічых кампанентаў. Адваротныя выпадкі, зразумела, ёсць. Напрыклад, у творах А. Купрына “Гранатавы бранзалет”, А. Чэхава “Шведская запалка”, Б. Палявога “Золата”, А. Куляшова “Сцяг брыгады”, А.Федарэнкі “Шчарбаты талер” аднайменныя рэчы арганізоўваюць вакол сябе дзеянне. Але акрамя іх у творах ёсць апісанне і многіх іншых рэчаў (напрыклад, адзення людзей), якія для развіцця сюжэта ніякага значэння не маюць. У вялікай колькасці літаратурных твораў увогуле ўсе рэчы не з’яўляюцца сюжэтабудаўнічымі кампанентамі.

Літаратурная казка і фэнтэзі займаюць як бы прамежкавае становішча паміж народнай чарадзейнай казкай і іншымі жанрамі і напрамкамі літаратуры. Яны цесна звязаны з народнай казкай, і таму ў іх таксама дзейнічаюць магічныя рэчы, многія з якіх маюць значэнне для развіцця сюжэта. Але, па-першае, далёка не ўсе рэчы ў гэтых жанрах магічныя. Па-другое, не ўсе магічныя рэчы з’яўляюцца ў іх сюжэтаарганізуючымі. Напрыклад, у казцы Г.Х. Андэрсена “Крэсіва” [1] ёсць магічная рэч – крэсіва (з дапамогай якой можна выклікаць трох чароўных сабак), але ёсць і звычайныя рэчы – залатыя грошы. У казцы С. Аксакава “Пунцовая кветачка” ёсць чароўныя рэчы – пярсцёнак (з дапамогай якога галоўная гераіня пераносіцца ў прасторы) і люстэрка (якое замовіла бацьку прывезці сястра гераіні, – ў ім яна бачыла сябе вельмі прыгожай). Але калі пярсцёнак мае значэнне для развіцця сюжэта, то люстэрка не мае – сястра магла замовіць бацьку прывезці і якую-небудзь немагічную рэч, сітуацыя ад гэтага не змянілася б. У творы К. С. Льюіса “Леў, чараўніца і адзёжная шафа” [19] ёсць шмат магічных прадметаў, якія выступаюць як сюжэтаарганізуючыя: чароўная палачка (з яе дапамогай чараўніца змагаецца супраць сваіх ворагаў, ператвараючы іх у камень), адзёжная шафа (якая пераносіць герояў у іншае вымярэнне), гаючы бальзам (здольны вылечваць ад хвароб, залечваць раны) і інш. Але ёсць і звычайныя прадметы: адзенне чараўніцы, футры, якія вісяць у шафе, швейная машынка і г.д. Ёсць і магічны прадмет, які не мае значэння для сюжэта, – флейта, іграючы на якой можна ўсыпіць людзей. Але яна ў творы выкарыстана паводле свайго прызначэння не была і, значыць, сюжэт не развівае.

Як ужо было сказана вышэй, магічныя рэчы ў народных чарадзейных казках звязаны з пэўнымі абавязковымі кампанентамі структуры казкі. Адсюль вынікаюць некалькі характэрных момантаў з’яўлення чароўных рэчаў у сюжэце. Гэтыя моманты наступныя:



  • сутнасць першапачатковай нястачы (казка звычайна пачынаецца тым, што аднаму з персанажаў па нейкай прычыне чагосьці не хапае ў жыцці, і герой ад’язджае з дому, каб гэтую нястачу ліквідаваць. Аб’ектам нястачы часта выступаюць пэўныя магічныя рэчы – маладзільны яблык, каб вярнуць сабе маладосць; жывая вада, каб пазбавіцца ад хваробы; самаграйныя гуслі, каб мець магчымасць слухаць музыку і г. д.);

  • атрыманне магічнага сродку. Ім вельмі часта бывае чароўная рэч. Атрымаць яе герой можа рознымі шляхамі (гл. класіфікацыю магічных рэчаў паводле крыніцы атрымання). Напрыклад, герой знаходзіць на дарозе дзіравую шкатулачку; хітрасцю здабывае ў чарцей дыван-самалёт і капялюш-невідзімку; абменьвае ў купцоў іншы прадмет на крэмень і мысат і г.д. З’яўленне ў героя магічнага прадмета таксама непасрэдна звязана з другой функцыяй дарыльшчыка (паводле У.Пропа). Напрыклад, у якасці платы за службу чараўнік дае герою дзіравы кашалёк; Баба-Юга дорыць герою клубочак; лятучы стары аддае пузырок.

  • перамога над ворагам. Вельмі часта герой здзяйсняе яе з дапамогай магічнай рэчы. Для прыкладу: герой перастаўляе месцамі бочкі з моцнай і слабой вадой, сам п’е моцную, ворагу застаецца слабая, і герой з лёгкасцю яго перамагае. З дапамогай шашкі-самарубкі герой перамагае войска ворага. Выкарыстаўшы чароўную хустачку, герой стварае мора, у якім тоне вораг, што гоніцца за ім.

  • ліквідацыя першапачатковай нястачы.

  • новы віток сюжэта. Часам у казках герой перамог ворага, здабыў чароўную рэч, але па дарозе дадому якія-небудзь ілжэгероі адбіраюць у яго гэтую рэч. Такім чынам, магічны прадмет становіцца падставай для далейшага развіцця сюжэта, новага яго вітка.

Выкарыстанне магічных прадметаў у народных казках, па большай частцы, не выходзіць за рамкі названых вышэй сюжэтных момантаў. А ў мастацкай літаратуры прадметы могуць выкарыстоўвацца і згадвацца, калі заўгодна, без абмежаванняў.

Раздзел 4.3. Рэчыўны свет чарадзейнай казкі як сістэма
Рэчыўны свет чарадзейнай казкі складае сістэму, у той час як рэчыўны свет мастацкай літаратуры ў цэлым і кожнага твора паасобку такой сістэмы, як у казцы, не ўтварае. Гэтае сцвярджэнне грунтуецца на наступных палажэннях:

  • у народнай чарадзейнай казцы прысутнічаюць, як правіла, толькі магічныя рэчы;

  • у мастацкай літаратуры прысутнічаюць не толькі магічныя рэчы, але і звычайныя, ці толькі звычайныя;

  • усе магічныя рэчы адносяцца да адной сферы дзейнасці ці сістэмы ведаў – магіі;

  • звычайныя прадметы нельга ўсе разам аднесці да якой-небудзь адной сферы дзейнасці ці сістэмы ведаў.

У выніку атрымліваецца, што ўсе прадметы пэўнага твора мастацкай літаратуры, а тым больш усе прадметы ўсёй мастацкай літаратуры ў цэлым, нельга аднесці да адной сферы дзейнасці, а значыць скласці ў сістэму. У той час, як усе прадметы ўсіх чарадзейных казак можна аднесці да адной сферы дзейнасці ці сістэмы ведаў – магіі, а значыць, іх магчыма разглядаць як адзіную сістэму. Такім чынам, рэчыўны свет чарадзейнай казкі складае больш строгую і правільную сістэму, чым рэчыўны свет мастацкай літаратуры.

Раздзел 4.4. Адсутнасць апісання знешняга выгляду прадмета як адметная рыса чарадзейнай казкі
Яркай асаблівасцю магічных рэчаў у чарадзейнай казцы з’яўляецца адсутнасць у тэксце апісання іх знешняга выгляду. Гэта адпавядае агульнай схематычнасці і цьмянасці вобразаў, характэрных для чарадзейнай казкі. Адсутнасць апісання знешняга выгляду магічнай рэчы робіць немагчымым яе ідэнтэфікацыю, суаднясенне з рэальным прадметам – аналагам магічнай рэчы па назве. Атрымліваецца, што якраз назва – гэта часам адзінае, што суадносіць чароўную рэч і звычайную.

У прыгожым пісьменстве назіраецца іншая сітуацыя. У рэалістычнай літаратуры пад рэчамі, названымі пэўнымі назвамі, разумеюцца адпаведныя рэальныя прадметы. Таму апісанне знешняга выгляду прадметаў тут не з’яўляецца неабходным і выкарыстоўваецца часта толькі для таго, каб вылучыць пэўную рэч з класу падобных. У нерэалістычнай літаратуры, з апорай на фантастыку, рэчы, суадносныя па назвах са звычайнымі, могуць мець у выглядзе нешта незвычайнае. Асаблівасцю мастацкай літаратуры ў параўнанні з народнай казкай з’яўляецца тое, што ў ёй знешні выгляд незвычайных рэчаў амаль заўсёды апісваецца. Акрамя таго, у літаратуры бывае так, што незвычайныя рэчы названы незвычайнымі назвамі, спецыяльна прыдуманымі для іх словамі, а выгляд і функцыі пэўнай рэчы даюцца ў творы апісальна. Напрыклад, у цыкле Р. Джордана “Кола часу” [10, 11] ёсць шмат магічных рэчаў, і для многіх з іх падабраны спецыяльныя назвы: напрыклад, “ангрыял” – рэч, якая дазваляе любому, хто здольны кіраваць магічнай сілай, управіцца з большай колькасцю сілы, чым ён здольны зрабіць без чужой дапамогі.

Апісанні знешняга выгляду рэчаў у літаратуры могуць быць як кароткімі, так і разгорнутымі. У казках жа яны адсутнічаюць цалкам.


  1. Прыклады з народных казак:

  • платочак і карты: Развітаўся з маткаю, з малодшым братам, дае яму платочак і карты і кажа: “Калі карты будуць тасавацца, знай, што я жывы, калі на платочку з’явіцца кроў, лічы мяне мёртвым” (І, с.35);

  • люстэрка і палка: Тым часам каралевіч яшчэ перад гэтым узяў у караліхі люсцерка, а ў караля палку (ІІ, с.116);

  • сякерка: Сякерка пастроіла за суткі дом (ІІ, с.64).

  1. Прыклады з мастацкай літаратуры (НФ і фэнтэзі):

  • люстэрка: ...Насупраць у куце вісела вялікае мутнае люстра ў аблезлай раме (А. і Б. Стругацкія “Панядзелак пачынаецца ў суботу”) [35, c. 15];

  • шкатулкі: На роўнай гранітнай паверхні пліты стаялі дзве шкатулкі Одэна. Адна, упрыгожаная каштоўнымі каменнямі, – дакладная копія той, што была ў Рычарда. Другая – чорная, як начны камень. Здавалася, ніводзін прамень света не адбіваецца на яе паверхні (Т.Гудкайнд “Першае правіла чараўніка”, т.2) [9, c. 332];

  • меч: Доўгі вузкі клінок белага з блакітным адценнем метала; доўгая ручка, аднолькава зручная як для адной, так і для дзвюх рук, трошкі выгнутая крыжавіна, поўная адсутнасць упрыгажэнняў – яму яны і не былі патрэбны. Воблік, форма, дызайн меча былі настолькі цудоўныя, што я замер ў нямым захапленні ( А. Бялянін “Меч Без Імя”) [4, c.9].



Раздзел 4.5. Асаблівасці характарыстык і чытацкага ўспрымання магічных прадметаў у казках і прадметаў у мастацкай літаратуры
У мастацкай літаратуры ўсе прадметы – звычайныя і магічныя – маюць вызначаныя знешнія і функцыянальныя прыкметы; у сістэме дадзенага твора яны мысляцца як аб’екты акрэсленыя, з дакладна выяўленымі знешнімі прыкметамі, якія можна альбо супаставіць з рэальнымі прадметамі, альбо настолькі дакладна апісаныя, што чытач можа дастаткова ясна ўявіць іх у сукупнасці канкрэтных прыкмет.

У народных чарадзейных казках прадметы – зусім схематычныя, пазбаўленыя дакладнасці і вызначанасці вобразы, якія невядома як выглядаюць (незразумела, ці магчыма супаставіць іх па знешніх прыкметах з рэальнымі прадметамі, а калі немагчыма, то чаму гэтыя рэчы так названы).

З-за гэтага чытач не здольны дакладна ўявіць сабе казачныя магічныя рэчы ва ўсёй сукупнасці іх прыкмет (асабліва знешніх), у той час як у літаратуры чытач, як правіла, можа ўявіць сабе дастаткова выразна вобраз прадмета. Такім чынам:

- вобраз рэчы ў мастацкай літаратуры дакладны і індывідуалізаваны;

- вобраз рэчы ў народнай казцы – невыразны і схематычны (гэта нейкае дадзенае, якое выконвае пэўную функцыю).

Наконт большасці магічных рэчаў у чарадзейных казках мы не можам ведаць, ці правільна мы іх сабе ўяўляем, ці яны ў казцы мысліліся зусім не такімі, ці ўвогуле ніяк не мысліліся аўтарамі і казачнікамі. Можна нават падабраць прыклады казачных рэчаў, якія практычна зусім немагчыма ўявіць:



  • грэбень і шчотка – у казках пад гэтымі назвамі маглі мецца на ўвазе як прылады працы, так і часткі цела жывёл, таму мы не можам ведаць, як трэба сабе ўяўляць гэтыя прадметы;

  • жалезны хлебцалкам незразумела, як хлеб можа быць жалезным і як ён пры гэтым павінен выглядаць.



Раздзел 4.6. Прычыны разнастайнасці магічных прадметаў у народных казках і ў літаратуры
Як мы ўжо казалі, магічных прадметаў у казках вялікае мноства і яны вельмі разнастайныя па сваёй суаднесенасці з рэальнымі прадметамі (гл. прадметна-тэматычную класіфікацыю) і па функцыях (гл. функцыянальную класіфікацыю). У мастацкай літаратуры (зразумела, у тых жанрах, дзе могуць быць магічныя рэчы, напрыклад, у літаратурнай казцы, гатычным рамане, фэнтэзі, містыцы і інш.) магічных рэчаў таксама шмат і яны таксама вельмі разнастайныя. Але ці аднолькавыя прычыны гэтай разнастайнасці ў фальклоры і ў літаратуры?

Мы прытрымліваемся тэзіса, што чарадзейныя казкі ўзнікалі не стыхійна, а ствараліся спецыяльна, з нейкай мэтай пэўнымі людзьмі (прафесійнымі казачнікамі ці нават жрацамі). Таму можна меркаваць, што разнастайныя магічныя рэчы і іншыя вобразы выкарыстоўваліся ў казках не выпадкова, а з пэўнай мэтай, і што ўсе магічныя прадметы ва ўсіх казках можна разглядаць як сістэму, прызваную нешта выявіць. Такім чынам, на нашу думку, прычына разнастайнасці магічных прадметаў у казках наступная:



  • разнастайнасць магічных рэчаў у казках – спосаб характарыстыкі іншасвету, у якім прысутнічаюць, функцыянуюць падобныя рэчы. Гэта характарыстыка свету ва ўсім незвычайнага, намёк на тое, што ў ім усе прадметы магічныя (ці на тое, што там любы прадмет можа быць магічным);

У мастацкай жа літаратуры прычыны разнастайнасці магічных рэчаў іншыя:

- разнастайнасць, неардынарнасць магічных рэчаў – спосаб падкрэсліць аўтарскую індывідуальнасць пісьменніка, яго асабістую фантазію, незалежнасць ад іншых пісьменнікаў і твораў;

- розныя і нетыповыя чароўныя рэчы выкарыстоўваюцца ў літаратуры для займальнасці, як сродак зацікавіць чытача;

- разнастайнасць магічных прадметаў у мастацкай літаратуры, у прыватнасці ў фэнтэзі, можа залежыць ад канкрэтнага сюжэта. Напрыклад, у рамане Дж.Р.Р. Толкіена “Уладар пярсцёнкаў” [38] дзве групы рэчаў: рэчы добрыя (што належаць “светлым” сілам – тры эльфійскіх пярсцёнка, фіал Галадрыелі, чароўныя ззяючыя пры набліжэнні ворагаў мячы і г.д.) і рэчы злыя (якія належаць сілам цемры – Пярсцёнак Усеўладдзя, Моргульскі клінок, палантыр, што падпарадкаваў Чорны Ўладар). Гэтыя дзве зусім розныя групы рэчаў характарызуюць два варожыя лагеры, тым самым падтрымліваючы агульную канву сюжэта.



Раздзел 4.7. Спецыфіка прызначэння, мэты магічных прадметаў у казках
Як бачна з мэтавай класіфікацыі, прызначэнне магічных рэчаў у народных казках бывае розным. Але найбольш частае з іх – дапамагаць герою, забяспечыць яго перамогу. Гэтая мэта, так бы мовіць, лідыруе з вялікім адрывам ад іншых. А вось у літаратурных казках і фэнтэзі рэчы часта дапамагаюць герою, але якраз зусім нячаста з’яўляюцца прычынай яго перамогі. У фальклорных казках герой, напрыклад, з дапамогай пярсцёнка застаецца жывым пры купанні ў кіпні, робіцца прыгожым і, такім чынам, перамагае. Ці перамагае з дапамогай мундзіра, які павялічвае яго фізічную моц. Ці забівае ўсіх ворагаў шашкай-самарубкай і, такім чынам, завяршае сваю місію. І такіх прыкладаў вельмі шмат. У літаратуры ж часам нават тыя рэчы, якія стаяць у цэнтры сюжэта, маюць сюжэтабудаўнічую функцыю, – перамогі герою не забяспечваюць. Ва “Уладары Пярсцёнкаў” Дж.Р.Р. Толкіена [38] магічная рэч, вобраз якой пакладзены ў аснову ўсяго сюжэта, – Пярсцёнак Усеўладдзя – увогуле не можа быць выкарыстаны галоўным героем, не можа прынесці яму карысці, а калі б герой з яго дапамогай паспрабаваў перамагці ворага, гэта было б самае горшае, што магло здарыцца. У “Першым правіле чараўніка” Т. Гудкайнда з цыклу “Меч ісціны” [9] аднаймённы меч іграе вельмі значную ролю ў сюжэце, але, тым ні менш, галоўную перамогу герой атрымлівае без яго дапамогі. У казцы Г.Х. Андэрсена “Русалачка” [1] нож, якім гераіні трэба было забіць прынца, каб вярнуць сабе русальчын воблік, мог бы забяспечыць ёй перамогу, але яна яго не выкарыстала. У казцы А. Волкава “Урфін Джус і яго драўляныя салдаты” [7] Урфін Джус валодае магічным рэчывам, якое арганізоўвае ўвесь сюжэт твора, але перамагчы з дапамогай гэтага рэчыва яму не ўдаецца.

Яшчэ адной адметнай рысай фальклорнай казкі, звязанай з прызначэннем магічных рэчаў у ёй, з’яўляецца амаль поўная адсутнасць рэчаў, якія толькі перашкаджаюць герою, ці такіх, якія герой не можа выкарыстаць. Абсалютная большасць рэчаў у казцы якраз можа быць выкарыстана героем. Тыя рэчы, якія шкодзяць герою, калі належаць яго ворагу, могуць быць захоплены героем і тады ўсё роўна пачынаюць яму дапамагаць. Па сутнасці, ва ўсіх прааналізаваных намі беларускіх чарадзейных казках мы знайшлі толькі тры рэчы, якія герой не можа выкарыстаць – гэта дзверы, якія заўсёды перашкаджаюць герою, кніга чараўніка і ступа, качарга, памяло Бабы-Югі, якія заўсёды выкарыстоўваюцца толькі ворагамі героя і не могуць быць выкарыстаны самім героем (ці дакладней – няма казак з выпадкамі выкарыстання іх героем). У мастацкай літаратуры, зноў жа, назіраецца іншая сітуацыя. У ёй рэчаў, якія толькі шкодзяць герою і такіх, якія ён не можа выкарыстаць, вельмі шмат. Падобныя рэчы ў народных казках і літаратуры суадносяцца паводле прынцыпу “рэдкі выпадак, выключэнне з правіла – звычайная, частая сіуацыя”. Прывядзём прыклады такіх рэчаў у мастацкай літаратуры:



  • Кніга Вогненных Старонак з аднаіменнай аповесці М. Фрая [41] падменьвае рэальнасць таго, хто яе чытае, сваёй, даводзіць свой аповед да смерці чытача, прычым той сапраўды памірае. Паўплываць на гэтую рэч герой ніяк не можа, наадварот – яна ўплывае на яго;

  • Са’ангрыалы – цэлы цыкл магічных прадметаў з цыкла Р. Джордана “Кола часу” [10,11]. Асаблівасць іх у тым, што адны з іх могуць быць выкарыстаны толькі мужчынамі, а другія – толькі жанчынамі;

  • Камень Слёз з рамана Т. Гудкайнда “Другое правіла чараўніка” [8]. Гэты камень з’яўляецца адной з магічных пячатак, што трымаюць у зняволенні злое боства падземнага свету. Калі б герой выкарыстаў Камень Слёз у сваіх мэтах, ён бы вызваліў гэтае боства;

  • Чарадзейная вада, якая ператварае ўсё ў золата і выклікае ў людзей, што знаходзяцца побач з ёю, гнеў і нянавісць да іншых людзей (аповесць К.С. Льюіса “Пакарыцель світанку”, альбо Плаванне на край свету” [21]). Не можа быць выкарыстана з-за яе функцый.



Раздзел 4.8. Прынцыпы суадносінаў функцый і характарыстык магічных прадметаў у казках і ў мастацкай літаратуры
У фальклорных чарадзейных казках і ў літаратуры сустракаецца шмат магічных прадметаў, якія супадаюць па сваіх назвах. Некаторыя з гэтых прадметаў па сваіх функцыях і некаторых іншых характарыстыках (напрыклад, частотнасці выкарыстання) могуць быць падобныя ў казках і ў літаратуры амаль цалкам ці часткова, а могуць быць зусім не падобныя. Такім чынам, мы маем магчымасць вылучыць тры прынцыпы суадносінаў казачных і літаратурных чароўных рэчаў з аднолькавымі назвамі:
1. Супадзенне большасці функцый і характарыстык:

- люстэрка – даволі часта сустракаецца як у казках, так і ў літаратуры, і ўсюды мае часцей за ўсё інфарматыўную функцыю. Напрыклад, у казцы “Любошчы” у героя ёсць люстэрка, з дапамогай якога ён можа бачыць усё, што пажадае. У казцы А. Пушкіна “Аб мёртвай царэўне і сямі асілках” [30] злая каралева мае люстэрка, якое паведамляе ёй, хто ў дадзены момант з’яўляецца самай прыгожай жанчынай у свеце. У рамане братоў А. і Б. Стругацкіх “Панядзелак пачынаецца ў суботу” [35] сустракаем люстэрка, якое чалавечым голасам распавядае пра самыя розныя падзеі.

- меч (і падобная да яго зброя: шашка, шабля і г.д.) – вельмі часта выкарыстоўваецца ў казках і ў літаратуры. У большасці выпадкаў мае дэструктыўную функцыю. У чарадзейнай казцы “Гора і бяда” герой здабывае шаблю, з дапамогай якой можна пасекчы незлічоную колькасць ворагаў. У рамане Г.Л. Олдзі “Паўстаўшыя з раю” [23] толькі Меч-якога-няма здольны знішчыць Звер-кнігу. У творы А. Беляніна “Меч Без Імя” [4] дзейнічае чароўны меч, што робіць свайго гаспадара добрым ваяром, дапамагае яму біцца з ворагамі.

2. Частковае (рэдкае) супадзенне функцый і характарыстык. Прыклады:

- калода карт – надзвычай рэдка сустракаецца як ў казках, так і ў літаратуры. Выконвае: у казках інфарматыўную функцыю з адценнем дапамогі (дазваляе братам героя ведаць, жывы ён ці не, – калі карты тасуюцца, то жывы), у літаратуры інфарматыўную з адценнем функцыі зносін (у цыкле раманаў Р. Жэлязны “Хронікі Амбера” [14] магічная калода карт дазваляе членам адной сям’і размаўляць паміж сабой на вялікай адлегласці і, такім чынам, ведаць, што адбываецца з родзічамі).

3. Несупадзенне функцый і характарыстык. Напрыклад:



- палка – у фальклорных казках сустракаецца рэдка, мае не зусім зразумелую функцыю (локусную? крэатыўную? тэлепартацыі? дапамогі?) – пры стуканні ёю аб зямлю з’яўляецца чароўны памочнік. У літаратуры ж дастаткова часта сустракаецца “чарадзейная палачка” – шматфункцыянальны магічны прадмет для здзяйснення шырокага кола магічных маніпуляцый. І толькі чароўных памочнікаў яны не выклікаюць. Чарадзейныя палачкі ёсць, напрыклад, у аповесці М. Носава “Незнайка ў Сонечным горадзе”, К.С.Льюіса “Леў, чараўніца і адзёжная шафа” [19], у рамане братоў А. і Б. Стругацкіх “Панядзелак пачынаецца ў суботу” [35], у цыкле раманаў Дж. К.Ролінг пра Гары Потэра [32, 33].

Раздзел 4.9. Спецыфіка класіфікацыі магічных прадметаў народных казак у параўнанні з магічнымі рэчамі літаратурнымі
Грунтуючыся на прыведзенай намі вышэй класіфікацыі магічных рэчаў у чарадзейных казках, мы маем магчымасць прасачыць, якім чынам казачныя магічныя рэчы суадносяцца па гэтых параметрах з літаратурнымі, ці маюць магічныя прадметы народных казак асаблівасці ў класіфікацыі ў параўнанні з прадметамі мастацкай літаратуры. Мы высветлілі, што адметныя рысы ёсць у функцыянальнай і экзаморфнай класіфікацыях. Гэтыя рысы, на нашу думку, таксама пэўным чынам звязаны з агульнай адметнасцю чарадзейнай казкі як жанру, менавіта – з разгледжанымі намі вышэй сімвалізмам ў сістэме функцый магічных рэчаў і з адсутнасцю апісання іх знешняга вобліку.

  1. Асаблівасці функцыянальнай класіфікацыі магічных прадметаў чарадзейных казак у параўнанні з літаратурнымі магічнымі прадметамі. На нашу думку, як ужо гаварылася раней, функцыі магічных рэчаў звязаны, відавочна, з самымі важнымі з’явамі і працэсамі ў існаванні свету і жыцці людзей. У літаратуры таксама сустракаюцца рэчы з гэтымі функцыямі, напрыклад: чароўны напой, піражок і грыб з функцыяй трансфігурацыі ў “Алісе ў краіне цудаў” Л. Кэрала [18], пальчаткі Лонлі-Локлі з дэструктыўнай функцыяй у цыкле “Лабірынты Ехо” М. Фрая [41-44], стол (на якім сама сабою з’яўлялася ежа) з крэатыўнай функцыяй у аповесці “Пакарыцель світанку”, альбо Плаванне на край свету” К.С. Льюіса [21], бутэлька (у якой сядзіць джын) з локуснай функцыяй у рамане “Панядзелак пачынаецца ў суботу” братоў А. і Б. Стругацкіх [35], шкатулка Граві з гіпнатычнай функцыяй у аповесці М.Фрая “Салодкія мроі Граві” [44], мячы Оркрыст і Гламдрынг з інфарматыўнай функцыяй (даюць інфармацыю аб набліжэнні ворагаў) у рамне “Хобіт” Дж.Р.Р. Толкіена [39], мётлы з транспартацыйнай функцыяй у цыкле раманаў Дж.К. Ролінг пра Гары Потэра [32, 33], Ай’дам (прадмет, з дапамогай якога можна кіраваць чараўніцай, трымаць яе ў палоне) у цыкле раманаў Р. Джордана “Кола часу” [10, 11]. Хранатопаметрычная і геданістычная функцыі ў літаратурных магічных рэчаў, магчыма, адсутнічаюць (мы не знайшлі ніводнага прыклада). Акрамя таго, у літаратуры ў рэчаў прысутнічаюць функцыі, якіх няма ў казках. Звернем увагу на тое, што гэтыя дадатковыя функцыі з’яўляюцца або больш вузкімі ў параўнанні з казачнымі (не звязанымі з вызначальнымі працэсамі ў свеце і жыцці чалавека), або, так бы мовіць, фантастычнымі, не звязанымі з рэальнымі працэсамі, якія пацверджаны навукай як магчымыя і ажыццявімыя насамрэч. Такім чынам, ёсць дзве групы функцый магічных рэчаў у літаратуры, якія адсутнічаюць у фальклорных казках:

а) Функцыі, не звязаныя з жыццёва важнымі працэсамі ў існаванні свету і жыцці чалавека. Напрыклад:

- функцыя выканання жаданняў чалавека: Йонохская пячатка з аповесці М.Фрая “Ціхі горад” [43], люстэрка “Еннадаж” з рамана Дж.К. Ролінг “Гары Потэр і філософскі камень” [33];

- функцыя аховы: Маўклівыя Назіральнікі (функцыя аховы горада ад пранікнення ў яго ворагаў) з “Уладара пярсцёнкаў” Дж.Р.Р. Толкіена [38], завушніцы Карны (ахоўвалі яго ад спроб кіраваць яго свядомасцю) з рамана “Ідзі куды хочаш” Г.Л. Олдзі [24];

- функцыя дапамогі: ангрыялы (магічныя рэчы, якія дазваляюць чараўніку кіраваць большай колькасцю магічнай сілы, чым ён здольны без іх) з цыкла Р. Джордана “Кола часу” [10, 11], ражок (заклікае на дапамогу да таго, хто ў яго трубіць) з аповесці “Леў, чараўніца і адзёжная шафа” К.С.Льюіса [19];

- функцыя пакарання: сільмарылы (абжыгаюць рукі тым, хто хоча атрымаць іх з дрэннымі намерамі) з рамана “Сільмарыліон” Дж.Р.Р.Толкіена [37];

- функцыя розыгрышу: парашок для розыгрышаў (пазбаўляў чараўнікоў іх магічных здольнасцей) з рамана Р. Аспрына “Яшчэ адзін неверагодны міф” [2]; цукеркі для розыгрышаў з цыкла раманаў Дж.К. Ролінг пра Гары Потэра [32, 33].

б) Фантастычныя функцыі, не звязаныя з рэальнымі з’явамі і працэсамі:

- функцыя ўсеўладдзя – рэчы, якія могуць даць свайму гаспадару ўладу над цэлым светам: Пярсцёнак Усеўладдзя (Дж.Р.Р. Толкіен “Уладар Пярсцёнкаў”) [38], тры шкатулкі Одэна (Т. Гудкайнд “Першае правіла чараўніка”) [9];

- метэаралагічная функцыя – функцыя кіравання надвор’ем: палкі (Р.Аспрын “Яшчэ адзін неверагодны міф”) [2], Судны Камень (Р.Жэлязны “Хронікі Амбера”) [14];

- функцыя пасрэдніцтва – звязвае чалавека з богам, чалавека з яго разумным, адушаўлёным мечом: амулет Мішакаль (М. Уэйс, Т. Хікмэн “Драконы Асенніх Прыцемкаў”) [40], рука Аль-Мутанабі (Г.Л. Олді “Шлях мяча”) [25];

- функцыя тэлепартацыі – імгненны магічны перанос з аднаго месца ў другое, з аднаго свету ў другі (дарэчы, гэтая функцыя ў літаратуры фэнтэзі вельмі распаўсюджаная, у той час як блізкая да яе транспартацыйная сустракаецца рэдка): партальныя камяні (Р.Джордан “Кола часу”) [10, 11], Дзверы (Г.Л. Олді “Прыцемкі свету”) [25], гадзіннік (П. Бігл “Апошні едынарог”) [5], пярсцёнкі (К.С. Льюіс “Пляменнік чараўніка”) [20], адзёжная шафа (К.С.Льюіс “Леў, чараўніца і адзёжная шафа”) [19], І-скакун (Р.Аспрын “Яшчэ адзін неверагодны міф”) [2];

- шматфункцыянальнасць – з’ява, калі адзін прадмет можа выконваць самыя разнастайныя функцыі, дапамагаць чараўніку рабіць любыя магічныя дзеянні: чарадзейныя палачкі (Дж.К. Ролінг “Гары Потэр”) [32, 33], посах мага (М. Уэйс, Т. Хікмэн “Dragonlance”) [40].

2. Экзаморфная класіфікацыя казачных чароўных прадметаў, яе адметнасць. Гэты прынцып класіфікацыі ў літаратуры немагчымы. У народных чарадзейных казках знешнім прыкметам магічнасці надаецца зусім іншы сэнс і статус. Прадметы ў казках толькі магічныя, знешні воблік іх ніколі не апісаны, а толькі часам даецца – як бы да слова, паміж іншым – прыкмета магічнасці, каб падкрэсліць, што гэты прадмет – магічны (у яблыкаў, якія надзяляюць вялікай фізічнай моцай – чорны колер; спецыяльнае сядло, якім можна сядлаць чароўнага каня – іржавае і г.д.). У літаратуры ж амаль заўсёды прысутнічае апісанне магічнай рэчы. Акрамя таго, там заўсёды спецыяльна патлумачваецца, што дадзены прадмет – магічны, каб аддзяліць яго ад звычайных. Таму наяўнасць ці адсутнасць у літаратурных магічных рэчаў у знешнім вобліку прыкмет магічнасці мае зусім іншае значэнне, чым у казачных прадметаў. Таму і экзаморфная класіфікацыя ў літаратуры (калі яе ўвогуле магчыма правесці, мы гэтага не спрабавалі) мела б зусім іншы сэнс, чым падобная класіфікацыя казачных прадметаў.

Раздзел 4.10. Асаблівасці функцыянавання комплексаў магічных рэчаў у казках і ў літаратуры
Як у фальклорных чарадзейных казках, так і ў мастацкай літаратуры сустракаюцца комлексы магічных рэчаў – некалькі рэчаў, якія дзейнічаюць разам, у суладдзі, маюць адзіную мэту дзеяння, выкарыстоўваюцца разам і адначасова. Але падобныя комплексы ў казках і ў літаратуры адрозніваюцца асаблівасцямі свайго функцыянавання.

У народных казках такія комплексы чароўных рэчаў маюць не толькі адзіную мэту дзеяння, але і адну функцыю. Яны цалкам неаддзеленыя адна ад адной, фактычна з’яўляюцца аналагам адной асобнай рэчы. Напрыклад, тапарок і малаток – разам будуюць карабель. Гэтыя рэчы маюць адзіную мэту дзеяння (пабудова карабля) і аднолькавую функцыю (крэатыўную).

У літаратуры комплексы магічных рэчаў таксама маюць адзіную мэту дзеяння, але пры гэтым кожная рэч, якая ўваходзіць у пэўны комплекс, надзелена сваёй, асобнай функцыяй. Комплексы рэчаў у літаратурных творах як бы дапаўняюць адна адну ў дасягненні адзінай мэты. Напрыклад, комплекс магічных рэчаў, які складаецца з трох шкатулак Одэна і Кнігі Злічаных Ценяў (Т. Гудкайнд “Першае правіла чараўніка”) [9], мае адну мэту – зрабіць чалавека, які праявіць сабе вартым гэтага, уладаром свету (а калі не варты, забіць яго ці знішчыць увесь свет). Але шкатулкі Одэна маюць функцыю адчыняць праход у іншасвет ці надаваць чараўніку моц, а Кніга Злічаных Ценяў выконвае пры іх інфарматыўную і валюнтатыўную функцыі (захоўвае інфармацыю пра тое, як правільна адчыняць шкатулкі і як кантраліраваць гэты працэс).

ЧАСТКА ІІІ. ФАРМАЛЬНАЯ (МОЎНАЯ) АДМЕТНАСЦЬ ЧАРАДЗЕЙНАЙ КАЗКІ


: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Беларускіх чарадзейных казках
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Семантыка вобразаў героя І антыгероя ў чароўных казках пра крышталёвую гару
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна С. В. Сістэмнасць кампанентаў змястоўнай структуры рэчыўных вобразаў
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна Славяна напрамкі І падыходы ў даследаванні чарадзейнай казкі
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Славяна Шамякіна рэчаіснасны кампанент у структуры вобразаў-локусаў беларускіх чарадзейных казак
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Матыў крышталёвай гары ў ЕЎрапейскай казцы
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Да пытання аб семантыцы вобразаў казачных коней, атрыманых героем ад бацькі-нябожчыка


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка