Філалагічны факультэт змястоўна – фармальная адметнасць чарадзейнай казкі


ГЛАВА 5. Лексіка-семантычныя асаблівасці мовы жанру чарадзейнай казкі



старонка4/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.92 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 5. Лексіка-семантычныя асаблівасці мовы жанру чарадзейнай казкі
Лексіка-семантычныя асаблівасці лексем са значэннем магічнай рэчы ў кантэксце мовы чарадзейных казак тычацца як лексічных значэнняў саміх гэтых лексем, так і разнастайных семантычных сувязей у сістэме назваў магічных рэчаў. Назвы магічных рэчаў ва ўнутрыказачнай моўнай прасторы сапраўды складаюць пэўную сістэму, таму што ўсе дадзеныя лексемы ўваходзяць у адну лексіка-семантычную групу з агульным значэннем “магічная рэч”. Гэтае агульнае значэнне можна прыкладна сфармуляваць наступным чынам: магічная рэч – гэта рэч, якая выконвае магічныя функцыі і з’яўляецца састаўным элементам сюжэтнай мадэлі чарадзейных казак.

Пераходзячы да разгляду канкрэтных асаблівасцей у сістэме лексем са значэннем магічных рэчаў (полісеміі, сінаніміі, антаніміі і інш.), трэба найперш адзначыць, што згаданыя назоўнікі маюць умоўны дэнатат. Сапраўды, невядома, якія рэальныя гістарычныя з’явы стаялі за вобразамі магічных рэчаў у казках і ці прысутнічае там звыклая для нас рэальнасць увогуле. У сувязі з гэтым, нават і ў кантэксце самой казачнай прасторы, цяжка пэўна сказаць, як выглядаюць, якую форму маюць магічныя рэчы. Бо калі такія рэчы былі на самай справе, невядома, ці выглядалі яны падобна да сапраўдных сталоў, ботаў, капелюшоў, ці іх так назвалі ў казках, каб было больш зразумела. А калі яны ў рэальнасці не існавалі, то пра іх канкрэтную матэрыяльную форму ўвогуле нельга гаварыць (дарэчы, і апісання яе ў казках, як правіла, няма). Такім чынам, паколькі дэнатат назоўнікаў умоўны, то і для полісемічных, сінанімічных, антанімічных сувязяў, у якія гэтыя назоўнікі ўключаюцца, трэба ўвесці ўдакладненне “ўмоўныя”.



Раздзел 5.1. Полісемія і аманімія ў сістэме назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы
Назоўнікі са значэннем магічнай рэчы могуць уступаць у дваякія полісемічныя адносіны:

  1. З адпаведнымі лексемамі ў іх літаратурным значэнні – казачна-літаратурная умоўная полісемія;

  2. Паміж сабою – унутрыказачная ўмоўная полісемія.

Мы не можам з поўнай упэўненасцю сказаць, чым у абодвух выпадках з’яўляюцца ўзятыя для аналізу словы – полісемантамі ці амонімамі. Гэта абумоўлена згаданай вышэй падставай – менавіта незразумеласцю таго, які знешні выгляд маюць казачныя рэчы. Справа ў тым, што ў казках некалькі рэчаў могуць выконваць зусім розныя функцыі, але мець пры гэтым аднолькавую назву. Напрыклад, назоўнік “яблык”. У казках згадваецца як быццам шэсць іх “гатункаў”: адны вяртаюць жыццё (Але пасаветавалі мне, што там і там такая гара, і стаіць на той гары яблына, і на той яблыні ёсць яблычка і жывушчае, як хто памрэ, дак аджывіць...(ІІ, с.175)); другія – маладосць (Адзін яблык аджывіць, другі адмалодзіць (ІІ, с.175)); трэція надаюць герою надзвычайную фізічную моц (Калі салдат з’еў трэці яблык, чалавек пытаецца: “Ну, а зараз як адчуваеш сябе?” Салдат кажа: “Цяпер каб мне ўзяцца адной рукой за зямлю, а другой за неба – дык усё дагары перавярнуў бы (ІІ, с.536)); чацвёртыя вырошчваюць рогі на галовах у людзей, якія іх з’ядаюць (З’еў салдат адно яблыка – з’явіліся ў яго рогі... (ІІ, с.194)); пятыя тыя ж рогі знішчаюць (...з’еў яблыка другога гатунку – рогі адпалі, і стаў ён прыгажэйшы, чым быў (ІІ, с.194)); шостыя вылечваюць ад хвароб (Мне снілася: за трыдзевяць зямель ёсць закляты сад, у том саду сядзіць крулеўна; мне з тае яблыні даставіць яблак, то я буду здарова (ІІ, с.168)). Функцыі, як бачым, зусім розныя, але ўсе рэчы абазначаюцца назоўнікам “яблык”. Калі мяркуецца, што яны на самай справе ў казках павінны выглядаць як яблыкі, то атрымліваецца, што назоўнікі маюць у значэннях адну аднолькавую сему – “рэч у выглядзе яблыка” – і адрозныя семы, якія характарызуюць адпаведныя функцыі. Тады назоўнікі з назвай “яблык” у казачным моўным кантэксце з’яўляюцца полісемічнымі словамі. Але, з другога боку, паколькі дэнатат іх умоўны і знешні выгляд дакладна не вызначаны, то атрымліваецца, што нічога падобнага ў іх значэннях няма, і тады гэта ўмоўныя амонімы.

Далей: усе без выключэння словы – назвы магічных рэчаў – з’яўляюцца ў адносінах да адпаведных слоў з літаратурнымі значэннямі таксама ўмоўнымі – ці то амонімамі, ці то полісемантамі. Пры гэтым казачнае значэнне можа страчваць сувязь з агульнапрынятым значэннем у рознай ступені (што яшчэ залежыць і ад таго, колькі значэнняў мае адпаведная лексема ў літаратурнай мове). Разгледзім, напрыклад, назоўнікі грабёнка і шчотка. У літаратурнай мове назоўнік грабёнка мае значэнні: “1. Пласцінка з радам зубоў для расчэсвання валасоў; 2. Мясісты нарост на галаве некаторых птушак”. Назоўнік шчотка мае значэнні: “1. Прыстасаванне для чысткі, мыцця, змятання чаго-небудзь у выглядзе плоскай калодачкі з густа насаджаным на яе шчаціннем; 2. У коней: частка нагі над капытом і пучок валасоў на гэтым месцы”. Казачнымі ж значэннямі гэтых назоўнікаў з’яўляюцца адпаведна: “Грабло – рэч, якая валодае магічнай уласцівасцю ствараць лес ці горы, калі кінуць яе за спіну” (Кінула яна грабло – і здзелаўся непрахадзімы лес... (ІІ, с.151); Мар’ячка кінула грабёнку – і сталі бальшыя горы! (ІІ, с.159)) і “Шчотка – рэч, якая валодае магічнай уласцівасцю ствараць лес ці сцены, равы і рэчкі, калі кінуць яе за спіну” (Малец кінуў шчотку – узніклі сцены, равы, рэчкі (ІІ, с.151); Мар’ячка кінула шчотку – стаў бальшы густы лес! (ІІ, с.158)). Як гэтыя рэчы павінны выглядаць – цалкам невядома. Выкарыстоўваюцца яны заўсёды разам, у адных і тых жа казках, і ў адпаведнасці з агульнапрынятымі значэннямі могуць выглядаць ці то як прылады працы, ці то як часткі цела жывёл. Такім чынам, тут літаратурнае значэнне змяняецца поўнасцю – казачнае значэнне не супадае з ім ні па знешнім выглядзе рэчаў, ні па іх функцыях.

Ці, напрыклад, назоўнік вада. У чарадзейных казках існуюць пяць відаў вады. Мёртвая вада – гэта рэчыва, якое валодае магічнай здольнасцю прымушаць зрастацца пасечанае на кавалкі цела чалавека ці жывёлы, калі збрызнуць яго гэтай вадой (Баран узяў варанёнка, как збрызнуў мёртваю вадою – ён змёртвіўся...(ІІ, с.186)). Жывая вада – рэчыва, якое валодае магічнай здольнасцю вяртаць жыццё мёртвым (А гэтыя два часавых, жывыя салдаты, узялі жывой вады ў тэй крыніцы і памачылі яму, гэтаму ўбітаму, рану. І стаў ён жывы (ІІ, с.88)). Прыкрасная вада – рэчыва з магічнымі функцыямі, якое робіць жывёлу ці чалавека прыгажэйшым і надае яму сілы (...Збрызнуў прыкраснай вадой – то быў варанёнак харош, то яшчо луччы стаў (ІІ, с.186)). Сілная вада – рэчыва з магічнымі функцыямі, якое надае чалавеку ці магічнай істоце больш сіл. Бяссілная вада – рэчыва з магічнымі функцыямі, якое адбірае сілы ў чалавека ці магічнай істоты (Прыйшоў Смок і выпіў бяссілную ваду; прыйшоў Іванька і выпіў сілную ваду. У Смока дванаццаць сіл адбыло, а ў Іванькі прыбыло (ІІ, с.156)). Усе гэтыя рэчывы абазначаюцца назоўнікам вада. Але што ж гэта за вада з такімі якасцямі? У літаратурнай мове назоўнік вада мае некалькі значэнняў: “1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўяўляе сабой хімічнае злучэнне вадароду і кіслароду; 2. (звычайна з азначэннем) Напітак, тэхнічныя растворы; 3. Водная паверхня ракі, возера, мора і пад., а таксама яе ўзровень; 4. Водная прастора якога-небудзь раёна; 5. мн. Плынь, хвалі, водная маса; 6. мн. Мінеральныя крыніцы, курорт з такімі крыніцамі [36, с.102]. У казках, верагодна, пад вадою маюцца на ўвазе зусім іншыя хімічныя злучэнні, а не “вадарод+кісларод”, гэта наўрад ці нейкія мінеральныя воды і не водная прастора. Нельга нават з упэўненасцю сказаць, ці да ўсіх відаў вады падыходзіць значэнне “напітак”, бо не ўсе віды казачнай вады трэба піць. Такім чынам, і ў гэтым выпадку адбываецца поўная трансфармацыя казачных значэнняў ў параўнанні з літаратурнымі.

Наступная ступень дэфармацыі літаратурнага значэння ў казках – частковае яго змяненне. Напрыклад, назоўнік люстэрка ў казках мае значэнне: “прадмет, які выконвае магічную функцыю паказваць герою казкі ўсё, што ён ні пажадае – любыя мясціны, прадметы, падзеі і людзей, незалежна ад іх адлегласці ў прасторы” (Глянуў ён у люсцерка ў той час, як думаў аб сваёй дзяўчыне, дак і ўбачыў яе, як жывую (ІІ, с.116)). Як бачым, тут у лексемы захоўваецца пэўная сувязь з літаратурным значэннем назоўніка люстэрка: “Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі прадметаў”.

Яшчэ прыклад: магічная рэч шар. У літаратурнай мове назоўнік шар мае наступныя значэнні: “1. У матэматыцы: частка прасторы, абмежаваная сферай; 2. Прадмет такой формы. Паветраны шар [1) лятальны апарат, які паднімаецца ў паветра лёгкім газам, што запаўняе яго шарападобную абалонку; 2) шарападобная цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам]” [36, с.755]. У кантэксце ўнутрыказачнай моўнай прасторы гэты назоўнік мае значэнне: шар – рэч з магічнымі функцыямі, месца зняволення чорта, які выконвае даручэнні гаспадара шара, калі той выпускае яго адтуль (Узяў ён і гэты шар паветраны. Прыгадзіцца, думае... А ў тым шары чорт сядзеў. “Адпусці, - кажа чорт, - прынясу табе запалкі” (ІІ, с. 193)). Чым з’яўляецца і як павінен выглядаць такі шар, не зусім зразумела. Гэта рэч з выключна магічнымі функцыямі. Але, мабыць, можна сказаць, што ў казачным значэнні ёсць некаторае супадзенне з літаратурным. Казачны “шар” – гэта нейкі прадмет у форме шара.

Такая ж ступень дэфармацыі назіраецца і ў назоўніка кашалёк. У літаратурным значэнні лексема мае значэнне: “Невялікая, звычайна скураная сумачка для грошай” [36, с.286]. Казачнае значэнне назоўніка: кашалёк – рэч, звычайна дзіравая сумачка, у якой ці з дапамогай якой невядома адкуль з’яўляюцца грошы (“А калі будуць табе патрэбны грошы, то патрасі кашалёк, і пачнуць сыпацца чырвонцы” (ІІ, с.190)). Як бачым, у гэтым выпадку назоўнік “кашалёк” і ў літаратурнай мове, і ў мове чарадзейнай казкі мае агульны элемент значэння: рэч, нейкім чынам звязаная з грашыма, рэч, у якой яны знаходзяцца.

І, нарэшце, трэцяя ступень адрознення – калі казачнае значэнне толькі набывае некаторыя адценні, якасці ў дадатак да літаратурнага. Прыкладам можа быць назоўнік шабля з казачным значэннем “магічнай зброі, якая дазваляе свайму ўладальніку ў адзіночку пасекчы незлічоную колькасць ворагаў” (“...А шабля то такая, што незмяроныя войска можна пасекчы” (ІІ, с.84)). Тут, відавочна, назіраецца проста гіпербалізацыя звычайных функцый і магчымасцяў шаблі (зразумела, пры той умове, што яе выгляд усё ж супадае са звычайным).

Яшчэ адзін прыклад такой трансфармацыі – назоўнік сядло. У літаратурнай мове ён мае значэнне: “Частка збруі для верхавой язды ў выглядзе сядзення для конніка, якое ўмацоўваецца на спіне жывёлы” [36, с.647]. У казках лексема сядло мае значэнне: магічная рэч, спецыяльнае сядло, якім трэба сядлаць чароўнага каня (“Ідзі, Ванька, бяры сядло іржавае. І бяры саблю іржавую, і бяры дванаццаць ржавых пузыркоў вады... Ну, Ванька, быстрэй сядлай мяне, а то вот-вот хазяін явіцца” (ІІ, с.138)). Гэтая рэч у казках, хутчэй за ўсё, і з’яўляецца сядлом, толькі спецыяльна прыстасаваным для чароўных коней.



Раздзел 5.2. Сінанімія ў сістэме назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы
Паміж назоўнікамі са значэннем магічнай рэчы ў казках могуць назірацца таксама і сінанімічныя сувязі. Некаторыя назоўнікі па сваім значэнні, па функцыях з’яўляюцца сінонімамі. Маецца на ўвазе тое, што ў казках сустракаюцца выпадкі, калі некалькі розных назоўнікаў са значэннем розных магічных рэчаў маюць у сваіх значэннях аднолькавыя семы, гэта значыць, некалькі магічных рэчаў выконваюць аднолькавую функцыю. Падобныя лексемы – семантычныя сінонімы, сэнсава яны маюць адрозненне ў знешнім выглядзе рэчаў, але зноў жа з папраўкай на невядомасць іх сапраўднага выгляду, на ўмоўны дэнатат. Прывядзём прыклады падобных сінонімаў у сістэме назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы:

а) “кашалёк” і “шкатулачка” – абедзве рэчы выконваюць аднолькавую функцыю стварэння неабмежаванай колькасці грошай, адпаведна гэтыя назоўнікі маюць агульныя семы ў сваіх лексічных значэннях, і значыць, у кантэксце ўнутрыказачнай моўнай прасторы з’яўляюцца сінонімамі. “А калі будуць табе патрэбны грошы, то патрасі кашалёк, і пачнуць сыпацца чырвонцы” (ІІ, с.190); “Глядзіць, нейкія дзве дзірачкі ў шкатулачцы. Ён павярнуў на адну руку – золата! – на другую серабро!” (ІІ, с.195).

б) “жывая вада” і “яблык” (у адным са сваіх значэнняў) – гэтыя рэчы вяртаюць жыццё. “...Брызнуў жывой вадой – бык зжывіўся, маргаіць глазам, смотрыць...” (ІІ, с.186); “Адзін яблык аджывіць, другі адмалодзіць” (ІІ, с.175).

в) “мундзір”, “чорныя яблыкі”, “мацуюшчыя кроплі” і “сілная вада” – усе гэтыя рэчы выконваюць функцыю надання персанажам вялікай фізічнай сілы. “Ну, дак старык даў яму гэтакі мундзір, дак як ён зашпіліцца, такі сільны зробіцца, што невазможна, якая ў яго сіла! (ІІ, с.174). “Чалавек прыводзіць салдата да яблыні, на ёй растуць чорныя яблыкі... Калі салдат з’еў трэці яблык, чалавек пытаецца: “Ну, а зараз як адчуваеш сябе?” Салдат кажа: “Цяпер каб мне ўзяцца адной рукой за зямлю, а другой за неба – дык усё дагары перавярнуў бы” (ІІ, с.536); “ Так яна дала яму такіх кропель, што як чалавек вып’е, то надта дуж зробіцца... Так яна дала мацуюшчых кропель...” (І, с.30, 31); “...Прыйшоў Іванька і выпіў сілную ваду. У Смока дванаццаць сіл адбыло, а ў Іванькі прыбыло” (ІІ, с.156).

г) “вірмяк-ненавідзец” і “капялюш” – рэчы здольны зрабіць персанажа нябачным, невідзімкай. “Цяпер з кавёра ссеў і ўвярнуўся ў вірмяк-ненавідзец. Ён як надзеў, дак яго і не відзе ніхто” (ІІ, с.71); “Капялюш такавы, што як улажыць, то ніхто не ўгледзіць... “(ІІ, с.84).

д) “красіўцо, крамянец і губкі шматок”, “медная трубачка і малаточак” – названыя дзве групы рэчаў маюць здольнасць магічным чынам ствараць для героя казкі цэлае войска. “Вынімай красіўцо, крамянец і губкі шматок!.. Прыкладвай губку і к крамяньку і красай агонь!.. Ён прылажыў, красануў – так выскакуе полк салдатаў з усімі прыпасамі і з начальствам” (ІІ, с.33); “Тады ён лежачы стукнуў гэтым малаточкам у трубачку, у канец, - так выскачыў салдат ва ўсёй паходнай амуніцы” (ІІ, с.50).

е) “дудка”, “скрыпачка і смык” – назоўнікі маюць значэнне: магічны музычны інструмент, выраблены з дрэва, якое вырасла на магіле забітага чалавека і здольнае спяваць чалавечым голасам, выкрываючы забойцаў. “Вось там расце нейкая трасцінка, я пайду яе выражу і зраблю дудачку”. Зрабіў ён дудачку, сеў на воз і зайграў. Дудачка грае: “Грай, грай, мой купчык, Грай, грай, мой галубчык, Былі ў мяне дзве сястрыцы, Ды тыя няродныя. Узялі мяне зарэзалі, Пад кусцікам пахаранілі, Карынкаю вочкі накрылі”(ІІ, с.434-435); “...Тады ён з гэтага кустка стаў выразаць палачку, каб іграць. Выразаў палачку, смык гэты, і стаў іграць. Яна тады, дзяўчынка гэта: “Іграй, іграй, мой музыканцік, Мяне мачыха загубіла, Пад кусцікам палажыла, За мае ягадкі” (ІІ, с.433).

ж) “прыкрасная вада” і “малако” – абодва рэчыва выконваюць функцыю надання персанажам прыгажосці. “ ...Збрызнуў прыкраснай вадой – то быў варанёнак харош, то яшчо луччы стаў” (ІІ, с.186); “Ён пакупаўся ў малацэ і выйшаў з бака такім прыгожым, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць” (І, с.448).

з) “люстэрка” і “сярэбранае блюдачка, наліўное яблачка” – рэчы выконваюць у казках інфарматыўную функцыю, яны паказваюць любыя мясціны і аб’екты, незалежна ад іх аддаленасці ў прасторы. “Глянуў ён у люсцерка ў той час, як думаў аб сваёй дзяўчыне, дак і ўбачыў яе, як жывую” (ІІ, с.116); “Кацісь, кацісь, наліўное яблачка, па сярэбранаму блюдачку, паказвай мне палкі на палях, караблі на марах, і з гор высаты, з нябес красаты” (ІІ, с.436).

ж) “пузырок”, “платочак і карты” – рэчы паведамляюць родзічам героя пра стан яго здароўя: калі ў пузырку і на платку з’яўляецца кроў, а карты не тасуюцца – гэта значыць, што герой забіты. “А ты павесь яго пузырок на жалезным масту ідзе-небудзь асобенна. Как цябе ўб’юць, так у пузырке будзець поўна крыві... Прыводзіць дамой быка і барана і аддай атцу сваяму на рукі, і пузырок аддаў атцу...” (ІІ, с.180, 181); “Развітаўся з маткаю, з малодшым братам, даў яму платочак і карты і кажа: “Калі карты будуць тасавацца, знай, што я жывы, калі на платочку з’явіцца кроў, лічы мяне мёртвым” (І, с.35).

і) “гуслі” і “сабачка” – назоўнікі маюць значэнне “магічны музычны інструмент, які сваёй музыкай прымушае людзей скакаць, насуперак іх жаданню. “От ужэ кат падвёў Іваньчыка к шыбеніцы да й хацеў накласці яму на шыю вяроўку, але той выняў з-пад пахі гуслі да як зайграе, дак усе і пусціліся скакаць, баццэ гарох на гарачай скаварадзе” (ІІ, с.532); “Дабудзь мне, - кажа, - такога сабачку, што як у хвосцік зайграеш, каб усякі пайшоў скакаць... Пяюць, скачуць – астанавіцца не могуць” (ІІ, с.57, 59).

Раздзел 5.3. Антанімія ў сістэме лексем са значэннем магічнай рэчы
Некаторыя лексемы са значэннем магічнай рэчы могуць проціпастаўляцца паводле значэння тых магічных функцый, якія ўласцівы гэтым рэчам. Такім чынам, можна гаварыць пра антанімію ў сістэме названых назоўнікаў. Падобная антанімія, як і сінанімія, – з’ява ўнутрыказачная. Як і звычайныя літаратурныя антонімы, унутрыказачныя антонімы таксама маюць у сваіх значэннях агульную сему, а другую – проціпастаўленую. Антанімічныя сувязі паміж назоўнікамі ў казках могуць назірацца на некалькіх узроўнях:


  1. Проціпастаўленне прадметаў у межах адной іх функцыі. Напрыклад, у рэчышчы функцыі трансфігурацыі (змяненне фізічнага стану персанажаў) вылучаюцца “бяссільная вада” і “чорныя яблыкі”+”мундзір”+”сільная вада”. Чорныя яблыкі і мундзір прыбаўляюць герою фізічныя сілы, а бяссільная вада – убаўляе. Параўнаем: “Калі салдат з’еў трэці яблык, чалавек пытаецца: “Ну, а зараз як адчуваеш сябе?” Салдат кажа: “Цяпер каб мне ўзяцца адной рукой за зямлю, а другой за неба – дык усё дагары перавярнуў бы” (ІІ, с.536); “Ну дак старык даў яму гэтакі мундзір, дак як ён зашпіліцца, такі сільны зробіцца, што невазможна, якая ў яго сіла!” (ІІ, с.174); “...Прыйшоў Іванька і выпіў сілную ваду. У Смока дванаццаць сіл адбыло, а ў Іванькі прыбыло” (ІІ, с.156) – і “Прыйшоў Смок і выпіў бяссілную ваду... У Смока дванаццаць сіл адбыло...” (ІІ, с.156). Як бачым, агульная сема ва ўсіх гэтых лексем – значэнне функцыі трансфігурацыі, а процілеглыя семы – прыбаўленне ці ўбаўленне фізічных сіл персанажам.

2. Проціпастаўленне прадметаў паводле дзвюх розных функцый. Асабліва выразна рэчы ў казках проціпастаўляюцца паводле дэструктыўнай і крэатыўнай функцый – гэта значыць, рэчы, якія нешта знішчаюць, і рэчы, якія нешта ствараюць. Прыклады:

а) Два гатункі яблыкаў – адны ствараюць рогі на галовах у людзей, якія з’ядуць гэтыя яблыкі, а другія гэтыя рогі знішчаюць. “З’еў салдат адно яблыка – з’явіліся ў яго рогі...з’еў яблыка другога гатунку – рогі адпалі, і стаў ён прыгажэйшы, чым быў” (ІІ, с.194).

б) Медная трубачка, малаточак і шабля – медная трубачка і малаточак здольны стварыць цэлае войска, а шабля здольна цэлае войска знішчыць. “Тады ён лежачы стукнуў гэтым малаточкам у трубачку, у канец, - так выскачыў салдат ва ўсёй паходнай амуніцы” (ІІ, с.50). “Войска то выйшла і стала, а ён таею шабляю стаў каціць па галавах – паклаў калі то мост!” (ІІ, с.85).



в) Жывая вада і “змяінаявада (г.зн. вада, ў якую ператварылася жонка Змея, каб атруціць героя) – жывая вада вяртае жыццё мёртвым, а “змяіная” вада, наадварот, забівае. “...Брызнуў жывой вадой – бык зжывіўся, маргаіць глазам... “(ІІ, с.186). “Каб я знала, дзе ён знаходзіцца алі куды ён паедзець, абярнулася б я ключавой крынічкай. Як бы ён яе ўвідзеў, захацелася б яму піць. Ну, як бы толькі выпіў ён тэй вады, так бы тойчас і ўмёр!”(І, с.55).
3. У чарадзейных казках існуе такая спецыфічная з’ява (цяжка падабраць падобны прыклад з жыцця), калі адна і тая ж рэч выконвае дзве процілеглыя функцыі. Прычым у казках падкрэсліваецца, што гэта менавіта адна і тая ж рэч, а не дзве розныя. У такім выпадку атрымліваецца, што адна і тая ж лексема мае ў сваім значэнні дзве процілеглыя семы. З’ява назіраецца, напрыклад, у двух відах хустачак. Адна хустачка мае здольнасць знішчаць вялікія прадметы, а пры патрэбе – аднаўляць іх у першапачатковым выглядзе, другая хустачка такім жа чынам знішчае і аднаўляе водную прастору. “Махні хусткай на вазяро!” Ён махнуў тры разы на вазяро – і здзелалась суха... “Махні ўзнова хусткай на вазяро!” Ён махнуў тры разы – і здзелалась вазяро” (ІІ, с.151). Яшчэ адзін прыклад падобнай з’явы – клубочкі, у якія можна скатаць палацы, а пры патрэбе ўзнавіць палацы ў першапачатковым выглядзе. “Так ён узяў ручніка і як замахнуў, так як бач усей палац у клубок скруціўся... Як той анно лёг спаць, так кралевіч выйшаў на двор, выняў залаты клубочак, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся залаты замак” (І, с.32, 33).
4. Магічная рэч “дзверы” проціпастаўляецца ўсім астатнім, бо яна ніколі не дапамагае герою, а заўсёды перашкаджае яму – у адрозненне ад астатніх прадметаў, якія ці толькі дапамагаюць, ці могуць і дапамагаць, і перашкаджаць. “Толькі ён выйшаў, аж усё дванаццаць дзвярэй і зачыніліся, і хорткі яго там асталіся...”(ІІ, с.145).

Раздзел 5.4. Сістэма назваў магічных рэчаў як тэрміналагічная сістэма
У кантэксце мовы чарадзейных казак сістэму назваў магічных рэчаў можна з вялікай доляй упэўненасці назваць тэрміналагічнай сістэмай. Сапраўды, у рэчышчы казачнай моўнай прасторы канкрэтныя назоўнікі – назвы магічных рэчаў – вельмі нагадваюць тэрміны. Успомнім, што для іх характэрна. Паводле ТСБЛМ: “Тэрмін – слова або словазлучэнне, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце якой-небудзь спецыяльнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва і пад.” [36, c.673]. Даследчыкі адзначаюць, што “сярод мноства існуючых азначэнняў тэрміна асноўнае месца займаюць тыя, якія адзначаюць яго суаднесенасць са строгай дэфініцыяй і кваліфікуюць тэрмін як знак спецыяльнага паняцця” [27, c.343]. Тэрмінам, такім чынам, уласціва неэмацыянальнасць, дакладнасць, адназначнасць, наяўнасць строга вызначанай дэфініцыі і інш. Хоць існуюць і мнагазначныя тэрміны. Тэрміналогія ж – гэта “сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае пэўную сістэму паняццяў” [27, c.343].

Разгледзім назвы магічных рэчаў у адпаведнасці з усім сказаным вышэй. Усе казачныя назвы адносяцца да адной сферы дзейнасці – магіі (якую можна лічыць ці навукай, ці мастацтвам). Яны даюць канкрэтнае найменне, абазначэнне пэўных магічных з’яў, ім можна даць дакладнае навуковае азначэнне (чым мы, у прыватнасці, і займаліся ў згаданай папярэдняй рабоце). Вялікая частка назваў магічных рэчаў – адназначныя паняцці, але існуюць і мнагазначныя (аб чым будзем гаварыць далей). І нарэшце: некаму можа падацца, што назвы магічных рэчаў нясуць на сабе эмацыянальнае адценне. Гэта не так, бо, як піша даследчык Я. Дрозд, “героя казкі ніякае чараўніцтва не бянтэжыць, не здзіўляе і не ўражвае. Ён успрымае ўсе гэтыя дываны-самалёты і абрусы-самабранкі цалкам стрымана, не выказваючы ніякіх пачуццяў, як нешта належнае” [12, c.158]. Такім чынам, у прасторы чарадзейнай казкі назоўнікі са значэннем магічных рэчаў з’яўляюцца неэмацыянальнымі, дакладнымі, сістэматызаванымі тэрміналагічнымі найменнямі магічных “рэалій” (калі можна так сказаць). Прывесці іх у сістэму, класіфікаваць магчыма па некалькіх параметрах – асабіста мы вылучаем генетычную, прадметна-тэматычную, функцыянальную, вербальна-магічную і іншыя класіфікацыі. Выснова: назвы магічных рэчаў складаюць пэўную сістэму, а значыць, тэрміналогію.

Для доказу параўнаем таксама азначэнні слоў-тэрмінаў (што абазначаюць пэўныя матэрыяльныя прадметы) з ТСБЛМ і азначэнні магічных рэчаў. Тэрміны: “Гектограф – прасцейшы капіравальны прыбор для атрымання адбіткаў з рукапіснага або машынапіснага тэксту” [36, c.148]; “Дэтэктар – устройства для пераўтварэння хістанняў высокай частаты ў хістанні нізкай частаты, якія ўспрымаюцца слыхам” [36, c.195]; “Бензазапраўшчык – аўтацыстэрна, абсталяваная для запраўкі аўтамашын, самалётаў, танкаў” [36, c.86]. Назоўнікі са значэннем магічнай рэчы: пузырок – рэч з магічнымі функцыямі, звычайна іржавая, спецыяльна прыстасаваная для таго, каб захоўваць ваду, што ажыўляе памерлых; вірмяк-ненавідзец – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю рабіць нябачным таго, хто яе надзене; хустачка – рэч, якая валодае магічнай здольнасцю неабмежаваную колькасць разоў рабіць старога чалавека маладым і наадварот, – калі ўціраць твар то адным яе канцом, то другім; сякерка – магічная прылада працы, з дапамогай якой можна зрабіць любую пабудову.

Раздзел 5.5. Семантыка назваў магічных рэчаў, выражаных сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі
Ва ўнутрыказачнай моўнай прасторы сустракаюцца выпадкі, калі назва аднаго магічнага прадмета выяўлена не адным словам, а двума (калі толькі два словы, у іх узаемасувязі, выражаюць спецыфіку дадзенай магічнай рэчы і яе функцыю) і выпадкі, калі некалькі быццам бы розных рэчаў (абазначаных некалькімі назоўнікамі) разам выконваюць адну функцыю, набліжаючыся па сваіх уласцівасцях да адной асобнай рэчы. Для такіх “семантычна непадзельных” выразаў трэба акрэсліць падставы, па якіх мы схільны адносіць іх да сінтаксічна непадзельных.

1. Калі падобны выраз з-за свайго вельмі частага ўжывання ў мове казак і адпаведна – замацавання ў свядомасці людзей – набыў характар сталага спалучэння фразеалагічнага характару. Такое спалучэнне з’яўляецца фразеалагічна звязаным і сінтаксічна непадзельным. Сюды адносяцца, напрыклад, такія выразы, як: жывая вада, мёртвая вада, кавёр-самалёт, самаграйныя гуслі, меч-кладзянец, хлеб-соль.


2. Выразы, у якіх азначэнне-прыметнік (ці назоўнік), што стаіць пры назоўніку са значэннем магічнай рэчы, абазначае матэрыял, з якога выраблена дадзеная рэч. Такое азначэнне вылучае гэтую рэч з шэрагу падобных, тым самым падкрэсліваючы яе незвычайнасць і магічнасць. Да прыкладу:

а) асінавыя дровы. Паліць целы мёртвых Змеяў неабходна не на абы-якіх дровах, а толькі на асінавых. “Біліся, біліся – Сучкін сын змею дзве галавы збіў, а змей яго па забарасні ў зямлю ўвагнаў. Сучкін сын як замахнець ляскай – паследнюю галаву збіў. Усе голавы на асінавых дравах спаліў, а попел на быстру рэчку пусціў” (І, с.51);

б) жалезныя боты. Гераіні, каб знайсці жаніха, трэба стаптаць трое менавіта жалезных ботаў, а не звычайных. Справа ў тым, што жалезныя боты выконваюць у казцы хранатопаметрычную функцыю – функцыю вымярэння часу і прасторы – і магічная функцыя такіх ботаў напрамую залежыць ад матэрыялу вырабу: каб дайсці да таго месца, дзе знаходзіцца жаніх, трэба прайсці пэўную адлегласць і за пэўны час, роўныя адлегласці і часу, за якія стопчуцца трое менавіта жалезных ботаў. Такім чынам, магічная функцыя ботаў залежыць ад хімічных уласцівасцей жалеза, таму словазлучэнне “жалезныя боты” – семантычна і сінтаксічна непадзельнае. “Хто да мяне цяпер захочаць дайсці, дык ён стопчаць трое ботаў зялезных, саб’ець тры кіі зялезных, за трудамі сваімі із’есць у харчах тры праскуры зялезных!” (ІІ, с.105);

в) хлеб-соль. Каб пазбавіцца ад Змяіхі (маткі Змеяў), трэба ёй скарміць хлеб, замешаны напалову з соллю. У назве гэтай рэчы таксама падкрэсліваецца матэрыял вырабу (азначэннем тут з’яўляецца, мабыць, “соль”, таму што рэч выглядае як хлеб, значыць лексема “хлеб” – галоўная). “Баба-Юга ўзяла палавіну солі, палавіну мукі, замясіла цеста, спякла тры бухоны і дала Івану: “Вот, Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы! Як будзеш ты ехаць, нападзець на цябе лютая змяя, захочаць цябе пражраць. А ты скажы: “Паеш упярод маю хлеб-соль, а тады ўжо еш мяне!” І кінь ёй у рот бухон!” (І, с.57).


3. Выразы, у якіх азначэннем (прыметнікам ці назоўнікам) падкрэсліваецца функцыя магічнай рэчы, таму семантыку адпаведнай магічнай рэчы ў такіх выпадках выражае не адзін назоўнік, а ўсё словазлучэнне, якое з’яўляецца сінтаксічна непадзельным. Прыклады:

а) жывая вада = вада, якая робіць мёртвых жывымі;

б) гаюшчая (тое ж, што “мёртвая”) вада = вада, якая гоіць раны, зжыўляе цела;

в) сільная (моцная) вада = вада, якая робіць персанажаў казкі магутнымі;

г) бяссільная (слабая) вада = вада, якая робіць персанажаў слабымі, бяссільнымі;

д) прыкрасная вада = вада, якая робіць персанажаў “прыкраснымі”, надае ім прыгажосці;

е) мацуюшчыя кроплі = кроплі, якія мацуюць цела героя, робяць яго больш здаровым і моцным;

ж) самаграйныя гуслі = гуслі, здольныя іграць самастойна;

з) шашка-самарубка = шашка, здольная самастойна рубіць ворагаў;

і) кавёр-самалёт = кавёр, здольны самастойна лётаць;

к) вірмяк-ненавідзец (г.зн. “армяк-невідзімка”) = вірмяк, які робіць персанажа казкі нябачным.
4. Не да канца вырашаным для нас застаецца пытанне аб сінтаксічнай непадзельнасці спалучэнняў “назоўнік са значэннем магічнай рэчы+ прыметнік-азначэнне”, дзе азначэнне называе знешнюю прыкмету магічнасці дадзенай рэчы, гэта значыць, нейкую незвычайную асаблівасць, якая прысутнічае ў знешнім выглядзе магічнай рэчы. Падобнай прыметай можа быць незвычайны колер ці сапсаванасць рэчы. З аднаго боку, такія спалучэнні блізкія да сінтаксічна непадзельных, таму што азначэнні ў іх падкрэсліваюць магічнасць рэчы. Але, з другога боку, у казках гэтыя назоўнікі часта ўжываюцца і без падобных азначэнняў (напрыклад, у казцы можа быць адзін раз выкарыстана азначэнне, а далей назоўнік ужываецца ўжо без яго). Прыклады:

а) стары (рваны) кашалёк. “За гэтымі словамі чарадзей даў яму шашку-самарубку, каня заезджанага і стары кашалёк” (ІІ, с.190); “А дайце мне рваны кашалёк, што ляжыць у тым кутку” (ІІ, с.535);

б) іржавы пузырок. “Ідзі, Ванька, бяры сядло іржавае, і бяры саблю ржавую, і бяры дванаццаць ржавых пузыркоў вады” (ІІ, с.138);

в) іржавая сабля. “Ідзі, Ванька, бяры сядло іржавае, і бяры саблю ржавую, і бяры дванаццаць ржавых пузыркоў вады” (ІІ, с.138);

г) іржавае сядло. “Ідзі, Ванька, бяры сядло іржавае, і бяры саблю ржавую, і бяры дванаццаць ржавых пузыркоў вады” (ІІ, с.138);

д) чорныя яблыкі. “Чалавек прыводзіць салдата да яблыні, на ёй растуць чорныя яблыкі” (ІІ, с.536);

е) залатыя яблыкі. “Каб я знала, куды ён пойдзець алі паедзець – абярнулася б я зялёным садам, у тым садзе была б яблыня з залатымі яблыкамі” (І, с.55);

ж) залаты, срэбны, медзяны клубочкі. “Як той анно лёг спаць, так кралевіч выйшаў на двор, выняў залаты клубочак, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся залаты замак... Як анно ноч настала, так узяў срэбнага клубка, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся срэбны замак... Як анно ноч настала, так узяў медзянога клубка, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся медзяны замак” (І, с.33).


5. У чарадзейных казках даволі часта сустракаюцца выпадкі, калі некалькі магічных рэчаў дзейнічаюць разам, толькі ў сукупнасці могуць выканаць сваю магічную функцыю. Атрымліваецца, што рэчаў як быццам некалькі, а функцыя ў іх адна на ўсіх. Таму ў нас ёсць меркаванне, што спалучэнні з назвамі такіх рэчаў таксама можна лічыць сінтаксічна непадзельнымі. Але, з другога боку, ужывацца ў казках такія спалучэнні могуць як у непадзельным выглядзе (напрыклад: тапарок і малаток. “Нічога ты не бяры, а прасі ў яго тапарок і малаток (ІІ, с.32); красіўцо, крамянец і губкі шматок. “Вынімай красіўцо, крамянец і губкі шматок! (ІІ, с.33)), так і дыстантна, як бы расчлянёна (напрыклад: ступа, качарга і памяло. “Уссела яна на ступу, качаргой паганяець, памялом след замятаець” (ІІ, с.143); тапарок і малаток. Тапаром у дуба секані, а малатком удар!” (ІІ, с.33)). Такім чынам, пытанне аб сінтаксічнай непадзельнасці падобных спалучэнняў застаецца не да канца вырашаным.

Прыкладаў груп рэчаў, якія дзейнічаюць разам, можна прывесці шмат:

а) медная трубачка і малаточак. “А ў іх была такая медная трубачка і малаточак” (ІІ, с.49). “Тады ён лежачы стукнуў гэтым малаточкам у трубачку, у канец, - так выскачыў салдат ва ўсёй паходнай амуніцы” (ІІ, с.50).

б) красіўцо, крамянец і губкі шматок. “Ты не бяры, а прасі ў яго красіўцо, крамянец і губкі шматок!” (ІІ, с.32). “Прыкладвай губку і к крамяньку і красай агонь!.. Ён прылажыў, красануў – так выскакуе полк салдатаў з усімі прыпасамі і з начальствам” (ІІ, с.33).

в) тапарок і малаток. “Узяў і аддаў тапарок і малаток” (ІІ, с.32). “Тапаром у дуба секані, а малатком удар!.. Ён узяў, секануў у дуба тапаром, малатком ударыў – здзелаўся караб і плыве па вадзе!” (ІІ, с.33).

г) ступа, качарга і памяло (рэчы Бабы-Югі). “Уссела яна на ступу, качаргой паганяець, памялом след замятаець” (ІІ, с.143).

д) ручнік і саломінка. “Так кроль даў яму ручнік і саломку” (І, с.29). “Ідзе так, ідзе, аж стаіць рэчка, так ён палажыў саломінку на верх ручніка і па том, як па мосце, перайшоў шчасліва” (І, с.29).

е) платочак і карты. “Развітаўся з маткаю, з малодшым братам, дае яму платочак і карты...” (І, с.35). “Паглядзеў малодшы брат на платочак – з яго кроў цячэ, а карты не тасуюцца. Бяда са старэйшым братам, значыцца” (І, с.38).

ж) рушнічок і стакан. “Тады даў бог вечар, ён узяў, павесіў рушнічок, во як бы гэта (занавесь) вісіць, тады паставіў пад рушнічком стакан, што чай п’юць...Як будзе з гэтага рушнічка кроў капаць, бяжыце як дужа ка мне за памоцы” (І, с.44). “Ну, тая дзевятая галава з тым водзіцца, а яны ўсхапіліся – аж з рушнічка кроў цячэ, ужэ й з стакана цераз ільецца” (І, с.44).

з) нож і стакан з вадою. “А я дам вам знак вот які: у столю ўткну нож, а на стале пастаўлю стакан з вадою. Як толькі капнець кроў з ножыка ў стакан, дык вы ўбірайцесь і едзьце ка мне як можна скарэй!” (І, с.53).


Раздзел 5.6. Спосабы класіфікацыі семантыкі назоўнікаў

(і непадзельных спалучэнняў) са значэннем магічнай рэчы
Значэнні разглядаемых назоўнікаў можна размеркаваць па розных групах, прычым групаваць іх магчыма на розных падставах. Агульнае лексічнае значэнне кожнага такога назоўніка складаецца з некалькіх сем – элементаў значэння. У адзін элемент значэння ўваходзіць функцыя магічнай рэчы, у другі – яе знешні выгляд, у трэці – яе суаднесенасць з класамі звычайных рэчаў і г.д. Менавіта паводле асобных элементаў семантыкі і можна прывесці некалькі класіфікацый назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы. Трэба адзначыць, што адзін і той жа назоўнік паводле адной класіфікацыі можа ўваходзіць у групу з аднымі назоўнікамі, а паводле другой класіфікацыі – зусім з іншымі. Так, паводле прадметна-тэматычнай класіфікацыі лексема “вірмяк-ненавідзец” уваходзіць у адну групу разам з лексемай “жалезныя боты” (група “вопратка і упрыгожанні”), а паводле функцыянальнай класіфікацыі гэтыя спалучэнні адносяцца да розных груп (трансфігурацыйная і хранатопаметрычная функцыі). Сувязі, якія ўзнікаюць паміж значэннямі лексем са значэннем магічнай рэчы пры супастаўленні розных класіфікацый дэманструюць складаную структуру ўнутрыказачнай моўнай прасторы.

Распрацаваныя намі спосабы класіфікацыі магічных рэчаў, прыведзеныя ў раздзеле 3.1., ёсць адначасова і спосабы класіфікацыі назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы. Прадметна-тэматычная класіфікацыя ўвогуле праводзіцца на лінгвістычнай аснове – на базе слова, якім абазначана пэўная магічная рэч. Далей, кожны назоўнік са значэннем магічнай рэчы мае ў сваім значэнні семы, у якія ўваходзяць: функцыя магічнай рэчы, яе мэта ў сюжэце, крыніца яе атрымання і аддзеленасць ад іншых рэчаў ці сувязь з імі. Некаторыя з разглядаемых назоўнікаў маюць таксама семы, звязаныя з наяўнасцю ў іх значэнні знешняй прыкметы магічнасці, а таксама сувязі са словамі-заклінаннямі, з дапамогай якіх адпаведная рэч прыводзіцца ў “рабочы стан”.




: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Беларускіх чарадзейных казках
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Семантыка вобразаў героя І антыгероя ў чароўных казках пра крышталёвую гару
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна С. В. Сістэмнасць кампанентаў змястоўнай структуры рэчыўных вобразаў
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна Славяна напрамкі І падыходы ў даследаванні чарадзейнай казкі
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Славяна Шамякіна рэчаіснасны кампанент у структуры вобразаў-локусаў беларускіх чарадзейных казак
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Матыў крышталёвай гары ў ЕЎрапейскай казцы
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Да пытання аб семантыцы вобразаў казачных коней, атрыманых героем ад бацькі-нябожчыка


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка