Філалагічны факультэт змястоўна – фармальная адметнасць чарадзейнай казкі


ГЛАВА 6. Марфолага-сінтаксічныя асаблівасці мовы жанру чарадзейнай казкі



старонка5/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.92 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 6. Марфолага-сінтаксічныя асаблівасці мовы жанру чарадзейнай казкі
Да марфолага-сінтаксічных адносяцца асаблівасці сінтаксічных сувязей і валентнасных магчымасцей назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы ў кантэксце казачнай моўнай прасторы, спосабы выражэння назваў магічных рэчаў, а таксама розныя спецыфічныя сінтаксічныя канструкцыі, для якіх характэрна частае ўжыванне разам з разглядаемымі назоўнікамі і кантэкстуальны пераход гэтых назоўнікаў ў іншыя лексемы, часціны мовы ці цэлыя сінтаксічныя канструкцыі. Многія з гэтых асаблівасцей сустракаюцца толькі ва ўнутрыказачнай моўнай прасторы і зусім нехарактэрны для літаратурнай мовы, іншыя можна лічыць такімі ж, калі прыняць пад увагу яшчэ і разгледжаныя вышэй лексіка-семантычныя асаблівасці.

Раздзел 6.1. Спосабы выражэння назваў магічных рэчаў у беларускіх чарадзейных казках
Асаблівасці ўнутрыказачнай моўнай прасторы заключаюцца і ў тым, якімі часцінамі мовы выражаюцца назвы магічных рэчаў. Нагадаем, што для чарадзейнай казкі характэрны такія з’явы, як выражэнне агульнага значэння магічнай рэчы ці, хутчэй, магічнай функцыі некалькімі лексемамі, а таксама сінтаксічна непадзельныя спалучэнні. Такім чынам, у казцы існуюць тры спосабы выражэння назвы магічнай рэчы (ці назваў магічных рэчаў), якая выконвае нейкую магічную функцыю:

1.Назоўнік. Пры гэтым значэнне магічнай функцыі раскрываецца не столькі самім назоўнікам, колькі ў кантэксце, праз яго сувязь з іншымі лексемамі. Інакш кажучы, толькі ў адпаведным кантэксце становіцца зразумела, што пэўны назоўнік мае значэнне магічнай рэчы і магічнай функцыі. Такі спосаб выражэння назвы магічнай рэчы – самы распаўсюджаны, можна прывесці шмат прыкладаў прадметаў, назвы якіх выражаюцца адным свабодным назоўнікам:

а) шкатулачка. “Ідзець, ідзець дарогай, ідзець, ідзець – коціцца шкатулачка нейкая” (ІІ, с.195);

б) клубочак. “Куды гэты клубочак будзіць каціцца, туды і ты ступай” (ІІ, с.44);

в) дыван. “Так то дыван у вокамглені зняўся пад вобалакі і занёс іх на кралеўскі двор” (ІІ, с.84);

г) хустачка. “Ты тады падойдзеш к агню, хустачкай махні – агонь перад табой расступіцца, ты ідзі далей” (ІІ, с.57);

д) кіёчак. “Кіёчак наш шахнуў, махнуў, пана дагнаў, забіў і гуслю прынёс” (ІІ, с.62);

е) шабля. “...А шабля то такая, што незмяроныя войска можна пасекчы” (ІІ, с.84);

ж) сякерка. “Ты гэтай сякеркай што захочаш, тое і зробіш” (ІІ, с.62); “Сякерка пастроіла за суткі дом” (ІІ, с.64);

з) палка. “Стукнуў ён палкаю аб землю, дак перад ім бы вырас з зямлі добры маладзец да й пытав, што яму трэба” (ІІ, с.116);

і) трасцінка. “Ударыў трасцінкаю. І з яблынкі як бач зрабіўся назад кралевіч” (ІІ, с.83).
2. Назоўнік + прыметнік (назоўнік). У такіх спалучэннях, як ужо было разгледжана ў раздзеле 5.5, магічная функцыя рэчы часта бывае зразумелай і па-за кантэкстам, непасрэдна з агульнага казачнага значэння гэтага спалучэння, з самой абалонкі слоў. Напрыклад, у спалучэнні “самаграйныя гуслі” адразу зразумела, што гэта гуслі, якія маюць здольнасць іграць самастойна, без удзелу чалавека. А ў спалучэнні “мацуючыя кроплі” зразумела, што гэта кроплі, якія нешта мацуюць (а паколькі кроплі – адзін з відаў лекаў, то можна зразумець, што мацуюць яны целы жывых істот).
3. Некалькі назоўнікаў (з прыметнікамі ці без іх). У такіх выпадках атрымліваюцца, хутчэй за ўсё, сінтаксічна непадзельныя спалучэнні многіх лексем – некалькіх назоўнікаў (часам з азначэннямі), якія толькі разам, у сукупнасці выражаюць значэнне адпаведнай магічнай функцыі. У такіх спалучэннях, як мы ўжо казалі вышэй, прысутнічаюць як быццам некалькі назваў розных магічных рэчаў, але функцыю яны выконваюць адну. Тым ні менш у такіх выразах значэнне магічнай функцыі рэчы таксама становіцца зразумелым толькі ў кантэксце. Напрыклад, са сказа “Прыкладвай губку і к крамяньку і красай агонь!” (ІІ, с.33) нельга зразумець, што з гэтага дзеяння павінна атрымацца нешта незвычайнае, магічная функцыя дадзенай групы рэчаў раскрываецца толькі ў наступным сказе: “Ён прылажыў, красануў – так выскакуе полк салдатаў з усімі прыпасамі і з начальствам” (ІІ, с.33). Азначэнні, якія часам (вельмі рэдка) спалучаюцца з адзначанымі групамі назоўнікаў, ніколі не раскрываюць функцыі магічных прадметаў. Напрыклад, у групе рэчаў “медная трубачка і малаточак” азначэнне “медная” проста называе матэрыял, з якога выраблена трубачка: “А ў іх была такая медная трубачка і малаточак” (ІІ, с.49).

Раздзел 6.2. Часцінамоўныя спалучальныя магчымасці лексем са значэннем магічнай рэчы
Валентнасныя магчымасці назоўнікаў (і словазлучэнняў) са значэннем магічнай рэчы таксама маюць спецыфічна казачныя асаблівасці. З аднымі часцінамі мовы разглядаемыя лексемы спалучаюцца вельмі часта, а з іншымі – амаль ніколі. Спынімся на найбольш тыповых асаблівасцях.
1. Магічныя рэчы ў казках заўсёды выконваюць сваю магічную функцыю і заўсёды з’яўляюцца адным са сродкаў разгортвання дзеяння ў казцы – таму ўсе лексемы са значэннем магічнай рэчы маюць здольнасць спалучацца з дзеясловамі. Некаторыя падобныя назоўнікі спалучаюцца ў чарадзейных казках толькі з дзеясловамі (напрыклад, лексемы “грабёнка”, “шчотка”, “платок” і іншыя).

Прыклады спалучальнасці назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы з дзеясловамі:

а) кідаць грабёнку: “Мар’ячка кінула грабёнку – і сталі бальшыя горы!” (ІІ, с.159);

б) браць шчотку: “Бярыце з сабой шчотку і грабёнку, і хустку і садзіцесь на мяне!” (ІІ, с.158);

в) махнуць платком: “Сейчас выняла платок з кармана, махнула платком, караб гэты нівесь ідзе дзеўся – не стала карабля на моры” (ІІ, с.37);

г) каціцца клубочак: “Каціцца клубочак, а Іван ідзе ўслед за ім” (ІІ, с.61);

д) адкрыць кашалёк: “Адкрыў салдат кашалёк – у кашальку нічога няма, а пад нагамі нешта зазвінела. Глядзіць, а ля ног кучка золата” (ІІ, с.535);

е) прывязці сярэбранае блюдачка, наліўное яблачка: “А мне, папка, прывязі сярэбранае блюдачка, наліўное яблачка” (ІІ, с.436).


2.Сінтаксічна непадзельнымі становяцца спалучэнні “назоўнік + прыметнік” і “назоўнік + назоўнік”. Напрыклад: жывая вада, мёртвая вада, прыкрасная вада, асінавыя дровы, жалезныя боты, жалезныя кіі, жалезныя хлябы, самаграйныя гуслі, , мацуюшчыя кроплі, меч-кладзянец, кавёр-самалёт, вірмяк-ненавідзец і іншыя.
3. Лексемы са значэннем магічнай рэчы амаль ніколі не спалучаюцца з дзеепрыметнікамі і прыслоўямі. Ва ўсіх прааналізаваных намі казках мы знайшлі толькі два прыклады: спалучэнне з дзеепрыметнікам (“У адным кутку ўбачыў раскіданую па лістках кнігу(ІІ, с.534)), спалучэнне з прыслоўем (Кала тые вады і дзень і ноч стаяў салдат на часах” (ІІ, с.154)). Для такой з’явы могуць быць наступныя падставы. Сюжэты чарадзейных казак складваліся вельмі даўно, для жанру характэрны своеасаблівы “кансерватызм” – супраціўленне ўнясенню змен у яго структуру, у тым ліку і ў яго мову. Таму для мовы чарадзейнай казкі характэрна некаторая архаічнасць. А такія часціны мовы, як дзеепрыметнік і прыслоўе, у параўнанні з дзеясловамі, назоўнікамі, займеннікамі, прыметнікамі, з’явіліся нядаўна, пазней, чым фармаваліся сюжэты казак. Можа, таму і пры апісанні функцый магічных рэчаў (вобразы якіх з’яўляюцца, вядома ж, вельмі старажытнымі) выкарыстоўваюцца больш “старыя” часціны мовы. Да таго ж, дзеепрыметнікі ўвогуле не вельмі характэрны для беларускай мовы, а асабліва для дыялектаў, на якіх размаўляюць людзі – захавальнікі вуснай народнай творчасці.

Раздзел 6.3. Сінтаксічна непадзельныя спалучэнні – назвы магічных рэчаў – як прыклад своеасаблівасці казачнай моўнай прасторы

Сярод разглядаемых лексем сустракаюцца сінтаксічна непадзельныя іх спалучэнні з іншымі словамі. Гэтыя спалучэнні рэалізуюць толькі казачнае значэнне. У сваім літаратурным значэнні словы, якія складаюць названыя спалучэнні, разам ужывацца не могуць (ці ўжываюцца вельмі рэдка) – іх валентнасць на гэта не распаўсюджваецца. Значыць, казачнае значэнне выяўляе пашырэнне валентнасных магчымасцей згаданых назоўнікаў. Напрыклад, сінтаксічна і семантычна непадзельныя казачныя спалучэнні: “дыван-самалёт”, “жывая вада”, “бяссільная вада”, “шашка-самарубка” і г.д. У звычайным маўленні мы ніколі не выкарыстаем для звычайнага дывана азначэнне “самалёт”, а якую-небудзь рэальную ваду наўрад ці калі-небудзь назавем “бяссільнай” ці “гаюшчай”. Часам, як мы ўжо згадвалі вышэй, сустракаюцца такія спалучэнні, дзе да назоўніка са значэннем магічнай рэчы дадаецца азначэнне, якое падкрэслівае яго адрозненне ад адпаведных звычайных рэчаў, – яно называе знешнюю прымету магічнасці, а ёю можа быць:

а) сапсаванасць рэчы (парваны кашалёк, іржавая шабля);

б) незвычайны колер (чорныя яблыкі, залатыя яблыкі).



Раздзел 6.4. Своеасаблівасць кантэкстуальнай спалучальнасці лексем са значэннем магічнай рэчы

Часцей за ўсё канкрэтнае значэнне магічнай функцыі чароўнага прадмета выяўляецца ў кантэксце, праз спалучэнне адпаведнага назоўніка (ці словазлучэння) з іншымі словамі ў сказе. Спалучэнні назоўнікаў са значэннем магічнай рэчы з іншымі лексемамі – спалучэнні, якія кантэкстуальна выяўляюць казачнае значэнне разглядаемых назоўнікаў, – часта таксама бываюць спецыфічна казачнымі: у сваім агульнапрынятым значэнні гэтыя лексемы зноў-такі паміж сабою спалучацца не могуць (бо такі выраз не будзе мець сэнсу) ці спалучаюцца вельмі рэдка. Для прыкладу:

а) прагрызць дзверы. “Але птушачка, што сядзела ў клетцы, спела Іваньку, каб ён прасіўся хоць на паўчаса, ля таго, што звяры яго ўжо прагрызлі дзверы (ІІ, с.154);

б) дыван зняўся пад вобалакі. “Так то дыван у вокамглені зняўся пад вобалакі і занёс іх на кралеўскі двор” (ІІ, с.84);

в) чароўны столік. “Пайшлі яны да чароўнага століка...” (ІІ, с.189);

г) уссесць на ступу. Уссела яна на ступу, качаргой паганяець, памялом след замятаець” (ІІ, с.143);

д) качаргой паганяць. “Уссела яна на ступу, качаргой паганяець, памялом след замятаець” (ІІ, с.143).

е) гаварыць кіёчку. “Потым гавора свайму кіёчку: “Ах, кіёчак! Шахні, махні, таго пана дагані, забі і гуслю прынясі!” (ІІ, с.62).



Раздзел 6.5. Сінтаксічныя канструкцыі, характэрныя для ўжывання з лексемамі са значэннем магічнай рэчы
Ва ўнутрыказачнай моўнай прасторы існуюць некаторыя сінтаксічныя канструкцыі, якія асабліва часта ўжываюцца з лексемамі са значэннем магічнай рэчы. Можна сказаць, што гэтыя канструкцыі тыповыя для ўжывання з дадзенымі лексемамі.

1. Дзеяслоў у форме загаднага ладу + назоўнік (са значэннем магічнай рэчы) у форме зваротку. Такімі канструкцыямі афармляюцца словы-закляцці, якімі прыводзяцца ў дзеянне магічныя рэчы (гл. “вербальна-магічная класіфікацыя”). Канструкцыі могуць складацца толькі з дзеяслова і назоўніка, а могуць быць і развітымі. Прыклады:

а) дыван. “Нясі ж мяне, дыване, да маіх бацькоў!” (ІІ, с.84);

б) столік. “Столік, столік, адчыніся, дай нам піці-есці, што на свеце ёсць” (ІІ, с.188);

в) сярэбранае блюдачка, наліўное яблачка. “Кацісь, кацісь, наліўное яблачка, па сярэбранаму блюдачку, паказвай мне палкі на палях, караблі на марах, і з гор высаты, з нябес красаты” (ІІ, с.436);

г) кіёчак. “Потым гавора свайму кіёчку: “Эх, кіёчак, шахні, махні і ўбі!” (ІІ, с.62).

д) дудачка. “Іграй, іграй, дудачка, Пацяшай майго бацюшку...” (ІІ, с.437).

2. Ёсць яшчэ некалькі сінтаксічных канструкцый, з дапамогай якіх выражаюцца адначасова значэнні з генезіснай класіфікацыі і другая функцыя дарыльшчыка (па У.Я.Пропу – дарыльшчык дае герою магічны сродак). Гэта наступныя канструкцыі:

а) назоўнік (са значэннем магічнай рэчы) + дзеяслоў “даць”:

-- даць кашалёк. “А дайце мне рваны кашалёк, што ляжыць у тым кутку” (ІІ, с.535);

-- даць клубок. “Сейчас выпраўляіць яго, даець яна яму клубочак” (ІІ, с.45);

-- даць мундзір. “Ну, дак старык даў яму гэтакі мундзір, дак як ён зашпіліцца, такі сільны зробіцца, што невазможна, якая ў яго сіла!” (ІІ, с.174);

-- даць пярсцёнак. “Дала яна яму ў руку свой пярсцёнак...” (ІІ, с.60);

-- даць хустку. “Кот даў ім клубочак і хустку і пусціў іх, а сам сеў за кросны” (ІІ, с.143).

б) назоўнік + дзеясловы “узяць / браць”.

-- узяць хустку. “Узялі яны шчотку, грабёнку і хустку, селі на воліка і паехалі” (ІІ, с.158);

-- узяць вады. “Толькі падвяжыце мне пад крылля дзве бутэлачкі, каб было ўва што вады ўзяць!” (ІІ, с.154);

-- узяць шчотку і грабло. “...Ты, малец, вазьмі шчотку, а ты, дзеўка, грабло!” (ІІ, с.150);

-- узяць кашалёк. “Узяў гэты кашалёк салдат, пабег у горад” (ІІ, с.535);

-- узяць клубочак. “Ён узяў клубочак, кінуў перад сабой” (ІІ, с.67);

-- узяць люсцерка. “Тым часам каралевіч яшчэ перад гэтым узяў у караліхі люсцерка, а ў караля палку” (ІІ, с.116).

в) часціцы “вот / на” + займеніік “табе” + назоўнік.

-- вот цібе пузырок. “А вот цібе пузырок!” (ІІ, с.180);

-- на табе клубочак. “На табе клубочак. Куды будзе клубочак каціцца, туды і ты ідзі!” (ІІ, с.61);

-- вот табе хустачка і пярсцёнак. “Вот табе мая хустачка і вот табе мой пярсцёнак” (ІІ, с.57); “І вот табе, - гавора, - хустачка” (ІІ, с.29).

Раздзел 6.6. Кантэкстуальныя відазмяненні лексем са значэннем магічнай рэчы
У чарадзейных казках часам сустракаюцца такія выпадкі (даволі рэдкія), калі згаданая раней лексема са значэннем магічнай рэчы ў далейшым тэксце відазмяняецца і замест пэўнага назоўніка ці сінтаксічна непадзельнага спалучэння ўжываецца іншая лексема, іншая часціна мовы ці іншая сінтаксічная канструкцыя. Такім чынам, у мове казак можа назірацца пераход назоўнікаў і спалучэнняў са значэннем магічнай рэчы ў:

а) назоўнік са значэннем магічнай рэчы – у назоўнік “вешч” (“рэч”, “верстаць”). Тут назоўнікі пераходзяць у слова, якое, па-сутнасці, выражае цэлы клас з’яў рэчаіснасці, да якога адносяцца ўсе магічныя рэчы.

- “А ў іх была такая медная трубачка і малаточак (ІІ, с.49) – “І ўздумаў на гэту вешч, што далі яму купцы” (ІІ, с.50).

- “Не, - гавора, - у мяне ёсць верстаць такая – ёсць кавёр-самалёт, як сядзе, удруг даставе!” (ІІ, с.68).

- “Як нам не біцца, калі мы знайшлі капялюш, шаблю і дывана да й то ніяк не можам падзяліцца” (ІІ, с.84) – “Якія ж бо гэта рэчы?” (ІІ, с.84).

б) назоўнік – у аднакарэнны дзеяслоў.

- “Ідзі, Ванька, бяры сядло іржавае, і бяры саблю іржавую, і бяры дванаццаць ржавых пузыркоў вады” (ІІ, с.138) – “Ну, Ванька, быстрэй сядлай мяне, а то вот-вот хазяін явіцца” (ІІ, с.138).

в) спалучэнне (са значэннем магічнай рэчы) – у відазмененае спалучэнне з назоўнікамі ў форме ўскосных склонаў, прыназоўнікамі і дзеясловамі.

- “Вынімай красіўцо, крамянец і губкі шматок!” (ІІ, с.33) – Прыкладвай губку і к крамяньку і красай агонь!” (ІІ, с.33).


ЗАКЛЮЧЭННЕ

На прыкладзе магічных рэчаў магчыма пацвердзіць існаванне асаблівасцей жанру чарадзейнай казкі, што мы і імкнуліся зрабіць у прадстаўленай рабоце. Як бачым, асаблівасці, звязаныя з вобразамі магічных рэчаў, іх функцыянаваннем, лексемамі, якімі яны выражаны, з’яўляюцца як бы канкрэтнымі прыкладамі агульнай адметнасці чарадзейнай казкі. Напрыклад, адсутнасць апісання знешняга вобліку рэчаў, умоўны дэнатат назоўнікаў, якімі выражаны іх назвы, аманімія ці полісемія ў сістэме гэтых назоўнікаў звязаны з цьмянасцю вобразаў, уласцівай казцы. Асаблівасці прызначэння магічнай рэчы ў сюжэце паходзяць ад схематычнай мадэлі, па якой пабудавана казка, і г.д. Пры дапамозе параўнання чарадзейных казак з творамі мастацкай літаратуры вылучаюцца яшчэ некаторыя цікавыя асаблівасці казкі. Напрыклад тое, што функцыі магічных рэчаў у казцы, якімі б незвычайнымі яны не здаваліся на першы погляд, на самой справе заўсёды адлюстроўваюць рэальныя працэсы, звязаныя з найважнейшымі з’явамі ў існаванні Сусвету і жыцці чалавека, у той час як у літаратуры функцыі могуць быць насамрэч фантастычнымі. Ці тое, што вялікая разнастайнасць магічных рэчаў у казках прызвана забяспечыць характарыстыку іншасвету як месца містычнага, у якім пануюць законы магіі.

Што тычыцца мовы чарадзейнай казкі, то можна сказаць, што ідэя аб існаванні своеасаблівай казачнай моўнай прасторы мае сэнс. Гэта можна параўнаць з наяўнасцю ў літаратурнай мове розных функцыянальных стыляў, але ў выпадку казкі адрозненні ад іншых сфер выкарыстання мовы больш глыбокія. Сапраўды, функцыянальныя стылі літаратурнай мовы адрозніваюцца адзін ад другога разнастайнымі моўнымі сродкамі. Ёсць лексемы, значэнні лексем і сінтаксічныя канструкцыі, якія характэрны для аднаго са стыляў, а для іншых амаль ці зусім не характэрны. Напрыклад, у размоўным стылі шырока ўжываюцца размоўныя словы і фразеалагізмы, у той час як у афіцыйна-дзелавым стылі выкарыстанне такіх сродкаў недапушчальна. Ці, напрыклад, для навуковага і афіцыйна-справавога стылю характэрна вялікая колькасць лічэбнікаў, у той час як у мастацкім стылі яны ўжываюцца значна радзей. Падобныя адрозненні ад усіх іншых сфер выкарыстання мовы, як вынікае з разгледжанага матэрыялу, можна знайсці і ў мове чарадзейнай казкі.

Акрамя таго, для кожнага з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы можна назваць асноўныя стылістычныя рысы. Напрыклад, для навуковага стылю такімі асноўнымі рысамі будуць: абагульнена-адцягнены характар, строгая лагічнасць, дакладнасць і зразумеласць, нявобразнасць, лаканічнасць, сухасць. Для размоўна-гутарковага стылю характэрны: эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць, вобразнасць, сінанімічнае багацце сродкаў, нагляднасць, неафіцыйны характар зносін. Калі параўнаць з гэтым мову чарадзейнай казкі, то можна сказаць, што яе асноўнымі рысамі з’яўляюцца: сімвалічнасць і метафарычнасць, архетыповасць структуры твораў і вобразаў, пэўная нелагічнасць, незразумеласць і цьмянасць, вобразнасць, выразнасць, багацце сродкаў. Тэматыкай гаворкі ў чарадзейных казках з’яўляецца усё чарадзейнае. Маўленчая асоба таксама спецыфічная – казачнік. Што тычыцца арыентацыі маўлення на пэўнага слухача і мэты камунікацыі, то першапачаткова, як лічуць многія даследчыкі, слухачамі казак былі людзі перад праходжаннем ініцыяцыі, а мэты камунікацыі былі інфарматыўна-дыдактычныя, пазней жа казка пачала арыентавацца на слухачоў-дзяцей, а мэты расказвання казак сталі эстэтычна-геданістычнымі. Для казак характэрны адразу два спосабы камунікацыі: кантактна-акустычны (калі прафесійны казачнік ці іншая асоба распавядаюць казку слухачам) і дыстантна-візуальны (калі мы чытаем тэксты казак, запісаных са слоў казачнікаў, у кніжках).

Усё вышэйназванае гаворыць аб тым, што мова чарадзейнай казкі – не простая дыялектная мова, а своеасаблівы пласт мовы, спецыфічная сфера яе выкарыстання са сваімі асаблівасцямі. Тое ж можна сказаць і адносна іншых фальклорных жанраў. Іншыя жанры таксама маюць пэўныя моўныя асаблівасці, але чарадзейная казка – твор найбольш спецыфічны (разам з самымі старажытнымі жанрамі, тыпу замовы і загадкі), таму ён і мае, відавочна, самую вялікаю колькасць асаблівасцецей – у тым ліку і моўных.

Фальклорна-мастацкія і моўныя асаблівасці чарадзейнай казкі, як мы ўжо падкрэслівалі вышэй, цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. Па-першае, яны з’яўляюцца канкрэтнымі ўвасабленнямі зместу і формы казкі. Па-другое, адметнасць мовы абапіраецца на агульную адметнасць казачнай семантыкі. Можна назваць і больш дробныя ўзаемасувязі. Прадметна-тэматычная класіфікацыя грунтуецца цалкам на лінгвістычнай аснове, бо магічныя рэчы ў казках адрозніваюцца адна ад другой перш за ўсё лексемамі, якімі яны абазначаны, іншымі словамі – сваімі назвамі. Унутрыказачная сінанімія звязана з семантыкай вобразаў рэчаў, іх функцыямі. Назвы комплексаў магічных рэчаў, якія функцыянальна непадзельныя, дзейнічаюць толькі разам, у адпаведнасці з гэтым з’яўляюцца сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі (а ў мастацкай літаратуры, дзе кожная рэч комплекса мае асобную функцыю, такія комплексы сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі не з’яўляюцца). Рэчыўны свет чарадзейнай казкі з’яўляецца сістэмай, і назвы магічных рэчаў з’яўляюцца тэрміналагічнай сістэмай на адной галоўнай падставе – аднесенасці вобразаў чароўных рэчаў і іх назваў да адной сістэмы ведаў – магіі. І многае іншае.



Разгляд змястоўнай і моўнай спецыфікі розных жанраў фальклору з’яўляецца, бясспрэчна, вельмі перспектыўным напрамкам даследавання, таму што фальклор да нашых часоў застаецца з’явай малавывучанай і загадкавай, якая хавае ў сабе яшчэ шмат таямніц. А чарадзейная казка – адзін з самых незвычайных, яскравых і таямнічых жанраў фальклору.

Спіс выкарыстаных крыніц


  1. Андерсен Г.Х. Сказки и истории. В 2-х т. Т.1. Пер. с датск. Вступ. Статья Т. Сильман. – Л., Худож. лит., 1977.

  2. Асприн Р. Ещё один великолепный МИФ. МИФОтолкования. МИФОуказания: Романы / Пер. с англ. О.Колесникова. – М.: АСТ, 1998.

  3. Бараг Л.Р. Казка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5-ці т. Т.2. Г-К. – Мн., 1985.

  4. Белянин А.О. Меч Без Имени: Фантастический роман. – М., АРМАДА: «Альфа-книга», 2001.

  5. Бигл П. Последний единорог. Фантастические произведения. – М.:ЭКСМО-Пресс, 2000.

  6. Веселовский А.Н. Историческая поэтика / Вступ. ст. И.К. Гронского – М.: Высшая школа, 1989. – (Классика литературной науки).

  7. Волков А. Урфин Джюс и его деревянные солдаты. – М., 1991.

  8. Гудкайнд Т. Второе правило волшебника, или Камень Слёз: Роман в 2-х книгах / Пер. с англ. К.Е.Россинского. – М.: АСТ, 2000.

  9. Гудкайнд Т. Первое правило волшебника: Роман в 2-х кн. / Пер. с англ. – М.: АСТ, 1995.

  10. Джордан Р. Великая охота: Фантаст.роман / Пер. с англ. Т.Велимеева, А.Сизикова. – М.: АСТ; СПб.: Terra Fantastica, 2002.

  11. Джордан Р. Восходящая тень: Роман / Пер. с англ. С.Бережного, Т.Велимеева, М. Кононова, В. Волконского. – М.: АСТ; СПб.: Азбука, 2002.

  12. Дрозд Е. Фэнтэзи: пробуждение спящих богов // Всемирная литература. - № 11. – 1997.

  13. Еремина В.И. Книга В.Я. Проппа “Исторические корни волшебной сказки” и её значение для современного исследования сказки // В.Я.Пропп. Исторические корни волшебной сказки. – Л., 1986.

  14. Желязны Р. Хроники Амбера. Т.1: Фантаст. Романы / Пер. с англ. – М.: ЭКСМО, 2003.

  15. Историческая поэтика. Итоги и перспективы изучения: Сборник. – М.: Наука, 1986.

  16. Кабашнікаў К.П. Народная проза / К.П.Кабашнікаў, А.С.Фядосік, А.В.Цітавец; Навук. рэд. А.С.Ліс. – Мн.: Бел. навука, 2002.

  17. Карскі Я. Беларусы / Я. Карскі; Уклад. і камент. С. Гараніна і Л.Ляўшун; Навук.рэд. А. Мальдзіс; Прадм. Я. Янушкевіча і К. Цвіркі. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2001.

  18. Кэрролл Л. Приключения Алисы в Стране Чудес. Сквозь зеркало и что там увидела Алиса, или Алиса в Зазеркалье / Пер. с англ. Н.Демуровой. – М.: Правда, 1982.

  19. Льюис К.С. Хроники Нарнии. Лев, Колдунья и платяной шкаф. Пер. с англ. – М.: Сов.композитор, 1992.

  20. Льюис К.С. Хроники Нарнии. Племянник чародея. Пер. с англ. – М.: Сов.композитор, 1992.

  21. Льюис К.С. Хроники Нарнии. “Покоритель зари”, или Плавание на край света. Пер. с англ. – М.: Сов.композитор, 1992.

  22. Мечковская Н.Б. Язык и религия. – М.: Агенство «ФАИР», 1998.

  23. Олди Г.Л. Восставшие из рая: Романы. – Харьков: Фолио; Донецк: МКФ “Сталкер”, 1996.

  24. Олди Г.Л. Иди куда хочешь: Роман. – М.: ЭКСМО-Пресс, 1998.

  25. Олди Г.Л. Путь меча: Роман. – М.: ЭКСМО, 1996.

  26. Олди Г.Л. Сумерки мира: Романы. – М.: ЭКСМО, 1996.

  27. Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. – Мн.: Інтэрпрэссервіс, Кніжны дом, 2003.

  28. Пропп В.Я. Исторические корни волшебной сказки. – Ленинград: Издательство Ленинградского университета, 1986.

  29. Пропп В.Я. Русская сказка (Собрание трудов В.Я. Проппа.) / Научная редакция, комментарии Ю.С. Рассказова. – М.: “Лабиринт”, 2000.

  30. Пушкин А.С. Сказки. – М.: Детская литература, 1987.

  31. Религиоведение. Учеб. пособие / М.Я. Ленсу, Я.С. Яскевич, В.В.Кудрявцев и др.; под ред. М.Я. Ленсу и др. – Мн.: Новое знание, 2003.

  32. Ролинг Дж.К. Гарри Поттер и Орден Феникса: Роман / Пер. с англ. В.Бабкова, В.Голышева, Л.Мотылёва. – М.: РОСМЭН-ПРЕСС, 2004.

  33. Ролинг Дж.К. Гарри Поттер и философский камень: Роман / Пер. с англ. И.В.Оранского. – М.: РОСМЭН-ПРЕСС, 2001.

  34. Сосновская И.В. Актуализация вещного мира художественного произведения на уроках в средних классах // Литература в школе. – 2003. - №8.

  35. Стругацкий А., Стругацкий Б. Понедельник начинается в субботу. – Мн.: Юнацтва, 1986.

  36. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: Больш за 65 000 слоў / Пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко. – Мн.: БелЭн, 1996.

  37. Толкин Дж.Р.Р. Сильмариллион. Эпос нолдоров / Пер. с англ. – М.: Гиль-Эстель, 1992.

  38. Толкиен Дж.Р.Р. Собрание сочинений: В 4-х т. Т.2, 3, 4. Властелин Колец: Роман / Пер. с англ. В.Муравьёва. – Тула: Филин, 1994.

  39. Толкин Дж.Р.Р. Хоббит, или Туда и обратно: Повести-сказки / Пер. с англ. – Мн.: Выш. школа., 1992.

  40. Уэйс М., Хикмэн Т. Драконы Осенних Сумерек: Роман / Пер. с англ. Гали Трубицыной. – М.: ИЦ “Максима”, 2003.

  41. Фрай М. Болтливый мертвец: Повести. – Спб.: Азбука, 1999.

  42. Фрай М. Лабиринт: Повести. – СПб.: Терра-Азбука, 1997.

  43. Фрай М. Лабиринт Мёнина: Повести. – СПб.: Азбука; М.: ОЛМА-ПРЕСС, 2000.

  44. Фрай М. Наваждения: Повести. – СПб.: Азбука; М.: ОЛМА-ПРЕСС, 1999.

  45. Шамякіна С.В. Verbo tenus (У прасторы слова): Філалагічныя эцюды. – Мн.: РІВШ БДУ, 2003. – 146 с.

  46. Чарадзейныя казкі, ч.1. Рэд. В.К. Бандарчык. – Мн.: “Навука і тэхніка, 1973. – 648 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларуская народная творчасць).

  47. Чарадзейныя казкі, ч.2. Рэд. В.К. Бандарчык. – Мн.: “Навука і тэхніка”, 1978. – 696 с. (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларуская народная творчасць).



: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D1%82%D1%8D%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%82%D1%83%D1%80%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> С. В. Шамякіна Вобразы-локусы беларускіх чарадзейных казак: структура вобраза і міфалагічныя ўяўленні
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Беларускіх чарадзейных казках
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Семантыка вобразаў героя І антыгероя ў чароўных казках пра крышталёвую гару
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна С. В. Сістэмнасць кампанентаў змястоўнай структуры рэчыўных вобразаў
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Шамякіна Славяна напрамкі І падыходы ў даследаванні чарадзейнай казкі
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Славяна Шамякіна рэчаіснасны кампанент у структуры вобразаў-локусаў беларускіх чарадзейных казак
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Матыў крышталёвай гары ў ЕЎрапейскай казцы
%D0%A8%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D0%BA%D1%96%D0%BD%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92 -> Да пытання аб семантыцы вобразаў казачных коней, атрыманых героем ад бацькі-нябожчыка


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка